Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Uch_pos.doc
Скачиваний:
41
Добавлен:
16.11.2019
Размер:
789.5 Кб
Скачать

Планіроўка і забудова гарадоў

Назва "горад" паходзіць ад слова "гарадзіць", "агороджваць",бо кожны старажытны горад быў абнесены абарончымі збудаваннямі. Найбольш старажытныя гарады ў мэтах павышэння бяспекі і скарачэнню абарончых збудаванняў размяшчаліся на мысах высокага карэннага берага, утвораных упадзеннем прытока ў буйную раку. Рака і прыток гарантавалі бяспеку горада як мінімум з двух бакоў. Штучныя абарончыя збудаванні - роў і вал - узводзілі спачатку толькі з напольнага боку, а пазней - па усяму перыметру дзядзінца.

З ростам насельніцтва і актывізацыі эканамічнага, палітычнага і культурнага жыцця павялічваліся памеры горада, забудова выходзіла за межы абарончых збудаванняў. Новая дадатковая плошча зноў абносілася абарончымі збудаваннямі. Такім чынам горад паступова набываў ускладненую планіровачную структуру. Найбольш умацаванай частка заставалася цэнтральнае ядро горада - дзядзінец. Прылягаючая да яго частка ўмацаванага пасялення мела назву вакольнага горада. За яго межамі звычайна размяшчаўся неўмацаваны прыгарад - пасад.

Дзядзінцы старажытных гарадоў, як правіла, мелі невялікія памеры. У Тураве і Полацку іх першапачатковая тэрыторыя не перавышала 1 га. Гарады, якія ўзніклі пазней (ХІ - ХІІ стст.), мелі дзядзінцы плошчай ад 1 да 2 га (Брэст, Друцк, Пінск, Слуцк, Клецк і інш.). Больш значныя дзядзінцы былі ў Мінску (3 га) і Полацку ў ХІ -- ХІІ стст. (7 - 8 га). Такім чынам, агульная плошча гарадскіх пасяленняў магла дасягаць дзесятка і больш гектараў. Звычайна вакольны горад па плошчы перавышаў дзядзінец. У Пінску, напрыклад, памеры гэтых частак горада складалі адпаведна 4 і 1,7 га, у Клецку -- 5 і 1 га.

Планіроўка старажытных гарадоў вызначалася тапаграфічнымі ўмовамі мясцовасці. У Х - XІ стст. дзядзінцы, размешчаныя на мысах, звычайна мелі трохвугольную форму (Полацк, Тураў, Гродна, Слуцк, Брэст). Гандлёва-рамесныя пасады забудоўваліся па берагах рэк, што было абумоўлена патрэбай сяліцца бліжэй да водных гандлёвых шляхоў і мець ваду для вытворчых мэт. У ХІ і асабліва ў ХІІ ст. узнікаюць пасяленні з круглымі або авальнымі ў плане дзядзінцамі з абарончымі валамі па ўсяму перыметру, якія паўкальцом абкружаюць вакольныя гарады (Пінск, Клецк,Слонім).

Асновай планіровачнай структуры гарадоў былі вуліцы і завулкі. Планіроўка ўсходняй часткі мінскага дзядзінца мела разгалінаваны характар: ад вуліцы, што вяла да гарадской брамы, пад вуглом адгаліноўваліся іншыя вуліцы. На дзядзінцы старажытнага Бярэсця раскапаны тры паралельныя вуліцы, якія ішлі ў напрамку з усходу на захад. Паўночная ва ўсходнім канцы рабіла паварот на поўдзень, на збліжэнне з цэнтральнай вуліцай. Гэта дае падставу меркаваць, што вуліцы збліжаліся, магчыма, зліваліся ў адну, якая ішла ў напрамку да брамы да абарончых збудаваннях. Планіроўка вуліц у дзядзінцах старажытнага Мінска і Брэста дае магчымасць меркаваць, што ад гарадской брамы адыходзіла адна вуліца, якая потым разгаліноўвалася на некалькі. Дасягнуўшы пэўнай адлегласці між сабой, вуліцы ў далейшым маглі ісці паралельна.

Планіроўку вакольнага горада можна прасачыць па матэрыялах раскопак старажытнага Пінска (раскопкі П.Ф.Лысенкі). Ад брамы і абарончых збудаваннях дзядзінца адыходзіла вуліца ў радыяльным напрамку на поўнач да абарончых збудаванняў вакольнага горада. На ўсход ад яе ў тым жа кірунку ішла яшчэ адна вуліца, на захад - невялікі завулак, таксама паралельны гэтым вуліцам. Перпендыкулярна вуліцам, якія ішлі ў радыяльным напрамку ад дзядзінца да абарончых збудаванняў, цягнуліся яшчэ дзве вуліцы. Адна з іх праходзіла ля самага падножжа абарончага вала, з унутранага боку і недалёка ад яго. Усё гэта дае падставу меркаваць, што вакольны горад старажытнага Пінска меў радыяльна-кальцавую планіроўку.

Пасады, якія разам з дзядзінцам, вакольным горадам і гандлёвай плошчай уваходзілі ў склад горада, але не мелі абарончых збудаванняў, на тэрыторыі сучасных гарадоў выяўляюцца з большай цяжкасцю, чым дзядзінцы і вакольныя гарады. Тым не меньш, як можна меркаваць па знаходках старажытных рэчаў і культурнаму пласту ў наваколлі гарадзішчаў, пасады старажытных гарадоў займалі значную плошчу. Так, у старажытным Полацку агульная плошча горада складала каля 80 га, прычым пасад, які падзяляўся на некалькі "канцоў", займаў значную большасць гэтай тэрыторыі. У Гродна і Ваўкавыску старажытныя пласты выяўлены на адлегласці да 0,5 км ад гарадзішчаў.

Абарончая сістэма старажытных гарадоў складалася ў адпаведнасці з існаваўшымі ў той час ваенна-тэхнічнымі сродкамі і тактычнымі прыёмамі штурму і аблогі. Яна арганічна спалучала прыродныя перашкоды (рэкі, высокія стромкія карэнныя берагі, балоты, яры) і штучныя абарончыя збудаванні.

Многія старажытныя гарады Беларусі (Полацк, Віцебск, Лукомль, Лагойск і інш.) мелі надзейныя абарончыя збудаванні. Аснову іх складаў насыпны вал з буйназярністага пяску, умацавны ў сярэдзіне і ля падножжа радамі бярвенчатых накатаў. Яго форму вызначалі з разліку аптымальнай шчыльнасці абстрэлу на ўсіх участках. У адным, радзей у двух-трох месцах вал праразаўся праходамі з варотамі, з надваротнай вежай і пад’ёмным мастом. На грабяні ўзвышаліся драўляныя ўмацаванні. У ХІІ - ХVІІстст. гэта былі шматярусныя зрубы, як правіла, з запо]неным каменнем і зямлёй ніжнім ярусам -- гародні. Гародні стаялі ]шчыльную адна да другой, утвараючы фронт ўмацавання. Выкарыстоўваўся і іншы прыём. Будавалі дзве паралельныя сцяны, злучаныя між сабой кароткімі папярэчнымі сценамі - сцены з тарас, прамежкавы насціл дзяліў умацаванне на два ярусы. З надбудаваных на выпусках бярвенняўў верхняга яруса пляцовак-аблам было зручна абстрэльваць зверху нападаючых, скідваць каменне, ёмістасці з кіпячай смалой. Сцены ўмацаванняў завяршаліся дранкавым дахам, які таксама падчас выкарыстоўваўся ў мэтах абароны: на вонкавым схіле ўмацоўвалі бярвёны і ў выпадку атакі скідвалі іх на голавы нападаючых.

Важным абарончым элементам замчышча былм вежы. Вартавая вежа знаходзілася або за сцяной з частакола, у цэнтры ўмацавання (Гродна, Навагрудак ХІІ ст.), або ў лініі сцен - на вуглах, над праёмамі варот і праездаў, у найбольш слаба ахаваных прыродай месцах. Сістэму абарончых збудаванняўў можна разгледзець нап прыкладзе Мінска, дзе праводзіліся значныя археалагічныя даследаванні (Э.М.Загарульскі, Г.В.Штыхаў).

Археалагічныя даследаванні паказалі, што земляны вал мінскай крэпасці перажыў два этапы будаўніцтва. Першапачаткова шырыня яго падножжа, насыпанага з буйназярністага пяску, складала каля 14 метраў. Унутраны схіл вала быў пакрыты дзірваном. Аднак у гады паходаў Яраславічаў і Уладзіміра Манамаха (1067 і 1085) міняне пераканаліся, што памеры вала недастатковыя. Неўзабаве яго ўдвая пашырылі і значна павялічылі ў вышыню. Падножжа вала мінскага замчышча, магчыма, было вымашчана каменнем. Уздоўж вонкавага краю папарна ў некалькі радоў укладваліся масіўныя драўляныя плахі, чаргуемыя ў папярэчным напрамку бярвеннем. Са знешняга боку вал падпіраў шэраг вертыкальна ўкапаных слупоў. Унутраны схіл таксама мацаваўся масіўнымі бярвеннямі. Між унутранымі і знешнімі ўмацаваннямі перпендыкулярна асі вала ў дзевяць ярусаў укладваліся бярвенні з прамежкамі ў 20 -- 30 см. Ярусы ў прадольным напрамку перакладваліся бэлькамі. Такая ўнутрывальная канструкцыя была шырока вядомай у заходніх славян. Асабліва часта яна прымянялася, калі мацаванні размяшчаліся побач з забалочанай або затопленай мясцовасцю, каб надаць валу дадатковую трываласць на выпадак стыхійнага бедства.

На думку Э.М.Загарульскага, профіль вала меў наступную канфігурацыю: з вонкавага боку - стромкі пад’ём пад вуглом 45-50 град. На вышыню 7-8 м, далей роўная пляцоўка для кладкі сцен, якая пераходзіць у спуск унутр замчышча з двума прамавугольнымі ўступамі - тэрасамі. З паўднёвага боку, у напрамку вуліцы Вялікай, вал перарываўся праездам з двухвежавымі варотамі. Вежы злучаліся між сабой зрубнай устаўкай над варотамі, мелі чатыры ярусы, тры з іх - баявыя. Размяшчэнне тут варот і надворных вежаў традыцыйнае, пры гэтым канцы вала як бы заходзілі адзін за другі. Такі прыём меў вялікае значэнне для аховы варот - дзякуючы яму нападаючыя падвяргаліся дадатковаму флангаваму абстрэлу. У замчышчы Мінска левая частка вала рабіла паварот, што дазваляла з гэтага флангавага боку пабудаваць не толькі участак сцяны, але і яшчэ адну вежу. Схілы вала непасрэдна ля варот ўмацоўваліся заборам з бяр вення. Надваротныя вежы ўвенчваліся чатырохсхільнымі дранкавымі дахамі.

Па другой версіі (археолагі Ю.А.Заяц і Г.В.Штыхаў), якая ўлічвала, што пры двухвежавым варыянце ўскладнялася скразное перамяшчэнне абаронцаў над праездам, апошні быў аднавежавым. Асновук яго складалі моцна выступаючая са знешняга боку сістэма зрубаў, перпендыкулярная асі сцен. Гэта дазваляла вынесці вароты з плоскасці сцен, вызваліўшы такім чынам скразны праход па іх. Да таго ж зрубы ярусамі спускаліся па схілу вала, перашкаджаючы нападаючым хутка пераадольваць прастору варот. Увенчваючыя дазорная вежа завяршалася дранкавым дахам, дахі прамежных зрубаў мелі канструкцыю на самцах.

Археалагічныя даследванні дазваляюць вывучыць масавае грамадзянскае будаўніцтва. Пры раскопках Полацка, Мінска, Гродна, Слоніма, Друцка, Мсціслава, Давыд-Гарадка выяўлены рэшткі пабудоў адносна добрай захаванасці. Звычайна гэта рэшткі вулічных і дваровых насцілаў, частаколаў, жылых і гаспадарчых пабудоў, якія захаваліся на два-тры ніжнія вянкі. Выключэнне ўяўляе гарадзішча старажытнага Бярэсця. Тут пабудовы захаваліся на шэсць-сем, а дзе-нідзе нават на 12 вянкоў. Дзякуючы гэтаму сталі даступнымі для вывучэння многія будаўнічыя дэталі.

Паколькі гарадскую тэрыторыю абмяжоўвалі знешнія ўмацаванні, забудова горада па меры яго росту паступова ўшчыльнялася. Гэта прыводзіла да значнай шчыльнасці ў размяшчэнні будынкаў. Напрыклад, у Мінску было звычайным размяшчэнне на адной сядзібе дзвюх хат і да пяці гаспадарчых збудаванняў. Тэрыторыю двара звычайна абносілі трывалай агароджай - найчасцей частаколам, радзей замётам у шулах. З вуліцы ў двор вяла брама, накрытая двухсхільным дахам. Ёсць падставы меркаваць, што ў ХІІ - ХІІІ ст. у гарадах склаліся элементы традыцыйных вянковых і пагонных двароў. Апошнія былі найбольш зручнымі пры шчыльнай вулічнай забудове. Двары высцілалі дрэвам, у некаторых выпадках іх накрывалі паветкамі. У некаторых гарадах (напрыклад, у Навагрудку) у дварах амаль не будавалі асобных гаспадарчых пабудоў, іх узводзілі кампактна на спецыяльна адведзеных для гэтай мэты тэрыторыях.Традыцыйнае масавае будаўніцтва ў ХІ-ХІІ ст. вялося амаль выключна дрэва. Пераважалі аднакамерныя курныя жытлы наземнага тыпу(паўночны варыянт), зрубленыя з бярвення ў верхняе "абло з астаткам", плошчай 12-16 кв.м. Зрэдку сцены будавалі з брусоў (Мінск, Давыд-Гарадок). Сустракаюцца каркасныя наземныя дамы і паўзямлянкі (паўднёвы варыянт). Зрубы звычайна ставілі падрубай на зямлю, на штандары, на плашкі ці ніжнія вянкі старых папярэдніх пабудоў. Значная колькасць хат мела драўляныя падлогі з колатых дошак, якія насцілалі па лагах. Невялікія дзвярныя праёмы размяшчаліся высока. Для асвятлення і выхаду дыму выкарыстоўвалі валакавыя акенцы, размешчаныя ў двух сумежных вянках. У некаторых выпадках яны мелі слюдзяныя ці шкляныя абалонкі. Асноўным тыпам перакрыцця была дзвюхсхільная страха з драніц. З ХІІ ст. вядомы і лёгкія каркасныя дахі на кроквах. Выкарыстоўваліся архаічныя канструкцыі перакрыцця на "сохах" і "дзядках". Спалучэннем розных тэхнік будаўніцтва стваралася багатая разнастайнасць архітэктурна-мастацкага вырашэння народнага жылля. Асабліва гэта прыкметна ў Навагрудку, дзе кожны дом меў свае адметныя рысы. Тут існавалі вялікія (70-75 кв.м) дамы дзвухкамернай планіроўкі, адна і двухпавярховыя. Адзін з дамоў унутры быў аздоблены фрэскавым жывапісам па тынкоўцы, нанесенай на абчасаныя сцены. Многія дамы Навгрудка ў ХІІ-ХІІІ стст. асвятляліся вялікімі вокнамі ў 3-4 круглыя шкляныя дыскі, устаўленыя ў спецыяльныя рамы, што было ўнікальнай з’явай ў старажытнаславянскім дойлідстве. Рэшткі хат складанай планіроўкі знойдзены таксама пры раскопках Слоніма і Брэста.

Меліся ў беларускіх гарада і буйныя па плошчы жылыя комплексы. На Вялікім пасадзе Полацка выяўлена сядзіба ювеліра плошчай каля 1000 кв.м. Яна складалася з трох будынкаў. Адзін з гэтых будынкаў (памерамі 6 х 4,5 м) - 2-павярховы жылы дом-пяцісценак, два іншыя - майстэрні.

Археалагічныя раскопкі беларускіх гарадоў апошніх гадоў выявілі старажытныя помнікі культавага (разглядаецца ў раздзеле хрысціянства і мастацтва) і свецкага мураванага дойлідства. Уяўляюць цікавасць падмуркі церама полацкіх князёў. Гэта быў невялікі, амаль квадратны ў плане будынак (4,7 х 4,2 м) з маленькай прыбудовай. Падобныя церамы, мяркуючы па летапісных звестках, мелі значную вышыню і былі не жылымі, а толькі параднымі памяшканнямі княжацкага палаца. У той жа час невялікая таўшчыня сцен полацкага церама сведчыць, што будынак меў не скляпеністае, а бэлечнае перакрыцце. Пад ім быў склеп глыбінёй 1,5 м. Палац размяшчаўся на самым краі дзядзінца, адкуль адкрываўся прыгожы краявід на даліну ракі Палаты.

Церамам-палацам прадстаўлена і гродзенская архітэктурная школа. Ён размешчаны на краі паўднёвага схілу гродзенскага дзядзінца. Ад палаца на вышыню да 2 м захаваліся толькі яго паўночная сцяна і кавалкі ўсходняй і заходняй сцен. Паўднёвая частка разбурана яшчэ пры будаўніцтве абарончай сістэмы замка Вітаўта ў канцы ХІV ст. Даўжыня падоўжанай сцяны перавышае 10 м, шырыня невядома. Палац складаўся з двух памяшканняў: асноўнага і дадатковага, меншага за першае, якое прылягала да яго з усходу. У сярэдзіне паўночнай сцяны размяшчаўся ўваход, а ўнутры асноўнага памяшкання меліся высокія нішы з паўцыркульнымі завяршэннямі. Такая ж ніша знаходзілася і ў заходняй сцяне. Меншае памяшканне мела асобны ўваход з поўдня. Будынак палаца быў багата аздоблены керамічнымі паліванымі пліткамі і меў пакрыццё з свінцовых лістоў. Муроўка палаца зроблена з плінфы ў роўнаслаёвай тэхніцы. Фасады былі аздоблены радамі ўмураваных у сцяну рознакаляровых, амаль неапрацаваных камянёў. У некалькіх месцах гродзенскага дзядзінца былі знойдзены рэшткі абарончай сцяны: у заходняй частцы (на самым мысе Замкавай гары), у паўднёва-ўсходняй і ўсходняй. На мысе раскапаны прасла сцяны больш за 10 м даўжыні і 1,5 м вышыні. Складзена сцяна была з плінфы ў тэхніцы ўсё той жа роўнаслаёвай муроўкі. Каменныя абарончыя збудаванні ХІІ ст. - рэдкая з’ява на тэрыторыі Усходняй Еўропы. Гэта вылучае Гродна і дае падставы для перагляду меркаванняў аб ролі гродзенскага княства ў палітычным і эканамічным жыцці Кіеўскай Русі.

Такім чынам, горадабудаўніцтва і дойлідства на тэрыторыі Беларусі ў Х -- ХІІІ ст. развіваліся ў адпаведнасці з агульнаеўрапейскімі тэндэнцыямі, што было вынікам новых сацыяльна-эканамічных і грамадска-палітычных умоў жыцця старажытных беларускіх зямель.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]