Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
RADZIVILIYaDA.doc
Скачиваний:
19
Добавлен:
25.03.2015
Размер:
264.7 Кб
Скачать

330 Зброю падняўшы сваю (бо за гідраю — сіла багацця!)27.

Значыць, не варта табе далучацца да гэтага руху…

Смела й рашуча за мір выступай, супраць звады, заганаў!

Будзь абаронцам Айчыны і носьбітам высакародства!

Хай Дасканаласць цябе дабрачыннай аздобнасцю вабіць,

Будзь годны продкаў сваіх мужнай справай, набожнасцю чыстай.

Нават калі б табе лёс даручыў над мідзянамі ўладу,

Што ж — радавітасць твая і кляйноты дазволілі б гэта.

Толькі ў сенаце Літвы — іншы звычай і іншы крытэрый:

Цнота вышэй за радство, а адвага — паважней за тытул,

340 Подзвігам, а не казной можна продкаў сваіх перавысіць.

Ты ж Фаэтонам28

не будзь: дбай найперш пра падданых — літвінаў,

Дбай пра Айчыну сваю, ды не толькі ў прыгожых прамовах.

Хай падкрадзецца бяда: запануюць лянота ці пыха, —

Будзь для Айчыны абранцам, і бацькам, і грамадзянінам.

Будзеш чыніць так — тады твая слава агорне ўсе землі,

Дойдзе да ўсходніх дзяржаў, да ўзбярэжжа ружовага сонца,

Краю народжаных хмарай29, вышэй за аблокі. Дзівіся

З гетманаў даўніх часоў, а вучыся айчынным законам,

Веды імкніся здабыць, задавай ад маленства пытанні, —

350 Век састарэлых гадоў для спазнання навук непрыдатны, —

Так што спяшайся чытаць старадаўніх аналаў старонкі,

Творы паэтаў, — у іх каралі, валадарствы і войны…

Гэтак пелейскі ваяр30сярод тысячаў выбраў Гамера,

Прагна чытаў31… Спасцігай, мой абранец, паэтаў, а з імі

Тых, хто са Свадай32самой красамоўствам зраўняўся, — пачуеш

Нестара мудры расказ, сівізну Ітакійца33пабачыш…

Вось што цяпер, Радзівіл, я заўважу табе для навукі,

Словам адкрытым сваім прыгадаю яшчэ і яшчэ раз.

Божа цябе барані ад пажады ліхой ухваленняў,

360 Пільна не пніся, не лезь на вяршыні напышлівай славы:

Міру больш прагна жадай, чым трыумфаў любой перамогі.

Марса, юнача, не кліч, бо пракляцце спрадвечнае — войны —

Прыйдуць і самі; цяпер я прадбачу крывавыя воды

Дуны-ракі і Улы. Набліжаюцца новыя беды —

Бітвы, што меддзю блішчаць. Ты трымаць будзеш ратныя лейцы,

Змусіш ты шмат гарадоў перайсці пад уладу літвінаў,

З Марсам магутным сваім пераможаш варожыя раці.

Мае той дзень надысці, калі ты афарбуеш крывёю

Войска маскоўцаў — хутчэй надыдзі, гэты дзень! — але сёння

370 Больш не трымаю цябе: праслаўляй жа літвінаў адвагай!»

Скончыў прамову Мусэй. Затрымцела юначае сэрца,

Словы такія пачуўшы, любоўю да славы спрадвечнай.

Звычай сівы старадаўні падняўся з высокага трона,

Даў юнаку падарунак, сказаўшы: «Шаноўны юнача!

З гэтых пенатаў маіх неадораным госцем не выйдзеш.

Шаты прымі ад мяне, разнастайным сатканыя кшталтам».

Так ён сказаў, і тады вельмі годныя сонмы герояў

Разам яго павялі праз чысцейшы струмень Гіпакрэны.

О Прага Славы, Хвала, над якой не ўладарыць ніводзін —

380 Нават вышэйшы — закон, вы ўздымаеце ў сэрцы турботы.

Чым так узрушылі вы Мікалая ў юначым узросце,

Моцна працяўшы душу вашым джалам пякуча-салодкім?

Марыла ноччу і днём яго сэрца пра годную славу.

Чуючы згадкі пра вас, ён маркоціўся… Што ж, натуральна:

Мноства смяротных спрадвек, пагарджаючы болем і смерцю,

Следам за вамі ішлі, каб прыгожа з жыццём развітацца.

З верай у вас сам Алцыд нападаў на жахлівых пачвараў,

Сёння ж, як кажуць, ён стаў найславуцейшым з даўніх герояў.

Курцый, успомніўшы вас, без загаду людзей, без прынукі

390 Смела пагнаўшы каня, разагнаўся і скочыў да продкаў!34

Цяжка паверыць, што ён змог адзін немагчымае здзейсніць,

Смела закрыўшы сабой апраметнай адкрытую пашчу!

Гэткай ахвяры яго і багі пазайздросцілі нават…

Вось сярод мілых дзяцей пачынае (пакуль што ў забавах)

Княжыч сябе рыхтаваць, каб жыццём абмяняцца з хвалою.

Сёння вітаюць цябе і Масілья35, і Сірты, а з імі

Людзі шматлікіх краін пад гарачымі зоркамі Рака…

Гэтым юнацкім жыццём апякуецца Вечная Слава.

Помнячы добра пра вас, о героі, вялікія справы

400 Хоча ўчыніць Радзівіл — і жыве, не марнуючы часу.

Сэрца гартуе сваё для суровых і цяжкіх турботаў,

Сам патрабуе каня, сам нацягвае марсавы стрэлы.

Вось аднагодкаў сваіх да ваеннай гульні прыцягнуўшы,

Вершнікам смелым нясецца — наперад, назад, развароты…

Гоняць яны па лясах хутканогіх пужлівых аленяў,

Потым у марсавай бітве драўляных праціўнікаў пляжаць, —

Вучацца разам вайне: як змагацца завостранай шабляй,

Як паварочваць яе, як спрытней ухіліцца ад дзіды.

Гэтак праходзіць дзяцінства ў занятках суровага Марса:

410 Конік пярэсты пад ім, у бакі яго моцна ён шпорыць,

Ззяючы ясным шчытом, непахісна нясецца ў атаку.

Шлем яго медны, глядзі, упрыгожаны пер’ем наверсе.

Вось калясніцай кіруе, каб біцца на полі адкрытым:

Коні ляцяць пад ярмом, ажно полымя з ноздраў ірвецца.

Вось ён нацягвае лук, аж пакуль між сабой не самкнуцца

Верхні і ніжні канцы, так што можа намацаць лявіцай

Востранькі кончык стралы, а правіцу заводзіць за вуха.

Вось ён шыбае мячом, вось кідае спічастую дзіду,

Грозны, суровы ў душы, ён рыхтуецца з ворагам стрэцца,

420 Вучыцца, як расстаўляць лепшым чынам на полі атрады,

Як навучыцца трываць пасля першай магчымай паразы,

Як ваяроў наймудрэй па шарэнгах бяспечна пастроіць.

Ратныя хітрасці ўсе і законы ваеннай навукі

Ён спасцігае: як роў вакол лагера выкапаць хутка,

Валам абнесці муры, уварвацца ў высокую крэпасць

(Спосабам лёгкім, цяжкім), і, калі выступае ўжо вораг,

Як навучыцца складаць мудры план пераможнае бітвы.

Ён патрабуе дадаць да сутычак няўмольнага Марса

Пасткі падманаў ліхіх; і вайной, і бязлітаснай сечай

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]