Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
RADZIVILIYaDA.doc
Скачиваний:
19
Добавлен:
25.03.2015
Размер:
264.7 Кб
Скачать

570 Так нападае на край тое войска ліхіх каняедаў,

Хаты — адну пры адной — ненажэрным агнём вынішчаюць,

Вогнішчам ганьбяць святыні, забойствамі — плодныя нівы.

Скіфаў заўважыўшы раць, не ўскладай спадзяванняў на ўцёкі:

Быццам на крылах, ляціць агнямётны і грозны татарын,

Горшы за буйнага Каўра, за ўсіх Аквілонаў айчынных,

Крышыць навокал усё, навальніцы прыносіць знянацку,

Зброяй плюндруе палі, нават зоркі ён стрэламі дражніць.

Ціха крадзецца, бы воўк, што схапіў казляня цёмнай ноччу

Пашчай галоднай сваёй; нават чуйны сабака не чуе,

580 Як ён прабраўся ў загон; нават пёс маласійскі ў аздобным

Гожым ашыйніку — й той не ўлавіў бы ніводнага гуку.

Быдла прыціхла ад страху, а шэрых нападнікаў зграя

Рэжа, рабуе, ірве, наталяючы голад звярыны.

Гэтак і вораг ліхі, пераплыўшы прастор Барысфена,

Лютаму гневу свайму адпускаў усялякія лейцы.

Аўгуст наведваў тады Гедымінава дзецішча — Вільню.

Тут на нарады-піры дружным колам збіраў ён магнатаў,

Бавілі радасна час у бясконцых застольных бяседах…

Раптам прыйшла навіна, устрывожыўшы стольнае места:

590 Міру ў дзяржаве няма! Уварваўся бязбожны чужынец:

Ледзь не паўсюдна цяпер — кроў, забойствы, пажарышчы, слёзы…

Важных вяльможаў між тым на чарговую раду склікаюць!

Раптам юнак, ледзь жывы, у крыві, з пакалечаным тварам,

З самага пекла вайны прыляцеў, ацалеўшы цудоўна.

Ён не зважае на боль, на ашчэпу стралы, на разбіты

Цалкам калчан, ды адно да сената й манарха ірвецца,

Просіць увагі ў паноў ды абедзве рукі падымае.

«Яснавяльможны кароль, радавіты нашчадак Ягайлы,

Ты — паратунак для нас, патрабуем ваеннай падтрымкі.

600 Люты татарын цяпер край Валынскі бязбожна плюндруе!

Вёскам усім, гарадам ён прыносіць штодзённа пагібель.

Добрая частка зямлі шэрым попелам скрыта. Другая

Стогне пад скіфскаю шабляй, а трэцяя частка на шыі

Носіць гаротна кайданы… Захоплены сам Вішнявецкі!

Рэдкія толькі атрады змагаюцца з ворагам жорсткім.

Покуль буслы нетаропка збіраюцца з поўдня дадому,

Тысячы птушак у стаях па небу паўз іх пралятаюць.

Гэткія ж мы, як буслы, а татары — шматлікія птушкі.

Іх не палічыш дакладна, паўсюдна — вялізныя раці,

610 Стрэлы бясконцым дажджом закрываюць высокае неба.

Я падзівіўся — і вось: мне страла ў самы твар упілася.

Так што сюды я прыйшоў з асяроддзя пякельнае смерці.

Гэй, на цябе, валадар старажытнай Сарматыі, сёння

Сплаканых мноства вачэй пазірае: ратуй жа падданых!

Вы, бестурботнае панства, гляджу, не жадаеце ведаць,

Чым жа жыве ваш народ? Мы ў самоце, гароце, без зброі,

Вораг нас цісне вайной. Дык дазвольце ж сказаць мне, свабоду

Слова мне дайце цяпер! Вы не бачыце гора народа,

Блізкага вам? Цэлы край — толькі шэраг магільных узгоркаў!

620 Вам жа, вяльможы, няма ані клопату, ані турботаў…

Мы, неаплаканы люд, неадпомшчаных душаў кагорты,

Ціснемся аж пад Эўксін, а ў сталіцы — піры ды гулянка,

Вы асалоду п’яце ды казну спусташаеце шчодра

Мноствам банкетаў… А там скачуць ворагі, вострачы стрэлы…

Ліху канца не відно! Цела бацькі і дзеда заліта

Свежай крывёю сыноў; хлапчукоў, незамужніх дзяўчынак

З маткамі разам вядуць як трафей азіятаў… (Айчына!

Волатаў велічных край!) Што за землі вас прымуць, няшчасных?

Хтосьці з вас будзе трымаць не айчынную зброю, а вёслы,

630 Дзесьці на моры чужым непрыяцелю служачы ў войнах.

Хтосьці з вас трапіць у Крым, да далёкага скіфскага краю.

Пэўнага дня адплывуць назаўсёды, ды горка заплачуць…

Там, між радопскіх39цяснін, горка ўспомняць: «О край наш Валынскі!..»

Аж праз тры моры гукаць будуць з болем: «О край наш Валынскі!..»

Рэкі шырокія ўбачаць: «Глядзі, быццам край наш Валынскі…».

Вы, з агрубелай душой, апрануліся ў пурпур. Айчыны

Вам не шкада, і не сорам глядзець на бяду, на пакуты.

Дзе ж ты, сапраўдны літвіне! Бо вы — не літвіны: ідзіце,

Грайце, скачыце далей! Можа, часам, і скіфы пачуюць

640 Гук вашых бубнаў ды з вамі ў дзікунскія пусцяцца скокі!

Што вы стаіце! Калі хоць крыху засталася адвага

Марса айчыннага ў вас, — уздымайма на ворага зброю!

Тут не нарада цяпер — абуджэнне да бітвы патрэбна,

Моцная воля. А Бог Сам дае і мужоў, і адвагу».

Цяжка вяльможам усім гэта чуць, бо віну адчуваюць.

Скончыў прамову ваяр, выцер з твару пякучыя слёзы.

Толькі пасланец замоўк, па збянтэжаных вуснах магнатаў

Шэпт разнастайны пабег — так, як бура на моры сціхае:

Перш чым заціхнуць зусім, яшчэ трошку гамоніць, шапоча…

650 Просяць суцішыцца ўсіх — галасы замаўкаюць адразу.

Аўгуст, магутны кароль, са стальца прамаўляць пачынае:

«Вельмі б хацеў я раней вось пра гэта дачуцца, магнаты,

Перш, чым варожы натоўп свайго Марса прывёў у краіну,

Ды не цяпер, калі ўсё, можа, цалкам ляжыць у руінах.

Здзеклівы вораг пануе — о гора! — на землях айчынных.

Мноства бязвінных людзей праз нядбайнасць бяздзейную нашу

Мёртвымі сталі... Хіба яны жыць не хацелі?.. Юпітэр

Хай бы мяне пакараў — я б іх вырваў ад лютае смерці!..

Як жа цяпер бараніць ацалелую частку падданых,

660 Згінуць не даць ім і як ад ганебных кайданаў пазбавіць?

Зараз патрэбныя нам спланаваныя мудра рашэнні,

Подзвігі дзейсных мужоў... І цяпер я ў кароткай прамове

Выкладу планы свае. Прыхіліце ж уважліва сэрцы!

Маю я князя, паны: ён паходзіць з крыві Радзівілаў,

Слаўны герой Мікалай, найвышэйшы і родам, і справай.

Вось я рашэнне прыняў, што, зрабіўшы яго палкаводцам,

Людзям падтрымку пашлю. Дык збірайце ж у бітву імкліва

Мужныя войскі свае, узбраеннем адметныя слаўным!»

Так ён сказаў, і паны караля падтрымалі ўсе разам,

670 Войскі склікаюць свае, каб узняць супраць ворага раці.

Хутка збіраюцца ўсе, хто жадаюць адпомсціць за блізкіх,

Іншых кіруе на бітву цудоўная прага змагання.

Разам сышліся яны каля даўніх муроў Эрдзівіла,

Крэпасці слаўнай, якая Наваградкам годна завецца.

З моцнаю верай яны прамінаюць то крэпасці Слуцка,

То старажытны Мазыр, — а харугвы ў паветры лунаюць.

Вершнікі мчацца наўпрост, уздымаючы пыл да нябёсаў.

Сам Радзівіл, прыгажун, сярод іншых адметны, — у цэнтры.

Сэрца адвагай гарыць: то за войскам ён скача, то раптам

680 Войска абгоніць... Хутчэй ён імкнецца ў адкрытае поле —

Поле вайны... Вось з мяжы данясенне прыходзіць, што скіфы

Страхам ахоплены ўсе, адступаюць (хоць скрозь застаюцца

Жорсткай расправы сляды), бо нядобрая чутка данесла

Ворагам, што Радзівіл наступае, што войска літвінаў

Блізка Валыні цяпер!.. І пабегла дзікунскае племя,

Сполах іх гоніць назад, спадзяюцца на звыклыя ўцёкі,

Жыцці нагам давяраюць, як воўчая зграя, якая

Прагне на статак напасці, ды раптам ахоўнікаў бачыць, —

Тут і даюць лататы, ды нясуцца імкліва, як вецер.

690 Бачыць цяпер Радзівіл, што ўчыніў ненавісны нападнік.

Моўчкі пахмурны стаіць, моцны жаль абуджаецца ў сэрцы,

Рвецца ад болю душа навальніцай нязносных турботаў.

Слёзы гараць на шчаках, але ў думках — высокая мужнасць,

Сорам свядомы... «Няўжо мы з такою вялікаю сілай

Позна прыйшлі?.. Як ты мог, крывадушны, бязродны татарын,

Выступіць здрадна на нас! Што ж ён чыніць! — гаротна ўсклікае. —

Гоніць з айчыны ў палон жыхароў дабрадатнага Крыма!

Сталі рабамі цяпер суайчыннікі нашы і бачаць

Смерці сяброў, сваякоў... Адыходзячы з Вільні, не гэта

700 Я абяцаў каралю, але сотні каштоўных трафеяў!..

Сёння яшчэ немагчыма належна адпомсціць ардынцу,

Шчыра кажу, і бяру сабе ў сведкі высокае неба:

Я не ўхіліўся — о не! — ад ніводнай ліхой небяспекі,

Прагнучы вас ратаваць — вас, выгнаннікаў з мілай Айчыны;

Ворагаў мноства мяне не спалохала цяжарам бітвы,

Сам я стаяў на чале і змагаўся з усімі... Аднак жа

Бог — Усявышні суддзя — так прызначыў... Нічога не зробіш!

Гора! Якая ж зямля і якая ж вас доля чакае?..»

710 Гэтыя словы казаў, і каціліся слёзы па твары.

Так засталася тады незавершанай справа, хоць вораг

Кінуўся шпарка на ўцёкі і, страху набраўшыся добра,

Больш не рашыўся чыніць вынішчэнняў літвінам. Не мог ён

Войскам знішчальным сваім церушыць па шырокіх прасторах.

Скуль жа прыйшла перамога? Ад гэтага моцнага страху?

Можа, прызначыў так Марс?.. Хто б пра тое спытаў ваяводу!..

Аўгуст-кароль ацаніў мужны ўчынак свайго камандзіра:

Знакам пашаны за гэта аддаў пад яго кіраванне

Трокі, каб мог ён заняць сваё месца ў літоўскім сенаце,

720 Тытул высокі прыняў і назваўся цяпер ваяводам40,

Каб прызвычаіўся быць абаронцам вялікай Айчыны.

Ён апраўдаў той давер: дараваная доблесць квітнее,

Новыя тытулы болей натхняюць адважнае сэрца.

Так, як лампады жывуць і гараць толькі з росаў Палады41,

Хутка ўздымаюць агонь ад алейнае вільгаці, — гэтак

Доблесць забытая чэзне, хвалёная доблесць квітнее,

Аж да нябёсаў ляціць ды вышэй за аблокі лунае.

Слава выдатнага мужа задумамі годнымі ззяе,

Шпарка ляціць да Фасіды42, да чорнае брамы Калханта43;

730 Дыбяцца прэч ад яе Мэатыйскія сонныя воды.444

Мір дабрадатны, прагнаўшы вайны ненавісную хмару,

Доўгачаканы, заззяў для народаў Сарматыі цэлай.

Ласкай сагрэў ён людзей; гадаванка спакою Цэрэра,

Добрая маці пладоў, ураджай падарыла багаты;

Лепшы з мінулых гадоў саступаў у шчадротах прыроды.

Шчасны араты тады караля аўгусцейшага славіў —

Аўгуста, з ім, Радзівіл, і цябе ён хваліў па заслугах.

Ата45бязбожная нас злым паглядам зракае знянацку!

Ах, ці трывае калі між смяротнымі штосьці надоўга?

740 Вось і літвінам яна пазайздросціла ў міры, ліхая!

Край распасцёрся Лівонскі пад небам сваім сямізорным46,

Плодную мае зямлю і празрыстых азёраў багата,

Высяцца крэпасці там са спічастымі дахамі вежаў.

Тут панаваў Фюрстэмберг47, князь з германскага племені родам.

Тыя германцы калісь, жыхароў перамогшы тутэйшых,

Землі і порты прысвоілі. Вось крыжаносец так званы

Стаў прыціскаць той народ ненавісным сваім панаваннем.

Племя ліхое! Яны караля шанаваць не хацелі,

Страху не мелі ў душы, пагарджалі свяшчэннай дамовай.

750 Тут быў пачатак вайны. І пачварная, згубная пыха

Цэлы народ прывяла да фатальнай бяды, заняпаду.

З войскам магутным магістр арцыбіскупа даўняе Рыгі

Цісне аблогай сваёй, а грашовых прэтэнзій — бясконца.

Вось, калі кінуты быў арцыбіскуп за краты нахабна,

Брат з брандэнбургскага роду, магутнымі продкамі слаўны48,

Аўгуста просіць, каб той дапамог яму ў справе з прэлатам:

Вызваліць хоча яго ды пазбавіць ганебнай абразы.

Вось выпраўляецца Ланскі49па гэтым пытанні: ён хоча

Просьбай сваёй улагодзіць суровае сэрца магістра.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]