Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
RADZIVILIYaDA.doc
Скачиваний:
19
Добавлен:
25.03.2015
Размер:
264.7 Кб
Скачать

760 Толькі бясслаўны Крыжак, ненавідзячы мір і дамовы,

Права руйнуючы ўшчэнт, загадаў паважанага мужа —

Ланскага — жорстка забіць: як казалі, мячом яго сцялі…

Падае Ланскі на дол, паміраючы; хутка па целе

Кроў забруілася; вось галава ападае на грудзі,

Чэзне ў апалай руцэ прыгажосць міраноснага лаўра.

Іншых прагналі яны, абражаючы ў выразах брыдкіх,

Людзі без Бога ў душы… Закіпеў цяпер гнеў у літвінах,

Просяць яны караля, усклікаючы: «Зброю! Да зброі!»

Гучна адзін аднаго абуджаюць узняцца на бітву.

770 Вось і прычына вайны: што багі патрабуюць адпомсты.

Мірныя ўсе прапановы адрынуў крыжак. Але згоды

Гожы аліўны вянок каралю даспадобы, і міру

Больш за любыя трыумфы жадае кароль. Вось чаму ён

Зноў выпраўляе пасла з асяроддзя сенатараў годных,

Шлях — да таго ж ганарліўца, магістра з германскай душою.

«Мусіць ён брата майго абавязкаў фальшывых пазбавіць.

Не — значыць, будзьце гатовы! Калі пагарджае ён мірам,

Хай атрымае вайну! Будуць гора, і ліха, і страты!»

Чуючы біскупа, гнеўным агнём Фюрстэмберг разгараўся,

780 Злобай бясконцай палаў, і, калі б не заможнасць легатаў,

Белы іх сцяг, — мусіць, ён не ўстрымаўся б ад новых забойстваў.

Фурыі скачуць з вачэй, аж кіпіць у нянавісці дзікай.

З выразам годным штораз спалучаючы брыдкія словы,

Вусны нарэшце раскрыў і пачаў раззлавана прамову:

«Хтосьці з багоў ці з людзей да вайны заклікае Вільгельма?

Хтосьці прымусіў яго стаць варожым Лівонскаму краю?

Кажаце, Аўгуста брат, перанёсшы ліхія нягоды,

Нават паразу ў вайне, незаконна сядзіць у цямніцы?

Крэпасці, землі, Лівонія, Рыга — усім ён кіруе!

790 Нават мяне выдае ён тырану сармацкаму50. Гляньце:

Курыяў51нашых гатоў перадаць ён хоць прусам, хоць брату.

Мы выкрываем злачынства, і гэта, маўляў, беззаконна?

Гневам нікчэмным, ліхім вы палаеце! Слухай, літвіне,

Думаеш, можа, што ты за звярамі ганяешся ў лесе?

Значыць, у гэтай зямлі, несумненна, ты знойдзеш пагібель.

Загадзя цяжка прадбачыць, каму дасць Вікторыя пальму…

Трэба вайну пачынаць? Пачынаю! Хай гэтак здабудзе

Кожны сваё: хто паразу, а хто перамогу… Хай соліць

Кроў і мая, і маіх ваяроў сталь навостранай зброі.

800 Ногі мае не дранцвеюць ад гукаў паходнага рога.

Выпрабуй сілу сваю на пакрытым бранёю германцу:

Як ён трывае ў баі, як віхурай ляціць у атаку.

Я, Фюрстэмберг, хоць цяпер — на вайну, не баюся навалы.

Смерць не палохае нас!.. Шкадаваць жа літвінаў не будзем».

Аўгусту гэта крыжак перадаў як адказ ад магістра.

Той жа крычаў, бушаваў, з уласцівай германскаю пыхай…

Проста не ведаў яшчэ, што разгром іх — ужо неўзабаве…

810 Аўгуст-кароль адказаў міралюбна і вельмі спакойна:

«Што за народ! Праз вякі ён да нас непрыязны, варожы,

Тое, што добра для нас, — непрымальна для іх. Нам вось трэба

Варвараў перш пакараць, мусульманаў суровых, — ды мусім

Зброю цяпер павярнуць мы супроць хрысціянскага люду.

Раз беззаконны народ абражае свяшчэнную веру, —

Гэй, уздымаймася ўсе, мімаволі пазбудзьмася міру!

Мне даспадобы спакой, ненавіснае Марса аблічча.

Сумны зыход, Фюрстэмберг, несумненна, здабудзеш, ліхотнік,

Свет і пабачыць яшчэ, і пачуе пра гэткую ганьбу.

820 Трэба спыніць весялосць, уздымайце штандары, сарматы,

Вось пачалася вайна, дык пакрыйце ж лівонскія землі

Целамі ратнікаў. Ты ж, Радзівіле, вышэйшую ўладу

Будзеш над войскам трымаць: цябе гетманам я прызначаю.»

Так ён сказаў. Адусюль пачынаюць збірацца літвіны,

Моладзь найперш, у атрады злучаюцца з добраю зброяй.

Частка ідзе пехатой, а другія на конях імчацца,

Прагнучы ў бітву ўступіць, і нясуцца шарэнгамі коні,

Грукат ад іх капытоў прымушае зямлю здрыгануцца.

Аўгустаў бачны кляйнот: каралеўская гвардыя крочыць, —

830 Як на падбор малайцы, непахісныя духам адважным,

Быццам дэльфіны, якія гуляюць у водных глыбінях,

Потым збіраюцца ў статкі й нясуцца па сонечных хвалях.

Храбрых, бадзёрых байцоў Радзівіл уздымае на бітву.

Ён, з булавой Геркулеса, пры ўсіх нечаканасцях лёсу

(Бачна, што добрая кроў!) з вышыні прамаўляе загады.

Войскаў стотысячных раць у запале да Посвалі52крочыць,

Кожны маўкліва ў душы абуджаў справядлівага Марса.

З боку свайго Фюрстэмберг пад харугвамі Божае Маці

Войска выводзіць сваё, ваяўнічых германцаў атрады —

840 Кнехтаў у белым адзенні, пазначаным крыжам вялікім.

Вунь авангардны атрад, шчыльна дзіды самкнуўшы, выходзіць,

Быццам бы войска кентаўраў, за ім — цяжкаўзброеных шэраг.

Там, сярод бляску мячоў, сам магістр у цэнтры віднеўся:

Золатам ззяе, а вочы агонь выпускаюць зласліва.

Ярка, страката пад сонцам зіхцела лівонская зброя,

Следам пяхота ішла. Вунь змыкаюцца ў полі атрады,

Глянь, пад прыкрыццем шчытоў, і віхурай агністага Марса

Посваль ахоплена скрозь… Як пчалінай парой меданоснай

Рой вылятае з вуллёў, — на шырокіх лівонскіх прасторах

850 Столькі ж было юнакоў — ды такіх, якіх варта баяцца,

Вельмі адважных, з усходу, адтуль, дзе радопскія53вежы.

Мецяць сцягі, што лунаюць пад ветрам, варожыя раці,

Дзеляць сваіх і чужых… Пачынаецца Марса сваволя,

Чуецца трубны сігнал ад Нязгоды ў плашчы разарваным.

Сам Усявышні Айцец абураецца несправядлівым

Гневам зямных жыхароў і цяпер, раўнаважачы чашы

Шаляў сваіх залатых, лёс лівонцаў цяжкі і літвінаў

Мудра ўскладае на іх, каб прысуд справядлівы прызначыць.

Толькі прарочая чаша лівонцаў спускаецца долу,

860 Нізка, да самай зямлі, а літоўская ўзносіцца ў неба.

Знак падае Усявышні, з ім разам — зямля і нябёсы.

Бойцеся ўсе! Ты ж, германец, цяпер атрымай па заслугах:

Ты зневажаеш дамовы ды толькі пра золата дбаеш.

Зараз Вікторыя ўсё ж, над самкнутым лунаючы войскам,

Горнецца больш да літвінаў, і чуецца іх лікаванне.

Войскі — адно і другое — панеслі б вялізныя страты,

Тысячы смерцяў, аднак, Радзівіл, твой разважлівы розум,

З Божае волі, абраў той бяскроўны трыумф, без забойства.

(Іншы які ваявода быў варты вось гэткае славы?)

870 Як жа пакорлівы князь шкадаваў літасціва і шчыра

Душы братоў-хрысціян, як рахмана той гетман аплакаў

Мноства забойстваў людскіх!.. Дый магістр, бліжэй падышоўшы,

Войскі навокал агледзеў і, страхам агорнуты моцным,

Стаў сумнявацца цяпер перад грозным абліччам літвінаў.

Гетман, заўважыўшы гэта (а быў ён мудрэйшы за іншых),

Добра абдумаў усё і прамовіў наступныя словы:

880 «Гучныя трубы свае вы суцішце, вайскоўцы, пакуль я

Буду да вас прамаўляць, ды пачуйце мяне, калі ласка!

Мноства шчаслівых народаў, магутныя ўсе валадарствы!

Што падштурхоўвае вас клікаць войнаў суровых чароды?

Што за вяшчун і які прадказальнік вас звабіў надзеяй,

Быццам бы Аўгуст, зямель валадар і шматлікіх народаў,

Можа паразу цярпець у вайне? Дык чаму ж вы ўсе разам

Самі з вайною прыйшлі? Супакойвае сіняе мора?

Чым дапаможа яно? Спадзявацца на мора не варта.

Край ваш Лівонскі цяпер на сцяблінцы павісне, калі вы

Свой не адменіце план, не адкінеце злосных намераў.

890 Што ж ты, вялікі Магістр, узвялічаны духам і лёсам,

Хочаш сваіх грамадзян небяспецы бясспрэчнай даверыць?

Гнеў твой, заганнасць твая спрычыняцца найперш, што лівонцы

Страцяць свабоду сваю. Пра цябе невялікі мне клопат:

Думаю болей пра тых, што загінуць у Марсавай сечы,

Матак шкадую ды ўдоў, не жадаю ахвяраў ваенных.

Лёс вам магчымасць дае, каб злучыцца з літвінамі разам

Мірна ў дзяржаве адной, — дык чаму б караля не прызнаць вам?

Гляньце на нашую раць! Хто ж вас лепш абароніць ад лютых

Ворагаў грозных такіх — неадольных, магутных маскоўцаў?

900 Кіньце ж вы зброю цяпер, ушануйце карону манарха.

Мы заклікаем пакуль, але ж можам і зброяй прымусіць!»

Так ён сказаў, і лівонцы адразу, як гай, загудзелі,

Разам агледзелі войска: стаяла яно паабапал

Свенты-ракі вельмі шчыльна і ззяла шматлікаю зброяй.

Потым усе падышлі да маркотнага ў сэрцы магістра,

Сталі навокал яго, толькі мір патрабуюць ды просяць

Аўгуста ўладу прызнаць, перадаць яму ўсе паўнамоцтвы.

Годна магутны кароль на стальцы залатым засядае.

Вось падышоў Фюрстэмберг да ракі і да лагера; разам

910 Трыста ліхіх скакуноў ён прывёў з табуна, а таксама

Лепшых герояў сваіх, у аздобным адзенні лівонцаў.

Выцягнуў да караля малітоўна бяззбройныя рукі,

З тварам, залітым слязьмі, уздымае пакорна правіцу,

Кажа: «Вялікі кароль! Атрымаў я цяпер па заслугах,

Сам я ў спакоі не жыў і табе не даваў супакою.

Можаш мяне пакараць… Я распальваў гаротныя войны,

Толькі спыніць іх не мог я, мізэрны… Адна ў мяне просьба:

Старасць маю пашкадуй, заклінаю я ўсімі багамі,

Выпадак злосны мой лёс і жыццё маё зганьбіў. Магчыма,

920 Літасць святая ў цябе засталася яшчэ да старога,

Вось і літвіны цяпер мяне бачаць з пакорнай мальбою».

Гэй! Саступіце вы шлях, о вялікія ў бітвах героі

Лацыя, Фіваў, Афін… Вы не ў міры былі пераможцы!

Спэцканы бурай крывёй трыумфальныя ўсе калясніцы!..

Першы з усіх Радзівіл непрыяцеля збавіў ад смерці,

Славу здабыўшы сабе, трыумфальныя вечныя лаўры.

Мудрая Слава раскажа пра гэта вякам старадаўнім,

Мужа імя назаве і хвалу заспявае ўрачыста.

Гэтак задума твая захіліла заслугі лівонцаў,

930 Рады раней не далі ім ні Віцень суровы, ні Доўмант…

Ты ж, пераможца славуты, здабыў свой трыумф без забойства!

Хто б прыпадобніць узяўся шматлікія дзеі героя,

Хочучы з мудрасцю Феба ў вяках захаваць гэты гонар?

З мужнасцю ў сэрцы ты змог пагарджаць нават смерцю; крывавы

Марс саступае дарогу вялікай тваёй перамозе.

Слава ляціць да цябе, каб узвысіць твой подзвіг; імкнецца

Свой трыумфальны вянец на чало паважанае ўскласці.

Пераклад з лацінскай Жанны НЕКРАШЭВІЧ-КАРОТКАЙ

1Прага аліву здабыць… Аліва ў антычным свеце лічылася сімвалам міру. Паэт гаворыць тут пра тое, што сапраўдных мужчын больш за ўсё ўзрушвае магчымасць праявіць сябе ў ратным подзвігу, здабыць мір для Айчыны, заслужыць гонар і славу ў суайчыннікаў.

2 Дэўкаліонавы воды… Дэўкаліон — антычны аналаг біблейскага Ноя — разам са сваёй жонкай Пірай доўгі час плаваў на караблі па водах пасля сусветнага патопу, якім Зеўс пакараў людзей.

3 Заслугоўваюць кедра… З кедравага дрэва ў антычныя часы рабілі скрыні, у якія складвалі рэчы, прызначаныя на доўгае захоўванне.

4 Піерыйскі — паэтычны.

5Трырожац — метанімічны перыфраз у дачыненні да Мікалая Радзівіла. Цэнтральны сімвал радавога герба Радзівілаў — тры ражкі («Трубы»).

6 Публій Лібон, або Палямон, рымскі патрыцый, згодна з помнікамі беларуска-літоўскага летапісання XVI ст., жадаючы пазбегнуць пераследаў, перасяліўся з Рыма разам з іншымі сваімі суайчыннікамі ў I (паводле іншага варыянта падання — у V) ст. і, пасяліўшыся ў вусці Нёмана, стаў заснавальнікам дынастыі вялікіх князёў літоўскіх. Паданне пра Палямона стварыла грунт для так званай «рымскай» канцэпцыі паходжання магнатаў і шляхты нашай дзяржавы.

7 Дуна — антычная назва Заходняй Дзвіны.

8 Венедскае мора — старажытная назва Балтыйскага мора.

9 Хрон антычная назва Нёмана

10 Самагіцкай — жамойцкай

11 Насамрэч, Швянтойя (Švientoji), якую Ян Радван называе Свентай, правы прыток ракі Нярыс (Віліі), не цячэ «зямлёй самагіцкай» (праз Жамойць) і не ўпадае ў Нёман. Літоўскі вучоны Сігітас Нарбутас мяркуе, што гэтыя радкі могуць мець сэнс, калі дапусціць, што гаворка тут ідзе не пра Нёман, а пра Куршскую касу, непасрэдным чынам звязаную з Балтыйскім морам, якую старажытныя летапісцы (у тым ліку Мацей Стрыйкоўскі) называлі «Нёманавым морам». Гэтая цікавая гіпотэза падаецца нам, аднак, занадта складанай. Намнога прасцей, на нашу думку, растлумачыць фактаграфічную недакладнасць каментаваных радкоў тым, што Ян Радван не быў літоўцам па паходжанні, таму блага ведаў геаграфію Літвы. Хутчэй за ўсё, аўтар «Радзівіліяды» па паходжанні быў беларусам або палякам (на што ўказваюць і іншыя фрагменты тэксту паэмы), і геаграфію заходняй часткі Літвы (Жамойці) спасцігаў пераважна праз помнікі беларуска-літоўскага летапісання і пр.

12 Ст.-грэч. Νικολαυς — ‘пераможца народаў’

13 Георгій (Юрый) Радзівіл (каля 1480—1541), бацька Мікалая Радзівіла, быў заснавальнікам біржанска дубінкаўскай галіны роду.

14 14 ліпеня 1500 г. адбылася бітва на рацэ Вядрошы, недалёка Дарагабужа (на Смаленшчыне), паміж васьмітысячным войскам Вялікага Княства Літоўскага пад камандаваннем гетмана Канстанціна Іванавіча Астрожскага і дваццацітысячным войскам Вялікага Княства Маскоўскага. Войска Астрожскага пацярпела паразу, а сам гетман трапіў у палон, адкуль уцёк у 1507 г.

15Мэатыйцы — тут: татары. Мэатыйскім морам (або балотам) называлі ў старажытнасці Азоўскае мора.

16 27 студзеня 1527 г. войска Канстанціна Астрожскага разграміла крымскіх татараў за Кіевам пры Альшаніцы (Гальшанцы). Гісторыкі разыходзяцца ў меркаваннях пра тое, што такое Альшаніца (Гальшанка) – рака ці вёска? Паводле «Хронікі» Мацея Стрыйкоўскага, «літоўскія паны...падышоўшы з войскам да Кіева, гналі татар за Кіеў 40 міль, аж на Гальшаніцу...». У крыніцах па гісторыі Беларусі звычайна згадваецца бітва на рацэ Гальшанцы

17 Прускі герцаг Альбрэхт (Альберт) Гогенцолерн, які быў сынам Зоф’і, сястры Жыгімонта Першага, прыходзіўся апошняму пляменнікам. У 1519 г. герцаг Альбрэхт выступіў з вайною супраць караля Жыгімонта, а ў 1520 г. зрабіў аблогу Гданьска. У абароне горада ўдзельнічаў Георгій Радзівіл.

18 Іван Аўчына-Абаленскі-Целяпнёў, які, паводле сведчанняў гісторыкаў, меў патаемную сувязь з вялікай княгіняй Маскоўскай Аленай Васільеўнай (Глінскай), жонкай вялікага князя Васілія ІІІ, маці Івана IV (Жахлівага).

19У гістарычных крыніцах XVI стагоддзя («Пра дзве Сарматыі» Мацея Мяхоўскага, «Хроніка» Мацея Стрыйкоўскага) Манкоп узгадваецца як апошняя цвярдыня готаў у Крыме, якая засталася там з часоў вялікага перасялення народаў.

20 Маецца на ўвазе Луцый Карнэлій Цына, з малодшай дачкой якога ажаніўся Цэзар. Цына побач з Луцыем Карнэліем Сулам быў адной з цэнтральных фігур грамадзянскіх войнаў, якія пачаліся ў Старажытным Рыме ў 80-х гадах І ст. да Р. Х.

21 Алюзія на фрагмент славутай першай прамовы Цыцэрона супраць Луцыя Сергія Каціліны, у якой ёсць такія словы: Quid proxima, quid superiore nocte egeris, ubi fueris, quos convocaveris, quid consilii ceperis quem nostrum ignorare arbitraris? O tempora, o mores! («Ты думаеш, хтосьці з нас не ведае, што рабіў ты апошняй, што папярэдняй ноччу, дзе ты быў, каго склікаў, якое рашэнне прыняў? О часы, о норавы!»).

22Хіронава вучня – Ахіла.

23 Піэрыдаў = Музаў

24Ксіст — невялікая пляцоўка перад домам у выглядзе плоскага, разбітага на квадраты або прастакутнікі сада

25У арыгінале — vates. Так у старажытнарымскай і рэнесанснай літаратуры называлі паэтаў

26 З аднаго боку, Ян Радван развівае тут ідэі Анэя Луцыя Сенэкі, які пісаў: Finges te dignum deo autem non auro vel argento; non potest ex hac materiā imāgo deo exprĭmi simĭlis («Учыні сябе годным бога, але не з золата або срэбра; з гэтага матэрыялу не можа быць зроблена падобнае да бога аблічча»). З другога боку, ён яўна крытыкуе хрысціянскую ідэю пра бяссмерце душы, пра што сведчыць аўтарская глоса пры адпаведных радках: Immortalitas animi, magnus ad virtutem illex (Бяссмерце душы — вялікая спакуса для адвагі). Тым самым аўтар яшчэ раз падкрэслівае ўвасобленую ў тэксце паэмы думку пра тое, што абаронца суайчыннікаў, які жорстка карае ворага-нападніка, заслугоўвае не меншай узнагароды нябёсаў, чым міралюбны і праведны

чалавек.

27 У гэтых двух радках — намёк на супрацьстаянне з боку каталіцкага касцёла ў адносінах да пратэстанцкіх веравучэнняў.

28 Фаэтон — сын антычнага бога сонца Геліоса. Паводле міфа, ён выпрасіў у свайго бацькі дазвол кіраваць сонечнай калясніцай, аднак гэта пагубіла юнака: коні нявопытнага кучара адхіліліся ад правільнага кірунку і наблізіліся да зямлі, праз што калясніца загарэлася, а Фаэтон загінуў.

29Народжаныя хмарай — кентаўры.

30Пелейскі — македонскі; тут маецца на ўвазе Аляксандр Вялікі.

31 Гамера… прагна чытаў… Шматлікія сведчанні пра выключную павагу Аляксандра Македонскага да твораў Гамера пакінулі многія пісьменнікі 16—17 стагоддзяў: Даніэль Герман, Мацей Стрыйкоўскі, Мялецій Сматрыцкі і многія іншыя.

32 Свада — багіня пераканання, красамоўнасці.

33 Ітакійца — Адысея (Уліса).

34 Згодна старажытнарымскаму паданню, у 362 г. да Р. Х. пасярод рымскага форуму з’явілася шчыліна невымернай глыбіні. Прарокі абвясцілі, што яна павінна быць запоўнена, іначай горад напаткаюць вялікія няшчасці, а запоўніць яе можна толькі самым каштоўным, што ёсць у Рыме. Тады юнак Марк Курцый Руф са словамі “няма ў Рыме нічога больш каштоўнага за зброю і адвагу” ўскочыў на каня і ў поўным узбраенні кінуўся ў бездань, якая пасля гэтага адразу ж закрылася.

35 Масілья — антычная назва горада Марсэля.

36 Паэтычны перыфраз на аснове геральдычных знакаў герба Радзівілаў

37 Аўтарская глоса: За заслугі і доблесць стаў падчашым Вялікага Княства Літоўскага. На гэтай пасадзе Мікалай Радзівіл знаходзіўся з 1544 па 1551 гг

38Згодна з тагачаснай гістарыяграфічнай традыцыяй, Ян Радван паведамляе, што татары (якіх у помніках лацінамоўнай літаратуры называлі скіфамі) раней жылі ў Каўказскіх і Імайскіх гарах. Адносна апошняй назвы расійскі вучоны Васілій Тацішчаў піша: «В Азии скифы –—перед Имаем или за горами Имайскими, их же иногда и Таурос именуют, однако ж о горах сих древние весьма не согласно пишут. Геродот их указывает за горами Тауринскими или Каспийскими, от которых Имаус в Индии происходит, и посему под местом скифов надлежит разуметь всю Персию и где были туркоманы, а также и Дагистань. Птоломей же указывает их на восток от Каспийского моря, где от них разные реки, в Каспийское море текущие, положил, Яксарт, ныне именуемая Аму, Оксус... Но Аральское море и текущие в него великие реки Амунь, Кувакан и Сыр ни под каким именем не помянуты... Посему оные Имайские горы, как думается, надлежит разуметь в Бухарии, отдельные или отрог Великого пояса, которые ныне Кичик Тау, т. е. Малые горы, и Алтау именуются».

39 Радопскія горы цягнуцца на мяжы паміж Балгарыяй і Грэцыяй.

40 Глоса: За заслугі і апраўданы давер адораны ад караля Трокскім ваяводствам.

41 Росамі Палады — Ян Радван, хутчэй за ўсё, называе аліўкавы алей: аліва — свяшчэннае дрэва Мінервы.

42 Фасіда — рака ў Калхідзе.

43 Калхант — вяшчун у стане грэкаў пад Трояй.

44 4 Мэатыйскія сонныя воды… Мэатыйскім балотам на старажытных картах называлася сучаснае Азоўскае мора.

45 Ата — у старажытнагрэчаскай міфалогіі багіня, персаніфікацыя аблуды, падману, няшчасця

46 6 Сямізор’ямі называлі сузор’і Вялікай і Малой Мядзведзіцы, якія, у сваю чаргу, служылі паэ-тычным пазначэннем паўночных краін.

47 Фюрстэмбергам Ян Радван называе Вільгельма Фюрстэнберга, магістра Лівоніі.

48Брат з брандэнбургскага роду… Маецца на ўвазе арцыбіскуп Рыжскі, маркграф Брандэнбургскі Вільгельм, родны брат Прускага герцага Альбрэхта. Абодва яны прыходзіліся стрыечнымі братамі каралю Жыгімонту Аўгусту. Вільгельм Фюрстэмберг, які прыняў лютэранства, каб супрацьстаяць спробам арцыбіскупа Вільгельма абараніць каталіцкую веру ў Лівоніі, абвясціў у 1556 г. вайну арцыбіскупу. Апошні закрыўся ў замку Кокенхаўз, аднак магістр учыніў аблогу, і арцыбіскуп быў вымушаны здацца. Магістр загадаў схапіць арцыбіскупа і кінуць яго за краты, дзе Вільгельм Брандэнбургскі прабыў амаль цэлы год.

49 Так у Яна Радвана (Lanscius); Мацей Стрыйкоўскі называе яго «Łączki».

50 Магістр Вільгельм Фюрстэнберг у 1556 г. сабраў вальны сейм у Вендэне (Кесі, сёння — горад Цэсіс у Латвіі), дзе і было прынята рашэнне выступіць з вайной супраць арцыбіскупа быццам бы з прычыны таго, што апошні хацеў перадаць Ліфлянты польскаму каралю, а Курляндыю — брату, Прускаму герцагу

51 Курыі — адзін з найбольш старажытных патрыцыянскіх радоў Старажытнага Рыма. Тут выкарыстоўваецца як метанімічнае пазначэнне арыстакратаў.

52 Посваль — сёння Pasvalys, горад на поўначы Літвы.

53 Радопскія — фракійскія.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]