Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Бел літ.docx
Скачиваний:
43
Добавлен:
29.02.2016
Размер:
96.99 Кб
Скачать

1.Паэзія м. Танка

 Мабыць, ёсць нешта знакавае і у самым дні, калі Максім Танк (Яўген Іванавіч Скурко) з'явіўся на свет, бо дзень яго нараджэння — 17 верасня (у 1912 г.) — супаў з днём ўз'яднання Заходняй Беларусі з Усходняй — з днём, які ён набліжаў, дзеля якога ішоў па этапах, сядзеў у турмах.

   Асноўная тэма давераснёўскай творчасці — рэвалюцыйна-вызваленчая. Галоўны герой вершаў першага зборніка "На этапах" (19З6) — рэвалюцыянер, змагар, які зрабіў для сябе выбар: лепш нягоды, чым няволя Бацькаўшчыны. Пра каштоўнасць зборніка сведчыць высокі "ганарар", які атрымаў і аўтар, і выдавец зборніка — па шэсць месяцаў турмы кожнаму. I зноў — у Лукішкі, зноў у тую турму, якая вызначалася асаблівай жорсткасцю ў адносінах да палітвязняў.    Другі ("Журавінавы цвет", 19З7) і трэці ("Пад мачтай", 19З8) зборнікі таксама напісаны на высокай ноце грамадзянскасці, публіцыстычнасці і лірызму.       17 верасня 19З9 г. здзейснілася мара паэта-змагара: родная Беларусь стала свабоднай, але шчасце было нядоўгім, радасць вызвалення азмрочылі "хмары з захаду". I Радзіму, і самога М. Танка чакалі новыя, яшчэ цяжэйшыя выпрабаванні.    Асноўная тэма лірыкі М. Танка перыяду вайны — патрыятычная.     Сапраўдным шэдэўрам, узорам патрыятычнай лірыкі з'яўляецца верш "Родная мова". Верш напісаны ў 194З г., у крытычны і трагічны для Радзімы час, калі над ёй стаяў "акрываўлены вораг з пятлёй", стаяў "над спаленай хатай, над родным загонам, над будучыняй...". Верш напісаны ў форме лірычнага прачулага звароту да мовы, змест якога — прызнанне ў любові, выяўленне душы, што поўніцца пачуццямі захаплення, удзячнасці, веры і надзеі. Анафарычая першая страфа верша (аж дзевяць радкоў) уяўляе сабой адну сінтаксічную адзінку — перыяд. Першая частка перыяда— мноства аднародных членаў сказа і адзін даданы сказ. Другая частка— граматычная аснова "ты выткана" са звароткам "дзіўная родная мова". Такая складаная сінтаксічная канструкцыя спрыяе выяўленню думкі на ўзроўні малітоўнасці пра багацце роднай мовы і яе вытокі, пра тое, што тварэц мовы — народ, што ў мове — яго гісторыя, яго традыцыі, яго душа. Мова — святыня народа, бяссмерце яго.    Другая страфа і адначасова кампазіцыйная частка верша складаецца з двух сказаў, другі з каторых — таксама перыяд, якім паэт дасягае пафаснасці ў выяўленні думкі пра магутную сілу слова, натхняльную сілу. У гэтай сваёй частцы верш гучыць як клятва вернасці Радзіме і мове — усяму таму, "што было і што век будзе вольным". Багатая наша родная мова ("Няма на зямлі таго шчасця і гора, якога б ты нам перадаць не змагла"), вялікая і натхняльная яе сіла.    Трэцяя частка верша — акордная, жыццесцвярджальная і аптымістычная:

Народ пранясе цябе, родная мова,  Святлом незгасальным у сэрцы сваім  Праз цемру і годы змаганняў суровых.

   Ужо ў гэтым вершы акрамя метафарычнасці назіраецца і схільнасць паэта да выяўлення багатага духоўнага свету свайго лірычнага героя праз складаныя сінтаксічныя канструкцыі, і найчасцей — перыяд. Паэт быццам самой будовай сваіх вершаў сцвярджае адзін з законаў жыцця: любая існасць, любая думка патрабуе і адпаведнага зместу выяўлення. Праўда, паэту падуладны выключна ўсе элементы сінтаксісу, як падуладны ўсе вершаваныя памеры. Аднак у яго паэзіі дамінуе верш-верлібр — свабодны верш, сапраўды свабодны і ад традыцыйнага рытму, і ад рыфмы, але не свабодны ад саміх асноў паэзіі.    Вонкавая адсутнасць рытму і рыфмы кампенсуецца і ўмоўна-асацыятыўнай вобразнасцю, і філасафічнасцю твора, яго падтэкстам, які патрабуе ад чытача "садумання", "сатворчасці". Гэта паэзія інтэлектуальная, філасофская. Менавіта такая паэзія Максіма Танка.     Узорам філасофскай лірыкі Танка і адначасова яркім прыкладам і ілюстрацыяй адметнасці яго творчай манеры, стылю з'яўляецца верш з метафарычнай назвай "Перапіска з зямлёй". Ды і сам верш — разгорнутая метафара, да ўсяго яшчэ — перыфраза (моўная загадка, апісанне з'яў, прадметаў, без называння іх ). Разгадаць гэтую загадку (што само па сабе цікавая і карысная для чалавечага розуму і душы праца) — усвядоміць ідэю, філасофію твора. У пэўным сэнсе гэта і ёсць "сатворчасць" чытача і пісьменніка. Метафарай "пісаў зямлі многа лістоў" і яе канкрэтызацыяй ("пісаў смыкамі ўсіх скрыпак"; "пісаў спіцамі дрогкіх калёс, якарамі і мачтамі караблёў") паэт славіць усе людскія справы і прафесіі. Ідэя верша, філасофія яго ў другой кампазіцыйнай частцы:

Але пакуль што  Адказ атрымаў я  Толькі на ліст мой,  Напісаны плугам.  Вось ён. Парэжце на скібы яго.  Частуйцеся. Ешце.

   Паэт катэгарычны ў сваім перакананні: усе працы — добрыя, але важнейшая за ўсе, вышэйшая за ўсе — хлебаробская. Яна — усяму аснова, як хлеб — усяму галава.

   Аднак галоўная ідэя і філасофія верша заключана ў чацвёртай, апошняй, страфе і вызначае асноўную яго тэму — прызначэння паэта і паэзіі:

Таму і мне ў час развітання  Пяро з грамніцай дайце, дзеці,  Каб напісаў я вам пра тое,  Што ўсіх чакае на тым свеце.

   Фальклорныя рэмінісцэнцыі таксама адметная асаблівасць творчасці    У філасофскай лірыцы Танка відавочная схільнасць паэта да выкарыстання вялікіх магчымасцей такога мастацкага прыёму, як градацыя, асабліва ў спалучэнні з анафарай:

Ты яшчэ толькі намёк на чалавека,  Калі ва ўсім спадзяешся на маці;  Ты яшчэ — чвэрць чалавека,  Калі ва ўсім спадзяешся на дружбу;  Ты толькі — паўчалавека,  Калі ва ўсім спадзяешся на любоў, —  І толькі тады становішся чалавекам,  Калі ўсе могуць спадзявацца  На цябе.

   У вершаваных радках групуюцца словы і выразы з нарастаннем іх эмацыянальна-сэнсавай выразнасці ("намёк на чалавека", "чвэрць чалавека", "паўчалавека", "становішся чалавекам" — "спадзяешся на маці", "на дружбу", "на любоў", "усе могуць спадзявацца на цябе"), чым узмацняецца экспрэсія выказвання. Чалавек толькі тады адбыўся як чалавек, калі ён можа дапамагчы іншаму, калі ён патрэбны людзям.    Групоўкай слоў і выразаў з нарастаннем іх сэнсавай выразнасці ("незнаёмага", "друга", "любай", "маці" — "здзівіць", "спыніць", "сагрэць сонцам лета", "вярнуць з таго свету") у вершы "Голас" паэт дасягае афарыстычнасці ва ўслаўленні маці і яе бязмежнай любові да дзяцей. 

Голас незнаёмага можа здзівіць,  Голас друга — на хвіліну спыніць,  Голас любай — сагрэць сонцам лета,  Голас маці — вярнуць з таго свету.

   У вершы "Шчаслівы дзень" выяўлена філасофская думка, што якім бы мудрым ні быў чалавек, якімі б здольнасцямі ўбіраць у сябе вопыт папярэднікаў ні валодаў, — адкрыццяў на ўласным шляху яму не пазбегнуць. Чалавеку не ўхіліцца ад вырашэння праблем "праўды, няпраўды, дружбы, кахання, жыцця і смерці".    Шчаслівы той дзень, лічыць паэт-філосаф, калі чалавек пераасэнсаваў раней асэнсаванае, калі змог перагледзець свае каштоўнасці. Шчаслівы дзень вызначаецца словамі "I аказалася", бо чалавек на сваё ранейшае "Я думаў" глядзіць ужо з вышыні вопыту, сталення розуму і душы.    Вершы "Нашто ты косы заплятаеш...", "Ave Maria", "Працягласць дня і ночы" — гімн жаноцкасці, прыгажосці, гімн жанчыне, якая здольна не толькі "дзень укараціць і ноч прадоўжыць, але ашчаслівіць на ўсё жыццё".    Багатую духоўную спадчыну пакінуў нам паэт у сваіх зборніках "Каб ведалі", "На камні, жалезе і золаце", "След бліскавіцы", "Мой хлеб надзённы", "Дарога, закалыханая жытам", "Прайсці праз вернасць", "Нарачанскія сосны".    

Білет 6