Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Уводз ны археалог ю (исправленный).doc
Скачиваний:
32
Добавлен:
03.11.2018
Размер:
1.02 Mб
Скачать

Навуковая апрацоўка археалагічнага матэрыялу ў лабараторных (стацыянарных) умовах. Справаздача пра археалагічныя даследаванні.

Для таго, каб атрыманы ў палявых умовах археалагічны матэрыял пераўтварыць у гістарычную крыніцу, ён павінен прайсці пэўную навуковую апрацоўку, якая, урэшце рэшт, матэрыялізуецца даследчыкам – аўтарам палявых работ (разведак і раскопак) у навуковую справаздачу.

Так, усе атрыманыя ў ходзе раскопак знаходкі павінны прайсці класіфікацыю па матэрыялу вырабу, па сваім функцыянальным прызначэнні, па сваім храналагічным і, калі гэта магчыма і неабходна для далейшага даследавання, этнічным ці геаграфічным паходжанні.

Апрацоўка рэчавага матэрыялу ўключае работу па апісанні яго знешняга выгляду з прывядзеннем дэталёвых параметрычных дадзеных, замалёўку і фатаграфаванне знаходак.

Так, усе індывідуальныя знаходкі па матэрыялу вырабу падзяляюцца на вырабы з металу чорнага і каляровага, вырабы з косці і дрэва, каменю і шкла, скуры і тканіны. Па сваім прызначэнні яны падзяляюцца на прылады працы, узбраенне, рэчы хатняга ўжытку, дэталі транспартных сродкаў, упрыгожанні. Натуральна, што ўнутры кожнага з гэтых раздзелаў, можа быць вылучана самастойнае падраздзяленне. Напрыклад, прылады працы можна падзяліць на рамесныя, прамысловыя і сельскагаспадарчыя. У сваю чаргу, рамесны інструментарый можна падзяліць на кавальскі, сталярны, ювелірны і. г.д. Узбраенне па агульнапрынятай класіфікацыі падзяляюць на зброю блізкага і дальняга дзеяння, на рэжучую, колючую і ўдарнага дзеяння, вылучаюць засцерагальнае ўзбраенне, рыштунак вершніка і баявога каня. Сярод рэчаў хатняга ўжытку можна вылучыць скабянку: замкі, ключы, прабоі, цвікі. Посуд: керамічны, шкляны, металічны. Вылучаюць посуд кухонны і сталовы. Скураныя вырабы падзяляюць на абутак, узоры галантарэі і конскай вупражы. Упрыгожванні ўключаюць бранзалеты, пярсцёнкі, падвескі, пацеркі. Гэта далёка не поўны пералік прынцыпаў класіфікацыі рэчавага матэрыялу, атрыманага, напрыклад, на раскопках гарадскога помніка. Для эпох каменя і ранніх металаў існуюць свае падыходы ў класіфікацыі рэчаў, часам, даволі спецыфічныя. Так, «археолагі-каменшчыкі» надаюць асаблівую ўвагу тэхніцы апрацоўкі крамянёвых вырабаў. Археолагі, што вывучаюць ранні жалезны век, у большай ступені звяртаюць увагу на кераміку: профіль посуду і тэкстуру, склад глінянага цеста.

Храналагічны разбор рэчавага матэрыялу ажыццяўляецца найперш па стратыграфіі і па аналагах вядомых па раскопках сумежных помнікаў, дзе такія знаходкі ўжо добра вывучаны і прадатаваны з дапамогай спецыяльных метадаў.

Этнічны альбо геаграфічны разбор рэчавага матэрыялу павінен адказаць на пытанне: ці знойдзена вамі рэч мясцовая па сваім паходжанні, ці прывазная. Часам гэта вырашаецца даволі лёгка ў адносінах пэўнай катэгорыі ўпрыгожанняў, узбраення і ўзораў посуду, паколькі гэтыя рэчы ўжо вывучаны і адлюстраваны ў публікацыях. А часам зрабіць такое вызначэнне без спецыяльных даследаванняў і немагчыма.

Апісанне рэчавага матэрыялу павінна ўключыць інфармацыю пра паходжанне артэфакта: пласт, квадрат, комплекс і г.д. Указваюцца знешні выгляд і ступень захаванасці знаходкі. Адзначым, што ў археалогіі паняцце «цэлы» не азначае «абсалютна непашкоджаны». Цэласнасць – паняцце адноснае. Зразумела, што ў працэсе стварэння непазбежна страчваюцца некаторыя дэталі прадмета. Таму ў археалогіі прынята лічыць прадмет цэлым, калі не парушаны груба яго знешняя форма і ўнутраная структура і ён не расчлянёны на састаўныя часткі (гл. Клейн Л.С. Археологические источники. Л., 1978, с. 92). Напрыклад, знойдзены нож ХІІ -- ХІІІ стст. можна лічыць цэлым, нават калі ў яго троху абламаны чаранок, які ўстаўляўся ў драўляную калодачку ці адламаны самы край – дзюбка ляза, таму што гэтыя, адносна невялікія, страты ўсё ж такі даюць уяўленне пра цэласнасць рэчы і ствараюць магчымасць яе класіфікаваць. Напрыклад, нож кухонны, сталовы, сталярны і г.д.

Параметрычныя дадзеныя знаходкі, асабліва калі гэта рэч эксклюзіўная, павінны ўключаць такія звесткі: даўжыня, шырыня, вышыня і, калі гэта неабходна, вагу і аб'ём. Напрыклад, дадзеныя па вазе ,масе прыводзяць у дачыненні да некаторых відаў узбраення ўдарнага дзеяння (кісцень, булава), прылад працы (сякера, малаток). Аб'ём, зразумела, указваюць для посуду.

Для замалёўкі знаходкі кампануюцца ў табліцы, звычайна, на паперы фармату А-4 ці А-3, калі знаходкі вялікіх памераў. Замаляваныя знаходкі павінны мець профіль і сячэнне, а таксама парадкавую нумерацыю. На малюнку абавязкова павінен прысутнічаць лінейны маштаб. Замаляваныя рэчы пажадана, а ў асобных выпадках нават і неабходна, прадубляваць на фота.

Масавы матэрыял, напрыклад, кераміка, апрацоўваецца наступным чынам. У табліцы адлюстроўваюць насычанасць пластоў (стратыграфічных слаёў, комплексаў) і квадратаў раскопу керамічным матэрыялам. Разбіраюць кераміку – венчыкі посуду па храналагічнай прыкмеце (для пэўных стагоддзяў існаваў свой, своеасаблівы профіль посуду). Вылучаюць тыпы і варыянты мадэліроўкі венчыкаў посуду і замалёўваюць іх профілі.

Да масавага матэрыялу адносяцца і косткі жывёл. Але апрацаваць гэтую катэгорыю знаходак, вызначыць відавы склад жывёл, могуць толькі спецыялісты ў галіне заалогіі. Вы ж можаце адлюстраваць у табліцы насычанасць пластоў гэтым матэрыялам.

Затым усе палявыя чарцяжы – планы і профілі раскопу вы пераводзіце ў чыставы варыянт, на белы аркуш паперы. Калі ў гэтым ёсць неабходнасць – памяншаеце іх.

Паслядоўна, па меры распрацоўкі раскопу, калі вы рабілі фотафіксацыю працэсу раскопак, наклейвайце на аркушы паперы і фотаздымкі, забяспечваеце іх подпісамі: што і з якога баку знята.

Калі гатовы блок ілюстрацый, вы бераце свой дзённік палявых работ і падрабязна апісваеце ўвесь працэс раскопак і выяўлены раскопкамі матэрыял.

Вось прыкладна па такой схеме і адбываецца напісанне навуковай справаздачы аб палявых даследаваннях. Больш поўныя звесткі па напісанні і афармленні такой справаздачы ўтрымліваюцца ў спецыяльнай інструкцыі да Адкрытага ліста, з якой вы можаце азнаёміцца ў бібліятэцы архіва археалагічных аддзелаў Інстытута гісторыі НАН Беларусі.

Акрамя таго, у справаздачу аб палявых работах уключаецца інфармацыя пра месца і час правядзення работ, мэту і задачы даследавання, крыніцы фінансавання, склад атрада (групы), што праводзіў работы і канкрэтны ўклад кожнага, падрабязнае апісанне помніка і гісторыю яго даследавання. Напрыканцы справаздачы робіцца навуковае падсумаванне праведзеных работ.

Справаздача абмяркоўваецца на адным з археалагічных аддзелаў Інстытута гісторыі НАН Беларусі, разглядаецца і, калі няма заўваг, зацвярджаецца на Палявым камітэце археалагічных аддзелаў Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Затым яна паступае ў архіў археалагічных аддзелаў Інстытута гісторыі НАН Беларусі, дзе набывае свой рэгістрацыйны нумар і фіксуецца ў журнале. На сённяшні час такіх справаздач у архіве аддзелаў археалогіі Ін-та гісторыі НАН Беларусі ўжо звыш двух тысяч. Копія справаздачы, пры неабходнасці, перадаецца і ў мясцовы музей, калі ён прымаў удзел у фінансаванні праведзеных работ.

Справаздача аб палявых работах – гэта паўнавартасная гістарычная крыніца, у якой на падставе праведзеных археалагічных даследаванняў (разведак, раскопак, апрацоўкі артэфактаў і экафактаў) прыводзяцца апісанне і аналіз матэрыялаў гэтых даследаванняў. У чым паўней і падрабязней яна складзена, тым большую карысць для навукоўцаў яна мае. Менавіта на падставе такіх справаздач пішуцца навуковыя артыкулы і манаграфіі па археалогіі.

Прыярытэтным правам карыстацца такой справаздачай мае сам аўтар. Усе астатнія даследчыкі – толькі з дазволу аўтара. Аўтарскае права на справаздачу аб палявых даследаваннях захоўваецца за аўтарам пажыццёва. [гл. Калядзінскі Л.У. Справаздача пра археалагічнае даследаванне // Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя. Мн., 1993. с. 583]

Пытанні для самакантролю:

1. Якія меры па захаванасці знаходак праводзяцца ў «полі»?

2. Якія меры па захаванасці знаходак праводзяцца ў стацыянарных умовах?

3. Як захаваць вырабы з дрэва ў палявых умовах?

4. Што трэба зрабіць, каб вырабы са скуры, знойдзеныя пад час раскопак, доўга захоўвалі свой выгляд?

5. Што ўключае ў сябе паняцце «навуковая апрацоўка археалагічнага матэрыялу»?

6. Што такое навуковая справаздача аб археалагічных раскопак?

Літаратура:

  1. Бекцінееў Ш. Чыстка і кансервацыя музейных і калекцыйных дробных металічных экспанатаў // Беларускі гістарычны часопіс. 1997. № 4. С. 116 – 118.

  2. Историческое краеведение Белоруссии: Учебное пособие под ред. Э.М. Загорульского. Мн.: Изд-во БГУ, 1980. Гл. раздзел: Чистка и консервация, первичная научная обработка нумизматических памятников, с. 190 – 200.

  3. Археалогія і нумізматыка Беларусі: энцыклапедыя. Мн., 1993. Гл. Артыкулы: Кансервацыя, Кансервацыя драўніны, Справаздача пра археалагічнае даследаванне.