Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Уводз ны археалог ю (исправленный).doc
Скачиваний:
32
Добавлен:
03.11.2018
Размер:
1.02 Mб
Скачать

Ахова і захаванне помнікаў археалогіі. Музеефікацыя археалагічных аб’ектаў.

Праблема захавання помнікаў археалогіі.

У якасці эпіграфа да першай часткі гэтага раздзела можна было б прывесці радкі з паэмы «Ябеда», напісанай расійскім пісьменнікам украінскага паходжання Васілём Капністам яшчэ ў 1798 годзе: «Законы святы, но исполнители – лихие супостаты».

Помнікі археалогіі – гэта матэрыялізаваная гістарычная памяць, аснова любога этнаса, любой дзяржавы. Таму, у найбольш развітых, цывілізаваных краінах, дзе гістарычная памяць у пашане і нацыянальная свядомасць карэннага насельніцтва дзяржавы на высокім узроўні – адносіны народа і дзяржавы да сваіх помнікаў старасветчыны, у тым ліку і археалогіі, на высокім узроўні у справе беражлівасці і захаванасці. Да ліку такіх дзяржаў можна было б аднесці хаця б нашу суседку Польшу і больш далёкую ад нас Нарвегію. Але так было не заўсёды.

Праблема аховы, зберажэння і захаванасці помнікаў культуры і старасветчыны, сягае у глыб тысячагоддзяў. Першыя, фіксаваныя ў пісьмовых крыніцах, прыклады наўмыснага знішчэння помнікаў культуры, мы назіраем ужо ў антычную пару.

Так, у 356 г. да н. э. грэк з горада Эфес, размешчанага на тэрыторыі Малой Азіі (сённяшні Ізмір у Турцыі) па імені Герастрат, з мэтаю уславіць сваё імя, спальвае храм Артэміды, які лічыўся адным з сямі цудаў свету. Імя гэтага чалавека, па рашэнню гараджан Эфеса, было аддадзена забыццю. Але, як гэта ні парадаксальна, імя гэтага чалавека засталося навекі у людской памяці да дня сённяшняга, праўда набыло хадзячую назву для тых, хто здзейсніць падобны учынак – зруйнуе помнік. Цікава, што свой учынак Герастрат здзейсніў у год, калі нарадзіўся Аляксандр Македонскі, які таксама прычыніўся да славы Герастрата, а менавіта – зруйнаваў Вавілонскую вежу.

А дзеянні германскага племені вандалаў, як і ўвогуле ўсіх, хто нападаў на Рымскую імперыю і знішчаў яе помнікі культуры: храмы, статуі багоў і герояў, таксама атрымалі хадзячую назву – вандалы, варвары і, утвораныя ад іх, назоўнікі – вандалізм, варварства для абазначэння такіх дзеянняў.

Праходзілі стагоддзі. Але гэтая нізкая праява чалавечых паводзінаў заставалася жыць. Некалькі прыкладаў з сусветнай і айчыннай практыкі.

1687. Афіны. Шэдэўр антычнай архітыктуры Парфенон – храм багіні Афіны, пабудаваны ў V ст. да. н. э. Туркі ў час акупацыі імі Грэцыі робяць у гэтым храме парахавы склад. Пад час ваенных дзеянняў супраць венецыянцаў у храм цаляе гарматнае ядро і перліна старажытнагрэчаскай архітэктуры пераўтвараецца у руіны, якія мы бачым і сёння ў шматлікіх выданнях, прысвечаных культуры Грэцыі.

1974 год. Турцыя захоплівае паўночна-ўсходнюю частку вострава Кіпр. Помнікі археалогіі, што апынуліся ў зоне акупацыі, руйнуюцца, выкарыстоўваюцца як будаўнічыя пляцоўкі, або пад сметнікі ці выганы для жывёлы. Мэта гэтых дзеенняў? Знішчыць матэрыялізаваную памяць аб даўнейшым пражыванні тут грэкаў, па сутнасці карэннага насельніцтва вострава.

2001 год. Афганістан. У даліне Баміам талібы узрываюць дзве каласальныя статуі Будды. Статуі дасягалі вышыні каля трохсот метраў, былі высечаны у скале і датаваліся прыкладна IV ст. н. э. Цікава, што японцы, каб прадухіліць гэтае вар’яцтва прапаноўвалі талібам грошы, каб выкупіць гэтыя статуі і перавесці іх к сабе у Японію. Але лёс распарадзіўся інакш. Статуі былі узарваны. Археолаг афганскага паходжання Земар’ялай Тарзі ў роспачы. Менавіта ён, яшчэ трыццать гадоў таму да гэтых драматычных падзей, у якасці галоўнага археолага краіны, прымаў меры па захаванасці гэтага помніка – мацаваў скульптуры Будды стальной арматурай. Цяпер на месцы помніка – голыя скалы. Матывацыя учынка? Паказаць, што да прыхода іслама на гэтыя землі тут не існавала іншых рэлігій, іншых традыцый, іншых культур…

2003 год. Ірак. На вачах у амерыканскіх вайскоўцаў, што акупавалі Багдад, рабаўнікі выносяць з музея археалагічныя экспанаты, якім не адна сотня а то і тысяча гадоў. Матывацыя учынка рабаўнікоў – прадаць экспанаты на чорным рынку. Чаму амерыканскія вайскоўцы не прадухілілі гэтага? Відаць палічылі для сябе не вартым рызыкаваць уласным жыццём дзеля нейкіх, на іх думку, цацак абарыгеннага насельніцтва…

Праявы вандалізму, варварства і «славы Герастрата» зведала шмат якіх помнікаў культуры, у тым ліку і археалогіі, і ў Беларусі.

1895–1896 гг. Віцебск. Помнік археалогіі – Замкавая гара зносіцца па загаду міністра асветы графа Дзялянава. Матывацыя дзеянняў – «Замковая гора обезображивает местность» (?!).

1936 год. Орша. Унікальны узор лапідарнага помніка XII ст. – Рагвалодаў камень, адкрыты навукоўцамі яшчэ пры канцы XVIII ст., быў узарваны і выкарыстаны на будоўлю шашы Масква – Мінск… Недзе ў тыя ж часы знішчаюцца ў рэчышчы Заходней Дзвіны і Барысавы камяні. Да дня сённяшняга захаваўся толькі адзін з іх, і то толькі таму, што на той час быў схаваны пад вадою. Сёння ён экспануецца каля Сафійскага сабора ў Полацку.

Цэлы шэраг помнікаў археалогіі і старадаўняй архітэктуры пацярпелі у часы Першай і Другой сусветных воінаў. Так, у часы Першай сусветнай вайны немцы ў адной з вежаў Крэўскага замка – самага ранняга ўзору замкаў тыпу кастэль у Беларусі, узведзенаму яшчэ на пачатку XIV ст. і звязанаму са славутымі ў гісторыі ВКЛ імёнамі: кн. Альгерд, Ягайла, Вітаўт, абсталявалі дот. Рускія падагналі да замка карабельныя гарматы і садзілі па ім цяжкімі снарадамі. Вынік – руіны, якія за польскім часам мясцовыя сяляне ўпотай расцягвалі на цэглу для ўласных патрэб, а прыродныя з’явы – дажджы і мароз – спрыялі натуральнаму разбурэнню помніка, якое доўжыцца і па сёння.

Пад час Другой сусветнай вайны шмат якія з помнікаў археалогіі, найперш гарадзішчы, былі прыстасаваны пад гарматна-кулямётныя кропкі, зрэзаны траншэямі, акопамі, бліндажамі. Напрыклад гарадзішча Янава у Быхаўскім раёне, гарадзішча «Царскія вароты» у Чавускім раёне, гарадзішча Вішчын у Рагачоўскім раёне і інш. У часы акупацыі Мінска нацыстамі ў Германію была цалкам вывезена ўся археалагічная калекцыя [гл. Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. Мн., 1993, с. 78].

Досыць актыўна адбывалася разбурэнне помнікаў археалогіі ў былым СССР, у тым ліку і ў Беларусі, у пасляваенны час. Абумоўлівалася гэта шыромаштабнымі будаўнічымі работамі, засваеннем новых ворных земляў, слабасцю заканадаўчай базы ў галіне аховы помнікаў і, відаць самае галоўнае, ментальнасцю партыйна-савецкай наменклатуры, для якой помнікі археалогіі і старадаўняй архітэктуры успрымаліся як аскялёпкі нікому не патрэбнай архаікі у святле «грамаддзя планаў будоўлі светлай будучыні». Некалькі канкрэтных прыкладаў.

1955 год. Лоеў. Цалкам знішчана гарадзішча XI–XVIII, лоеўскі дзяцінец і замак: будавалі стадыён… У той жа год футбольная ліхаманка стала прычынаю гібелі яшчэ аднаго, у пэўным сэнсе унікальнага помніка археалогіі. Адбылося гэта ў Пінску.

Тут на ускраіне горада знаходзіўся курган, вядомы сярод мясцовага насельніцтва як «Магіла Міндоўга». Курган меў вышыню 7,5 м і дыяметр у аснове 31 м (адзначым, што сярэднестатыстычныя параметры курганоў ў Беларусі маюць вышыню каля 1,5 м і дыяметр у аснаванні 11-15 м). Курган стаяў на водшыбе і здаецца, нікому не замінаў. Але…, раптоўна спатрэбіўся пясок на футбольнае поле і коўш экскаватара пачаў сваю дзейнасць… Сведкаю гэтых работ выпадкова стаў маскоўскі археолаг Юры Кухарэнка, які на той час займаўся вывучэннем помнікаў археалогіі Беларускага Палесся. Яго намаганні спыніць работы нічога не далі. Будаўнікі працягвалі сваю справу. Тады навуковец кінуўся у цэнтр горада да кіраўніцтва, каб тыя сваім распараджэннем прыпынілі гэтыя варварскія работы. Работа была спынена на кароткі час. За гэты тэрмін археолагу ўдолося зафіксаваць тое нямногае, што засталося ад кургана. Паводле назіранняў спецыяліста гэты курган быў узведзены ў X–XI ст. і мог належаць дрыгавіцкаму князю [гл. Кухаренко Ю.В. Пинские курганы // У кн.: Славяне и Русь: (В честь 60-летия Б.А. Рыбакова). М., 1968. С. 87-90]. Пахаванняў такога кшталту ў Беларусі больш невядома…

1956 год. Полацк, дзяцінец летапіснага Полацка. Тут на плошчы 880 кв. м выкопваецца катлаван. І на тым месцы, дзе некалі ганарліва узвышаліся постаці полацкіх князёў: Рагвалода, Ізяслава, Брачыслава, Ісяслава і інш., узвысіўся будынак дыспансера хворых на сухоты…

1958 год. Віцебск. Верхні замак. Тут, на плошчы больш за 7 тысяч квадратных метраў (!) вырыты катлаван пад будынак драмтэатра імя Я. Коласа. Сведкамі гэтых падзей сталі вядомыя расійскія археолагі А.У. Арцыхоўскі, Б.А. Колчын і А.Ф. Мядзведзеў, якія накіроўваліся са Смаленска ў Ноўгарад праездам праз Віцебск. На вачах у гэтых даследчыкаў з культурнага пласту коўш экскаватара выварочваў рэшткі старажытных драўляных пабудоў і вуліц.

Гродна. Тут 29 верасня 1961 года па ініцыятыве «дырэктыўных органаў» спецыялісты «Ленвзрывпрома», сапёры мясцовага гарнізона і супрацоўнікі КДБ узарвалі касцёл XVI ст. – «Фару Вітаўта». А 18 снежня таго ж года ў Віцебску была зруйнавана царква XІI ст. – храм «Звеставання». Рэшткамі гэтага храма была вымашчана дарога на 2-ой Смаленскай вуліцы г. Віцебска.

Пры канцы 50-х – пачатку 60-х гадоў мінулага стагаддзя быў цалкам знішчаны гістарычны рэльеф і на значнай плошчы пашкоджаны культурны пласт старажытнага Пінска. У Навагрудку, на тэрыторыі Малога замка, выкапаны катлаван пад падмурак кінатэатра. А у Мінску, праз яго замчышча, праклалі Паркавую магістраль, якая затым набудзе назву праспект Машэрава (сёння праспект Пераможцаў), пры гэтым ладныя участкі замчышча будуць забудаваны, а культурны пласт на іх знішчаны. У 1967 г. зноў земляныя, будаўнічыя работы у Полацку на яго Верхнім замку, пад час якіх знішчаўся культурны пласт.

У 60-70-е гады мінулага стагоддзя ішло разбурэнне краснасельскіх шахт па здабычы крэменю. Мясцовы завод браў сыравіну для вытворчасці цэменту.

У 1973– 1978 гг. У Віцебску, на тэрыторыі колішніх Верхняга і Ніжняга замкаў, узвядуць гмахі універмага, гасцініцы, абкама партыі, філіала маскоўскага праектнага інстытута радыётэхнічнай прамысловасці Міністэрства абароны СССР. Пры гэтым, значныя па плошчы участкі культурнага пласту былі знішчаны.

Знішчэнню будуць падвяргацца помнікі археалогіі, размешчаныя не толькі ў мегаполісах – сталіцы і абласных цэнтра рэспублікі, але і на перыферыі, ў глыбінцы. Так, у 1978–1979 гг. было цалкам знішчана гарадзішча ранняга жалезнага веку каля вёскі Алёхаўка Уздзенскага раёна. Гарадзішча гэта славутае тым, што было у ліку першых помнікаў, якія вывучаліся навукоўцамі яшчэ ў сярэдзіне XIX ст., а матэрыялы з яго раскопак знаходзілі адлюстраванне і ў замежных выданнях. Але культурны пласт з гэтага помніка амаль цалкам пайшоў на ўзвядзенне грэблі да свінафермы ў саўгасе «Уздзенскі». У тым жа раёне, у 1975 г. быў цалкам знішчаны Магільнянскі замак XIV–XVII стст. З яго насыпалі дарогу да новага маста праз Нёман.

І зноў Віцебск, 1983 год. На яго Верхнім замку, побач з будынкам драмтэатра, уводзяць падземную кавярню «Тэатральнае», якая знішчае культурны пласт X–XVIII стст. таўшчынёю да 7 метраў на плошчы за 800 кв. метраў (!).

1985–1986 гг. Слуцк. Тут са згоды Міністэрства культуры на дзяцінцы летапіснага Случаска – помніка культуры XI–XIV стст. – узводзіцца Палац культуры, які амаль цалкам знішчае помнік культуры – дзяцінец і Верхні замак Слуцка. У тым жа, 1986 годзе, у Віцебску, на тэрыторыі яго пасада XVI–XVII стст., размешчаным на левым беразе р. Віцьбы, будуюць Палац культуры тэкстыльшчыкаў знішчаючы культурны пласт на вялікай плошчы. Праз два гады у тым жа Слуцку і Віцебску зноў вядуцца будаўнічыя работы ў гістарычных частках горада. Але на гэты раз работы удалося перапыніць і правесці даследаванні.

Знішчэнне помнікаў археалогіі, асабліва курганоў, працягвалася і ў наступныя дзесяцігоддзі. А знішчэнне культурнага пласту ў гарадах працягваецца амаль да дня сённяшняга. Прыкладам таму хаця б Гродна, дзе ў 2005–2006 гг. гарадскімі ўладамі у гістарычнай зоне знішчаны культурны пласт таўшчынёю да 4 метраў на значнай плошчы з мэтаю «добраўпарадкавання»цэнтральнай часткі горада [гл. Краўцэвіч А. Arche. Пачатак. 2010. № 1–2. С. 606–624].

Ахова помнікаў археалогіі. Ці прымаліся якія небудзь меры па захаванню помнікаў археалогіі? Прымаліся…

Спачатку быў звычай – агульна прынятыя правілы паводзін у адносінах да магіл продкаў – курганóў, затым – звычаёвае права – сістэма няпісаных прававых нормаў, якія былі заснаваны на агульнапрынятых, даўняга паходжання звычаях. Пачаткі такога права фіксуюцца ў XII ст. у «Аповесці мінулых часоў»: «… имяху бо обычаи свои и закон отец своих…». Звычаёвае права захоўвалася ў Беларусі ажно да XV–XVI стст. Паводле такога права магілы прашчураў не парушаліся, даглядаліся, на іх выконваліся пэўныя абрады: Радаўніца, Дзяды. Для мясцовага люду і курганы, і старадаўнія свяцілішчы яшчэ доўгі час захоўвалі сакральнае значэнне. Прыкладам таму хаця б Віцебск, дзе яшчэ і ў XVIII ст. асобныя урочышчы, як «Заручайскія валатоўкі», размешчаныя па-за Заручайскаю слабадою, не засяліліся людзьмі, паколькі гэтае месца успрымалася яшчэ як сакральнае і выкарыстоўваць яго па іншаму прызначэнню лічылася недарэчным. У сельскай мясцовасці такія адносіны да помнікаў старасветчыны сярод мясцовых, карэнных жыхароў, захоўваліся да сярэдзіны мінулага стагоддзя.

У XVII–XVIII стст. сярод магнатаў Рэчы Паспалітай – Панятоўскіх, Радзівілаў, Любамірскіх, Патоцкіх была распаўсюджана мода на калекцыянаванне старадаўніх рэчаў у тым ліку і археалагічнага находжання, што некаторым чынам забяспечвала іхнюю захаванасць. У XVII ст. у Рэчы Паспалітай з’явіўся першы звод гарадзішчаў [гл. Алексеев Л.В. Археология и краеведение Беларуси XVI в. – 30-е годы XX в. Мн., 1996. С. 13].

Першыя, на тэрыторыі Еўропы, афіцыйныя дакументы, накіраваныя на захаванне помнікаў старасветчыны, у тым ліку і археалагічнага находжання былі выдадзены ў Расійскай імперыі на пачатку XVIII ст. Гэта указы Пятра І ад 1718 і 1721 гг.: «Также, ежели кто найдёт в земле, или в воде какие старые вещи, а именно: каменья необыкновенные, кости человеческие или скотские, рыбьи или птичьи, не такие, как у нас ныне есть, или и такие, да зело велики или малы перед обыкновенным; также какие старые подписи (надписи) на каменьях, железе или меди, или какое старое, необыкновенное ружье (оружие), посуду и прочее все, что зело старо и необыкновенно, – такожь бы приносили за что давана будет довольная дача». Праўда, гэтыя указы ў асноўным тычыліся Сібіры, дзе мясцовы люд: вольныя сяляне і казакі, раскопвалі «бугры» – скіфскія курганы у пошуках залатых рэчаў. На той час узніклі нават цэлыя арцелі «бугроўшчыкаў», якія займаліся гэтым промыслам: здабывалі каштоўныя рэчы і пераплаўлялі іх у залатыя зліткі. Таму указ ад 1721 г. строга забараняў гэтую дзейнасць: «переливать зело куриозные вещи». Але наіўна думаць, што царскімі указамі можна было спыніць гэты занятак, бо толькі нязначная частка залатых вырабаў са скіфскіх курганаў трапіла ў Сібірскую калекцыю Петра І. А на рахунку буграўшчыкоў па падліках навукоўцаў, даследчыкаў сібірскіх старажытнасцяў, тысячы раскапаных магіл.

1771 год. Сенат Расійскай імперыі прадпісвае землямерам збіраць звесткі пра курганы і пячоры.

1818 год, 14 снежня (26 снежня па новаму стылю) Віленскі універсітэт, па прадпісанню імператара Аляксандра І, выдае Грамату, па сутнасці першы ў Расійскай імперыі Адкрыты ліст, на права раскопак археалагічных помнікаў Зарыяну Даленгу-Хадакоўскаму, нашаму земляку і вядомаму для свайго часу даследчыку старажытнасцей і фалькларысту. Гэтым учынкам раскопкі помнікаў археалогіі пераводзяцца ў прававое поле. У 1839 г. у Расійскай імперыі распачата работа па уліку помнікаў археалогіі. А ў 1846 г. забараняюцца самавольныя археалагічныя раскопкі.

У 1859 г. утвараецца імператарская Археалагічная камісія, у паўнамоцтвы якой перадавалася правядзенне раскопак і даследаванне старажытнасцяў, якія пераважна тычыліся айчыннай гісторыі і жыцця народаў, што насялялі тэрыторыю імперыі. А з 1889 года правядзенне археалагічных раскопак, у тым ліку і на прыватнаўласніцкіх землях, магло ажыццяўляцца толькі па спецыяльнаму дазволу – Адкрытаму лісту, які выдавала гэта камісія. Вынікі археалагічных даследаванняў абмяркоўвалі на Археалагічных з’ездах. Першы такі з’езд адбыўся ў 1869 г. у Маскве, апошні – пятнаццаты у Ноўгарадзе ў 1911 годзе. Меркаваўся і 16-ты з’езд, які павінен быў прайсці у Пскове ў 1914 г., але гэтаму перашкодзіла Першая сусветная вайна. Адзін з гэтых з’ездаў – дзевяты – быў прысвечаны вывучэнню старажытнасцяў ў Беларусі і Літве. Ён адбыўся ў Вільні ў 1893 годзе. Некаторыя пытанні работы з’езда тычыліся і аховы помнікаў археалогіі. Археалагічная камісія дзейнічала пад гэтаю назваю да 1918 года.

Пры новай уладзе, толькі з 1918 па 1924 год Савет народных камісараў РСФСР (з 1922года – СССР) выдаў ажно 15-ць дэкрэтаў, накіраваных на захаванне помнікаў мастацтва, гісторыі і культуры (у тым ліку і археалагічнага пахаджання).

На тэрыторыі Беларусі ў гэты час выканкам Савета Заходняй камуны прыняў дэкрэт «Аб перадачы культурных каштоўнасцяў маёнткаў і ўстаноў аддзелам народнай асветы і аб арганізацыі іх збору, уліку і аховы». Аналагічныя пастановы былі апублікаваны часовым рабоча-сялянскім урадам Беларусі ў газеце «Звязда» на пачатку 1919 года. У 1923 годзе Савет народных камісараў БССР прымае пастанову пра абавязковую рэгістрацыю і ахову помнікаў мастацтва, старажытнасці, народнага побыту і прыроды. Па сутнасці гэта быў першы агульнарэспубліканскі закон аб ахове помнікаў гісторыі і прыроды. Пазней былі вызначаны катэгорыі помнікаў, якія падлягаюць дзяржаўнай ахове, сярод іх: курганы, гарадзішчы, старажытныя могільнікі, рэшткі замкаў і ўмацаванняў у выглядзе насыпных валоў, камянёў з надпісамі і інш. Ахову помнікаў да 1925 і з 1928 г. ажжыцяўляў наркамат асветы БССР, а ў 1926 – 1927 гг. – Інстытут Беларускай культуры.

У студзені 1926 г. адбыўся Першы з’езд даследчыкаў беларускай археалогіі і археаграфіі. Сярод рознабаковых навуковых пытанняў якія разглядаліся на гэтым з’ездзе, была разгледжана прапанова па ўдасканаленні заканадаўства аб ахове помнікаў гісторыі і культуры. Праз месяц яна была агучана на Першым усебеларускім краязнаўчым з’ездзе. Удзельнікі гэтага з’езда пастанавілі даручыць мясцовым краязнаўчым таварыствам зарэгістраваць і абследаваць археалагічныя помнікі, а вынікі гэтых абследаванняў даслаць у Інстытут беларускай культуры і наладзіць ахову помнікаў, у прыватнасці, гарадзішчаў і курганоў. А праз чатыры месяцы, пасля работы гэтага з’езда, у ліпені 1926 года пастановаю Савета народных камісараў БССР быў зацверджаны першы спіс помнікаў культуры, куды увайшлі і некаторыя з помнікаў археалогіі – у прыватнасці гарадзішча старажытнага Полацка.

У гады Вялікай айчыннай вайны, у Маскве з 24 лютага па 2 сакавіка 1945 года праходзіла Усесаюзная археалагічная нарада, на якой абмяркоўваўся стан археалагічных помнікаў, што знаходзіліся на часова акупаванай тэрыторыі. Адзначаліся важнасць іх для айчыннай гісторыі і культуры, вызначаўся парадак іх вывучэння. Але, самае галоўнае, нават у гэты яшчэ нямірны час, рабіліся спробы па захаванню археалагічных помнікаў. Ствараўся Усесаюзны археалагічны камітэт, якому даручалася ахова гэтых помнікаў. Больш таго, хаця гэта і гучыць сёння наіўна, знішчэнне старажытных помнікаў прапаноўвалася прыроўніваць да дзеянняў па раскраданню сацыялістычнай уласнасці, прапаноўвалася нават даручыць органам міліцыі знешнюю ахову гэтых помнікаў [гл. Тезисы и проекты резолюций по дакладам на Всесоюзном археологическом совещании в Москве 24 февраля – 2 марта 1945 г. М., 1945. С. 30].

У 1948 г. Савет міністраў СССР прымае пастанову «О мерах улучшения охраны памятников культуры», якой абавязаў Саветы Міністраў саюзных рэспублік устанавіць вакол археалагічных помнікаў ахоўныя зоны, якія павінны былі заставацца недатыкальнымі.

1949 год. Савет міністраў БССР зацвярджае «Інструкцыю аб парадку уліку, рэгістрацыі і ўтрымання археалагічных і гістарычных помнікаў на тэрыторыі БССР». А праз год пастановаю саўміна рэспублікі спіс археалагічных помнікаў саюзнага значэння, куды унесены гарадзішчы старажытных Полацка, Мінска і Друцка, зацвяржаецца. У 1957 г. гэта спіс дапаўняецца, у прыватнасці гарадзішчам старажытнага Віцебска з рэшткамі Замкавай гары.

У 1966 г. створана Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Мэтаю дзейнасці гэтага таварыства было правядзенне работ па выяўленню і вывучэнню помнікаў гісторыі і культуры, забяспячэнне іх аховы: складанне ахоўных абавязацельстваў, устаноўка ахоўных зон, кантроль за захаваннем рэжыму аховы помнікаў. Пэўную работу па захаванню помнікаў археалогіі гэта таварыства праводзіла і цяпер праводзіць. У прыватнасці ў 1970–1989 гг. яно выдавала штоквартальна бюлетэнь «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі», дзе раз-пораз друкавалі і матэрыялы археолагаў, выдала шэраг навуковых і навукова-папулярных кніг па археалогіі, сярод якіх найбольш знакавыя «Археологическая карта Белоруссии» (аўтар У.Ф. Ісаенка, выпуск–1 і выпуск–3, Г.В. Штыхаў, выпуск–2), якія адыгралі станоўчую ролю ў археалагічных абследаваннях раёнаў Беларусі для Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі, выдадзеным у 1984–1988 гг. у 7-мі тамах і 8-мі кнігах, дзе сабраны ўсе звесткі пра існуючыя помнікі Беларусі, у тым ліку і археалагічныя.

Праводзіліся з’езды і рэспубліканскія нарады, дзе абмяркоўваліся пытанні аховы помнікаў, у тым ліку і археалогіі. Заключаліся ахоўныя абавязацельства і устаноўліваліся ахоўныя дошкі ля помнікаў археалогіі. Але ўсё ж работа гэтага таварыства ў галіне аховы помнікаў, асабліва археалогіі, была мала эфектыўнай, як мы бачылі. Асноўная прычына – гэта залежнасць таварыства ад дзяржаўных структур (на той час у першую чаргу ад партнаменклатуры) і часам недастатковы прафесіяналізм работнікаў таварыства (досыць часта кіруючыя пасады у ім займалі пенсіянеры-вайскоўцы, якія ў сваёй рабоце арыентаваліся на ахову помнікаў баявой славы).

У 1967 г. ахова помнікаў культуры, у тым ліку і археалогіі, перадаецца ў кампетэнцыю Міністэрства культуры і іх нізавых структур на месцах (у аблвыканкамах, райвыканкамах і гарвыканкамах).

У 1968 г. Дзяржаўны камітэт БССР па справах будаўніцтва і Міністэрства культуры БССР па ўзгадненню з Беларускім таварыствам аховы помнікаў гісторыі і культуры зацвярджае інструкцыю «Аб арганізацыі ахоўных зон і рэгуляванні забудовы для помнікаў гісторыі і культуры ў БССР». Паводле гэтай інструкцыі, вакол помнікаў археалогіі вызначалася ахоўная зона. Так, для селішчаў ахоўная зона вызначалася плошчаю распаўсюджання культурнага пласта з гэтага помніка. Для курганоў і гарадзішчаў ахоўная зона устанаўлівалася у радыусе роўным, двайному дыяметру асновы гэтых помнікаў. Скажам, калі дыяметр кургана ў аснове быў метраў 10–12, дык ахоўная зона вакол такога кургана павінна была быць не менш як 20 м. Ахоўная зона ж для ўсёй курганнай групы павінна была быць не менш як 50 м наўкола яе, а для гарадзішчаў 100–300 м. У 1969 г. Вярхоўны Савет БССР прымае закон «Аб ахове помнікаў культуры». Артыкул за № 255 Крымінальнага кодэкса БССР нават прадугледжваў адказнасць на парушэнне заканадаўства: ад штрафа да двух гадоў зняволення. Праўда, ніхто за ўсю гісторыю парушэнняў гэтага заканадаўства істотна не пацярпеў (як правіла кіруючым асобам, выносіліся папярэджанні і прадпісанні).

1976 год. У Савецкім саюзе прымаецца закон аб ахове і выкарыстанні помнікаў гісторыі і культуры. Пад ахову дзяржавы браліся ўчасткі гістарычнага культурнага пласта, рэшткі старадаўняй планіроўкі і забудовы гарадоў. У межах ахоўных зон забаранялася праводзіць земляныя, будаўнічыя і іншыя работы без папярэдняга археалагічнага абследавання. У 1978 г. аналагічны закон прымаецца і ў БССР, які амаль цалкам, з невялікімі ўдакладненнямі і дапаўненнямі, паўтарае саюзны закон.

У тых жа гадах Міністэрствам культуры БССР быў зацвержаны і ахоўны знак на помнік археалогіі. Ён меў выгляд французскага геральдычнага шчыта памерамі 400×440 мм, адлітага з сілуміну – сплаву на аснове алюмінію, з надпісам «Міністэрства культуры БССР. Помнік археалогіі…» з указаннем тыпу помніка (гарадзішча, селішча, курган, курганы) і што ён ахоўваецца дзяржаваю. У 1981–1987 гг. у Беларусі было ўстаноўлена каля 1 200 такіх знакаў. Аналагічнага зместу знакі, але на нацыянальных мовах, былі ўстаноўлены тады у суседніх дзяржавах: Літве, Украіне, Расіі. Праўда, на пачатку 1990-х гадоў частка гэтых знакаў была разбурана ці вывезена як каляровы метал.

У 1991 годзе Рэспубліка Беларусь набывае статус незалежнай дзяржавы. Узнікае неабходнасць у карэкціроўцы мінулых законаў або ў прыняцці новых. У ліку такіх законаў апынуўся і закон аб ахове помнікаў. І ў 1992 г. Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прымае новы закон аб ахове помнікаў, які ўжо мае назву «Закон аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны». Новы закон вывеў з-пад юрысдыкцыі Міністэрства культуры адказнасць за ахову і захаванне помнікаў гісторыі і культуры (у тым ліку і помнікаў археалогіі) і перадаў гэта у вядзенне новаўтворанай «Дзяржаўнай інспекцыі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны», скарочаны варыянт – «ДЗІНАС», якая ў 1994 г. змяніла назву на «Дзяржаўны камітэт па ахове гісторыка-культурнай спадчыны». У параўнанні з мінулым законам, напрыклад 1978 года, новы закон саступаў. Па-першае, па закону 1992 года, толькі 3 % выяўленых і ахоўваемых да гэтага часу помнікаў падпадалі пад юрысдыкцыю гэтага закона. По-другое, новая структура, у адрозненне ад Міністэрства культуры, не мела (і цяпер не мае) сваіх падраздзяленняў на месцах – у раённых цэнтрах, і не можа фізічна ахапіць сваёй увагаю усе помнікі на месцах. Таму ў дапаўненне да гэтага закона ў 1995 г. прымаецца закон «Аб унясенні змяненняў і дапаўнення» ў закон 1992 года. А ў 1998 годзе выходзіць Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб навуковых аб’ектах, якія складаюць нацыянальную спадчыну».

У 2002 годзе Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь зацвярджае «Палажэнне аб ахове археалагічных аб’ектаў пры правядзенні земляных і будаўнічых работ». Паводле гэтага дакумента, усе віды земляных і будаўнічых работ у зоне аховы археалагічных аб’ектаў могуць праводзіцца толькі пасля распрацоўкі і ажыццяўлення мер па ахове, сярод якіх і навуковае даследаванне – ахоўныя раскопкі за кошт заказчыка будаўнічых работ. І нарэшце у 2006 годзе прымаецца наўноўшы закон, падпісаны прэзідэнтам краіны «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь», дзе ў главе 3, артыкула 13, пункт 1.3 адводзіцца месца помнікам археалогіі. У тым жа годзе Пастановаю Міністэрства культуры зацверджаны новы узор ахоўнага знака на помнік археалогіі. Ён уяўляе сабою дошку з метала або каменя у выглядзе нямецкага геральдычнага шчыта памерамі 300×420 мм з відарысамі герба Рэспублікі Беларусь, надпісам «Рэспубліка Беларусь. Гісторыка-культурнае каштоўнасць» і датаваннем гэтай каштоўнасці. У нізе знака надпіс: «Прычыненне шкоды караецца па закону». Пашкоджання ахоўнага знака разглядаецца і караецца, як і пашкоджанне помніка.

Якія прававыя нормы па ахове помнікаў археалогіі існуюць у міжнароднай практыцы? Адзначым найбольш вядомыя.

Найперш гэта Пакт Рэрыха – Дагавор «Аб ахове мастацкіх і навуковых устаноў і гістарычных помнікаў», які быў падпісаны ЗША 15 красавіка 1935 года. Пакт Рэрыха стаў першым міжнародным актам, спецыяльна прысвечаным ахове культурных каштоўнасцяў, адзіным пагадненнем ў гэтай сферы, прынятым часткаю міжнароднай супольнасці яшчэ да Другой сусветнай вайны. Мэта гэтага дакумента – забяспечыць захаванне усіх нерухомых каштоўнасцяў, якія складаюць культурную спадчыну нацыі, у часы ваеннай небяспекі, якая пагражае знішчэнню гэтых каштоўнасцяў. Артыкул першы, гэтага пагаднення прадугледжвае, што гістарычныя помнікі (у тым ліку і археалогіі) пад час ваенных дзеянняў лічацца нейтральнымі аб’ектамі і павінны карыстацца уважлівымі адносінамі з боку дзяржаў, якія вядуць ваенныя дзеянні у зоне размяшчэнне гэтых помнікаў.

Для абазначэння помнікаў і ўстаноў культуры (музеяў, навуковых і адукацыйных цэнтраў) паводле артыкула – 3 гэтага дагавора, прадугледжваўся адметны знак – чырвоная акружнасць з трымя чырвонымі кропкамі на белым полі. Які сэнс укладаўся ў гэтаю сімволіку? Паводле тлумачэння самога Мікалая Рэрыха – тры кропкі абазначаюць тры станы часу: мінулае, сённяшняе і будучыню, аб’яднаных у коле вечнасці. Паводле другой версіі, выказанай тым жа аўтарам, тры кропкі – гэта рэлігія, веды і мастацтва, аб’яднаныя колам культуры. Размешчаны на белым палотнішчы, такі знак сімвалізуе сцяг міру.

У 1954 г. Пакт Рэрыха лёг у аснову Гаагскай «Міжнароднай канвенцыі аб абароне культурных каштоўнасцей у выніку узброеннага канфлікта»*. Гаагскую канвенцыю падпісалі прадстаўнікі 37-мі дзяржаў. У сакавіку 1999 года па ініцыятыве і непасрэдным удзеле ЮНЕСКА быў прыняты Другі пратакол да Гаагскай канвенцыі 1954 года, дзе было адзначана, што настаўленнем для яе служаць прынцыпы абароны культурных каштоўнасцяў у час вайны. Гэты дакумент быў складзены на шасці мовах: англійскай, арабскай, іспанскай, кітайскай, рускай і французскай.

А ў кастрычніку 1990 г. на 9-ай Генеральнай асамблеі міжнароднай суполкі па помніках і выдатных мясцінах была абвешчана хартыя па ахове і выкарыстанню археалагічнай спадчыны. У гэтым дакуменце адзначаецца, што археалагічная спадчына з’яўляецца асноўным сведкаю чалавечай дзейнасці ў мінулым і яе захаванне вельмі важнае для будучых пакаленняў. Разам з тым адзначана, што археалагічная спадчыны – гэта нетрывалае, неаднаўляльнае культурнае багацце. Таму сельская гаспадарка і землекарыстанне па гэтай прычыне павінны быць рэгламентаваны і развівацца так, каб мінімізаваць разбурэнне археалагічнай спадчыны. Зыходзячы з гэтага, ахова археалагічнай спадчыны з’яўляецца маральным абавязкам для кожнага чалавека, абавязкам кожнай краіны. Нацыянальныя заканадаўства павінны забараніць любое разбурэнне археалагічнага помніка, археалагічнага месца і яго наваколля. Нацыянальныя заканадаўствы ў галіне аховы помнікаў культуры павінны прадугледжваць і санкцыі за парушэнне законаў аб ахове археалагічнай спадчыны.

Падсумоўваючы сказанае у гэтай хартыі можна сказаць толькі адно – што ўсё сказанае ў ёй слушнае…

Музеефікацыя археалагічных аб’ектаў. Адным з накірункаў захавання археалагічнай спадчыны і папулярызацыі ведаў пра яе з’яўляецца музеефікацыя археалагічных аб’ектаў. Пра гэта, дарэчы, гаворыцца і ў спецыяльным раздзеле хартыі па ахове і выкарыстанню археалагічнай спадчыны.

Пад музеефікацыяй археалагічных аб’ектаў маецца на ўвазе зкспанаванне ўскрытых раскопкамі аўтэнтычных рэшткаў паселішча або пахавання у яго натуральным асяродку, з захаваннем стратыграфічных пластоў помніка, без якога-небудзь новабуда, муляжа і г. д., узятых пад навес, дзе забяспечваецца пэўны мікраклімат, спрыяльны для захаванасці ўскрытых раскопкамі артэфактаў і экафактаў. У асобных выпадках ускрытыя раскопкамі рэшткі старадаўніх паселішчаў могуць знаходзіцца і па-за павеццю, пад адкрытым небам, калі ім не пагражае прыроднае наваколле. Але па любому, яны усяроўна, павінны прайсці пэўную апрацоўку па кансервацыі.

Да ліку найбольш распаўсюджаных музеефікаваных археалагічных аб’ектаў можна аднесці антычныя паселішчы. Чаму? Па-першае, іх адносна шмат у басейнах Міжземнага і Чорнага мора. Па-другое, ускрытыя раскопкамі рэшткі антычных паселішчаў – складзеныя з каменю, як правіла не патрабуюць скрыванне іх пад навесам, а гэта значыць робяць магчымым іх адносна лёгка экспанаваць.

Першым археалагічным помнікам, які быў музеефікаваны, з’яўляюцца старажытнарымскія Пампеі. Гэты горад загінуў ў 79 г. н. э. у выніку вывяржэння вулкана Везувій. Пра маштабы трагедыі таго часу сведчаць ускрытыя раскопкамі парэшткі 2 тысяч чалавек, што знайшлі свой апошні прытулак пад пластом попелу і вулканічнай лавы.

Першыя раскопкі ў Пампеях пачаліся яшчэ ў 1748 г. пасля распачаўшыся тут будаўнічых работ. У выніку іх былі ускрыты старажытныя вуліцы, жылыя кватэры, хатняе начынне. Але самае галоўнае быў выяўлены надпіс: «Горад пампейцаў», што ўласна і паспрыяла індэнтэфікацыі гэтага паселішча, яго археалагічнаму вывучэнню і музеефікацыі. Навуковы падыход да гэтых раскопак быў падкладзены італьянскім археолагам Джузепе Фіарэлі, які ўзналіў іх у 1868 годзе. Так быў пакладзены пачатак стварэнню археалагічнага музея пад адкрытым небам.

Па такому прынцыпу быў музеефікаваны і антычны Херсанес, размешчаны на ускраіне сучаснага Севастопаля, раскопкі якога былі распачаты у 1888 г. Касцюшкам-Валюжэнічам, нашым земляком. Па такому жа прынцыпу утвораны і археалагічныя музеі у Анапе Краснадарскага краю (антычны Горгіпій), антычныя паселішчы Ольвія (Мікалаеўская вобласць, Україна) і Пантыкапей ў Крыме, Танаіс у Растоўскай вобласці, антычны Эфес у межах сучаснага горада Ізмір у Турцыі. А ў Сафіі (Балгарыя), у цэнтры горада, адзін з археалагічных помнікаў пасля раскопак і кансервацыі уключаны ў будынак цэнтральнага універмага і даступны для агляду масы наведальнікаў і пакупнікоў.

Другі помнік антычнага часу, ускрыты ў Сафіі, удала ўпісаны ў падземны пераход, дзе музеефікаваны старажытная вежа і сцены. А да самога перахода прыбудавана музейная зала, дзе экспануюцца знойдзеныя пры раскопках артэфакты. Мала таго, у 1976 г. урад Балгарыі прыняў пастанову згодна якой усе будаўнічыя установы пры распрацоўцы планаў забудовы абавязаны уключаць ускрытыя раскопкамі і музеефікаваныя археалагічныя помнікі у будаўнічыя комплексы.

Музеефікацыя ускрытых археалагічных аб’ектаў у гарадах уласціва не толькі помнікам антычнага часу. Ёсць прыклады музеефікацыі гарадскіх паселішчаў больш позняга часу. Напрыклад, у Празе (Чэхія) раскапаны і музеефікаваны рэшткі паселішча IX–X ст., якія знаходзяцца пад будынкамі і плошчамі сучаснага пражскага крамля – Градчаны. У Мехіка – сталіцы Мексікі пад час будаўніцтва лініі метро ў 1966–1967 гг. былі ўскрыты рэшткі храмаў ацтэкаў XII–XVI стст. і часткі гарадской забудовы сталіцы ацтэкаў – Тэначцітлана, якія затым пераўтварылі ў падземны археалагічны музейны комплекс. Музеефікавана і сталіца інкаў – горад Мачу-Пікчу, які датуецца XVI ст. Праўда, размешчаны высока ў горах, ён не перакрыты якімсці павільёнам, а раскапаны археолагаміі экспануецца под адкрытым небам. Ператвораны ў падземны музей і рэшткі Кузнецкага мóста XVIII ст. праз раку Няглінную у Маскве пад Манежнай плошчаю побач з гасцініцай «Масква».

Музеефікаваны рэшткі некаторых старажытнарускіх храмаў. Напрыклад, толькі ў Беларусі гэта зроблена ў дачыненні да рэшткаў Полацкай Сафіі ХІ ст., убачыць якія сёння можна ў сутарэнні Сафіі XVIII ст., Ніжняй царквы ХІІ ст. у Гродна, над якой узведзены драўляны павільён і рэшткі тураўскага храма ХІІ ст., перакрытага павеццю са шкла і бетону. З помнікаў абарончага дойлідства, што музеефікаваны ў нас, у Беларусі, адзначым рэшткі Нарожнай вежы XIV-XVI стст. у Віцебску, над якімі узведзены павільён у стылі вежы XVI ст. Па-за межамі Беларусі музеефікацыя рэшткаў стражытнарускіх храмаў вядомы ў Кіеве, Пераяславе-Хмяльніцкім, у Івана-Франкоўскай вобласці, на месцы стражытнага Галіча і інш. А музеефікаваныя рэшткі замкаў-камяніц вядомы ў Польшчы (Кракаў, Вавель), у Літве (Каунас), Латвіі (Арайшы) і інш.

Прыведзеныя вышэй прыклады музеефікацыі археалагічных аб’ектаў, як гэта відаць з тэксту, тычацца выключна мураванай забудовы. У той жа час вядома, што абсалютная большасць гарадоў лясной паласы Усходняй Еўропы (а ў Старажытнай Русі выключна ўсе гарады) мелі драўляную забудову, за выключэннем, зразумела, культавых пабудоў, і ў рэдкіх выпадках, дамоў высокага гарадскога соцыума: князёў, баяр, епіскапаў.

Першая спроба музеефікаваць участкі гарадской драўлянай забудовы старажатнарускага часу адносіцца яшчэ да 1910 года. Так, у той год М. Рэрыхам і М. Макаранкам былі праведзены раскопкі на Рурыкавым гарадзішчы пад Ноўгарадам і ў самім Наўгарадзе на тэрыторыі Крамля. Было ўскрыта сем стратыграфічных напластаванняў з рэшткамі драўлянай забудовы і вызначаны іх ўзрост. Мелася за мэту захаваць ускрыты участак для усеагульнага аглядання хаця б да XV археалагічнага з’езда, які праводзіўся ў Ноўгарадзе у 1911 годзе. Але раскоп прышлося ўсё ж засыпаць…

Упершыню справа музеефікацыі рэшткаў драўлянай забудовы старажытнарускага горада была ажыцёўлена ў Беларусі на працягу 70-х гадоў мінулага стагоддзя. Чаму менавіта тут і менавіта ў гэтыя часы?.

Справа ў тым, што менавіта ў Беларусі, на пачатку 70-х гадоў, быў вынайдзены спосаб кансервацыі вільготнай археалагічнай драўніны, гэта па-першае. А па-другое, менавіта тут, пры раскопках гарадзішча летапіснага Берасця (старажытнага Брэста) былі выяўлены драўляныя пабудовы, якія захаваліся на 5–6 і нават па 11–12 вянкоў вышыні зруба, па сутнасці на сваю першапачатковую вышыню, чаго нідзе, акрамя яшчэ як і ў Віцебску, на яго колішнім Верхнім замку, спецыялістамі не фіксавалася. Гэта дало падставы Савету міністраў БССР ў 1972 годзе прыняць спецыяльнае рашэнне аб стварэнні на базе раскопак старажытнага Брэста археалагічнага музея «Берасце», які быў адчынены ў 1982 годзе, амаль праз два дзесятка гадоў пасля пачатку раскопак на гарадзішчы. Знешне ён уяўляе сабою стацыянарную павець са шкла і бетона у выглядзе двухсхільнага даха традыцыйнага, старадаўняга жытла. Экспазіцыйная плошча гэтага музея складае 1832 кв. м. Яна уключае тры дзесяткі драўляных пабудоў XIII ст., участкі некалькіх вулічных маставых, выкладзеных з дошак, бярвенняў і аполкаў дрэва, дваравых вымастак і вастраколаў. Усе экспануемыя ўчасткі гэтай забудовы аўтэнтычныя, знаходзяцца ў стане in sity – г. зн. у сваім першапачатковым, непарушаным стане, у тым, як яны былі выяўлены пад час раскопак. Наўкола закансерваванага роскопа экспануецца выстава выяўленных раскопкамі артэфактаў XI– XIV ст., якія налічваюць у агульнай колькасці каля 40 тысяч адзінак. Выключная заслуга ў археалагічных раскопках старажытнага Брэста і стварэнню на базе гэтых раскопак археалагічнага музея належыць беларускаму археолагу П.Ф. Лысенку.

Аналагічнае рашэнне аб стварэнні археалагічнага музея было прынята урадам рэспублікі ў 1980 годзе адносна Віцебска. Тут на тэрыторыі колішняга Верхняга замка археалагічнымі раскопкамі 1978 г. былі ўскрыты ўчасткі з рэшткамі гарадской драўлянай забудовы XIII–XIV стст. на плошчы звыш 600 кв. м. Асобныя пабудовы мелі захаванасць па 5–6 вянкоў вышыні зрубаў, добра захаваліся участкі вуліц, дваровых вымастак і вастраколы. Частка раскопа была выпрацавана да мацерыка на глыбіню каля 7-мі метраў (гэта выклікалася будаўнічымі патрэбамі горада), а частку раскопа, плошчаю звыш 210 кв. м пакінулі на узроўні распрацоўкі напластаванняў і рэшткаў забудовы XIII–XIV стст., якія мелі найбольш добрую захаванасць. Іх перакрылі часовым навесам. Гэта ўласна і дало падставы планаваць тут стацыянарны археалагічны музей старажатнага Віцебска. Але праз дзесяць гадоў часовы навес над раскопам разабралі і раскоп засыпалі…

Такое ж рашэнне было прынята Саветам міністраў рэспублікі і па мінскаму замчышчу ў 1987 г., дзе раскопкамі 1984–1985 гг. на месцы плануемай станцыі мятро «Няміга» была ўскрыта драўляная забудова Мінска XII–XIII стст., прадстаўленая рэшткамі ўмацаванняў, жылымі і гаспадарчымі пабудовамі. Але і гэтае рашэнне аб музеефікацыі, як і рашэнне аб стварэнні археалагічнага музея у Віцебску – не ажыццявілася. Асноўная прычына, па якой абодва гэтыя рашэнні не былі выкананы, гэта адсутнасць у рэспубліцы спецыяльнага падраздзялення, якое б узялося выконваць работы па кансервацыі археалагічнай драўніны: ускрытых рэшткаў старадаўняй гарадской забудовы і недахоп дзяржаўных сродкаў на праектаванне і будаўніцтва стацыянарных павільёнаў над вызначанымі пад музеефікацыю археалагічнымі раскопкамі. Такім чынам, археалагічны комплекс «Берасце» застаецца пакуль адзіным у свеце аб’ектам, дзе музеефікаваныя рэшткі драўлянай забудовы старажытнарускага горада.

Аб’ектам увагі для музеефікацыі сталі і некаторыя помнікі эпохі каменнага веку. Так, стаянкі эпохі палеаліту музеефікаваныя у пячорах каля паселішча Лезэйзі у Францыі, каля паселішча Вертэшсёлёш у Венгрыі, дзе над месцам выяўлення парэшткаў пітэкантрапа быў узведзены стацыянарны павільён і дзе экспануюцца тагачасныя прылады працы і самае, галоўнае, захоўваецца стратыграфічная калонка старадаўніх напластаванняў, што дае магчымасць наведвальнікам бачыць, як стагоддзе за стагоддзем адбывалася утварэнне культурнага пласту.

Музеефікаваныя і рэшткі палеалітычнага паселішча (частка яго) у Касцёнках Варонежскай вобласці (Расія). Тут узведзены павільён плошчаю 1 200 кв. м, пад якім косцевыя рэшткі не менш як ад 30 мамантаў, вогнішчы з магутным пластом (да 60 см) попелу і вугля, гаспадарчыя ямы – схованкі для прадуктаў харчавання: мяса, рыбы і інш. А ў Бранскай вобласці, што па суседству з Беларуссю, у вёсцы Родзінава Пагарскага раёна мясцовым калгасам утвораны свой археалагічны музей над археалагічным раскопам палеалітычнай стаянкі, дзе пад павеццю экспануюцца ўскрытыя раскопкамі рэшткі касцяка маманта і тагачасныя прылады працы. Мімаходзь адзначым, што гэты помнік быў адкрыты яшчэ ў 1934 годзе беларускім археолагам К.М. Палікарповічам і даследаваўся ім у 1947 годзе. Праводзіў даследванні па гэтаму помніку у 1961–1962. 1967 гг. і іншы беларускі археолаг У.Дз. Будзько. Датуецца гэты помнік перыядам каля 20–18 тысяч гадоў да н. э.

Ёсць узоры музеефікацыі помнікаў каменнага веку больш поздняга часу-неаліту. Гэта петрогліфы – наскальныя выявы ў Карэліі, выкананыя ў тэхніцы кропкавай выбіўкі, над якімі таксама узведзена стацыянарны павільён. І музеефікацыя раскопанага неалітычнага «горада» Чатал-Гуюк у Турцыі. Была спроба музеефікаваць краснасельскія неалітычныя шахты па здабычы крэменю. У 1969 г. Савет міністраў БССР прыняў нават пастанову аб стварэнні тут дзяржаўнага запаведніка, але гэта пастанова, на жаль засталася нерэалізаванаю.

Літаратура:

1. Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя. Мн., 1993. Гл. артыкулы: ахова помнікаў археалогіі, ахоўнае абавязацельства, ахоўная зона, ахоўны знак, раскопкі скарбашукальніцкія, археалагічны музей «Бярэсце», музеефікацыя.

2. Бадер О.Н. Музеефикация археологических памятников // Советская археология. 1978. № 3. С. 138–153.

Пытанні для самакантролю:

1. Прывядзіце два–тры прыклады неахайных адносінаў да помнікаў археалогіі.

2. Якія заканадаўчыя акты па ахове помнікаў прыняты у Рэспубліцы Беларусь ў апошнія дзесяцігоддзі.

3. Што такое Пакт Рэрыха?

4. Прывядзіце прыклад музеефікацыі археалагічных помнікаў, у тым ліку і ў нас, у Беларусі.