Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Уводз ны археалог ю (исправленный).doc
Скачиваний:
32
Добавлен:
03.11.2018
Размер:
1.02 Mб
Скачать

Паветраная археалогія.

«Для таго каб стаць сапраўдным палявым археолагам, неабходна ператварыцца ў птушку». Гэтыя словы належаць доктару гістарычных навук і археолагу з Паўднёвай Англіі Дж. Р. Уільямсу-Фрыману, якія ён адрасаваў члену Геаграфічнага таварыства Осберту Гаю Кроуфорду, будучаму заснавальніку паветранай археалогіі. І сапраўды, каб ахапіць адзіным позіркам увесь помнік старажытнасці, ці групу помнікаў, або прасачыць усе скаладаючыя умацаванняў паселішча, ці пахавальнага комплекса – неабходна падняцца ў неба і зірнуць на гэтыя помнікі з вышыні палёту птушкі10. Але калі падводная археологія ўзнікла дзякуючы вынаходству вадалазнага рыштунку, дык паветраная археалогія з’явілася на свет дзякуючы вынаходству лятацельнага апарата і фатаграфіі. Апошняя сваім з’яўленнем абавязана французскаму мастаку Луі Жаку Мандэ Дагерý, які ў 1839 г. на паседжанні Парыжскай акадэміі навук выступіў з паведамленнем, дзе прапанаваў спосаб праяўлення і замацавання выявы на пласціне, пакрытай ёдыдам срэбра. Такі спосаб замацавання выявы атрымаў назву «дагератып», дзе першая складаючая словазлучэння імя ўласнае – Дагéр, а другая ад грэчаскага слова typos – адбітак, што і азначае як адбітак Дагéра. Што тычыцца вынаходства лятальнага апарата – аэрастата (некіруемага паветранага шара), дык яно ўвогуле адносіцца да 1783 г. А першыя здымкі з паветра былі зроблены ў 1858 г. Гаспарам Феліксам Турнашонам, які сфатаграфаваў з аэрастата Парыж. Трэба адзначыць, што Турнашон катэгарычна адмовіўся выкарыстаць сваё вынаходства – фатаграфаванне аб’ектаў з паветра – на карысць армейскай разведкі. Але па іроніі лёсу менавіта яна і паспрыяла развіццю паветранай фатаграфіі ў тым ліку і выкарыстанню яе і ў паветранай археалогіі.

У ваенных мэтах аэрофотаздымка была ўпершыню выкарыстана у часы грамадзянскай вайны ў Злучаных Штатах Амерыкі 1861–1865 гг. У 1891 г. англійскі афіцэр, лейтэнант Ч.Ф. Клоуз, які адбываў службу у Індыі, выказаў думку выкарыстаць аэрастаты для складання археалагічнай карты у ваколіцах старажытнага паселішча Агра. Праўда гэтаму добраму намеру не наканавана было ажыццявіцца.

У 1906 г. англійскі лейтэнант П.Х. Шарп (Шэрп) пад час трэніровачнага палёту на паветраным шары, абсалютна выпадкова, зрабіў некалькі фотаздымкаў вядомага археалагічнага комплекса – Стоухенджа. Фотаздымкі Шарпа зрабілі вялізарнае уражанне на Дж.Е. Каппера, палкоўніка Каралеўскіх інжынерных войск. Ён прадэманстраваў іх на паседжанні Таварыства старажытнасці і у 1907 г. гэтыя фотаздымкі былі апублікаваны з кароткай анатацыяй ў IX томе часопіса «Archaelogy». На тым узроўні развіцця тэхнікі фотамайстэрства гэтыя здымкі пакуль не далі нейкай новай інфармацыі. Але яны далі магчымасць ахапіць адзіным позіркам увесь археалагічны комплекс: каменныя канструкцыі, пахаванні і дарогі у ваколіцах помніка. Услед за англічанамі падобны учынак зрабілі і італьянскія ваенныя інжынеры. У 1911 г. яны сфатаграфалі з паветра форум у Рыме і старажытнарымскі порт Остыя. У 1913 г. эксцэнтрычны археолаг Генры Уэллком на раскопках старажытных паселішчаў ў Судане пачаў выкарыстоўваць для фатаграфавання паветраных змеяў, на якіх была прымацавана фатакамера. У гэтых раскопках прымаў удзел і будучы родапачынальнік паветранай археалогіі Кроуфорд.

Першая сусветная вайна стала паваротным пунктам у многіх галінах навукі і тэхнікі. Найперш гэта дапасавала да авіацыі, і з гэтага часу ўсе дасягненні паветранай аохеалогіі былі звязаны ўжо з «апаратамі цяжэйшымі за паветра». Прыярытэт у вынаходніцтве самалёта большасць краін свету прызнае за ЗША. 17 снежня 1903 г. браты Уілберг і Орвіл Райт на сканструяваным імі самалёце зрабілі першы ў свеце кіруемы палёт.

Самалёты адразу ж адчынілі практычна бязмежнае поле для паветраных назіранняў. Вайна не чакала, а таму і канструкцыіі самалётаў, і тэхніка саміх палётаў, і тэхніка паветранай разведкі ўдасканальваліся паскоранымі тэмпамі. Тое ж самае тычылася фотаабсталявання: аб’ектываў, пласцін і стужак. Акрамя таго, новыя метады патрабавалі прыцягваць да гэтай справы і спецыяльна абучаны персанал. Таму невыпадкова, што шмат каго з археолагаў мабілізавалі ў авіацыйныя часці, дзе яны служылі фатографамі, картографамі і паветранымі разведчыкамі. І як адзначае вядомы даследчык гісторыі паветранай археалогіі Лео Дойель: «Як бы гэта ні выглядала дзіўным, але паміж вайною і археолагамі усталяваўся нейкі іранічны сімбіёз». «Верагодна», – працягвае гэты аўтар, – «спецыялісты па дальменах (разнавіднасць мегалітаў – Л.К.), ірвах і раўнінах далёкага мінулага лічыліся найбольш прыдатнымі для «стварэння» падобных руін, якія будуць затым вывучаць наступныя пакаленні».

Вайна абвастрыла здольнасці назіральнікаў (дакладней сказаць разведчыкаў) і адчыніла перад імі новыя гарызонты. Таму цалкам натуральна, што археолагі галоўных варагуючых краін, незалежна адзін ад другога, і практычна адначасова, перагарнулі новую старонку у станаўленні археалагічных метадаў даследавання. Да гэтага часу ні адна з трох краін – ні Англія, ні Францыя, ні Германія – не могуць даказаць свой прыярытэт у справе адкрыцця паветранай археалогіі.

Праўда, як сцвярджае Кроуфорд «… адкрыццё робіцца афіцыйным толькі пасля публікацыі». А калі гэта так (а яно па вялікаму рахунку сапраўды так), то ў такім разе першынство, бяспрэчна, належыць Вялікабрытаніі.

У Англіі да піянераў гэтай справы можна аднесці падпалкоўніка Каралеўскіх інженерных войск у Месапатаміі Г.А. Бізлея.

У маі 1918 г. Бізлей рабіў разведывальны палёт над тэрыторыяй, захопленай туркамі. Пад час выканання гэтага задання ён выявіў абрысы разбураных старажытных умацаванняў, сляды якіх немагчыма было прасачыць пры наземных абследаваннях. Тады ім былі прасочаны рэшткі старажытнай ірыгацыйнай сістэмы: магістральны канал з цэлай сістэмай адгалінаванняў і дарога, якая перасякала гэты канал. У Бізлея узнікла здагадка, што у гэтым месцы павінны быць і рэшткі маста. Але завяршыць аэрафотаздымкі Бізлей не здолеў. Яго самалёт быў збіты. І таму ўжо на зямлі, ён па памяці аднавіў малюнак убачанага. Цікава, што наяўнасць маста, у месцы перасячэння галоўнай магістралі канала з дарогаю, была падцверджана, калі пазней Бізлею даводзілася праязджаць побач з гэтым месцам ужо на танку і дзе даследчык заўважыў груду камянёў – рэшткаў былога моста.

Па іроніі лёсу выпадак зводзіў у процістаянні археолагаў варагуючых краін, як гаворыцца, лоб у лоб. Так, археолаг з Германіі Тэадор Віганд, удзельнік раскопак у Мілеце, пазней дырэктар нямецкага Археалагічнага Інстытута быў таксама мабілізаваны ў паветраныя войскі Германіі і таксама, акрамя ваенных разведак, ажжыцяўляў разведкі археалагічныя. У прыватнасці, ён фатаграфаў познерымскія і візантыйскія помнікі на Сінайскім паўвостраве, якія мясцовае насельніцтва нішчыла амаль у яго на вачах, разбіраючы руіны храмаў і крэпасцяў на будаўнічы матэрыял.

Прыкладна ў гэты ж час, яго калега, археолаг з Оксфарда, Джон Л. Мірэс з паветра карэкціраваў стральбу англа-французскай артылерыі. І што цікава, карэкціраваў яе так, каб гэтая стральба не нанесла шкоды храму Апалона, што мясціўся паблізу ад аб’екта кананады. Але пры гэтым снарады цалялі ў дом Віганда, які стаяў ля месца яго раскопак …

Што тычыцца О.Г.С. Кроуфорда, дык ён у часы Першай сусветнай вайны служыў у Брытанскім авіцыйным корпусе у Бельгіі і ў Францыі. Пад час аднаго з палётаў самалёт Кроуфарда быў збіты немцамі. Кроуфорд застаўся жывы, але трапіў у палон. Пабег, і зноў палон.У 1919 г. пасля сканчэння вайны Кроуфорд вяртаецца да навуковай дзейнасці. Ён прыходзіць да высновы, што для заняткаў паветранай археалогіяй не абавязкова заўсёды падымацца ў неба. Можна вывучаць археалагічныя аб’екты, зафіксаваныя на аэрафотаздымках, зробленых кімсці з калег. І ён уладковаецца працаваць у Дзяржаўнае тапаграфічнае упраўленне, на афіцерскую пасаду археолага-наглядальніка. Пачынае ўважліва вывучаць фотаздымкі, зробленыя з паветра. Ён заўважыў, што на некаторых палях, знятых з паветра, выразна чытаюцца цёмныя і светлыя лініі зямлі, лініі сакавітай і кволай расліннасці, якія ўтвараюць пэўныя абрысы старадаўніх збудаванняў: валоў, ірвоў, дорог, межаў уладанняў. Але самае галоўнае адкрыццё было ім зроблена на прыкладзе Стоунхенджа, якое паказала, як паветраная археалогія здольна вырашаць складаныя навуковыя пытанні. У прыватнасці, выказвалася меркаванне, што «Вялікая дарога» да Стоунхенджа мае культавае прызначэнне. Але у полі зроку наземных даследчыкаў быў бачны толькі невялікі адрэзак гэтай дорогі, што і ўводзіла іх у зман. Астатняя частка «Вялікай дарогі» была схавана густым покрывам расліннасці і прасачыць яе можна было толькі з паветра і да таго ж спрактыкаванаму воку Кроуфорда, што уласна і было ім зроблена. Але трэба было яшчэ даказаць сваю гіпотэзу, ператварыць яе ў непахісны факт. А гэта маглі даць толькі раскопкі – прарэзка дарогі, зробленая ўпоперак яе. Раскопкі падцвердзілі думку Кроуфорда. Мала таго, яны адказалі і на пытанне пра сапраўднае прызначэнне дарогі.

Дарога служыла для дастаўкі мегалітаў, прызначаных для ўзвядзення Стоунхенджа. Пра гэта сведчылі маленькія кавалкі адбітага камення ад шматтонных глыбаў, якія удалося знайсці, раскопваючы гэтую дарогу. Гэта адкрыццё было зроблена 5 верасня 1923 г. Гэты дзень некаторыя даследчыкі лічаць днём нараджэння паветранай археалогіі.

І тым не менш, Кроуфорд, які быў апантаны паветранай археалогіяй, падкрэсліваў, што метад аэраразведкі гэта толькі памочнік наземных, палявых даследаванняў для археолага. І як бы ў доказ гэтага, прыводзіў адзін кур’ёзны выпадак з гісторыі вывучэння аэрофотаздымкаў.

Аднойчы разглядаючы аэрафотаздымкі, Кроуфорд убачыў на паверхні аднаго з палёў каля Вінчэсцера пяць канцэнтрычных акружнасцяў. Першае, што прыйшло тады яму у галаву – гэта сляды грунтовых пахаванняў. Кроуфорд працягнуў свае даследванн ў полі, пешшу. І да канцу дня высветліў, што гэтыя светлыя кругі – выскубаная козамі трава, якіх прывязвалі да ўбітых у зямлю калочкаў!

Чаму менавіта Кроўфорда лічаць заснавальнікам паветранай археалогіі, а не кагосці іншага, хто адначасова з Кроуфордам займаўся аэрафатаграфаваннем помнікаў археалогіі? Таму што менавіта ён сфармуляваў асноўныя прынцыпы паветранай археалогіі. У аснове паветранай археалогіі, як дарэчы і ўсёй археалогіі, ляжыць адзін асноватворны фактар: амаль любое парушэнне натуральнага покрыва глебы, зробленае чалавекам, практычна непазбыўнае. Тэхніка аэрофотаздымкі даказвае, што зямля заўсёды захоўвае сляды чалавечай дзейнасці і рана ці позна яны ўсяроўна будуць праяўляцца. Менавіта на гэтую асаблівасць Кроуфорд і звярнуў увагу. А каб гэта было больш даходліва да аўдыторыі, прывёў вобразнае параўнанне. «Уявіце», – гаварыў ён, – «кошку на дыване. Што яна бачыць? Асобныя варсінкі кіліма. У той час як чалавек, з вышыні свайго роста бачыць увесь малюнак дывана».

Кроуфорд выдзяліў прыкметы, па якіх можна выявіць з паветра помнік археалогіі. Усе яны і па сёння прызнаюцца спецыялістамі ў галіне паветранай археалогіі.

Першая з іх – гэта ценявыя выявы. Сутнасць яе у тым, што нават фрагментарныя археалагічныя помнікі, ад якіх на паверхні засталіся хаця б самыя нязначныя ўзвышшы або западзіны, адкідваюць цені пры кóсым асвятленні іх промнямі сонца. Такі эфект назіраецца раніцаю альбо ўвечар, калі промні сонца знаходзяцца пад вуглом да дзённай паверхні блізкім да 19°. Пры такім асвятленні нават самые нязначныя няроўнасці глебы раптоўна выступаюць незвычайна кантрасна. Гэта эфект добра вядомы вадзіцелям. Так у дзённы час сутак паверхня шашы можа выглядаць бездакорна гладкай, а ў начны час, пры асвятленні промнямі фар на ёй відаць усе няроўнасці да апошняй драбніцы. Але ценявы метад прыдатны для выяўлення толькі тых помнікаў, ад якіх хоць штосьці засталося на паверхні. А як быць з тымі помнікамі, сляды якіх схаваны у самой глебе?

Тут ёсць два метада іх выяўлення. Адзін з іх заснаваны на колерным успрыняцці глебы, якая мае у розных, асобных выпадках спецыфічную афарбоўку. Так, на ўзараным полі, на ворыве, з вышыні палёту птушкі, можна прасачыць цёмныя плямы, у выглядзе чатырохкутнікаў – рэшткі старадаўніх жытлаў, вялікага дыяметра кругі – рэшткі старадаўніх ірвоў, якія некалі ахоплівалі гарадзішча, невялікага дыяметру плямы – рэшткі старажытных грунтовых пахаванняў. Утвараюцца такія плямы цёмнай зямлі з-за таго, што грунт у гэтых месцах пераадкладзены, больш рыхлы, утрымлівае больш гумусу і вільгаці. Упершыню гэты эфект быў адзначаны вядомым англійскім археолагам Леанардам Вулі яшчэ на пачатку XX ст., калі ён працаваў у складзе экспедыцыі Д.Р. Мак–Івера па вывучэнню археалагічных помнікаў старажытнага Егіпта на тэрыторыі Судана.

Доўгі час даследчыкі ніяк не маглі знайсці могільнік таго часу, які безумоўна недзе павінен быў быць непадалёку ад тагачаснага паселішча, якое яны вывучалі. Але аднойчы вечарам, калі яны падняліся на высокі пагорак, каб палюбавацца на заход сонца, яны убачылі на светлым фоне зямлі цёмныя плямы, якія абсалютна не прасочваліся зблізу. Гэта і былі грунтовыя магілы. Старажытнае насельніцтва рабіла гэтыя магілы ў выглядзе шахт, засыпаючы іх пасля абраду пахавання шчабёнкаю. Менавіта у гэтых месцах, увечары і адбывалася кандэнсацыя вільгаці, якая пры косых промнях сонца і спрацоўвала як індыкатар пры выяўленні старажытных магіл.

Калі ўзаранае поле засеяна, дык праз пэўны час глебавыя анамаліі могуць пераўтварацца ў раслінныя. Так быў вылучаны і трэці спосаб выяўлення археалагічных помнікаў, схаваных пад покрывам зямлі.

Кроуфорд, які некалі шмат часу надаў увагі аграрнай археалогіі, заўважыў, што расліннасць на месцы былых ірвоў і жытлоў, дзе утрыманне гумусу ў глебе большае, мае і большую сакавітасць, значна буйнейшая і гусцейшая. І надварот, на тых месцах дзе у глебе схаваны рэшткі камяніц, муроў, расліннасць кволая, рэдкая, таму што расліны у гэтым месцы не атрымоўваюць дастатковай колькасці спажыўных элементаў з глебы і вільгаці. Кроуфорд назваў гэты эфект пазітыўнымі і негатыўнымі прыкметамі расліннасці на помніках археалогіі. Усе пералічаныя метады адносяцца да спосабаў выяўлення помнікаў археалогіі з паветра.

Для іх фіксацыі ужываецца фатаграфаванне. Яно бывае перспектыўным, зробленым пад ухілам у адносінах да помніка, і вертыкальным, калі лятальны апарат (аэрастат, верталёт) завісае над помнікам археалогіі і фатаграфуе яго строга перпендыкулярна. Вышыня, з якой адбываецца фатаграфаванне, вагаецца ў межах 90-120 м, максімум да 200 м. Фатаздымкі якія робяць са штучных спадарожнікаў Зямлі, могуць паходзіць з вышыні 1,5–2,5 км. А мінімальная вышыня, з якой фатаграфуюць помнікі археалогіі з паветра – каля 25 м. Зафіксавана і рэкордна нізкая вышыня палёта пры малых абаротах матора, усяго 5 м над зямлёю, калі фотаграфаваўся прыдарожны помнік на старажытным шляху каля Пальміры.

Першыя спробы выкарыстання аэраметадаў у археалагічных даследваннях на тэрыторыі былога СССР адносяцца да 1930 г. У 1934 г. аэрафотаразведка праводзілася у старажытным Харэзме ў нізоўях Амудар’і, старажытным Тэрмезе і пустыні каля Бухарскага оазіса. Але шыромаштабныя работы ў галіне паветранай археалогіі пачаліся з 1946 г. у Харэзмійскай археолага-этнаграфічнай экспедыцыі АН СССР пад кіраўніцтвам С.П. Талстова.

У 50–60-е гг. XX ст. аэрафотаразведка праводзілася на тэрыторыі Украіны. Даследваліся помнікі археалогіі Трыпольскай археалагічнай культуры. Менавіта з дапамогаю аэрафотаразведкі удалося выявіць сотні трыпольскіх жытлаў. У 60-е гг. XX ст. з дапамогаю авіяцыі удалося выявіць сотні помнікаў археалогіі у зоне будоўлі Саяна-Шушанскай ГЭС.

У 30-х гг. XX ст. пачалося вывучэнне старажытных гарадоў майя. Амерыканскі лётчык Георг Пальмер выявіў у даліне Каларада гіганцкі малюнак чалавека. Але сенсацыйныя адкрыцці былі зроблены у Перу. Тут, у 40-е гг. XX ст. на пласкагор’і Пампа дэ Наска непадалёку ад Лімы – сталіцы дзяржавы Перу лётчык Пауль Косок адкрыў выявы птушак, жывёл і людзей высечаных на скальнай пародзе. Адну з гэтых выяваў – выяву птушкі ахрысцілі «Калібры» у гонар самай маленькай у свеце птушкі, у якой даўжыня цела усяго 2-3 см. Даўжыня «Калібры» на пласкагор’і Пампа дэ Наска 90 м! Хтосьці убачыў у гэтай выяве касмічны карабель іншапланецян, што знайшло адлюстраванне ў вядомым у 70-я гады фільме «Успаміны пра будычыню», аўтар фільма Эрых фон Дзенікён. Нарадзілася нават асобная навука – уфалогія, якая займаецца вывучэннем неапазнаных лятаючых аб’ектаў. Аднак пасля правядзення спецыяльных астранамічных назіранняў Косок прыйшоў да высновы, што па гэтых гігантцкіх малюнках на зямлі вяліся назіранні за сонцам, месяцам і некаторымі зоркамі, якія адыгрывалі вельмі важную ролю у сельскагаспадарчым календары і рэлігіі мясцовых плямёнаў. Належалі гэтыя выявы індзейскаму племені наска і датуюцца 200 г. да н. э. – 600 г. н. э. У апошнія дзесяцігодзі для мэтаў археалогіі усё часцей выкарыстоўваюцца дадзеныя фатаграфавання са штучных спадарожнікаў.

У Беларусі паветраная археалогія выглядае досыць сціпла. Тлумачыцца гэта перш за ўсё тым, што дадзеныя аэрафотаздымак доўгі час знаходзіліся ў рэжыме строгай сакрэтнасці, паколькі Беларуская ваенная акруга заўсёды лічылася памежнаю. Але, тым не менш, першы прыклад выкарыстання дадзеных аэрафатаграфавання помнікаў археалогіі ў Беларусі прыпадае на пачатак 60-х гадоў мінулага стагодзя, калі з вышыні палёта птушкі было сфатаграфавана гарадзішча Калочын 5–8 ст. н. э., размешчанага каля в. Калочын Рэчэцкага раёна Гомельскай вобласці [гл. Сыманович Э.А. Городзище Колочин – 1 на Гомельщине // Славяне накануне образования Киевской Руси. М., 1963. Материалы и исследования по археологии СССР. № 108. С. 97-98, рис. 1, 2]. У 70-е гады таго жа стагодзя была зроблена спроба фатаграфавання археалагічнага комплекса Тайманава ў Быхаўскім раёне Магілёўскай вобласці і археалагічных раскопак на селішчы Тайманава – кіраўнік раскопак Л.Д. Побаль.

У 80-е гады XX ст. маскоўскім спецыялістам у галіне паветранай археалогіі К.В. Шышкіным былі дэшыфраваны аэрофотаздымкі гарадзішча Маскавічы у Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці, дзе раскопкі праводзіла Л.У. Дучыц. Дэшыфроўка паказала, што забудова на гарадзішчы была шчыльнай. Прычым на пляцоўцы помніка забудова была кучавая,а ўздоўж берагавой лініі – вулічная. Сляды пабудоў паводле дэшыфроўкі аэрофотаздымкаў выяўлены і каля паўднёвага падножжа гарадзішча.

Пры канцы 90-х гадоў XX ст. з вышыні больш як 25 м сфатаграфаваны археалагічны комплекс у Капылі: дзяцінец, вакольны горад і некропаль X – XІІ стст. А ў 2001 г. з верталёта сфатаграфавана гарадзішча старажытнарускага часу Дрысвяты. Апошнім часам з’явілася мажлівасць атрымоўваць аэрофотаздымкі некаторых помнікаў археалогіі змешчаных на сайце maps.google.com. У прыватнасці можна убачыць гарадзішчы старажытнага Клецка, Слуцка, Капыля.