Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Асновы журналістыкі. Амерыканскі досвед.doc
Скачиваний:
1
Добавлен:
17.11.2018
Размер:
325.12 Кб
Скачать

Iнтэрв’ю першаступеннай важнасцi: пачынайце з агульнага I сканчвайце канкрэтным, пачынайце з лёгкага I сканчвайце складаным

Можа быць, вам калi-небудзь выпадзе ўзяць першае ў яго жыццi iнтэрв’ю ў найбагацейшага чалавека ў вашай краiне цi ў якога-небудзь мiнiстра, якога даўно падазраюць у карупцыi. Але хто б гэта нi быў, перспектыва iнтэрв’ю такой важнасцi можа прымусiць нават сталага журналiста спынiцца i моцна задумацца, як яму ў гэтым выпадку быць.

Пачынайце, як правiла, з лёгкiх пытанняў i сканчвайце канкрэтнымi. I пачынайце з лёгкага, а сканчвайце складаным.

Напрыклад, вам даводзiцца браць iнтэрв’ю ў абвiнавачванага ў карупцыi бiзнесмена, якi падманваў сваiх акцыянераў, i гэтае iнтэрв’ю адбываецца ў ягоным офiсе. Вы маглi б пачаць яго так: “Якая цудоўная скульптура ў вас на стале”. Ён, напэўна ж, будзе такой самай думкi. I адкажа вам — так, гэта спраўдны Дэга, i ён набыў яго летась на аўкцыёне Крысцi проста па смешным кошце. “О, праўда,— здзiвiцеся вы.— I па якiм, калi не сакрэт?” Ён, напэўна, адкажа: “За палову стартавай цаны”. Такая, здавалася б, нязмушаная размова дазволiць яму адчуць сябе ўтульней i можа паспрыяць атрыманню вамi той iнфармацыi, якая будзе карысная для вашага артыкула.

Задайце яшчэ некалькi простых i агульных пытанняў i потым перайдзiце да больш спецыфiчных, напрыклад: “Цi набыла вашая кампанiя нафтавыя свiдравiны, якiя вы некалi абяцалi купiць?” Пачынаючы з гэтага моманту, будзьце вельмi канкрэтны, нават дастаньце i пакажыце яму некаторыя дакументы. Спрачайцеся з iм, калi будзе патрэба,— гэта часта правакуе на болей моцныя выказваннi.

Прыпiсвайце крытычныя выпады невядомым трэцiм асобам, напрыклад: “Вам, безумоўна, вядома, што ў вас ёсць нямала крытыкаў. Некаторыя кажуць, што за час вашага кiравання вашая фiрма набыла некалькi вельмi дарагiх скульптураў Дэга?” Такое пытанне, хоць яно i крытычнае, гучыць меней жорстка, чым: “Цi праўда, што вы скралi грошы iнвестараў i набылi за iх дарагi твор мастацтва?”

Падобны прыём нават у самых цяжкiх iнтэрв’ю можа дапамагчы захаваць прыязную атмасферу i дазволiць журналiсту задаць болей пытанняў

РЭПАРТАЖ-ДАСЛЕДАВАННЕ

Рэпартаж-даследаванне — найбольш цяжкi вiд журналiсцкай працы: ён вельмi адказны i патрабуе шмат сiлаў i часу. Але з iншага боку, такая праца можа зацягваць, быць вельмi цiкавай i ўдзячнаю. Журналiсцкае даследаванне — гэта нiшто iншае, як пошук таго, што пэўная асоба цi кампанiя, цi ўрадавая ўстанова хацелi б схаваць ад грамадскасцi.

Журналiсцкае даследаванне — гэта магчымасць выправiць несправядлiвасць i выступiць у якасцi Давiда супраць Галiяфаў усяго свету. У яго аснове ляжыць упэўненасць, што, выкрываючы несправядлiвыя ўчынкi, журналiсты, рэдактары i фотакарэспандэнты здольныя адыграць актыўную ролю ў паляпшэннi ўмоваў чалавечага iснавання.

У Злучаных Штатах рэпартаж-даследаванне, асаблiва ў тым, што тычыцца сферы бiзнесу i дзяржаўнай улады, мае доўгую гiсторыю. Ужо амаль сто год назад журналiсты i пiсьменнiкi займалiся тым, што выкрывалi часам проста жахлiвыя ўмовы працы, якiя iснавалi ў той час на некаторых амерыканскiх прадпрыемствах. Гэтыя пiянеры журналiсцкага даследавання i запачаткавалi прынцыпы, якiя жывуць дагэтуль. Менавiта гэтыя прынцыпы дазволiлi двум рэпарцёрам з Вашынгтон Пост раскрыць у 1973—74 гг. незаконныя махiнацыi ў вышэйшых эшалонах амерыканскай улады. Iх рэпартаж-даследаванне пра Ўотэргейцкi скандал прывёў да адстаўкi прэзiдэнта Злучаных Штатаў.

Асаблiва складана бывае правесцi рэпартаж-даследаванне ў сферы бiзнесу i эканомiкi. Нярэдка ў журналiста проста не хапае ведаў у бiзнесовых i эканамiчных пытаннях, i ён можа лёгка заблытацца ў фактах i няправiльна iх зразумець. У бiзнесе, як правiла, не прынята шырока абнародаваць пэўныя дакументы цi iншую iнфармацыю, як гэта робiцца ва ўрадавых установах, чыя iнфармацыя павiнна быць даступнай, а справы весцiся публiчна. Каб рэпартаж-даследаванне быў праведзены ўдала, у iм важна выкарыстоўваць усе традыцыйныя журналiсцкiя сродкi: iнтэрв’ю, працу з дакументамi i крынiцамi i, безумоўна, не трэба забывацца пра добры стыль. Апроч таго, такая праца патрабуе ўчэпiстасцi, у пэўных выпадках — смеласцi, i заўсёды — гатоўнасцi пераступiць мяжу звыклага будзённага жыцця.

Для правядзення даследавання рэдактар i выдавец павiнны таксама праявiць смеласць не меней за журналiста. Газета цi iншае выданне мусяць быць гатовымi да таго, што iх могуць напаткаць фiнансавыя страты цi ад iх адвернецца частка абуранай чытацкай аўдыторыi, асаблiва калi даследаванне закранае нейкую ўплывовую кампанiю, мiнiстэрства цi рэкламадаўцу. У такiх выпадках памiж рэдактарам, выдаўцом i журналiстам павiнны ўсталёўвацца адносiны асаблiвага даверу — з верай у тое, што журналiст будзе прытрымлiвацца высокiх прафесiйных стандартаў i не дапусцiць памылак, якiя потым могуць дорага абысцiся.

Вiдавочная прычына (фiнансавага парадку), якая тлумачыць, чаму рэпартаж-даследаванне можа стацца праблематычным, заключаецца ў тым, што для яго правядзення рэдактар павiнен быць гатовы пайсцi на немалыя выдаткi грошай i часу, бо такi праект можа заняць некальнi тыдняў i нават месяцаў. Для выданняў з малым штатам выйсцем з такой сiтуацыi можа быць паступовая падрыхтоўка i публiкацыя матэрыялу невялiкiмi часткамi — па адным артыкуле, замест таго, каб друкаваць вялiкую серыю артыкулаў адразу.

Так, напрыклад, публiкацыя на працягу 10 тыдняў дзесяцi невялiкiх артыкулаў, у якiх гаворка iшла б няхай i не пра такiя ўжо значныя, але сумнеўныя дзеяннi якога-небудзь мiнiстра, можа быць не толькi лягчэйшай, але i дасць нават болей магутны вынiк, чым публiкацыя аднаго вялiкага артыкула, падрыхтоўка i напiсанне якога зойме ўсе гэтыя 10 тыдняў запар. Некалькi невялiкiх артыкулаў, апублiкаваных у некалькiх нумарах на працягу года, могуць быць не менш вынiковымi, чым адзiн вялiкi артыкул, надрукаваны ў адным нумары. Часам добрыя вынiкi для журналiсцкага даследавання дае i штодзённая аператыўная журналiстыка. Калi вам надараецца кожны дзень цi тыдзень здабыць нейкi адзiн новы факт, часам варта абнародваць яго адразу пасля таго, як удалося яго праверыць, а не чакаць, пакуль такiя факты накопяцца.

Парады

Пры недаступнасцi пiсьмовых крынiц бярыце iнтэрв’ю

Пры даследаваннi дзейнасцi пэўнай кампанii цi iншых праблемаў, звязаных з бiзнесам, звычайна карыстаюцца судовымi дакументамi цi справаздачамi ўрадавых установаў. Але часам суд бывае перагружаны справамi, а патрэбная вам дзяржаўная ўстанова занадта занятая iншай праблемай i не можа выдаткаваць увагi тэме, якая вас цiкавiць. У гэтым выпадку iнфармацыю трэба чэрпаць у рабочых i служачых кампанii, у асобных дзяржаўных чыноўнiкаў i г.д. Калi вам трэба даследаваць дзейнасць пэўнай кампанii, вы можаце здабыць патрэбную iнфармацыю ў яе канкурэнтаў цi ў яе служачых, як былых, так i тых, што працуюць дагэтуль,— у супрацоўнiкаў любога ўзроўню. Пры гэтым журналiст павiнен памятаць, што былыя супрацоўнiкi звычайна адчуваюць сябе пры размове вальней, чым тыя, хто па-ранейшаму фiнансава залежыць ад кампанii. Апроч таго, трэба ведаць, што часам прасцей узяць iнтэрв’ю ў работнiкаў нiжэйшага рангу, чым у начальства.

Могуць даваць плён i такiя нечаканыя захады, як, напрыклад, вiзiт да патэнцыйнага iнфарматара дадому познiм вечарам. Чалавек нярэдка адчувае сябе зручней, калi гутарыць з журналiстам у звыклай для сябе, неафiцыйнай абстаноўцы.

Але не забывайце i пра пiсьмовыя крынiцы

Па меры развiцця капiталiстычнай эканомiкi ў Цэнтральнай i Усходняй Еўропе, кампанii i фiрмы гэтых краiнаў будуць вымушаныя абнародаваць усё больш дакладнай iнфармацыi — пра свае даходы, прыбыткi i г.д. Шмат такой iнфармацыi будзе паведамляцца патэнцыйным iнвестарам. Пэўную дакументацыю трэба будзе падаваць у органы мясцовай i дзяржаўнай улады. Другую можна будзе здабыць у мясцовых цi агульнадзяржаўных судовых установах — у выпадку, калi кампанiя цi яе супрацоўнiкi ўдзельнiчаюць у судовым працэсе.

Пры правядзеннi даследавання добры журналiст павiнен адсачыць усе крынiцы пiсьмовай i абнародаванай iнфармацыi, якiя тычацца пэўнай кампанii цi асобы. Каб даведацца, цi ўдзельнiчала гэтая кампанiя ў судовых працэсах, трэба нанесцi вiзiт у адпаведныя мясцовыя i агульнадзяржаўныя судовыя iнстанцыi. Нават калi не ўся дакументацыя па справе будзе публiчна даступная, вы зможаце сустрэцца з процiлеглым бокам i такiм чынам здабыць патрэбную вам iнфармацыю.

Шукайце выкрывальныя факты

Не забывайце, што часам для дакументальнага напаўнення артыкула найлепшым спосабам з’яўляецца асабiстае назiранне. Калi выяўляецца немагчымым знайсцi чалавека, якi даў бы вам дакладную iнфармацыю, цi вы не можаце здабыць дакументы, якiя яе выкрывалi б, паспрабуйце пасачыць за аб’ектам вашага даследавання самастойна. Бо нават калi вы працытуеце выказваннi дзесяцi чалавек, якiя будуць абвiнавачваць мiнiстра ў тым, што ён падкуплены мафiяй, гэта дасць нашмат меншы вынiк, чым калi вы самi заспееце i сфатаграфуеце яго за абедам з мафiёзнымi босамi.

Калi вы не маеце нiякiх канкрэтных фактаў супраць дзяржаўнага функцыянера, якi падазраецца ў раскраданнi маёмасцi, паназiрайце за iм. I калi ён будзе купляць новы аўтамабiль або дом цi будзе жыць, шыкуючы не па сродках, якія яму дае яго фiксаваны заробак,— пастаўце пытанне: адкуль да яго трапiлi такiя грошы?

Праводзьце ўласнае даследаванне

Сапраўдны рэпартаж-даследаванне — гэта не проста збiранне фактаў, ужо выкрытых iншымi. Калi вы даведваецеся, напрыклад, што ўлады цi палiцыя праводзяць расследаванне па факце крадзяжу нейкiм супрацоўнiкам грошай яго кампанii цi па факце падману iм iнвестараў, вы, па сутнасцi, не даведваецеся яшчэ нiчога пра тое, чым канкрэтна займаўся гэты супрацоўнiк. Рэальна артыкул-даследаванне пачынаецца тады, калi журналiст спрабуе высветлiць, чым усё-ткi гэты супрацоўнiк займаўся канкрэтна i цi напраўду ён займаўся крадзяжом грошай або ажыццявiў падлог.

Асобны выпадак цi тэндэнцыя?

Журналiсцкiя даследаваннi падзяляюцца на два асноўныя тыпы: адзiн — калi iх аб’ектам з’яўляецца пэўная асоба, фiрма цi ўстанова (у тым лiку ўрад); другi — калi даследаванне тычыцца агульных тэндэнцыяў, што закранаюць цэлую галiну вытворчасцi, усю арганiзацыю (зноў жа — у тым лiку ўрад) цi ўсю краiну.

Кожны тып патрабуе спецыфiчнага падыходу. Не адмаўляйцеся ад напiсання болей шырокага артыкула, нават калi напачатку збiралiся абмежавацца маленькiм. Дапусцiм, да вас дайшлi звесткi, што група кiраўнiкоў банкаў праводзiць свае адпачынкi за сродкi банкаў, якiмi яны кiруюць, i вы распачынаеце сваё даследаванне. Калi такая iнфармацыя спраўджваецца, у вас будзе добры сюжэт для артыкула. Але вы можаце пашырыць сваё даследаванне i высветлiць, што кiраванне ўрадам усёй банкаўскай сiстэмай у цэлым ажыццяўляецца не на належным ўзроўнi. I гэта, вядома, будзе яшчэ лепшы сюжэт.

Старайцеся абвергнуць

Добры журналiст, атрымаўшы пэўныя звесткi, пастараецца iх самастойна пацвердзiць. А вельмi добры журналiст, таксама пастараўшыся гэтыя звесткi праверыць, паспрабуе, апроч таго, давесцi, што яны цалкам цi часткова не адпавядаюць рэальнасцi. Раней чым сесцi за напiсанне артыкула, паспрабуйце абвергуць саму яго iдэю. Калi вам удасца знайсцi лагiчнае i адэкватнае тлумачэнне тым дзеянням, якiя вы даследуеце, то такую працу можа i не варта будзе даводзiць да завяршэння. Але адначасова не забывайце, што людзi, дзейнасць якiх вы даследуеце, будуць спрабаваць сабатаваць вашую працу, падсоўваючы вам “дэзiнфармацыю” (фальшывую iнфармацыю). Такiя людзi будуць зусiм не схiльныя папраўляць памылкi, калi вы будзеце iх рабiць.

Усё як след расплануйце

Заўжды складайце план працы: што вы збiраецеся рабiць — браць iнтэрв’ю, працаваць з дакументамi цi тое i другое? Цi спатрэбiцца вам камп’ютэр? Дзе i як вы будзеце шукаць крынiцы iнфармацыi? Колькi часу будзе доўжыцца даследаванне? Цi знойдзеце вы падтрымку вашага выдання, калi даследаванне зацягнецца долей? Давядзiце свайму рэдактару, што ваш план жыццяздольны i прытрымлiвайцеся яго як мага дакладней.

Рабiце падрабязныя спасылкi i заўвагi

Забяспечвайце ўсю збiраную вамi iнфармацыю дакладнымi спасылкамi i заўвагамi — асаблiва гэта датычыць iмёнаў. Самая дробная часцiнка iнфармацыi можа аказацца вырашальнай. (Напрыклад: ваш рэспандэнт згадвае падчас iнтэрв’ю шэраг iмёнаў, сярод якiх вы нiкога не ведаеце, але вы абавязкова павiнны ўсе iх занатаваць, бо пазней яны могуць быць згаданыя кiм-небудзь яшчэ цi ў вас самога можа ўзнiкнуць жаданне з iмi пагутарыць.)

Задавайце агульныя пытаннi

Не забывайцеся разам з канкрэтнымi задаваць i болей агульныя пытаннi. Часам людзi не любяць гутарыць на нейкую канкрэтную тэму, але з ахвотаю гатовыя паразважаць наконт болей шырокiх праблемаў. Калi рабочы, у якога вы бераце iнтэрв’ю, не хоча абмяркоўваць, цi займаецца крадзяжамi яго непасрэдны кiраўнiк, папытайцеся, цi бываюць у iх кампанii ўвогуле такiя выпадкi. Можа быць, на такое пытанне ён хутчэй адважыцца адказаць, бо не будзе адчуваць, што выступае супраць нейкага аднаго канкрэтнага чалавека.

Строга трымайцеся фактаў

Будзьце, як правiла, стрыманым у сваiх высновах i не выходзьце за рамкi фактаў. Пазбягайце спакусы зрабiць выснову толькi таму, што яна выглядае лагiчнай. Не пiшыце рэпартаж з галавы. Памятайце, што асновай любога даследавання з’яўляюцца факты. Не раздзiмайце iнфармацыю, якой валодаеце. Разам з тым, сачыце, каб, не раскрыўшы ўсiх фактаў цалкам, не схаваць ад сваiх чытачоў сапраўднае становiшча рэчаў. Калi вы дакладна ведаеце, што нешта сапраўды мела месца,— са свайго ўласнага досведу цi досведу тых, каму давяраеце,— напiшыце пра гэта.

Не спрошчвайце сабе задачу

Часам, каб сабраць патрэбную для артыкула iнфармацыю, даводзiцца прагледзець тысячы старонак дакументацыi i перамовiцца з безлiччу людзей. Калi ж вам захочацца падкарацiць гэтую працу, спынiўшы яе да поўнага завяршэння, ваш артыкул можа атрымацца недакладным або няпоўным. Трэба памятаць, што рэпартаж-даследаванне — рэч не заўсёды прыемная, часам такая праца бывае даволi нуднай.

Не трэба спяшацца

Вытрымлiваць вызначаныя тэрмiны, безумоўна, важна, але шмат памылак пры журналiсцкiм даследаваннi робiцца якраз з-за паспешлiвасцi. Калi трэба, пасядзiце над артыкулам яшчэ дзень цi нават тыдзень. Лепш здаць матэрыял са спазненнем, чым з недакладнасцямi.

Паперы i людзi

Часам небяспечна давярацца толькi паперам цi толькi людзям. I тыя i другiя могуць манiць. Дакументы могуць быць сфабрыкаваныя цi проста падрыхтаваныя недакладна, а людзi здольныя схлусiць. Найбольш спрактыкаваныя журналiсты заўсёды параўноўваюць iнфармацыю, атрыманую ад людзей, з тою, што здабылi з дакументаў, i такiм чынам яе спраўджваюць. Для найбольш iстотных фрагментаў вашага матэрыялу старайцеся мець прынамсi тры незалежныя крынiцы iнфармацыi. Чым болей iх будзе, тым лепей. Нiколi не пакладайцеся толькi на аднаго чалавека цi толькi на адзiн дакумент, палiчыўшы, што яны будуць тым цвiком, якi змацуе ўсе дэталi вашага даследавання.

Давайце адказ на пытанне, як пададзены вамi матэрыял закранае жыццё вашых чытачоў

Любая паведамленая ў газеце навiна так цi iначай закранае жыццё людзей. Яшчэ больш гэта тычыцца журналiсцкага даследавання, бо ў iм, як правiла, разглядаюцца незаконныя дзеяннi i факты карупцыi. Але нават калi з дапамогаю дакументаў i ўзятых у сведкаў iнтэрв’ю вам удалося скласцi грунтоўны артыкул, ён будзе ўсё ж незавершаны, калi вы не растлумачыце ў iм, якiм чынам усё гэта тычыцца вашых чытачоў асабiста i ўсяго грамадства ўвогуле.

Сачыце за рухам грошай

Гэта агульнаўжываны прыём у журналiсцкiх даследаваннях. Грошы часта пакiдаюць пасля сябе след, i вы можаце прасачыць, калi яны былi выплачаныя, на што патрачаныя цi на чым “зробленыя”. Калi вашае даследаванне заходзiць у тупiк, паспрабуйце проста прасачыць, куды i на што пайшлi грошы цi атрыманыя прыбыткi.

Будзьце заўжды справядлiвы

Нiколi не публiкуйце скiраванага супраць таго цi iншага чалавека артыкула, не даўшы яму часу на яго зрэагаваць. А калi вы патрацiлi на даследаванне чыёй-небудзь дзейнасцi не адзiн месяц, то будзе несправядлiвым пакiнуць гэтаму чалавеку на рэакцыю ўсяго некалькi гадзiн. Часам, калi вы палiчыце гэта патрэбным, вы можаце нават паслаць гэтаму чалавеку лiст з кароткiм рэзюмэ вашых асноўных абвiнавачванняў.

Правярайце i правярайце зноў

Нiколi не рабiце апрыёрных дапушчэнняў. Двойчы правярайце ўсё, нават тое, што выглядае вiдавочным. Спраўджвайце кожны факт i кожную лiчбу паводле некалькiх крынiцаў. Чым больш будзе такiх праверак, тым лепей. I яшчэ раз пераправерце ўсе ключавыя статыстычныя дадзеныя i лiчбы ў артыкуле напярэдаднi яго публiкацыi. Звычайна якраз недакладнасцi ў апiсаннi самых дробных фактаў або падзеяў прыносяць журналiстам больш за ўсё непрыемнасцяў. Бывае дастаткова, каб у важны пасаж укралася невялiкая памылка, нават арфаграфiчная, цi недакладная лiчба, i гэта падрывае давер да ўсяго артыкула.

Выкарыстоўвайце фатаграфii i дыяграмы

Выяўленчы матэрыял можа сапраўды часам каштаваць больш, чым самае доўгае слоўнае апiсанне, а дыяграма цi графiк здольныя дапамагчы чытачу лягчэй зразумець складаны матэрыял. Для палягчэння ўспрымання складаных артыкулаў пры магчымасцi трэба карыстацца i тым, i другiм.

Працуйце ў камандзе

Лепей, калi ў даследаваннi бяруць удзел не адзiн, а два цi больш журналiстаў — асаблiва, калi чакаецца, што яно зойме шмат часу. Калi журналiст працуе адзiн, ён можа занадта блiзка зжыцца з даследаванай праблемай цi наадварот — яна можа яму надакучыць. Апроч гэтага, вельмi важна мець добрага рэдактара, якi пры патрэбе мог бы скарэктаваць вашыя задумы, скiраваў бы вас на правiльны шлях, калi вы ад яго адхiлiлiся, цi падбадзёрыў, калi вы адчулi расчараванне ў працы.

Не бойцеся запярэчыць пануючым поглядам

Пры грунтоўным журналiсцкiм даследаваннi нярэдка даводзiцца ўваходзiць у супярэчанне з агульнапрынятымi iсцiнамi. Але тое, што нехта выказвае, як бясспрэчную iсцiну, далёка не заўсёды сапраўды ёю з’яўляецца.

Удумлiва падбiрайце кожны загаловак

Няўдалы загаловак можа сапсаваць нават добры артыкул. Таму перад здачай артыкула ў друк яшчэ раз прадумайце ўвесь матэрыял. Нiчога не рабiце на ўдачу, бо загалоўкi i назвы раздзелаў таксама з’яўляюцца складоваю часткай падрыхтаванага вамi даследавання.

Выпраўляйце любую памылку

Заўважыўшы ў артыкуле памылку, асаблiва калi гэта артыкул-даследаванне, як мага хутчэй яе выпраўляйце. I старайцеся апублiкаваць папраўку на не менш вiдным месцы, чым сам артыкул.

НАПIСАННЕ

Уменне добра выкласцi на пiсьме сабраны матэрыял не менш важнае для журналiста, чым уменне яго сабраць.

Каб напiсаць добры артыкул, вы павiнны папярэдне авалодаць усiмi фактамi — асаблiва канкрэтнымi дэталямi,— з якiмi будзеце працаваць. Гэтаму, зноў-такi, папярэднiчае вялiкая праца ног. Правёўшы дастатковую колькасць iнтэрв’ю i вывучыўшы адпаведныя дакументы, вы нарэшце збiраеце матэрыял, неабходны, каб паведамiць чытачу тое, што яму яшчэ не вядома. У гэтым, увогуле, i палягае задача журналiстыкi.

Падрыхтоўку артыкула можна разбiць на наступныя этапы: распрацоўка самой iдэi, збiранне адпаведнага факталагiчнага матэрыялу, абдумванне фактаў дзеля пранiкнення ў сутнасць кожнага з iх i — паслядоўнае i звязнае выкладанне iх у пiсьмовай форме. Дзеля гэтага iснуе, безумоўна, шмат розных спосабаў. Нiжэй падаюцца некаторыя iдэi, якiя вам могуць прыдацца.

Хадзяка чэша”

Фраза “хадзяка чэша” з’яўляецца напамiнкам пра тыя iстотныя моманты, на якiя, добра папахадзiўшы, журналiст павiнен даць адказ у сваiм асноўным газетным матэрыяле. Расшыфроўваецца яна так: ха = хто, дз = дзе, я = як, ка = калi, чэ = чаму, ша = што.

Адказы на гэтыя пытаннi ўяўляюць сабой асноўныя будаўнiчыя блокi, з якiх складаецца любы газетны артыкул,— усё роўна, цi iдзе ў iм гаворка пра банкруцтва буйнога прадпрыемства, цi пра пажар, якi знiшчыў супермаркет на рагу суседняй вулiцы.

Перагорнутая пiрамiда

Пасля таго, як асноўныя элементы, з якiх будзе складацца артыкул, сабраныя, iх трэба размясцiць у парадку, якi нагадвае “перагорнутую пiрамiду”. На журналiсцкай мове гэта азначае, што на самым версе будуць размешчаныя самыя значныя, важкiя факты, потым — крыху меней значныя i гэтак далей, у парадку памяншэння важнасцi.

Пры такой пабудове першыя адзiн-два абзацы будуць утрымлiваць ударную iнфармацыю — “кулю”. А ў адным з наступных абзацаў, следам за “куляй”, будзе размешчаны абзац-рэзюмэ —”ядро”, якi можна назваць так, бо ў iм распавядаецца пра самую сарцавiну, сутнасць таго, пра што iдзе гаворка ў артыкуле. Гэта як бы адказ на пытанне: “Ну, i?..” Чытачам хутка i сцiсла паведамляецца, чаму iм варта прачытаць гэты артыкул i пра што яны з яго змогуць даведацца.

Пасля “кулi” i “ядра” на нiжэйшых узроўнях перагорнутай пірамiды будуць размяшчацца драбнейшыя i менш значныя дэталi — падрабязнасцi, якiя таксама могуць уяўляць цiкавасць, але якiя пры неабходнасцi можна апусцiць, каб скарацiць артыкул.

Артыкул пра пажар на мясцовым рынку, пабудаваны паводле прынцыпу перагорнутай пiрамiды, будзе пачынацца з адказаў па формуле “хадзяка чэша”: “У аўторак ранiцай у вынiку пажару на Велаўскiм рынку была знiшчаная крама на вулiцы Гедымiна; два супрацоўнiкi рынку дастаўленыя ў шпiталь з невялiкiмi апёкамi”.

Або: “У аўторак два супрацоўнiкi Велаўскага рынку былi дастаўленыя ў шпiталь з невялiкiмi апёкамi, атрыманымi падчас пажару, якi тут здарыўся ранiцай i ў вынiку якога была знiшчаная крама на вулiцы Гедымiна”.

Ядро можа дадаваць кантэкст здарэння, каб дапоўнiць карцiну. У iм можа гаварыцца, што, на думку начальнiка пажарнай аховы, пажар быў выклiканы непаладкамi ў электраправодцы, што з’яўляецца хранiчнай праблемай старых i небяспечных у гэтым сэнсе будынкаў на вулiцы Гедымiна. У астатняй частцы артыкула iнфармацыя будзе размяшчацца ў парадку памяншэння яе значнасцi, падаючы факты няхай i цiкавыя, але малазначныя. Напрыклад, пра тое, што, як сказаў уладальнiк крамы, першым звярнуць увагу на агонь ля шчыта электраразводкi яго прымусiў брэх ягонага сабакi.

Не ўсе газеты i не ва ўсiх краiнах арганiзуюць матэрыялы падобным чынам. Але ж у барацьбе за ўвагу грамадскасцi друкаваная прэса павiнна канкураваць з тэлебачаннем, радыё i электроннымi сродкамi масавай iнфармацыi.Таму газетчыкi павiнны знаходзiць болей цiкавыя спосабы падачы iнфармацыi, якiя давалi б чытачам такiя элементы зместу, якiх яны не змогуць знайсцi ў кароткiх аглядах навiнаў.

Выжывае той, хто ўмее даць чытачам тое, што iм патрэбна,— iнфармацыю карысную i iнфармацыю хуткую. Зрэшты, справа не ў адной журналiстыцы, але i ў тым, колькi часу чытачы могуць выдаткаваць на чытанне газетаў. Чытачы сталага веку маюць на гэта час. А вось моладзь — не. Таму, каб павялiчыць свае тыражы, газеты павiнны прыцягнуць да сябе ўвагу маладых чытачоў. Тыя, хто зрабiць гэта будзе няздольны, неўзабаве могуць апынуцца ў цяжкiм фiнансавым становiшчы.

Парады

Ажыўляйце артыкул яркiмi дэталямi

Вы можаце каротка паведамiць: “У аўторак уладальнiк магазiнаў “Лакi-фарбы” Ханно Пээтсалу адчынiў на вулiцы Тулiка ўжо трэцяю сваю краму”,— i на гэтым скончыць. Але вы можаце сказаць i болей, паведамiўшы, што нягледзячы на тое, што крама ўжо адчыненая, Пээтсалу ўсё яшчэ завяршае рамонт будынка, i падчас адкрыцця яго рукi былi такога самага сiняга колеру, што i сцены новае крамы. Гэтаксама вы можаце проста паведамiць, што дзве першыя крамы мелi вялiкi поспех i гэта дазволiла яму адкрыць трэцюю. А можаце апiсаць гэта i больш жыва, распавёўшы чытачам, што поспех першых дзвюх крамаў дазволiў яму, апроч iншага, набыць i новы чорны “Мерсэдэс”, што стаяў падчас адкрыцця насупраць новае крамы, а таксама наняць двух работнiкаў — Янiса i Андруса, якiя выглядалі задаволенымi працай i вясёла насвiствалi, разгружаючы бляшанкi з фарбай у новую краму ў дзень адкрыцця. Чым больш вы дадзiце жывых i канкрэтных дэталяў, тым прываблiвей будзе выглядаць ваш артыкул.

Чалавечы фактар

Наўрад цi будзе надта цiкава, калi вы проста напiшаце, што такая i такая новая кампанiя дабiлася рэкорднага прыбытку ўжо ў першы год свайго iснавання. Але будзе цiкавей, калi вы распавядзеце персаналiзаваную гiсторыю пра амбiтнага маладога прадпрымальнiка, якi арганiзаваў гэтую фiрму. Зрабiце з яго жывы, характарны персанаж — так, як гэта робiць драматург, ствараючы п’есу. А каб напоўнiць артыкул кантэкстам, дайце некалькi кароткiх гiсторый пра iншых работнiкаў, запрошаных iм у гэтую ўдалую фiрму,— напрыклад, пра маладую кабету, якой упершыню давялося засвойваць правiлы гандлю, цi пра сталага ўжо веку мужчыну, якi нiколi й не спадзяваўся ўбачыць у сваiм жыццi такiя заробкi. Чалавечы фактар робiць любы фрагмент тэксту больш прыцягальным, бо дазваляе чытачу ўбачыць у iм нешта i пра самога сябе.

Апавядальная цi сюжэтная падача матэрыялу

Не апiсвайце толькi “вонкавую паверхню” цi вынiк нейкай падзеi — напрыклад: “такi i такi ўрадавы чыноўнiк быў вызвалены ад займанай пасады”, “такая i такая кампанiя збанкрутавала”, “такi i такi памёр у вынiку таго, што...” Паспрабуйце скласцi цэлае апавяданне, пачаўшы з моманту стварэння кампанii, перайшоўшы потым да першых небяспечных сiмптомаў i скончыўшы, нарэшце, сходам працоўнага калектыву, на якiм кiраўнiк паведамляе сумным супрацоўнiкам пра моцнае скарачэнне штату. Артыкул, напоўнены iмпульсамi, драматызмам, апiсаннем чалавечых пачуццяў, чытаецца заўжды цiкавей за сухую справаздачу, якая пачынаецца i сканчваецца адказамi на пытаннi па формуле: “Хадзяка чэша”.

Пiшыце з выразна акрэсленага пункту погляду

Выбар аб’ектыўнай i бесстаронняй пазiцыi цi пазiцыi аналiтычнай, якая дапускае выказванне пэўнага меркавання, залежыць ад таго, якi матэрыял вы рыхтуеце — строгую справаздачу па апошнiх навiнах цi журналiсцкi аналiз падзеяў.

У журналiстыцы Злучаных Штатаў прынята бесстаронняя, аб’ектыўная, неперсаналiзаваная i збалансаваная падача матэрыялу. Лiчыцца, што меркаванне самога журналiста ў артыкуле адчувацца не павiнна. Еўрапейская журналiстыка дапускае, каб голас аўтара быў чутны болей. Еўрапейскi журналiст у сваiм артыкуле нярэдка можа выказаць i сваё разуменне праблемы, i падаць яго ў пажаданым яму кантэксце, i нават прыправiць яго гумарам. Так цi iначай ключавымi пытаннямi для журналiста ў любой краiне з’яўляюцца: “што чытач мусiць ведаць?”, “цi чакае чытач, каб кожная адзiнка iнфармацыi мела аўтарскую атрыбуцыю?” Еўрапейскi чытач паверыць экспертнаму заключэнню самога журналiста, калi той патлумачыць, чаму тое цi тое магло адбыцца. У Злучаных Штатах такое тлумачэнне хутчэй давалася б са спасылкай на нейкага iншага эксперта цi канкрэтную асобу.

Пiшыце яснаю мовай

Чалавек прачытвае газету вельмi хутка. I калi яму не ўдаецца зразумець нешта з першага разу, дык хутчэй за ўсё ён не зразумее гэтага i пасля, а то i ўвогуле кiне чытаць ваш артыкул. У адрозненне ад раманаў чалавек не схiльны перачытваць газету па некалькi разоў, каб дайсці да глыбейшага сэнсу. Таму вы павiнны старацца выказвацца дакладна i ясна, але i сачыць за тым, каб вашая яснасць не абярнулася пустою квяцiстасцю.

Будзьце дакладны

Не пiшыце “некалькi”, калi вам вядома дакладная лiчба — скажам, тры. Заўжды лепш напiсаць: “У нядзелю у каталiцкай царкве св. Карла вернiкi былi абстраляныя атрадам баевiкоў у 133 чалавекi, на якiх была зялёная ўнiформа”,— чым: “Нядаўна вернiкi, якiя прыйшлi ў царкву, былi абстраляныя вялiкiм атрадам баевiкоў, апранутых у цёмнае”. Выкарыстоўвайце дакладную iнфармацыю, якой валодаеце. Будзьце пунктуальны.

Карыстайцеся слоўнiкамi

Заўсёды высвятляйце, што азначае кожнае слова цi тэрмiн. Шмат словаў у штодзённай гаворцы ўжываюцца няправiльна. Не карыстайцеся мудрагелiстымi цi моднымi слоўцамi толькi, каб паказаць вашае валоданне мовай, калi такi самы сэнс можна перадаць прасцейшымi словамi i карацей. З iншага боку, не бойцеся ўжыць i сакавiтае, выразнае слова, якое не часта можна сустрэць у будзённай гаворцы, калi гэта якраз тое слова, якое патрэбна, каб стварыць яркую карцiну таго, пра што гаворыцца ў вашым артыкуле.

Дзялiцеся з чытачамi сваiмi сакрэтамi

Выпiваючы ў кавярнi цi ў бары, журналiсты часта дзеляцца мiж сабой iнфармацыяй, якая нiколi не прасочваецца ў друк. Але чаму б не паведамiць i чытачам пра тое, аб чым гавораць у вашым коле? Бо калi вам цiкава гутарыць пра гэта з сябрамi, дык гэта можа быць цiкавым

ЭТЫКА

У гэтым раздзеле каротка даюцца агульныя абрысы тае сферы, якая павiнна быць у цэнтры ўвагi кожнага журналiста. Разам з тым, мы не будзем спрабаваць разгледзець дэталёва ўсе пытаннi маральнага кодэкса. Гэтай тэме прысвечаныя дзесяткi болей грунтоўных кнiжак.

Журналiсцкая этыка — не тое, што можа быць прывязанае да пэўнае сiтуацыi. Iснуе некалькi нязменных правiлаў, прытрымлiвацца якiх трэба ва ўсiх выпадках без выключэння:

• Нiколi не можа быць апраўдання свядомай публiкацыi iлжывай iнфармацыi.

• Недапушчальна браць хабар за абнародаванне цi замоўчванне iнфармацыi.

• Недапушчальна пiсаць пра асобу, з якою ў вас iснуе канфлiкт — фiнансавага цi асабiстага характару.

У журналiсцкай этыцы iснуюць i некаторыя, так бы мовiць, “цьмяныя” моманты, якiя разглядаюцца ў працах, прысвечаных аналiзу маральнага кодэкса журналiста ў поўным яго аб’ёме. Гэта, напрыклад, такiя моманты, як прыманне журналiстамi падарункаў падчас службовых кантактаў. У некаторых амерыканскiх установах масавай iнфармацыi дапускаецца прымаць невялiкiя падарункi. Але ёсць i такiя, дзе нi журналiстам, нi рэдактарам, нi фотакарэспандэнтам не дазваляецца прымаць нават маленькiя гасцiнцы.

Дакладнасць

Найпершы абавязак кожнага журналiста i рэдактара заключаецца ў тым, што яны ва ўсiм павiнны быць абсалютна дакладныя.

Выверка ўсiх дэталяў падрыхтаванага ў друк матэрыялу, у т.л. iмёнаў i лiчбаў, мае першаступеннае значэнне, бо менавiта ад iх залежыць давер да ўсяго артыкула. Найгоршым грахом журналiста з’яўляецца няправiльная падача чыйго-небудзь iмя. Няправiльна пададзенае ў друку iмя выклiкае непатрэбнае расчараванне i недавер: “Калi журналiст не можа правiльна напiсаць нават маё iмя, дык як можна верыць усяму астатняму ў ягоным артыкуле?” Калi памылкi ў дэталях паўтараюцца, чытач можа задумацца — i будзе мець рацыю,— цi варта давяраць увогуле таму, пра што пiшуць у гэтай газеце?

Цытаты, што стаяць у двухкоссi, павiнны дакладна падаваць сказанае чалавекам менавiта ў тых словах, якiя былi iм ужытыя. Калi нешта ў цытаце мяняецца, двухкоссе павiнна быць знятае. Калi нехта ўжыў няправiльную граматычную канструкцыю цi, не падумаўшы, ляпнуў штосьцi такое, што вiдавочна не стасуецца з сэнсам, якi ён сам у гэта ўкладаў, узгаднiце з iм гэтую цытату яшчэ раз. Не будзе нiчога страшнага, калi вы яму ператэлефануеце, каб удакладнiць ягонае выказванне.

Калi, працуючы са складаным матэрыялам, вы не ўпэўнены, што яго разумееце, звяжыцеся са спецыялiстам i пераканайцеся, што ўсе факты, якiмi вы валодаеце, правiльныя.

Бесстароннасць

Артыкул не можа быць дакладным, калi ў iм няма бесстароннасцi. Калi ў матэрыяле прадстаўленыя не ўсе бакi, ён не дасць чытачу цалкам праўдзiвай карцiны здарэння або канфлiкту. Нават пункт погляду меншасцi — хоць гэта можа быць i экстрэмiст, i фанатык, i якi-небудзь шаленец — таксама варты таго, каб быць прадстаўленым.

Цытаты цi спасылкi на чые-небудзь выказваннi павiнны давацца ў кантэкце, каб падобныя заўвагi не гучалi недарэчна цi не вялi да няправiльнага разумення сказанага. Разам з тым, калi якi-небудзь загартаваны палiтык цi чалавек, спрактыкаваны ў дачыненнях з прэсай, дазваляе сабе публiчна зрабiць якое-небудзь бязглуздае выказванне, рэпарцёр i рэдактар мусяць самi вырашыць, цi аддаваць такое выказванне больш шырокай галоснасцi. Ад журналiста не патрабуецца быць усеагульным цэнзарам.

Той, у каго вы бераце iнтэрв’ю, павiнен добра ўсведамляць, што гутарыць з рэпарцёрам. Перад тым, як пачаць iнтэрв’ю, вам трэба прадставiцца i назваць сваю арганiзацыю, iначай вы будзеце выступаць пад фальшываю маскай.

Аб’ектыўнасць i бесстароннасць павiнны быць задачай пры напiсаннi любога артыкула, незалежна ад расы, полу, веравызнання цi прыналежнасцi да пэўнай культуры як самога журналiста, так i тых людзей, пра якiх ён пiша. Калi рэдакцыя навiнаў складаецца з людзей, розных па сваёй арыентацыi i прыхiльнасцях, гэта можа спрыяць таму, што ў матэрыялах, якiя трапляюць у друк цi гучаць у эфiры, будуць прадстаўленыя розныя бакi-ўдзельнiкi таго цi iншага сюжэта. Пажадана, каб у штат рэдакцыi ўваходзiлi мужчыны i жанчыны з рознай культурнай i этнiчнай прыналежнасцю, што адлюстроўвала б склад грамадства, жыццё якога асвятляе выданне.

Канфлiкты i iнтарэсы

Журналiст павiнен пазбягаць любых адносiнаў эмацыйнага цi фiнансавага характару, якiя ўплывалi б цi пры якiх стваралася б уражанне, што яны здольныя паўплываць на бесстароннасць i аб’ектыўнасць у асвятленнi навiнаў. Гэта значыць, што ўсякiя сексуальныя адносiны з тымi, хто пастаўляе вам iнфармацыю, гэтаксама як прыманне грошай цi каштоўных падарункаў ад тых, пра каго гаворыцца ў вашым матэрыяле цi хто мае да яго непасрэднае дачыненне, павiнны быць выключаныя. Калi рамантычныя цi занадта сяброўскiя адносiны робяцца непазбежнымi, пра гэта трэба сказаць начальнiку вашага аддзела. У гэтым выпадку рэдакцыя павiнна вырашыць, цi пакiдаць за журналiстам працу над гэтым матэрыялам, i калi пакiдаць, то цi варта аддаваць такiя адносiны галоснасцi.

Журналiсты i рэдактары нiколi i нi ў якiм выглядзе не павiнны прымаць грошай ад арганiзацыяў цi фiзiчных асобаў, пра якiх яны пiшуць. Усе магчымыя выдаткi па падрыхтоўцы матэрыялу вы павiнны аплачваць самастойна. Сюды ўваходзiць i аплата за харчаванне, паездкi i пражыванне. Нават калi вы ўпэнены, што прыняцце падарунка нiяк на вас асабiста не адаб’ецца, ужо адна бачнасць вашай магчымай зацiкаўленасцi можа падарваць да вас давер.

Чытач павiнен быць iнфармаваны, калi нешта можа ўваходзiць у патэнцыйную сферу iнтарэсаў журналiста. У такiм выпадку ён зможа самастойна вырашыць, цi можа такая зацiкаўленасць журналiста паўплываць на выкладанне iм матэрыялу. Так, напрыклад, калi вы пiшаце пра дзейнасць нейкага iнвестыцыйнага банка, у якiм вам некалi выпала працаваць, у канцы артыкула пра гэта павiнна быць змешчаная адпаведная заўвага. У шэрагу газет, асаблiва тых, што спецыялiзуюцца на навiнах у сферы бiзнесу, прынята, каб журналiсты i рэдактары падавалi фiнансавыя справаздачы, у якiх апiсвалiся б крынiцы iхнiх даходаў, кампанii, чыiмi акцыямi цi аблiгацыямi яны валодаюць, i iншая адпаведная iнфармацыя. Кампанii навiнаў штогод абнаўляюць гэтыя звесткi i захоўваюць iх у архiвах, што дапамагае iм не даручаць журналiстам i рэдактарам падрыхтоўку тых артыкулаў, напiсанне якiх магло б прынесцi iм асабiстую карысць.

“Цьмяным месцам”, у дачыненнi да якога палiтыка розных сродкаў масавай iнфармацыi ў ЗША моцна адрознiваецца, з’яўляецца пытанне аб тым, цi могуць журналiсты i рэдактары атрымлiваць грошы за свае прамовы цi ўдзел у складзе журы. Шмат якiя амерыканскiя сродкi масавай iнфармацыi, асаблiва тэлевiзiйныя кампанii, дазваляюць сваiм вядомым журналiстам i вядучым атрымлiваць за свае выступленнi ганарары, якiя часам складаюць тысячы долараў. Iншае спрэчнае пытанне заключаецца ў тым, як часта i ў якiх выданнях штатныя журналiсты могуць выступаць у якасцi пазаштатных аўтараў.

Плата за iнфармацыю

Зарэгiстраваныя сродкi масавай iнфармацыi ў Злучаных Штатах за атрымоўваную iмi iнфармацыю не плацяць. А вось у Заходняй Еўропе i Японii такая практыка пашыраная значна больш i з’яўляецца агульнапрынятай.

Довад на карысць таго, каб за iнфармацыю не плацiць, вiдавочны: такая плата можа падштурхнуць крынiцы, з якiх яна паходзiць, проста фабрыкаваць iнфармацыю цi, прынамсi, яе прыхарошваць. Не вельмi прэстыжныя выданнi ў ЗША, як правiла, плацяць сваiм клiентам за дачу iмi эксклюзiўных iнтэрв’ю. Але нават i самыя рэспектабельныя тэлекампанii часта забяспечваюць бясплатны праезд, таксi, пражыванне i харчаванне тым, каго запрашаюць да ўдзелу ў сваiх праграмах.

У ЗША iнфармацыя пра цi ад прадстаўнiкоў крымiнальнага свету нярэдка аплачваецца сiлавымi структурамi i потым, як правiла, публiкуецца на старонках масавых выданняў. Але практыка аплаты такой iнфармацыi палiцыяй спрэчная, i яе каштоўнасць для выкарыстання ў судовай справе досыць абмежаваная — менавiта з-за таго, што дакладнасць такой iнфармацыi выклiкае сумнеў.

У некаторых краiнах Азii журналiстам плацяць за прысутнасць на прэс-канферэнцыi. На Захадзе, а паступова ўсё больш i на Далёкiм Усходзе да такой практыкi ставяцца вельмi непрыхiльна.

Змяшэнне рэкламных i рэдакцыйных функцыяў

Установы сродкаў масавай iнфармацыi павiнны строга раздзяляць камерцыйны бок сваёй дзейнасцi (скiраваны на атрыманне даходаў ад рэкламы) i чыста рэдакцыйную працу. Па-сапраўднаму незалежныя газеты не дазваляюць рэкламадаўцам уплываць на змест сваiх газетных матэрыялаў. Тым не менш, у краiнах Цэнтральнай i Ўсходняй Еўропы надта шырока распаўсюджаная практыка, калi журналiсты займаюцца “прыхаванай рэкламай” i аплачваюцца “з-пад стала” тымi фiрмамi цi асобамi, матэрыял пра якiх яны апублiкавалi. Безумоўна, такая практыка з’яўляецца заганнай, iначай з платы за такi матэрыял не рабiлася б сакрэту.

Адным са спосабаў пазбегчы такой праблемы з’яўляецца забарона журналiстам, рэдактарам i фотакарэспандэнтам напрошвацца на напiсанне платнага рэкламнага матэрыялу падчас выканання iмi службовых абавязкаў. На жаль, некаторыя сродкi масавай iнфармацыi ў Цэнтральнай, Усходняй Еўропе i ў Расii па-ранейшаму дазваляюць сваiм журналiстам падобную практыку, здольную толькi падарваць iх рэпутацыю.Апроч гэтага, iнфармацыйныя выданнi павiнны з асцярогаю ставiцца да прымання дзяржаўных субсiдыяў. А тыя, хто iх прымае, як гэта робiць Бi-Бi-Сi, павiнны строга прытрымлiвацца аб’ектыўнасцi, асвятляючы дзейнасць урада

Дадатак А

ЭТЫЧНЫ КОДЭКС

ВАШЫНГТОН ПОСТ”

Друкуецца з дазволу газеты “Вашынгтон пост” з выдання: TheWashington PostDeskbook on Style, Second Edition, compiled and edited by Thomas W. Lippman, New York, McGraw-Hill Publishing Company, 1989.

НОРМЫ I ЭТЫКА

паводле Бэнджамiна К. Брэдлi

“Вашынгтон Пост” абавязуецца актыўна, адказна i бесстаронне вышукваць праўду, не схiляючыся нi перад чыiмi iнтарэсамi i нiкому не даючы перавагi.

Рэпарцёры i рэдактары “Вашынгтон Пост” абавязуюцца выконваць кожнае ўскладзенае на iх заданне шчыра, аб’ектыўна i непрадузята. Пошук контраргументаў павiнен быць узяты за правiла. У артыкулах i матэрыялах павiнна фiгураваць i меркаванне тых, хто ў iх абвiнавачваецца цi супраць каго яны скiраваныя. Трэба ўсведамляць, што матывы тых, хто спрабуе нам навязаць сваё меркаванне, могуць быць як высакародныя, так i нiзкiя, як вiдавочныя, так i прыхаваныя, i таму высвятленне i аналiз гэтых матываў павiнны быць узятыя за правiла.

Мы цалкам усведамляем, што ўлада, якою мы надзеленыя, будучы самай уплывовай ранiшняй газетай у сталiцы свабоднага свету, прадугледжвае i асаблiвую адказнасць:

• прыслухоўвацца да тых, хто не можа выказвацца публiчна;

• пазбягаць любых i ўсякiх праяваў высакамернасцi;

• шчыра i ветлiва ставiцца да грамадскасцi.

Канфлiкты i iнтарэсы

Газета павiнна пазбягаць быць уцягнутаю ў канфлiкты i праяўляць сваю ўласную зацікаўленасць цi нават яе бачнасць, наколькi i калi толькi гэта магчыма. Дзеля гэтага па шэрагу пытанняў намi прынятыя строгiя правiлы, якiх мы прытрымлiваемся, усведамляючы, што яны болей жорсткiя, чым гэта звычайна прынята ў свеце прыватнага бiзнесу. А менавiта:

• Мы плацiм самi.

• Мы не прымаем нiякiх прэзентаў ад тых, хто пастаўляе нам iнфармацыю. Мы не прымаем бясплатных паездак. Мы не шукаем i не прымаем перавагаў у абыходжаннi, якiя нам могуць рабiцца з прычыны становiшча, якое мы займаем. Выключэннi з правiла непрыняцця прэзентаў могуць рабiцца толькi ў рэдкiх i вiдавочных выпадках — запрашэнне на абед, напрыклад, можа быць прынятае толькi тады, калi яно зробленае з чыстага выпадку i без нiякага падтэксту i мэты, але яно не можа быць прынятае, калi робiцца сiстэматычна i яго мэта лёгка прачытваецца. Бясплатны праход на любое мерапрыемства, на якое няма бясплатнага публiчнага доступу, забараняецца. Адзiнае выключэнне складаюць месцы, бiлеты на якiя не прадаюцца для публiкi,— у ложы прэсы. Але калi гэта толькi магчыма, будуць зробленыя захады для аплаты i гэтых месцаў.

• Мы не працуем нi на каго, апроч “Вашынгтон пост”, калi на iншае няма дазволу кiраўнiцтва. Залiшняя пазаслужбовая занятасць i актыўнасць несумяшчальныя з належным выкананнем працы ў незалежнай газеце. Найбольш непажаданым з’яўляецца супрацоўнiцтва з урадавымi ўстановамi. Дзеля таго, каб пазбегнуць узнiкнення рэальнай цi ўяўнай асабiстай зацiкаўленасцi пры асвятленнi навiнаў бiзнесу i фiнансавага рынку, усе супрацоўнiкi аддзелаў бiзнесу i фiнансаў абавязаныя падаваць намеснiкам рэдактараў адпаведных аддзелаў дэкларацыi з пазначэннем набытых iмi каштоўных папераў i зробленых капiталаўкладанняў. Патэнцыйна зацiкаўленымi, аднак, могуць быць не толькi штатныя супрацоўнiкi аддзелаў бiзнесу i фiнансаў. У сувязi з гэтым, усе рэпарцёры i рэдактары незалежна ад таго, у якiм аддзеле працуюць, павiнны падаваць начальнiкам сваiх аддзелаў дэкларацыi пра любыя свае фiнансавыя iнтарэсы, якiя могуць быць закранутыя цi даць падставу падумаць, што яны закранутыя, пры выкананнi iмi сваiх рэпарцёрскiх цi рэдактарскiх абавязкаў. Кiраўнiкi аддзелаў падаюць свае дэкларацыi галоўнаму рэдактару.

• Мы нi ад каго не прымаем прапановаў на пазаштатную працу i не вядзем на гэтую тэму вусных перамоваў без дазволу кiраўнiкоў аддзелаў. Дазвол на выкананне пазаштатнай працы можа быць дадзены толькi, калi “Вашынгтон пост” не зацiкаўлены сам у падобным артыкуле i калi гэты артыкул будзе апублiкаваны ў выданнi, якое не з’яўляецца канкурэнтам “Вашынгтон пост”. Вельмi важна, каб выкананне нiякай пазаштатнай працы i нiякiя ганарары не маглi быць iнтэрпрэтаваныя як прыхаваны гасцiнец.

• Мы прыкладаем усе магчымыя намаганнi, каб не быць звязанымi нейкiмi абавязкамi перад крынiцамi iнфармацыi i не залежаць ад нейкiх спецыфiчных iнтарэсаў. Мы павiнны быць абачлiвымi ў сваiх дачыненнях з тымi, чыё становiшча робiць iх патэнцыйнымi аб’ектамi журналiсцкага iнтарэсу i вывучэння. Нашы прыватныя паводзiны i прафесiйная дзейнасць не павiнны дыскрэдытаваць нi нашу прафесiю, нi “Вашынгтон пост”.

• Мы пазбягаем актыўнай заангажаванасцi ў любых праявах сацыяльнай дзейнасцi — палiтыцы, справах мясцовых суполак, грамадскiх акцыях, дэманстрацыях,— якiя могуць кампраметаваць цi рабiць уражанне, што кампраметуюць нашу здольнасць асвятляць падзеi бесстаронна. Правiлы “Вашынгтон пост”, безумоўна, не могуць распаўсюджвацца на сваякоў, але трэба ўсведамляць, што iх праца цi заангажаванасць у тую цi iншую дзейнасць могуць быць, прынамсi ўяўна, тым, што кампраметуе нашу непрадузятасць. Вы павiнны паведамляць кiраўнiкам сваiх аддзелаў пра прафесiйныя цi бiзнесовыя сувязi членаў сваёй сям’i цi iншых сваякоў, якiя пражываюць з вамi сумесна.

Роля рэпарцёра

Нягледзячы на тое, што пасля Уотэгейта нашай газеце i прэсе ў цэлым даводзiцца працаваць ва ўсё больш складаных умовах, рэпарцёры павiнны прыкладаць усе намаганнi, каб па-ранейшаму прыцягваць увагу публiкi, быць хутчэй рабочымi, а не зоркамi сцэны, паведамляць навiны, а не фабрыкаваць iх.

Пры зборы навiнаў рэпарцёр павiнен заўжды праўдзiва iдэнтыфiкаваць сваю асобу. Ён не павiнен прадстаўляцца як супрацоўнiк палiцыi, медработнiк цi прадстаўнiк любой iншай прафесii, а толькi як журналiст.

Памылкi

Наша газета абавязуецца звесцi да мiнiмуму колькасць верагодных памылак i выпраўляць тыя, якая будуць здарацца. Нашая мэта — дакладнасць; нашая абарона — руплiвасць. Кожны, хто будзе паказваць нам на нашыя памылкi, павiнен быць выслуханы з удзячнасцю i павагай.

Пазначэнне крынiцаў

“Вашынгтон пост” абавязуецца, наколькi гэта магчыма, раскрываць усе крынiцы сваёй iнфармацыi. Калi ж памiж намi i крынiцаю iнфармацыi iснуе дамоўленасць аб захаваннi яе iмя ў сакрэце, гэтае iмя не будзе раскрытае нiкому па-за межамi “Вашынгтон пост”.

Перш чым пагадзiцца прыняць нейкую iнфармацыю без поўнага пазначэння яе крынiцы, рэпарцёр павiнен прыкласцi ўсе магчымыя намаганнi, каб зрабiць яе магнiтны запiс. Калi гэта выяўляецца немагчымым, рэпарцёр зробiць лепш, калi паспрабуе здабыць гэтую iнфармацыю з iншай крынiцы. Калi i гэта выявiцца немагчымым, рэпарцёр павiнен запатрабаваць растлумачыць прычыны, па якiх iмя крынiцы iнфармацыi не можа быць раскрытае, i ўключыць гэтае тлумачэнне ў свой рэпартаж.

У любым выпадку такая цi iншая iдэнтыфiкацыя крынiцы амаль заўжды застаецца магчымай — напрыклад, праз пазначэнне месца працы цi займанай пасады,— i яна заўжды павiнна паведамляцца.

Нiякiя псеўданiмы выкарыстоўвацца не павiнны.

Разам з тым, “Вашынгтон пост” нiколi не будзе свядома раскрываць асобу агентаў сакрэтных службаў ЗША, за выключэннем самых надзвычайных абставiнаў, якiя павiнны вызначацца галоўнымi рэдактарамi. 

Плагiят i добрая рэпутацыя

Матэрыял, пазычаны з iншых газет цi сродкаў масавай iнфармацыi, павiнен мець поўнае i адпаведнае пазначэнне. Плагiят у журналiстыцы — адзiн з недаравальных грахоў. Нашая газета праводзiць палiтыку даверу да iншых выданняў, якiя публiкуюць эксклюзiўныя матэрыялы, вартыя таго, каб быць перадкрукаванымi ў “Вашынгтон пост”.

Бесстароннасць

Рэпарцёры i рэдактары “Вашынгтон пост” бяруць на сябе абавязак захоўваць бесстароннасць. Хоць на карысць аб’ектыўнасцi можна прыводзiць бясконцую колькасць довадаў, нашая канцэпцыя бесстароннасцi з’яўляецца тым, што можа лёгка зразумець i выконваць любы рэдактар i рэпарцёр. Бесстароннасць забяспечваецца выкананнем некалькiх практычных правiлаў:

• Артыкул не можа быць бесстароннiм, калi ў iм iгнаруюцца факты першаступеннай важнасцi. Бесстароннасць уключае ў сябе паўнату.

• Артыкул не можа быць бесстароннiм, калi ў iм у асноўным утрымлiваецца пабочная iнфармацыя i адсутнiчаюць факты, якiя непасрэдна тычацца закранутай праблемы. Бесстароннасць уключае ў сябе раскрыццё сутнасцi закранутай праблемы.

• Артыкул не можа быць бесстароннiм, калi ён свядома цi несвядома дэзарыентуе чытача цi нават уводзiць яго ў зман. Бесстароннасць уключае ў сябе шчырае стаўленне да чытача.

• Артыкул не можа быць бесстароннiм, калi рэпарцёр хавае сваю непрыхiльнасць цi эмоцыi за такiмi прыніжальнымi словамi, як “неапраўдана”, “нягледзячы на”, “спакойненька”, “дазваляе сабе” цi “масiраваны”. Бесстароннасць патрабуе шчырасцi ў выказваннях, а не хавання за словамi.

Пункты погляду

Наша газета прытрымлiваецца поўнага i строгага раздзялення калонак навiнаў ад тых, дзе выказваецца пункт погляду самой рэдакцыi, i тых, якiя падаюць пункт погляду, якi супярэчыць рэдакцыйнаму. Такi падзел робiцца дзеля таго, каб чытач мог ясна бачыць, дзе ён мае справу з чыстымi фактамi, а дзе — з рэдакцыйнай або адрознай ад яе пазiцыяй. Разам з тым, такое раздзяленне функцыяў не значыць, што калонкi навiнаў не ўтрымлiваюць чэснага i ўсеабдымнага асвятлення падзеяў, iх аналiзу цi каментавання з пазначэннем адпаведных крынiцаў.

Агульнанацыянальныя i мясцовыя iнтарэсы

“Вашынгтон пост” надае жыццёвую важнасць як агульнанацыянальным, так i мясцовым iнтарэсам. Мы лiчым, што ахова такiх iнтарэсаў забяспечваецца найлепшым чынам праз як мага шырэйшае распаўсюджванне iнфармацыi. Спасылка федэральных чыноўнiкаў на тое, што яны iмкнуцца да забеспячэння агульнанацыянальных iнтарэсаў, яшчэ не азначае аўтаматычна, што агульнанацыянальныя iнтарэсы забяспечваюцца. Спасылка мясцовых чыноўнiкаў на тое, што яны iмкнуцца да забеспячэння мясцовых iнтарэсаў, яшчэ не азначае аўтаматычна, што мясцовыя iнтарэсы забяспечваюцца.

Густ

Як друкаваны орган, “Вашынгтон пост” шануе агульнапрыняты густ i прыстойнасць, усведамляючы, разам з тым, што распаўсюджаныя ў грамадстве ўяўленнi пра густ i прыстойнасць увесь час мяняюцца. Слова, якое гучыць груба для старэйшага пакалення, можа быць часткай штодзённага слоўнiка наступнага пакалення. Тым не менш, мы будзем заўжды пазбягаць разбэшчанасцi ў выразах. Мы будзем пазбягаць блюзнерства i непрыстойнасцяў, калi толькi выкарыстанне такой лексiкi не будзе сутнасна неабходным для артыкула, чыё значэнне ў iншым выпадку было б страчанае. Выкарыстанне непрыстойнай лексiкi не можа мець месца без спецыяльнага ўзгаднення з галоўным цi дзяжурным рэдактарам цi iх намеснiкамi.

Прынцыпы “Вышынгтон пост”

Пасля таго, як у 1933 годзе Юджын Мэер набыў “Вашынгтон пост” i запачаткаваў сямейнае валоданне выданнем, якое доўжыцца i дагэтуль, iм былi выпрацаваныя наступныя “Прынцыпы”:

Найпершая задача газеты — казаць праўду настолькi, наколькi яна можа быць дасягнутая.

Газета будзе казаць усю праўду пра найважнейшыя падзеi ў ЗША i ў свеце — настолькi поўна, наколькi яна здолее сама яе зведаць.

Будучы органам, якi займаецца распаўсюджваннем навiнаў, газета будзе прытрымлiвацца такiх самых правiлаў добрапрыстойнасцi, якiя абавязковыя для кожнага джэнтльмена.

Публiкаваныя ў ёй матэрыялы будуць прыдатныя для чытання як моладдзю, так і людзьмi сталага веку.

Газета служыць iнтарэсам сваiх чытачоў i ўсяго грамадства, а не яе ўладальнiка.

У пошуку праўды газета будзе гатовая ахвяраваць сваiм матэрыяльным дастаткам, калi гэта будзе неабходна для грамадскага дабрабыту. Газета не будзе адстойваць нейкiя асобныя iнтарэсы, а будзе заўжды бесстаронняй, свабоднай і разважнай пры разглядзе грамадскiх падзей i дзейнасцi афiцыйных асобаў.

Гэтых “Прынцыпаў” мы прытрымлiваемся i сёння.

Дадатак Б

ЭТЫЧНЫ КОДЭКС

Ю-ЭС-ЭЙ ТУДЭЙ”

Друкуецца з дазволу Gannet Co.

КАМУ: Усiм супрацоўнiкам “Гэнет/Вашынгтон ньюс” — Ю-Эс-Эй Тудэй, Ю-Эс-Эй Уiкэнд, Службы навiнаў Гэнета i супрацоўнiкам агульных аддзелаў.

АД: Пiтэр С. Прычэр

ТЭМА: ЭТЫЧНЫ КОДЭКС

Ю-Эс-Эй Тудэй i Служба навiнаў Гэнета з’яўляюцца даверанымi асобамi грамадства. Нашыя чытачы, гледачы i спажыўцы, калi яны таксама падзяляюць гэтую думку, маюць права спадзявацца на нашую бесстароннасць, дакладнасць i шчырасць. Каб спраўдзiць гэтыя спадзяваннi, усе супрацоўнiкi аддзела навiнаў павiнны праяўляць згуртаванасць у справе захавання чысцiнi нашай журналiсцкай дзейнасцi i супрацьстаяць усякаму негатыўнаму ўплыву. Дзеля гэтага пры ўзнiкненнi няясных этычных сiтуацыяў усе супрацоўнiкi павiнны вырашаць iх разам са сваiм кiраўнiцтвам; невыкананне гэтай умовы можа цягнуць за сабой дысцыплiнарныя спагнаннi цi звальненне.

Выкарыстанне ў мэтах дасягнення асабiстай выгады або славы нашага становiшча, нашага доступу да iнфармацыi цi нашай папулярнасцi, якою мы карыстаемся як агульнанацыянальная iнфармацыйная установа, падрывае да нас давер, так неабходны ў нашых сувязях з чытачамi i гледачамi. Да такiх самых вынiкаў вядуць нават вонкавыя праявы нядобрасумленнасцi цi нават намёк на яе.

Мы лiчым сабо сабой зразумелым, што сур’ёзныя парушэннi гэтых прынцыпаў падрываюць чысцiню нашых iнфармацыйных службаў i з’яўляюцца недапушчальнымi. У якасцi прыкладаў можна прывесцi: незаконнае выкарыстанне канфiдэнцыйнай iнфармацыi, уваходжанне ў крымiнальную змову, махлярства цi ашуканства, свядомае выкарыстанне чужой працы без адпаведных спасылак.

Гэтаксама павiнна быць зразумелым, што да дысцыплiнарных спагнанняў або звальнення могуць весцi i дзеяннi, якiя хоць i не парушаюць закон, але з’яўляюцца непрафесiйнымi — напрыклад: выдаванне сябе за iншую асобу, свядомая публiкацыя скажонай iнфармацыi, напiсанне заведама iлжывых цi сумнеўных матэрыялаў, прыманне ад каго-небудзь цi аказанне каму-небудзь любых прывiлеяў.

Апроч гэтых, iснуе i шэраг iншых сiтуацыяў, у якiх рэальна цi патэнцыйна могуць адыгрываць сваю ролю асабiстыя iнтарэсы i якiя, у сувязi з гэтым, павiнны абавязкова абмяркоўвацца з кiраўнiцтвам. У тым лiку: праца на iншыя выданнi; аперацыi з каштоўнымi паперамi, набыццё акцыяў цi асабiстыя капiталаўкладаннi ў прадпрыемствы, пра якiя вы валодаеце адмысловаю iнфармацыяй; прыманне падарункаў ад крынiц, якiя пастаўляюць вам iнфармацыю. Усе гэтыя пытаннi будуць разгледжаныя ў нiжэй змешчаных iнструкцыях, якiя служаць дадаткам да этычнага кодэкса кампанii Гэнет карпарэйшн i тычацца ўсiх, хто працуе ў “Ю-Эс-Эй Тудэй”, “Ю-Эс-Эй Уiкенд”, Службе навiнаў Гэнета i ў агульных аддзелах.

Iнструкцыi па гэтых пытаннях не з’яўляюцца вычарпальнымi. Калi вы трапiлi ў сiтуацыю, у якой не ведаеце, як сябе павесцi, вы павiнны абмеркаваць спрэчныя моманты з кiраўнiцтвам i вырашыць сiтуацыю на карысць справы.

Падарункi

Напрошвацца на падарункi недапушчальна. Неспадзяваны падарунак коштам больш за 25 долараў павiнен быць неадкладна вернуты з тлумачэннем, чаму ён не можа быць прыняты. Кветкi цi iншыя рэчы з нядоўгiм тэрмiнам захавання могуць быць прынятыя i пакiнутыя ў сябе, бо выдаткi i клопат па iх вяртаннi цi перадачы ў дабрачынныя арганiзацыi могуць перавысiць iх рэальны кошт. У любым выпадку асобе, якая робiць вам падарунак, павiнна быць растлумачана, у якое становiшча яна вас гэтым ставiць i што любы падарунак да нечага абавязвае.

Рэкламныя вырабы

Вырабы, створаныя дзеля рэкламы кампанii цi яе прадуктаў (майкi, постэры, фiлiжанкi для кавы i г.д.), з’яўляюцца, у цэлым, прымальнымi, калi не могуць, з чыйго-небудзь погляду, быць расцэненыя як сапраўды каштоўныя падарункi.

Калi выдаткi на вяртанне такiх рэчаў будуць перавышаць iх рэальны кошт, яны павiнны быць аддадзеныя ў мясцовую дабрачынную арганiзацыю. За знаходжанне адпаведнай мясцовай арганiзацыi кожны аддзел адказвае самастойна. Адначасова крынiцы iнфармацыi, якая зрабiла падарунак, павiнна быць адасланае тлумачэнне, чаму гэты падарунак не мог быць прыняты i каму быў перададзены.

Кнiгi, аўдыя- i вiдэазапiсы, камп’ютэрныя праграмы i пад. прыроўнiваюцца да вырабаў, створаных у мэтах рэкламы. Кожны аддзел самастойна адказвае за перадачу iх у дабрачынныя ўстановы, калi толькi не прымаецца рашэнне аб захаваннi iх для службовага выкарыстання ў агульным аддзеле цi ў бiблiятэцы кампанii.

Супрацоўнiкi кампанii не павiнны звяртацца з просьбаю падарыць iм вырабы такога характару, калi толькi яны не маюць намеру выкарыстаць iх у якасцi копiяў пры падрыхтоўцы матэрыялу навiнаў. Але i ў гэтым выпадку раней, чым звярнуцца з просьбай, трэба паспрабаваць набыць гэтыя вырабы звычайным шляхам.

Пры гэтым таксама нельга забывацца пра кошт i прыстойнасць. Калi нехта звяртаецца з просьбай даць яму такiя вырабы перад падрыхтоўкай матэрыялу, пасля выканання задання яны павiнны быць вернутыя або аплачаныя i пакiнутыя для агульнага выкарыстання ў рэдакцыi.

Бiлеты

Як правiла, калi бiлет на месца, якое вам выдзелена, можна купiць публiчна, вы павiнны гэты бiлет аплацiць. З гэтага правiла ў вiдавочных выпадках могуць быць зробленыя выключэннi, iншыя выпадкi павiнны быць абмеркаваныя з кiраўнiцтвам. Так, напрыклад, запрашальны бiлет можа быць прыняты, калi правядзенне нейкага мерапрыемства спецыяльна прадугледжана асвятляць у друку. Запрашальны бiлет можа быць прыняты, калi пры правядзеннi якога-небудзь прадстаўлення, абеду, спартовага спаборнiцтва i да т.п. частка месцаў спецыяльна выдзеленая для прэсы. У кожным выпадку абачлiвасць i абмеркаванне акалiчнасцяў павiнны быць правiлам. Разам з тым, з’яўляецца недапушчальным прыманне цi просьба атрымаць бiлеты для асабiстага выкарыстання.

Абеды

Галоўным крытэрам павiнны быць сцiпласць i практыка, прынятая ў дадзенай галiне бiзнесу цi прамысловасцi цi ў дадзенай мясцовасцi. Вы можаце выступiць у якасцi госця асобы цi прадпрыемства, якiя шукаюць кантакту з нашай рэдакцыяй, але ў той жа час павiнны зрабiць i запрашэнне ў адказ, калi будучы сумесны абед, на вашую думку, будзе выглядаць дарэчна. Такiя рашэннi павiнны засноўвацца толькi на меркаваннях магчымай карысцi для прафесiйнай дзейнасцi, а не на сяброўстве.

Паездкi

Усе паездкi i звязаныя з iмi выдаткi аплачваюцца супрацоўнiкамi нашых службаў заўжды самастойна.

Публiчныя выступленнi

Як правiла, мы вiтаем выступленнi нашых супрацоўнiкаў на тэлебачаннi, па радыё, перад аўдыторыяй i да т.п., калi яны адбываюцца бясплатна. Калi вам прадугледжаная аплата, якая перавышае вашыя выдаткi на выступленне, гэтае пытанне павiнна быць абмеркаванае з адпаведным рэдактарам. Калi супрацоўнiк атрымлiвае ганарар за прамову, звязаную з яго прафесiйнай дзейнасцю, яму строга рэкамендуецца перадаць атрыманы ганарар на дабрачынныя мэты.

Удзел у пэўных праграмах i выступленне перад пэўнаю публiкай можа ставiць рэдакцыю ў няёмкае становiшча цi нават кампраметаваць яе. Калi вы прадстаўляеце на нейкiм мерапрыемстве рэдакцыю “Ю-Эс-Эй Тудэй” цi Службу навiнаў Гэнета цi калi публiка можа палiчыць, што вы iх прадстаўляеце, вы павiнны праяўляць належную абачлiвасць, каб нi ў каго не магло скласцiся няправiльнае ўражанне, быццам нашая ўстанова звязаная з пэўнымi асобамi, сацыяльнымi групамi цi палiтычнымi сiламi. У падобных сiтуацыях таксама варта пракансультавацца з адпаведным рэдактарам.

Палiтычная дзейнасць

Удзел у любой палiтычнай дзейнасцi, апроч галасавання, павiнен быць добра ўзважаны, каб не выклiкаць сумневу ў нашай здольнасцi асвятляць навiны бесстаронне i непрадузята. Паколькi абмеркаванне палiтычных пытанняў памiж супрацоўнiкам i працадаўцам не забараняецца мясцовымi законамi, як, напрыклад, у Калiфорнii, пажадана, каб супрацоўнiкi рэдакцыяў абмяркоўвалi спрэчныя палiтычныя праблемы са сваiмi кiраўнiкамi.