Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
яканюк_старикашка_гребанный.docx
Скачиваний:
4
Добавлен:
14.04.2019
Размер:
273.49 Кб
Скачать

Радыёжурналістыка: гукава-вербальны этап сінтэзавання інфармацыйных сродкаў.

Напачатку кінажурналістыка і радыёжурналістыка развіваліся паралельна, у амаль адзін і той жа гістарычны час. У гістарычным плане часовая адлегласць, якая аддзяляла ўзнікненне адной і другой, — мінімальная і дазваляе гаварыць пра гістарычную адначасовасць станаўлення рэгулярнага радыёвяшчання (1920-я гг.), адпаведна, і радыёжурналістыкі і кінажурналістыкі як спецыфічнага і непаўторнага віда камунікатыўнай (журналісцкай) дзейнасці. Маленькай рэмаркай з’яўляецца тое тлумачэнне, што напачатку дакументальнае кіно і здымалася, і потым распаўсюджвалася пры мінімальным мантажы, і таму кінажурналістыку ў гады да вынаходніцтва гукавога кіно больш правільна называць кінадакументалістыкай. Бо тагачасная прэсжурналістыка нават у той перыяд (1920-1930-я гг.) як від актыўнай камунікатыўнай дзейнасці дэманстравала дастаткова моцныя магчымасці актыўнага і мэтанакіраванага ўздзеяння, у цэнтры якога стаяў журналіст, які праз лінгвістычную сістэму не толькі інфармаваў, перадаваў навіны жыццёвых працэсаў, але, перадусім, актыўна і мэтанакіравана ўздзейнічаў на грамадскую свядомасць. У гэтым плане і фотажурналістыку на першым яе этапе трэба класіфікаваць як фотадакументалістыку, як адносна пасіўную форму журналістыкі, якая пераўтварылася ў журналістыку як яе спецыфічнае і відавое адгалінаванне менавіта ў спалучэнні са словам і друкам.

Аднак гэта ў многім ужо занадта дробныя функцыянальныя і відавыя адценні ў характарыстыках кіна- і фотажурналістыкі і закранаем іх толькі таму, што “падводзім” да тлумачэння сучаснага чарговага адгалінавання — электроннай журналістыкі. Тым не менш, яшчэ колькі слоў — пра непасрэдных папярэднікаў электроннай журналістыкі — пра радыё- і тэлежурналістыку на пачатковым этапе іхняга станаўлення, пра іхнія эвалюцыйныя змяненні, якія і прывялі функцыянальна да неабходнасці сфармуляваць і класіфікаваць новы від журналісцкай дзейнасці.

Такім чынам, журналістыка і яе прадукты да радыё і тэлебачання (ТБ) — газеты і часопісы як бы “чакалі” спажыўца-чытача, які павінен быў спачатку як бы сам прыходзіць да газеты, часопіса. І нават тады, калі распаўсюдзілася падпісная форма дастаўкі газеты або часопіса чытачам, і тады псіхалагічна чытач як бы ішоў да інфармацыі ў друку.

Уся псіхалагічная схема масавай камунікацыі істотна змянілася, калі журналістыка сама “прыйшла” да спажыўца ў новай сваёй відавой грамадскай праяве — радыё- і тэлежурналістыцы, сістэмы радыё- і тэлевяшчання.

Адрозненне ад журналістыкі-папярэдніцы (“друкаванай”) — толькі ў тэхнічным узбраенні, у сістэме распаўсюджвання. Аднак гэта “толькі” і стварае тое прынцыпова адрознае, прынцыпова непаўторнае і новае, сучаснае, што карэнным чынам вылучае сучасную радыё- і тэлежурналістыку. Гэта — эфір і экран, якія “прыйшлі” у хату-кватэру чалавека-спажыўца радыё- і тэлепрадукцыі. Праўда, і тут мы павінны зрабіць рэмарку: радыё ў першыя гады было “кропачным” — г. зн. на плошчы вёскі, горада, у радыёклубах былі толькі адзінкі радыёкропак, да якіх і павінны былі яшчэ спачатку прыходзіць радыёслухачы. З развіццём дротавага вяшчання радыё, нарэшце, прыйшло ў хаты ды кватэры, і распачалася новая эра псіхалогіі масавых зносін — “хатняя”.

Такім чынам, тэхнічнае развіццё сродкаў масавай інфармацыі і камунікацыі дасягнула свайго чарговага ўзроўню — радыёфікацыі — і стварыла новыя ўмовы камфортнасці масавых зносін, якія патрабавалі, адпаведна, і фарміравання новай псіхалогіі тых жа зносін — апасродкаваных, дакладней, новых радыётэхнічных форм апасродкаванасці.

Да апасродкаванасці друку цывілізацыя на той час ужо прызвычаілася, а вось да феномену зносін, у якіх чутны толькі голас, а самога прамоўцу не бачна — да гэтага чалавек павінен быў яшчэ параўнальна доўгі час прывыкаць. Аднак пра гэта сказана дастаткова, мы ж падкрэслім толькі той факт, што тэхналогія стварэння радыёінфармацыі на пачатку не адрознівалася ад тэхналогіі стварэння інфармацыйнага прадукту для друку: той жа вербальны тэкст у навінах і каментарах. Розніца была толькі ў агалошванні таго прадукту і перадачы яго па дротах і хвалях на адлегласць. Гэты спосаб быў яшчэ напалову механічным, напалову фізічным і заставаўся такім да часу вынаходніцтва электроннага спосабу фіксацыі і перадачы інфармацыі. Але сам факт апасродкаванасці ва ўспрыняцці гуку — голасу (галасоў) і музыкі, іншых “гукаадбіткаў” жыцця і рэчаіснасці стварыў, у сваю чаргу, прынцыпова новыя ўмовы для забеспячэння масавай камунікацыі — для новай галіны журналістыкі: у сістэме радыёвяшчання. І агалошванне папярэдне надрукаваных вербальных тэкстаў, проста прамова перад мікрафонам — гэта быў новы віток спрадвечнай формы зносін — прамоўных, “трыбунных”, галасавых — гукавых. Гэта акалічнасць па-свойму набліжала камунікатара да публікі і па-свойму яго аддаляла: паміж радыёжурналістам-камунікатарам і яго аўдыторыяй навечна ўсталяваўся пасрэднік — сістэма ў выглядзе мікрафона, студыі, перадатчыка, прыёмніка. Аднак у параўнанні з друкам, радыёжурналістыка ў першае-другое дзесяцігоддзе яшчэ несла на сябе радзімкі папярэдніцы — прэсжурналістыкі. Але даволі хутка радыёжурналістыка набыла свае ўнікальныя прафесійныя адрозненні.

Перш за ўсё гэта было фарміраванне сваіх спецыфічных жанраў, якіх не было ў журналістык-папярэдніц або якія істотна трансфармаваліся менавіта ў сістэме радыёвяшчання: радыёкампазіцыя, радыёпераклічка (эмбрыён радыёмаста), радыёвіктарыны, публіцыстычныя выступленні (радыёварыянт рытарычнага мастацтва — скачок-віток ад Старажытнай Грэцыі і Рыму да выступленняў-агітацый падчас старажытнарускіх веча і старажытнабеларускіх соймаў, рускай “думы” і рэвалюцыйных мітынгаў), канцэрты-віншаванні, канцэрты па заяўках, радыётрансляцыі канцэртаў і сходаў, нарэшце, радыёфільм1.

Пералічым цяпер спецыфічныя элементы і складнікі, якія вызначаюць радыёжурналістыку:

  • радыёжурналіст і яго інтэлект, агульная і галіновая эрудыцыя, прафесійныя здольнасці і якасці, у тым ліку тэмбр, дыяпазон голасу і яго афарбоўка, дыкцыя, арфаэпія і інш., а таксама яго сенсорны апарат, перадусім зрок і слых;

  • гук (агалошаная мова, музыка, шумы) як відавы вызначальны носьбіт інфармацыі, трансплантаваны ў радыёхвалі;

  • эфірная прастора як адмысловы прыродны элемент перадачы радыёінфармацыі;

  • слых — вызначальны сенсорны орган, з дапамогай якога адбываецца радыёкамунікацыя;

  • сістэма радыёвяшчання (студыі, мікрафоны, магнітафоны, камп’ютары, перадатчыкі, радыёхвалі і іхнія частоты, спадарожнікі, прыёмнікі) — відавы вызначальны тэхнічны комплекс (інструмент) увасаблення і апасродкаванай сувязі (ён жа — спосаб тыражавання і распаўсюджвання прадуктаў радыёжурналістыкі);

  • электроніка і сістэма Інтэрнет — сучасны вызначальны сродак тэхнічнага забеспячэння фіксацыі гукавай інфармацыі, мантажу, сістэмы перадачы ў эфір і прыёму радыёсігналаў, збору і апрацоўкі сацыяльнай інфармацыі;

  • арганізацыйны орган радыёжурналістыкі — рэдакцыя (рэдакцыі, аддзелы, аб’яднанні) радыёкампаніі, радыёстанцыі;

  • разнастайная аўдыёінфармацыя (прадукты дзейнасці радыёжурналіста) у выглядзе спецыфічных радыёжанраў, форм і тэхналогій і неспецыфічных (адаптаваных ў радыёвяшчанні) жанраў іншых адгалінаванняў журналістыкі;

  • радыёслухач і яго слых, інтэлект, інфармацыйна-камунікатыўны попыт і сацыяльная матывацыя.

Адзначым і на гэты раз функцыянальна-псіхалагічныя пазіцыі падабенства і адрознення радыёжурналістыкі ад яе папярэдніц.

Падабенствы да моманту ўзнікнення тэлебачання:

  • аднолькавы ўвесь комплекс заканамернасцей, агульных для ўсёй журналістыкі (гл.нашу схему журналісцкай камунікацыі), перадусім заканамернасць для журналістыкі ў прынцыпе — абавязковая наяўнасць цэнтральнага суб’екта камунікацыі — журналіста (журналістыкі без журналіста не існуе);

  • аднолькавая апасродкаванасць зносін-камунікацыі праз “трэцяе” звяно (у прэсжурналістыцы праз сістэму друку, у кіно — кінаапарат, стужка, экран і зала, у радыё праз сістэму радыёвяшчання);

  • аднолькавы асноўны знак і сімвал у друкаванай журналістыцы і ў вербальнай частцы радыёзносін, з дапамогай якога вербальна адлюстроўваецца і ствараецца ілюзійны вобраз факта, падзеі, рэчаіснасці— слова (музыка і шумы — гэта ўжо адрозненні);

  • аднолькавыя прынцыпы і заканамернасці жанравай арганізацыі журналісцкага матэрыялу, асабліва групы адаптаваных інфармацыйных і аналітычных жанраў. Што тычыцца сучасных спецыфічных жанраў, форм і тэхналогій радыёжурналістыкі, дык гэта ўжо галіна прынцыповых адрозненняў;

  • аднолькавы для чытача і для радыёслухача псіхалагічны механізм аднаўлення ў свядомасці факта, падзеі, вобраза чалавека — працэс уласнага “дабудоўвання” і “дадумвання”, які спараджаны словам-вобразам. Але слова ўспрымаецца радыёслухачом іншым сенсорным органам, ніж у чытача, — праз слых, а гэта ўжо — адрозненне.

Адрозненні (акрамя тэлебачання):

  • розныя сродкі апасродкаванасці ад папярэднікаў — мікрафон, студыя, дроты або радыёхвалі, радыёпрыёмнік — уся сістэма радыёвяшчання, што спарадзіла ўзнікненне спецыфічных для радыё жанравых форм, тэхналогій;

  • розныя сенсорныя органы ў параўнанні з папярэднікамі, акрамя часткова кінажурналістыкі гукавага перыяду, — слых;

  • розныя нейра-псіхалагічныя і мастацкія імпульсы ў працэсе вобразнай адбудовы факта, падзеі рэчаіснасці ў свядомасці радыёаўдыторыі. Гук і голас надаюць большую эмацыянальнасць інфармацыі, якая распаўсюджваецца праз гук, тэмбр, інтанацыю голаса, а таксама праз інтэнсіўнасць гуку — ступень гучнасці i etc. Менавіта радыё стварыла новую эру ў псіхалогіі зносін, бо падштурхнула да інтэнсіўнага развіцця спецыфічнай эўрыстычнай (інтуітыўнай, “кібернетычнай” і etc.) здольнасці ў масавай аўдыторыі да фантазійнага адбудавання ў сваёй свядомасці вобразаў, якія перадаюцца журналістам праз эфір. Прычым, здольнасці ў кожным выпадку ( у кожнага радыёслухача — свае) асабістыя, свае, але — масавыя;

  • непараўнальны маштаб масавага ўспрыняцця і, адпаведна, уздзеяння прадуктаў радыёжурналістыкі: наклад газет і часопісаў — дзесяткі і сотні тысяч, у кінажурналістыцы аўдыторыя — ад аднаго да дзесяткаў мільёнаў, у радыёжурналістыцы патэнцыя льная аўдыторыя — дзесяткі і сотні мільёнаў;

  • узнікненне і фарміраванне спецыфічных жанраў радыёпубліцыстыкі, а таксама фарміраванне ўласных жанраў радыёмастацтва (радыёдраматургіі, спалучэння мастацкага слова і музыкі, шумоў).

Як бачым, атрымалася дастаткова выразная колькасць прафесійных адрозненняў ад прафесіі-папярэдніцы — прэсжурналістыкі. Таму фармулёўка паняцця радыёжурналістыкі маскоўскімі аўтарамі падаецца немудрагелістай і спрошчанай: “радиожурналистика — 1. Вид журналистской деятельности, основанный на использовании технических средств радиовещания. 2. Совокупность радиопередач, относящихся к сфере журналистики (в отличие от передач, относящихся к сфере радиоискусства), результат деятельности радиожурналистов. Радиожурналистика обладает рядом специфических свойств, отличающих ее от других видов журналистики. К ним, в частности, относятся: чрезвычайно высокий уровень оперативности, особый характер эмоционального воздействия на аудиторию и вследствие этого — структурное своеобразие композиционных решений исходного журналистского (жизненного и литературного) материала, специальные приемы организации внимания адитории и др.» [40, с. 468]. На наш погляд, цытаваная фармулёўка не змяшчае ўвесь сучасны комплекс адмысловых складнікаў радыёжурналістыкі як віда дзейнасці і як прафесіі. Без уліку электроннага этапу развіцця радыёжурналістыкі прапануем фармулёўку ў прамежкавым варыянце: радыёжурналістыка — від прафесійнай грамадскай інфармацыйна-камунікатыўнай дзейнасці ў галіне аўдыяльных масавых зносін, які сфарміраваўся ў выніку навукова-тэхнічнага прагрэсу, у прыватнасці, развіцця сродкаў фіксацыі, перадачы і ўспрыняцця разнастайнай гукавай інфармацыі. Радыёжурналістыка як від дзейнасці дзеля забеспячэння масавай камунікацыі з’яўляецца пераемніцай прэсжурналістыкі і рыторыкі, як тэхнічны пасрэднік — этапам у развіцці “трэцяга” (пасля фота і кіно) звяна ў апасродкаваным працэсе масавых зносін і інфармацйна-камунікатыўнага абмену.

Што тычыцца электроннага забеспячэння радыёжурналістыкі, дык увесь працэс перадачы або запісу голасу, музыкі, шумоў (радыётэхнічнага кадзіравання і фіксацыі на фізічным носьбіце — магнітнай стужцы, а сёння ці не выключна на кампакт-дыску) адбываееца ў рэчышчы электронікі. Дастаткова згадаць працэдуру і прыборы для дынамічнай апрацоўкі гуку (голасу), перадусім сучасныя мікрафоны, якія забяспечваюцца электроннай сістэмай для оператыўнай перастройкі працэдуры апрацоўкі голасу розных радыёкамунікатараў перад аднім мікрафонам. 2Больш таго, сама працэдура мантажу радыётэксту і ўвогуле гуку ствараецца з абавязковым камп’.тарным забеспячэннем — кадзіруецца, запісваецца, манціруецца, перадаецца ў эфір праз або з дапамогай камп’ютара. Таму выкарыстанне электронікі ва ўсім ланцужку працэса РВ — факт неабарачальны, як сведчыць уся гісторыя навукова-тэхнічнага прагрэсу. Уся сістэма РВ, сучасныя і тым больш перспектыўныя апаратна-праграмныя рашэнні і, зразумела, уласна творча-вытворчы працэс радыёжурналістыкі ўжо немагчымы без камп’ютарызацыі, без разнастайных тэхналогій на базе камп’ютараў — без электроннага забеспячэння. Таму і эфір — гэта паняцце паветрана-прасторавага асяродка, у якім распаўсюджваюцца, функцыянуюць электронныя радыёсігналы і электронныя радыёхвалі, ёсць неад’емны складнік менавіта электроннай сістэмы, бо немагчымы без кібернетычных працэдур электронікі.

Адпаведныя заканамерныя змяненні адбыліся і перманентна адбываюцца і на ўзроўні псіхалагічнай адаптацыі, прафесійнага прыстасавання радыёжурналіста да менавіта электроннага алгарытму стварэння прадукту радыёжурналістыкі. У свядомасці, ва ўсёй нейра-фізіялагічнай сістэме журналіста ствараюцца новыя дынамічныя стэрэатыпы. Яны ўзбуджаюцца і замацоўваюцца менавіта пад уздзеяннем электронікі, з якой радыёжурналіст прыходзіць у сутыкненне і якую выкарыстоўвае ў якасці сучаснага прафесійнага інструмента. І тут мы маем прэцэдэнт “электроннага мыслення” накшталт дынамічных стэрэатыпаў, якія таксама заканамерна фарміраваліся падчас развіцця фота- і кінажурналістыкі і якія забяспечылі т. зв. “фотамысленне”, “кінамысленне”.

Значыць, сучасны працэс стварэння прадукту радыёжурналістыкі, а таксама працэс масавай камунікацыі праз радыё мы можам заканамерна вызначыць як працэс, перадусім, тэхнічна-электронны з выкарыстаннем эфірнай прасторы. Адначасова сучасны прадукт радыёжурналістыкі з’яўляецца вынікам творчасці, якую таксама заканамерна трэба класіфікаваць як спецыфічны псіхолага-электронны працэс — радыёжурналісцкую творчасцть з абавязковымі элементамі эўрыстыкі і кібернетыкі, што ўзбуджаюцца ў свядомасці радыёжурналіста пад уздзеяннем радыё-тэхніка-электроннай сістэмы — сучаснага і спецыфічнага інструмента яго творча-вытворчай дзейнасці.

Такім чынам, удакладнім у электронным рэчышчы паняцце радыёжурналістыкі: галіна грамадскай прафесійнай інфармацыйна-камунікатыўнай дзейнасці, якая забяспечвае аўдыёэлектроннныя масавыя зносіны. Радыёжурналістыка сфарміравалася ў выніку і пад уздзеяннем навукова-тэхнічнага прагрэсу, у прыватнасці, развіцця тэхнічных сродкаў фіксацыі, перадачы і ўспрыняцця разнастайнай гукавай інфармацыі — радыётэхнікі і радыёэлектронікі. Радыёжурналістыка на сучасным электронным этапе свайго развіцця з’яўляецца відам электроннай журналістыкі і разам з тэле- і сеткавай (кібер- і web-) журналістыкай стварае галіну спецыфічнай сістэмы масавых электронных зносін у грамадстве — род электроннай журналістыкі.

Сучасная спецыфіка функцый прафесіі радыёжурналіста

Інфармаванне, сувязь з грамадскасцю, публіцыстычнае ілюзійнае адлюстраванне суайчыннікаў (“люстэркавы” сіндром), сацыяльна-псіхалагічная рэкрэацыя і перспектыўна-стратэгічнае скіраванне грамадскай свядомасці на сэнс жыцця — гэта было і застаецца (мы свядома яшчэ раз акцэнтуем на гэтым) асноўным функцыянальным праяўленнем журналістыкі ў прынцыпе і яе электронных адгалінаванняў, у прыватнасці. Нам трэба пракаменціраваць тыя функцыянальныя адметнасці і адмысловасці, якія глебава датычацца прафесіі радыёжурналіста. І гэта адметнасць — сенсорна-псіхалагічная, іншымі словамі, радыёжурналіст праз электронную сістэму стварае гукава-абстактныя адбіткі рэчаіснасці. І, каб не паўтарацца (гл. першую частку Першай главы), падкрэслім, што радыёжурналіст сёння — гэта “гукава-вербальны кампазітар”, які стварае гукававербальныя кампазіцыі паводле рэальна-жыццёвага перажывання. Падобна музыканту-кампазітару, радыёжурналіст у сваіх гукавых кампазіцыях стваре вербалізаваную драматургію факта, падзеі, стану, але не абстрактнага і абагульненага, а канкрэтна гукавага, галасавога. Тут голас, як вонкавы выгляд чалавека, выконвае функцыю “гукава-тэмбральнага адзення”, якое павінна быць сучасна-модным (у чымсьці падобным “на ўсіх” – слэнг, стыль, інтанацыі) ) і, адначасова, адрозным – падобна-непадобным. Голас радыёжурналіста, такім чынам, стварае гукавую “вопратку” факту, падзеі, сітуацыі. Іншымі словамі, паводле інверсіі (прыёму “перагорнутага сэнсу”), сваім голасам радыёжурналіст стварае вобраз непадобнага, якое месціць у падобных жыццёвых абставінах, фактах, выпадках. Аздоблены, электронна “папраўлены” тэмбральна (накшталт папраўленага хімічнага складу пітной вады), з дапамогай той жа электронікі дастаўлены праз электронна “папраўлены” радыёпрыёмнік голас радыёжурналіста сёння чакаецца, а затым і ўспрымаецца аўдыторыяй, ў першую чаргу, як эстэтычная з’ява. Бо яна ствараецца праз прывабны (чытай, модны, сексапільны) тэмбр, праз разнастайнасць інтанацый (чытай, інфармацыйную шматзначнасць), праз меладычнасціь галасавога расповяду радыёжурналіста (чытай, праз яго “музычную” драматургію). Хрэстамацыйна вядомы сёння факт, што у структуры засваення інфармацыі праз голас і гук, выключную ролю іграе тэмбр голасу, гнуткасць яго інтанацый, шырокі дыяпазон, які стварае асацыятыўны вобраз шматзначнасці быцця, музычная меладычнасць і “гульня” тэмбрам як гукавым адлюстраваннем “мужнай” або “жаноцкай” вызначанасці. Усё гэта завастраецца або “папраўляецца” сучаснымі магчымасцямі электронікі і менавіта гэта ў першую чаргу забяспечвае інфармацыйнае ўспрыняцце радыёслухачом любой гукавай інфармацыі. На наш погляд, менавіта апошняя, згаданая намі, асаблівасць гукава-галасавой прывабнасці радыёжурналіста, — прывабна-вызначаная палавая прыналежнасць голасу радыёжурналіста стварае першы пласт эфектыўнасці радыёкантакту журналіста з аўдыторыяй. Наколькі множна тэмбр, інтанацыйная манера, эмацыянальная шматверсійнасць, эрудыцыйная шырата радыёкамунікатара (праз яго адмысловы слоўны запас, праз магчымасці сіноніма-антанамічнага ўвасаблення інфармацыйнага вобраза, праз інверсійнае майстэрства завастраць асацыяцыі і вобразы) дэманструе прыняты на сёння спектр “модных” якасцей голаса радыёжурналіста як лепшага па тэмбральна-палавых прыкметах, настолькі множна ён адлюстроўвае і факты, з’явы, падзеі жыцця, што ствараюца ў гукавай абстрактнай форме. Таму спецыфіка функцыянальных асаблівасцей радыёжурналіста як выключна гукава-вербальнага кампазітара формы жыццёвых праяў і канцэнтруецца сёння вакол сексуальна-псіхалагічных заканамернасцей гукавых кантактаў. Так, слухаючы выпуск навін па радыё, мы шукаем у гэтым гукавым злепку рэчаіснасці сацыяльна-важнай інфармацыі, шукаем, перадусім, інфармацыйнага штуршка псіхалагічнай раўнавагі, якая, як памятаем, прыходзіць з веданнем таго, што адбываецца “за гарой”, “за ракой”, “за морам-акіянам”. Але на падсвядомым узроўні пачатак інфармацыйнага кантакту адбываецца ўсё ж ад нашай ацэнкі палавой вызначанасці або невызначанасці радыёжурналіста, ад яго гукава-галасавога вобраза жыццёвага здароўя і агульнага імпэту, адпаведна. Толькі ў выпадку такога першаснага тэмбральна-музычнага і інтанацыйна-псіхалагічнага станоўчага кантакту ўсё, што ні скажа за тым радыёжурналіст, успрымаецца або эмацыянальна зацікаўлена, або эмацыянальна адмоўна — незацікаўлена. Людзей, збольшага, вабіць вызначанасць і сіла чалавека як прыкметы жыццёвай вызначанасці і магчымасці жыццёвага працягу (інстынкт захавання роду). І сіла сучаснага журналіста — гэта гукава-галасавое адлюстраванне-перадача менавіта сілы фізічнага здароўя і сілы інтэлектуальнай шматзначнасці, якія забяспечваюць у радыёслухача жаданне працягу на кантакт менавіта з гэтым голасам — сімвалам жыццёвай сілы і сімвалам інфарамацыйнага “перабольшвання” па схеме: “я ведаю значна больш цікавага, чым паведамляю вам зараз, слухайце мяне заўтра”.

Тэле- і вэбжурналістыка сёння завастрылі значнасць галасавых і ўвогуле гукавых магчымасцей зносін. Магчыма, радыё таму і выжывае, не канае як непатрэбная форма зносін таму, што тэлебачанне і электроніка адкрылі новыя эмацыянальна-інфармацыйныя магчымасці голасу і гуку ў цэлым. Бо, як мы згадвалі, жыццё жывое — гэта гукі, разнастайныя, шматзначныя, глыбіню інфармацыйнай напоўненасці якіх мы пачынаем па-новаму асэнсоўваць дзякуючы “канкурэнтам” гукавых інфармацыйных зносін. Радыёжурналістыка таму ніколі не сканае ў бліжэйшай агляднай перспектыве, бо адлюстроўвае і прасоўвае наперад нашы аб’ектыўныя жыццёвыя патрэбы — самаасэнсаванне праз… жыццё, якое ёсць гук.

  1. Паняцце і характарыстыка электронных сродкаў масавай інфармацыі і камунікацыі.

Думаецца, што неабходна далей патлумачыць паняцце электроннай журналістыкі, якая, у параўнанне з прэсжурналістыкаю, мае свае істотныя адрозненні. Збольшага, гэта журналістыка і яе жанры, якія ствараюцца і функцыянуюць у сістэме электронных сродкаў масавай інфармацыі і камунікацыі. Да паняцця электроннай журналістыкі, канечне, адносяцца і яе суб’екты — журналісты з пэўнымі прафесійнымі асаблівымі якасцямі, якія неабходна выпрацоўваюцца і замацоўваюцца ў адпаведнасці з асаблівасцямі кантактаў журналістаў і “электроннай” аўдыторыі. Іншымі словамі, электронная журналістыка — гэта інфармацыйны і камунікатыўны (публіцыстычны) працэсы, якія ствараюцца і адбываюцца паводле сістэмы радыё, тэлебачання, відэо, Internet. Гэта журналістыка з пэўнаю асабліваю псіхалагічнаю “падкладкаю”, якую стварае эфір, экран і электроніка, г.зн. складнікі сучаснай сістэмы электроннай масавай інфармацыі і камунікацыі.

У адрозненне ад непасрэдных інфармацыйных кантактаў (рэальная, “вочы ў вочы” размова, бяседа), электронная камунікацыя прадугледжвае абстрактнае стаўленне да зносін, да камунікацыі праз электронныя сродкі. Аднак, як мы згадвалі, асноўная сутнасць нашых чалавечых зносін за пяць-шэсць тысячагоддзяў у прынцыпе не змянілася. Змянілася толькі форма, асабліва, калі чалавецтва набыла прыстасаванні для апасродкаваных зносін — спачатку паперу і друк, затым фота, кіно, радыё, тэлебачанне, Інтэрнет. А інфармацыя з сродка забеспячэння элементарнага выжывання (месца знаходжання маманта; месца канцэнтрацыі сіл ворага; сілы і сродкі пагрозы экалогіі і etc.) паступова пераўтварылася ў сродак дынамізацыі прагрэсу, а журналісцкая інфармацыя — у сродак і форму масавых апасродкаваных зосін і сацыяльна-псіхалагічнай “падстройкі” і арыентацыі ў соцыюме. Журналісцкая інфармацыя праз сістэму сродкаў камунікацыі паступова, на працягу двух стагоддзяў і, асабліва, у апошнія 20—30 год пераўтварылася ў адмысловы элемент нашай экалогіі — электронна-інфармацыйнае, ілюзійна-віртуальнае, сацыяльна-псіхалагічнае асяроддзе нашага існавання. Штодзённая інфармацыя нам патрэбна ўжо як неад’емны элемент нашага разумовага камфорту, мы прывыклі атрымліваць інфармацыйныя імпульсы штодзень з мэтай уласнай псіхалагічнай падстройкі пад агульны цывілізацыйны працэс. Мы не можам і, галоўнае, не хочам выйсці за межы соцыюму, нягледзячы нават на тое, што той соцыюм ілюзійны, электронна-умоўны. У многім менавіта журналістыка сфарміравала ўстойлівы дынамічны стэрэатып масавай свядомасці — інфармацыйнае “сілкаванне” індывіда з мэтай забеспячэння яго грамадска-псіхалагічнай раўнавагі ў соцыюме. І самы важны момант такога інфармацыйнага ўздзеяння — гэта тое, што наша камунікацыя і інфармацыйнае жыццё адбываецца “як бы моўчкі”, на ўзроўні “безславеснага” абмену: мы слухаем-глядзім-успрымаем і рэагуем псіхічна, нашы думкі застаюцца як бы “пры нас”, наш суразмоўца — віртуальны, апасродкаваны, нашы зносіны-кантакты ілюзійныя. Непасрэднааўдыяльны кантакт (натуральная непасрэдная размова) заменеы, па сутнасці, электронна-псіхічным. Таму і інфармацыйнае асяроддзе, перадусім, электроннае — гэта не столькі рэальная электронна-тэхнічная сістэма інфармацыйнай камунікацыі, колькі наша псіхіка, наша “маўклівая” свядомасць, на ўзроўні якой і адбываецца гэта татальнае сучаснае электронна-інфармацыйнае “збудаванне” — сучаснае асяроддзе інфармацыйнага абмену ў грамадстве. Іншымі словамі, такое электронна-інфармацыйнае асяроддзе створана зноў жа ілюзійна, віртуальна — у нашай грамадскай свядомасці, бо, калі няма гэтай свядомасці, няма і асяроддзя (дакладней сказаць, яно тады — штучна створанае — не патрэбнае, зрэшты, як і наша прыроднанатуральнае асяроддзе: “мёртваму не балдіць”), што істотна адрознівае яго ад іншых экалагічных складнікаў нашай матэрыяльна-фізічнай рэчаіснасці — зямлі, вады, паветра, флоры ды фаўны*. І, у прыватнасці, электронная журналістыка і ёсць той грамадска-камунікатыўны інстытут, які напаўняе інфармацыяй аўдыёвізуальную прастору электроннага асяроддзя. Яна стварае прадукцыю, якая забяспечвае нашу сацыяльна-псіхалагічную “пругкасць” накшталт пругкасці вады, якая ёсць аснова клетачнага існавання чалавечага арганізму (вядома ж, што на 80% чалавечы арганізм складаецца з вады і менавіта яна падтрымлівае вонкавую і ўнутраную кампрэсію, пругкасць, увогуле жыццёвыя працэсы). І наколькі жыццёва пругкай будзе электронная журналістыка, настолькі пругкай будзе наша электронная прастора, настолькі эмацыянальна і пачуццёва здаровым будзе наша грамадскае і індывідуальнае жыццё.

У адрозненне ад жывога, беспасрэднага інфармацыйнага кантакту, электронная журналістыка, акрамя ўласна працэсу “надання формы” фактам жыцця і іхняе “прапановы” для сацыяльнага асэнсавання, стварае і адмысловы электронна-інфармацыйны эффект, які можна назваць “эфектам электронна-псіхалагічнага гіпнозу”. Яго карані — у натуральнай здаровай рэакцыі чалавека на з’явы, падзеі, сітуацыі незвычайныя, дзівосныя, якія здзівілі, уразілі і ў такім выглядзе пераўтварыліся ў трывалую эмацыянальна-псіхалагічную патрэбу. Такім здзіўляючым эфектам быў і застанецца на ўзроўні падсвядомасці электронна-тэхнічны цуд радыё, тэлебачання і Інтэрнету. Спачатку як просталінейная і натуральная рэакцыя на цуд чароўнасці перадачы гуку на адлегласць (як бы голасу “нябачнага легендарнага джыну”), а затым і ўвогуле фантастычная рэальнасць — бачанне таго, што “не можа быць убачаным вачамі рэальна”: тэлебачанне і Інтэрнет. Сёння мы можам канстатаваць, што гэты шок-усведамленне ў гісторыі фарміравання зямной думкі можна параўнаць з тымі ўражаннямі, якімі было ўсведамленне шарападобнасці Зямлі або перасоўванню ў касмічнай прасторы зямных снарадаў-караблёў.

Дык вось гэта рэальнае здзіўленне ад магчымасцей тэхнікі і магчымасцей уласнага чалавечага інтэлекту з катэгорыі вонкавай псіхічнай канстатацыі “сюрпрызу” і яго ўсведамлення перайшло ў катэгорыю ўмоўных псіхічных рэфлексаў падсвядомасці, у шэраг псіхічных элементаў другой сігнальнай сістэмы. Цяпер пры ўспрыняцці радыё-, тэле-электронных прадуктаў гэты “падсвядомы ўспамін” аўтаматычна спрацоўвае і як бы рыхтуе матывацыйную глебу для аўдыёвізуальнай патрэбы і камунікацыі. Такім чынам, мы апрыёры і перманентна станоўча настроены на электронную камунікацыю, бо аднім з складнікаў нашай камунікатыўнай патрэбы ёсць і тая, цяпер падсвядомая, патрэба сюрпрызнасці. А калі класіфікаваць гэту патрэбу гістарычна, генетычна, дык у глыбіні свядомасці сціплым і трывалым агеньчыкам засвеціцца адзін з першых зямночалавечых рэфлексаў — рэфлекс абароны ўласнага жыцця і жыцця племені, клана, сям’і. А жыцё тое, часам, ці не цалкам залежала ад вонкавай інфармацыі, ад інфармацыі супляменнікаў пра варожасць або прыязнасць асяроддзя "у суседнім лесе" або "за той гарой і рэчкай". І сённяшняя наша прага інфармацыі пра бліжэйшае і далёкае жыццё ёсць сублімаваны праз тысячагоддзі той “прарэфлекс” і тая інфармацыйная патрэба, якая была зброяй уласнай бяспекі і, урэшце, працавала на галоўны інстынкт – захавання чалавечага роду.

Але сённяшняя электронная журналістыка, акрамя інфармацыйнай сюрпрызнасці і псіхалагічнай бяспекі, з’яўляецца значна больш шырокім па функцыях сацыяльным інстытутам, і ў гэтае “большае” уваходзіць тое шматлікае, што класіфікуецца як складнікі асяроддзя. На нашу думку, гэта кампенсацыя браку рэальных (беспасрэдных) інфармацыйна-экстрасенсорных кантактаў. Сённяшняе грамадства ў непераадольным руху да максімальнага камфорту раз’ядналася, раздзялілася па кватэрах, індывідуальных дамах, катэджах, што адлюстроўвае генетычную патрэбу чалавека да самаканцэнтрацыі, да самазасяроджанасці, да акумуляцыі сама-на-сам з уласнай свядомасцю жыццёвай энергіі. Аднак сацыяльнае, свецкае жыццё — гэта не жыццё манаха ў кельі, дзе аскетычнасць — умова для духоўнай канцэнтрацыі. У нашай “звычайнай” “самаізаляцыі” па асобных кватэрах адносна хутка ствараецца недахоп, брак вонкавай, дакладней, “па-закватэрнай” інфармацыі. Наша штодзённае інфармацыйнае асяроддзе вельмі хутка засвойваецца, вычэрпваецца. Гаспадару ўласнай кватэры жыццёва патрэбна штодзённае “інтэлектуальнае паліва” — інфармацыя пра “жыццё за гарой і за рэчкай”, бо, па-першае, гэтага “інфармацыйнага паліва” патрабуе наш мозг і інтэлект3, які і створаны, каб “разважаць паводле разнастайнай інфармацыі”.

Па-другое, — электронная журналістыка і яе авангард электронная публіцыстыка ўжо набылі і хутка набываюць ўсё новыя рысы перспектыўнага мастацтва, якім усё больш з’яўляюцца нашы электронныя зносіны, а электронны журналіст усё больш набывае рысы “электроннага артыста” або публіцыста з яго “электроннай рыторыкай” як красамоўствам, з я-гок “гульнёй вобразаў і асацыяцый”.

Нарэшце, электронная журналістыка дорыць нам штодзённы твор — публіцыстычны кліп, у якім кліпава спалучаны псіхалагічныя гука-колерава-тэхнагенныя эфекты з невядомымі да адкрыцця электронікі магчымасцямі пераўтварэння нашых псіхалагічных зносін. Аўдыторыя электронных СМІК свядома, прагна пераўтварылася ў “інфармацыйных мазахістаў”, якія патрабавальна, нават, агрэсіўна патрабуюць інфармацыйна-эмацыянальнага уздзеяння, пажадана, вельмі моцнага, “страсальнага”. Хай сабе гэта ўздзеянне — крывавымі рэпартажамі, сюжэтамі разбурэння, пагібелі, катаклізмамі. Прага такой разбуральнай інфармацыі ў якасці інфармацыйна-эмацыянальнага стымулятара ў нейкім гістарычным прывідзе нагадвае ледзве пазнавальны старажытнаэлінскі катарсіс. Адбылася гістарычна-пачуццёвая інверсія вусокадухоўнага задавальнення, эмацыянальнага ачышчэння аўдыторыі старажытнагрэчаскай публікі амфітэатра пасля перажытай паэтычнай або драматычнай трагедыі — катарсісу ў звычайную штодзённую патрэбу “інфармацыйнага катарсісу” паводле “драмы і трагедыі” рэальнага жыцця, але ў ілюзійным, электронна-віртуальным выглядзе. Праўда, тут трэба акцэнтаваць на тым, што так званы “інфармацыйны катарсіс” — гэта другі эшэлон нашых патрэб інфармацыйнага ўздзеяння. Першы эшэлон-ткі звязаны ўсё ж з новымі магчымасцямі электроннай журналістыкі, якія забяспечваюць тэхнагенна-эстэтычнае ўздзеянне на таемныя механізмы сацыяльнай творчасці, эўрыстыкі, якія ўздзеянічаюць на фарміраванне прынцыпова новых стымулаў развіцця эўрыстычных здольнасцей4 на сацыяльным узроўні.

Такім чынам, электронная журналістыка — гэта род творчай сацыяльна-камунікатыўнай дзейнасці, скіраванай на стварэнне іфармацйных прадуктаў (“наданне формы” фактам жыцця або, паводле Б.Стральцова, “увасабленне ў вобразы” праяў жыццядзейнасці грамадства) дзеля забеспячэння шэрагу асноўных інфармацыйна-камунікатыўных і сацыяльна-псіхалагічных патрэб грамадства ва ўмовах электронна-інфармацыйнага асяроддзя. Электронная журналістыка сфарміравалася як адгалінаванне прэсжурналістыкі пад уздзеяннем паступовага і татальнага ўкаранення радыётэхнічных і электронных сродкаў сувязі і масавых зносін і набыла новыя прафесійныя і псіхалагічныя якасці, прынцыпова адрозныя ад якасцей прэсжурналсітыкі. Галоўнай прынцыповай адрознасцю электроннай журналістыкі з’яўляецца глабальная масавасць інфармацыйных кантактаў і інфармацыйнага абмену, якія забяспечваюцца глабальнымі электроннымі СМІК, а таксама віртуальная аўдыёвізуальнасць апасродкаваных масавых зносін. Электронная журналістыка стварыла чарговы этап у эвалюцыйным развіцці зямных форм зносін і спакваля скіравала іх у рэчышча псіхалогіі зносін. Як масавы сродак віртуальнага нэйра-лінгвістычнага ўздзеяння, электронная журналістыка стымулюе і праграмуе сацыяльную матывацыю грамадства ва ўмовах электроннага асяроддзя, з’яўляецца інфармацыйным каталізатарам сацыяльнай творчасці.

Як прафесія, электронная журналістыка ў якасці родавога ўтварэння набыла спецыфічныя рысы і ўяўляе сабой электронны варыянт (ілюзійна, віртуальна апасродкаваны) масавых рытарычных зносін сучаснасці. Па-першае, прынцыпова змяніліся інструменты збору, фіксацыі (кадзіравання) і перадачы (раскадзіравання) інфармацыі на адлегласць. Па-другое, пад уздзеяннем радыётэхнікі і электронікі змяніліся прафесійныя дынамічныя стэрэатыпы электроннага журналіста, псіхічныя алгарытмы якога маштабна і сістэмна адрозныя ад алгарытмаў прэсжурналіста. Па-трэцяе, трансфармаваліся і псіхічныя працэсы ў аўдыторыі электроннай журналістыкі, патрэбы якой паступова сканцэнтраваліся на выключнай відовішчнасці інфармацыйных твораў (тэлебачанне), гукавай геданістычнасці і гукавай інфармацыйна-рэкрэацыйнай тэрапіі і рэфлекціі (радыё), колерава-графічнай кантраснасці, электроннай яркасці і дасціпнасці, эпатажна-сюрпрызнай нечаканасці і магчымасці інтэрактыўных электронных зносін (Інтэрнет).

  1. Паняцце і класіфікацыя радыёпубліцыстыкі. Адрозненне ад прэспубліцыстыкі.

Такім чынам, электронная публіцыстыка фарміравалася пад уплывам некалькіх разнастайных фактараў.

Па-першае, грамадскай патрэбы масавага тыражавання авангардных думак і актуальных сацыяльных абагульненняў асоб-лідэраў як носьбітаў сучасных “перспектыўных” ідэалаў і адказаў на “вечныя” штодзённыя пытанні.

Па-другое, электронна-тэхнічныя магчымасці інфармацыйнай фіксацыі, кадзіравання-раскадзіравання інфармацыйных фактаў, трансфармацыі і сінтэзавання гуку, колераў, “карцінкі” і інш. стварылі новыя ўмовы мастацка-псіхалагічнага ўздзеяння на індывідуальную і масавую псіхіку і псіхалогію інфармацыйных спажыўцоў. Уздзеянне электронікі ўзмацняецца тым, што яна ў сістэмным салучэнні з электроннай журналіыстыкай уздзейнічае як асяроддзевы абіятычны фактар (упоравень з натуральнымі фактарамі асяроддзя – прыродай і штучнымі фактарамі ўрбанізацыі).

Па-трэцяе, сучасная электронная публіцыстыка на постсавецкай інфармацыйнай прасторы эвалюцыйна працягвае адмысловыя традыцыі славянскага, у прыватнасці, менталітэту, які скіраваны на “вечавае”, “калектывісцкае”, эмацыянальна-завостранае публічнае абмеркаванне і асэнсаванне актуальных сацыяльных праблем.

Па-чацвёртае, электронная публіцыстыка выконвае адмысловыя функцыі сацыяльнай тэрапіі, у прыватнасці, забяспечвае вечна “галодную” грамадскаую думку адмысловым “харчаваннем” — прапановай сацыяльна-эканамічнай і сацыяльна-псіхалагічнай стабілізацыі “хоць на момант” дадзенай публіцыстычнай праграмы.

Па-пятае, электронная публіцыстыка, як сучаснае мастацтва электронна-публічных масавых зносін, напаўняе наша індывідуальнахатняе жыццё электроннай ілюзіяй “моўнага спектакля”, удзелу ў справах “вялікай сям’і”, стварае камфортна-хатняе электронна-мастацкае шоў.

У якасці абагульнення сказанага дадзім фармулёўку: электронная публіцыстыка — гэта трансфармаваная сучасная форма масавых сацыяльна-праблемных апасродкаваных зносін, якая сфарміравалася пад уплывам дваістай генетычнай патрэбы чалавека, з аднаго боку, мець аператыўны і перспектыўны ідэал і ідэю жыццядзейнасці і ўвогуле існавання, з другога, — дэлегіраваць уласныя думкі і несфарміраваныя або адносна сфарміраваныя перакананні лідэру-публіцысту з мэтай дынамічнай і актуальнай “інтэлектуальнай гульні” паводле сучаснай праблематыкі. Электронная публіцыстыка сталася пераемніцай прэспубліцыстыкі на ўзроўні вобразна-эмацыянальнага адлюстравання абагульненых сацыяльных станаў і пачуццяў паводле жыццёвых праблем і набыла новыя, адмысловыя сродкі і рэсурсы для віртуальна-апасродкаванай камунікацыі. Як інтэлектуальная частка электроннага асяроддзя, электронная публіцыстыка забяспечвае штодзённую патрэбу чалавека ў актыўнай інфармацыйна-праблемнай і інфармацыйна-камунікатыўнай (псіхалагічнай) стабілізацыі, фарміруе актуальныя дынамічныя стэрэатыпы пазітыўных сацыяльных паводзін. Як складаная сучасная форма сінтэзаванага адлюстравання і электронна-ілюзійнага адбітку разнастайных жыццёвых праблем, як спецыфічная форма электронна-апасродкаваных зносін, у якіх спалучаны ўсе авангардныя магчымасці і патрабаванні чалавечых зносін у стылістыцы “мастацтва моўна-інтэлектуальнай гульні”, электронная публіцыстыка з’яўляецца вяршынным узроўнем прафесійнай кваліфікацыі журналістаў. Гэта адмысловасць і складанасць электроннай публіцыстыкі з пэўнай доляй умоўнасці (і гэта заканамерна) увасабляецца ў і праз сучасныя публіцыстычныя жанры, формы і тэхналогіі электроннай журналістыкі.

Публіцыстычныя жанры электроннай журналістыкі – форма і сродак задавальнення інфармацыйна-камуніктыўных патрэб, перадусім, адмысловай сацыяльнай групы форум-спажыўцоў сацыяльнай інфармацыі. Канкрэтна – публіцыстычныя жанры электроннай журналістыкі — форма праблемнай кампазіцыі і арганізацыі спецыфічнага сінтэзаванага тэксту (аўдыёвізуальнага, графічнага, электронна-віртуальнага) як спосабу і сродку арганізацыі і забеспячэння публічна-эмацыянальнай камунікацыі паводле актуальных грамадскіх праблем. Такім чынам, трэці, найвышэйшы від журналісцкай дзейнасці і, адпаведна, жанравы блок мы называем коратка і рацыянальна “публіцыстыка” і “публіцыстычныя жанры”, а таксама — “электронная публіцыстыка”, “электронная журналістыка”, “жанры электроннай публіцыстыкі.

На падставе ўсяго вышэйсказанага ў папярэдніх главах паводле публіцыстыкі яшчэ раз канстатуем: публіцыстыка была і застанецца ў шэрагу мастацкіх дэфініцыяў, будзе катэгорыяй мастацтва публічных (масавых) зносін. Вось чаму традыцыйны тэрмін, якім пазначаюцца жанры гэтай групы электроннай журналістыкі ў большасці маскоўскіх падручнікаў як група «мастацка-публіцыстычных жанраў» сёння ўяўляецца неправамерным, бо ўтрымлівае момант таўталогіі.

Таму што паняцце «публіцыстыка» ужо утрымлівае сэнс мастацкасці, бо ёсць «красамоўства», што значыць «прыгажосць» або мастацтва* маўлення «на публіцы». І калі мы групуем пэўныя жанры менавіта «з публіцыстычным ухілам», дык маем на ўвазе менавіта той самы мастацкі адмысловы стыль, які ёсць ужо мастацтва зносін. Таму прыметнік «мастацка-» у нашым выпадку «залішні» і быў прыменены, як уяўляецца, «з разгону» паводле логіцы групавання жанраў журналістыкі. Паводле гэтай логікі мелася на ўвазе, што факталагічныя (інфармацыйныя) і аналітычныя жанры ствараюцца без ужывання мастацкіх сродкаў, элементаў, алгарытмаў, а вось публіцыстычныя – мастацкімі сродкамі, каб падкрэсліь іхняе адрозненне ад факталогіі, «голай» канстатацыі фактаў.

Некрытычнае чытанне і ўжыванне тэрміну і пратрымала такую таўталагічную фармулёўку пэўны гістарычны час, які скончыўся ў сувязі з экспансіяй электронікі і «супердэмакратычных» магчымасцей электроннага асяроддзя. Да таго ж, калі мы будзем ужываць тэрмін «мастацка-публіцыстычныя жанры» пры стварэнні матэрыялаў, праграм, якія адлюстроўваюць працэсы мастакага жыцця, функцыянавання мастацтва і яго відаў у грамадстве, дык «павінны» будзем што, – ствараць «падвоўную» семантыку пры пазначэнні жанраў публіцыстычнай групы: «мастацка-мастацка-публіцыстычныя жанры»? Бо, па логіцы, першы прыметнік «мастацка-» пазначае прыналежнасць журналісцкага твору да мастацкай сферы жыцця, а другі прыметнік «мастацка-» – прыналежнасць да групы публіцыстычных жанраў.

Усё становіцца на месца, калі мы гаворым пра групу адмысловых жанраў вышэйшага інфармацыйна-журналісцкага эшэлону проста: «група публіцыстычных жанраў электроннай журналістыкі».