Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
6. Канспект лекцый.doc
Скачиваний:
14
Добавлен:
02.08.2019
Размер:
264.7 Кб
Скачать

Тэма 16. Сінтаксічная стылістыка і яе прадмет

Раздзел стылістыкі, у якім вывучаюцца стылістычныя рэсурсы сінтаксіса, называецца сінтаксічная стылістыка. Стылістычныя рэсурсы сінтаксіса дазваляюць падкрэсліць тыя або іншыя бакі думкі, выразіць тонкія адценні зместу, выказаць аўтарскія адносіны да тэксту.

Сінтаксічныя рэсурсы – гэта магчымасці сінтаксічных сродкаў выступаць у якасці экспрэсіўна-стылістычных (спрыяць стварэнню выразнага эфекту выказвання) і функцыянальна-стылістычных (быць тыповымі для пэўнай сферы функцыянавання мовы).

Стылістычныя магчымасці сінтаксіса даволі шырокія, што тлумачыццца разнастайнасцю сінтаксічных канструкцый. Асновай сінтаксічнай стылістыкі з'яўляецца сінтаксічная сінанімія, што забяспечвае магчымасць выбару найбольш эканомнай і адпаведнай кантэксту сінтаксічнай канструкцыі.

Сінтаксічныя сінонімы – гэта набор розных сінтаксічных структур для выражэння аднаго і таго ж сэнсу. Розніца паміж сінтаксічнымі сінонімамі можа быць стылістычнай або семантычнай». Сказы «Возера, якое з усіх бакоў акружаў лес, здавалася зверху кропляй расы ў траве». (І.Г.) і Возера, з усіх бакоў акружанае лесам, здавалася зверху кропляй расы ў травы адрозніваюцца не семантычна, але стылістычна: складаны сказ з даданай азначальнай часткай характэрны размоўнай мове; адасобленае азначэнне выражанае дзеепрыметным словазлучэннем, - адметная рыса кніжна-пісьмовай мовы.

Асобныя сінтаксічныя канструкцыіатрымліваюць функцыянальна-стылёвую афарбоўку і ўжываюцца пераважна ў тэкстах таго або іншага функцыянальнага стылю.

Функцыянальна-стылістычная дыферэнцыяцыя сінтаксічных рэсурсаў звязана пераважна з найбольш агульным размежаваннем кніжна-пісьмовых і вусна-размоўных сінтаксічных канструкцый і форм.

Сінанімічнымі лічацца канструкцыі:

- у межах аднаго стылю (Сёння дождж = Сёння ідзе дождж = Сёння дажджліва);

- у межах розных стыляў (выключаецца магчымасць узаемазамяняльнасці: няма наіўнай дзяўчынкі (нейтр.) – няма наіўнае дзяўчынкі (мастацкі);

- паралельныя канструкцыі (сінанімічныя канструкцыі розных узроўняў, напр.: Закончыўшы працу, ён паехаў адпачываць. – Пасля заканчэння працы, ён паехаў адпачываць. – Пасля таго як ён закончыў працу, ён паехаў адпачываць).

Некаторыя словазлучэнні ўтвараюць сінанімічныя рады. Адны з іх звязаны са строга нармаваным пісьмовым маўленнем, афіцыйна-справаводчным і навуковым стылямі, іншыя ўласцівы вусным выступленням, фельетонам, лістам і інш., напрыклад: аплаціць праезд – аплаціць за праезд. Падобныя стылістычныя суадносіны характэрныя і для некаторых сінанімічных форм выказніка, напрыклад: аказаць уплыў – уплываць, прыняць рашэнне – рашыць.

Найбольш рэзка супрацьпастаўлены вусна-размоўныя і пісьмова-кніжныя канструкцыі. Сярод спецыфічных размоўных канструкцый нямала такіх, якія ўвогуле не ўжываюцца ў пісьмовым маўленні. Напрыклад, назоўны тэмы: “Кінатэатр “Цэнтральны” сыходзіце?”, “Ты не бачыў дзяўчынка такая маленькая?” не сустракаецца нават у мастацкім стылі.

Звычайна сінанімічныя канструкцыі больш простыя і эканомныя па структуры характарызуюцца як размоўныя або нейтральныя, а канструкцыі больш складаныя – як кніжныя: настаўнік правярае сшыткі – настаўнік займаецца праверкай сшыткаў, сшыткі ў шафе – сшыткі захоўваюцца ў шафе і інш. Варта адзначыць, што такі крытэрый нельга адносіць да ліку надзейных для вызначэння стылістычнай афарбоўкі сінтаксічных адзінак.

Форма сказа заўсёды звязана з яго функцыяй у розных стылях маўленняю. Пэўна-асабовыя сказы з фармальнай выражанасцю суб’екта ўласцівыя размоўнаму маўленню, мастацкай літаратуры і сустракаюцца ў афіцыйна-справавых (“Загадваю...”) і навуковых тэкстах (“Мяркуем...”, “Разгледзім...”). Суб’ект у няпэўна-асабовых сказах успрымаецца няпэўна, што і абумоўлівае багатыя выразныя магчымасці, чым можа быць падкрэслена катэгарычнасць або настойлівасць загаду, просьбы і інш.: “Маўчаць, кажуць табе”. Няпэўна-асабовыя сказы могуць ужывацца ў некаторых жанрах афіцыйна-справаводчага (інструкцыя па ўжыванні лекаў), навуковага (працэс разважанняў, фармулёўка правілаў) стылю.

Абагульнена-асабовыя сказы з уласна абагульненым значэннем, шырока ўжывальныя ў прымаўках, прыказках, выслоўях, устойлівых выразах, уласцівы размоўнаму маўленню і мастацкаму стылю.

Безасабовыя сказы дзякуючы сваёй выразнасці і эмацыянальнасці шырока ўжываюцца ў размоўным маўленні і мастацкай літаратуры. Сказы з безасабова-прэдыкатыўнымі словамі (трэба, можна, нельга, варта і г.д.) без інфінітыва ўласцівы размоўнаму маўленню (мне Галю трэба), з інфінітывам – навуковаму (варта знайсці значэнне вытворнай).

Дзякуючы разнастайным мадальным адценням інфінітыўныя сказы шырока ўжывальныя не толькі ў размоўным стылі і мове мастацкай літаратуры, але і публіцыстычным стылі (заклікі), афіцыйна-справаводчым (даручыць..., устанавіць...).

Адасобленыя члены сказа даволі шырока выкарыстоўваюцца ва ўсіх функцыянальных стылях (акрамя размоўна-бытавога), аднак функцыі іх у розных стылях неаднолькавыя. У мове мастацкай літаратуры адасобленыя азначэнні спрыяюць стварэнню цэльнага вобраза – партрэтнай характарыстыкі, замалёўкі і інш. У навуковых тэкстах адасобленыя азначэнні ўжываюцца для пабудовы больш цэласнага лаканічнага выказвання.

Стылістычнымі функцыямі надзелены таксама і парадак слоў. У выніку змянення парадку слоў адзін і той жа сказ можа выступаць у некалькіх варыянтах згодна з актуальным чляненнем. Разам з тым парадак слоў можа служыць і для выражэння экспрэсіі і стылістычнай афарбоўкі: з фальклорна-апавядальнай (перанясенне рэмы ў пачатак выказвання), эпічнай, паэтычнай (большая свабода словаразмяшчэння ў параўнанні з маўленнем празаічным). У размоўным маўленні інфарматыўна найбольш значны член, як правіла, знаходзіцца ў пачатку выказвання: “Вакзал, хто сыходзіць?”.

Стылістыка складанага сказа абапіраецца на стылістыку простага сказа, але не абмяжоўваецца ёй. Стылістычную значнасць у складаным сказе набывае як характар сувязей паміж простымі сказамі, так і сродкі выражэння гэтых сувязей. Немалаважную ролю адыгрываюць ступень складанасці структуры сказа, а таксама яго працягласць. Так, у вусна-размоўным маўленні ўвогуле немагчымыя складаныя па структуры сказы. У навуковых і афіцыйна-справаводчых тэкстах шырока ўжываюцца складаныя і ўскладненыя простыя сказы.

Асноўныя разнавіднасці складаных сказаў нераўназначныя паводле функцыянальна-стылістычных асаблівасцей. Бяззлучнікавыя сказы ў найменшай ступені прадстаўлены ў навуковым, афіцыйна-справаводчым маўленні. Аднак даволі актыўна выкарыстоўваюцца ў размоўным маўленні, мове мастацкай літаратуры, асабліва ў вершаваным тэксце, паколькі менавіта ў ім павышаецца роля інтанацыі, што служыць асноўным сродкам сувязі паміж часткамі сказа. Складаназлучаныя сказы праз спецыфіку адносін (злучальныя, далучальныя і інш.) ужываюцца пры апісанні і апавяданні, але з’яўляюцца недастатковымі пры разважанні. Таму такія канструкцыі абмежавана выкарыстоўваюцца ў навуковым маўленні і пашыраныя ў мове мастацкай літаратуры і публіцыстыцы. Складаназалежныя сказы шырока прадстаўлены ва ўсіх функцыянальных стылях, аднак некаторыя іх тыпы найбольш ужывальныя ў пэўных функцыянальна-маўленчых сферах. У навуковым маўленні асабліва высокі працэнт ужывання сказаў з залежнымі прычыны і ўмовы .

Найбольш поўна ўсе разнастыйныятыпы складанага сказа прадстаўлены ў мове мастацкай літаратуры, што абумоўліваецца пераважна індывідуальным стылем пісьменніка.

Такія разнавіднасці чужога маўлення, як прамая і ўскосная мова, сустракаюцца ва ўсіх функцыянальных стылях, аднак у кожным з іх яны праяўляюцца своеасабліва і служаць розным мэтам. Напрыклад, цытацыя ў навуковым творы ўяўляе даслоўную перадачу з навуковага тэксту іншага аўтара. Перадача чужога маўлення з мастацкага твора выразна вылучаецца на фоне аўтарскай мовы. Ужыванне прамой мовы сустракаецца часцей за ўсё ў маналагічнай і дыялагічнай форме выкладу. Формы прамога і ўскоснага маўлення перакрыжоўваюцца і аб’ядноўваюцца ва ўнутраным маналогу аўтара або персанажа.

Ускосная мова сустракаецца ў афіцыйным, навуковым, публіцыстычным маўленчых стылях і ва ўсіх стылях выкладу ў мастацкай літаратуры. У адрозненне ад названых разнавіднасцей няўласна-простая мова – характэрная толькі мове мастацкай літаратуры і некаторым жанрам публіцыстычнага стылю.

Структурна-семантычныя асаблівасці перыяда выклікаюць яго розныя стылістычныя якасці. Рытмічна-інтанацыйная напружанасць надае прыяду эмацыянальны, прыўзняты характар, што знаходзіць выкарыстанне ў прамоўніцкім маўленні, у эмацыянальна афарбаваных творах мастацкай літаратуры і публіцыстыкі. Звышфразавыя адзінкі з ланцужковай сувяззю ўжываюцца ў тэкстах усіх стыляў. Аднак іх розныя тыпы ўласцівыя розным функцыянальным стылям. Так, ЗФА з ланцужковай сінанімічнай сувяззю асабліва ўжывальныя ў публіцыстычных тэкстах, што забяспечвае выражэнне эмацыяльна-ацэначных адценняў. У навуковым тэксце з яго тэндэнцыяй да адназначнасці, а таксама афіцыйна-справаводчым пашыраныя ЗФА з лексічным паўторам, ланцужковая сувязь ажыццяўляецца, як правіла, на сутыкненні сказаў, дзякуючы чаму дасягаецца паслядоўнасць разважання. У мове мастацкай літаратуры ўжываюцца ўсе віды ланцужковай сувязі. Прыярытэт ужывання той або іншай сувязі вызначаецца творчай індывідуальнасцю аўтара. Асаблівую ролю як сродак сувязі паміж сказамі ў складзе ЗФА адыгрываюць пабочныя словы, злучнікі, далучальныя канструкцыі: значыць, напрыклад, такім чынам, па-першае, а таксама прыслоўныя словы: таму, тады, спачатку, затым і інш. Мастацкаму маўленню найбольш уласцівыя экспрэсіўна-мадальныя словы: магчыма, верагодна, хто ведае і інш.

Традыцыйна да стылістычных рэсурсаў сінтаксіса далучаюць з’явы паэтычнага сінтаксісу (анафара, эпіфара, антытэза, градацыя, паралелізм і інш.), якія шырока выкарыстоўваюцца ў мастацкай літаратуры і публіцыстыцы, вельмі рэдкія ў навуковых, афіцыйна-справаводчых тэкстах.

Анафара – стылістычная фігура, звязаная з паўторам асобных гукавых спалучэнняў, слоў ці зваротаў напачатку выказвання; сінтаксічная – некалькі сказаў або абзацаў пачынаюцца аднолькавым словам або групай слоў: Здаецца, там лечацца раны чалавечай душы. Здаецца, тут усё існуе на вялікую радасць (К.Ч.).

Эпіфара – стылістычная фігура, звязаная з паўторам асобных гукавых спалучэнняў, слоў ці зваротаў у канцы выказвання: А яшчэ запрашае на хутар! На той самы хутар! (К.Ч.).

Антытэза – моўны зварот, у якім супрацьпастаўлены процілеглыя паняцці: Ты да чалавека з душой, а ён да цябе спіной; Гаворыць, як спявае, а за пазухай камень трымае (прыказкі).

Градацыя – стылістычная фігура, заснаваная на размяшчэнні слоў, пры якім кожнае наступнае змяшчае больш моцнае значэнне, за кошт чаго ўзрастае агульнае ўражанне ад усёй групы слоў: Ішлі сівыя ветэраны і бязвусая моладзь. Плячо да пляча, локаць да локця. Сябры. Паплечнікі (з газеты).

Паралелізм – аднолькавая сінтаксічная пабудова суседніх сказаў; аднолькавае размяшчэнне членаў сказа ў іх : Калі вораг сарве яблык, паспеўшы ў нашым садзе, то яблык разарвецца ў яго руках гранатай! Калі ён сажне жменю нашых цяжкіх каласоў, зерне вылеціць і паразіць яго свінцовым дажджом! Калі ён падыдзе да нашых чыстых, сцюдзёных крыніц, яны перасохнуць, каб не даць яму вады (Куп.).

Кальцо страфы – стылістычны прыём, калі сказ пачынаецца і заканчваецца аднолькавымі словамі або словазлучэннямі: Часцей, часцей прыпамінай Імёны паўшых смерцю храбрых

За родны край, наш мілы край, -

Каб над зямлёй, што млела ў ранах,

Плыў гэты сіні-сіні ранак,

Цвіў гэты белы-белы май –

Часцей, мой друг, прыпамінай!... (Гіл.).

Рытарычнае пытанне – сродак эмацыянальнага пацвярджэння думкі: Рыбачко, Хадосечко!. Што ж ето ты, галовачко, удумала!.. Ці ж мы не глядзелі цябе, як вока сваё! Не любілі, не шкадавалі хіба?! (І.М.).

Перыяд – сінтаксічнае і рытміка-інтанацыйнае ўтварэнне, якое складаецца з дзвюх частак, што адрозніваюцца аб’ёмам (першая значна пераўзыходзіць другую), мелодыкай і рытмам (першая частка вымаўляецца больш высокім тонам, з моцным яго ўзрастаннем да паўзы, паскораным тэмпам; як правіла, яна падзяляецца на рытмічныя фрагменты; другая частка, пасля паўзы, вымаўляецца з рэзкім паніжэннем тону, рытм запавольваецца):

Каб стварыў такую песню,

Што няўцешлівых пацешыць,

Што сляпым заззяе зоркай,

Што глухім і голас верне,

Што ў сухмень вадой напоіць,

Што ў мароз акрые світкай,

Што ў галодны час накорміць,

А параненым – залечыць

Незагоеныя раны, -

Найшчасліўшы быў бы ў свеце

І спакойна ў час апошні

Я закрыў бы свае вочы. (М. Танк).