Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
XXвек.rtf
Скачиваний:
4
Добавлен:
02.08.2019
Размер:
1.87 Mб
Скачать

Пытанні і заданні для самаправеркі

1. Ахарактарызуйце эканамічнае, сацыяльна-палітычнае становішча Беларусі пасля грамадзянскай вайны і замежнай інтэрвенцыі.

2. Назавіце эканамічныя і палітычныя прычыны ўвядзення новай эканамічнай палітыкі.

3. Калі была уведзена новая эканамічная палітыка? Якімі былі яе эканамічныя і палітычныя мэты?

4. Назавіце мерапрыемствы, з якіх складалася новая эканамічная палітыка.

5. Якія падзеі адбыліся 30 снежня 1922 г., 1924 г., 1926 г.? Якая сувязь існуе паміж імі?

6. Чаму аграрная палітыка беларускіх рэфарматараў у першай палове 20-х гг. супярэчыла палітыцы бальшавікоў?

7. Ахарактарызуйце асноўныя вынікі аднаўлення народнай гаспадаркі БССР у першай палове 20-х гг.? Чым яны былі абумоўлены?

Пытанні і заданні для абмеркавання на ўроку

1. Вызначце істотныя прыкметы новай эканамічнай палітыкі, дайце азначэнне гэтага паняцця.

2. Вызначце капіталістычныя і сацыялістычныя рысы ў новай эканамічнай палітыцы. Аформіце свой адказ у форме табліцы.

3. Як вы разумееце наступныя тэзісы:

а) “нэп быў тактычным манеўрам, а не зменай стратэгічнага курсу бальшавікоў”;

б) “у выніку хутарызацыі ламаўся традыцыйны ўклад сельскага жыцця, які сфарміраваўся на працягу стагоддзяў”.

4. Прадоўжыце запаўненне табліцы “Тэрытарыяльныя змены БССР у першай палове ХХ ст.”.

5. Прааналізуйце наступныя гістарычныя з’явы па плану: прычыны, сутнасць, значэнне:

а) утварэнне СССР;

б) аграрныя рэформы ў першай палове 20-х гг.

Спіс ілюстрацый

1. Гістарычная карта “Далучэнне да БССР беларускіх зямель у 1924, 1926, 1939 гг.”.

2. Будынак чыгуначнага вакзала ў Мінску. Від з боку пуцей. Пачатак 20‑х гг. ХХ ст.

§ 31. Сацыялістычная індустрыялізацыя ў беларускай сср

Успомніце. 1. Што такое прамысловая рэвалюцыя? 2. Што такое індустрыялізацыя? 3. Якая сувязь існуе паміж гэтымі дзвюма працэсамі? 4. Назавіце іх эканамічныя і сацыяльныя наступствы.

Паступовае згортванне новай эканамічнай палітыкі. З дасягненнем даваеннага ўзроўню вытворчасці пачалося паступовае згортванне новай эканамічнай палітыкі. Гэта было абумоўлена не амбіцыямі і суб’ектывісцкімі пажаданнямі савецкіх кіраўнікоў, а аб’ектыўнымі працэсамі ўмацавання капіталізму, пастаяннага росту беспрацоўя і маёмаснай няроўнасці, узбагачэння капіталістычных элементаў (выгады ад нэпа атрымалі нямногія – нэпманы), збяднення і незадаволенасці той часткі насельніцтва (рабочых і сялян), якая складала сацыяльную базу савецкай улады і якая абараняла гэту ўладу ў гады грамадзянскай вайны. Партыйным і савецкім работнікам задаваліся даволі цяжкія для адказу пытанні: “За што змагаліся, за што кроў пралівалі ў часы рэвалюцыі і грамадзянскай вайны? За тое, каб крывапійцы-буржуі ізноў гаспадарылі ў краіне?” Супраціўленне насельніцтва нэпаўскай ідэалогіі і практыцы ўзмацнялася.

У краіне расквітнелі злачыннасць, прастытуцыя, наркаманія. Склаўся стыль жыцця нэпманаў – “прападаць дык з музыкай!”, узбагачэння любымі сродкамі, парушэння законнасці, п’янства. З’явіліся прыкметы зрошчвання карумпіраваных партыйных і дзяржаўных работнікаў з “прыватнаўласніцкім капіталізмам”, пачаўся працэс перараджэння савецкай бюракратыі.

Задачы сацыялістычнага будаўніцтва, усталявання прынцыпаў сацыяльнай справядлівасці патрабавалі адмаўлення ад той палітыкі, якая нараджала і ўзмацняла капіталістычныя элементы, а таксама негатыўныя з’явы ў грамадстве.

Пачатак наступленню на прыватны капітал паклала пастанова СНК СССР ад 8 верасня 1926 г. У адпаведнасці з ёй значна павялічваліся падаткі, касаваліся арэндныя дагаворы, скарачаўся грашовы і таварны крэдыт прыватнікам. Быў узяты курс на выцясненне прыватнага капіталу са сферы вытворчасці, фінансаў і гандлю, на паступовае згортванне новай эканамічнай палітыкі.

У другой палове 20-х гг. у поўнай адпаведнасці з палітыка-ідэалагічнай дактрынай Камуністычнай партыі новая эканамічная палітыка была паступова заменена палітыкай сацыялістычнай індустрыялізацыі краіны, калектывізацыі сельскай гаспадаркі і культурнай рэвалюцыі. У 30-я гг. палітыка Савецкай дзяржавы атрымала афіцыйную назву палітыкі разгорнутага наступлення сацыялізму па ўсяму фронту.

Курс на сацыялістычную індустрыялізацыю і асаблівасці яе правядзення ў Беларусі. Даволі нізкі ўзровень развіцця прадукцыйных сіл у сярэдзіне 20-х гг. патрабаваў стварэння буйной машыннай вытворчасці і перабудовы ўсёй народнай гаспадаркі на аснове высокапрадукцыйнай тэхнікі. Гэты працэс у СССР і БССР атрымаў назву сацыялістычнай індустрыялізацыі. У краінах Захаду ён вядомы як індустрыяльная (прамысловая) рэвалюцыя.

Курс на правядзенне сацыялістычнай індустрыялізацыі ў СССР прыняў у снежні 1925 г. ХІV з’езд ВКП(б). Як сцвярджалася ў партыйных і дзяржаўных дакументах, сацыялістычная індустрыялізацыя была неабходнай: а) для стварэння матэрыяльна-тэхнічнай базы сацыялізму, бо “адзінай матэрыяльнай асновай новага грамадскага ладу можа быць буйная машынная прамысловасць, здольная рэарганізаваць і земляробства” (Ленін У.І. Выбраныя творы. У 10 тамах. Т.10, Мн., 1991, с.164); б) для пераўтварэння СССР з краіны, якая завозіла машыны і абсталяванне з-за рубяжа, у краіну, якая іх вырабляе, і забеспячэння на гэтай аснове тэхніка-эканамічнай незалежнасці СССР ад капіталістычных дзяржаў; в) для ўмацавання абараназдольнасці СССР і забеспячэння Чырвонай Арміі новай тэхнікай і ўзбраеннем; г) для абсталявання ўсіх галін народнай гаспадаркі, у тым ліку і сельскагаспадарчай вытворчасці новай высокапрадукцыйнай тэхнікай; д) для павышэння матэрыяльнага дабрабыту і культурнага ўзроўню народа.

Сацыялістычная індустрыялізацыя ў СССР карэнным чынам адрознівалася ад індустрыяльнай (прамысловай) рэвалюцыі ў капіталістычных краінах. Індустрыяльная (прамысловая) рэвалюцыя на Захадзе расцягвалася на стагоддзі. Яна пачыналася з развіцця лёгкай прамысловасці, якая патрабавала менш фінансавых выдаткаў і забяспечвала атрыманне ў кароткі тэрмін высокага прыбытку. Зароблены капітал накіроўвалі потым у цяжкую прамысловасць. У СССР і БССР індустрыялізацыю патрэбна было ажыццявіць за 10–15 гадоў і пачыналася яна не з лёгкай, а з цяжкай прамысловасці, што патрабавала вялікіх капітальных укладанняў.

Паколькі краіны Захаду адмовілі СССР у прадастаўленні займаў і крэдытаў, фінансавыя сродкі для індустрыялізацыі прыходзілася шукаць унутры краіны. Гэта – прыбытак ад нацыяналізаваных фабрык, заводаў, прадпрыемстваў сувязі, іншых галін гаспадаркі; продаж зерня, лесу і нафтапрадуктаў за мяжу, а таксама карцін, скульптур і іншых мастацкіх каштоўнасцей; скарачэнне сродкаў на ўтрыманне кіруючага апарату; усталяванне жорсткага рэжыму эканоміі. Былі выкарыстаны золата і серабро, прададзены за мяжу званы, іконы і іншыя царкоўныя каштоўнасці. Уведзена дзяржаўная манаполія на гарэлку, а таксама валютная манаполія, у выніку якой чырвонец стаў унутранай валютай і пазбавіўся канверціравання.

Формамі перакачвання сродкаў насельніцтва на патрэбы індустрыялізацыі былі недаплата за работу рабочым і служачым, звышпадатак для сялян “у выглядзе пераплат за прамысловыя тавары і недапалучак па лініі цэн на сельскагаспадарчыя прадукты”, прамыя і ўскосныя падаткі (падатак са звароту), эмісія грошай, подпіс на дзяржаўныя пазыкі, канфіскацыя маёмасці і зберажэнняў у заможных сялян, кампаніі ў гарадах па забіранні ў насельніцтва золата і каштоўнасцей.

Індустрыялізацыя ў БССР з’яўлялася часткай адзінага працэсу індустрыялізацыі СССР. Разам з тым яна мела і свае асаблівасці правядзення. Па-першае, улічваючы дастатковыя запасы мясцовай сыравіны, патрэбу ў таварах народнага спажывання, зручныя шляхі зносін і вытворчыя традыцыі, асноўная ўвага ў БССР аддавалася паліўнай, дрэваапрацоўчай, папяровай, гарбарнай, швейнай, абутковай і харчовай прамысловасці. У рэспубліцы былі пабудаваны торфапрадпрыемства “Асінторф” каля Оршы, Бабруйскі і Гомельскі дрэваапрацоўчыя камбінаты, Аршанскі льнокамбінат, гарбарны завод “Бальшавік” у Мінску, фабрыка штучнага валакна ў Магілёве, швейная фабрыка “Знамя індустрыялізацыі” і панчошна-трыкатажная фабрыка імя КІМ у Віцебску.

Па-другое, прыгранічнае становішча БССР, неразведанасць яе прыродных багаццяў, недахоп сыравіны, інжынерна-тэхнічных і рабочых кадраў не дазвалялі разгарнуць буйнамаштабнае будаўніцтва аб’ектаў цяжкай прамысловасці, як гэта рабілася ў іншых рэгіёнах СССР. Тым не менш частка капіталаўкладанняў накіроўвалася на развіццё энергетыкі, машынабудавання і прамысловасці будаўнічых матэрыялаў. У гады першай (1928–1932 гг.), другой (1933–1937 гг.) і трэцяй (1938 – чэрвень 1941 гг.) пяцігодак уступілі ў строй Беларуская дзяржаўная раённая электрастанцыя (БелДРЭС), Гомельскі завод сельскагаспадарчага машынабудавання (“Гомсельмаш”), Мінскі радыёзавод, магілёўскія трубаліцейны і аўтарамонтны заводы, Гомельскі шкляны і Крычаўскі цэментны заводы. Былі створаны таксама станкабудаўнічыя заводы імя К.Е. Варашылава і імя С.М. Кірава ў Мінску і станкабудаўнічыя заводы ў Віцебску і Гомелі.

Па-трэцяе, з-за недахопу ў рэспубліцы ўласных фінансавых рэсурсаў частку сродкаў на патрэбы індустрыялізацыі выдзяляў урад СССР. З 338 млн. руб., укладзеных у прамысловасць БССР за гады першай пяцігодкі, каля 1/3 паступіла з саюзнага бюджэту. З рэспублік Савецкага Саюза ў Беларусь завозілася прамысловае абсталяванне, чорныя і каляровыя металы, каменны вугаль, нафтапрадукты. На новабудоўлях рэспублікі працавалі спецыялісты і рабочыя з Масквы, Ленінграда, Кіева, Харкава, прамысловых цэнтраў Урала. У той жа час тэхнічнае абсталяванне, станкі, зробленыя ў БССР, паступалі на фабрыкі і заводы Масквы, Украіны, Урала.

Па-чацвёртае, у БССР былі створаны новыя галіны прамысловасці – паліўная, машынабудаўнічая, радыётэхнічная, хімічная, наладзілася вытворчасць штучнага валакна і трыкатажу. Сфарміраваліся інжынерна-тэхнічныя кадры, выраслі кадры рабочага класа. Мноства спецыялістаў і кваліфікаваных рабочых было падрыхтавана ў прафесійна-тэхнічных навучальных установах, а таксама на фабрыках і заводах.

У выніку ажыццяўлення індустрыялізацыі СССР стаў адной з трох – чатырох краін свету, якія былі здольны вырабляць любы від прамысловай прадукцыі, даступнай тады чалавецтву. Беларуская ССР з аграрнай акраіны былой Расійскай імперыі пераўтварылася ў рэспубліку з развітай прамысловасцю. З’явіліся новыя галіны прамысловасці. БССР стала індустрыяльна-аграрнай рэспублікай Савецкага Саюза. Было ліквідавана беспрацоўе, адменена картачная сістэма на прамысловыя і харчовыя тавары.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]