Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
XXвек.rtf
Скачиваний:
4
Добавлен:
02.08.2019
Размер:
1.87 Mб
Скачать

Пытанні і заданні для самаправеркі

1. Калі і з якімі мэтамі Германія пачала вайну супраць СССР?

2. Якія мерапрыемствы па арганізацыі адпора ворагу былі праведзены ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны?

3. Ахарактарызуйце асноўныя абарончыя баі ў чэрвені – жніўні 1941 г. на тэрыторыі Беларусі. Якое значэнне яны мелі?

4. Якое ваенна-палітычнае і міжнароднае значэнне меў разгром нямецка-фашысцкіх войск пад Масквой?

5. Назавіце этапы фарміравання антыгітлераўскай кааліцыі.

Пытанні і заданні для абмеркавання на ўроку

1. Дайце азначэнне паняццяў: мабілізацыя, цэнтралізацыя кіраўніцтва, эвакуацыя, народнае апалчэнне.

2. У першыя дні вайны савецкім кіраўніцтвам была пастаўлена задача пераўтварэння краіны ў “ваенны лагер”. Як вы разумееце гэтую задачу? Знайдзіце ў гістарычнай літаратуры інфармацыю аб мерапрыемствах па яе рашэнню на тэрыторыі БССР.

3. Прааналізуйце прычыны паражэнняў Чырвонай Арміі летам 1941 г. Карыстаючыся дадатковай літаратурай, канкрэтызуйце іх фактамі. Якія іншыя меркаванні па гэтай праблеме вы сустракалі ў гістарычнай літаратуры?

4. Падрыхтуйце паведамленне “Наш раён летам 1941 г.”.

Спіс ілюстрацый

1. Абаронцы Брэсцкай крэпасці. Воіны 44‑га стралковага палка 42‑й стралковай дывізіі. 1941 г.

2. Камандзір 100‑й стралковай дывізіі генерал І. Русіянаў на камандным пункце пад Мінскам. Чэрвень 1941 г.

3. Удзельнік абароны Брэсцкай крэпасці, Герой Савецкага Саюза П.М. Гаўрылаў у Брэсцкай крэпасці расказвае воінам Савецкай Арміі аб баях у раёне Ціраспальскай башні. 2 ліпеня 1957 г.

4. Я. Зайцаў. Абарона Брэсцкай крэпасці ў 1941 г. 1950.

5. І. Ахрэмчык. Абаронцы Брэсцкай крэпасці. 1958.

6. Мемарыял на Буйніцкім полі каля Магілёва.

§ 39. План “ост”. Фашысцкі акупацыйны рэжым на тэрыторыі беларусі

Успомніце. 1. Што такое расізм? 2. У чым сутнасць расавай тэорыі фашыстаў? 3. Што такое “новы парадак” фашыстаў?

План “Ост” – праграма каланізацыі і знішчэння народаў Савецкага Саюза. На тэрыторыі Беларусі гітлераўцы ўстанавілі рэжым крывавага тэрору, жудасных здзекаў і гвалту над насельніцтвам. Яны ўчынялі тут цяжкія злачынствы і зверствы. Гэта была палітыка генацыду – знішчэння груп насельніцтва па расавых, нацыянальных, палітычных і іншых матывах.

Ідэалагічнай асновай палітыкі акупантаў з’яўлялася тэорыя аб “расавай перавазе” нямецкай нацыі над іншымі народамі. Яна сцвярджала неабходнасць пашырэння “жыццёвай прасторы” для немцаў, іх “права” на сусветнае панаванне.

Згодна з планам “Ост”, распрацаваным напярэдадні нападзення на СССР, фашысты меркавалі 75% беларусаў, рускіх і ўкраінцаў фізічна знішчыць ці прымусова выселіць. Астатніх 25% жыхароў Беларусі, у жылах якіх, як лічылі фашысты, цячэ “нардычная кроў”, прадугледжвалася анямечыць і выкарыстаць у якасці рабочай сілы. Яўрэяў і цыган, якія таксама жылі ў Беларусі, чакала поўнае знішчэнне. Для рэалізацыі плана “Ост” у рэйху было створана асобнае міністэрства па пытаннях усходніх тэрыторый.

Фашысты знішчылі дзяржаўнасць беларускага народа і тэрытарыяльную цэласнасць рэспублікі. Тэрыторыя Беларусі была падзелена на 5 частак: 1) Тэрыторыя Віцебскай, Магілёўскай, амаль усёй Гомельскай, усходнія раёны Мінскай і некалькі раёнаў Палескай абласцей былі аднесены да вобласці армейскага тылу групы армій “Цэнтр. Улада на гэтай тэрыторыі знаходзілася ў руках камандавання ваенных і паліцэйскіх органаў; 2) Паўднёвыя раёны Палескай, Пінскай і Брэсцкай абласцей з абласнымі цэнтрамі Мазыр, Пінск, Брэст былі далучаны да рэйхскамісарыята “Украіна”, граніца якога праходзіла прыкладна за 20 км на поўнач ад чыгункі Брэст – Гомель; 3) Беластоцкую, паўночныя раёны Брэсцкай, частку раёнаў Баранавіцкай вобласці гітлераўцы ўключылі ў склад Усходняй Прусіі; 4) Паўночна-заходнія раёны Вілейскай вобласці былі далучаны да Генеральнай акругі Літва; 5) Генеральная акруга Беларусь з цэнтрам у Мінску была ўключана ў склад рэйхскамісарыята “Остланд” з рэзідэнцыяй у Рызе.

Генеральная акруга Беларусь дзялілася на 10 акруг (гебітаў). Вышэйшым выканаўчым органам тут з’яўляўся Генеральны камісарыят Беларусі, які ўзначальваў В. Кубэ, а з верасня 1943 г. – фон Готберг. Генеральнаму камісарыяту падпарадкоўваліся гебітскамісарыяты (у акругах), штатскамісарыяты (у гарадах), артскамісарыяты ( раёнах).

Адміністрацыйны апарат складаўся ў асноўным з нямецкіх цывільных служачых. У якасці дапаможных мясцовых устаноў акупанты стваралі гарадскія і раённыя ўправы на чале з начальнікамі раёнаў або бургамістрамі гарадоў. У воласцях прызначаліся валасныя старшыні, а ў вёсках былі старасты. З людзей, якія перайшлі на бок немцаў, стваралася мясцовая беларуская паліцыя.

Правал гітлераўскага “бліцкрыга”, актывізацыя антыфашысцкага супраціўлення патрабавалі ад акупацыйных улад унясення карэктыў у стратэгію далейшага вядзення вайны, схілення насельніцтва на свой бок. Усё часцей сярод гітлераўцаў стала гучаць думка аб тым, што “Расія можа быць пераможана толькі расіянамі”, гэта значыць здраднікамі.

І такія знайшліся ў Беларусі. На шлях здрады, супрацоўніцтва з фашыстамі сталі сілы, апазіцыйныя бальшавізму, галоўным чынам тыя, хто ў 1917–1920 гг. змагаўся за буржуазную Беларусь, а пазней эмігрыраваў па палітычных матывах за межы рэспублікі. Сустракаліся і тыя, хто абставінамі лёсу былі пазбаўлены іншага выбару.

З дазволу нацыстаў і пад іх кіраўніцтвам былі створаны прафашысцкія арганізацыі калабарацыяністаў (ад французскага слова colloboratіon – супрацоўніцтва) – Беларуская народная самапомач, Беларуская самаахова, Саюз беларускай моладзі. У народзе калабарацыяністаў называлі здраднікамі, гітлераўскімі памагатымі. Галоўнай іх мэтай было стварэнне з дапамогай захопнікаў “самастойнай Беларусі” пад эгідай гітлераўскай Германіі. У якасці сімвалаў беларускія памагатыя акупантаў выкарыстоўвалі герб “Пагоня” і бела-чырвона-белы сцяг, віталі адзін аднаго клічам “Жыве Беларусь!” з выкідваннем па-фашысцку рукі наперад.

З удзелам памагатых фашысты рабавалі насельніцтва, забіраючы сыравіну, прамысловую прадукцыю, культурныя каштоўнасці. Сілай зброі, за сімвалічную плату яны прымушалі людзей працаваць па 12–14 гадзін у суткі, плаціць падаткі, здаваць сельскагаспадарчыя прадукты, жывёлу, птушку.

Эканамічны прыгнёт суправаджаўся духоўным. У сістэме школьнай адукацыі, якая дзейнічала на акупіраванай тэрыторыі, вучэбны працэс меў яскравую прагерманскую накіраванасць і нацыянал-сацыялістычную сутнасць. У кожным класе абавязкова вывешваўся партрэт Гітлера, упрыгожаны з бакоў бела-чырвона-белымі сцягамі. Настаўнік, уваходзячы ў клас, вітаў вучняў узнятай правай рукой з воклічам “Хайль Гітлер” або “Жыве Беларусь”. Вучні павінны былі ў такой жа форме адказваць настаўніку. Перад пачаткам урокаў праводзіліся гутаркі пра біяграфію Гітлера і яго паплечнікаў, аб жыцці народа ў Новай Еўропе, перамогах войск вермахта.

На ўроках прыроды вучні засвойвалі такія тэмы як “Паняцце аб расах”, “Характарыстыка рас”, “Арыйская раса – як вышэйшая культурная і цывілізаваная раса чалавецтва”. На ўроках гісторыі вучні абавязваліся засвойваць тэмы “Беларусь і Германія”, “Беларусь у будаўніцтве Новай Еўропы”, “Жыццё Адольфа Гітлера” і інш. З канца 1941/1942 навучальнага года пачаў уводзіцца лацінскі алфавіт. В. Кубэ папярэджваў: “Кожны бальшавіцкі ўплыў, што будзе выходзіць са школы, будзе карацца смерцю”.

На тэрыторыі акупіраванай Беларусі выходзілі газеты і часопісы. Вяліся перадачы радыё, дэманстраваліся кінафільмы. Дзейнічалі тэатры. Немцы нават выдалі загад, каб артысты Мінскага драматычнага тэатра здалі экзамен па беларускай мове, а таксама вывучылі нямецкі гімн, маршы, вершы, прысвечаныя Гітлеру.

Узброенай апорай фашысцкага рэжыму ў Беларусі з’яўляліся акупацыйныя войскі вермахта – ахоўныя дывізіі, а таксама службы СД (служба бяспекі, галоўны орган разведкі і контрразведкі), СС (ахоўныя атрады, а таксама адборныя войскі), гестапа – паліцыя і інш. Усяго на тэрыторыі Беларусі гітлераўцы вымушаны былі трымаць ваенна-паліцэйскія сілы колькасцю да 160 тыс. чалавек.

Для падтрымкі акупацыйнага рэжыму былі створаны і накіраваны на тэрыторыю Беларусі ўкраінскія, літоўскія і латышскія паліцэйскія батальёны. Яны ахоўвалі камунікацыі, змагаліся з партызанамі, удзельнічалі ў масавым знішчэнні яўрэйскага насельніцтва, пры гэтым вызначаліся не меншай лютасцю ў адносінах да мясцовых жыхароў, чым гітлераўцы.

Тэрыторыя Беларусі пакрылася сеткай канцэнтрацыйных лагераў і турмаў. Людзей спальвалі, цкавалі сабакамі, закопвалі жывымі ў зямлю, атручвалі ў душагубках. Гітлераўцы стварылі тут больш як 260 лагераў смерці, іх філіялаў і аддзяленняў. Самым буйным на часова акупіраванай тэрыторыі не толькі Беларусі, але і ўсяго СССР з’яўляўся Трасцянецкі лагер смерці каля Мінска, у якім было знішчана больш за 200 тыс. чалавек. Па колькасці знішчаных людзей Трасцянецкі лагер стаіць на чацвёртым месцы пасля Асвенціма, Майданэка і Трэблінкі.

Адным з буйнейшых гарадскіх лагераў смерці было мінскае гета, створанае гітлераўцамі 19 ліпеня 1941 г. Гета было абнесена высокай агароджай з калючым дротам. Выходзіць з гета яўрэі маглі толькі на работу ці па спецыяльнаму дазволу. На спіне і грудзях яны павінны былі насіць жоўтыя знакі. За парушэнне правілаў пагражаў расстрэл. На насельніцтва гета фашысты накладвалі кантрыбуцыі, зборам якіх займаўся яўрэйскі камітэт і яўрэйская паліцыя. У гады акупацыі ў мінскім гета сістэматычна паўтараліся пагромы. У выніку тут было знішчана каля 100 тыс. чалавек. Усяго ў Беларусі існавала больш за 100 яўрэйскіх гета, у якія фашысты сагналі сотні тысяч яўрэяў – жыхароў Беларусі і іншых краін свету.

Фашысты правялі больш за 140 карных аперацый, у ходзе якіх спалілі каля 5,5 тыс. населеных пунктаў разам з усімі ці часткай жыхароў. У правядзенні карных аперацый прымалі ўдзел не толькі ахоўныя дывізіі і паліцэйскія сілы, але і кадравая армія, на ўзбраенні якой былі танкі, самалёты, артылерыя. У час гэтых аперацый цэлыя раёны былі ператвораны ў “зоны пустыні”.

22 сакавіка 1943 г. гітлераўскія карнікі спалілі жывымі ўсіх жыхароў вёскі Хатынь, што каля Лагойска. На месцы спаленай Хатыні ў 1969 г. быў адкрыты мемарыяльны архітэктурна-скульптурны комплекс на ўшанаванне памяці ўсіх ахвяр фашысцкага генацыду ў Беларусі. Трагічны лёс Хатыні раздзялілі 628 беларускіх вёсак, 186 з якіх не здолелі паўстаць з руін і попелу, паколькі былі знішчаны разам з іх жыхарамі.

Адной з праяў акупацыйнай палітыкі быў вываз насельніцтва на прымусовыя работы ў Германію. У рэйху такіх людзей называлі “усходнімі рабочымі” (“остарбайтэрамі”). Людзей прымусова вывозілі ў таварных вагонах, па некалькі дзён яны не атрымлівалі харчавання і вады. Захопам насельніцтва займаліся армейскія часці, жандармерыя, атрады СС і СД, паліцыя. Былі выпадкі, калі войскі вермахта і паліцыя акружалі вёскі і забіралі ўсё насельніцтва, пры аказанні супраціўлення расстрэльвалі.

Нават дзяцей фашысты прымушалі выконваць непасільную фізічную працу, марылі голадам, змяшчалі ў канцэнтрацыйныя лагеры, вывозілі на катаржныя работы ў Германію, у іх бралі кроў для гітлераўскіх салдат. За час акупацыі гітлераўцы насільна вывезлі з Беларусі на катаржныя работы ў Германію больш чым 380 тыс. чалавек, у тым ліку больш за 24 тыс. дзяцей. Вярнулася дамоў пасля вайны толькі 160 тыс. чалавек.

Усяго фашысцкімі катамі было забіта і замучана ў Беларусі больш за 2,2 млн. чалавек, амаль кожны чацвёрты яе жыхар.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]