Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Лекцыя 12. Бел. мов-ва ў 30-40-я г. ХХ ст..doc
Скачиваний:
12
Добавлен:
06.08.2019
Размер:
79.87 Кб
Скачать
  1. Развіццё беларускага мовазнаўства ў 30-я гады.

26 жніўня 1933 года Савет Народных Камісараў прыняў вядомую Пастанову “Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу”, якая ўпершыню афіцыйна ўзаконіла правапісныя і граматычныя нормы беларускай літаратурнай мовы. Далейшая распрацоўка правапісу і граматычных нормаў беларускай мовы працягвалася ў новых школьных падручніках Н.І.Шэўчыка і А.С.Саломеніка, а таксама Ю.А.Шакаля і М.І.Жыркевіча.

Падручнік па беларускай мове для сярэдняй школы Шэўчыка і Саломеніка выйшаў з друку ў 1934 годзе і складаўся з дзвюх частак – “Марфалогія” і “Сінтаксіс”. Кожная частка складалася у сваю чаргу з двух раздзелаў. У першай частцы даваліся тэарэтычныя звесткі, а ў другой розныя практыкаванні і заданні па кожнай тэме. У 1935 годзе абедзве часткі гэтага падручніка выйшлі другім выданнем са значнымі зменамі і папраўкамі, зробленымі на падставе парад настаўнікаў і вучоных. Асабліва многа змен было ўнесена ў структуру тэарэтычных раздзелаў. Тэарэтычныя раздзелы былі папоўнены новым ілюстрацыйным матэрыялам з мастацкай літаратуры, а практычныя раздзелы – дадатковымі заданнямі для самастойнага выканання. Пераапрацоўка падручніка пры другім выданні зрабіла яго больш дасканалым як у навуковых, так і ў метадычных адносінах. Трэцім выданнем, без істотных змен, гэты падручнік выйшаў у 1936 годзе.

Другі падручнік па беларускай мове меў назву “Граматыка” і складаўся з дзвюх частак. Першая частка, напісаная Ю.А.Шакалём сумесна з М.І.Жыркевічам выйшла ў 1937 годзе. Яна змяшчала тэарэтычныя звесткі і розныя практыкаванні па фанетыцы, граматычнаму ладу слоў і марфалогіі. Другая частка падручніка, напісаная Шакалём сумесна з Бязносікам, выйшла ў 1938 годзе. Яна змяшчала тэарэтычныя звесткі і розныя практыкаванні па сінтаксісу. Абедзве часткі пабудаваны аднолькава. Сваёй будовай яны значна адрозніваліся ад папярэдняга школьнага падручніка, створанага Саломенікам і Шэўчыкам. Адрозніваліся перш за ўсё кампаноўкай матэрыялу і прынцыпамі яго падачы. У новым падручніку тэарэтычная і практычная частка не раздзяляліся, аўтары змясцілі практычныя заданні адразу пасля тэарэтычных параграфаў і нават пасля іх асобных частак. Ад папярэдняга новы падручнік адрозніваўся таксама большай дакладнасцю некаторых граматычных паняццяў і з’яў. Большай прадуманасцю і разнастайнасцю вызначаюцца практыкаванні. Гэты падручнік тройчы перавыдаваўся пад назвай “Граматыка беларускай мовы”.

У 1935 годзе выйшла ў свет першае акадэмічнае апісанне фанетычнай сістэмы беларускай мовы – “Беларуская граматыка. Фанетыка і правапіс (навукова-даследчы нарыс)” прафесара Ц.П.Ломцева. Аўтар у духу традыцый айчыннага мовазнаўства дае разгорнутую характарыстыку сістэмы гукаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы, раскрывае асаблівасці іх функцыянавання ў моўным працэсе. Асобныя раздзелы кнігі прысвечаны агульным праблемам пісьма, графікі і сучаснай арфаграфіі беларускай мовы. Ва “Уводзінах” з пазіцый “новага вучэння аб мове” коратка асвятляецца праблема паходжання беларускай мовы і прыводзіцца пералік яе характэрных рыс. Да кнігі дадаецца тэкст пастановы 1933 года аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу.

Праз год з’явілася другая частка акадэмічнай апісальнай граматыкі беларускай мовы – “Беларуская граматыка. Марфалогія”. Выканана яна была пад кіраўніцтвам Ц.П.Ломцева навуковымі супрацоўнікамі інстытута літаратуры і мовы АН БССР – М.Баркоўскім, К.Гурскім і інш. У прадмове адзначалася, што гэтая праца з’яўляецца першай спробай навуковай апрацоўкі і вывучэння сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Далей у прадмове выразна сфармуляваны ідэйна-палітычны накірунак працы. У прыватнасці адзначаецца наступнае: “Працы Карскага даюць матэрыял толькі па дыялекталогіі і з’яўляюцца вялікадзяржаўніцкімі па сваіх устаноўках. Граматыкі Лёсіка і Багдановіча не маюць нічога агульнага з навуковымі мэтамі і з’яўляюцца нацдэмаўскімі, контррэвалюцыйнымі. Такім чынам, наша граматыка з’яўляецца першай спробай і праграмай далейшага даследавання сучаснай беларускай літаратурнай мовы”.

Ломцеў надрукаваў таксама вялікую манаграфію пра выказнік і спосабы яго выражэння ў гісторыі беларускай мовы – адну з буйнейшых прац у беларускім мовазнаўстве па гістарычнаму сінтаксісу.

У 1937 годзе быў выдадзены “Руска-беларускі слоўнік” пад рэдакцыяй А.Александровіча.

Як працяг распрацоўкі навуковага курса сучаснай беларускай літаратурнай мовы выйшлі падрыхтаваныя Інстытутам мовы і літаратуры АН БССР “Сінтаксіс беларускай мовы” (1939) пад рэдакцыяй Я.Коласа, К.Гурскага і Г.Шкляра, а таксама “Курс сучаснай беларускай мовы. Фанетыка, марфалогія, лексіка”(1941) К.І.Гурскага і Ц.П.Ломцева.

Пералічаныя вышэй працы пэўным чынам раскрылі структуру сучаснай беларускай мовы, вызначылі ў адпаведнасці з панаваўшымі ў той час ідэалагічнымі ўстаноўкамі яе правапісна-граматычныя нормы. Аднак справа з нармалізацыяй беларускай мовы на гэтым не скончылася. У друку ў апошнія перадваенныя гады зноў з’явіліся патрабаванні далейшых змен і ўдакладненняў правіл арфаграфіі і граматыкі. Аднак абмеркаванне гэтых змен і ўдакладненняў спыніла на пэўны час вайна.

У цэлым беларускае мовазнаўства 30-х не дасягнула вялікіх поспехаў у параўнанні з 20 гадамі. У выніку неабгрунтаваных рэпрэсій супраць некаторых лінгвістаў, яно страціла ў 30-я гады такіх відных даследчыкаў як Б.Тарашкевіч, Я.В.Воўк-Левановіч, М.Я.Байкоў, С.М.Некрашэвіч, П.А.Бузук і інш.