Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Лекцыя 12. Бел. мов-ва ў 30-40-я г. ХХ ст..doc
Скачиваний:
12
Добавлен:
06.08.2019
Размер:
79.87 Кб
Скачать
  1. Распрацоўка правапісу і граматычных нормаў пасля Вялікай Айчыннай вайны.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны вывучэнне беларускай мовы працягнулася. Грамадскасць зноў вярнулася да пытанняў правапісу і граматычнай нармалізацыі беларускай мовы. Пачатак пасляваеннай дыскусіі аб правапісных і граматычных нормах быў пакладзены артыкулам М.Р.Судніка “Да пытання аб беларускім правапісе”, які з’явіўся ў настаўніцкай газеце 16 мая 1946 года. Артыкул выклікаў шматлікія водгукі і шэраг канкрэтных прапаноў адносна ўпарадкавання і змен у літаратурных нормах, ад частковых, нязначных да карэнных, радыкальных. У выніку для абмеркавання пытанняў правапісу, графікі і граматычнай нармалізацыі беларускай мовы Акадэміяй навук БССР была створана арфаграфічная камісія на чале з Якубам Коласам, які на той час быў віцэ-прэзідэнтам Акадэміі. Камісія падрыхтавала і ў 1951 годзе апублікавала “Праект змен і ўдакладненняў беларускага правапісу”, невялікага аб’ёму, усяго на 10 старонак тэксту. Затым у 1952 годзе ў Акадэміі навук была праведзена рэспубліканская канферэнцыя па арфаграфіі. Нарэшце, пасля ўсебаковага і ўважлівага абмеркавання “Праекта змен і ўдасканаленняў правапісу” у друку і на розных навуковых нарадах Савет Міністраў БССР у 1957 годзе прыняў пастанову “Аб удакладненні і частковых зменах існуючага беларускага правапісу”, якая закранула некаторыя недасканалыя правілы арфаграфіі і граматыкі беларускай мовы.

З улікам гэтай пастановы праз невялікі час былі выдадзены падрыхтаваныя Інстытутам мовазнаўства АН БССР “Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” (1959) і “Арфаграфічны слоўнік” М.П.Лобана і М.Р.Судніка. Першае выданне слоўніка з’явілася ў 1948 годзе, затым ён дапрацоўваўся і перавыдаваўся. У выніку адзначаных мерапрыемстваў, а таксама распрацоўкі арфаграфіі і граматычных сродкаў мовы ў падручніках для сярэдняй школы правапіс шматлікіх слоў стаў больш дасканалым, беларуская літаратурная мова набыла неабходную ўпарадкаванасць.

Ужо к 60-м гадам была завершана праца над трохтомным “Курсам сучаснай беларускай літаратурнай мовы”, падрыхтаваным супрацоўнікамі Інстытута мовазнаўства імя Я.Коласа АН БССР. Першая частка “Марфалогія” выйшла ў 1957 годзе, другая “Сінтаксіс” – у 1959, трэцяя “Фанетыка, арфаграфія, лексікалогія” – у 1960. Курс прызначаўся ў якасці вучэбнага дапаможніка для студэнтаў-філолагаў. Разам з тым ён адыграў пэўную ролю ва ўстанаўленні норм сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Акрамя таго вучэбныя дапаможнікі па сучаснай беларускай літаратурнай мове былі створаны Ц.П.Ломцевым, які на той час стаў прафесарам Маскоўскага універсітэта, – “Белорусский язык” (1951), “Грамматика белорусского языка” (1956), а таксама П.Я.Юргелевічам – “Нарыс сучаснай беларускай мовы з гістарычнымі каментарыямі” (1958, другое выданне – 1961).

У далейшым праца разгарнулася над стварэннем акадэмічнай сучаснай беларускай мовы. Першы том граматыкі – “Беларуская мова. Марфалогія” – выйшаў у 1962 годзе, другі том “Сінтаксіс” выйшаў у 1965 годзе. Акадэмічная граматыка ўяўляла сабой апісальна-нарматыўны даведнік па марфалогіі і сінтаксісу. Тут на даволі грунтоўнай тэарэтычнай аснове апісваюцца марфалагічныя катэгорыі і спосабы словаўтварэння сучаснай беларускай літаратурнай мовы, дэталёва праводзіцца семантычная класіфікацыя граматычных з’яў. Упершыню у граматыцы падаецца падрабязная класіфікацыя розных тыпаў словазлучэнняў, прапануецца новая структурна-граматычная тыпалогія выказніка, складаных канструкцый з далучальнай сувяззю і складаназалежных сказаў. Для вырашэння прынцыповых і складаных пытанняў граматычнай нормы аўтары шырока выкарыстоўваюць факты сучаснай беларускай мастацкай літаратуры, перыядычнага друку, навуковых выданняў. У гэтых адносінах граматыка асабліва выгадна адрознівалася ад папярэдніх агульных апісанняў структуры сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Граматыка адыграла вялікую ролю ў нармалізацыі беларускай літаратурнай мовы і ў пэўным сэнсе з’явілася эталонам пры падрыхтоўцы іншых прац па беларускай мове. Яна ўпершыню сістэматычна прааналізавала характэрныя для 50-х – пач. 60-х гадоў нормы беларускай літаратурнай мовы і розныя адхіленні ад іх.

Вялікім дасягненнем беларускага мовазнаўства пасляваеннага часу было з’яўленне перакладных руска-беларускага і беларуска-рускага слоўнікаў. “Руска-беларускі слоўнік” пад рэдакцыяй Я.Коласа, К.Крапівы і П.Глебкі выйшаў у 1953 годзе і налічваў 86 тысяч слоў. Асноўнае яго прызначэнне – задаволіць моўную практыку грунтоўным даведнікам пры перакладзе мастацкай, публіцыстычнай і навуковай літаратуры з рускай мовы на беларускую. Асноўны прынцып перакладу рускіх слоў – гэта падбор беларускага эквівалента. У 1962 годзе быў выдадзены “Беларуска-рускі слоўнік” пад рэдакцыяй К.Крапівы амаль на 90 тысяч слоў. Гэта практычны дапаможнік пры перакладзе слоў з беларускай мовы на рускую, які можа служыць таксама даведнікам пры напісанні слоў. Слоўнікі выявілі лексічнае багацце беларускай мовы, удасканалілі нормы словаўжывання і паслужылі апорай для наступных лексікаграфічных распрацовак.

У пасляваенныя гады працягвалася праца і па ўсебаковаму вывучэнню беларускіх народных гаворак. Праца беларускіх дыялектолагаў была падпарадкавана складанню “Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы”, які выйшаў у двух тамах у 1963 годзе пад рэдакцыяй Р.І.Аванэсава, К.Крапівы, Ю.Ф.Мацкевіч. Атлас узнік у выніку даследавання мясцовых гаворак звыш тысячы населеных пунктаў рэспублікі. У ім на 338 лінгвістычных картах, якія падрабязна каменціруюцца, адлюстраваны і наглядна паказаны істотныя асаблівасці сучасных беларускіх гаворак і іх тэрытарыяльнай разнастайнасці, даюцца новыя звесткі аб групоўцы беларускіх гаворак і ўзаемаадносінах іх паміж сабою і з рускай, украінскай і іншымі славянскімі і неславянскімі мовамі. У 1962 годзе была надрукавана “Хрэстаматыя па беларускай дыялекталогіі”, а ў 1964 годзе выйшлі “Нарысы па беларускай дыялекталогіі” – першая сур’ёзная спроба тэарэтычна асэнсаваць стан сучасных беларускіх гаворак.

З’явілася нямала прац і па гісторыі беларускай мовы, сярод якіх перш за ўсё заслугоўваюць увагі “Нарысы па гісторыі беларускай мовы” (1957) – першы спецыяльны вучэбны дапаможнік для вышэйшай школы. У ім асвятляюцца асаблівасці развіцця фанетычнай сістэмы і граматычнага ладу беларускай мовы, вызначаюцца ўзаемаадносіны паміж ёю і іншымі славянскімі мовамі і робіцца спроба перыядызацыі яе гісторыі.

Зноў пачалі выдавацца беларускія пісьмовыя помнікі. Была апублікавана “Хрэстаматыя па старажытнай беларускай літаратуры”, складзеная А.Ф.Коршунавым, “Літоўскі статут” у рэдакцыі 1529 года, “Дыярыуш” Афанасія Філіповіча, “Александрыя”. На высокім навуковым узроўні была выдадзена “Хрэстаматыя па гісторыі беларускай мовы”, у якой сабраны тэксты розных гістарычных эпох, пачынаючы ад старажытнарускай і заканчваючы першымі дзесяцігоддзямі ХХ стагоддзя, калі беларуская літаратурная мова ў сваіх важнейшых рысах набыла сучасны выгляд.

Побач з традыцыйнай для беларускага мовазнаўства гістарычнай фанетыкай і граматыкай у вывучэнні гісторыі беларускай мовы паступова складваўся новы напрамак – гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Па гэтай маладой дысцыпліне былі створаны вучэбныя дапаможнікі для вышэйшай школы – “Нарысы гісторыі беларускай літаратурнай мовы” (1960), “Гісторыя беларускай літаратурнай мовы” (1963) Л.М.Шакуна.

Такім чынам, акадэмічныя граматыкі і іншыя вучэбныя дапаможнікі па сучаснай беларускай літаратурнай мове, прызначаныя для вывучэння яе ў вышэйшай і сярэдняй школе, садзейнічалі ўсталяванню літаратурных нормаў і паглыблялі тэарэтычнае асэнсаванне моўных фактаў.