Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
курач Света.doc
Скачиваний:
33
Добавлен:
11.09.2019
Размер:
212.99 Кб
Скачать

Іі. Народныя традыцыі і абрады на старонках «Палескай хронікі»

Іван Паўлавіч Мележ, нарадзіўшыся ў самым, бадай, прыгожым кутку Беларусі, назаўсёды застаўся адданым сынам гэтай Малой Радзімы, калыскі, якая ўзгадавала і натхніла яго на стварэнне аднаго з самых магутных раманаў ХХ-га стагоддзя ў беларускай літаратуры - “Людзі на балоце”, “Подых навальніцы”, “Завеі, снежань”.

Свае творы Мележ прысвяціў сваім аднавяскоўцам, землякам, якія ўзгадавалі яго, якім ён аддаў даніну павагі, шанавання і памяці і якія не пакідалі яго да апошняе хвіліны жыцця…

Пісьменнік намаляваў цэлую галерэю вобразаў, якія ўзгадваюцца з яго ўласнага жыцця на Палессі. Раманы І.П. Мележа, аб'яднаныя пад назваю “Палеская хроніка”, могуць прэтэндаваць на званне твораў агульнанацыянальнага маштабу, бо нельга больш уявіць такіх герояў, якія паўстаюць перад намі амаль з першых старонак раманаў.

Жаданне напісаць раман пра Палессе, родны куток у Мележа не было нечаканым ці раптоўным. Яно выношваляся выспяваля доўгія гады: “Надышоў час, калі ўзнікла патрэба як бы нанава перажыць мінулае, даследаваць, асэнсаваць пэўны перыяд жыцця свайго народа, паказаць і ўславіць іх знешнюю адметнаць, іх унутраную прыгажосць, іх сціпласць, працавітасць, чэснасць.” [8, с.182]

“Людзі на балоце” сёння можна лічыць сапраўды нацыянальным эпасам Беларусі, візітнай карткай беларускай літаратуры з боку адлюстравання цэлага часавага адрэзка нашай гісторыі і ахопу праблем, паказу характараў. Назва твора сёння мае адмоўную афарбоўку, але вядома, што сам аўтар толькі ў апошні момант спыніўся на гэтым варыянце назвы, але галоўнае - гэта грунтоўны змест. Сама назва паказвае чытачу і рыхтуе да ўспрыняцця светапогляду палескай вёскі тых часоў. Людзі на балаце - людзі, якія жывуць на нейкай абмежаванай прасторы, якая трымае іх у коле сваіх паняццяў і патрэб, дзесьці нават не дае магчымасці развівацца, зацягвае ў свае ціскі быту, навязвае стэрэатып мыслення. Але куранёўцы імкнуцца рухацца далей і бачыць больш за сваё “балота”, іх цікавіць свет, тым больш сам час патрабуе гэтага. Самі гістарычныя падзеі і героі рамана ствараюць супярэчнасці для развіцця побыту вёскі, светапогляду аднавяскоўцаў. Свежы подых перамен звязаны з агульнадзяржаўнымі зменамі ў краіне: калектывізацыі гаспадарчых надзелаў, перадзел зямлі, агульна рэвалюцыйныя настроі сялянства і рабочых… Вобраз Міканора як прадвесніка новага ладу жыцця паказыны ў творы ключавым рычагом уздзеяння на свядомасць вясковага чалавека, які не толькі трансфармуе архаічныя светапогляды ў новыя, але часам і рушыць, падкошвае традыцыйны ўклад духоўнага пачатку куранёўцаў. Асноўная маса герояў не гатова кардынальна змяніць сваё жыццё, падстройвацца пад новыя парадкі, ламаць сябе і векавыя традыцыі, падчас калі патрабуецца пераскочыць у новы час без падрыхтоўчага этапа, а семямільнымі крокамі далёка наперад.

Пісьменнік як драму паказаў, як сілаю рушыцца ўклад жыцця беларускай вёскі, яго версія падзей адрознівалася ад афіцыйнай дактрыны, але далей само жыццё дапісвала за пісьменніка. Калгас у Куранях (Глінішча) у 1970-я гг. стаў перадавым, аб гэтым пісала газета “Звязда”. А ў 1986 годзе вёску накрыў чарнобыльскі пепел.

Праўда Мележа ў тым, што ён з вялікай сынавай любоўю маляваў сапраўднае Палессе, раскрывая яго для ўсяго свету. Прычым Мележ апісваў унутранае палескае жыццё, з позірку чалавека, для якога ўсё гэта арганічна блізка.

«Палескі край туманны» апеты ў той песні з любоўю, памножанай на сілу таленту, чым і вызначаецца сіла яго ўздзеяння на нашы душы. “Палеская хроніка” па энцыклапедычнасці выяўлення нацыянальнага характару набліжаецца да “Новай зямлі”. У “Палескай хроніцы” паказана ментальнасць нашага народа, яго звычаі і традыцыі, яго быт і памкненні, думы і пачуцці ў адзін з пераломных момантаў гісторыі, паказана, з якімі набыткамі людзі на балоце да яго прыйшлі, чым тыя набыткі памножылі і што старацілі. То панарамна, то “буйным планам”, партрэтна выпісаны мастаком народ і асобныя яго постаці. Курані і куранёўцы (а на іх вобразах увесь народ у часы калектывізацыі) паказаны І. Мележам надзвычай рэалістычна.

“Людзі на балоце” - раман пра жыхароў глухой вёсачкі Курані, адрэзанай ад знешняга свету непраходнымі палескімі балотамі. Івана Мележа больш за ўсе прыцягвае штодзённае жыццё куранёўцаў, тое знешне неяркае, шэрае, з чаго, па сутнасці, і складаецца жыцце тысяч і мільенаў людзей, моцна прывязаных да зямлі.

Усе, што тут адбываецца спачатку здаецца самым звычайным, вельмі ўжо “празаічным”. Ніякіх значных подзвігаў, абсалютна нічога гераічнага куранеўцы ў рамане не робяць. Дні кожнага з іх перапоўнены неадкладнымі справамі, клопатамі, якія з году ў год паўтараюцца. Трэба і своечасова скасіць сена на гіблым балоце, і зжаць неўрадлівае жыта, і зкалаціць яго цагамі. І назбіраць грыбоў у лесе і ягад на тым балоце. У гэтым кругавароце бясконцых турбот, гаспадарчых разлікаў і разваг ідуць год за годам, праходзіць жыццё палешукоў.

Вядома, што не толькі працай захоплены "балотныя людзі", хоць іменна ёй аддаюць яны большую частку свайго жыцця. Ёсць у іх час роздыху, традыцыйныя святы, дні вясёласці, зусім не падобныя на шэраг іншых звычайных дзён. Тады яны едуць на нядзельны кірмаш ў суседнія Юравічы, п'юць самагонку і спяваюць песні на вяселлі, шумяць на сходцы, да хрыпаты спрачаючыся пра зямлю, пра яе перадзел. З амаль этнаграфічнай дакладнасцю адмоўлены ў рамане быт беларускага Палесся. Перад намі, нібы замкнуты ў сабе, звычайны вясковы свет, дзе свае нацыянальныя традыцыі, паданні і павер'і, зімовыя дзявочыя пасядзелкі, ігрышчы з песнямі, калядная варажба і хаджэнне з “казой” - гэта і многае іншае натуральна і свабодна ўвайшло ў раман. Вось як апісвае аўтар абрад хаджэння з “казой”: “Некалькі хлопцаў гаманліва ўваліліся ў хату разам з клубамі халоднай пары і “казою”. “Каза” – нехта ў перавернутым кажусе – сагнулася, закруцілася, затупала, так смешна падкідвала нагамі, так пацешна мэкнула, тоненька, жаласна, што бацька, зачухаўся ад уцехі:

  • Чысто – юравіцкія козы! Што па гарах лазяць!..” [2, с.194].

Варта звярнуць ўвагу на расказ аб начной сустрэчы з ведзьмакамі, адчуць, як старая знахарка верыць чарадзейнаму “зеллю” з лекавых траў, або звярнуць увагу на апісанне абеда ў сям'і куранеўскага кулака Глушака, які строга захоўвае дамастроеўскія сямейныя традыцыі, і лёгка адчуць, з якім веданнем усяго ўкладу народна-сялянскага жыцця выпісаны шматлікія жанравыя карціны рамана. І ўсе гэта ўключана аўтарам у раман не дзеля дэмагогіі і паэтізацыі старадаўнасці, а ў імя паўнаты мастацкага ўзнаўлення жыцця сялянства. “Бацьку, маці, бацькаўскай зямлі” [8, с.102] прысвяціў Іван Мележ сваю запаветную песню - раман “Людзі на балоце”.

На старонках твора апісваюцца Каляды ў Куранях, многае тут паказваецца праз успрыманне Міканора - учарашняга вайскоўца. “Колькі не стараўся, а перадсвяточная, вясёлая ліхаманка ў Куранях не толькі не ападала, а - было чутно - усё мацнела” [2, с.172], “Не было такога дня, ..каб не чырванеў ці на адным, ці на другім агародзе за хлявом вясёлы агеньчык, не плыў у гару дым”[2, с.172]. Даволі дакладна вытрыманы ў Мележа амаль увесь рытуал гэтага свята: “За сталом матка бадзька сядзелі, вячэралі як ніколі маўкліва, нібы чулі за сабой цені тых, хто даўно ўжо не прасіў яды. абое, было відаць, успаміналі: бацька, перш чым браць якой стравы самому, адліваў лыжкай яе ў міску, пастаўленую на акне, дзецям, нябожчыкам. Вячэра здалася Міканору вельмі доўгаю і сумнаю: ён ледзь дачакаўся, калі бацька, нарэшце, паставіць на стол гаршчок з куццёю, налле салодкай вадзіцы – сыты з маку і мёду, паспытаўшы якія, мажна, не крыўдзячы старых, устаць…” [2, с.189].

Паэтызуючы працэс банкетавання, хаджэння з казой, Мележ выяўляе перш за ўсё глыбока гуманістычны змест гэтага абраду. Абрад Каляд выяўляў не толькі інецыю старых звычаяў і сілу традыцый, іх устойлівасць, але адкрываў перспектыву паказу сямейна-бытавога ўкладу жыцця палешукоў, этыкі народа, народнага светаўспрымання.

“Мележ стварае паэтычную карціну зімы ў багацці фарбаў, гукаў…” [7, с.48] Пейзаж выклікае паэтычны настрой, якім захоплены ўсе куранёўцы ў перадсвяточныя і святочныя дні. Карціна прыроды дапамагае пісьменніку перадаць свет паэзіі і хараства ў народным абрадзе.

Такім чынам, Мележ апісвае шматфарбную каларытную карціну традыцыйнага сялянскага свята, якая дапамагае мастаку паказаць разнастайнасць праяў жыцця селяніна. Этнаграфічная карціна Каляд раскрывае народнае светаўспрыманне, яго этыку. У эпізодах, прысвечаных зімоваму каляндарнаму абраду, раскрываюцца такія рысы беларускага народа, як працалюбства, гасціннасць, гумар, глыбокая чалавечнасць, павага да старэйшых. Каляды - гэта своеасаблівы від духоўнага жыцця народа. З'яўляючыся калектыўным відовішчам, яны задавальнялі эстэтычныя запатрабаванні селяніна. Невыпадкова Міканор, гледзячы, як бацькі захапляюцца казой, “не мог не прызнаць таленту “казы”, падумаў пра бацькоў: уліплі вачыма, як бы ім спектакль, кіно прывезлі!” [2, с.90].

Вясёлы ўздым, шчырасць, гасціннасць, падкрэслівае пісьменнік у Дамеціку і Дамецісе на Куццю ў Шчодры вечар: “З пашанай і нейкай урачыстасцю сачыў бацька, як матка села на вымытым стале сна, як накрывала яго чыстым настольнікам, як клала бохан хлеба, нож, лыжкі, ставіла конаўку з соллю” [2, с.176]. Яшчэ не раз Мележ падкрэсліць, што маці Міканора была ўсцешаная, расчуленая, што яна ў святочныя дні радасна гаварыла, з уцехай глядзела, пахвальна ківала галавою. І як мяняліся эпітэты ў аўтарскіх каментарыях, калі размова пойдзе пра бойку: “Ад сярэдзіны сяла наляталі злыя воклічы, крыкі болю, мацюкі, якія часам счапляліся ў дзікі, люты роў…” [2, с.184]