Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
курач Света.doc
Скачиваний:
33
Добавлен:
11.09.2019
Размер:
212.99 Кб
Скачать

Заключэнне

“Палеская хроніка” Івана Мележа якраз і нясе тую высокую эпічную якасць і грамадзянскую смеласць мастацкасці і праніклівасці аналітычнай думкі, якая, абапіраючыся на лепшыя эстэтычныя здабыткі нацыянальнай традыцыі (і, безумоўна, не толькі нацыянальнай), у многім выйшла на наватарскі шлях пазнання жыцця, чалавека і выяўлення найважнейшых нервовых цэнтраў той эпохі, калі на іншы, калектывісцкі лад стаў перарабляцца, перабудоўвацца векавечны будынак старой вёскі. Нас, безумоўна, і да сённяшняга дня не перастае хваляваць пытанне: а што ж усё-такі адбылося ў тыя часы, пра што думалі і разважалі людзі, вяскоўцы і невяскоўцы, на гэтых надзвычай складаных, крутых, адказных перавалах гіс-торыі? Бо далёка не ўсе галасы данесла да нас тая трывожная і драматычная эпоха. Многія сведкі тых гадоў заставаліся ў цені літаратурнай гісторыі, у лепшым выпадку іх галасы даходзілі да наступных пакаленняў сцішаным і прыглушаным рэхам, а іншы раз і ў скажона-фальсіфікаваных інтэрпрэтацыях. I. Мележ добра адчуваў гэта і разумеў, распачынаючы працу над цыклам раманаў "Палескай хронікі".

Вядома, дыстанцыя часу абвастрае пісьменніцкі зрок (вялікае бачыцца на адлегласці), але пры той бясспрэчнай умове, калі сам творца ўнутрана падрыхтаваны, бачыць сацыяльна-псіхалагічную панараму гісторыі ў шматмернай поліфаніі яе звіваў, паваротаў, адценняў, колераў і галасоў. Іван Мележ валодаў і такімі магчымасцямі эпічнага мыслення. Алесь Адамовіч неяк заўважыў, што ў эпапеях накшталт “Палескай хронікі” “кожны не галоўны характар можа стаць галоўным” [1, с.383], як толькі гэтага запатрабуе сам рух падзей альбо аўтарскай думкі. Плынь можа раптам пайсці па новым рэчышчы — па “рэчышчы”, так сказаць, другарадных персанажаў, якія апынуліся ў пункце найбольшага напору. Тое, пра што сказаў А. Адамовіч, можна было б назваць, разгортваючы яго думку, эпічным дэмакратызмам. У “Палескай хроніцы” ў кожнага без выключэння героя ёсць магчымасць узяць на сябе ролю галоўнай асобы і на поўную моц выявіць сваё “я” ў адносінах да тых або іншых момантаў жыцця. А калі чалавека нехта ці нешта абмяжоўвае, не дае ці перашкаджае яму выказацца і выявіцца адкрыта, пісьменнік шырока расчыняе “дзверы” ўнутранага маналога і няўласна-простай мовы.

Сапраўдны талент, апрача ўсяго, выяўляецца у нечаканых паваротах мастацкай думкі. У пэўным сэнсе нечакана з'яўляецца ў трэцім рамане "Палескай хронікі" "Завеі, снежань" сакратар райкама Башлыкоў — герой, які прэтэндуе на вядучую ролю ў грамадскім жыцці. Іншы раз здавалася, што і старшыні сельсавета Дубадзелу аўтарам адведзена сціплая роля. Такім чынам, і сапраўды мяжа паміж галоўнымі і негалоўнымі героямі ў “Палескай хроніцы” амаль што сціраецца. У пэўным (але менавіта толькі ў пэўным) сэнсе сціраецца такі падзел паміж героямі як будаўнікамі побытавай, сацыяльнай, палітычнай, гістарычнай рэальнасці. Кожны з іх кладзе ў падмурак гісторыі сваю цагліну. Аўтар нікога не адсоўвае і не адцясняе. Той прынцып, які мы назвалі эпічным дэмакратызмам, дзейнічае ў “Палескай хроніцы” на поўную моц.

“Аднак мастацкую і філасофскую думку ніколі не пакідала пытанне: а хто ж усё-такі з разлікам і арыентацыяй на вялікую гісторыю творыць працэс жыцця?” [8, с.14].

У межах шматмернай праблемы “чалавек і зямля”, абапіраючыся на плённыя здабыткі нацыянальнай і сусветнай мастацкіх традыцый, I. Мележ паспрабаваў шукаць адказы і на гэтыя адвечныя пытанні і сказаў сваё індывідуальна-адметнае, важкае і пераканальнае слова. Галоўным “утварыцелем калейдаскапічна зменлівага гістарычнага працэсу з'яўляецца, як вынікае з “Палескай хронікі”, найперш той, у каго думка і дзеянне прасякнуты глыбокім, натуральным, не-пахісным пачуццём любасці і замілавання — да канкрэтнай справы, да свайго краю, Бацькаўшчыны і, урэшце, да той уласнай палоскі зямлі, на якой чалавеку, селяніну, даводзілася з веку ў век цяжка і адначасова з асалодай працаваць.” [6, с.114] Так, глыбокую цягу, любоў і замілаванасць да зямлі, да роднага кутка і ўласнага зямельнага надзелу тонка, праўдзіва, аб'ёмна раскрылі ў шэрагу сваіх твораў Якуб Колас, Максім Гарэцкі, Кузьма Чорны, Міхась Зарэцкі і інш. Пагроза паўтарэння для I. Мележа, вядома, была, але ён не збіўся на чужы голас і само паняцце прывязанасці і любасці селяніна да зямлі напоўніў свежым і, не пабаімся сказаць, праблемным наватарскім зместам. Выключна важную мастацкую ролю ў гэтым сэнсе выконваюць у "Палескай хроніцы" тыя сюжэтныя лініі, якія звязаны з каханнем. Менавіта на гэтых лініях, а дакладней, на перасячэнні ўнутранага, глыбіннага інтарэсу-замілавання чалавека да ўласнай палоскі зямлі і інтымнага інтарэсу-любасці да каханай жанчыны ў індывідуальна-адметных праявах раскрываецца стрыжнёвая сацыяльна-псіхалагічная аснова характару селяніна. Аўтар “Палескай хронікі”, напрыклад, некалькі разоў дае аднаму з галоўных герояў твора Васілю Дзятлу магчымасць пайсці насустрач сваім пачуццям і злучыць лёс з той, якую ён не перастае кахаць, хоць і ажаніўся з іншай. Аднак кожны раз у яго разважанні і перажыванні ўрываюцца балючыя, пакутныя, трывожныя думкі пра ўласны кавалак зямлі, “што каля цагельні. Уся сіла чалавека, — разважае ён, — у зямлі. — І сіла ўся, і радасць. Няма зямлі, няма, лічы, і чалавека” [4, с.241]. I ў такія хвіліны перашкоды на шляху да каханай жанчыны ўяўляюцца яму амаль што непераадольнымі. Хоць і з вялікім болем, але каханне ўсё ж адступае перад незвычайна глыбокай любасцю героя да ўласнага поля.

“Зыходзячы са старых схематычных крытэрыяў, вельмі проста было б асудзіць і абвінаваціць Васіля Дзятла як закаранелага і непапраўнага ўласніка. Аднак I. Мележ якраз адхіляе магчымасць такіх спрошчаных падыходаў, хоць і не імкнецца абмінаць, камуфляваць, апраўдваць, абараняць крайнасці эгацэнтрызму ў псіхалогіі селяніна.” [5, с.174].

Аўтару важна было вылучыць думку пра тое, што чалавек, у якога любоў да зямлі становіцца вышэй за каханне і "даражэй за сябе самога", выходзіць на вельмі прынцыповыя і непахісныя асновы праўды. Васіль Дзяцел (ды і кулак Халімон Глушак) больш, можа, інтуітыўна, чым рацыяналістычна, нутром адчувае, што ў яго глыбокай, у пэўным сэнсе невытлумачальнай арганічнай звязанасці і злітнасці з зямлёй выяўляе сябе нейкая вялікая жыццёвая ісціна, “здаровы сэнс”.

Аднак паўстае вельмі сур'ёзнае, яшчэ не вытлумачанае пытанне: калі Васіль Дзяцел або Халімон Глушак гэтак апантана, ледзь не да самазабыцця і нават болей, чым каханую жанчыну, чым саміх сябе, любяць свой надзел, сваё поле, дык, можа, у такім разе не трэба было і кранаць сацыяльна-побытавы ўклад іх жыцця? Можа, варта было цалкам даверыцца законам эвалюцыі? Не, такой пазіцыі Іван Мележ не прытрымліваўся. Ён выступіў у "Палескай хроніцы" як прыхільнік перагляду зямельнай праблемы і лічыў такую задачу наспелай. Ён разумеў, што гэта праблема несла ў сабе незлічоную безліч складанасцяў і патрабавала вырашэння на гуманнай аснове. Пісьменнік нібыта не супраць калектывізацыі і абагулення аднаасобніцкіх гаспадарак, і ў той жа час яго мастацкая думка бунтуе і пратэстуе супраць аднамерна-схематычнага, сілавога падыходу да гэтай тонкай, складанай палітычнай, эканамічнай і сацыяльна-псіхалагічнай з'явы.

У той драматычны момант, калі вясковы актывіст Міканор аддае распараджэнне сілай адабраць ад Васіля Дзятла зямлю і адвесці яе пад агульнае карыстанне, Васіль, упяўшыся “лапцямі ў разору”, голасна, каб чула ўсё наваколле, крычыць: “Не пайду! Не аддам! Не дам!!. Не пушчу!!!” [3, с.362]. I ў гэты час пісьменнік больш усё-такі на баку Васіля, чым Міканора, хоць пэўную праўду ў імкненні да н о в а г а прызнае і за апошнім. Пасля гэтага гучнага і роспачнага Васілёвага “не пушчу!!!” I. Мележ паставіў аж тры клічнікі, падкрэсліваючы тым самым, што зямля і сапраўды для героя “даражэй за ўсё, за самога сябе” [3, с.363]. Вось у такія моманты, “як вынікае з тэксту і падтэксту твора (падтэкст наогул працуе ў Мележавых раманах на шырокай хвалі асацыятыўнасці і аналітызму), якраз і не перашкодзіла б таму ж Міканору і некаторым іншым, больш важным і ўплывовым асобам, прыпыніцца, сур'ёзна задумацца і ўважліва, цярпліва выслухаць таго, каго нібыта трэба было толькі вучыць, павучаць ды перавыхоўваць” [5, с.17]. Іван Мележ застаўся верным мастацкай і гістарычнай праўдзе, паказваючы ў сваіх раманах “Людзі на балоце”, “Подых навальніцы”, “Завеі, снежань” надзеленых уладай людзей, якія ўмелі выслухаць чалавека і дапамагчы яму. Гэтую важную і адказную чалавекалюбную місію аўтар усклаў на такіх герояў, як старшыня валвыканкама, а потым гарвыканкама Іван Анісімавіч Апейка і рэальная гістарычная асоба — старшыня ЦВК і СНК БССР Аляксандр Рыгоравіч Чарвякоў, хоць часам пісьменнік у некаторых сваіх ацэнках відавочна завышаў іх чалавечую і грамадзянскую сутнасць. Характары і гэтых герояў пісьменнік таксама раскрывае ў розных сацыяльна-псіхалагічных аспектах, хоць зноў-такі галоўным ацэначным крытэрыем у выяўленні і вызначэнні іх духоўнай і палітычнай сутнасці з'яўляецца сама мера глыбіні, унутранай падрыхтаванасці да свайго партыйнага абавязку і якасная м е р а іх любові да тых, каго яны ўпаўнаважаны далучыць да новых, нязвыклых формаў жыцця.

Іван Мележ, як мы ўжо гаварылі, малюе і раскрывае знешні і ўнутраны псіхалагічны партрэт сялянскага хлопца Васіля Дзятла з вялікай сімпатыяй і павагай у першую чаргу таму, што той да самазабыцця любіць сваю палоску зямлі, працуе з радасцю, з акрыленай і нязмушанай ахвотай, без ніякай прынукі. У гэтага героя як чалавека ёсць шэраг даволі сур'ёзных недахопаў, але галоўная псіхалагічная дамінанта яго характару — любоў да зямлі. I выяўляецца яна ў Васіля на вельмі высокім эмацыйным узроўні любові-страсці, якая грунтуецца на жыватворнай жыццёвай энергіі, праўдзе, здаровым маральным сэнсе.

На думку I. Мележа, “менавіта такія людзі, як Васіль Дзяцел, Апейка, Чарвякоў, і з'яўляюцца сапраўднымі “ўтварыцелямі самога прагрэсу” і, паводле законаў логікі жыцця, павінны стаяць у цэнтры вызначальных сілаў грамадства, быць галоўнымі дзейнымі фігурамі на гістарычнай авансцэне” [9, с.554]. Аднак так не атрымалася. Гэтых людзей не прыняў, а ў многіх выпадках жорстка выцесніў з жыццёвага творчага актыву просталінейны і схематычны ў сваіх развагах і дзеяннях спрашчэнец цяжкіх і складаных задач, так званы вонкавы чалавек. Іван Мележ глыбока і па-грамадзянску смела раскрыў у “Палескай хроніцы” вялікую драму жыцця, звязаную з паспешлівымі і дагматычнымі дзеяннямі гэтага “вонкавага чалавека”. Аднак тут адкрываюцца ўжо новыя далягляды сур'ёзнай і праблемнай размовы.