Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Навуменка.doc
Скачиваний:
84
Добавлен:
20.09.2019
Размер:
237.57 Кб
Скачать

Максім Багдановіч і фальклор «...У зачарованым царстве»

Раней мы мімаходзь гаварылі пра вершы Багдановіча на міфалагічныя тэмы. Тым часам ім створаны цэлы цыкл, які ўваходзіць у першы раздзел «Вянка», «Малюнкі і спевы», — «У зачарованым царстве». Ёсць такія вершы і па-за межамі «Вянка».

Назва «У зачарованым царстве», якую Багдановіч даў цыклу, зусім дакладна раскрывае яго асаблівасці. «Мы сапраўды знаходзімся ў «зачарованым царстве», дзе рэальнасць і выдумка, рэчаіснасць і паэзія вычварна пераплятаюцца між сабою, дзе знікаюць выразныя межы паміж рэальным пейзажам і прывідным, які ўзнікае ў рамантычным светаадчуванні паэта... У гэтым сэнсе метад Багдановіча ў шэрагу вершаў з’яўляецца метадам імпрэсіянісцкім» [Железняк Г. С. Поэмы М. Богдановича. Л., 1941. С. 126].

«Цэнтральнае месца сярод шматлікіх міфалагічных вобразаў, якія выкарыстаны Багдановічам у цыкле «У зачарованым царстве», — піша даследчык яго творчасці М. Грынчык, — займае вобраз лесуна (вершы «Хрэсьбіны лясуна», «Лясун», «Старасць», «Чуеш гул?», «Возера» і інш.). I гэта невыпадкова. Маладому паэту, шчыра закаханаму ў роднае, але далёкае ад яго беларускае, не мог не імпанаваць такі надзвычай пластычны і велічны вобраз старажытнага народнага светасузірання» [Беларуская мова і літаратура ў школе. 1991. № 7—8]. У лісце да Ластоўскага Багдановіч пісаў: «Край беларускі лясісты і балоцісты. Вось нам і трэба стварыць паэзію лесу, паэзію дрыгвы. Украінская стыхія — стэп, у нас іншая стыхія — лес і балота. Тут ёсць свая адметная краса. Адметная рытміка, адметны чар. Трэба іх падглядзець, знайсці і вынесці на шырокі свет» [Грынчык М. Максім Багдановіч і народная паэзія. Мн., 1963].

Гэта думка з’яўляецца вядучай у артыкуле М. Багдановіча «Забыты шлях». Ён, як і шэраг іншых яго крытычных выступленняў, прысвечаны славянству, сведчыць аб незвычайна вострым адчуванні паэтам духоўнай светаасаблівасці кожнага са славянскіх народаў.

Да ліку такіх асаблівасцей належаць умовы гістарычнага бытавання народа, геаграфія, псіхалагічны склад.

Думаецца, аднак, не толькі гэта прыцягнула ўвагу Багдановіча да беларускага міфа, паэтычным увасабленнем якога ён фактычна пачаў сваю творчасць. Перыяд, у які ўкладваецца паласа паэтычнай работы паэта, характарызуецца духоўнай няўтойлівасцю, цьмянасцю грамадскіх ідэалаў, нявер’ем у іх, упадніцтвам. Паэт інтуітыўным чуццём пранікае ў сутнасць міфа. Ён адчувае: гэта не штосьці забабоннае, народжанае цемнатой, непрасветленасцю нашых далёкіх продкаў. Міф — бачанне свету. Дарэчычы, бачанне сінкрэтычнае, якое ўключае паэзію, рэлігію, філасофію. Багдановіч лічыць: і ў яго час міф не лішні, свет па-ранейшаму поўны загадак, таямніц. Рускі сімвалізм бачыў паэзію праз прызму рамантычнага ідэалізму як інтуітыўнае спасціжэнне таямнічай сутнасці свету, космасу і душы чалавека. Арыентацыя Багдановіча на міф у нейкай меры набліжае яго да сімвалістаў.

Якраз тады літаратура пацягнулася да фалькларызму, да міфа, легенды, народна-паэтычнага вобраза — і ўсё гэта стала прыёмам у паэзіі, асабліва ў школе сімвалістаў.

Аднак адносіны Багдановіча да міфатворчасці асаблівыя. Ён не навязвае народным міфалагічным вобразам адпаведных настрояў, перажыванняў, а ўспрымае іх непасрэдна, з дзіцячай наіўнасцю.

Мае рацыю А. Лойка, які сцвярджае: «...цыкл «У зачарованым царстве» з’яўляецца першымі спробамі падгледзець самабытнае і непаўторнае ў родным краі» [Полымя. 1971. №12. С. 66].

Паэт пражыў сваё кароткае жыццё ў «зачарованым царстве» ідэалізаванай бацькаўшчыны, якой ён не бачыў. Не бачыў яе абсягаў, палёў, лясоў, краявідаў, нават жывой народнай гаворкі не чуў, жывучы ў іншым моўным асяроддзі.

Да прыроды як тэмы, матываў лірыкі Багдановіч звяртаўся, можа, нават болей за якога-небудзь іншага беларускага паэта. Таму ён надзяляў яе не рысамі, падгледжанымі ў рэальнасці, а адмецінамі, якія знаходзіў у народнай творчасці і ў сваёй паэтычнай фантазіі.

Лёгка можна адчуць, скажам, рознасць пейзажнай лірыкі Я. Коласа і М. Багдановіча. За вобразамі прыродных з’яў у Коласа чуюцца часта прыкметы сацыяльнага жыцця («Як мы, хмаркі, вы без долі» («Хмаркі»), «Грымні ты, бура, ды грымні дужэй» («Навальніца»)).

Не тое ў Багдановіча:

Сумна плыве маладзік бледна-сіні

Ў небе вячэрнім, зялёным, як лёд...

Хто бачыць такія колеры, — піша М. Грамыка, колеры мудрасці і спакою, той мае права

Кінуць думкі аб долі гаротнай,

Хоць на момант спачыць душой...

М. Грамыка пісаў: «Правадыр «зачарованага царства» быў надзвычай вострым эстэтам. Усё пекнае, выразнае і пластычнае вабіла яго. Глыбокая думка, музычны твор, золак майскай раніцы, іскрыстае віно...» [Полымя. 1923. № 3—4 С. 111].

Наяўнасць у лірыцы Багдановіча вялікай колькасці лесуноў, вадзянікаў, русалак, «пана Падвея», іншых герояў беларускай міфалогіі, відаць, нельга тлумачыць толькі тым, што будучы мастак слова яшчэ ў дзяцінстве наслухаўся пра іх, а стаўшы паэтам, хацеў выявіць духоўную адметнасць роднага краю.

Лесуны, вадзянікі, русалкі Багдановіча выкліканы да жыцця няўстойлівым, хісткім часам, песімістычнымі грамадскімі настроямі, якія асабліва ўзмацніліся пасля паражэння народніцкага руху і першай рускай рэвалюцыі.

Заўважым: амаль усе міфалагічныя героі Багдановіча апанаваны безнадзейным сумам, безвыходнасцю:

Брыдзець, пахіліўшысь панура,

Лясун на раздоллі дарог.

Абшарпана старая скура,

Зламаўся аб дзерава рог...

Спяшыць ён дайсці да трасіны:

Там — мяккія, цёплыя мхі.

А тут толькі плачуць асіны

Ды б’юцца галіны альхі.

(I, 216)

Вядома, лесуноў, падвеяў, русалак, пугачоў можна ўспрымаць як мастацкія алегорыі. Дзякуючы гэтым вобразам паэт напісаў шэраг бліскучых, не падобных ні на якія іншыя, вершаў. У іх ліку «Падвей», «Змяіны цар», «Возера», «Русалка», «Срэбныя змеі», «Завіруха»...

Сутыкнуўшыся са старажытна-наіўным светам міфа, лірыка Багдановіча як бы ажывае, пашырае абсягі, гарызонты бачання навакольнага жыцця. Жыццё — тайна, загадка, і ніхто гэтай тайны не разгадаў.

Міфалагічнае светаадчуванне ўзбагачае палітру паэта, дапамагае яму знайсці новыя рытмы, інтанацыю, танальнасць вершаў. Вось дынамічны, надзвычай рухомы малюнак зімовай мяцеліцы ў вершы «Падвей». Ён падаецца як устрымны, шалёны танец міфічнага Падвея:

Разгулялася вясёлая мяцель,

Прабудзіўся, ў поле кінуўся Падвей.

У галаву яму ударыў снежны хмель, —

І не змог ён бурнай радасці сваей.

Такі выразны, напоўнены імклівымі рытмамі — цяжка знайсці што-небудзь падобнае ў народных танцах — верш наўрад ці атрымаўся б, калі б паэт не ўвёў у яго напаўзабытага паганскага бога Падвея.

Інструментоўка верша на е, ц, д, р, алітэрацыйная, асанансная яго аснова — а, у, о — проста выдатна перадаюць малюнак неўтаймаванай снежнай стыхіі.

Яшчэ раз сустрэнемся з «панам Падвеем», які «справіў гулянку», у вершы «Завіруха». Ён з’яўляецца як бы паўторам вельмі запамінальнага верша «Падвей», Рытміка-інтанацыйны малюнак тут іншы, але мастацкі прынцып той жа, гукаперайманне. Чатырохразовы паўтор на плошчы невялікага — чатырнаццаць радкоў — верша «У бубны дахаў вецер б’е» стварае адпаведнае, выразнае ўражанне ад снежнай, якая нібы цяжка ўздыхае, віхуры.

Яшчэ — верш пра вадзяніка «Асенняй ночай». Герой яго тут не названы, але ў Багдановіча ёсць верш «Вадзянік», дзе малюнак чымсьці падобны. Багдановічавы вадзянікі ў адрозненне ад падвеяў — не актыўныя фігуры. Тыя носяцца, скачуць, нібы апантаныя, гэтыя — спяць.

Спакойна мне тут пад вадою:

Залёг я ля млына на дне;

Апруся на кола рукою, —

Млын казку старую пачне.

Кругі завіруюцца жорнаў,

Трасецца хадырна сцяна;

А думы — як колас без зёрнаў,

Усё мяне цягне да сна.

(І, 211)

Вядома, што з нямецкіх паэтаў Багдановічу найбольш блізкая была паэзія Гейнэ. Яго «Сасну» ён пераклаў на беларускую мову. Верш «Асенняй ночай» рытміка-меладычным ладам дакладна паўтарае гейнаўскую Лярэлею. Але зместам, як бачым, ён на яе зусім не падобны. Змест гэты выказаны ў вершы «Русалка».

Пейзажныя вершы Багдановіча ў многіх выпадках пабудаваны на еднасці адчуванняў, перажыванняў лірычнага героя і праяў навакольнай прыроды або нават Сусвету:

Цёплы вечар, ціхі вецер, свежы стог,

Улажылі спаць мяне вы на зямлі,

Не ўстае стаўпом пыл светлы ўздоўж дарог,

Ў небе меснца праглянуў бледны рог,

Ў небе ціха зорка расцвіла.

Заварожаны вячэрняй цішынёй,

Я не цямлю, дзе рука, дзе галана;

Бачу я, з прыродай зліўшыся душой,

Як дрыжаць ад ветру зоркі нада мной,

Чую ў цішы, як расце трава.

(І, 62)

Рытміка-інтанацыйны лад верша як бы закалыхвае, заварожвае. Знойдзена дзіўнае спалучэнне слоў, іх інструментоўка дакладна адпавядае зместу, зачароўвае фарбамі, музыкай надыходзячай ночы («Цёплы вечар, ціхі вецер, свежы стог»). У той жа час верш у вышэйшай ступені пластычны, словы прадметныя, «адчувальныя».

У прыродаапісальных вершах Багдановіч — паэт думкі, арганічна сплаўленай палымяным пачуццём. Вядома, ёсць у гэтых вершах адбіццё шматслойнай культуры пушкінскага верша, але яшчэ больш аднамомантных лірычных зрухаў, характэрных для кароткага імпрэсіянісцкага верша А. Фета. Бо імпрэсіянізм закрануў і паэзію Фета. Сёння аб гэтым гавораць даследчыкі «сярэбранага веку» [Бухштаб Б. Я. А. А. Фет. Очерк жизни и творчества. Л., 1974].

Багдановіч незвычайна востра адчувае жыццё прыроды, змену імгненняў як паток падзей. Дзеянне ў прыродаапісальных вершах развіваецца як бы паралельна з найтанчэйшымі зрухамі ў душы лірычнага героя. Паралелізм у паказе прыроды і жыцця чалавека — характэрная рыса паэзіі М. Багдановіча («Вечар», «Сэрца ные, сэрца кроіцца ад болю...», «Халоднай ноччу я ў шырокім, цёмным полі...»).

Лірычны герой і навакольны свет нібы сплаўлены ў адно непадзельнае цэлае:

Вось і ноч. Нада мной заліліся слязамі нябёсы,

Смагла цягне расу ўся сухая і пыльная глеба;

Раскрываюцца краскі начныя, як выпадуць росы;

Раскрываецца сэрца маё пад слязінкамі неба.

І не высказаць мне, як у час той яно пацяплела,

Як даверчыва, шчыра гарачыя словы шаптала;

Але сіняе неба, пачуўшы іх, змрочна цямнела,

I сляза пакацілася ў хмарах і ў цемень упала.

(I, 232)

Змест мастацтва — квітненне жыцця, прыроды, яе загадкі і таямніцы. Тайна мастацтва ў тым, што яно перадае прыгажосць жыцця, а яго «цудоўныя імгненні», якія толькі і здольна адчуць сэрца паэта, робіць як бы вечнымі, непераходзячымі.

Змітрок Бядуля, чыя ранняя творчасць была чымсьці блізкай да лірыкі Багдановіча, пісаў: «Вобразы прыроды ў гэтай паэзіі адзначаюцца як новыя, жывыя і прасякнутыя «меладычнасцю душы паэта». Кожнае дрэва з беларускай пушчы — струна. Кожнае азярцо — чара, напоўненая хмельным віном. Кожная лагчына — гэта чыясь рука зрабіла ўзор саматканы. Уздохі ветру — таемныя сказы лесуноў, русалак і вадзянікоў пад месячнымі промнямі. Сялянская дзяўчына, тулячы да сваіх грудзей маленькае дзіцянё на жытняй мяжы, — гэта Мадонна, божая святасць. Уся Беларусь — «тысячы крэпка нацягнутых струн, на якіх вялікі кампазітар — паэт — творыць свае чаруючыя сімфоніі» [Узвышша 1937. № 2. С. 146].

Максім Багдановіч ніколі не дае нам пейзажных малюнкаў безадносна да стану душы лірычнага героя, яго ўнутранага жыцця. Мастацкая ўражлівасць паэта, поўная пантэістычных настрояў, як бы паказвае праявы жыцця прыроды і тонкія зрухі душы лірычнага героя:

Пала раса; у палёх

Загарэліся пацеркі мілых

Жоўта-чырвоных агнёў...

Час, калі трэба журыцца

Душою на свежых магілах

Пуста пранёсшыхся днёў.

(I, 64)

Ні ў Купалы, ні ў Коласа не заўважаем гэтага паралелізму ў яднанні карцін прыроды і жыцця чалавечай душы. Найбольш любіць паэт вечар, ноч, калі перад чалавекам выразней выступае не толькі зямля з яе ценямі, гукамі, рознымі прадметамі, а і неба з яго таямнічымі зоркамі, бясконцым, загадкавым абсягам:

Вечар на захадзе у попеле тушыць

Кучу чырвоных кавалкаў вугля;

Ціха ўсё; вецер лістка не зварушыць,

Не скалыхнуцца ні траўкай паля...

...Іскрацца зорак сняжынкі маркотна,

Збожжа пакрылася шызай расой...

Кіньма жа думкі аб долі гаротнай,

Хоць бы на момант спачынем душой!

(I, 65)

Ціхая, спакойная, пейзажная лірыка Багдановіча трымаецца на апавядальнай інтанацыі. I калі ў гэту лірыку ўрываецца «я» паэта, то яно асабліва не вылучаецца, зліваецца з агульным кантэкстам. Памер пяці-, шасці- і сямі-стопнага ямба або харэя, на якім трымаецца верш, робіць яго рэчытатыўным, яшчэ больш падкрэсліваючым апавядальнасць. Але паэт можа прыдаць дынаміку апавяданню, хоць у ім, здавалася б, няма ніякай «выбуховасці».

Максім Багдановіч і ў часы, калі стаў вядомым беларускім паэтам, пра Беларусь ведаў менш, чым яму хацелася б — яму бракуе канкрэтных назіранняў, уражанняў. Прагал у ведах пра родны край не магло запоўніць двухмесячнае падарожжа па Беларусі ў 1911 годзе, кароткае знаходжанне ў Вільні і не надта працяглае пражыванне ў вёсцы Ракуцёўшчына пад Маладзечнам.

Нашы паэты здабывалі славу Беларусі, гаварылі аб сваім краі другім народам, услаўлялі яго, і ніхто нічым ім не аддзячваў. Чаму б Багдановічу падчас навучання ў Дзямідаўскім ліцэі не з’ездзіць на Беларусь раз і другі, пашырыць кругагляд, узбагаціцца новымі ўражаннямі? Не паехаў, аднак. Не мог паехаць. Не было, калі шчыра гаварыць, матэрыяльнай магчымасці, хоць сякія-такія грошы, друкуючыся ў «Голасе», паэт зарабляў.

Наша культура расла, мацнела, пашыралася дзякуючы такім самаахвярным людзям, як Багдановіч. Успомнім карціну, апісаную ў трылогіі Я. Коласа «На ростанях», калі рэдактар Уласаў даваў супрацоўніку «Нашай нівы» Лабановічу некалькі медзякоў, каб купіць абаранкаў да гарбаты. Смех і слёзы. Але ў гэтай беднасці, калі хочаце, жабрацтве была і сіла маладой беларускай літаратуры. Бо не карысць, не кар’ера, не лаўры прэтэндэнтаў на славутасць кіравалі нашымі пісьменнікамі, а спачуванне справе народнай, шчырая, непадцзельная да яе любоў.

Максім Багдановіч, відаць, адчуваў недахоп беларускіх уражанняў. Лірычныя споведзі ён пісаць не мог. Таму, як некалі да міфалогіі з яе лесунамі, вадзянікамі, русалкамі, ён звяртаецца цяпер да невычэрпна багатага беларускага фальклору. Бо гэта «згукі Бацькаўшчыны».

Дзіўна, першы фальклорны твор пра жаніцьбу камарыка з мухай (варыянты яго змешчаны ў зборніках Я. Чачота, П. Шэйна, Я. Раманава) Багдановіч бярэ з пласта смехавай народнай культуры. Тым часам паэт амаль не адзываецца на смешнае, камічнае ў жыцці. Не дадзена яго таленту такіх якасцей.

Аўтар гэтых радкоў, няхай у дыскусійным парадку, выказвае думку, што паэма-казка «Мушка-зелянушка і камарык — насаты тварык» як бы завяршае цыкл любоўнай лірыкі, прысвечаны Ганне Рафаілаўне Какуевай.

У дадзеным выпадку «Вельмі жаласная гісторыя, выкладзеная згодна з праўдай беларускім вершам» падводзіць рысу пад прыўзнятымі, шчымліва-інтымнымі вершамі, перапоўненымі каханнем. Нішто не вечнае пад месяцам. Вехай на гэтым шляху быў верш «Ці ведаеце Вы, цемнавокая пані». Эпіграфам да гэтага верша ўзяты радкі А. Блока:

Но знаю: не пройдёт бесследно

Всё, что так страстно я любил,

Весь трепет этой жизни бедной,

Весь этот непонятный пыл.

Аляксандр Блок са значна большым імпэтам «распраўляўся» з маладымі ілюзіямі наконт «Прекрасной дамы». У Багдановіча такой «шалёнай» страсці няма. Але і ён, каб «не прайшоў бясследна» «непонятный пыл», робіць былыя гарачыя, нават палымяныя пачуцці літаратурай, ацэньваючы іх с цвярозай дыстанцыі.

Гумар, няхай сабе ў фальклорнай, выпрабаванай вякамі гісторыі, служыць добрым сродкам для развітання з высокімі ілюзіямі. Гісторыя ўвогуле развітваецца са сваімі драматычнымі, нават трагічнымі старонкамі пры дапамозе смеху.

Гераіня «надта жаласнай гісторыі» аказваецца асобай у вышэйшай ступені легкадумнай:

Не ўмее мушачка

Працаваць,

Толькі ўмее з хлопцамі

Жартаваць;

Ані выткаць кросенкі,

Ані шыць, Ані стравы хораша

Наварыць.

(I, 283)

Прыходзяць на памяць радкі з фінскай песні пра няверную нявесту: В жизни всему уделяется место,

Рядом з добром уживается зло,

Если к другому уходит невеста,

То неизвестно, кому повезло.

«Жанравая блізкасць, нават тэкставыя падабенствы асобных месцаў паэмы Багдановіча да народных песень сведчаць, што паэт шырока і плённа карыстаўся фальклорнымі першакрыніцамі. Пашырэнне і ўраўнаважанне сюжэтна-кампазіцыйных кампанентаў значна ўзмацніла ідэйную мэтанакіраванасць твора, прыдало яму адзінства і паслядоўнасць» [Грынчык М. Максім Багдановіч і народная паэзія. С. 141].

Падзеі першай сусветнай вайны абумовілі зварот паэта да скарбаў вуснай народнай творчасці. Тым часам са смехавай народнай спадчыны ён узяў толькі адзін сюжэт пра жаніцьбу камара на легкадумнай мушцы-зелянушцы. Больш камічных момантаў у апрацаваных паэтам народна-песенных матэрыялах не знойдзем. Гэта якраз умацоўвае думку, што стварэннем жартоўнай, «вельмі жаласнай гісторыі» пра мушку-зелянушку і камарыка — насатага тварыка паэт развітваецца з ідэальнымі ўяўленнямі, дзе на высокі п’едэстал мадонны ўзведзена звычайная «зямная» дзяўчына. Мадонны, вядома, ёсць, яны спрадвечны ідэал, але на кожным кроку не трапляюцца. Паэту, ва ўсялякім выпадку, такая не трапілася. Паэма «Мушка-Зелянушка і камарык — насаты тварык» бліскучая як па форме, так і па зместу. Яна — яскравае сведчанне шматграннага таленту Багдановіча. Да чаго паэт ні дакранецца, вынікаюць мастацкія перлы, шэдэўры. У дадзеным выпадку маем бліскуча апрацаваны сюжэт, які можна лічыць уласным творам паэта, напісаным паводле фальклорных матываў. Гэта яскравы ўзор народнай смехавай культуры, дзе, аднак, праяўляецца творчая асоба паэта, яго майстэрства індывідуальнай псіхалагізацыі. Да фальклорна-родавай эстэтыкі Максім Багдановіч ішоў з вопытам індывідуальнай псіхалагічнай культуры, уменнем у масавым, сумарным, безаблічным бачыць асобу, індывідуальнасць.

У задачу аўтара не ўваходзіць дэталёвае даследаванне таго, што паэт браў з фальклорных сюжэтаў цалкам, што дадумваў, што прыўносіў сваё. Бясспрэчна адно: Багдановіч ствараў не фальклорную стылізацыю, не ў яе духу, а, як і Купала, на аснове фальклору, асэнсоўваючы і пераасэнсоўваючы яго.

Фальклор вядзе паэта ў глыбіню гісторыі, дае магчымасць выявіць тыпы і характары народных герояў. Ідзе вайна, і паэт проста не можа абмінуць гераічныя характары. Бо і беларусы гінулі ў першай сусветнай вайне, праяўлялі мужнасць, адвагу. Верш «Як Базыль у паходзе канаў», напісаны ў 1915 годзе, быў змешчаны ў «Нашай ніве», якая яшчэ працягвала выходзіць. Ён заснаваны «цалкам на Інтанацыях фальклорных пахавальных і рэкруцкіх песень, перад намі паўстае вобраз паміраючага салдата-беларуса» [Грынчык М. Максім Багдановіч і народная паэзія. С. 170]. Мы не знаходзім у паэзіі Багдановіча перыяду першай сусветнай вайны матываў пракляцця вайне, як гэта было, напрыклад, у Бядулі. Ёсць смутак, плач, адчай, але пракляцця няма, як не было яго, скажам, у А. Блока, А. Талстога, С. Ясеніна. Тут зусім іншае ўспрыманне смерці героя:

  • Гэй, чалом табе, чалом, Беларусь,

Уся староначка бяздольная!

Не забыў твой сын сваёй маці,

За цябе ў зямлі яму ляжаці.

(I, 287)

Расію Максім Багдановіч разумее шырока, не як сукупнасць, а як саюз народаў, што яе насяляюць.

Пазней М. Багдановіч назаве тры блізкія славянскія літаратуры: рускую, украінскую і беларускую — літаратурамі рускімі, укладваючы, вядома, у гэта слова расшыральны сэнс. Так або інакш, а паэт у гады першай сусветнай вайны многа піша пра славянства. Пры гэтым права на развіццё сваёй культуры для кожнага славянскага народа — вялікага ці малога — для яго бясспрэчнае.

Менавіта ў гады вайны М. Багдановіч напісаў свае бліскучыя артыкулы, прысвечаныя ўкраінскім пісьменнікам: «В. Самийленко» (1916), «Иван Франко» (1916), «Грицько Чупринка» (1916). Трохі раней, у пачатку 1914 года, надрукаваны артыкул «Памяти Т. Г. Шевченко». Названыя артыкулы вызначаюцца высокай літаратуразнаўчай, даследчай культурай. Зыходзячы з іх зместу, можна разважаць пра асноўныя вартасці паэзіі, як іх разумее Максім Багдановіч. Нездарма ўкраінскія пісьменнікі здзіўляліся, што ў беларусаў на заранку росквіту іх літаратуры, напачатку веку, быў такі адукаваны, шматбаковы, глыбокі крытык. Працягнем, аднак, гаворку пра вершы Багдановіча на фальклорныя тэмы. Украінская старонка тут не лішняя. На прыкладзе паэзіі Шаўчэнкі, Самійленкі Багдановіч паказаў, як, з аднаго боку, глыбока ўрастае гэта паэзія сваімі каранямі ў народную глебу, з другога — узбагачаецца дасягненнямі сусветнай паэзіі.

Для Багдановіча вышэйшай ступенню мастацкага фалькларызму заўсёды былі дзве акалічнасці. Па-першае, твор, навеяны фальклорнымі крыніцамі, павінен адпавядаць духу народнай творчасці. Па-другое, ён павінен быць пераасэнсаваны, у ім павінна праглядваць індывідуальнасць паэта, кола яго сімпатый і антыпатый, мусіць улічвацца таксама дух часу.

Вершы «Ой, лясы-бары ды лугі-разлогі!», «Цёмнай ноччу лучына дагарала», «У мясцечку Церасцечку не званы гудзяць» не выбіваюцца з фальклорнай традыцыі. Аўтарская асоба ў іх не прысутнічае, але адчуваецца апрацоўка, шліфоўка, вакалізм, разлічаны на песенную шырыню.

Тое ж можна сказаць пра цыкл «На ціхім Дунаі», у прыватнасці, пра вершы «Бяседная», «Лявоніха» і іншыя.

Зварот Максіма Багдановіча на заключным этапе творчасці да фальклору гаворыць нам пра цікавасць паэта да народнага жыцця, вытокаў яго духоўнай энергіі. Пры ўсім размаху эпічнай героікі, уласцівай «ваенным» вершам М. Багдановіча, ёсць у іх і чыста чалавечы, «пакутніцкі» аспект. Бо вайна — народнае гора, бяда. Бо ў салдат ёсць жонкі, дзеці, якія пасля гібелі кармільца застаюцца пакутнікамі.

Цёмнай ноччу лучына дагарала,

Я Арцёму кашулю вышывала:

Пасярэдзіне — сонейка,

Навокал зоры дробныя.

Толькі ўходзіць у хату сястрычанька, —

Белы-чысты ліст у руках,

Белы тварык увесь у слязах:

«Ой, забілі Арцёма, забілі,

У нязнанай старонцы зарылі;

Ой, забілі Арцёма шрапнеляй,

Завіруха яго крые белай беляй...»

(I, 277)

З фальклорных захапленняў Багдановіча вынікае сівая даўніна, гераічная легенда пра няскораных, гордых, вялікіх духам герояў. Менавіта пра гэта гаворыць невялікая паэма «Максім і Магдалена». У беларускім фальклоры, як вядома, няма гераічных былін. Але дух народнай творчасці сведчыць аб іншым. Эпічную героіку ў беларусаў замест былін як бы выконваюць казкі пра волатаў-асілкаў. У гэтым сэнсе беларускі казачны эпас нават выбіваецца, вызначаецца асаблівым багаццем сярод эпасу астатніх славянскіх народаў. Паэма «Максім і Магдалена», магчыма, і ўзнікла з гэтых крыніц. Толькі канец у ёй не казачны, не пераможны.

Водгаласы быліннай формы адчуваюцца ў паэме. Толькі паэт «перабівае» ўрачыста-апавядальную форму быліны гутарковай інтанацыяй і песенна-танцавальнымі рытмамі. I дакладна вымалёўвае вобраз удалога зуха, які, належачы да «хлопскага», самага нізкага стану, адважыўся пакахаць дачку старога ваяводы. Пакаранне не прымусіла доўга чакаць. Як у казках, «Ланцугамі ногі хлопцу закавалі, павялі на пляц кірмашовы, на памост высокі сасновы».

Ды не раскайваецца Максім. Не просіць літасці, спагады. Іграе на цымбалах, спявае песню пра свой край, пра каханую, пра сваіх дзяцей, што застануцца сіротамі, пойдуць у жабракі.

А як смерцю Максіма скаралі, —

Рукі белыя да брамы прыбівалі,

Рукі белыя да брамы мястовай,

Галаву — да вежы вартовай,

Каб дажджы яму кудры мачылі,

А вятры бы сушылі,

Каб крукі прыляталі — вочы дзюбалі,

Ўсе бы людзі пазіралі — ды не забывалі.

(I, 300)

Да «фальклорных» твораў Багдановіча можна аднесці глыбока філасофскі верш «Страцім-лебедзь», напісаны ў 1917 годзе, у прыфрантавым Мінску, куды восенню 1916 года прыехаў хворы паэт.

«Страцім-лебедзь» — рэквіем паэта сабе, свайму трагічнаму лёсу. Сюжэт запазычаны з фальклору, з народнага сказу аб «Страцім-птушцы» («Беларускі зборнік» Е. Р. Раманава — «Сказки космогонические и культурные»). Неазначаную птушку паэт замяніў канкрэтным лебедзем. Чаму? Лебедзь — птушка высакародная, вобраз прыгожага лебедзя па-мастацку ўзмацняў паэтычную задуму. Не выключана: прадчуваючы хуткую смерць, паэт разглядаў гэты верш як сваю лебядзіную песню. Няма дакладных фактаў аб часе напісання верша. Ён друкуецца ў газеце «Вольная Беларусь» (1917, 30 лістапада) з рэдакцыйнай адзнакай: «Пасмертны верш». З. Бядуля ўспамінае аб адной размове з паэтам, калі той паведаміў, што задумаў твор на тэму біблейскага міфа аб сусветным патопе. Тэму паэту навеяла вайна, гібель мільёнаў людзей, а таксама яго ўласны лёс.

Да чаго ні дакранецца Максім Багдановіч, відаць адзнака высокай, найвышэйшай таленавітасці, выключнай адметнасці. Верш напісаны ў манеры сказавай танальнасці, блізкай да высокага, урачыстага біблейскага стылю:

Пачынаў тут Ной будаваць каўчэг

З таго дзерава ліванскага.

Ўшыркі гэтаму каўчэгу — сто лакцёў,

А ўдаўжкі — болей тысячы.

Ды ўзяў туды Ной і птах і звяроў,

Каб не звёўся іх род з зямлі.

Ды не плыў к яму з мора сіняга

Страцім-лебедзь — горды, моцны птах

(I, 316)

Паэтыка Багдановіча нясе на сабе адбітак метафарычнага ўспрымання свету:

Панурая, вялізная жывёла

Па шыры неба ў даль марудна праплывае.

Ўсё сціхла. Але вось паветра рассякае

Агністы меч і зіхаціць вясёла.

Ударыў ён — і грукат пракаціўся;

Мігае грозны меч, удары не сціхаюць,

I ўніз халодныя бічы крыві сцякаюць,

А людзі кажуць: гэта дождж праліўся.

(І, 57)

У Купалы, у Коласа такіх вершаў мала, хоць народныя песняры стварылі не менш выдатныя ўзоры пейзажнай лірыкі. Але ў Багдановіча — фетаўская, «інтэлігенцкая» па сваёй сутнасці стыхія, а творы Купалы, Коласа грунтуюцца на народным светаадчуванні і светабачанні.