Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Навуменка.doc
Скачиваний:
84
Добавлен:
20.09.2019
Размер:
237.57 Кб
Скачать

Лірыка пачуццяў і кахання

Вялікая, можна сказаць, найбольшая заслуга Багдановіча перад беларускай паэзіяй у тым, што ён вылучыў, паставіў у сваёй творчасці на першае месца пачуцці асобы. Грунтуючыся на здабытках народнай паэтыкі, фальклору, беларуская паэзія нават у асобе такога выдатнага яе прадстаўніка, як Я. Купала, паказвала сумарнага героя, героя масавай, калектыўнай эмоцыі. А жыццё нават у такім забітым краі, як Беларусь, патрабавала ўжо іншых песень. У гэтым жыцці нараджаўся герой як асоба са сваім унутраным жыццём, з «морам» мар, жаданняў, патрабаванняў.

Як справядліва сцвярджае А. Весялоўскі, такі герой не можа нарадзіцца раней з’яўлення ў народзе пачуцця еднасці, усеагульнасці, адзінага цэлага. У пачатку дваццатага стагоддзя народ Беларусі даволі поўна, хоць, можа, і не канчаткова адчуваў сябе нацыяй. Гэта пачуццё з найбольшай сілай выказвалі Я. Купала і Я. Колас. Але да прыходу ў літаратуру Багдановіча вобраз лірычнага героя ў беларускай паэзіі быў абагульнены. Такі, прыкладна, як паказ кахання, іншых перыпетый душэўнага жыцця ў народных песнях.

Беларуская літаратура не мела дагэтуль лірыкі кахання, якая раскрывала б духоўны свет асобы. Яе прынёс М. Багдановіч — і ў гэтым галоўная яго заслуга перад беларускай літаратурай.

У беларускім грамадстве напачатку XX стагоддзя існаваў ужо пласт інтэлігенцыі, хоць, можа, не вельмі шырокі. Ды і ў асяроддзі народа адчувальна прабудзілася пачуццё асобы. З гэтай прычыны верш Багдановіча «Зорка Венера» адразу атрымаў усеагульнае прызнанне.

«Зорка Венера» — па жанру гарадскі раманс. Іх многа было, такіх сумна-журботных песень, у народным асяроддзі, асабліва ў гарадскім, сярод больш-менш адукаванага мяшчанства. Пісалі іх такія паэты, як Надсан, а таксама і менш таленавітыя. Але патрэба ў такіх песнях была: мітуслівае жыццё, якое набывала ўсё большую імклівасць, раз’ядноўвала закаханыя пары, рвала ніці духоўнай сувязі.

Былі, вядома, «жестокие» рамансы, дзе «коварный соблазнитель» насміхаецца над простай дзяўчынай, якая аддае яму чыстае каханне.

Багдановіч, выдатны паэт, не мог пайсці па такім шляху. Як і ў многіх іншых вершах, у рамансе прысутнічае неба з планетай Венерай, якую можна назваць зоркай закаханых; шчыры маналог лірычнага героя да дзяўчыны, як і яго заява аб тым, што «расстацца нам час наступае». Чаму расстанне непазбежна? Паэт не ўдакладняе прычыны. Ці мала іх можа быць, калі маладыя людзі паспелі адзін другога пакахаць, але не паспелі ўладкаваць сваё жыццё?

Заўважым: роля Багдановіча з кожным новым дзесяцігоддзем, з новым вітком развіцця грамадства ўзрастае. Бо ён востра адчуваў, пісаў пра вечныя пачуцці, якія не знікнуць, пакуль будуць жыць на зямлі людзі.

Матывы кахання — дамінуючыя ў паэзіі Багдановіча. Такой канцэнтрацыі гэтага пачуцця, яго пераходаў, пераліваў да Багдановіча беларуская паэзія яшчэ не ведала. «Бальны, бесскрыдлаты паэт» ведаў пра сваю цяжкую хваробу. Ад сухотаў памерла яго маці, пакінуўшы ў душы паэта незагойную рану. Можа па гэтай прычыне тэма жанчыны, у прыватнасці той, якая дае пачатак новаму жыццю, так востра займала ўвагу паэта.

Лірыка М. Багдановіча ў значнай меры біяграфічная. Возьмем адзін з найлепшых твораў — паэму «Вераніка» (паэт назваў яе вершаваным апавяданнем). Да паэмы пададзены эпіграф: «Яна — выдумка маёй галавы» [Шлях паэта. С. 87-88]. Але гэты эпіграф толькі адводзіць увагу ад сапраўднай гераіні паэмы — Ані Какуевай.

Само імя Вераніка прыйшло да Багдановіча такім шляхам. Сябра Максіма па Яраслаўскай гімназіі Д. Дзябольскі ўспамінае: «У 1910 годзе з’явілася ў нашай сям’і маленькая чароўная істота, наша першая пляменніца — Вераніка. Для Максіма яна адразу ж стала не менш блізкай, чым для нас усіх. Ён заўсёды размаўляў з ёю, прынёс вялікі заалагічны атлас з малюнкамі звяроў. Гэтых звяроў яна падоўгу разглядала, седзячы на сваім высокім крэселку, і калі прыходзіў Максім, гаварыла глыбокім шэптам: «Максім прыйшоў...» Імя Вераніка яму вельмі падабалася. Ад гэтай дзяўчыны і назва паэмы. Тады ён ужо пачаў шукаць і заўважаць у рысах і жэстах дзяўчыны жаночае і мацярынскае. I яму ўдалося стварыць непаўторны вобраз:

Зіяючы перада мной

У новай пекнасці жывой,

У тэй, што з постаццю дзяўчыны

Злівала мацеры чэрты.

Пасля заканчэння гімназіі мы сустракаліся вельмі рэдка, таму, відавочна, што вясною 1912 г. Максім, седзячы ў крэсле-качалцы, расказваў мне аб гэтым хваляваўшым яго вобразе як пра яго, Максіма, адкрыццё і як пра вабячую да сябе загадку. Увогуле яго адносіны да жанчыны былі патаемна страсныя і нарэдка чыстыя» [Шлях паэта. С. 87-88].

Адгорнем наступную старонку, якая працягвае лірычную тэму Веранікі. Як мы ўжо нагадвалі, у апошнія гімназічныя гады Максім пазнаёміўся з сям’ёй аднакласніка Рафаіла Какуева. Максім стаў часта бываць у доме Какуевых. Магчыма, гэта былі самыя шчаслівыя часы яго не вельмі радаснага юнацтва. У сям’і Какуевых, як і Дзябольскіх, Максім знаходзіў тое, чаго не меў дома: утульнасць, інтэлігенцкую атмасферу, шчырую прыхільнасць.

Гераіне паэмы — яе прататыпам стала Аня Какуева — паэт даў імя дзяўчыны Веранікі, якая так моцна яму падабалася. У яе вобраз паэт уклаў сваё разуменне жаночай прыгажосці, цнатлівасці, рысы будучага мацярынства. Увогуле вобраз Ані Какуевай займае ў жыцці і паэзіі Багдановіча вялікае месца.

Як расказвае даследчыца Ніна Барысаўна Ватацы, у 1971 годзе Мікалай Іванавіч Лілееў падараваў Нацыянальнай бібліятэцы БССР зборнік Максіма Багдановіча «Вянок». На кнізе — сціплы аўтограф паэта: «Николаю Рафаиловичу Кокуеву от автора. М. Богданович, Ярославль. 1914». Мікалай Рафаілавіч Какуеў — родны дзядзька Мікалая Іванавіча Лілеева.

Н. Б. Ватацы пацвердзіла: «Паэма «Вераніка» мела дачыненне да сям’і Какуевых...» [Ватацы Н. Б. Шляхі. Мн., 1986. С. 45].

З ліста бацькі паэта Адама Юр’евіча ў адрас Інстытута беларускай культуры ад 23 чэрвеня 1926 года вядома: вершы «Учора шчасце толькі глянула нясмела...», «Четвертной акростих», «Уймитесь, волнения страсти» і шмат іншых прысвечаны Ганне Рафаілаўне Какуевай.

Учора шчасце толькі глянула нясмела, —

I развеяліся хмары змрочных дум.

Сэрца чулае і млела, і балела.

Радасць душу мне шчаміла, быццам сум

Усё жыццё цяпер, як лёгкая завея,

Кнігу разгарнуў — а не магу чытаць.

Як зрабілася, што пакахаў цябе я, —

Хіба знаю я? Ды і нашто мне знаць?

(І, 235)

*

Ах, как умеете Вы, Анна,

Не замечать, что я влюблён.

Но всё же шлю я Вам не стон,

А возглас радостный: осанна!

Гэта, па сутнасці, альбомны. акраверш. За радкамі сур’ёзных пачуццяў не тоіцца. Тым часам захапленне Аняй Какуевай было ўзвышаным, палымяным і моцным пачуццём. Яно валодала істотай паэта доўгі час, знайшло адбітак у шматлікіх яго творах. Увогуле паэзія не можа жыць без усхвалення каханай дзяўчыны. А гэта бывае ў вялікіх паэтаў. Аня Какуева чымсьці нагадвае Лауру Петраркі, асобу, пра якую ведае ўвесь свет.

Звычайна вобраз Максіма Багдановіча паўстае перад намі як вобраз чалавека ціхага, спакойнага, які лістаў старыя кніжкі, чытаў старажытнагрэчаскіх і рымскіх паэтаў, прыстасоўваючы трыялеты, санеты, рандэлі пад беларускую версіфікацыю. Адным словам, Максім-кніжнік. А ён быў жывы, палымяны, страсны, і каханне ў юнацкія, маладыя гады займала ў ягонай душы галоўнае месца.

Іншая справа — ён быў «бальны, бесскрыдлаты паэт», і не ад аднаго яго ўзаемнасць у каханні залежыла. Бясспрэчна, Нюта Гапановіч, Аня Какуева не былі абыякавыя да Багдановіча, але да высокай самаахвярнасці яны падняцца не здолелі. Гэта яшчэ больш паглыбляла трагічнае светаадчуванне паэта.

Ганна Рафаілаўна Какуева была для Багдановіча нібы Лаура для Петраркі. Яе вобразам навеяны не толькі паэмы «Вераніка», «У вёсцы», цыкл «Мадонны», а і шматлікія іншыя творы. Думаецца, у гэты пералік варта ўключыць цыкл вершаў аб «вагітнай» і нават славутую паэму «Страцім-лебедзь». Паэт, вядома, ідэалізаваў каханую. У яго душы жыло вострае адчуванне прыгажосці, якое ў дадзеным выпадку ўвасобілася ў вобразе Ані Какуевай.

Аня Какуева прысутнічае ўжо ў «Вянку», кнізе ранняй, якая пісалася з 1909 да сярэдзіны 1911 года. А. Р. К. — Анне Рафаілаўне Какуевай — прысвечаны цыкл «Мадонны». У лісце да супрацоўнікаў рэдакцыі «Нашай нівы» ад 7 лістапада 1914 года М. Багдановіч пісаў: «На рэдакцыю «Н. Н.» пасылаю паэму «У вёсцы», першую з раздзела «Мадонны», гэты раздзел пасвячаю А. Р. К., так толькі буквы і пастаўце». Супрацоўнікі газеты, аднак, не выканалі просьбу аўтара.

Магчыма, як знак лёсу ўспрымае паэт малюнак касцёла святой Анны ў Вільні:

Каб зялячыць у сэрцы раны,

Забыць пра долі цяжкі глум,

Прыйдзіце да касцёла Анны,

Там знікнуць сцені цяжкіх дум.

Вершы, прысвечаныя Ані Какуевай, нібы зіхацяць усімі колерамі вясёлкі. Ёсць радкі, адзначаныя нават лёгкім гумарам:

Вашай цётцы, здаецца, вельмі прыемна

Рабіць обыск у маім сэрцы.

Яшчэ ўчора яна мне казала:

«Прызнайцеся, што Вы палюбілі Аню!»

Але ў вершах, навеяных каханнем да Ані, часцей праглядаюць драматычна-трагічныя ноткі:

Больш за ўсё на свеце жадаю я,

Каб у мяне быў свой дзіцёнак —

Маленькая дачушка — немаўляшка,

Аня Максімаўна...

Пачуццё да каханай бывае балючым, супярэчлівым. Сярод чарнавых накідаў сустракаем такія радкі:

Толькі чаму ж гэта ў ночы глыбокія,

Даўшы спачынак стамлёным вачам,

Я шапчу цераз сны адзінокія:

«Аня... мая... нікаму не аддам».

У другім вершы няма нават прывіду надзеі на асабістае шчасце. Паэт як бы згодзен на тое, што ў Ані народзіцца дзіця, няхай не ад яго, але толькі падобнае на Аню.

Аддам я жыццё яму ў рукі, —

Няхай тады будзе, што будзе:

Ці хай ён у ручках

Пакрышыць яго як забаўку,

Ці хай ён у ручках

Угрэе сірочае сэрца.

Сам паэт падводзіць сумны вынік кахання. Ён — «бальны, бесскрыдлаты паэт», яна — бадзёрая, жыццядзейная дзяўчына. Перад ёй раскрываецца свет, яна ў Пецярбургу, а ён, якога друкуюць, пра якога пачынаюць пісаць вядомыя ў свеце часопісы, сядзіць у правінцыйным Яраслаўлі і крануцца з месца не можа.

Пачуццё да Ані Какуевай настолькі глыбокае, усеабдымнае, што яно як бы засланяе перад паэтам увесь свет. У каханні паэта знаходзім самыя розныя адценні, колеры — ад пяшчотна-ідылічных, самаахвярных да драматычных і трагічных:

Муар

Двума колерамі

Пераліваецца.

I бачна ўсім,

Дзе пачынаецца і дзе канчаецца каторы;

А ўсё ж такі мяжу між імі

Чэртою цвёрдай

Не пранесці.

У сэрцы — боль:

Ніколі

З душою Вашай так не сальецца

Мая душа.

Канец.

Да Багдановіча не было ў беларускай паэзіі такіх твораў, як «Вераніка», з індывідуальна-псіхалагізаваным вобразам, настроем «улагодненай сузіральнасці і ціхага смутку, і лірыкі, дзе свет, прырода, зорка, зямля нібы даручаны аднаму чалавеку, аддадзены ў душэўную ўласнасць яго натуры...» [Бярозкін Р. Чалавек на прадвесні. Мн., 1986. С. 46].

«Вераніка» — лірычная споведзь паэта аб дарагім, незабыўным. Твору ўласціва «рознакалёрнасць», узнёсласць жыцця. Яна ўвасабляе рамантычную мару, спраўджаную ў памятным дзіцячым свеце. Гераіня паэмы нагадвае некаторымі рысамі тую ж Аню Какуеву

Жылося цяжка Вераніцы

(Хай так дзяўчынку будзем зваць):

Яе памерла рана маць...

Яна яшчэ падобна да Таццяны Ларынай А. Пушкіна («Таму з маленства палюбіла хавацца ў стары сад яна, Дзе веяла дыханне сна, I цішыня ў паветры плыла...»).

Лірычны адрасат — маем на ўвазе Аню Какуеву — у жыцці паводзіў сябе крыху інакш. Рэальны лірычны герой, за якім стаіць сам Багдановіч, меў надзею на прадмет сваёй закаханасці.

Аня Какуева, калі ехала вучыцца ў Пецярбург, не адштурхнула паэта, як бы пакідала яму надзею. Развязка наступіла пазней. У тым, што тонкія ніці кахання парваліся, вінаваты і пабочныя асобы.

Можна дапусціць, што дзяўчынку Вераніку, пляменніцу Дзябольскага, паэт у якасці прататыпа атаясамліваў з Аняй Какуевай. Увогуле паэт «высока», рамантычна глядзіць на каханне і на жанчыну наогул. Тут той жа вобраз Мадонны:

I мела дзеўча выгляд маці,

Калі тады ка мне яна,

Трывожнай ласкаю паўна,

Схілілася, як да дзіцяці,

Зіяючы перада мной,

У новай пекнасці жывой...

(І, 152)

Маем у паэме шматмернае, пушкінскае светаадчуванне, прыняцце жыцця ва ўсіх яго пералівах, пераходах. Багдановіч у каханні бачыць перш за ўсё ўзаемаразуменне, духоўную блізкасць душ, «магчымасць спазнаць сябе ў іншым чалавеку» [Бярозкін Р. Чалавек напрадвесні. С. 80].

Вядома, паэт шукаў ідэальнае ў жыцці. Тым часам гэтага ідэальнага было няшмат. Часцей трапляліся выпадкі, якія цалкам супярэчылі ідэалу. У тагачаснай паэзіі шырокай ракой разліліся плыні, ідэі нявер'я ў чалавека, знявагі да яго, асабліва да жанчыны. Багдановіча ж гэтыя ідэі закранулі мала.

Тры жаночыя адрасаты лірыкі Багдановіча вядомы. Знаёмая па першай паездцы ў Крым Кіціцына (вершы «Цемрадзь», «Я, бальны, бесскрыдлаты паэт»), Аня Гапановіч, стрыечная сястра, дзеля якой шмат сваіх вершаў паэт пераклаў на рускую мову (сшытак «Зеленя»), і нарэшце, Аня Какуева, закаханасць у якую была ў паэта наймацнейшай.

Відаць, і Ганна Рафаілаўна давала сякія-такія падставы, каб паэт — няхай у думках, у марах — звязваў з ёю свой лёс. Какуева — таксама Мадонна. У шэрагу вершаў, пакідаў, вершаваных урыўкаў (не будзем атаясамліваць лірычнага адрасата з лірычным героем) паэт раз за разам вяртаецца да вобраза, якім навеяны паэмы «У вёсцы» і «Вераніка».

У цыкле «Эрас» (1908—1909) як бы пачынаецца апяванне пачуццёва-эратычнага боку кахання. Гэта натуральна для Багдановіча, які прывівае беларускай паэзіі не ўласцівыя ёй матывы і вобразы. Толькі і ў гэтай паласе лірыкі паэт шукае «філасофскую» вышыню для малюнкаў, карцін, пачуццяў, якія могуць здацца на першы погляд залішне натуралізаванымі.

«Каханне і смерць» — яшчэ адзін цыкл, які працягвае любоўную тэму. Для паэта гэта матыў не кніжны, а ўзяты з жыцця, з уласна перажытага. Памерла маці паэта (смутак па ёй пранізвае наскрозь паэзію Багдановіча), памерла другая жонка яго бацькі Аляксандра Волжына (нарадзіўшы хлопчыка, які выхоўваўся ў сям’і М. Горкага, аднак жыў нядоўга).

Вершам пра «вагітную», у нейкай меры нават фізіялагічна-натуралістычным, надае вышыню філасофская думка аб нараджэнні жыцця са смерці. Ці многа знойдзем мы ў паэзіі твораў, прысвечаных цяжарным? Паэт на гэта не зважае.

Вершы з цыкла «Каханне і смерць» — не адзіныя, не адасобленыя ў паэзіі Багдановіча. Светлым, высокім пачуццём прасякнуты творы як ранейшага, так і пазнейшага перыядаў:

Халодная, ясная ноч...

Звонка хрумчыць сняжком,

Ідучы мне насустрач, дзяўчына.

«Як Вас завуць?»

Пытаюся я.

(Сягоння ж усе гадаюць).

I яна няголасна кажа:

«Аня».

Хвароба, аднак, нагадвае пра сябе часцей і сур’ёзней, прымушае задумвацца пра фізічнае існаванне. Паэт, які потым напіша невялікую паэму-легенду «Страцім-лебедзь», са смуткам выказвае думку аб вельмі верагодным фізічным спыненні ўласнага роду. Строгі, вывераны рытмічны ключ на гэты раз саступае месца верлібру:

Больш за ўсё на свеце жадаю я,

Каб у мяне быў свой дзіцёнак —

Маленькая дачушка — немаўляшка,

Аня Максімаўна,

Такая прыгожанькая,

Цёпленькая, мокранькая,

З чорнымі валосікамі і броўкамі,

З цёмна-карымі вочкамі,

А ручкі, як перацягнутыя ніткамі.

Зусім такая, як Вы,

Калі Вы былі маленькай дзяўчынкай

(І, 427)

З цёмнымі ці цёмна-карымі вачыма мы яшчэ сустрэнемся — Аляксандр Блок, які напісаў цудоўныя творы аб «Прекрасной даме», «Незнакомке», у наступных цыклах звёў гэта нябеснае стварэнне на зямлю. I не толькі не паэтызаваў яго, а знаходзіў сатырычныя колеры, фарбы, развітваючыся са сваёй юнацкай марай.

Максім Багдановіч таксама як бы развітваецца з дзяўчынай-марай, якая навеяла яму столькі выдатных, адухоўленых пачуццём радкоў. Сатыры ў яго вершах няма. Ёсць цвярозы погляд на свет, ледзь улоўныя ноткі крыўды і эпіграф з Блока:

Но знаю: не пройдет бесследно

Все, что так страстно я любил,

Весь трепет этой жизни бедной,

Весь этот непонятный пыл.

Ці ведаеце Вы, цёмнавокая пані,

Што бываюць не толькі цёмныя вочы,

Але і цёмныя зоры,

<Што калі-нікалі схапляюцца> ясным светам.

У гэты міг

Яны, быць можа, не менш прэкрасны

Ад Вашых <высечаных> з цёмнага каменю вачэй,

<У каторых раптоўна засвячаецца> аганёк.

Не паляціць на яго мая душа,

Не апаліць свае кволыя скрыдэльцы...

(I, 430)

«Гэта старажытны грэк у беларускай вопратцы, — пісаў пра М. Багдановіча Адам Бабарэка. — Толькі грэкі ўмелі так разумець і любіць жыццё» [Узвышша. 1927. № 2. С. 111].

Першая сусветная вайна змяніла многае як у асабістым жыцці паэта, так і ў яго поглядах на жыццё. Інтымная лірыка паступова згасае. У лірычных адрасатах паэт расчароўваецца. Калі браць канкрэтныя жыццёвыя факты, то карціна выглядае так. Аня Какуева, што давала нейкія надзеі на ўзаемнасць, выходзіць замуж. З Аняй Гапановіч сувязі парваліся яшчэ раней. Гэта быў час найвялікшага душэўнага расчаравання.

У грымотны 1915 год паэт нібы развітваецца з любоўнымі ілюзіямі, выкладзенымі ў «Мадоннах» і некаторых іншых цыклах вершаў. Адыходзяць на задні план матывы жаночай нявернасці, здрады. Вайна нібы прасвятліла зрок паэта. Асабістае, інтымнае як бы драбнее перад тварам крывавай бойні, бесчалавечнай, антыгуманнай, страшнай.

Летам 1915 года з’явіліся цудоўныя вершы «Маладыя гады», «Выйшаў з хаты. Ціха спіць надворак». Яны нібы вяртаюць нас да паласы інтымнай лірыкі Багдановіча 1910—1912 гадоў. Уздым любоўнага пачуцця, відаць, звязаны з каханнем паэта да канкрэтнай жанчыны, пра якую, аднак, ведаем вельмі мала («Шмат зазнаў я горычы з нудою, Што шчаміла, мучыла, пякла... Усё ужо прайшло, сплыло вадою, — Моладасць не знікла, не прайшла!»).

У творах (выд. 1927 г.) Літкамісія адзначае: матывы верша «Маладыя гады» «неадступна займалі паэта ў апошнія месяцы яго жыцця» (I, 663).

Магутным па мастацкай сіле, але ў той жа час прыцішаным, улагодненым пачуццём прасякнуты верш «Ужо пара мне дадому збірацца». Няшмат слоў, вобразаў, пасажаў у вершы. Чуем мы ў ім прытоеную скаргу на адзіноту і яшчэ, здаецца, на тое, што не трапілася на шляху паэта жанчына, якая б яго зразумела, спасцігла душой.

Песня адзіноты геніяльнага паэта. Такое было ў еўрапейскай і сусветнай паэзіі, не абмінула і беларускую, якая толькі станавілася на ногі. Але на тое яна і паэзія, бо яе прызначэнне — выяўляць самыя глыбокія, інтымныя, патаемныя пачуцці.

Такім чынам, лірычная тэма «драмы дваіх» яшчэ раз успыхне ў тым жа 1915 годзе, запоўненым патрыятычнай публіцыстыкай і творамі народна-фальклорнага плана. Успыхне, каб тут жа пагаснуць. Гутарка ідзе пра цыкл любоўных вершаў «Мы гаворым ўдвух пра агні ў цішыне», «Ўжо пара мне дадому збірацца», «Усё праходзе — і радасць, і мукі», а таксама верш на рускай мове «Забудется многое, Клава».