Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Навуменка.doc
Скачиваний:
84
Добавлен:
20.09.2019
Размер:
237.57 Кб
Скачать

Грамадзянская і філасофская лірыка

Багдановіч не цураецца грамадзянскай тэмы. Творы агульнакалёктыўнай эмоцыі ёсць і ў яго. Скажам, верш «Краю мой родны! Як выкляты Богам» ад паласы купалаўскай, коласаўскай лірыкі адрозніваецца хіба толькі стылістыкай з элементамі ўзвышана-біблейскага ладу. Выразныя матывы паэзіі Купалы і Коласа сустракаюцца і ў вершах Багдановіча «Рушымся, брацця, хутчэй», «А як родную згадаю страну», «З песняў беларускага мужыка», «Над магілай мужыка», «Мяжы» і г. д.

Лірычны герой М. Багдановіча — сучаснік паэта, якога хвалююць грамадскія, філасофскія пытанні, пошукі грамадскага ідэалу. Філасофскі грунт, «падтэкст» прысутнічае ўжо ў самых ранніх творах Багдановіча.

Чалавек яшчэ да свайго нараджэння прыгавораны да смерці — такая ідэйна-мастацкая ўстаноўка многіх еўрапейскіх мысліцеляў і мастакоў (ад Кафкі і Камю да Фрэйда і Маркузе). Ісціны — паэтычнай, філасофскай, жыццёвай — няма ні ва ўсведамленні Бога, Дабра, Прыгажосці, ні ў якіх-небудзь сацыяльных рухах.

Асабліва невыносная для «заходняй» свядомасці думка аб гісторыі як адзіным працэсе, які мае накірункі і каштоўнасці, што выходзяць за межы натуралістычна зразумелых інтарэсаў асобы. Хто схіляецца перад ідэяй, той забівае людзей — вось галоўнае абвінавачванне гісторыі, якое знаходзім у Камю.

Паводле славутага экзістэнцыяліста Хайдэгера, сапраўдны твор мастацтва не адлюстроўвае, не стварае вобраз рэчаіснасці, а з’яўляецца самой рэчаіснасцю, яе мовай, бо выводзіць жыццё з яго скрытага, стоенага стану, «выгаворвае» яго.

Вершы Багдановіча цяжка прывесці да якога-небудзь адзінага знамянальніка, бо нараджаліся яны на вятрах многіх ідэй. У 1915 годзе, у разгар імперыялістычнай вайны паэт піша верш «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы» змест якога накіраваны супраць сусветнай вайны:

«... Хто мы такія?

Толькі падарожныя, — папутнікі сярод нябёс.

Нашто ж на зямлі

Сваркі і звадкі, боль і горыч,

Калі ўсе мы разам ляцім

Да зор?»

Любіў паэт свой край і ўсе сілы душы аддаў яму. Не разменьваўся на тэмы, якія ляжалі па-за межамі гэтай галоўнай любві. Адным з шэдэўраў М. Багдановіча з’яўляецца верш «Слуцкія ткачыхі». Слуцкія паясы паэт упершыню ўбачыў у музеі Івана Луцкевіча. І як бы наступіла паэтычнае азарэнне. Калі тут, на зямлі Беларусі, людзі здольны стварыць такое хараство, то гэта край выдатны і таленавіты. Паэт ведаў, што паясы ткалі пераважна мужчыны, для гэтага некаторых з іх пасылалі вучыцца рамяству ў Персію. Але ён дзеля паэтычнай ісціны, якая глыбей за рэальны факт, ігнаруе гэту акалічнасць.

У вершы «Слуцкія ткачыхі» Багдановіч, як і ў некаторых папярэдніх, паўстае ў вобразе паэта-дэмакрата які спачувае працоўнаму народу, яго нягодам, незайздроснаму лёсу і ў той жа час лічыць народ носьбітам і стваральнікам усяго прыгожага і каштоўнага на зямлі.

Зноў дзіўны падбор гукаў і фарбаў. Такі светлы, можна нават сказаць «святы» верш магла напісаць толькі рука геніяльнага паэта. Ніводнай лішняй дэталі, слова, якое б не працавала на ідэю верша. А ідэя — прыгажосць вабнасць, воблік роднага краю, лепшага за які няма на свеце.

Хоць людзі краю не гаспадары свайго лёсу, найміты, прыгонныя:

Ад родных ніў, ад роднай хаты

У панскі двор дзеля красы

Яны, бяздольныя, узяты

Ткаць залатыя паясы...

Але нават у паднявольным жыцці ёсць светлыя імгненні і хвіліны. Бо заўсёды свеціць сонца, неба, каласіцца збожжа, а ў ім міла сінеюць васількі. Васілёк — нібы сімвал роднага краю. Хоць ён у жыце фактычна пустазелле, але сялянская рука ніколі яго не вырве. Бо чалавек зямлі таксама адчувае прыгажосць. З васількоў уюць вянкі, сціплая кветка радуе, нават натхняе. Разумная мэтазгоднасць у дадзеным выпадку як бы саступае месца адчуванню прыгожага.

«Красу і светласць, і прастор шукаў...» — словы гэтыя з трыялета «С. Палуяну» можна дапасаваць да ткачых, што, «дзявочыя забыўшы сны», ткуць прыгожыя, але чужыя ўзоры. I як маланка ўспыхвае метафара:

I тчэ, забыўшыся, рука,

Заміж персідскага ўзора,

Цвяток радзімы васілька.

Бо краса — гэта радзіма, яе краявіды, «дзе блішча збожжа ў яснай далі», «сінеюць міла васількі», халодная срэбра рачных хваляў, зубчаты край бору.

У Багдановіча вобразы канкрэтныя, малюнак вызначаецца прадметнасцю. I ў гэтым вершы, нібы сатканым з сонечных промняў, блікаў святла, паэт стварае дакладную каляровую і гукавую гаму. Эпітэты, метафары ў вершы адчувальныя, прадметныя. Услухаемся ў гукавы лад верша і ледзь улоўна пачуем торганне кроснаў, стук бёрда. Тэма сэнсавая, як часта бачым у паэта, супадае з тэмай музычнай.

Ступіўшы на беларускую зямлю, Багдановіч нібы набывае новыя якасці як паэт. Мяняецца — і даволі прыкметна — яго почырк, стыль. Дзіва няма: у паэта з’яўляецца трывалы грунт, апора. Раней ён уяўляў родны край толькі ў марах, снах, родная мова звінела толькі ў душы паэта, гэтак жа як песня, як інтанацыі беларускай гутаркі. Цяпер Беларусь ён бачыў увачавідкі, хадзіў па яе зямлі, чуў шум бору, свіст ветру, шолахі вечароў, начэй.

Паэт — медыум, пасрэднік. Асабліва такі чулы на нюансы, найтанчэйшыя адценні пачуццяў, рухаў душы, якім быў Максім Багдановіч. Можам са значнай доляй упэўненасці сцвярджаць, што не было і няма ў беларускай літаратуры паэта, які б здолеў напісаць штосьці падобнае да «Слуцкіх ткачых». Бо верш — гэта тонкая вібрацыя душы, пачуцця, думкі, разгорнутая метафара. Паэту дастаткова было паглядзець на слуцкія паясы, на іх адметнасць, выключную прыгажосць, як імгненна нарадзілася задума. Бо ўсё, як пісаў паэт, праўда, у другім выпадку — «выдумка маёй галавы».

Верш «Слуцкія ткачыхі» мае высокае патрыятычнае гучанне. Ёсць кітайскі фарфор, які славіцца ў свеце, дамаская сталь, валагодскія карункі, тульскія пернікі, а ёсць слуцкія паясы, слава пра якія ідзе па свеце.

Паэзія, проза, драматургія нараджаюцца з адчування канкрэтнага кавалка зямлі, мясцовасці, асяроддзя. Паэт выказвае тое, што падсвядома адчуў. Дастаткова пабачыць мясціну, якая спадабалася, запала ў душу, а сюжэт — лірычны ці нават складана-псіхалагічны — прыдумаецца па якой-небудзь адной яркай дэталі.

Мяжа, што аддзяляе Багдановіча, які жыў у адрыве ад Беларусі і які, нарэшце, Беларусь пабачыў, вельмі выразная. Найбольш характарызуюць новы воблік Багдановіча цыклы вершаў «Старая Беларусь» і «Места».

Мы мала ведаем, якія мясціны на Беларусі паэт наведаў. Быў у Вільні, Маладзечне, Ракуцёўшчыне. Відаць, рабіў вандроўкі па ваколіцах. Ехаў па чыгунцы і — няма сумнення — углядаўся ў краявіды, якія адкрываліся вачам. Для вялікага паэта, усёй істотай закаханага ў родную зямлю, і гэтага хапіла.

Максім Багдановіч адчуў, калі можна сказаць так, гістарычнасць роднай зямлі. У гэтым сэнсе ён быў начытаны, ведаў многа пра мінулае Беларусі. Але адна справа — ведаць пра што-небудзь з кніг, і зусім іншая — пабачыць на ўласныя вочы. Пасля наведвання Беларусі характар паэзіі Багдановіча ў некаторай ступені мяняецца. У ёй з’яўляецда больш эпічных элементаў, хоць яны, вядома, сагрэты, наскрозь прасякнуты лірычным пачуццём. Цыкл «Згукі Бацькаўшчыны», які ідзе першы ў «Вянку», — ніжэй сярэдняга ўзроўню, характэрнага для паэзіі Багдановіча. Ён сведчыць хіба толькі аб тым, што паэт блізка знаёмы з народнымі песнямі. Вершы «Уся ў слязах дзяўчына», «Не кувай ты, шэрая зязюля», «Ян і маці» і іншыя — удалая стылізацыя пад фальклор. Асобасны пачатак выяўлены ў вершах слаба. Меў рацыю крытык Р. Бярозкін, калі параўноўваў верш «Ян і маці» з раннімі паэмамі Купалы «Зімою», «За што?». Ён бачыў у багдановічавым вершы толькі «аблітаратураныя», а не жывыя, якія западаюць у сэрца, пачуцці.

Затое як высока ўздымаецца Багдановіч, паказваючы сябе з новага, незнаёмага боку ў цыклах «Старая Беларусь» і «Места». Справа не ў тым, што паэт уласнымі вачыма зірнуў на родны край, пахадзіў па яго зямлі, падыхаў паветрам радзімы. Тут, вобразна кажучы, маем эфект двайнога ўражання. Пра Беларусь паэт шмат ведаў ад бацькі, вопытнага этнографа, ад родных цётак, якія ў Ніжнім Ноўгарадзе нібы стварылі невялікую «беларускую калонію», ад гімназічных настаўнікаў Кабанава і Белавусава, нарэшце з дзесяткаў кніг, якія «праглынуў». Бо ўжо ў старэйшых класах Ніжагародскай гімназіі паэт чытае «Нашу ніву», іншыя беларускія выданні.

I вось гэтыя ўражанні накладваюцца на ўбачанае, адчутае ім на роднай зямлі. Захапленне радзімай, яе гісторыяй, старажытнай культурай узмацняецца. Паэт адчувае сябе кроўна далучаным да ўсяго гэтага. Таму нібы аглушальны выбух — вершы «Слуцкія ткачыхі», «Летапісец», «Кніга».

Матыў, тэма верша, карацей, яго змест, узятыя ў шматлікіх кантэкстах, у тым ліку гістарычным, культуралагічным, дыктуюць паэту музыку, інтанацыю, якая інтуітыўна нараджаецца ў яго душы. Толькі ў паэта і ні ў кога іншага. Бо паэтам трэба нарадзіцца, навучыцца паэтычнаму майстэрству нельга. Вельмі многа фактараў сыходзіцца ў самім вызначэнні паэта.