Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Вучэбны дапаможнік. Суч.бел.паэзія (Русілка).doc
Скачиваний:
62
Добавлен:
23.09.2019
Размер:
497.15 Кб
Скачать

Алесь пісьмянкоў

Паэзія Алеся Пісьмянкова, якога літаратуразнаўца А.Бельскі назваў “паэтам лірыка-рамантычнага светаўспрымання”, вызначаецца надзіва гарманічным спалучэннем адкрытай пачуццёвасці і спакойнага, глыбокага роздуму. Нездарма паэт, аднойчы шчыра захапіўшыся фразай Тодара Кляшторнага: “Вершы думаю...”, так любіў паўтараць яе. Для А.Пісьмянкова паэзія была не прафесіяй, а спосабам жыцця, мыслення, абсалютна арганічнай формай самавыражэння і самарэалізацыі. У вершах А.Пісьмянкова няма халодных эксперыментаў, але заўсёды ёсць арыгінальныя паэтычныя знаходкі, якія нараджаюцца ў выніку эмацыянальнай лірычнай споведзі і беспамылкова знаходзяць водгук у сэрцах чытачоў. Высокая культура паэтычнага мыслення, дадзеная паэту ад прыроды яго таленту і развітая праз няспынную вучобу ў класікаў сусветнай і беларускай літаратуры (найперш у землякоў А. Куляшова і А. Пысіна, а таксама А. Вялюгіна), меладычная дасканаласць верша, адмысловы гукапіс, афарыстычнасць і мудрая лаканічнасць выказвання – тыя рысы, якія надаюць вершам А. Пісьмянкова эстэтычную вартасць і робяць знаёмства з імі захапляльным і непаўторным.

Алесь (Аляксандр Уладзіміріваіч) Пісьмянкоў нарадзіўся 25 лютага 1957 года ў в. Бялынкавічы Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Успаміны дзяцінства, захапленне прыгажосцю родных мясцін заўсёды былі крыніцай натхнення паэта: “У час цяжкі, у момант паваротны свайго жыцця” я ўсё часцей вяртаюся ў шчаслівае маленства. Мае думкі і ўспаміны там, дзе нясуць свае светлыя воды мае любімыя Бесядзь, Зубар і Сураў, “дзе трымаюць зямлю на карэннях сваіх сасна і бяроза”, там, дзе некалі разам са мною радаваліся і журыліся, смяяліся і плакалі Бялынкавічы, Белы Камень, Мізырычы, Камічы, Калодліва, Белая Дуброва...”1. Гэтая цытата з эсэ “Пісьмянкоў луг” у многім характарызуе самога А. Пісьмянкова: і яго любоў да родных мясцін, і творчую вучобу ў А. Куляшова, і раскаваную метафарычнасць думкі, і ўменне ўслухацца ў назвы вёсак, адчуць іх паэзію. Разумеючы “таямнічую старажытную славянскасць” і паэтычнасць назваў вёсак, А. Пісьмянкоў і для першай сваёй кнігі, якая выйшла ў 1983 г., па парадзе паэта А. Вялюгіна абраў шматзначную назву “Белы Камень”.

Паэтычны дэбют А. Пісьмянкова адбыўся ў пятнаццацігадовым узросце, калі яго вершы былі надрукаваны ў касцюковіцкай раённай газеце. Ужо з ранніх вершаў у паэта было моцнае адчуванне Радзімы, роднай зямлі, каранёў роду, таму не дзіўна, што ў яго ўспамінах дзяцінства апаэтызаваны не толькі бацька і маці, але і дзяды Сямён Варфаламеевіч і Сямён Масеевіч, бабулі Алёна і Анісся, у якіх Алесь вучыўся сакавітай і трапнай народнай мове.

Філалагічную ж адукацыю А. Пісьмянкоў атрымаў у Беларускім дзяржаўным універсітэце, які скончыў у 1980 г.

Працаваў у часопісе “Полымя”, быў галоўным рэдактарам газеты “Літаратура і мастацтва” і часопіса “Вожык”.

Пасля першага зборніка паэзіі “Белы Камень” (1983) выйшлі кнігі “Чытаю зоры” (1988), “Планіда” (1994), вершы для дзяцей “Заўзятары” (1993) і “Ласуны-веселуны” (1996), “Журавель над студняй” (1998), “Я не памру, пакуль люблю...” (2000, выбранае).

Назвай апашняй кнігі і многімі вершамі-разважаннямі пра жыццё і смерць А.Пісьмянкоў нібы напрарочыў сваё ранняе развітанне са светам. Хворае сэрца паэта не вытрымала заўсёднага эмацыянальнага напружання, і 23 красавіка 2004 года А.Пісьмянкоў раптоўна памёр.

Гістарызм паэтычнага светабачання, трывалая нацыянальна-культурная памяць з ранняй паэзіі былі вызначальнымі рысамі творчай індывідуальнасці А.Пісьмянкова. Характарызуючы лірычнага героя яго першай кнігі, крытык Т.Чабан падкрэслівала: “ Ён... – асоба гістарычная, і яго гістарычныя карані – у Беларусі старажытнай, славянскай”. Нават знешне Алесь надзіва адпавядаў традыцыйнаму генатыпу беларуса, вызначанаму У.Караткевічам у нарысе “Зямля пад белымі крыламі”: невысокі, каржакаваты і шыракаплечы, са светла-русай чупрынай і заўсёднымі пшанічнымі вусамі, з хітраватымі агеньчыкамі ў светлых прыжмураных вачах. Такімі мы, услед за паэтам, і ўяўляем нашых крэўных продкаў радзімічаў і крывічаў, Васіля Вашчылу і Кастуся Каліноўскага.

– Дзед, раскажы баладу роду,

– Што ні кажы, ты – старажыл...

* * *

– З Дняпра наш продак родам,

З зямлі Машэк, з зямлі Вашчыл.

Гарачы норавам і сэрцам,

Як люд у нашай старане,

Вачэй радзіміцкіх азерцы,

Крыху гарэзінкі на дне.

Любіў жыццё ён больш, чым Бога,

Як мёд, піў вусны маладзіц.

Яго жыццёвыя дарогі

Працялі стрэлы навальніц.

Хоць плугам трызнілі далоні,

Ды не ржавеў ягоны меч, -

З ліхім іржаннем неслі коні

Яго праз вогнішча і смерць.

Калі ў крывавы час напасцяў

Край бараніў ад груганоў,

Прымусіў многіх косці скласці...

Зірні, брат, колькі курганоў!

З пяром і граматай у згодзе

Ён жыў. І незнарок,

Казалі, князь пры ўсім народзе

Яму імя даў – Пісьмянок.

Ён і пачаў баладу роду,

Вянец ён першы залажыў.

З Дняпра наш продак родам,

З зямлі Машэкаў і Вашчыл!

Курганы моўчкі спяць на ўлонні,

Даўно ў музеі лук і меч...

А мне ўсё сняцца тыя коні,

Што неслі продкаў цераз смерць.