- •Прадмова
- •Тэма і Гістарычныя этапы фарміравання і развіцця беларускай мовы
- •1 Агульныя звесткі пра мову
- •2 Старажытнаўсходнеславянскі перыяд (х–хіv стст.)
- •3 Старабеларуская літаратурная мова (XIV–XVIII стст.)
- •4 Сучасная беларуская мова (хvііі–ххі стст.)
- •Тэма іі Дыялекты і літаратурная мова
- •Тэма ііі Двухмоўе, або білінгвізм
- •Тэма іv Моўная інтэрферэнцыя
- •1 Фанетычная беларуска-руская інтэрферэнцыя
- •2 Акцэнтная беларуска-руская інтэрферэнцыя
- •3 Марфалагічная беларуска-руская інтэрферэнцыя
- •3.1 Назоўнік
- •3.1.1 Род назоўнікаў
- •3.1.2 Лік назоўнікаў
- •3.1.3 Скланенне назоўнікаў
- •Скланенне асабовых назоўнікаў другога скланення
- •Скланенне неасабовых назоўнікаў другога скланення
- •3.1.4. Скланенне ўласных імёнаў
- •3.2 Прыметнік
- •3.3 Лічэбнік
- •Скланенне колькасных лічэбнікаў
- •3.4 Займеннік
- •3.5 Дзеяслоў
- •3.6 Дзеепрыметнік
- •3.7 Дзеепрыслоўе
- •4 Сінтаксічная інтэрферэнцыя
- •Тэма V Лексікалогія
- •1 Амонімы
- •2 Мнагазначнасць і аманімія тэрмінаў
- •3 Стылістычныя пласты лексікі
- •4 Сінонімы
- •5 Сінанімія, варыянтнасць, дублетнасць тэрмінаў
- •6 Паронімы
- •7 Антонімы
- •8 Сучасная беларуская лексіка паводле паходжання
- •8.1 Спрадвечна беларуская лексіка
- •8.2 Запазычаная лексіка
- •8.3 Прыкметы запазычаных слоў
- •9 Актыўная і пасіўная лексіка
- •9.1 Устэрэлыя словы
- •9.2 Неалагізмы
- •10 Лексіка паводле сферы ўжывання
- •Тэма VI Лексікаграфія. Тыпы слоўнікаў
- •Тэма VII Функцыянальныя стылі беларускай мовы
- •1 Гутарковы стыль
- •2 Мастацкі стыль
- •3 Публіцыстычны стыль
- •4 Навуковы стыль
- •5 Афіцыйна-справавы стыль з гісторыі фарміравання афіцыйна-справавога стылю
- •Тэма VIII Графіка і арфаграфія
- •1 Прынцыпы беларускай арфаграфіі
- •2 З гісторыі пісьменнасці
- •3 З гісторыі беларускага правапісу
- •4 Перадача акання на пісьме
- •5 Перадача якання на пісьме
- •6 Правапіс літар а, о, э ў складаных словах
- •7 Правапіс вялікай і малой літар
- •8 Правапіс абрэвіятур (складанаскарочаных слоў)
- •9 Правапіс звонкіх і глухіх зычных
- •Літаратура
- •Шаршнёў Анатоль Васільевіч беларуская мова. Прафесійная лексіка
- •220086, Мінск, вул. Славінскага, 1, корп. 3
Тэма VIII Графіка і арфаграфія
1 Прынцыпы беларускай арфаграфіі
Арфаграфія – гэта сукупнасць правілаў практычнага пісьма, якія рэгулююць нормы напісання слоў.
Існуюць розныя прынцыпы арфаграфіі. Пад прынцыпам арфаграфіі разумеюць вызначальную, асноўную ідэю, заканамернасць, паводле якой будуюцца і аб’ядноўваюцца ў групы канкрэтныя правілы напісання. У беларускім правапісе выкарыстоўваюцца два асноўныя прынцыпы арфаграфіі – фанетычны і марфалагічны.
Фанетычны прынцып азначае передачу гукаў у адпаведнасці з іх вымаўленнем. У беларускай мове ён прымяняецца ў першую чаргу для перадачы на пісьме ненаціскных галосных, на ім грунтуюцца наступныя правілы: правапіс а, э, о; е, ё, я; правапіс ы, і, й пасля прыставак; правапіс спалучэнняў галосных у запазычаных словах; правапіс галосных у складаных словах; правапіс падоўжаных зычных і інш.
Марфалагічны прынцып азначае аднолькавую перадачу абалонкі марфемы ў моцнай і слабай пазіцыях. На гэтым прынцыпе грунтуюцца правілы: правапіс звонкіх зычных на канцы слова; правапіс звонкіх перад глухімі і глухіх перад звонкімі; правапіс прыставак аб-, над-, пад-, перад-; правапіс зычных на стыку корня і прыстаўкі і інш.
2 З гісторыі пісьменнасці
Пісьменнасць – адно з самых вялікіх вынаходніцтваў чалавека. Але тое пісьмо, якім мы карыстаемся ў наш час, прайшло доўгі шлях трансфармацыі і развіцця.
Першым этапам развіцця пісьма была піктаграфія – пісьмо ў выглядзе малюнка або паслядоўнасці малюнкаў. Ім карысталіся індзейцы Амерыкі, жыхары Афрыкі, абарыгены Аўстраліі, малыя народы Сібіры амаль да ХХ стагоддзя. У наш час захаваліся элементы гэтага пісьма ў выглядзе малюнкаў на дарожных знаках (напрыклад, знак «Асцярожна, дзеці!»), шыльдах крамаў (батон на булачнай), цырульняў (нажніцы), гадзіннікавых майстэрнях (гадзіннік) і г.д. Асабліва зручна карыстацца такімі знакамі, калі чалавек не ведае мовы і знаходзіцца ў іншай краіне.
З развіццём піктаграфічнай сістэмы і набыццём дадатковага сімвалічнага сэнсу малюнкаў пачынае развівацца ідэаграфія – пісьмо паняццямі. Гэта спосаб перадачы мовы, які мы зараз выкарыстоўваем для стварэння рэбусаў. Элементы ідэаграфічнага пісьма ёсць і ў нас: лічбы, навуковыя сімвалы +, =, %, крыж на дарожным знаку «Перасячэнне раўназначных дарог» і інш.
Але такім пісьмо было на пачатку яго развіцця. Паступова малюнкі сталі вельмі абстрактнымі і ператварыліся ў іерогліфы. Самымі старажытнымі сістэмамі ідэаграфічнага пісьма з’яўляюцца егіпецкае, шумерскае і кітайскае. У наш час захавалася толькі кітайскае (іерагліфічнае). Хоць такое пісьмо не адлюстроўвае вымаўлення, але для шматмільённага Кітая, дзе існуе вялікае мноства дыялектаў, іерагліфічная пісьменнасць – вельмі зручны сродак міждыялектных зносін.
Далейшае развіццё прывяло да ўзнікнення фанетычнага пісьма, якое стала перадаваць мову не толькі ў яе граматычным, але і ў фанетычным ладзе. Першым этапам было складовае пісьмо, калі за пэўным знакам замацоўвалася спалучэнне гукаў – склад. Такім было пісьмо ў Старажытнай Індыі. Гэты прынцып пісьма выкарыстоўваюць і ў сучасных японскай, карэйскай, в’етнамскай мовах. Другім этапам было ўзнікненне літарнага пісьма ў Фінікіі, але ў ім перадаваліся толькі зычныя гукі. Ад фінікійскага алфавіта пайшло арабскае пісьмо, якое налічвае 28 літар, акрамя таго, існуюць надрадковыя знакі для абазначэння кароткіх галосных гукаў.
А вось апошні крок на шляху развіцця фанетычнага пісьма быў зроблены старажытнымі грэкамі, якія запазычылі літары ў фінікійцаў, але сталі абазначаць не толькі зычныя, а і галосныя гукі. Яны змянілі і накірунак пісьма: сталі пісаць злева направа. Дзесьці ў сярэдзіне ІХ ст. да н.э. канчаткова сфарміраваўся грэчаскі алфавіт.
На базе грэчаскага алфавіта ўзніклі лацінскае пісьмо, магчыма, праз пасрэдніцтва этрускага, і кірылічны алфавіт, які быў створаны ў ІХ стагоддзі братамі Кірылам і Мяфодзіем для старабалгарскай мовы, а потым з прыняццем хрысціянства быў распаўсюджаны на землі Старажытнай Русі.
Старажытная беларуская мова ад пачатку свайго развіцця карысталася кірылаўскім пісьмом, якое мела рукапісны варыянт напісання, а з узнікненнем кнігадрукавання сталі ўжывацца і друкаваныя літары. Захаваліся многія рукапісныя і друкаваныя помнікі старабеларускай мовы.
У ХІV–ХV стст. на Беларусі ўзнікаюць першыя татарскія пасяленні, і татары, страціўшы сваю мову, пачынаюць ствараць помнікі – кітабы – на старабеларускай мове, карыстаючыся арабскім пісьмом. Чыталіся кітабы справа налева. Іх вывучэнне пачалося ў ХІХ ст. і працягнулася ў ХХ ст.
У часы ВКЛ і Рэчы Паспалітай на нашых землях былі распаўсюджаны лацінская і польская мовы, таму лацінскі алфавіт быў даўно вядомы на Беларусі. Пасля 1696 года, калі ў Рэчы Паспалітай было забаронена выкарыстанне беларускай мовы ў афіцыйным ужытку, у беларускамоўныя творы пачынае пранікаць лацінка. У ХVІ ст. яна выкарыстоўваецца паралельна з кірыліцай і ў некаторых драматычных творах на беларускай мове. У ХІХ ст. лацінка (пры існаванні кірыліцы) была прыстасавана беларускімі пісьменнікамі (Я. Баршчэўскі, Я. Чачот, А. Рыпінскі, В. Дунін-Марцінкевіч, Ф. Багушэвіч, А. Гурыновіч і інш.) для перадачы беларускай мовы. Лацінкай друкавалася газета «Мужыцкая праўда» К. Каліноўскага, на кірыліцы і лацінцы выходзілі газеты «Наша доля» і «Наша ніва». Лацінкай надрукаваны творы Цёткі, зборнік Я. Купалы «Гусляр», раннія творы Я. Коласа і інш. У Заходняй Беларусі лацінка ўжывалася побач з кірыліцай да 1939 года і ў перыёдыцы, і ў кніжных выданнях.
Такім чынам, у гісторыю беларускага пісьменства ўвайшлі тры віды графікі: кірыліца, лацінка і арабскае пісьмо.