Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Семинар 1 по истории.doc
Скачиваний:
35
Добавлен:
16.03.2016
Размер:
127.49 Кб
Скачать

Семінар № 1. Гістарычныя этапы фарміравання беларускага этнасу.

План:

  1. Тэарэтычныя канцэпцыі паходжання беларусаў.

  2. Этнас і яго формы. Этнаўтваральныя фактары.

  3. Фарміраванне беларускай народнасці.

4. Нацыяўтваральныя працэсы на беларускіх землях у хіх – пачатку хх стст.

5. Паходжанне назваў “Белая Русь” і “Чорная Русь”, “Беларусь”.

  1. Тэарэтычныя канцэпцыі паходжання беларусаў

Славянскі этап этнічнай гісторыі Беларусі пачаўся ў раннім сярэднявеччы. Яго храналагічныя рамкі: ІV – V стст. н.э. – да нашага часу.

Адным з самых складаных у гісторыі Беларусі з’яўляецца пытанне: як і калі з раней названых славянскіх, славяна-балцкіх супольнасцей і іншых груп насельніцтва сфарміравалася беларуская народнасць, як узнікла Беларусь? Адказаць на гэтыя пытанні адназначна нельга. Справа ў тым, што ў навуцы няма адзінай думкі наконт гэтых праблем. Адны даследчыкі сцвярджаюць, што беларусы як этнас ужо існавалі ў ХІІІ ст., а працэс фарміравання беларускай народнасці пачаўся яшчэ ў VІІ – VІІІ стст. (Г. Штыха ў, М. Ермаловіч, М. Ткачоў і інш.). Паводле У. Сядова, беларуская этнічная супольнасць склалася ў ХІІІ – ХІV стст. М. Грынблат лічыць, што фарміраванне беларусаў адбывалася ў ХІV – ХVІ стст. Ёсць іншыя меркаванні.

Няма адзінага погляду і на пытанні аб продках беларусаў. Узнікла мноства канцэпцый, якія ўзаемавыключаюць адна адну. У ХІХ ст. з’явіліся польская і велікаруская канцэпцыі, якія адмаўлялі існаванне самастойнага беларускага этнасу на той падставе, што ў насельніцтва Беларусі быццам не было самастойнай славянскай мовы. Прыхільнікі польскай канцэпцыі (Л. Галембоўскі, А. Рыпінскі і інш.) лічылі беларускую мову дыялектам польскай мовы, а беларусаў – часткай польскага этнасу. Творцы велікарускай канцэпцыі (А. Сабалеўскі, І. Сразнеўскі і інш.) сцвярджалі, што Беларусь – частка велікарускай этнічнай тэрыторыі, а беларуская мова – дыялект рускай мовы.

Памылковасць гэтых канцэпцый выяўлена даследаваннямі па беларускай мове. Яшчэ ў пачатку ХХ ст. выдатны беларускі славіст Я. Карскі ў фундаментальнай працы “Беларусы” (Варшава; Петраград. 1903 – 1922. Т. 1 – 3) пераканаўча даказаў, што беларуская мова з’яўляецца самастойнай славянскай мовай, якая паводле свайго лексічнага складу, сінтаксісу, фанетыкі і марфалогіі ўваходзіць у групу ўсходнеславянскіх моў нароўні з велікарускай і ўкраінскай.

У пачатку ХХ ст. з’явілася крывіцкая канцэпцыя. Яе аўтарамі былі М.Пагодзін, В.Ластоўскі і інш. Яна заснавана на памылковым уяўленні аб тым, што продкамі беларусаў з’яўляюцца крывічы. Аўтары канцэпцыі атаясамлівалі беларусаў і крывічоў і прапаноўвалі называць беларусаў крывічамі, а Беларусь – Крывіяй. Памылковасць гэтай канцэпцыі заключаецца ў тым, што крывічы займалі толькі паўночную і цэнтральную частку тэрыторыі сучаснай Беларусі. А як жа ўзнікла паўднёвабеларускае насельніцтва? На гэта пытанне крывіцкая канцэпцыя адказу не дае. Няма ў данай канцэпцыі тлумачэння і таго, чаму на частцы тэрыторыі, якую займалі крывічы, пазней сфарміравалася велікаруская народнасць. Аднак самая вялікая памылка крывіцкай канцэпцыі выяўляецца ў храналагічнай неадпаведнасці знікнення крывічоў і з’яўлення беларускага этнасу. Крывічы зніклі да сярэдзіны ХІІ ст., а беларусы як этнас да гэтага часу яшчэ не сфарміраваліся.

NB. Гэта з пункту гледжання марксізма. Але сучасная этнаграфія лічыць, што этнас пачынае фарміравацца разам з дзяржаўнасцю. Беларуская дзяржаўнасць пачынае фармірафаца з часоў калі не Рагвалода, то Усяслава Чарадзея (сяр. XI ст.). Гэта падмацоўвае крывіцкую канцэпцыю.

Аднабаковасць крывіцкай канцэпцыі вырашылі пераадолець вядомы беларусазнаўца Я.Карскі, гісторык-славіст У.Пічэта, даследчык этнічнай гісторыі Беларусі М. Грынблат, вядомы гісторык М.Доўнар-Запольскі. Яны ўключылі ў склад продкаў беларусаў не толькі крывічоў, але таксама дрыгавічоў і радзімічаў. Адсюль і назва канцэпцыі – крывіцка-дрыгавіцка-радзіміцкая. Аднак і гэта канцэпцыя, як і папярэдняя, не ўлічвае таго факта, што дрыгавічы і радзімічы, як і крывічы, зніклі да сярэдзіны ХІІ ст., калі агульнабеларускі этнічны комплекс яшчэ не сфарміраваўся.

NB. Тая ж заўвага.

Асаблівую папулярнасць набыла балцкая тэорыя этнагенезу беларусаў. Паводле гэтай тэорыі, змяшэнне славян з даславянскім насельніцтвам – балтамі – прывяло да з’яўлення беларускага этнасу. Балты, такім чынам, адыгралі ролю субстрату (падасновы) у этнагенезе беларусаў. Аўтар гэтай тэорыі археолаг В. Сядоў робіць выснову на падставе таго, што шмат элементаў беларускай культуры і мовы маюць балцкае паходжанне. Аднак В. Сядоў не ўлічыў таго, што гэтыя элементы ўласцівы як славянам, так і балтам. Яны індаеўрапейскага паходжання. Балты з’явіліся продкам, субстратам не непасрэдна беларусаў, а ўсходнеславянскіх супольнасцей – крывічоў, радзімічаў і дрыгавічоў.

Існуе і фінская канцэпцыя паходжання беларусаў. Яе аўтары прыхільнікі на падставе таго, што на тэрыторыі Беларусі ёсць назвы рэчак і азёраў фінскага паходжання (Дзвіна, Свір і інш.), лічаць, што продкамі беларусаў маглі быць і фіны. Для такой высновы няма навуковых падстаў. Фінамоўнае насельніцтва на тэрыторыі Беларусі жыло ў глыбокай старажытнасці і было асімілявана не славянамі, а старажытнымі балтамі, якія рассяліліся ў Панямонні, Падзвінні і Падняпроўі ў бронзавым веку. Фіны на тэрыторыі Беларусі з’явіліся субстратам не беларусаў, а старажытных балтаў.

У 50-я гады ХХ ст. савецкі этнограф С. Токараў абгрунтаваў новую канцэпцыю. Яе сутнасць заключаецца ў наступным. У выніку змешвання розных супольнасцей – крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў, драўлян, палян, вяцічаў і іншых – у Сярэднім Падняпроўі ў ІХ – Х стст. у межах Кіеўскай Русі сфарміравалася новая ўсходнеславянская этнічная супольнасць –старажытнаруская народнасць. У другой палове Х ст. зацвердзілася і агульная назва гэтай тэрыторыі – Русь. Сярэдняе Падняпроўе стала звацца Рускай зямлёй, кіеўскія князі – рускімі князямі. Затым у працэсе распаду Кіеўскай Русі раз’ядналася і старажытная народнасць. У выніку ўтварыліся тры роднасныя народы: рускі, беларускі і ўкраінскі.

Аднак у гэтай канцэпцыі з’явілася шмат апанентаў (Г. Штыхаў, М. Ермаловіч, М. Ткачоў і інш.). Яны сцвярджаюць, што ніякай старажытнарускай народнасці не існавала, што не магло быць ніякага падзелу неіснуючай агульнарускай народнасці на тры галіны – беларускую, рускую і ўкраінскую. Кіеўская Русь, як лічаць М. Ермаловіч і Г. Штыхаў, была не збіральніцай рускіх зямель, а перш за усе ваенна-адміністратыўным аб’яднаннем, мэтай якога былі ванные паходы на Візантыю. Яна не мела трывалай эканамічнай базы. Пры гэтым узгаданыя аўтары спасылаюцца на К. Маркса аб тым, што Кіеўская Русь была нетрывалай “шматвай імперыей”, у якой існавала як мінімум дзва палітычных цэнтра: Кіеў і Ноўгарад.

Гэта канцэпцыя лічыць, што уся справа ў тым, на якой тэрыторыі пасяліліся плямёны і з якім карэнным насельніцтвам (субстратам) адбылося змяшэнне. Так, рускі этнас фарміраваўся на аснове фіна-угорскага субстрату, украінскі – цюрскага, беларускі – балцкага. Памылковасць гэтых поглядаў заключаецца ў тым, што ў выніку асіміляцыі, змяшэння прышлых славян з фіна-угорскім, цюркскім і балцкім насельніцтвам сфарміраваліся новыя славянскія этнічныя супольнасці (усяго каля 15) – крывічы, дрыгавічы, радзімічы, славене, паляне, драўляне, валыняне, улічы, ціверцы і іншыя, а не руская, украінская і беларуская народнасці. Фарміраванне гэтых народнасцей адбылося не ў ІХ – Х стст., а значна пазней.

NB, Некаторыя вучоныя лічаць, што, з пункту гледжання сучаснай этнаграфіі, фарміраванне народнасцей адбываецца адначасова з узнікненнем дзяржаўнасці. Старэйшыя дзяржаўныя утварэнні на Беларусі (Полацкая і Тураўскае княствы) узніклі якраз у ІХ – Х стст. У такім выпадку канцэпцыя Г. Штыхава, М. Ермаловіча і М. Ткачова атрымлівае новы падмурак і новые аргументы на сваю карысць. Згодна э вядомым савецкім этнографам Ю.В. Брамлеям (“Народы мира. Историко-этнографический справочник. – М., Сов. Энциклопедия, 1988. – С. 602) узнікненне народнасцей звычайна адбываецца ў раннефеадальны перыяд. Згодна з перыядызацыяй гісторыі Беларусі, гэты перыяд да сярэдзіны ХІІІ ст. ужо завяршыўся.

Акрамя таго, як лічыць шэраг сучасных расійскіх і беларускіх гісторыкаў (напрыклад, дактарант БДУ С.Н. Цемушаў) галоўным прызнакам суверэнітэта той ці іншай дзяржавы у раннім Сярэднявеччы з’яўлялася права збора даніны. Іншымі словамі, суверэнным лічыўся той князь, хто збараў у сваім княстве даніну на сваю карысць, а не на карысць іншага гаспадара. З гэтага пункту гледжання Полацкае княства часоў Брачыслава і Усяслава безумоўна, павінна лічыцца суверэннай дзяржавай.

У пачатку 90-х гадоў ХХ ст. сваю канцэпцыю ўзнікнення беларусаў распрацаваў гісторык-этнограф М. Піліпенка (Пилипенко М.Ф. Возникновение Белоруссии: новая концепция. Мн., 1991). Ён лічыць, што ў выніку шырокага рассялення славян і змешвання іх з усходнімі балтамі ўтварыліся не беларусы, а першапачатковыя ўсходнеславянскія этнічныя супольнасці крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў. Гэта адбылося ў ІХ – Х стст. Затым у канцы Х – пачатку ХІ ст. разам з іншымі ўсходнеславянскімі супольнасцямі крывічы, дрыгавічы і радзімічы кансалідаваліся ў новую агульнаславянскую этнічную супольнасць. Для яе былі характэрны агульнаўсходнеславянская мова, агульная матэрыяльная і духоўная культура. З трансфармацыяй гэтых першапачатковых этнічных славянскіх супольнасцей у агульнаславянскую старажытную супольнасць іх тэрыторыі сталі агульнай этнічнай тэрыторыяй, якая атрымала назву “Русь”. Менавіта з гэтага часу ў дачыненні да тэрыторыі Беларусі, як і да суседніх усходнеславянскіх зямель, пачала ўжывацца назва “Русь”, а насельніцтва стала называцца русамі, русічамі, русінамі, рускімі.

З часу свайго фарміравання этнічная тэрыторыя “Русь” не была аднастайнай. Яна падзялялася на рэгіёны, якія не супадалі з ранейшымі этнічнымі тэрыторыямі першапачатковых усходнеславянскіх этнічных супольнасцей. Тэрыторыя сучаснай Беларусі па лакальных асаблівасцях мовы і культуры ўваходзіла ў дзве дыялектна-этнаграфічныя зоны агульнаўсходнеславянскай этнічнай супольнасці – папрыпяцка-палескую і падзвінска-дняпроўскую. Акрамя агульнай назвы “Русь”, за паўднёвай часткай тэрыторыі Беларусі замацавалася назва “Палессе”, за цэнтральнай і паўночнай – “Белая Русь”. У паўднёвай папрыпяцка-палескай зоне на аснове трансфармацыі дрыгавічоў, драўлян і паўднёвай часткі радзімічаў ішоў працэс складвання новай этнічнай супольнасці – палешукоў, у паўночным (падзвінска-дняпроўскім) рэгіёне ў выніку трансфармацыі крывічоў, вяцічаў і паўночных радзімічаў – старажытных беларусцаў. Піліпенка лічыць, што менавіта палешукі і беларусцы сталі непасрэднымі продкамі беларусаў.

З цягам часу, адзначае М. Піліпенка, у выніку інтэнсіўных этнічных працэсаў на аснове ўзаемадзеяння, узаемапранікнення, згуртавання дзвюх значных груп (папрыпяцка-палескай і падзвінска-дняпроўскай) усходнеславянскага насельніцтва, з аднаго боку, і змяшэння, кансалідацыі іх з асобнымі групамі неўсходнеславянскага насельніцтва – заходнеславянскага (польскага), балцкага і цюркскага (татарскага), з другога, на шырокай тэрыторыі, размешчанай паміж Прыпяццю на поўдні і Заходняй Дзвіной на поўначы, Нёманам на захадзе і Дняпром на ўсходзе, у канцы ХV – сярэдзіне ХVІ ст. сфарміраваліся новы комплекс культуры і звязаная з ім сістэма мовы. Усё гэта сведчыла аб з’яўленні новай, усходнеславянскай этнічнай тэрыторыі, якая атрымала з таго часу сваю назву “Белая Русь”, а яе жыхары атрымалі назву “беларусы”.

  1. Этнас і яго формы. Этнаўтваральныя фактары.

Этнас (ад грэч. ethnos – племя, народ) – устойлівая супольнасць людзей, якая склалася гістарычна на пэўнай тэрыторыі, мае агульную мову, культуру, побыт, псіхалагічныя рысы і самасвядомасць. Асноўныя гістарычныя формы этнасурод, племя, народнасць, нацыя. Паняцце “этнас” блізкае да паняцця “народ” у этнаграфічным сэнсе. Галоўнымі прыкметамі этнасу з’яўляюцца 1) этнічная тэрыторыя, 2) мова, 3) культура, 4) побыт, 5) псіхалагічны склад, 6) самасвядомасць. На паняцці “этнас” грунтуецца значная частка навуковай тэрміналогіі, а навука, якая вывучае асаблівасці этнасаў, праблемы іх паходжання называецца этнаграфіяй (народазнаўствам).

Існуюць народы, якія у працэсе гістарычнага развіцця страцілі тую ці іншую этнічную рысу (напрыклад: цыгане, яўрэі да 1947 г. – тэрыторыю). Існуюць шмат народаў, якія маюць шэраг агульных культурных, бытавых ці псіхалагічных рысаў (лацінаамерыканцы, славяне і г.д.). Гэта можа быць растлумачана як шматвекавям суседствам, так і агульнымі продкамі. Але есць адна рыса, без якой немагчыма існаванне нацыі, якая з’яўляецца сваеасаблівым стрыжнем, базай для кансалідацыі усіх іншых этнічных рыс. Гэта ........ , якая выконвае ролю сваеасаблівага маркёра “сваіх” ад “чужых”. Калі гэтай рысы няма, то і этнас раней ці пазней раствараецца ў іншых народах, нацыях, племянах...

Акрамя таго, разглядаючы этнас, трэба мець на увазе не нейкую адну яго рысу, нават і вельмі важную, а разглядаць сукупнасць усіх яго этнічных рыс, што і робіць гэтую этнічную супольнасць непадобнай на іншыя, нават суседнія нацыі і непаўторнай на Зямле.

  1. Фарміраванне беларускай народнасці.

Народнасць – форма моўнай, тэрытарыяльнай, эканамічнай і культурнай супольнасці людзей, якая ўтвараецца гістарычна ў выніку кансалідацыі, зліцця плямён і папярэднічае ўтварэнню нацыі. Яна ўласціва рабаўладальніцкаму і феадальнаму ладу. Асноўнымі прыкметамі народнасці з’яўляюцца: адносная агульнасць мовы, агульнасць тэрыторыі, культуры, пэўныя гаспадарчыя сувязі, этнічная самасвядомасць і саманазва.

Працэс фарміравання беларускай народнасці заняў дастаткова працяглы перыяд і адбываўся пад уздзеяннем геаграфічна-кліматычных, сацыяльна-эканамічных, палітычных, царкоўна-рэлігійных фактараў, а таксама агульнаеўрапейскіх этнічных тэндэнцый.

Вядома, што на мяжы ІІІ – ІІ тыс. да н.э. сучасную тэрыторыю беларусі засялялі плямёны фіна-уграў, якіх з пачаткам веку металаў змянілі балты. У час “Вялікага перасялення народаў” сюды з поўдня і захаду прыйшлі славяне, якія на працягу V – VІІІ стст. здолелі асіміляваць мясцовае балцкае насельніцтва і ўтварыць новыя раннефеадальныя этнічныя супольнасці крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў. У далейшым у перыяд існавання старажытнабеларускіх княстваў адбывалася актыўнае ўзаемадзеянне гэтых супольнасцей, што было выклікана дзяржаўна-палітычнай і канфесійнай інтэграцыяй у межах Кіеўскай Русі. Менавіта ў гэты перыяд завяршылася складванне тыповых для славян рыс культуры, мовы і самасвядомасці. Разам з тым прысутнасць у рэгіёне моцных цэнтрабежных тэндэнцый абумовіла адасабленне гэтых тэрыторый. Таму з сярэдзіны ХІІІ ст. і актывізаваўся працэс складвання беларускай народнасці.

Стымулюючым фактарам паскарэння кансалідацыі беларускага этнасу было ўтварэнне ВКЛ, у межах якога былі створаны неабходныя палітычныя ўмовы ўтварэння беларускай народнасці. У межах ВКЛ была створана адзіная сістэма дзяржаўнага кіравання, уведзена адзінае заканадаўства, што сведчыла аб складванні сістэмы палітыка-прававой цэнтралізацыі ў краіне, узмацненні палітычных сувязей паміж яе рознымі тэрыторыямі.

Аднак палітычнае аб’яднанне не знішчыла цалкам лакальнай аўтаномнасці асобных зямель. Наяўнасць жа ў грамадска-палітычным жыцці ВКЛ як аб’яднальных, так і сепаратысцкіх тэндэнцый ускладняла працэс фарміравання беларускай народнасці.

Эканамічнай асновай этнаўтваральных працэсаў стала далейшае развіццё сельскай гаспадаркі, удасканаленне рамяства. Узрастала роля буйных гарадоў Беларусі як цэнтраў рэгіянальнага і транзітнага гандлю, сродкаў умацавання тэрытарыяльна-эканамічных сувязей беларускіх зямель. Паступова ў ВКЛ усталявалася адзіная грашовая сістэма, ішоў працэс усталявання гандлёва-вымяральных стандартаў. Развіццё таварна-грашовых адносін і ўнутраных гаспадарчых сувязей садзейнічала інтэнсіфікацыі інтэграцыйных этнічных працэсаў у межах дзяржавы. Аднак працэсы гэтыя на ўзроўні дзяржавы стрымліваліся існаваннем склаўшыхся рэгіянальных, лакальных рынкаў.

Што датычыць сацыяльных фактараў, то далейшае развіццё феадальных адносін, паступовае ўсталяванне прыгоннага права садзейнічалі кансалідацыі шматлікіх катэгорый насельніцтва зямель Беларусі ў сацыяльныя групы з агульнымі правамі і абавязкамі для кожнай з іх. Сфарміраваліся чатыры асноўных саслоўі: шляхта, духавенства, мешчанства і сялянства. Гэты працэс садзейнічаў усталяванню больш шырокіх сувязей у межах кожнага саслоўя і паміж імі.

Пэўную этнакансалідуючую ролю адыгрываў канфесійны фактар. Канфесійныя антагантзмы актывізавалі складанне і ўмацаванне розных форм самасвядомасці насельніцтва. Прыкмета веры станавілася своеасаблівай прыкметай народа, а барацьба за веру з’яўлялася часткай барацьбы за яго самабытнасць.

Сукупнасць дзейнасці этнаўтваральных фактараў спрыяла фарміраванню беларускай народнасці і такіх яе агульных прыкмет, як этнічная тэрыторыя, адносная агульнасць мовы, своеасаблівая матэрыяльная і духоўная культура, этнічная самасвядомасць і саманазва.

Ядро этнічнай тэрыторыі беларускай народнасці ў асноўных рысах адпавядала арэалам рассялення яе старажытных продкаў – крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў. Тут адбыліся значныя змены ў мове ўсходнеславянскага насельніцтва. На працягу ХІV – ХV стст. у ёй развіваліся такія спецыфічныя рысы беларускай гаворкі, як цвёрдае “р”, “дзеканне” і “цеканне”, “аканне” і “яканне”, прыстаўныя гукі на пачатку слова. Фарміравалася гутарковая мова як сродак зносін паміж людзьмі. Матэрыяльная і духоўная культура беларускага этнасу базіравалася на шэрагу элементаў, атрыманых у спадчыну са старажытнарускага часу. Другой яе складовай часткай былі новаўводзіны, якія закранулі сямейны і абшчынны побыт, навуку і асвету, фальклор, звычаі і абрады, мастацтва. Трэцяй часткай комплексу культуры былі элементы, запазычаныя ў суседніх народаў.

У ХV – ХVІ стст. на тэрыторыі Беларусі з’явіўся шэраг новых тыпаў пасяленняў: мястэчка, фальварак, засценак, ваколіца. Змянілася планіроўка вёсак ў Заходняй і Цэнтральнай Беларусі. Гэтаму спрыяла правядзенне аграрнай рэформы 1557 г., калі ў гэтых раёнах было ўведзена падворнае землекарыстанне і распаўсюдзіўся пагонны тып двара з уласцівым яму размяшчэннем пабудоў у адзін рад. У Паўночнай і Усходняй Беларусі ўсталяваўся пераважна вяночны тып двара з размяшчэннем пабудоў па перыметры.

На ўсёй тэрыторыі Беларусі склаўся цэлы комплекс сельскагаспадарчых прылад працы (літоўская саха, драўляная частаплеценая барана, матыка, серп, цэп і інш.), дапаможных гаспадарчых пабудоў, ветраных і вадзяных млыноў.

У гэты час зацвердзіліся характэрныя для нашай тэрыторыі строі народнага адзення. На ўсёй тэрыторыі Беларусі былі распаўсюджаны саматканыя суконныя спадніцы з клятчатай ці паласатай тканіны, стракатыя безрукаўкі, світкі, упрыгожаныя кажухі.

У ХV – ХVІ стст. склалася і своеасаблівая духоўная культура новага этнасу. Былі выпрацаваны асноўныя віды і жанры беларускага фальклору: чарадзейныя казкі, абрадавая паэзія, песні (хрэсьбінныя, калыханкі, хаўтурныя, песні-плачы, валачобныя, вясельныя, жніўныя, жартоўныя). Узнік і новы эпічны жанр – гістарычныя песні і паданні. Жыццёвы і гаспадарчы вопыт народа знайшоў свай ўвасабленне ў шматлікіх прыказках, прымаўках і загадках.

Першымі тэатральнымі відовішчамі былі карагоды, народныя гульні, прадстаўленні скамарохоў. Паступова ў карагодзе зараджалася драматычнае дзеянне, якое адлюстроўвала розныя бакі жыцця. Узнік таксама народны лялечны тэатр – батлейка. У ХVІ ст. з’явіліся і новыя музычныя інструменты – скрыпка, цымбалы, дудка.

Адным са значных кампанентаў народнасці з’яўляецца самасвядомасць. У ВКЛ жыхар беларускіх зямель адрозніваў сябе ад іншых народаў. Значны час насельніцтва беларускай тэрыторыі ВКЛ называла сябе рускім і сваю мову рускай. Гэта ў значнай ступені было абумоўлена тым, што насельніцтва гэтых зямель у пераважнай большасці прытрымлівалася праваслаўя, або рускай веры. У выніку склалася так, што самасвядомасць і саманазва ў беларусаў фарміравалася пазней за іншыя этнічныя прыкметы. Але трэба адзначыць, што “рускае” насельніцтва ВКЛ ужо ў той час адрознівала сябе ад жыхароў Маскоўскай дзяржавы.

Такім чынам, у ХV – ХVІ стст. завяршыўся працэс фарміравання беларускага этнасу пад уздзеяннем розных этнаўтвараючых фактараў.