Добавил:
Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:

Тэма 5

.doc
Скачиваний:
11
Добавлен:
01.04.2014
Размер:
115.2 Кб
Скачать

У студзені 1385 года віленская дэлегацыя правяла перамовы ў Кракаве, а ўлетку польскія ўпаўнаважаныя прыехалі ў Вялікае Княства. Акт вуніі быў падпісаны 14 жніўня ў Беларусі, у князеўскай вежы Крэўскага замка. Ягайла атрымаў права ажаніцца з польскай каралеўнай Ядзвігай і стаць каралём Польшчы. Дзеля гэтага ён абавязваўся прыняць каталіцтва і ахрысціць яго братоў, сваякоў ды іншых падданых, вызваліць палонных хрысціянаў (палякаў), заплаціць 200 000 фларынаў за зрыў пагаднення аб шлюбе Ядзвігі з Вільгельмам Габсбургам, вярнуць забраныя і назаўсёды далучыць свае землі да Каралеўства Польскага.

Да канчатковага зацверджання вуніі дайшло ў 1386 годзе, пасля таго як Ягайла ахрысціўся на Вавельскай катэдры ў Кракаве, узяў шлюб з Ядзвігай і 4 сакавіка ўрачыста каранаваўся. Афіцыйна ён пачаў тытулавацца «каралём Польшчы, вярхоўным князем Літоўскім і дзедзічам Рускім».

З юрыдычнага боку акт Крэўскай вуніі азначаў інкарпарацыю Вялікага Княства ў склад Польшчы. Аднак на практыцы інкарпараваць такую моцную дзяржаву было немагчыма. З прычыны палітычнай актыўнасці незадаволеных вуніяй грамадскіх колаў Вялікага Княства Літоўскага гэты план так і не стаў рэчаіснасцю. Ужо ў 1386 годзе паўстаў князь Андрэй Полацкі, які лічыў, што калі Ягайла прыняў каталіцтва, дык ён не можа быць валадаром Вялікага Княства.

З розных крыніц я даведаўся, што польскія феадалы, выкарыстоўваючы Крэўскую унію 1387 і каранацыю вялікага князя Ягайлы на польскі трон, наважыліся падпарадкаваць сабе літоўскія, беларускія і ўкраінскія землі, Вітаўт узначаліў супраць іх барацьбу патрыятычных сіл Беларуска - Літоўскай дзяржавы. З дапамогай рыцараў Лівонскага ордэна ён скінуў намесніка Ягайлы на літоўскі трон - свайго дваюраднага брата Скіргайлу і стаў правіць дзяржавай незалежна ад польскага караля. У выніку ўзброенай барацьбы, а потым кампраміснага пагаднення 1392 з Ягайлам беларуска-літоўскія феадалы адстаялі сваю самастойнасць, а Вітаўт пажыццёва прызначаны гаспадаром (вялікім князем) Беларуска - Літоўскай дзяржавы.

Ён праводзіў палітыку цэнтралізацыі дзяржавы і ўмацавання велікакняжацкай улады. Да дзяржаўнага кіравання (удзел у соймах і радзе) ён далучаў ваенна - служылае саслоўе, за службу раздаваў шляхце землі. Вёў актыўную знешнюю палітыку. Падтрымліваў сепаратысцкія тэндэнцыі рускіх княстваў (Цвярскога, Разанскага), што выступалі супраць аб’яднаўчай і цэнтралізаванай палітыкі Масквы. Ён умешваўся ў справы нямецкага ордэна і неаднаразовымі перамогамі ледзь не ліквідаваў яго. Для дасягнення палітычных мэт і замацавання саюзу з Тэўтонскім ордэнам двойчы (у 1384 і 1389) аддаваў яму Жмудзь. Вёў пастаянную барацьбу супраць татараў, ачысціў ад іх усю тэрыторыю паміж Дняпром і Азоўскім морам і адтуль некалькі тысяч татараў перасяліў у Літву. У 1399 пацярпеў паражэнне ад тамерланаўскага палкаводца Эдыгея на р. Ворскла, у выніку праваліліся яго планы панавання над усімі землямі Русі і Залатой Арды. Нягледзячы на гэта, Вітаўт захаваў кантроль Беларуска - Літоўскай дзяржавы над Паўночным Прычарнамор’ем. Але паражэнне на Ворскле выкарыстала Польшча, прымусіўшы Вітаўта падпісаць новую унію. Падпісаўшы пад націскам польскага кліру ў 1401 Віленска - Радамскую, а ў 1413 Гарадзельскую уніі, Вітаўт фактычна даў католікам перавагі ў дзяржаўным жыцці краіны, што стала адной з прычын працяглай нацыянальна - рэлігійнай барацьбы ў Беларуска - Літоўскай дзяржаве і значна аслабляла яе. Каб дагадзіць праваслаўнай большасці насельніцтва Літоўскай Русі, ён заснаваў у Вялікім княстве Літоўскім пасаду мітрапаліта незалежна ад Маскоўскай дзяржавы. Першым мітрапалітам праваслаўнай царквы Княства на Новагародскім саборы быў выбраны былы кіеўскі мітрапаліт Грыгорый Цамблак.

Вітаўт значна пашырыў тэрытарыяльныя межы дзяржавы. У 1395 ён уключыў у склад сваей дзяржавы г. Смаленск, у выніку вайны з Вялікім Маскоўскім княствам у 1408 вызначыў мяжу па рэках Угра і Ака.

У час Грунвальдскай бітвы 1410 Вітаўт узначальваў літоўска - беларускія войскі (Полацкая, Віцебская, Гарадзенская, Пінская, Ваўкавыская, Лідская, Новагародская, Смаленская, Слонімская, Старадубская, Кіеўская, Мсціслаўская і інш. харугвы), якія былі асноўнай сілай у разгроме крыжакоў. Пасля гэтай перамогі паводле Мельнскага дагавора 1422 Вялікаму княству Літоўскаму вернута Жмудзь.

Пры Вітаўце Беларуска - Літоўская дзяржава дасягнула найбольшай магутнасці і памераў: ад Пскоўскай мяжы да Чорнага мора і ад Акі і Курска да Галіцыі. З мэтай узмацніць міжнародны прэстыж дзяржавы і сваё становішча ён двойчы (у 1429 і 1430) рабіў захады і ўчыняў з’езды наймагутнейшых правіцеляў Еўропы, каб прыняць каралеўскі тытул і карону. Але гэтаму перашкаджалі магнаты Польшчы, якія не адмовіліся ад намеру аб’яднаць Польшчу з Літоўскай Руссю. Падчас княжання Вітаўта беларускім гарадам Брэсту (1390), Гродна (1391) і інш. прадастаўлена самакіраванне паводле магдэбургскага права. У 1420 - я гады Віцебск, Полацк і сталіцу Беларуска-Літоўскай дзяржавы - Вільню наведаў Іеранім Пражскі - паплечнік Яна Гуса. У 1422 на дапамогу нацыянальна - вызваленчаму руху гусітаў у Чэхію прыбыў намеснік Вітаўта, унук Альгерда, Жыгімонт Карыбутавіч з 5 - тысячным беларускім войскам. На чале сваіх гусіцкіх паплечнікаў у 1424 ён заняў Прагу, дзе абвясціў сябе каралём і пэўны час імкнуўся ўмацаваць сваю ўладу. Але з - за ўскладненай сітуацыі ў Вялікім княстве Літоўскім вярнуўся на бацькаўшчыну.

Такім чынам можна зрабіць вынікі, што з юрыдычнага боку акт Крэўскай уніі азначаў інкарпарацыю Вялікага Княства ў склад Польшчы. Аднак на практыцы інкарпараваць такую моцную дзяржаву было немагчыма. З прычыны палітычнай актыўнасці незадаволеных вуніяй грамадскіх колаў Вялікага Княства Літоўскага гэты план так і не стаў рэчаіснасцю. Унія адпавядала інтарэсам абодвух бакоў. Яна дазваляла аб'яднаць сілы абедзвюх дзяржаваў супроць агульнага ворага - крыжакоў. Нямецкая экспансія ў Польшчы дасягнула пагражальных памераў. Для палякаў важна было забяспечыць спакой сваіх межаў і з боку Вялікага Княства. Што да самога акта Крэўскай вуніі, то ёсць меркаванне, нібыта ён (у тым выглядзе, у якім дайшоў да нас) сфальсіфікаваны ў ХV стагоддзі, каб апраўдаць прэтэнзіі палякаў на беларускія землі. Бо надта ж непраўдападобнымі выглядаюць астранамічны «выкуп» Ядзвігі і лёгкая згода Ягайлы інкарпараваць Вялікае Княства ў склад Польшчы. Пра гэта, дарэчы, гаварылі нашыя паслы яшчэ ў 1569 годзе на Люблінскім сойме. Ніжэй прыведзены змест Крэўскай уніі.

Крэўская унія“

Мы, Ягайла, з ласкі божай вялікі князь літоўскі, Русі гаспадар і дзедзіч прыроджаны, абвяшчаем усім, каму належыць, і тым, якія гэты ліст бачыць будуць, тое, пра што нам паведамілі з боку найяснейшай пані, з божай ласкі каралевы венгерскай, польскай, далмацкай і г. д., шляхетныя і шаноўныя мужы, ксёндз Стэфан, пробашч ханадзенскі, Уладзіслаў, сын Какаса дэ Каза, каштэлян з Патока, Влодка, падчашы кракаўскі, Мікалай, каштэлян завіхоскі, і Крыстын, дзяржаўца казімірскі. Спачатку тады сказалі, што Ягайла, як асвечаны князь літоўскі, выправіў сваіх паўнамоцных паслоў папярэдне да паноў зямян польскіх, а затым да яе каралеўскай вялікасці. Тыя ж паслы, якія да каралеўскай вялікасці былі пасланы, узялі з сабой вярыцельныя лісты ад галоўнага і вярхоўнага пасла яснавяльможнага пана Скіргайлы, брата вялікага князя Ягайлы, які з пэўных прычын не мог асабіста з'явіцца да яе каралеўскай вялікасці. Паслы яго, князь Барыс і Ганка, староста віленскі, стаўшы перад каралевай венгерскай, гэтак, выкладаючы справу, гаварылі: “Многа цэзараў, каралёў і розных князёў прагнулі завязаць сталыя стасункі з тым жа вялікім князем літоўскім; але Бог усемагутны наканаваў гэта асобе вашай каралеўскай ягамосці. Таму, найяснейшая пані, споўні гэтае добратворнае прадвызначэнне, вазьмі вялікага князя Ягайлу за сына і аддай яму ў жонкі найбольш каханую дачку сваю, Ядвігу, каралеву польскую. Упэўненыя, што з гэтага саюзу вынікае хвала Богу, збавенне душам, пашана і памнажэнне каралеўству. Перш як тое, пра што ідзе мова, да адпаведнага канца дойдзе, вялікі князь Ягайла з усімі братамі, яшчэ не ахрышчонымі, а таксама крэўнымі, са шляхтай, зямянамі большымі і меншымі, якія на землях яго жывуць, хоча, зычыць і прагне прыняць веру каталіцкую святога рымскага Касцёла. Не маглі схіліць яго да гэтага, як настойліва не дамагаліся, шмат якія цэзары і розныя князі, бо Бог усемагутны славу гэтую для вашай каралеўскай вялікасці захаваў. Дзеля несумненнасці і моцы сказанага, абяцае вялікі князь Ягайла сабраць і выкарыстаць увесь свой скарб для вяртання страт, якія панеслі як Польшча, гэтак і Літва, калі толькі каралева венгерская дачку сваю, Ядвігу, каралеву польскую, шлюбам сямейным злучыць. Вялікі князь Ягайла абяцае суму, умоўленую каралевай венгерскай і князем Аўстрыі, менавіта двойчы сто тысяч фларынаў, сабраць і выплаціць. Той жа вялікі князь Ягайла абяцае і гарантуе ўласным коштам і стараннем вярнуць каралеўству польскаму ўсе краі, кім бы яны ад яго не адарваны і забраны. Той жа вялікі князь Ягайла абяцае вярнуць першасную вольнасць усім хрысціянам, у першую чаргу людзям абодвага полу, з зямлі польскай, звычаем вайсковым забраных і пераселеных, і кожны альбо кожная будзе мець магчымасць падацца туды, куды захоча. Нарэшце, той жа вялікі князь Ягайла абяцае землі свае літоўскія і рускія на вечныя часы да кароны каралеўства польскага далучыць”.

Таму мы, вышэй названы вялікі князь Ягайла, на спамянутую пасольскую прапанову, дадзеную і выказаную ад нашага імя панам каралеўства польскага названым Скіргайлам, братам нашым улюбёным, а таксама на паручыцельства, учыненае найяснейшай каралеве венгерскай Альжбеце ўпаўнаважанымі, накіраванымі тым жа братам нашым, у прысутнасці паслоў пані каралевы, як венграў, гэтак і палякаў, да нашай высокасці пасланых, разам з братамі нашымі, князямі літоўскімі Скіргайлам, Карыбутам, Вітаўтам, Лігвенам, а таксама ад імя іншых братоў нашых, прысутных і непрысутных, згаджаемся і абвяшчаем як вышэйназванай пані каралеве, так і спамянутым панам каралеўства польскага; гэтыя ж прапановы пасольскіямы загадалі зацвердзіць нашымі і нашых братоў пячаткамі і тое ўсё падцвярджаем.

Дадзена ў Крэве, у панядзелак, напярэдадні Успення Прасвятой Дзевы Марыі (14 жніўня) лета 1385 - га.

(Пераклад зроблены з кнігі Генрыка Масціцкага “ Unia Polski z Litwa. Dokumenty i wspomnienia. Warszawa, 1939, s. 5 - 8. )

Грамадзянская вайна 1386–1392 гг. у Вялікім княстве Літоўскім, як і ўсе грамадзянскія войны на маю думку нічога добрага не прынесла. Загінула шмат людзей. Жорсткая барацьба вялася з пераменным поспехам і скончылася заключэннем пагаднення 5 жніўня 1392 г. у маёнтку Вострава каля г. Ліды. Востраўскае пагадненне аб падзеле ўлады паміж Ягайлам і Вітаўтам значна карэкціравала Крэўскую унію, Вялікаму княству Літоўскаму было гарантавана адасобленае дзяржаўнае існаванне, але ў саюзе з Польшчай і пад верхаўладдзем польскага караля.

Перамога ў Грунвальдскай бітве 1410 г., дзе войскі Вялікага Княства Літоўскага адыгралі вызначальную ролю, узняла палітычны прэстыж дзяржавы і адлюстравалася на асабісгым статусе Вітаўта. Выкарыстоўваючы гэтыя поспехі, Вітаўт робіць спробы перапыніць васальныя адносіны з Каронай Польскай, даеягнуць поўнага суверэнітэту, ажно да стварэння асобнага каралеўства.

Паміж Ягайлам і Вітаўтам пачаліся новыя перамовы, якія скончыліся падпісаннем у 1413 г. Гарадзельскай уніі, Гарадзельская унія ў адрозненне ад Востраўскага пагаднення юрыдычна аформіла палітычную самастойнасць Вялікага Княства Літоўскага, але ўсё роўна пад уладай польскага караля.

Літаратура:

Гісторыя Беларусі: У 2 ч. Ч.1.–Мн., 2000. С.102–110.

Чигринов П.Г. Очерки истории Беларуси.–Мн., 2000. С.74–82.

Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі.–Мн., 1992. С.79–93

Генрык Масціцкі “Unia Polski z Litwa. Dokumenty i wspomnienia. Warszawa, 1939,s.5-8