Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
курач Света.doc
Скачиваний:
33
Добавлен:
11.09.2019
Размер:
212.99 Кб
Скачать

І. Тэма зямлі і сапраўднага гаспадара на ёй.

У сістэме вобразаў “Хронікі”, у вызначэнні яе ідэйнага зместу асаблівае месца займае вобраз Васіля Дзятла. Менавіта ў гэтым вобразе ў найбольшай ступені засяроджаны моцны гуманістычны змест, драматызм і чалавечы сэнс гісторыі. Усё тое, што самым цесным чынам звязана з адносінамі селяніна да зямлі. Зямля ― гэта нібы магнітнае поле, вакол якога, у сувязі з якім групуюцца ўсе героі раманаў. Іван Мележ выключна глыбока, моцна, псіхалагічна праўдзіва паказаў арганічную, неаддзельную ад самой сутнасці чалавека сувязь селяніна з зямлёю. Зямля ― аснова яго быцця, яго радасць і гора, светлыя мары і горкія расчараванні, крыўды.І характэрна: нават у першае Васілёва каханне, глыбокае і чыстае, дысананснай нотай урываецца думка, мара пра зямлю. Зусім невыпадкова, што ў тых дзвюх сустрэчах Васіля з Ганнай, што падаюцца ў рамане “Людзі на балоце”, ён і адзін раз, і другі марыць пра зямлю. Пазней, ажаніўшыся з нялюбай Маняй, Васіль набывае добры кавалак зямлі. Быццам адчуў сябе сапраўдным гаспадаром.

Пачынаецца калектывізацыя, узнікаюць нелады ў сям’і; зноў успыхвае каханне да Ганны. Насядаюць, каб уступаў у калгас, аддаў зямлю. І, быццам спрачаючыся са сваімі апанентамі, Васіль выказвае самае глыбокае, самае запаветнае: “Аддай сваё поле, дзе кожную сцяблінку, здаецца, сагрэў бы сам! Ішоў бы ад адной да другой ды хукаў бы, каб не мерзло! Аддай чужому, якому на яго напляваць. І сам рабі немаведама на каго, немаведама за што!..” [3, с.374]. Далей: “Аддай поле, абагуль! Аддай поле ― гэта ўсё адно што ― аддай душу! Папрабуй, адарві душу!” ― тут ён як бы гаварыў Міканору, палкаму барацьбіту за новае жыццё, за калгасы. Кінуў гаварыць таму; абабегшы позіркам палоску, падумаў ужо сам сабе: «Уся сіла чалавека ― у зямлі. І сіла ўся, і радасць! Няма зямлі ― няма, лічы, і чалавека!” [3, с.375]. Зноў узнікаюць думкі пра Ганну. Адганяе іх. “Ён растрывожана павёў вачыма па полі. Яно, здавалася, глядзела, чакала, спадзявалася тысячамі сваіх сцяблінак, што варушыліся, хваляваліся, як жывыя. І раптам ён адчуў, як нязбытны цяжар спадае. Як вяртаюцца даўно не знаныя дужасць і яснасць. Поле, бяда яго і радасць! Яго сіла і надзея яго! Быў ён з імі і застанецца з імі! З імі толькі жыць яму!” [3, с.375]. Зямля ― гэта з малаком маці, гэта адвечнае імкненне селяніна. Вякамі, ад пакалення да пакалення, мара пра зямлю, прага яе збіраліся ў сэрцы, у розуме вяскоўца. І не здзіўляемся, адразу неяк і не заўважаем, што пра Ганну Васіль ніколі не думаў так высока, паэтычна, як пра зямлю. Ён памятае, адчувае, што поле яго чакае, але ў той жа час дзесьці забывае, што і Ганна яго чакае.Будзе далей у творы для Васіля самая драматычная сцэна, звязаная з барацьбой за зямлю. Сутыкнуліся ў ёй Васіль з Міканорам, прадстаўніком бедных сялян, які безаглядна прымае ўсё новае, з усіх сіл імкнецца яго ажыццявіць, сцвердзіць. “― Зямля ― народная, ― прамовіў Міканор. У голасе яго пачулася зноў помслівая злараднасць. ― Мая!!!” [3, с.377] Васіль адчувае, разумее, што зрабіць ён нічога не зробіць, што сіла не на яго баку. “Зямля, якую ён любіў і раней, цяпер была яму даражэй, як калі-небудзь. Даражэй за ўсё, за сябе самога. Даражэй асабліва таму, што ён чуў ― от-от яна сыдзе з-пад яго ног. Ужо сыходзіць. Ён цяпер гатовы быў для яе на ўсё” [3, с.377] . Але нічога не дапамагае. У гэтай барацьбе сіла і права (у той час) не на баку Васіля, хаця па-чалавечы яго пазіцыя, яго ўпартасць, яго вялікая страсць да зямлі такія зразумелыя, выклікаюць спачуванне, шчымлівы боль. Васіль пераможаны фізічна, пераможаны сацыяльна, надламаны маральна. Ён страціў каханне, згубіў зямлю, якая для яго была запаветнай марай, сэнсам і мэтай жыцця. І якім павінен быў быць гэты ўнутраны надлом, калі Васіль, які ўспрымаў, адчуваў зямлю як жывую, самую дарагую істоту, паэтызаваў яе, раптам губляе ўсякую любоў і пашану да яе. Ён “важка пайшоў цераз паласу ад людзей.Ішоў, горбячы плечы, угнуўшы галаву. Лапці ўязджалі ў пульхную раллю, тапталі, нявечылі сцябліны руні” [3, с.378] .

Сцэна вялікага абагульнення, сімвалічнага зместу і напаўнення. Так парушалася спрадвечная святасць у адносінах да зямлі. Зямля як крыніца маральнай, духоўнай устойлівасці селяніна (чалавека наогул), як крыніца паэзіі, мовы парывае з ім свае непасрэдныя, можа, нават інтымныя сувязі. Сувязі жыццятворныя, жыццядайныя. У гэтым (і не толькі) драматызм усяго таго, што прынесла калектывізацыя. Драматызм, які і сёння адчуваецца не ў меншай ступені (калі не ў большай), чым тады. Іван Мележ, можа, як ніхто ў беларускай літаратуры, выявіў гэта, глыбока даследаваў і паказаў ― як агульнанароднае, як асабістае.У гэтай сувязі цікава нагадаць словы Алеся Адамовіча з яго прадмовы да Збору твораў пісьменніка ў 10-ці тамах. Вось яны: “Для Мележа родная літаратура ― якой ён хацеў яе бачыць і якую рабіць хацелася ― гэта частка, праява самога жыцця. Як хлеб сеяць ці дом будаваць. Вельмі ж па-народнаму, проста па-сялянску шчыраваў ён на літаратурнай ніве, не з меншай зацятасцю, чым яго героі на сваёй. Жыў Мележ у складаны, супярэчлівы час. Пражыў мала. Але сваё прызначэнне здзейсніў. Працаваў шмат, натхнёна. Стварыў кнігу этапную, эпапею нацыянальную, выдатнейшы помнік нацыянальнага беларускага пісьменства. Пісьменніка няма, даўно няма. Кніга жыве, жыве актыўным жыццём ― грамадскім (яе чытаюць, вывучаюць), літаратурным (з’яўляючыся высокім прыкладам служэння творцы праўдзе і чалавеку, школай сапраўднага майстэрства). І сёння, калі той свет, які з такой мастацкай сілай увасобіў Іван Мележ (не толькі ў плане мясцова-этнічным, але і агульнанацыянальным ― як свет вёскі), у выніку розных як аб’ектыўных, так і суб’ектыўных прычын знішчаецца, руйнуецца, ― творчасць гэтага аднаго з самых глыбокіх і таленавітых прадстаўнікоў нацыянальнага пісьменства, яго “Палеская хроніка” паказвае, якую духоўную каштоўнасць, моц, якую крыніцу паэзіі мы губляем. Яна папярэджвае і перасцярагае” [1, с.574] .

Вельмі выразна пісьменнік у творы адлюстраваў складанасць эпохі калектывізацыі, негатоўнасць пераважнай большасці сялянства да яе. Пісьменнік негатыўна ставіцца да дзікага раскулачвання, гвалтоўных сталінскіх метадаў стварэння калгасаў. Героі «Палескай хронікі» ўвасабляюць наша беларускае народнае жыццё, стаўленне простага чалавека да зямлі, радзімы. Шырока абагульненыя і па-майстэрску індывідуалізаваныя, яны канцэнтруюць у сабе важнейшыя рысы свайго часу, жорсткага гістарычнага перыяду, калі разбуралася псіхалогія сяляніна, знішчаліся яе карэнныя, жыццесцвярджальныя асновы. Пісьменнік па-майстэрску паказаў хараство душы беларусаў, іх багаты, прыродны розум, вялікі духоўны свет.