Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Нацыяналізм у свеце. Даведнік.doc
Скачиваний:
2
Добавлен:
20.11.2019
Размер:
391.17 Кб
Скачать

Курды: свабода і нафта

Сярод усіх зонаў этнапалітычнага напружаньня, якія існуюць у гэтым напоўненым несправядлівасьцю сьвеце, курдзкая зьяўляецца самай вялікай. Ад таго, як будзе вырашана курдзкае пытаньне, залежыць этнанацыянальнае разьвіцьцё сьвету наогул. Калі яно будзе вырашана пазытыўна для курдаў, калі будзе створана незалежная курдзкая дзяржава на ўсіх этнічных курдзкіх землях, то такое вырашеньне ёсьць Богаўгодным, а значыць справядлівым. Калі ж “моцнага гэтага сьвету” і далей будуць лічыць задавальненьне патрабаваньняў нацыянальнага самавызначэньня “саступкамі расізму” (выраз аднаго з амэрыканскіх дзяржаўных мужоў адносна Босьніі), то ў ХХІ ст. можна спадзявацца на эскаляцыю этнапалітычных канфліктаў у сусьветным маштабе, наступствы якой будуць непрадбачанымі. Прынамсі, для вышэйзгаданых мужоў. На жаль, другі сцэнар ёсьць больш імаверным, чым першы. На жаль.

Лысы кавалак

Курдыстан ахоплівае каля 400 тыс. кв. км. Знаходзіцца ён у Паўднева-Заходняй Азіі, у горнай сыстеме Загрос, Курдыстанскім, Унутраным і Ўсходнім храбтах і амаль цалкам пакрыты лясістымі гарамі (што, між іншым, ёсьць вельмі зручнай умовай для вядзеньня партызанскай вайны). Клімат у Курдыстане – рэзка кантынэнтальны, а гэта значыць, што зіма там суровая, а лета – сьпякотнае. Курдыстан ня мае выхаду да мора, судаходных рэк, урадлівых глебаў. Курдыстан ня мае яшчэ шмат чаго, што робіць краіну прывабнай для заваёўнікаў. Але Курдыстан мае адну рэч, якая робіць гэты пахмуры і цяжкадаступны край дыямантам у кароне любой сучаснай дзяржавы. Курдыстан мае нафту – свой найгалоўнейшы скарб і сваё найбольшае няшчасьце. Калі б не нафта, то гістарычная доля курдзкага народу склалася б у ХХ ст.зусім інакш. Таму Курдыстан сёньня падзеляны паміж чатырма дзяржавамі – Турэччынай, Іранам, Іракам і Сірыяй. Кожная з гэтых дзяржаваў, прысвойваючы курдзкую нафту, зьяўляецца зацятай паборніцай уласнай тэрытарыяльнай цэласнасьці. Асабліва ў сьвятле таго, што для Турэччыны (г. зв. “нафтавы трохкутнік Гарзал – Гермік – Раман”) ды Сірыі (паўночны ўсход краіны) курдзкая нафта зьяўляецца адзінай крыніцай паліва, а ірана-іракская вайна напэўна не працягвалася б так доўга, калі б Іран ня меў нафтавых радовішчаў пад Керманшахам, а Ірак – каля Барсы. Таксама для Ірака зусім ня лішнімі ёсьць радовішчы каля Хэнэкіна ды нафтавыя палі Кіркука, якія ўвогуле маюць сусьветнае значэньне, паколькі нафта там ледзь не сама фантануе з-пад зямлі. Курдзкія сьвідравіны вельмі прадуктыўныя і танныя. Так, 1 барэль кіркукскай нафты каштуе 4,2 амэрыканскія цэнты, у той час, як вартасьць 1 барэля кувэйцкай нафты – 9,8 цэнтаў, а саудаўскай – 9,5 цэнтаў.

Курдыстан, на сваю бяду, мае яшчэ й радовішчы мядзянай, жалезнай ды хромавай руд. Мае ён і спрыяльныя ўмовы для лясной гаспадаркі ды жывёлагадоўлі. Ёсьць і значныя гідрарэсурсы – рэкі Тыгр і Ефрат, дзякуючы горнаму рэльефу, нясуць значны энэргетычны патэнцыял. Ну як жа тут ня быць змагаром за тэрытарыяльную цэласнасьць, калі ўсе гэтыя рэсурсы, крыніцы, радовішчы, умовы й патэнцыялы знаходзяцца ў полі твайго сувэрэнітэту. Тым больш, што прыбыткі ад усяго гэтага акупанты Курдыстану выкарыстоўваюць для разбудовы ўласных нацыянальных інфраструктур, мала турбуючыся сацыяльнымі праблемамі нейкіх там курдаў. Факты, як вядома, рэч упартая. А яны сьведчаць, што ў Турэччыне 93 адсоткі курдаў зьяўляецца непісьменнымі, што туркі маюць у пяць разоў больш лекараў на 10 тысяч насельніцтва, чым курды, што ў 1975 г. сярэдні даход на душу насельніцтва ў Іране складаў 1340 $ у год, а сярод іранскіх курдаў – толькі 150 $.

Выснова з усяго вышэйсказанага можа быць толькі адна: адносна курдаў зьдзейсьняецца звычайная каляніяльная эксплюатацыя. І яна будзе зьдзейсьняццада той пары, пакуль курдзкі народ ня стане сувэрэнам уласнай зямлі.

Трохі этнаграфіі

Курды жывуць на сваёй этнічнай тэрыторыі прынамсі 3 тысячы гадоў. Зьвесткі пра іх сустракаюцца ў працах асірыйскіх, старажытнаармянскіх, старажытнагрэцкіх і рымскіх (пад назвай “карду”) гісторыкаў. Курдзкая мова адносіцца да іранскай групы індаэўрапейскіх (арыйскай сям’і) моў, таму довады турэцкай прапаганды пра тое, што курды не зьяўляюцца асобным народам, а толькі “горнымі туркамі”, можна назваць этналягічным нонсэсам (турэцкая мова адносіцца да агузскай групы цюркскіх моў).

У сваёй абсалютнай большасьці курды зьяўляюцца вандроўнікамі. Пры гэтым сёньня яны адзіныя ў сьвеце вандроўнікі індаарыйскага паходжаньня. Ці не паходжаньне ілюструе наяўнасьць сярод курдаў сьветлавалосых і блакітнавокіх людзей. Не зусім характэрным для Ўсходу ёсьць і курдзкі мэнталітэт. Вандроўнікі і этнографы адзначаюць, акрамя такіх пазытыўных рысаў агульнага пляну, як гордасьць, ваяўнічасьць, свабодалюбства, пачуцьцё індывідуальнай годнасьці ды абавязку перад племем і краінаю, такая не зусім “усходнія” характарыстыкі, як прамадушнасьць і прапаганда да гандлю й камэрцыі ўвогуле. Да таго ж, курды ў пытаньнях сям’і і шлюбу проста-такі фэміністы – курдзкія жанчыны нароўні з мужчынамі маюць права ўласнасьці, голас у вырашэньні сямейных справаў, яны ня носяць паранджы, не пазбаўлены права перасоўваньня па памяшканьнях (нагадаем, што ў іншых мусульманскіх народаў жанчыны не выходзяць за межы паловы хаты). Становішча курдзкіх жанчын у грамадзтве настолькі высокае, што яны нярэдка станавіліся законнымі правадырамі цэлых плямёнаў.

Курды маюць багатую й даўнюю гісторыю. Гэта ў народны эпас пра барацьбу з румі (туркамі) ды аджэм (пэрсамі), і вялікую пісьмовую літаратуру. Найстаражытнейшая памятка курдзкай пісьменнасьці датуецца VII ст. На працагу ХІ – ХVІІ стст. Жылі й тварылі такія выдатныя курдзкія паэты, як Алі Харыры Факір, Мела Ахмэд Батэ, Ахмэд Хані. У ХІХ ст. пісаў свае творы апостал курдзкай незалежнасьці Хаджы Каір Каі. Сучасная пісьменнасьць прадстаўлена такімі вядомымі ўсяму сьвету імёнамі, як Мустафа – бег Джаф, Алі Каміль і інш.

Не зважаючы на наяўнасьць уласнай багатай літаратуры, курдзкая мова ў выніку неспрыяльных гістарычных абставінаў дагэтуль знаходзіцца ў дыялектнай стадыі разьвіцьця. Гэта азначае, што адзінай літаратурнай мовы курды пакуль яшчэ ня маюць – для ейнага ўтварэньня патрэбны такія ўмовы нацыянальна-культурніцкага разьвіцьця, пра якія курды ў цяперашнім становішчы ня могуць і марыць. Таму ўся курдзкая друкаваная прадукцыя выдаецца на двух асноўных дыялектах – курманджы, на якім размаўляе 30 %. Акрамя таго, курды ў Іране ды Іраку карыстаюцца арабскім альфабэтам, у той час як у Сірыі ды Турэччыне – лацінскім. Але ня гэтыя моманты замінаюць станаўленьню нацыянальнага адзінства. Такою перашкодаю ёсьць фанатычная адданасьць курдаў сваім плямёнам і правадырам. Плямённы партыкулярызм увогуле ёсьць праклёнам курдзкай гісторыі – ён заўсёды згубна ўплываў і на эфэктыўнасьць вызвольных паўстаньняў, і на эканамічнае разьвіцьцё (натуральная жывёлагадоўля гаспадарка ня лепшы спосаб жыцьцядзейнасьці на парогу ХХІ ст.). З іншага боку, перадумовы для ліквідацыі архаічнай радаплямённай сыстэмы ня могуць скласьціся датуль, пакуль курды застаюцца вандроўнікамі, хоць вандроўніцтва час ад часу мае й пазытыўныя моманты, напрыклад, мабільнасьць, якая ні аднаразова зводзіла на нішто ўсе спробы асіміляцыі.

Вялікую ролю ў жыцьці курдаў адыгрывае рэлігія. Абсалютная большасьць курдаў - мусульмане, зь іх 75 % зьяўляюцца сунітамі, г. зн. прыхільнікамі больш дагматычных і непрымірымых ісламскіх вучэньняў. Большасьць курдаў-шыітаў належаць да асабліва артадаксальнай сэкты ахл-і-хак, якая абагаўляе чацьвёртага каліфа й першага шыіцкага імама Алі, ставячы яго нават вышэй за прарока Мухамэда. Прыкладна 200 тыс. курдаў прытрымліваецца асаблівай рэлігіі – эзідызму, які адны дасьледчыкі лічаць сынкрэтычным культам, што яднае элемэнты зараастрызму, юдаізму, хрысьціянства, ісламу й нават старажытных ірана-арыйскіх вераваньняў, а іншыя – арыгінальнай этнічнай рэлігіяй, якую курды вызнавалі да свайго звароту ў іслам.

Дадзеныя пра агульную колкасьць курдаў вельмі супярэчлівыя – называюць лічбы ад васьмі з паловай да дваццаці мільёнаў чалавек. Акрамя таго, існуюць яшчэ такія этнічныя групы, як луры (прыблізна 1,5 млн. чал.) ды бахціяры (каля 0,6 млн. чал.), якіх, зноў-такі, адны навукоўцы лічаць этнаграфічнымі групамі (субэтнасамі) у складзе курдзкага народу, а іншыя – асобамі, хоць і блізкімі да курдаў, народамі.

Але незалежна ад арыфметычных падлікаў, трэба канстатаваць, што курды зьяўляюцца шматколькасным народам, які знаходзіцца на высокім узроўні этнічнага разьвіцьця й мае багатую культурна-гістарычную спадчыну. Улічваючы шматгадовае змаганьне за свабоду, курдаў можна назваць калі ня нацыяй у сапраўдным сэнсе гэтага слова, то прынамсі народам, які хутка стане ёй. У любым выпадку неаспрэчны той факт, што курды сёньня – самы вялікі бездзяржаўны народ.

Трохі гісторыі

Курдзкія землі з фатальнай пасьлядоўнасьцю знаходзіліся ў складзе 2-х або некалькіх дзяржаваў. Курдыстан уваходзіў у стан усіх імпэрыяў, якія існавалі некалі ў гэтым рэгіёне (Рымская, Бізантыйская, Асманская, Арабская, Іранская). Аднак, ня можна сказаць, што курды пасыўна мірыліся з жорсткім прыгнётам. Па-першае, таму, што яны былі вандроўнікамі, вольнымі, як вецер і няўлоўнымі для зьбіральнікаў падаткаў, па-другое, таму, што яны былі вандроўнікамі высокаарганізаванамі – на аснове радаплямённых структур склалася цэлая сыстэма розных фэадальна-дзяржаўных курдзкіх утварэньняў – эміратаў, ханстваў, бекстваў і пашалікоў, якія толькі фармальна (у большай ці меншай меры) вызнавалі сувэрэнітэт арабскіх каліфаў ці (пазьней) турэцкіх султанаў і іранскіх шахаў. Так цягнулася да канца ХVІІ ст.

Час ад часу гавораць пра два гістарычныя шанцы, калі курды маглі ўтварыць моцныя дзяржаўныя аб’яднаньні. Першым шанцам лічыцца заснаваньне курдзкага Эюбідзкага княства ў 1169 г. Салах–ад–Дзінам (вядомы ў эўрапейскай гісторыі пад іменем Саладзіна), вялікім змагаром з крыжакамі, і ня толькі зь імі. Другім – узыходжаньне курда Керым–хана Зэнда на іранскі шахскі трон у 1760 г.

Паколькі ў канцы ХVІІ – пачатку ХІХ ст. і Іран, і Асманская імпэрыя знаходзіліся ў стане эканамічнага й вайскова-палітычнага крызісу й кантраляваць захопленыя землі належным чынам не маглі, курдзкія плямёны былі фактычна незалежнымі. Але настала ХІХ ст., якое прынесла з сабой зусім новыя выклікі ўсім народам і рэгіёнам у сьвеце. Не абмінулі яны й курдаў.

Новыя часы

У ХІХ ст. ужо немагчыма было працягваць жыць, як заўсёды. Пачалося ўзрастаньне тэмпаў жыцьця й сацыякультурнага разьвіцьця, зададзенае Эўропаю. Усе дзяржавы сталі імкнуцца выкарыстоўваць свае рэсурсы эфэктыўна. Акрамя таго, як вядома, ХІХ ст. было стагоддзем пачатку разьвіцьця нацыяналізму. Пранікаў ён і ў курдзкую культуру. Так мала-памалу войны й паўстаньні, якія вялі й уздымалі курды, перарасталі ў барацьбу за ўласную свабоду.

У першыя гады ХІХ ст. Турэччына пры падтрымцы Брытаніі зьдзейсьняе паўторнае, адміністрацыйнае заваеваньне курдзкіх земляў, ліквідуючы аўтаномныя курдзкія фэадальныя ўладаньні. Натуральна, курды супраціўляліся. Ужо ў 1806 г. выбухнула паўстаньне пад кіраўніцтвам Абдурахман-пашы, у 1835 г. – паўстаньне Ахмэда-пашы, у 1843 г. – паўстаньне Бадр-хана, у 1854 г. – паўстаньне шэйха Эзданшыра, у 1873 г. – паўстаньне шэйхаў Хусэйна й Астана. Усе яны былі задушаны турэцкімі войскамі, часам пры дапамозе ангельцаў.

Курды намагаліся знайсьці хаўрусьніка ў асобе Расеі, паколькі тая пастаянна ваявала з Турэччыняй. Пад час Крымскай вайны 1853-56 гг. курды нанесьлі туркам удар у сьпіну, спадзяючыся на падтрымку Расеі. Але ня ўсе прапановы курдзкіх правадыроў супрацоўнічаць Расея адмоўчвалася, курды ўжо ў наступнай расейска-турэцкай вайне 1877-78 гг. актыўна ўдзельнічалі ў абвешчанам супраць расейцаў джыгадзе.

Ў 1880 г. выбухнула паўстаньне, арганізаванае ды ўзначаленае арамарскім шэйхам Абэйдулой Нэгры. Асаблівасьць яго ў тым, што арамарскія шэйхі былі рэлігійнымі правадырамі большасьці курдаў. У красавіку 1880 г. Абэйдула склікаў зьезд усіх курдзкіх правадыроў, на якім упершыню паставіў пытаньне пра саюз усіх плямёнаў з мэтай утварэньня незалежнай курдзкай дзяржавы. Сабранае Абэйдулой войска напала на Іран, але хутка было разьбіта туркамі й пэрсамі. Паўстаньне Абэйдулы мае асаблівае значэньне, паколькі было першым агульнанацыянальным выступам курдаў за здабыцьцё ўласнай дзяржавы.

У 1891 г. турэцкі султан Абдул Хамід І, прагнучы залучыць на турэцкую службу курдзкую знаць, пачаў набор у адзелы курдзкай і рэгулярнай коньніцы, названай у ягоны гонар “хамідзіэ”. Курды скарысталіся з гэтага, каб падняць паўстаньне.

На пачатку 1908 г. у Бітлісе ўлада цалкам перайшла ў рукі курдзкіх шэйхаў. З 1908 г. у Паўднёва-Заходнім Курдыстане гаспадарыў як суверэнны валадар, шэйх Ібрагім – паша.

Тым часам, у выніку рэвалюцыі 1908-09 гг. да ўлады ў Турэччыне фактычна прыйшлі младатуркі. Узброеныя эўрапейскай ідэялёгіяй, яны ўзялі курс на пабудову ў Турэччыне сьвецкай нацыянальнай дзяржавы. Але, на жаль, іхны нацыяналізм (і гэта ня дзіўна для Азіі пачатку ХХ ст.) хутка перарос у паньцюркізм і асманізм.

Але й на “ідэялягічным фронце” курды супрацьстаялі туркам годна. На пачатку ХХ ст. курды ўжо мелі ўласную, хоць і не вялікую, сьвецкую інтэлігенцыю. Яна стала прапагандаваць ідэі курдзкага нацыяналізму. Такімі дзеячамі, як Эмін Алі Бадр – хан, Абдурэкзак-бей, генерал Шэрыф – паша, была разгорнута прапагандовая асьветная дзейнасьць. У Стамбуле й Каіры пачалі выходзіць першыя курдзкія газэты “Курдзкі дзень”, “Голас Курдыстану”, “Курдзкае сонца”. Асноўным іх заданьнем была прапаганда нацыянальнага адзінства. Трохі пазьней узьніклі палітычныя ды асьветніцкія таварыствы – “Курдзкае яднаньне”, “Асьвета”, “Вызваленьне Курдыстану”.

Заканчэньне першай сусьветнай вайны азначала й пачатак новай фазы курдзкай гісторыі. Нейкі час курды манэўравалі, шукаючы слабейшага ці лібэральнага ўладара. Такім уладаром, на іхнюю думку, маглі б стаць ангельцы. Ангельцы ж, са свайго боку, жадаючы завалодаць багатай на нафту Масульскай вобласьцю, нейкі час эксплюатавалі лёзунг “Курдыстан для курдаў”. Ангельская акупацыйная ўлада нават пачала ствараць курдзкую адміністрацыю й выдаваць указы на курдзкай мове. Але пазьней ангельцы спынілі адносіны з курдамі, узяўшы курс на стварэньне арабскіх дзяржаваў – Іраку ды Сірыі.

У турэцкім Курдыстане й сёньня пануюць беззаконьне й свавольства турэцкай улады. Курды жорстка прыгнятаюцца. Адбываюцца пастаянныя судовыя працэсы над дзеячамі курдзкага руху, сьмяротныя прысуды для якіх ёсьць звычайнай справай. На лаву падсудных трапляюць нават выдаўцы курдзкіх лемантароў.

У Іраку з 1919 да 1923 г. за курдзкую дзяржаўнасьць змагаўся шэйх Махмуд Банзанджы, які абвясьціў сябе спачатку хумумдарам (вярхоўным кіраўніком), а потым малікам (каралём) Курдыстану. Не зважаючы на тое, што гэтае паўстаньне было задушана ангельцамі, Махмуд пасьпеў вельмі шмат зрабіць для усталяваньня асноў курдзкай дзяржаўнасьці. Ён стварыў амаль паўнавартасны дзяржаўны апарат і амаль паўнацэннае рэгулярнае воўска, наладзіў выпуск грошай, паштовых марак. Іракскія курды дзякуюць Махмуду за тое, што курдзкі рух тут найбольш інтэнсыўны, а курды за тое найбольш разьвітыя ў культурніцкім, палітычным ды эканамічным плянах. Існуе некалькі курдзкіх палітычных партыяў ды разьвітая нацыянальная інфармацыйная інфраструктура.

Пасьля першай сусьветнай вайны ў Каіры быў створаны Камітэт незалежнасьці Курдыстану. У 1927 г. у Дэтройце адбыўся зьезд курдскіх нацыяналістаў, на якім быў створаны Нацыянальны камітэт “Хайбун”, які арганізоўваў паўстаньні ў Курдыстане, забясьпечваў іх фінансава й прапагандаваў ідэю курдзкай дзяржаўнасьці ў сьвеце. Іхныя намаганьні не былі марнымі. Так, ужо ў 1920 г. у дагаворы краін Антанты з Турэччынай гаварылася пра “мясцовую аўтаномію ў раёнах суцэльнага расьсяленьня курдаў”, а ў 1922 г. ангельска-іракская дэклярацыя вызнала “права курдаў Іраку на арганізацыю свайго ўраду”.

Другую сусьветную вайну курды правялі ў паўстаньнях. Гэтым разам іхным кіраўніком быў Мустафа Барзані. Паўстаньні ня мелі такога размаху каб радыкальна зьмяніць палітычны статус курдаў.

У 1945 г. на ўстаноўчай канфэрэнцыі ААН у Сан-Францыска Курдзкая ліга ўручыла ліст і мэмарандум з мапай, у якіх зьмяшчаліся патрабаваньні стварэньня незалежнага Курдыстану. Але ні якім чынам курдзкае пытаньне вырашана не было, паколькі на той час у дзеяньне ўжо ўступіў нафтавы чыньнік. Калі іранскімі войскамі была разгромлена абвешчаная 13 студзеня 1946 г. у Махабадзе Курдзкая рэспубліка, сьвет толькі паціснуў плячыма.

Сёньня

Становішча ў Турэччыне ўжо было апісана вышэй. Дадаць можна толькі тое, што там забаронены любыя публікацыі на курдзкай мове, а таксама што спэцыяльна “пад курдаў” у Турэччыне існуе закон пра забарону стварэньня палітычных партыяў, якія прызнаюць існаваньне ў краіне нацыянальных меншасьцяў.

Іранскія курды пад час ірана-іракскай вайны 1980-88 гг. стварылі непадкантрольнае мэтраполіі напаўдзяржаўнае ўтварэньне, якое праіснавала нядоўга.

У Іраку курдзкія землі фактычна не падпарадкоўваюцца іракскаму ўраду. Імі кіруе той самы Мустафа Барзані. Паміж іракскай арміяй ды курдзкімі атрадамі “пешмерга” вядуцца баявыя дзеяньні, якія пэрыядычна перапыняюцца складаньнем дамоваў пра перамір’е, якое сыстэматычна парушаецца іракцамі. Але Барзані моцна ўтрымлівае асноўную нагорную частку іракскага Курдыстану, дзе перавагі іракскай мэханізаванай рэгулярнай арміі становяцца хутчэй ейнымі недахопамі. Курды з іншых краінаў дапамагаюць сваім іракскім супляменьнікам ня толькі фінансава, але і збройна, адпраўляючы на дапамогу “пешмерга” атрады дабраахвотнікаў.

Цяпер курды карыстаюцца некаторай падтрымкай Грэцыі, якая па геапалітычных і гістарычных прычынах зацікаўлена ў аслабленьні Турэччыны.

Не выпадкова на грэцкім Кіпры ў горадзе Лімасол разьмешчаны офіс Курдзкай Рабочай Партыі – арганізацыі, якая вядзе найбольш бескампрамісную барацьбу з Турэччынай за стварэньне незалежнага Курдыстану. Трэба адзначыць, што Францыя таксама разьлічвае на задавальненьне некаторых сваіх геастратэгічных ды эканамічных інтарэсаў у выніку эдабыцьця Курдыстанам дзяржаўнасьці. Пра гэта апасродкавана сьведчыць тое, што Інстытут культуры курдаў у Парыжы адчольвае жонка былога прэзыдэнта Францыі Ф. Мітэрана. Праўда, казаць пра безумоўную падтрымку курдаў гэтай магутнай ядзернай краінай яшчэ рана, але ня можна не заўважыць, што такія геапалітычныя гіганты, як Францыя, нярэдка даводзяць да ведаму сьвету свае інтарэсы ў такой нявіннай форме. Таму ня будзе дзіўным, калі ў бліжэйшы час успыхне новае, няспадзявана магутнае й няспадзявана добра скаардынаванае і арганізаванае курдзкае паўстаньне, якое таксама няспадзявана рашуча падтрымае адна з дзяржаваў-чальцоў “Вялікай сямёркі”, а можа й не адна. Чаму б і не! У курдзкім выпадку нафта – кроў свабоды.

Першыя ластаўкі такіх дзеяньняў кіруючых дзяржаваў сьвету ўжо бачныя. 22 верасьня 1998 г. у Вашынгтоне лідары варагуючых паміж сабой арганізацый іракскіх курдаў – Дэмакратычнай партыі Курдыстану й Патрыятычнага саюзу Курдыстану – адпаведна Мустафа Арзалі ды Джэлял Талабані падпісалі пагадненьне аб прымірэньні. Няма асаблівай патрэбы ўдакладняць, чаму ЗША паралельна паспрыялі гэтаму працэсу, бессумнеўна, маючы на мэце аслабленьне свайго кроўнага ворага Садама Хусэйна шляхам стварэньня напаў – або цалкам самастойнага курдзкага дзяржаўнага ўтварэньня на той частцы курдзкіх этнічных земляў, якія сёньня знаходзяцца ў складзе Іраку. У дадзеным выпадку размова ідзе пра сытуацыйны зьбег інтарэсаў курдаў і амэрыканцаў.

Але, прасьледуючы сваю мэту, ЗША ўступілі ў канфрантацыю са сваім хаўрусьнікам – Турэччынай, якая не зацікаўлена ў стварэньні каля сваіх межаў курдзкай дзяржавы.

Праз курдаў Турэччына сварыцца ня толькі з ЗША. Сур’ёзная напруга насьпявае ў расейска-турэцкіх адносінах. Рэч у тым, што і Турэччына, і Расея зацікаўлены ў тым, каб новы нафтаправод з Азербайджану (зноў гэтая праклятая нафта!) прайшоў праз іхнюю тэрыторыю (дарэчы, можна толькі ўявіць сабе на колькі сур’ёзныя карэктывы ў сусьветны геастратэгічны ды геаэканамічны пасьянс былі б унесены, калі б на ўсіх курдзкіх землях паўстала Курдзкая дзяржава, якая б кантралявала ня толькі значную частку нафтавых радовішчаў, але б і значную частку нафтавых артэрый!). Жаданьне, ў прынцыпе, прыроднае, але існуе маленькая дробязь. Гаворачы пра тое, што нафтаправод павінен прайсці праз “ейную” тэрыторыю, Расея “забывае”, што мае на ўвазе тэрыторыю Чачні, якую цяпер яна абсалютна не кантралюе, а Турэччына “забывае”, што мае на ўвазе зноў-такі курдзкія землі.

Сёньня курдзкі рух ва ўсіх дзяржавах паступова выроўніваецца й сынхранізуецца. Павольна, але няўхільна падымаецца культурны ўзровень, а значыць і ўзровень нацыянальнай сьвядомасьці курдаў. Курды ва ўсіх краінах цьвёрда супрацьстаяць спробам асіміляваць іх. Існуе вялікая курдзкая эміграцыя ў Заходняй Эўропе (1 млн. чал., зь якіх палова пражывае ў Нямеччыне), якая зьяўляеца ня толькі фінансавай крыніцай руху за свабоду, але й добрай школай жыцьця для курдзкай моладзі, асабліва студэнства, якое хутка, атрымаўшы асьвету, у значнай колькасьці вернецца ў Бацькаўшчыну й працягне барацьбу за свабоду свайго краю.

Багдан Харахаш

Італійскі сацыяльны рух :

на шляху да ўлады

На фоне няспыннага росту папулярнасьці Італійскага сацыяльнага руху (“Мовімэнто Сацыяле Італьяно”) Александры Мусаліні ў Італіі выглядае цікавай гісторыя гэтага руху.

Пераходнай формай паміж “старым” і “новым” нацыяналізмам у Італіі стаў рух “Уома куалюнкуэ”, які быў заснаваны ў жніўні 1945 г. Гэтая арганізацыя ставіла мэтай згуртаваць сілы, падрыхтаваць грунт для стварэньня ўплывовай і моцнай нацыянальнай партыі новага кшталту.

Афіцыйнае афармленьне нацыянальнага руху адбылося 26 сьнежня 1946 г. У гэты дзень абвясьцілі стварэньне Італійскага сацыяльнага руху (ІСР). У ягоны склад ўвайшлі такія вядомыя дзеячы, як Джузэпэ Батаі, Юліюс Эвола, Чэзарэ Марыя дэ Вэкі. Ядром яго стала “Уома куалюнкуэ”, а таксама “Італійскае войска адраджэньня” і “Антыкамуністычныя атрады”. Генэральным сакратаром ІСР, у італіўскай транскрыпцыі МSI, прызначылі Дж. Альмірантэ, які ў Італійскай сацыяльнай Рэспубліцы Мусаліні займаў пасаду памочніка міністра культуры.

У праграмнай дэклярацыі ды іншых афіцыйных дакумэнтах ІСР былі патрабаваньні “права грамадзян на працу” й “удзел працоўных у кіраваньні прадпрыемствам”. У дэклярацыі зьмяшчаліся заклікі абараняць прыватную ўласнасьць з боку дзяржавы, “аднавіць аўтарытэт улады” й скасаваць “надзвычайнае заканадаўства”.

Унутры ІСР пачынаецца барацьба “памяркоўнай” і “радыкальнай” плыняў. Па першым часе пераважаў уплыў прадстаўнікоў апошняй на чале з кіраўніком партыі Альмірантэ. У 1950 годзе верх узялі “памяркоўныя” й Альмірантэ сышоў у адстаўку. Генэральным сакратаром ІСР стаў былы намесьнік міністра сувязі ва ўрадзе Б. Мусаліні А. Марсані – прыхільнік “легальнай дзейнасьці”.

Як вынік, ужо на пачатку 50-х гадоў кіраўніцтва ІСР паведамляла, што ў шэрагах партыі налічваецца да 600 тыс. чалавек.

У той час ІСР выдаваў каля 30 газэт і часопісаў, якія ў асноўным займаліся рэабілітацыяй італійскай гісторыі. ІСР была заснавана “Італійская нацыянальная канфэдэрацыя прафсуполак працоўных”. Прыкметных вынікаў удалося дасягнуць “Унівэрсытэцкаму фронту нацыянальнае дзеі”, які разгарнуў шырокую й актыўную дзейнасьць у вышніх навучальных установах краіны. Ягонай рабоце спрыяла тое, што выкладчыкі прытрымліваліся пераважна нацыянальна-кансэрватыўных поглядаў.

“Італійскі сацыяльны рух” шукаў узмацненьня свайго палітычнага ўплыву й на шляху парляманцкай дзейнасьці. На выбарах у італійскі парлямант 1953 г. ІСР сабраў 1,5 мільёна галасоў (5%), атрымаўшы 29 дэпутатскіх мандатаў у палаце дэпутатаў і ў сэнаце.

Пад канец 50-х гадоў у ІСР актывізаваліся групоўкі, якія патрабавалі пераходу ад чыста легальнай дзейнасьці да больш рашучых акцый, скіраваных перадусім супраць камуністычных арганізацый і “пятай калёны”. У 1957 г. узьнікла група “Нацыянальны юнацкі авангард”. І, хоць гэтыя групоўкі існавалі незалежна ад ІСР, крытыкуючы яго за “недастатковую рашучасьць”, усе гэтыя арганізацыі ўзаемна дапаўнялі адна адну.

Напрыканцы 60-х у Італіі абвастраецца палітычная сытуацыя, нарастае эканамічны й палітычны крызіс. У гэты час Генэральным сакратаром ІСР зноў стаў Альмірантэ, які эаявіў, што ІСР – адзіная нацыянальная сіла, здатная супрацьстаяць чырвонаму тэрору, які пагражае краіне.

У гэты час актывізуюцца й іншыя радыкальныя арганізацыі. Асаблівы рэзананс набыў “Нацыянальны Фронт”, заснаваны князем Баргезэ. “Мы – патрыёты, мы – змагары. Мы змагаемся за моцнае кіраўніцтва. Няма свабоды ў краіне, дзе не паважаюць законы, а ў Італіі вось ужо дваццаць гадоў не ўдаецца дабіцца павагі да законаў...”, - казаў ён. Жаданьне кіраўніцтва ІСР аб’яднаць правыя антыкамуністычныя сілы знайшло сваё выяўленьне ў збліжэньні з манархістамі. У 1972 г. гэтыя дзьве партыі аб’ядналіся пад назвай “Італійскі сацыяльны рух – Нацыянальныя правыя сілы” (ІСР-НПС). Гэты крок спрыяў узрастаньню шэрагаў ІСР яшчэ прыблізна на 100 тысяч новых чальцоў, значная частка якіх была вайскоўцамі. Для вядзеньня работы сярод розных груп насельніцтва ІСР стварыў шэраг дапаможных арганізацый. Самая вялікая з іх – прафсаюзнае аб’яднаньне. “Маладзёвы Фронт”, які дзейнічае пры ІСР, вядзе нацыянальную прапаганду сярод школьнай моладзі. На пачатку 70-х гадоў у яго ўваходзіла каля 120 тысяч юнакоў. Значны ўплыў у вышніх навучальных установах мае студэнцкая арганізацыя ФУАН, якая ў 70-х гадах налічвала ў сваіх шэрагах каля 20 тысяч чальцоў. Акрамя таго, былі сфармаваны ўдарныя маладзёвыя падраздзяленьні, адным з абавязкаў якіх была ахова сходаў і акцый ІСР.

Кіраўніцтва ІСР вядзе даволі актыўную парляманцкую дзейнасьць. Так, на парляманцкіх выбарах 1983 году блёк ІСР-НПС атрымаў каля 2 млн. галасоў, або 7,3% галасоў супраць 5,3% у 1979 годзе.

Акрамя гэтага трэба сказаць пра ўдзел у выбарах у мясцовыя ворганы ўлады. У 1972 годзе ІСР меў сваіх прадстаўнікоў у 19 рэгіянальных парлямантах, амаль ва ўсіх правінцыйных радах, а таксама ў радах 1500 гарадоў і абшчын.

У красавіку 1978 году ў Рыме адбылася сустрэча лідараў ІСР-НПС, французкай “Партыі новых сіл” ды гішпанскай арганізацыі “Новая сіла”. Удзельнікі сходу абвясьцілі стварэньне арганізацыі “Правыя сілы Эўропы”(ПСЭ), якую Альмірантэ назваў “першым ядром значна шырэйшага аб’яднаньня”. Яны прынялі дэклярацыю, у якой заклікалі нацыянальныя правыя сілы Эўропы да стварэньня блёку. Размова ішла ў першую чаргу пра кансалідацыю напярэдадні чарговых выбараў у Эўрапарлямант, на якіх ІСР-НПС удалося здабыць 4 мандаты.

Выбары ў мясцовыя ворганы ўлады, якія адбыліся ў 1985 годзе, пацьвердзілі ўзрастаньне палітычнага ўплыву ІСР-НПС. Найбольшых посьпехаў правыя дасягнулі ў паўднёвых раёнах Італіі. У Неапалі ў 1972 г. за ІСР галасавала 26,4% выбаршчыкаў, у Катаніі – 30,6%, Рэджа-дзі-Калабрыі – 36,3%.

У гэты час актывізуюць сваю дзейнасьць “баявыя” арганізацыі “Нацыянальны авангард”, “Новы парадак”, “Нацыянальны Фронт”, “Атрады дзеяньня Мусаліні”, “Рух рэвалюцыйных дзей”. У 1977 г. у Італіі налічвалася 34 падобныя групоўкі.

У сьнежні 1987 г. пайшоў у адстаўку Дж. Альмірантэ. Яго пераемнікам стаў 36-гадовы кіраўнік маладзёвай секцыі ІСР Дж. Фіні. “Пасьляваенны перыяд скончыўся !” – заявіў ён.

У пачатку 1992 г. па сьпісах ІСР у выбарчых бюлетэнях зарэгістравалася 28-гадовая Аляксандра Мусаліні (унучка Бэніта Мусаліні й пляменьніца Сафі Лярэн). “Італію трэба ачысьціць ад злодзеяў і сьмецьця. У нас цяпер брахлівая дэмакратыя”, - сьцьвярджае Аляксандра. Яна лічыць, што ўсе беды Італіі ад таго, што ёй кіруюць людзі, якія зьяўляюцца не бацькамі, а айчымамі для італійцаў. Яны думаюць толькі пра ўласную выгоду, а не пра нацыю й дзяржаву, і давялі вялікую краіну да ўзроўню “трэцяга сьвету”.

А.Мусаліні выступае супраць абортаў, разводаў ды міграцыі, супраць карупцыі, анархіі ды злачыннасьці.

Пад час муніцыпальных выбараў у лістападзе 1993 году нацыяналістам удалося моцна прарвацца, скарыстаўшы адступленьне лібэральных партый, якія былі аслаблены абвінавачваньнямі ў хабарніцтве. У Рыме й Нэапалі яны мабілізавалі грамадзкую думку. У дзяржаўным маштабе ІСР набраў каля 20% галасоў. Цяпер ён выступае як прадстаўнік тых сілаў, якія жадаюць аднавіць парадак. Пад час муніцыпальных выбараў 1993 году кандыдаты ад ІСР, як у Рыме, так і ў Нэапалі, атрымалі больш чым задавальняючыя вынікі (47% галасоў у Фіесце й Рыме, 44% - у Нэапалі). Сёньня ўсе вымушаны лічыцца з нацыяналістамі, ідэі якіх знаходзяць шырокі водгук сярод розных катэгорый насельніцтва. Выбары ў палату дэпутатаў, якія адбыліся ў сакавіку 1994 году, далі магчымасьць ІСР зноў уключыцца ў нацыянальна-палітычную барацьбу. Зьяўляючыся хаўрусьнікам Сільвіё Бэрлюсконі пад назвай “Нацыянальны альянс” у рамках “Форці Італіі”, ІСР скарысталася дынамікай, якая была такім чынам створана. Ягоны лідар Джанкарла Фіні жадае й далей прышчэпліваць нацыянальныя й патрыятычныя каштоўнасьці. Дыскрэдытацыя дэма-лібэральных партый дала магчымасьць нацыяналістам адабраць у іх значны электарат у Цэнтральнай і Паўночнай Італіі.

На выбарах 1994 году мэра ў Нэапалі Аляксандра Мусаліні набрала каля 44% галасоў выбаршчыкаў, што сьведчыць пра ейную папулярнасьць. “Так, мы ідзем у новае стагоддзе, і павярнуць назад нас немагчыма”, - сьцвярджае яна. – Італійскі Сацыяльны Рух – на шляху да Перамогі !”

Віктар Рог.