Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
lekc1.doc
Скачиваний:
36
Добавлен:
10.11.2019
Размер:
1.74 Mб
Скачать

Грамадскі лад, заняткі і рэлігія ўсходнеславянскіх плямён на беларускіх землях у VI–VIII cтст. Н. Э.

Крызіс старажытнага грамадства, звязаны з разлажэннем першабытнаабшчыннага ладу на тэрыторыі Беларусі, супаў па часе з засяленнем яе славянамі. З'яўленне іх на абшарах старажытнай Беларусі было вынікам апошніх хваляў вялікага перасялення народаў, руху готаў (ІІ–ІІІ стст. н. э.), нашэсця гунаў (IV ст. н. э.) і авараў (сярэдзіна VI ст. н. э.).

Пытанне паходжання славян – вельмі складанае, заблытанае і пакуль што далёкае ад навуковага вырашэння. Прарадзімай славян называліся і называюцца розныя месцы: сярэдняе і ніжняе цячэнне Дуная і паўночнае Прычарнамор'е, Паўночнае Прыкарпацце, і нават Закаўказзе і Паўночны Іран. У апошні час найбольш верагоднымі месцамі фарміравання славян выступаюць Вісла-Одэрскае міжрэчча і паўднёвая частка лясной зоны Усходняй Еўропы, куды ўваходзіць і поўдзень Беларусі. Цяжка аддаць перавагу якой-небудзь з гэтых гіпотэз. Усе яны маюць права на існаванне. Але калі нават пагадзіцца з тым, што і Беларусь была прарадзімай славян, то аўтары гэтай гіпотэзы прызнаюць, што ў канцы V – пачатку VІ ст. н. э. яны адышлі адсюль за Дунай. Вось чаму можна лічыць, што масавы прыход славян на Беларусь і іх канчатковае ўкараненне тут пачалося на рубяжы VІ–VІІ ст. н. э. Трэба зазначыць, што славянскае засяленне Беларусі і іншых усходнеславянскіх зямель адбывалася на працягу некалькіх стагоддзяў.

Доўгі час у навуцы існавала думка, што славяне ішлі на Беларусь толькі з поўдня. Але яшчэ Я. Ф. Карскі адзначыў, што славянскае засяленне Беларусі адбывалася таксама і з захаду. З поўдня, як лічыць М. Ермаловіч, на тэрыторыю Беларусі прыйшлі дрыгавічы, дулебы, валыняне, драўляне, з захаду – славяне, крывічы, севяране, радзімічы. Тут праходзілі і скрыжоўваліся шматлікія славянскія дарогі. Але такі погляд, на нашу думку, з'яўляецца памылковым, бо застаецца адкрытым пытанне, чаму не аселі ўсходнеславянскія плямёны ў Заходняй Беларусі, дзе ўмовы для жыцця былі больш спрыяльныя, чым там, куды пайшлі далей славяне. Такі пункт гледжання не дае адказу і на пытанне, як тут, у Заходняй Беларусі, ва ўмовах інтэнсіўнага руху славян яшчэ доўгі час пражывалі балцкія плямёны, а славяне асвоілі гэтую тэрыторыю толькі ў XI–XII стст. Нам здаецца, што больш праўдападобнай з'яўляецца думка прафесара Э. М. Загарульскага, які сцвярджае, што славянскія плямёны, рух з Вісла-Одэрскага міжрэчча ў паўднёва-ўсходнім напрамку (у лесастэпавыя раёны Украіны), былі адсечаны ад асноўнай масы славянства германа-кельцкімі плямёнамі, якія рухаліся больш энергічна ў гэтым жа напрамку. Адсечаную групу германа-кельты раскалолі на дзве часткі. Адну з іх выцеснілі на Балканскі паўвостраў, дзе пазней сфарміравалася група паўднёваславянскіх плямён (сербы, харваты, баснійцы, македонцы, чарнагорцы, славены і балгары). Другая частка славян пасялілася на паўночным захадзе Украіны і ў паўднёвых раёнах Беларусі (у басейне ракі Прыпяць). У VI–VIII стст. яны нікуды не рухаліся. Тут яны сфарміраваліся як усходняе славянства, тут сфарміравалася і народнасць – русь, якая дала пазней назву славянскай дзяржаве – Кіеўскай Русі.

У VIII–IX стст., калі ўсходнія славяне значна ўзмацніліся і ў выніку дэмаграфічнага росту ім стала цесна на занятай тэрыторыі, пачалі асвойваць землі балтаў, фіна-уграў і ірана-цюркаў. Уперадзе ішлі ўзброеныя славянскія дружыны. Прасоўваючыся па рэках, яны будавалі на сваім шляху ўмацаваныя гарадзішчы, многія з якіх пазней сталі гарадамі. Услед за ўзброенымі дружынамі рухалася насельніцтва, асімілюючы абарыгенаў, у прыватнасці, балтаў. Аб тым, што іменна такім шляхам адбывалася рассяленне славян на тэрыторыі Беларусі, сведчыць асваенне імі Панямоння і Пабужжа ў ХІ–ХІІ стст. Славяне ў раёнах свайго рассялення часткова выцеснілі балтаў, часткова знішчылі іх, а тых, што засталіся– асімілявалі. У некаторых мясцовасцях і славяне былі асіміляваны балтамі, але ўрэшце рэшт перамагла славянская стыхія. Гэта можна растлумачыць тым, што славяне на некалькі стагоддзяў апярэдзілі ў сваім развіцці балтаў. Гэтыя працэсы доўжыліся некалькі стагоддзяў.

Асноўны масіў славянства на Беларусі склалі дрыгавічы, крывічы і радзімічы. Дрыгавічы аселі на большай частцы паўднёвай і значнай частцы сярэдняй Беларусі. Як сведчаць археалагічныя даныя, паўднёвая граніца тэрыторыі дрыгавічоў праходзіла ўздоўж паўднёвай Прыпяці з поўдня ад драўлян іх аддзялялі балоты. Усходняй граніцай быў басейн Дняпра. Паўночна-ўсходняя граніца праходзіла прыкладна па водападзелу рэк Друці і Бярэзіны, а паўночная – па лініі Барысаў – Заслаўе. На захадзе дрыгавічы займалі вярхоўі Нёманскага басейна. Назву дрыгавічоў старажытны летапісец выводзіць ад слова "дрыгва", якая была характэрнай асаблівасцю мясцовасці, дзе яны аселі. Хоць такаю думку падтрымліваецць некаторыя даследчыкі і цяпер, аднак гэты погляд, як сцвярджае М. Ермаловіч, трэба прызнаць устарэлым. Па характару мясцовасці, паводле летапісу, былі празваны далёка не ўсе ўсходнеславянскія плямёны, а толькі паляне, драўляне і дрыгавічы. Аднак паляне былі і ў Польшчы, драўляне – на левым беразе Эльбы, дрыгавічы – у Македоніі і на землях палабскіх славян. Хутчэй за ўсе, як лічыць М. Ермаловіч, назва “дрыгавічы” паходзіць ад славянскага імя Драга ці Драгавіта, як радзімічы – ад Радзіма, вяцічы – ад Вяткі.

Радзімічы пасяліліся на ўсходзе ад дрыгавічоў. Яны занялі землі паміж Дняпром і Дзісной. Асноўным арэалам іх рассялення быў басейн рэк Сажа і Іпуці.

Крывічы занялі тэрыторыю на поўнач ад дрыгавічоў і радзімічаў. Іх заходняя граніца на тэрыторыі Беларусі праходзіла ўздоўж Асвейскага возера, затым апускалася на поўдзень, перасякала Заходнюю Дзвіну каля вусця Дрысы, далей ішла да басейна Дзясны (левага прытока Заходняй Дзвіны). Самым заходнім пасяленнем быў Браслаў. На поўначы і на ўсходзе граніца крывічоў праходзіла за межамі тэрыторыі Беларусі. Яна ўключала не толькі паўночныя раёны Беларусі, але і сучасныя Пскоўшчыну і Смаленшчыну, раёны вярхоўя Волгі, на поўдні – вярхоўе Дняпра. На Беларусі пражывала толькі іх полацка-смаленская група.

Ёсць многа меркаванняў пра паходжанне назвы "крывічы". Некаторыя даследчыкі выводзяць гэтую назву ад літоўскага слова "kriwe", якое абазначае імя аднаго з персанажаў літоўскай міфалогіі (Н.Н. Траццякоў). Б.А. Рыбакоў і іншыя даследчыкі лічаць, што назва "крывічы" ўзнікла ад імя кіраўніка літоўскага роду Крыве-Крывейтэ. Г. Мілер, М. Карамзін, Т. Нарбут, А. Кіркор мяркуюць, што яна ўзнікла ад імя вярхоўнага жраца балтаў Крыве-Крывейтэ. Беларускі археолаг Г.В. Штыхаў лічыць, што назва "крывічы" ўзнікла ад імя старэйшыны балцкага роду Крыве. Ён жа не выключае этымалогію тэрміна ад слоў, што абазначаюць блізкіх па крыві (рус. – кровные, бел. – крэўныя). Вядомы рускі гісторык С.М. Салаўёў лічыць, што назва "крывічы" звязана з характарам мясцовасці, якую яны займалі, і выводзіць назву ад балцкага (літоўскага) слова kirba , што азначае “топь, трясину”.

Але аўтары ўсіх гэтых гіпотэз і меркаванняў дапускаюць шэраг недакладнасцей. Назвы вярхоўнага Бога Крыве-Крывейтэ, як паказвае больш дакладнае вывучэнне персанажаў літоўскай паганскай міфалогіі, няма. Гэта датычыць таксама імя вярхоўнага жраца балтаў. Гісторыя ведае імя святара Крыве, які жыў у ХIV ст., калі крывічоў, як этнічнай супольнасці, ужо не было.

Спрэчнай з'яўляецца таксама гіпотэза пра паходжанне крывічоў ад імя старэйшыны роду Крыве. Аб гэтым няма сведчанняў у пісьмовых крыніцах. Як і папярэднія гіпотэзы, яна, напэўна, узнікла на аснове біблейскіх сказанняў, якімі шырока карысталіся старажытныя летапісцы, а ўслед за імі і гісторыкі. Некрытычны падыход да іх і прывёў да ўзнікнення гэтых гіпотэз.

Цяжка пагадзіцца з паходжаннем назвы "крывічы" ад слоў, якія абазначаюць кроўную роднасць. Такія адносіны ў старажытнасці былі характэрны для параўнальна невялікіх груп людзей – родаў. Іх часцей за ўсё называлі імёнамі жывёл і птушак. Таму неверагодна, што ўяўленні аб кроўнай роднасці распаўсюджваліся на такую вялікую этнічную супольнасць, як крывічы, тэрыторыя якіх ахоплівала па шырыні амаль тысячу кіламетраў.

У міжрэччы Буга і Нёмана пагранічная тэрыторыя паміж усходнеславянскімі плямёнамі, заходнімі славянамі і балтамі была заселена змешаным у этнічных адносінах насельніцтвам пры колькаснай перавазе прадстаўнікоў таго ці іншага этнасу ў асобных раёнах. У Пінскім Палессі да Х ст. пераважалі дрыгавічы, у Берасцейскім Пабужжы – валыняне, у Панямонні (на правабярэжжы) – яцвягі. Такім чынам, можна сцвярджаць, што тут усходнеславянскія плямёны дрыгавічоў, валынян, крывічоў суседнічалі і суіснавалі з усходнебалцкімі (літоўскімі), заходнебалцкімі (яцвяжскімі), заходнеславянскімі (мазавецкімі) плямёнамі.

Як жа складваліся ўзаемаадносіны паміж абарыгенамі-балтамі і нетутэйшым славянскім насельніцтвам? Гэтае пытанне яшчэ дакладна не высветлена. Некаторыя даследчыкі сцвярджаюць, што яны ў асноўным былі мірнымі, і славянскае засяленне нібыта працякала ў выглядзе павольнай мірнай інфільтрацыі славян на ўчасткі ўладанняў балтаў, якія пуставалі. Але з гэтым цяжка пагадзіцца. Устаноўлена, што на рубяжы VII–VIII стст. большасць балцкіх умацаванняў банцараўска-тушэмлянскай культуры загінула ў выніку пажараў. Супраціўленне балтаў прышэльцам і прывяло да гібелі іх умацаванняў. Славяне ішлі на Беларусь з розных бакоў і балтам не было куды ўцякаць. Хоць, вядома, нельга цалкам адмаўляць перамяшчэнне іх у паасобных месцах. Магчыма, што ў Волга-Окскае міжрэчча балты праніклі ў выніку славянскага націску з поўдня і з захаду. Толькі пасля таго як ўжо было зламана супраціўленне балтаў і калі іх з усіх бакоў акружылі славяне, маглі ўсталявацца больш-менш мірныя адносіны паміж прышэльцамі і мясцовымі жыхарамі.

Трэба адзначыць, што спробы шэрагу даследчыкаў усталяваць пэўныя межы паміж балцкім і славянскім насельніцтвам у той ці іншы час з'яўляюцца марнымі. Нельга ўяўляць славянскую асіміляцыю балтаў просталінейным працэсам. У літаратуры зусім слушна падкрэсліваецца, што "асімілёўвалі не толькі славяне балтаў, але і ў шэрагу выпадкаў славяне былі асіміляваны балтамі". Толькі канчаткова перамагла славянская стыхія. Гэты працэс доўжыўся нават тады, калі фарміравалася беларуская нацыя.

Як падкрэслівалася, рассяленне ўсходніх славян на тэрыторыі Беларусі практычна супала па часе з разлажэннем першабытнага грамадства і развіццём на беларускіх землях пераважна феадальных адносін, звязаных непасрэдна з раннім сярэднявеччам. Пісьмовыя крыніцы сведчаць, што ў крывічоў-палачан, радзімічаў і дрыгавічоў ужо ў VI–VIII стст. былі свае "княжанні", якія склаліся на аснове этнічных супольнасцяў. Гэта былі даволі ўстойлівыя аб'яднанні, якія ўтварыліся стыхійна. На думку Г.В. Штыхава, яны ўяўлялі сабой не плямёны, як у раннім жалезным веку, а саюзы плямён, – протанароднасці ("народцы") і адначасова дзяржаўныя ўтварэнні ці прота – дзяржавы. "Княжанні" складаліся з валасцей-княстваў, былых радавых абшчын. У кожнай воласці-княстве меліся свае веча і свае князі з дружынамі. Заканадаўчая ўлада ў воласці належала веча – народнаму сходу. Яно збіралася ў галоўным горадзе воласці. Веча выбірала князя і адмаўляла яму ў даверы, калі ён парушаў пастаўленыя ўмовы, абвяшчала вайну і заключала мір з суседзямі. На веча прызначаліся "ўраднікі" на свабодныя пасады, прымаліся пастановы, якія рэгулявалі гаспадарчыя і грамадска-прававыя адносіны ў межах воласці.

Валасныя князі, як правіла, абараліся з былых родавых старэйшын. Яны ажыццяўлялі выканаўчую ўладу, абаранялі тэрыторыю ад знешніх ворагаў, ахоўвалі гандлёвыя шляхі і купецкія караваны, якія праходзілі праз тэрыторыю воласці, ажыццяўлялі ваенныя паходы ў суседнія землі, чынілі суд і расправу над сваімі супляменнікамі.

Племянныя князі выбіраліся з ліку валасных згодна з правам старшынства, улічваючы маральныя якасці, ваенныя здольнасці. Акрамя прадстаўнікоў мясцовай фармацыі мелі месца прызванні на княжацкі пасад прышлых людзей. Яны “вербаваліся” з нармана-варажскіх элементаў, якія часта праходзілі праз беларускія землі з поўначы на поўдзень. Як “вербаваўся” ў князі прышлы элемент, сведчыць летапіснае паданне аб прызванні ў Наўгародскую зямлю Рурыка з сям'ёю і скарбам. У некаторых жа мясцовасцях варагі бралі ўладу з дапамогай зброі, прымушаючы падначаленае насельніцтва плаціць ім даніну. Прадэманструем гэтую акалічнасць на прыкладзе Полацкай зямлі, якая аб'ядноўвала суседнія воласці-княствы і цэнтрам якой быў Полацк. Княжылі тут князі мясцовай дынастыі прыкладна з VI ст., аб чым сведчыць скандынаўская сага. На жаль, нельга назваць іх імёны, таму што яны не ўзгадваюцца ў пісьмовых крыніцах. Першым з вядомых па летапісе князёў быў Рагвалод, які княжыў у апошняй чвэрці Х ст., а з'явіўся на Полаччыне, як гаворыць "Аповесць мінулых гадоў", дзякуючы прызванню на княжацкі пасад у Ноўгарадзе Рурыка. Уладкаваўшыся, Рурык пачаў раздаваць мужам сваім гарады, у тым ліку і Полацк. Але нельга адвяргаць і меркаванне аб тым, што Рагвалод быў патомкам мясцовай княжацкай дынастыі. Тое ж самае можна сказаць і адносна першага летапіснага князя дрыгавічоў – Тура, радзімічаў – Радзіма.

Полацкія крывічы плацілі даніну варагам. У 862 г. крывічы разам з другімі плямёнамі прагналі варагаў за мора, адкуль яны прыйшлі. Аднак потым, як паведамляе летапіс, чудзь, наўгародскія славяне і крывічы заклікалі да сябе варажскіх князёў. У паходзе князя Алега (907 г.) і Ігара (944 г.) супраць грэкаў прымалі ўдзел і крывічы. А ў канцы Х ст. на аснове племяннога княжання крывічоў склалася буйное Полацкае княства – першае дзяржаўнае ўтварэнне на тэрыторыі паўночнай Беларусі.

Галоўным заняткам усходніх славян было земляробства. Асноўнымі прыладамі для апрацоўкі зямлі былі саха і рала. Жалезныя нарогі для рала, знойдзеныя на паселішчы каля Хатомеля, адносяцца да VII–VIII стст. На тэрыторыі Беларусі часцей ужывалася саха, з дапамогай якой верхні пласт зямлі ўзрыхляўся, але не пераварочваўся, як плугам.

Ацэньваючы ролю сельскай гаспадаркі ў жыцці нашых продкаў, можна гаварыць аб поспехах раёнаў лясной паласы ў развіцці папаранага земляробства, аб дасягненнях у асваенні двухпольнай і трохпольнай яго сістэм. Падсека паступова выцяснялася, але паколькі стараворныя глебы былі мала ўрадлівымі і патрабавалі ўгнаення, яна яшчэ доўгі час была неабходнай сістэмай земляробства.

Асноўнымі сельскагаспадарчымі культурамі ў той час былі жыта, проса, пшаніца, ячмень, лён. Усходнім славянам былі вядомы таксама бабы, гарох, сачавіца і асабліва рэпа. Важную ролю адыгрывала жывёлагадоўля. Усходнія славяне разводзілі буйную і дробную рагатую жывёлу, свіней, а таксама коней. Распаўсюджаны былі лясныя і рачныя промыслы. Палявалі на лася, зубра, бабра, ваўка, дзіка, зайца, мядзведзя, на розных птушак. Мела значэнне лясное пчалярства. Прадукт бортніцтва – воск разам з футрам і мёдам быў вельмі істотнай часткай вывазу ў гандлевых адносінах.

У весцы былі свае рамеснікі, якія забяспечвалі патрэбы сельскага насельніцтва ў некаторых вырабах. Рамяство для вяскоўцаў мела другароднае значэнне. Сяляне самі шылі адзенне і абутак, рабілі прадметы побыту, посуд, будавалі жыллё.

Рэлігіяй славян было язычніцтва з сістэмай мнагабожжа. Яны абагаўлялі навакольную прыроду – сонца і месяц, камяні і горы, рэкі і азёры, дрэвы і розныя расліны. "Духам" прыносілі ахвяры. Паступова складалася ўяўленне аб бажаствах, якія ўвасаблялі стыхійныя з'явы прыроды. Багі ўяўляліся ў выглядзе людзей. Сварог – бог неба, Ярыла, Дажбог, Вялес – сонечныя багі, Пярун – бог грому і маланкі.

Святкаваліся Дзяды,Радаўніца, што адпавядала старажытнаму светапогляду. Абрадамі каляндарнага цыкла было гуканне вясны, пахаванне "стралы" (зброі Пяруна), Купалле, Каляды. У купальскую ноч (7 ліпеня) на берагах рэк шугала полымя вогнішчаў, хлопцы і дзяўчаты вадзілі карагоды, скакалі, спявалі песні. На досвітку дзяўчаты кідалі ў ваду вянкі. У магічных уяўленнях старажытных людзей - вытокі валачобных песень, своеасаблівай каляндарнай паэзіі.

Паводле язычніцкіх вераванняў, агонь быў свяшчэннай ачышчальнай сілай. Яму аддавалі цела памёрлага разам з рэчамі, якімі ён карыстаўся. Лічылася, што ўпрыгожанні, прылады працы, зброя спатрэбяцца нябожчыку ў замагільным жыцці. Памерлага любога ўзросту па традыцыі адносілі да ліку "дзядоў", продкаў. Насельніцтва, асабліва ў вёсцы, у ХІ–ХІІІ стст. хавала нябожчыкаў пад курганамі, але неўзабаве пасля прыняцця хрысціянства, з канца Х ст., іх больш не спальвалі.

Язычніцкімі культавымі збудаваннямі былі капішчы (свяцілішчы), дзе адбываліся старажытныя абрады. Паводле падання, каля Полацка на беразе Валовага возера знаходзілася капішча Пяруна. Рэшткі свяцілішча сельскай абшчыны X ст. знойдзены каля в. Ходасавічы Рагачоўскага раёна. Тут стаяў драўляны ідал, вакол якога ў час святкаванняў распальваліся вогнішчы.

Фарміраванне племянных "княжанняў" ва ўсходніх славян праходзіла адначасова з працэсам утварэння дзяржавы з цэнтрам у Кіеве. Яно было выклікана тым, што славянскія плямёны пасяліліся побач з ваяўнічымі суседзямі – варагамі і хазарамі, якія прымусілі іх плаціць даніну. Каб супрацьстаяць агрэсіўным памкненням суседзяў, славяне вымушаны былі аб'ядноўвацца. Летапісы сведчаць, што ўжо ў пачатку IX ст. існавалі два саюзы ўсходнеславянскіх плямён: паўночны – з цэнтрам у Ноўгарадзе і паўднёвы – з цэнтрам у Кіеве. Пазней гэтыя саюзы аб'ядналіся і ўтварылі адну дзяржаву – Вялікае Княства Кіеўскае, ці Кіеўскую Русь.

Калі ж і пры якіх абставінах беларускія землі ўвайшлі ў склад Кіеўскай Русі? Адказаць на гэтае пытанне складана, бо пісьмовых сведчанняў аб гэтым вельмі мала. Полацкая зямля, як вынікае з "Аповесці мінулых гадоў", была далучана да ўладанняў наўгародскіх князёў яшчэ да аб'яднання паўночных усходнеславянскіх зямляў з паўднёвымі. Магчыма, у гэты ж час да наўгародскіх уладанняў былі далучаны землі дрыгавічоў. Гэта адзначае С. Салаўёў, аналізуючы Іакімаўскі летапіс, дзе ёсць указанне на тое, што дрыгавічы разам з крывічамі ўдзельнічалі ў "прызванні" нарманскіх князёў у Ноўгарадзе. Аднак у 867 г. кіеўскія князі Аскольд і Дзір ажыццявілі паход у землі палачан і далучылі іх да сваіх уладанняў. У Ніканаўскім летапісе аб гэтым гаворыцца: "Ваявалі Аскольд і Дзір палачанаў і многа зла натварылі". Напэўна разам з Полацкай зямлёй да Кіева былі далучаны і землі дрыгавічоў, бо яны ляжалі на шляху ад Кіева на Полацк.

Праўда, Аскольд і Дзір прасядзелі ў Кіеве нядоўга. У 882 г., як сведчаць летапісы, сваяк наўгародскага князя Рурыка Алег (879–912 гг.) пайшоў з вялікім войскам на Кіеў і заняў яго. Аскольд і Дзір былі забіты. Алег, які зрабіў Кіеў сваей сталіцай, пачаў канцэнтраваць вакол яго ўсе ўсходнеславянскія племянныя "княжанні". У ліку падданых кіеўскага князя Iпацьеўскі летапіс называе і крывічоў. Аб падпарадкаванні Кіеву непасрэдна Полацкай зямлі і зямляў дрыгавічоў прамых звестак у летапісах няма, але гэтыя землі ўзгадваюцца ў сувязі з паходамі Алега на Візантыю ў 907–911 гг. Праўда, як лічаць многія даследчыкі, яны былі не ў падпарадкаванні Кіева, а яго саюзнікамі.

Пры Алегу ў склад Русі былі ўключаны і землі радзімічаў. У 885 г. ён ажыццявіў паход у зямлю радзімічаў і прымусіў іх плаціць даніну кіеўскім князям.

Пазней за другія ў склад Кіеўскай Русі ўвайшлі землі Панямоння і Берасцейскага Пабужжа. Вядома, што каля 980 г. заходняя граніца Кіеўскай Русі праходзіла па лініі Ізборск – Ізяслаў (Заслаўль) – Пінск.

Першыя звесткі аб ваенных паходах кіеўскіх князёў на яцвягаў прыпадаюць на 983 г. На рубяжы Х–ХІ стст. пачынаецца інтэнсіўная славянізацыя яцвяжскага краю. Яна працягвалася ў ХІІ–ХІІІ стст. На асвоеных у гэты час славянамі яцвяжскіх землях пачалі будавацца апорныя пункты кіеўскіх князёў – гарады. Ужо ў першай палове XI ст. былі заснаваны Бярэсце (Брэст), Гародня (сучаснае Гродна), Ваўкавыск, Навагародак, Драгічын, Турыйск, Слонім і інш. У канцы XI – пачатку ХІІ стст. усё Брэсцкае Пабужжа і Панямонне становяцца састаўной часткай Кіеўскай Русі.

Асноўная літаратура

  1. Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т.1. Старажытная Беларусь: Ад першапачатковага засялення да сярэдзіны ХІІІ ст. – Мн., 2000.

  2. Гринблат М.Я. Белорусы. Очерк происхождения и этнической истории. – Мн., 1968.

  3. Дучыц Л.У. Археалагічныя помнікі ў назвах, вераваннях і паданнях беларусаў. – Мн., 1993.

  4. Ермаловіч М. Старажытная Беларусь. Полацкі і Новагародскі перыяды. – Мн., 1990.

  5. Жук Т. Першабытнае грамадства. Беларусь у раннім сярэднявеччы. – Бел. гіст. часопіс. – 2000. – № 2.

  6. Загорульский Э. М. Древняя история Белоруссии: Очерки этнической истории и материальной культуры до IX в. – Мн., 1977.

  7. Зайкоўскі Э.М. Балты цэнтральнай і ўсходняй Беларусі ў сярэднявеччы // Спадчына. – 1999. – № 1.

  8. Калечыц Е.Г. Першыя людзі на зямлі Беларусі, – Мн., 1997.

  9. Лысенко П.Ф. Дреговичи. – Мн., 1991.

  10. Ляўкоў Э.А. Маўклівыя сведкі мінуўшчыны. – Мн., 1992.

  11. Пілецкі В.А. Старажытнае грамадства на Беларусі: Вучэбны дапаможнік. – Мн., 1996.

  12. Седов В.В. Восточные славяне в VI – ХІІІ в. – М., 1982.

  13. Трещенок Я.И. История Беларуси. Ч.1. Досоветский период: Учебное пособие. – Могилев, 2003.

  14. Чарняўскі М.М. Ілюстраваная гісторыя старадаўняй Беларусі: Першабытны перыяд. – Мн., 2003.

  15. Чарняўскі М.М. Бронзавы век на тэрыторыі Беларусі. – Мн., 1981.

  16. Чарняўскі М.М. Старажытныя шахцёры на Русі. – Мн., 1996.

  17. Чарняўскі М. Вогнепаклоннікі. – Мн., 1989.

  18. Штыхаў Г.В. Галасы далёкіх продкаў. – Мн., 1968.

  19. Штыхаў Г.В. Ажываюць сівыя стагоддзі. – Мн., 1982.

  20. Штыхаў Г.В. Крывічы. – Мн., 1992.

  21. Фамінова А.У. Засяленне славянамі тэрыторыі Беларусі // Бел. гіст. часопіс. – 2002. – №4.

  22. Этнаграфія беларусаў: гістарыяграфія, этнагенэз, этнічная гісторыя. – Мн., 1985.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]