Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
lekc1.doc
Скачиваний:
36
Добавлен:
10.11.2019
Размер:
1.74 Mб
Скачать

Пачатак засялення чалавекам тэрыторыі Беларусі

Планета Зямля, па сведчанню геолагаў, існуе каля 5 млрд гадоў, а жыццё на ёй зарадзілася больш за 3 млрд гадоў назад. Што датычыцца чалавека, то ён па мерках зямнога часу пачаў фарміравацца зусім нядаўна – у прамежку ад 25 да 5 млн гадоў назад.

На тэрыторыю Еўропы першыя людзі праніклі каля 600 тыс. гадоў назад. На тэрыторыі Беларусі яны з'явіліся значна пазней, дзесьці каля 100 тыс. гадоў назад. Гэта здарылася таму, што ў старажытнасці тэрыторыя нашай краіны была пакрыта ледавікамі. Вядомы пяць ледавіковых эпох. Першым было беларускае абледзяненне 600 – 560 тыс. гадоў назад. Затым адбылося бярэзінскае (480 – 460 тыс. гадоў назад). У гэты час ледавік пакрываў амаль усю тэрыторыю Беларусі да лініі Пінск – Мазыр – Рэчыца – Гомель. На поўдзень ад гэтай лініі размяшчаліся тундра і лесатундра.

Прыкладна за 350 тыс. гадоў да н. э. ледавік пачаў таяць і настала александрыйскае міжледавікоўе, якое цягнулася каля 80 тыс. гадоў. Тэрыторыя Беларусі ў гэты час пакрылася лясамі, пераважна хвойна-шыракалістымі з дамешкам ліпы, вяза, дуба, ляшчыны. Тут жылі розныя віды сланоў, маманты, насарогі, высакародныя і гіганцкія алені і іншыя жывёліны, якія прыстасаваліся да халоднага клімату. Ужо ў гэты час з'явіліся ўмовы для жыцця людзей. Але пакуль што слядоў першабытнага чалавека таго часу на тэрыторыі Беларусі не знойдзена.

Наступнае абледзяненне геолагі называюць дняпроўскім. Яно працягвалася каля 70 тыс. гадоў і ахоплівала храналагічныя рамкі ў 320 – 250 тыс. гадоў назад. У час гэтага абледзянення ледавік то адступаў на поўнач, то зноў наступаў. Затым пасля міжледавікоўя наступіла сожскае абледзяненне ў прамежку 220 – 110 тыс. гадоў таму. Яно змянілася апошім муравінскім міжледавікоўем. У гэты час, магчыма, на тэрыторыі Беларусі з'яўляюцца першабытныя людзі, аб чым сведчаць знаходкі мусцьерскіх прылад працы ля в. Падлужжа Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці, в. Абідавічы Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці, в. Клеявічы Касцюковіцкага раёна Гомельскай вобласці, в. Свяцілавічы Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці.

Але праз некаторы час пачалося новае абледзяненне – паазерскае, якое цягнулася з 95 тыс. гадоў назад. У гэты час ледавік займаў тэрыторыю сучасных Віцебскай, паўночную частку Мінскай і паўночны захад Гродзенскай абласцей. Хаця пазней зноў пачалося пацяпленне, але ледавік яшчэ не раз напамінаў пра сябе. Поўнасцю ледавіковы перыяд у Беларусі закончыўся каля 12 тыс. гадоў назад. Менавіта з гэтай пары пачалося актыўнае засяленне яе тэрыторыі першабытнымі людзьмі.

Найбольш старажытнымі стаянкамі першабытных людзей на тэрыторыі Беларусі з'яўляюцца стаянкі ля вёсак Юравічы Калінкавіцкага і Бердыж Чачэрскага раёнаў Гомельскай вобласці. Усе яны адносяцца да эпохі позняга палеаліту і датуюцца адпаведна 26 – 24 тыс. гадоў назад. Іх матэрыялы разам з матэрыяламі стаянак Юдзінава і Елісеевічаў на Браншчыне (на самай граніцы з Беларуссю) даюць магчымасць уявіць, як жылі і чым займаліся нашы далёкія продкі ў тыя часы.

Першапачаткова асноўным матэрыялам, з якога першабытныя людзі выраблялі прылады працы, быў камень. Гэты перыяд гісторыкі называюць каменным векам. Па спосабах і прыёмах апрацоўкі каменя яны падзяляюць каменны век на палеаліт (старажытны каменны век), мезаліт (сярэдні каменны век) і неаліт (новы каменны век). Для палеаліту характэрны самыя прымітыўныя спосабы апрацоўкі каменя – адколы, рэтушаванне і г. д. У мезаліце людзі ўжо выкарыстоўвалі недасканала апрацаваныя каменныя сякеры, долаты, навершнікі стрэл, дзідаў, нажы. У эпоху неаліту каменныя прылады працы ўжо вырабляліся з выкарыстаннем такіх відаў апрацоўкі, як пілаванне, шліфаванне і свідраванне. У Беларусі сярэдні палеаліт датуецца 100 – 35 тыс. гадоў да н. э., позні палеаліт – 35 – 10 тыс. гадоў да н. э., мезаліт – 9 – 5 тыс. гадоў да н. э., неаліт – канец 5 – канец 3 тысячагоддзя да н. э.

Асноўнымі заняткамі першабытных людзей у эпоху палеаліту былі паляванне, рыбалоўства і збіральніцтва. Галоўным аб'ектам палявання быў мамант. Для гэтага рабілі лоўчыя ямы. Звычайна іх выкопвалі на шляху мамантаў да вады, або ў тых месцах, куда іх заганялі пры аблаве. Мамант, вага якога дасягала 3–4 тоны, а рост 3,5 метра, даваў значную колькасць мяса, скуру для пашыву адзення і абутку або для пакрыцця жылля. Косці служылі палівам, будаўнічым матэрыялам і матэрыялам для вырабу прылад працы.

Важнымі аб'ектамі палявання былі таксама паўночны алень, дзікі конь, бізон, воўк, пясец, заяц і іншыя жывёлы. Паляванне на буйных жывёл разам са збіральніцтвам (збіралі ядомыя травы, ягады, арэхі, грыбы, карэнні і клубні дзікіх раслін) і рыбалоўствам забяспечвала людзей запасамі ежы і іншымі сродкамі існавання, што садзейнічала аселаму спосабу жыцця. Жыллё будавалася з касцей мамантаў, жэрдак, вялікіх валуноў і пліт, узятых з марэнных адкладанняў. Памеры жылых памяшканняў былі невялікімі – 5–6 метраў у папярэчніку (Бердыж) з ачагом для вогнішча ў цэнтры. Знешне яны былі падобныя на добра вядомыя нам паўночныя чумы ці вігвамы.

Жылі першабытныя людзі родавымі абшчынамі. Асновай абшчыны з'яўлялася група родзічаў па маці. Адсюль – мацярынскі род.

У той час ужо існавала экзагамія, г.зн. звычай, які строга забараняў шлюбныя сувязі ўнутры рода. Муж і жонка павінны былі належаць да розных абшчын.

Асноўным тыпам чалавека на тэрыторыі Беларусі 100 – 35 тыс. гадоў да н. э. быў неандэрталец. Такую назву першабытныя людзі атрымалі ад рэштак шкілета, знойдзенных ў даліне Неандэрталь (Германія) ў 1856 годзе. Гэта былі непасрэдныя папярэднікі людзей сучаснага тыпу, якія яшчэ захоўвалі рысы жывёлы. Але паступова ўдасканальваліся прылады працы і тэхналогія вытворчых працэсаў, а разам з тым адбываліся змены і ў фізічным выглядзе чалавека. У перыяд 40 – 35 тысяч гадоў да н. э. з’явіўся краманьёнец (новы чалавек – чалавек разумны).

У перыяд позняга палеаліту сярод першабытных людзей існавала і некаторая спецыялізацыя працы. Вопытныя і найбольш дужыя мужчыны займаліся паляваннем, жанчыны вялі гаспадарку, даглядалі дзяцей і старых, збіралі травы, карэнні, ягады, выконвалі магічныя абрады, падтрымлівалі агонь у ачагу, ахоўвалі прадметы культу. Некаторыя члены абшчыны займаліся толькі вырабам прылад працы з мясцовага крэменю і косці. Ад крэменю адколвалі вузкія доўгія пласціны, з якіх пасля апрацоўкі (рэтушавання) вырабляліся разцы, скрабкі, цеслі, падвіркі, пілкі, долаты, наканечнікі (дзід), cтрэл і г. д. З касцей выраблялі шылы, іголкі і іншыя прыстасаванні.

У эпоху позняга палеаліту зарадзіліся рэлігія і мастацтва. Рэлігійныя ўяўленні першабытнага чалавека сведчылі аб яго няўпэўненасці ў заўтрашнім дні, аб бяссіллі перад грознымі сіламі прыроды. Жыццё першабытных людзей ў шмат у чым залежала ад жывёл, на якіх яны палявалі, або раслін, якія яны збіралі. Адсюль бярэ пачатак культ жывёл і раслін, што з'яўляліся апекунамі чалавека і таму вымагалі на думку першабытныя чалавека, пашаны і пакланення. Пакланенне першабытных людзей звярам, птушкам, рыбам, раслінам называецца татэмізмам. Так, татэмам Юравіцкай мацярынскай абшчыны была рыба. Гэта пацвярджаюць малюнкі, выгравіраваныя на пласцінках з біўня маманта, фігуркі рыб, выразаныя з косці. Падобныя пласціны-чурынгі звычайна захоўваліся ў патаемных месцах як прадметы, якія нібыта мелі таямнічую сувязь з пэўным татэмістычным продкам і членамі роду.

Адносіны, якія склаліся паміж чалавекам і прыродай у час позняга палеаліту, мелі дваісты характар: з аднаго боку, панаванне прыроды над чалавекам, з другога – яго ўздзеянне на прыроду, няхай сабе нават у абмежаваных і недасканалых формах, з выкарыстаннем прылад працы, здольнасцяў і звычак. Своеасаблівыя прыёмы, з дапамогай якіх чалавек імкнуўся ўздзейнічаць адпаведным чынам на прыроду, атрымалі назву магічных.

Імітацыя прыёмаў палявання павінна была забяспечыць поспех самога палявання. Перш чым ісці на пошукі той ці іншай жывёлы, першабытныя паляўнічыя выконвалі адпаведныя абрады вакол рытуальнай фігуры гэтай жывёлы, ад здабывання якой залежыла існаванне ўсяго калектыву. Людзі верылі ў тое, што ў жывёл, раслін, рыб ёсць двайнікі – душы і лічылі, што розніца паміж чалавекам, жывёлай і раслінай невялікая. Такія рэлігійныя вераванні носяць назву анімізму. Пазней на яго аснове ў першабытным грамадстве узнік культ замагільнага жыцця і ўшанавання нябожчыкаў, што вымагала наяўнасці пахавальнага абраду.

Звычай пахавання ўзнік праз неабходнасць забяспечыць нябожчыку працяг яго матэрыяльнага існавання. Труп клалі або на бок, або ніцма з падкурчанымі нагамі, у позе спячага чалавека, у спецыяльнай камеры, абстаўленай з усіх бакоў буйнымі касцямі маманта. Парэшткі чалавека часта пасыпаліся чырвонай фарбай – охрай, косным вугалем – магічнай заменай крыві або агню, бо людзі лічылі, што нябожчык працягвае жыць. Тут жа клаліся рэчы памёрлага. Зверху камера прыкрывалася буйнымі касцямі маманта і звычайна прымыкала да жылля. Часам абрад пахавання выконваўся непасрэдна ў памяшканнях.

Развіццё матэрыяльнай культуры і рэлігійных вераванняў у першабытных людзей было цесна звязана з развіццём мастацтва. Сярод твораў першабытнага мастацтва ў насельніцтва эпохі позняга палеаліту сустракаюцца жаночыя статуэткі, малюнкі розных жывёл, якія служылі аб'ектам палявання. Першабытны мастак маляваў чалавека і жывёлу такімі, якімі ён прывык іх бачыць у паўсядзённым жыцці. Толькі ў асобных выпадках даваліся ўмоўныя стылізаваныя малюнкі.

Сярод археалагічных знаходак стаянак першабытных людзей на тэрыторыі Беларусі сустракаюцца шматлікія ўпрыгожанні – разнастайныя падвескі, вырабленыя з пласцінак біўня маманта, каралі з зубоў пясца і ваўка, ракавіны з прасвідраванымі адтулінамі для нанізвання. Найбольшую цікавасць выклікаюць ракавіны. Паводле апошніх даных, яны паходзяць з раёна Чарнаморскага ўзбярэжжа або з Дняпроўска-Бугскага лімана, што сведчыць аб вялікіх перамяшчэннях паляўнічых калектываў і, магчыма, пра пачатак абмену.

У перыяд фінальнага палеаліту, калі пачалося адступленне апошняга ледавіка, на тэрыторыі Беларусі з’яўляюцца плямёны паляўнічых на паўночных аленяў. Археолагі адносяць іх да грэнскай, свідэрскай, лінгбійскай і арэнсбургскай археалагічных культур. Іх арэал ахопліваў большую частку краіны за выключэннем Падзвіння. У мезаліце фарміруецца аўтахтоннае насельніцтва. Яго этнічная прыналежнасць застаецца спрэчнай. Існуе гіпотэза, што, магчыма, тубыльцамі на тэрыторыі Беларусі былі фіна-угорскія плямёны.

У неалітычную эпоху насельніцтва на тэрыторыі Беларусі значна павялічылася. За гэты час з'явілася шмат новых пасяленняў. Калі да мезаліту адносіцца прыкладна 120 адкрытых археолагамі пасяленняў, то да неаліту – больш за 600.

На працягу мезаліту і неаліту ў жыцці першабытных людзей адбыліся значныя змены. Яны былі звязаны з удасканаленнем вырабу прылад працы. У эпоху мезаліту чалавек стаў ужываць ужо масіўную крэмянёвую сякеру і цясло, з дробных апрацаваных крэмянёвых пласцін – нажы, наканечнікі стрэл, гарпуноў. Лук і стрэлы, вынайдзеныя ў канцы палеаліту, у мезаліце распаўсюдзіліся паўсюдна. У неаліце чалавек упершыню навучыўся ляпіць гліняны посуд, пачаў вырабляць новыя прылады працы – шліфаваныя сякеры.

Адначасова з раней вядомымі (адколы, рэтушоўка) шырокае распаўсюджванне атрымалі новыя спосабы апрацоўкі каменю – шліфоўка, пілаванне, свідраванне. Шырэй, чым раней, выкарыстоўвалася дрэва. З яго рабілі чаранкі зброі, стрэлы, дрэўкі коп'яў, выдзёўбвалі чаўны, узводзілі свайныя пабудовы, рабілі пасткі і заколы для лоўлі звяроў і рыбы.

У эпоху неаліту пачалася таксама здабыча крэменю шахтным спосабам. Археолагі знайшлі першабытныя шахты паблізу пасёлка Краснасельскі Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці.

Зарадзіліся і атрымалі шырокае распаўсюджванне якасна новыя, вытворчыя формы гаспадарання – земляробства і жывёлагадоўля. Яны дапаўняліся вядомымі раней паляваннем, рыбалоўствам і збіральніцтвам.

Нягледзячы на ўдасканаленне прылад працы і авалодванне новымі формамі вядзення гаспадаркі, прадукцыйнасць працы ў першабытных людзей заставалася нізкай. Яны яшчэ не маглі жыць асобнымі сем'ямі. Калектыўныя формы палявання і рыбалоўства па-ранейшаму давалі большую частку прадуктаў. Таму калектыў (род) асноўнымі сродкамі вытворчасці валодаў супольна. Шлюбны парадак у родзе, як і раней, заставаўся экзагамным, унутры племені – эндагамным, г. зн., што муж і жонка павінны былі быць супляменнікамі. Гэта садзейнічала захаванню адметных прыкмет племені: мовы, абрадаў, упрыгожанняў, арнаментацыі керамікі, вытворчых навыкаў, характару домабудаўніцтва і г. д.

У познім неаліце кожнае племя займала пэўную тэрыторыю, мела свае паляўнічыя і рыбалоўныя ўчасткі. Асноўнымі формамі ўласнасці на сродкі вытворчасці былі радавая і племянная. Заблытанасць шлюбных адносін, якая ўзнікла праз павелічэнне колькасці родаў, выміранне ад голаду і хвароб або асіміляцыю некаторых з іх, прыводзіла да парушэння эндагамнасці, у сувязі з чым сталі пашырацца экзагамныя шлюбы паміж прадстаўнікамі розных плямён. Гэтаму садзейнічаў і пераход ад прысвойваючай да вытворчай гаспадаркі – земляробства і жывёлагадоўлі. Яны надавалі большае значэнне мужчынскай працы. Гэта патрабавала пераходу жонкі ў род мужа. Усе гэтыя з'явы сведчылі пра пачатак разлажэння матрыярхату. Аднак роля жанчыны як захавальніцы старажытных звычаяў і абрадаў, прадказальніцы і знахаркі захоўвалася яшчэ доўгі час.

У час мезаліту і неаліту далейшае развіццё атрымалі рэлігійныя вераванні і мастацтва. Татэмізм, які аформіўся ў першабытную рэлігію, дасягнуў сталых формаў. Ва ўмовах складаных узаемаадносін паміж родамі і плямёнамі татэм стаў выступаць як радавое імя або назва племя. Мастацтва адлюстроўвала татэмістычныя ўяўленні і адносілася да ліку важных племянных прыкмет. Аб гэтым сведчаць шматлікія археалагічныя знаходкі: фігуркі птушак, рыб, жывёл.

З павелічэннем колькасці насельніцтва частка родаў была вымушана аддзяляцца і пераходзіць на новыя месцы. Паступова стваралася група плямён, якія размаўлялі на блізкіх дыялектах, на аснове чаго пачалі ўтварацца вялікія этнічныя супольнасці. Вызначыць этнічную прыналежнасць старажытнага насельніцтва Беларусі эпохі палеаліту, мезаліту і неаліту немагчыма. Мова яго невядомая, бо не зафіксавана ў пісьмовых крыніцах. Можна вызначыць толькі граніцы іх месцазнаходжання па даных матэрыяльнай культуры, асабліва па формах глінянага посуду і яго арнаментацыі.

Матэрыялы археалагічных раскопак дазволілі ўстанавіць, што на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў эпоху неаліту жылі пяць вялікіх групаў плямён. У беларускім Палессі і на тэрыторыі паўночна-заходняй часткі Украіны жылі плямёны днепра-данецкай культуры. Для якіх была характэрна грабенчата-накольчатая кераміка. Яны выраблялі шыракагорлыя, вострадонныя гаршкі, упрыгожаныя адбіткамі грэбеня і наколкамі. Для гэтых плямён былі характэрны таксама лістападобныя навершнікі стрэл, серпападобныя нажы, долаты, цёслы, невялікія трапецыяпадобныя сякеры і іншыя прылады працы. Прадстаўнікі гэтых плямён былі еўрапеідамі – краманьёнцамі: рослымі, шыракатварымі, з вялікім чэрапам. Яны насілі адзенне з апрацаваных скураў жывёлы, пацеркі і падвескі з шліфаваных пласцінак, ракавін і клыкоў. Іх адзенне, галаўныя ўборы і нават абутак упрыгожваліся касцянымі пласцінкамі, зубамі аленя, дзіка, рыбы і г. д.

Другая група плямён – верхнедняпроўская – засяляла вярхоўі Дняпра і Сажы. Для іх быў характэрны посуд, арнаментаваны ямачнымі і лапкавымі адбіткамі. Наколы ў ім амаль поўнасцю адсутнічаюць. Таму такую кераміку называюць грабенчата-ямачнай.

Трэцяя група плямён займала вярхоўі Прыпяці, Ясельды і басейн Нёмана. Яны выраблялі вострадонны, таўстасценны посуд, пад венчыкамі якога наносіліся наколы, насечкі і перакрэсленыя лініі. Асноўная частка паверхні посуду не арнаментавалася. Тут перапляталіся элементы як грабенчата-ямачнай, грабенчата-накольчатай, так і шнуравой керамікі. Гэтую культуру археолагі называюць нёманскай.

На поўначы Беларусі пражывалі плямёны нарвенскай археалагічнай культуры. Іх посуд вызначаўся порыстай керамікай. А ў басейне Росі прышэльцы з Еўропы аставілі культуру шарападобных амфар

Археолагі і лінгвісты выказваюць меркаванне, што ў 3 тысячагоддзі да н.э. ў Падзвінні і Падняпроўі пражывалі групы ўральскага насельніцтва, яго фіна-угорскага адгалінавання, а ў некаторых мясцовасцях Папрыпяцця, на яго крайнім паўднёвым захадзе – асобныя невялікія групы індаеўрапейскага насельніцтва. Сляды фі­на-угорцаў засталіся на Беларусі ў тапаніміцы – у назве рэчак, азёр, мясцовасцей, нават пазнейшых племянных аб'яднанняў. Антрапалагічна старажытныя фіна-угры належалі да мангалоіднай расы. Менавіта гэтым даследчыкі тлумачаць наяўнасць некаторых мангалоідных рыс знешнасці (вузкія вочы, круглы твар, чорныя валасы) ў насельніцтва некаторых рэгіёнаў Беларусі (перш за ўсё, на крайнім паўночным усходзе, паблізу з тэрыторыямі, на якіх фіна-угры – лівы і эсты – панавалі поўнасцю).

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]