Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
lekc1.doc
Скачиваний:
36
Добавлен:
10.11.2019
Размер:
1.74 Mб
Скачать

Генезіс усходнеславянскіх плямён і шляхі іх рассялення на тэрыторыі Беларусі. Узаемаадносіны балтаў і славян

У грамадскім жыцці Беларусі ўжо ў самым пачатку жалезнага веку вызначыліся прыкметы разлажэння першабытнаабшчынных адносін. У выніку росту прадукцыйных сіл, асабліва ў земляробстве і жывёлагадоўлі, шырокага распаўсюджвання жалезных прылад працы з'явілася магчымасць накапляць унутры роду больш матэрыяльных каштоўнасцей – прадуктаў харчавання, зброі, жалезных прылад працы і г. д. Гэта прыводзіла да ўзнікнення супярэчнасцей паміж родамі і плямёнамі, частых ваенных сутыкненняў паміж імі, пра што сведчыць характар паселішчаў. Асноўным іх тылам у гэты час становяцца ўмацаваныя гарадзішчы. Першапачаткова гарадзішчы абгароджвалі толькі драўлянай сцяной. Затым сталі насыпаць валы, выкопваць равы, павялічваць стромкасць схілаў.

Войны і ваенныя набегі з мэтай захопу назапашаных каштоўнасцей, а таксама людзей хутка сталі звычайнай з'явай. У гэтых умовах у грамадска-палітычным жыцці асноўная роля стала належыць мужчынскаму насельніцтву. Вярхоўнай уладай у родзе і племені стаў агульны сход узброеных воінаў. Ён вырашаў пытанні вайны і міру, выбіраў старэйшыну роду і правадыра племені. Такі грамадска-палітычны лад, які ўзнік на апошняй стадыі першабытнаабшчыннага ладу, атрымаў назву ваеннай дэмакратыі.

На поўдні Беларусі працэс разлажэння першабытнааб­шчынных адносін пачаўся значна раней, чым на поўначы. Гэтаму садзейнічала суседства са скіфа-сармацкімі плямёнамі, дзе гэтыя працэсы ішлі даволі інтэнсіўна. Вялікія абшчынныя дамы, якія адпавядалі таму часу, калі патрыярхальная сям'я з'яўлялася адзіным калектывам, на поўдні зніклі не пазней трэцяй чвэрці I тысячагоддзя да н. э. і замест іх з’явілася індывідуальнае жылле, якое прызначалася для канкрэтнай сям'і. Гэтаму ў значнай меры садзейнічала развіццё земляробства. Археалагічныя помнікі сведчаць, што ў гэты час ужо ўзнікла маёмасная няроўнасць. У Чаплінскім могільніку, напрыклад, знойдзены параўнальна багатыя пахаванні з мноствам розных рэчаў і зброі, бедныя пахаванні, дзе рэчаў амаль не было.

У І–ІІІ стст. н. э. на поўдні Беларусі насельніцтва пакінула ўмацаваныя гарадзішчы і пасялілася на адкрытых месцах – селішчах. Відаць, гэта адбылося ў выніку ўзнікнення вялікіх племянных аб'яднанняў, у межах якіх знікла неабходнасць ва ўмацаваных паселішчах для кожнай асобнай абшчыны.

Узнікненне маёмаснай няроўнасці, з’яўленне багатых і бедных сем'яў паскорыла распад радавых адносін. Сваяцкія сувязі сталі страчваць сваю сілу. На адкрытых паселішчах размяшчаліся ўжо не толькі кроўныя родзічы, але і сем'і з чужых родаў. Радавая абшчына саступала сваё месца сельскай. У яе аснове ўжо былі не сваяцкія, а тэрытарыяльныя і эканамічныя сувязі.

У цэнтральнай і паўночнай частках Беларусі гэтыя працэсы пачаліся, як сведчаць археалагічныя даныя, на два-тры стагоддзі пазней, у IV–V стст. н. э.

У перыяд жалезнага веку на тэрыторыі Беларусі пражывала некалькі вялікіх племянных груп. Гэта былі даволі ўстойлівыя аб'яднанні, якія не пакідалі месцаў свайго знаходжання на працягу многіх стагоддзяў. Яны характарызаваліся агульнасцю тэрыторыі, аднолькавым характарам жылля, паселішчаў, падабенствам пахавальных абрадаў і г. д.

У VІІ – ІІІ стст. да н. э. тэрыторыю сучаснай Гомельскай, паўднёвых раёнаў Магілёўскай і Мінскай абласцей, а таксама паўднёва-ўсходняй часткі Брэсцкай вобласці займалі плямёны так званай мілаградскай культуры (ад назвы в. Мілаград Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці). Паўночная граніца іх рассялення даходзіла да Слуцка, Бабруйска, Рагачова, Крычава. На тэрыторыі Украіны мілаградскія плямёны займалі тэрыторыю да ракі Рось. На поўдні суседнічалі са скіфскімі плямёнамі. Усходнімі суседзямі мілаградцаў былі плямёны юхнаўскай культуры, якія жылі ў басейне ракі Дзясна, на тэрыторыі сучаснай Бранскай і суседніх з ёю абласцей. Заходнімі суседзямі мілаградцаў былі плямёны лужыцкай і ўсходнепаморскай культур, якія насялялі басейн ракі Віслы.

Першапачаткова мілаградцы жылі ва ўмацаваных гарадзішчах і неўмацаваных паселішчах паўземлянога тыпу, а таксама ў невялікіх драўляных пабудовах слупавай канструкцыі. Яны займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, паляваннем, рамёствамі, здабываннем і апрацоўкай жалеза. Гэта культура мае характэрныя рысы, якія вылучаюць яе сярод іншых культур ранняга жалезнага веку. Гэта датычыцца найперш керамікі. Для мілаградскай культуры характэрнай формай глінянага посуду былі кругладонныя гаршкі з рэзка адагнутым венчыкам. Верхняй частка пакрывалася арнаментам, які складаўся з круглых паглыбленняў на ўнутраным і знешнім баках сценак, а таксама з розных па форме і глыбіні ямак. Вызначальнай рысай пахавальных абрадаў плямён мілаградскай культуры былі трупаспальванне і трупапалажэнне на безкурганных і курганных могілках. Некаторыя археолагі лічаць мілаградскую культуру славянскай, другія – балцкай.

У пачатку ІI-га тысячагоддзя да н. э. у Верхнім і Сярэднім Падняпроўі, дзе раней жылі плямёны мілаградскай культуры, склалася зарубінецкая культура (па назве в. Зарубінцы Пераяслаўль-Хмяльніцкага раёна Кіеўскай вобласці). Насельніцтва гэтых тэрыторый займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, здабываннем і апрацоўкай жалеза. Прылады працы, зброя, упрыгожанні ў параўнанні з прадметамі мілаградскай культуры былі больш разнастайнымі і дасканалымі. Плямёны зарубінецкай культуры падтрымлівалі сувязі з кельтамі, сарматамі, скіфамі, антычнымі гарадамі Паўночнага Прычарнамор'я, паўночнымі правінцыямі Рымскай імперыі, аб чым сведчаць знаходкі прадметаў, аздобленных эмаллю, бронзавага пасуду, рымскіх манет і г. д.

У басейне Нёмана, Заходняй Дзвіны і ў Верхнім Падняпроўі жылі індаеўрапейскія плямёны, для якіх была характэрнай культура штрыхаванай керамікі (VІІ ст. да н. э. – V ст. н. э.). Іх археолагі адназначна лічаць балтамі. На поўдні і паўднёвым усходзе іх суседзямі былі іранамоўныя плямёны (скіфы, сарматы), на поўначы і паўночным усходзе – фіна-угорцы, на захадзе і паўднёвым захадзе – славяне і германцы.

У VІІІ ст. да н. э. – V ст. н. э. на поўначы Беларусі і на суседняй з ёю тэрыторыі жылі плямёны днепра-дзвінскай культуры. Яны займалі даволі абшырную тэрыторыю. На поўдні яны межавалі з плямёнамі штрыхаванай керамікі, на паўднёвым усходзе і Смаленшчыне – з плямёнамі юхнаўскай культуры, на ўсходзе і ў заходняй частцы Волга-Окскага басейна – з плямёнамі дз'якаўскай культуры, на поўначы, паўночным захадзе і захадзе – са старажытнымі прыбалтыйскімі плямёнамі.

Асноўным тыпам паселішчаў плямён днепра-дзвінскай культуры былі ўмацаваныя паселішчы, якія размяшчаліся галоўным чынам на берагах рэк і азёр, што мелі заліўныя лугі і прыдатныя зямельныя ўгоддзі. У эканамічным жыцці гэтыя плямёны адставалі ад сваіх паўднёвых суседзяў. Жалезны век пачаўся тут на некалькі стагоддзяў пазней, а таму, па даных археалагічных раскопак, доўгі час асноўную ролю ў гаспадарцы адыгрывалі не земляробства, а жывёлагадоўля і паляванне. Толькі ў канцы I-га тысячагоддзя да н. э. каменныя і касцяныя прылады працы саступілі месца жалезным, у выніку чаго земляробства і жывёлагадоўля сталі галоўнымі заняткамі людзей.

Пытанне аб этнічнай прыналежнасці плямён днепра-дзвінскай культуры ў гістарычнай навуцы таксама яшчэ канчаткова не вырашана. Але, на думку многіх даследчыкаў яе стварылі ўсходнебалцкія плямёны. На карысць гэтага меркавання сведчыць і той факт, што назвы рэк і азёр на тэрыторыі плямён днепра-дзвінскай культуры (Вопь, Каспля, Лучаса, Обаль і інш.) маюць карані ў старажытных балцкіх мовах.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]