Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
456961_35A1E_kota_a_i_gistoryya_belarusi_i_susv....doc
Скачиваний:
15
Добавлен:
10.11.2018
Размер:
1.62 Mб
Скачать

Тэма I. Уводзiны План:

  1. Гiсторыя Беларусi i сусветная цывiлiзацыя як навука, яе прадмет, мэта i задачы вывучэння.

  2. Фармацыйны I цывiлiзацыйны падыходы ў гiстарычным пазнаннi.

  3. Крынiцы i гiстарыяграфiя па курсу «Гiсторыя Беларусi i сусветная цывiлiзацыя».

Метадычныя парады

1. Гiсторыя Беларусi i сусветная цывiлiзацыя як навука, яе прадмет, мэта i задачы вывучэння.  Пры асвятленнi першага пытання важна разабрацца ў тым, што прадметам вывучэння гiсторыi як навукi з’яўляецца перш за ўсё дзейнасць людзей, уся сукупнасць адносiн у грамадстве. У адрозненне ад iншых сацыяльна-гуманiтарных навук, вывучаючых якi-небудзь адзiн з бакоў грамадскага жыцця, гiсторыя мае справу з усёй сукупнасцю жыцця грамадства на працягу ўсяго гiстарычнага працэса.

Вытокi гiсторыi ўходзяць сваiмi каранямi к пачатку чалавечага рода, к таму часу, калi стала фармiравацца свядомасць чалавека i ўзнікла патрэба захоўваць, папаўняць перадаваць наступным пакаленням назапашаны вопыт і галоўныя ўрокi жыцця. Пачатак гiстарычнай навукi, як i многiх iншых, быў пакладзены ў Старажытнай Грэцыi першымi прафесiйнымi гiсторыкамi – Герадотам (481-425 гг. да н.э.), Фукiдзiдам (460-390 гг. да н.э.), у Старажытным Рыме – Цiтам Лiвiем (59 г. да н.э. – 17 г. н.э.) , Тацытам (58-117 гг.). У старажытныя часы з’явiлiся шматтомыя гiстарычныя даследаваннi. «Гiсторыя» Палiбiя (201-120 гг. да н.э.) налiчвала 40 кнiг, у якiх прадпрымалася спроба разгледзець «усеагульную» гiсторыю Грэцыi, Рыма, Егiпта i iншых краiн у iх узаемнай сувязi. Кiтайскi гiсторык Сыма Цянь (145-86 гг. да н.э.) у сваiм грандыёзным творы «Шы Цзы» («Гiстарычныя запiскi», 130 глаў) даў не толькi першую зводную гiсторыю Паднябеснай, але i вылучыў iдэю цыклічных замкнутых кругазваротаў у эвалюцыi народаў.

Наступны буйны крок у фармiраваннi гiстарычнай навукi быў зроблены ў канцы першага – пачатку другога тысячагоддзя нашай эры. Адным з сусветна вядомых вучоных гэтага часу быў арабскi гiсторык Бiрунi (Абу Рэйхан Мухаммед iбн-Ахмед аль-Бiрунi, 973-1050 гг.), пяру якога належыць твор па гiсторыi Iндыi, матэматыцы i астраномii («Канон Мас’уда»), а таксама працы па фiзiцы, медыцыне, геалогii i iншых навуках. Ужо ў працах гэтых i iншых вучоных змяшчалiся спробы не толькi апiсваць, але i растлумачваць падзеi, выяўляць унутраную логiку гiстарычнага працэса, зрабiць гiсторыю павучальнай для сучаснiкаў. «У тым i заключаецца галоўная карысць i лепшы плён знаёмства з падзеямi мiнулага, – пiсаў Цiт Лiвiй, – што тут бачыш усякага кшталту павучальныя прыклады ў абрамленнi велiчнага цэлага; тут i для сябе знойдзеш, i для чалавецтва ты адшукаеш, чаму падражаць, тут жа – чаго пазбягаць» (История Рима. М., 1970. C.70).

Вывучэнне гiсторыi Беларусi i сусветнай цывiлiзацыi выконвае шэраг важных сацыяльных функцый:

  • першай з iх з’яўляецца апiсальная, альбо функцыя сацыяльнай памяцi;

  • другой, больш значымай функцыяй з’яўляецца пазнавальная, альбо iнтелектуальна-развiваючая. Яна заклiкана на аснове прычынна-вынiковых сувязей выяўляць аб’ектыўную заканамернасць у развiццi як агульначалавечага грамадства, так i канкрэтнага кантынента, рэгiёна, краiны. Увесь змест гiсторыi Беларусi i сусветнай цывiлiзацыi як навукi абавязвае к набыццю фундаментальных ведаў у гэтай вобласцi i грамадзянскай адказнасцi за прымяненне гэтых ведаў у iнтарэсах грамадства;

  • трэцяя функцыя – прагнастычная, альбо практычна- палiтычная, прыкладная. Яна прызвана на аснове тэарэтычнага асэнсавання вывучаемага выяўляць не толькi заканамернасцi, але i тэндэнцыi развiцця грамадскiх адносiн. Пры гэтым яна дазваляе даследаваць не адзiн шлях развiцця, але i iншыя, альтэрнатыўныя, i выбiраць з iх найбольш аптымальныя;

  • апошняй (па лiку, а не па значэнню) з’яўляецца выхаваўчая функцыя, якая заключаецца ва ўздзеяннi вынiкаў навуковага аналiза гiсторыi Беларусi i сусветнай цывiлiзацыi на грамадзянскую пазiцыю вывучаючых курс, на прывiццё любовi да сваёй зямлi, свайго народа. Веданне гiсторыi сваёй радзiмы, «сваiх каранёў» дазваляе суаднесцi iндывiдуальныя i нацыянальныя iнтарэсы з агульначалавечымi, з iдэяй аб Зямлi як агульным доме ўсiх людзей.

Такiм чынам, вывучэнне гiсторыi Беларусi i сусветнай цывiлiзацыi на прыродазнаўчых факультэтах абумоўлена неабходнасцю шырокай гуманiтарнай падрыхтоўкi будучых спецыялiстаў i мае мэтай сфармiраваць у студэнтаў гiстарычную свядомасць, цэласнае ўяўленне аб заканамернасцях i асаблiвасцях эвалюцыi чалавечага грамадства, зразумець месца айчыннай гiсторыi ў сусветным гiстарычным працэсе, а, значыць, i ўклад беларускага народа ў сусветную цывiлiзацыю.

2. Фармацыйны i цывiлiзацыйны падыходы ў гiстарычным пазнаннi. Для таго, каб правiльна прааналiзаваць другое пытанне, патрэбна зыходзiць з таго, што глыбокае i ўсебаковае пазнанне гiсторыi Беларусi i сусветнай цывiлiзацыi можа забяспечыць толькi сучасная навуковая метадалогiя, якая прадстаўляе сабой сукупнасць метадаў даследавання (вывучэння). Метад (ад грэч. methodos – прыём, спосаб) – гэта спосаб пазнання, альбо па вобразнаму выразу нямецкага фiлосафа Гегеля, - душа прадмета.

Для вывучэня гiсторыi Беларусi i сусветнай цывiлiзацыi выкарыстоўваюцца наступныя группы метадаў:

  • агульнанавуковыя ( аналiз, сiнтэз, iндукцыя, дзедукцыя, лагiчны i г.д.);

  • уласнагiстарычныя ( сiнхронны, храналагiчны, дзiяхронны альбо метад перыядызацыi, кампаратыўны альбо параўнальна-гiстарычны, рэтраспектыўны, структурна-сiстэмны альбо метад сiстэмнага аналiза);

  • спецыяльныя, адаптаваныя ад iншых навук ( статычныя альбо матэматычныя метады, метады канкрэтных сацыяльных даследаванняў, бiхевiаральныя альбо метады сацыяльнай псiхалогii i iнш.).

Авалоданне i творчае выкарыстоўванне традыцыйных i навейшых метадаў – абавязковая ўмова навуковага аналiза мiнулага i сучаснага. Пры гэтым патрэбна адзначыць, што спачатку i вельмi працяглы час у гiстарычнай навуцы панавала суб’ектывiсцкая альбо аб’ектыўна-iдэалiстычная метадалогiя:

  • суб’ектывiсцкая канцэпцыя зыходзiла з таго, што гiстарычны працэс тлумачыўся дзеяннем вялiкiх людзей (цароў, фараонаў, iмператараў, iншых вялiкiх грамадскiх i палiтычных дзеячаў);

  • аб’ектыўна-iдэалiстычная метадалогiя рашаючую ролю ў развiццi гiстарычнага працэса адводзiла ўздзеянню не суб’ектыўных, а аб’ектыўных звышчалавечых альбо надчалавечых сiл: Боскай сiле, Абсалютнай iдэi i г.д.

I толькi ў сярэдзiне ХIX ст. былi зроблены сур’ёзныя спробы, каб пераадолець недахопы як суб’ектывiсцкай, так i аб’ектыўна-iдэалiстычнай метадалогii. Карл Маркс, нямецкi мыслiцель i грамадскi дзеяч, асновапаложнiк марксiзма сфармулiраваў канцэпцыю матэрыялiстычнага тлумачэння гiсторыi. Гэтая канцэпцыя базiруецца на фармацыйным падыходзе.

У чым жа канкрэтна заключаеццца сутнасць адкрытага К. Марксам фармацыйнага падыхода?

Грамадска-эканамiчная фармацыя, згодна марксiсцкаму вучэнню, адыгрывае вызначальную ролю ў гiстарычным працэсе. Асновай жа грамадска-эканамiчнай фармацыi, лiчыў К.Маркс i яго паслядоўнiкi, з’яўляецца спосаб вытворчасцi, якi характарызуецца пэўным узроўнем i характарам развiцця прадукцыйных сiл i адпаведнымi iм вытворчымi адносiнамi. Менавiта сукупнасць вытворчых адносiн (сарцавiна iх – адносiны ўласнасцi) утвараюць базiс, над якiм узвышаецца надстройка – палiтычныя, прававыя i iншыя адносiны i ўстановы, якiм у сваю чаргу адпавядаюць пэўныя формы грамадскай свядомасцi: мараль, рэлiгiя, мастацтва i г.д.

Згодна матэрыялiстычнаму падыходу, чалавецтва ў сваiм развiццi праходзiць 5 асноўных фармацый:

  • першабытна-абшчынную (бяскласавую);

  • рабаўладальнiцкую;

  • феадальную;

  • капiталiстычную;

  • камунiстычную ( першай фазай якой з’яўляецца сацыялiзм).

Пераход ад адной фармацыi да наступнай ажыцыўляецца на аснове сацыяльных рэвалюцый, якiя К.Маркс называў «лакаматывамi гiсторыi».

Як бачым, фармацыйны падыход у гiстарычным пазнаннi адыграў вялiкую ролю: пераадолеў многiя недахопы суб’ектывiсцкай i аб’ектыўна-iдэалiстычнай метадалогii; абаснаваў такiя важныя прнцыпы, як адзiнства чалавецтва, прынцып гiстарычнай заканамернасцi, прынцып дэтэрмiнiзма, прынцып прагрэса; прадаставiў гiсторыю чалавецтва як аб’ектыўны, заканамерны, паступальны працэс.

Разам з тым, фармацыйны падыход у пазнаннi гiсторыi з самага пачатку ўзнiкнення меў абмежаваны характар, грашыў многiмі недахопамі i памылкамі. Асаблiва яны праявiлiся ў наш час, у пераходную эпоху, калi крута змяняецца траекторыя развiцця грамадства, iмклiва паскараецца тэмп пераменаў у жыццi кожнага народа, кожнага чалавека.

У чым жа заключаецца абмежаванасць, недахопы i памылкi фармацыйнага падыхода ў пазнаннi гiсторыi?

Па-першае, фармацыйны падыход зыходзiць з монаварыянтнасцi (адналiнейнасцi) гiстарычнага развiцця. Патрэбна мець на ўвазе, што тэорыя фармацый была абаснавана на аснове абагульнення вопыту еўрапейскiх краiн. Дарэчы, сам К.Маркс усведамляў шматстайнасць сусвету i адзначаў, што некаторыя краiны адносяцца да так званага «азiяцкага спосаба вытворчасцi». Але падрабязнай распрацоўкi гэтай праблемы ён не даў. Паслядоўнiкi ж «марксiзма-ленiнiзма» (Ленiн, Сталiн i iнш.) i без таго агульныя выказваннi К. Маркса «ўсяклi» (спрасцiлi ) i сфармулiравалi жорсткi закон змены фармацый, у «пракрустава ложа» якога быў «уцiснуты» ўвесь сусветна-гiстарычны працэс.

Па-другое, фармацыйны падыход праявiў сваю абмежаванасць абсалютызацыяй ролi класавай барацьбы, насiлля («павiвальная бабка гiсторыi»).

Па-трэцяе, фармацыйны падыход, разглядаючы гiстарычны працэс пад вуглом бачання трансфармацыi спосаба вытворчасцi, рашаючае значэнне ў тлумачэннi гiстарычных падзей надае аб’ектыўным фактарам, а асноўнаму суб’екту гiсторыi – чалавеку адводзiць другарадную ролю.

Па-чацвертае, фармацыйны падыход, абасноўваючы непазбежнасць развiцця гiстарычнага працэса па ступеньках ад першабытнаабшчыннай да камунiстычнай фармацыi, пакутвае сацыяльным утапiзмам. Утапiчнасць камунiстычнага будаўнiцтва ярка праявiлася ў апошнiя дзесяцiгоддзi ХХ ст. у Савецкiм Саюзе i iншых краiнах «сусветнай сiстэмы сацыялiзма».

Такiм чынам, фармацыйны падыход, стварыўшы пэўныя цяжкасцi ў пазнаннi і тлумачэннi полiварыянтнасцi (шматстайнасцi) гiстарычнага развiцця, не вытрымаў праверкi часу (у якасцi унiверсальнага, адзiнаправiльнага) i ўступiў сваё месца больш прадукцыйнаму, навукова абгрунтаванаму падыходу – цывiлiзцыйнаму.

У чым жа сутнаць i значэнне цывiлiзацыйнага падыхода ў гiстарычным пазнаннi, яго адрозненне ад папярэднiх падыходаў, у прыватнасцi, ад фармацыйнага?

У аснову новага падыхода ставяцца не прылады працы, формы ўласнасцi, вытворчыя адносiны, а сам чалавек у сукупнасцi яго патрэбнасцей, здольнасцей, волi, ведаў. Менавiта рост матэрыяльных i духоўных патрэбнасцей чалавека служыць штуршком к пошуку шляхоў iх больш поўнага задавальнення на аснове пераўтварэнняў у матэрыяльнай вытворчасцi, духоўна-культурнай сферы, сацыяльна-палiтычным уладкаваннi i г.д. Адным словам, чалавек з’яўляецца асновай цывiлiзацыi. Галоўная вартасць новага, цывiлiзацыйнага падыхода заключаецца ў тым, што ён «ачалавечвае» гiсторыю.

Новы, цывiлiзацыйны падыход у тлумачэннi гiстарычнага працэса пачаў складвацца яшчэ ў ХVIII ст. Французскiя фiлосафы-асветнiкi называлi цывiлiзаваным грамадства, заснаванае на iдэалах роўнасцi i справядлiвасцi.

Больш поўнае развiццё цывiлiзацыйны падыход атрымаў у канцы XIX-XX стст. У зарубежнай гiстарыяграфii найбольш вiднымi прадстаўнiкамi гэтай метадалогii з’яўляюцца англiйскiя сацыёлагi Макс Вебер i Арнольд Тойнбi, нямецкi фiлосаф Освальд Шпенглер, французскiя гiсторыкi Фернан Брадэль, Жак Ле Гофф i iнш. У расiйскай гiстарычнай навуцы неацэнны ўклад у распрацоўку цывiлiзацыйнай канцэпцыi ўнеслi Мiкалай Данiлеўскi, Канстанцiн Лявонцьеў, Пiцiрым Сарокiн.

Згодна новага падыхода асноўнай структурнай адзiнкай гiстарычнага працэса з’яўляецца цывiлiзацыя. Паняцце (тэрмiн) «цывiлiзацыя» (ад лацiн. cлова civilis – грамадзянскi) – у вышэйшай ступенi шматзначнае. У сiлу гэтай шматзначнасцi i ўнiверсальнасцi iснуе больш 100 дэфiнiцый (вызначэнняў) цывiлiзацыi:

  1. Цывiлiзацыя з’яўляецца сiнонiмам культуры (Цывiлiзацыя ёсць «сучасная сусветная культура». Гл.: Современный словарь иностранных слов. 3-е изд. – М., 2000. С. 680);

  2. Ступень грамадскага развiцця пасля эпохi варварства (Цывiлiзацыя ёсць 3-я ступень грамадскага развiцця, якая наступае за варварствам; 1-я ступень – дзiкасць. (Гл.: Морган Л. Древнее общество, или Исследование линий человеческого прогресса от дикости через варварство к цивилизации. – М., 1877; 1934));

  3. Узровень грамадскага развiцця i матэрыяльнай культуры, дасягнуты дадзенай грамадска-эканамiчнай фармацыяй (Гл.: Русский словарь иностранных слов в русском языке. – М., 1996. С. 760);

  4. Пэўная ступень развiцця грамадства, яго матэрыяльнай i духоўнай культуры (Гл.: Ожегов С.И. Словарь русского языка. – М., 1990. С. 872);

  5. Заключная стадыя развiцця любой культуры (Гл.: Шпенглер О. Закат Европы. – М., 1923; 1992);

  6. Цывiлiзацыя на бытавым узроўні часта атаесамляецца чалавекам з рацыянальнасцю, камфортным уладкаваннем ягонага жыцця («Камфорт i цывiлiзацыя амаль сiнонiмы, альбо дакладней першае ёсць непазбежнае разумнае наступства другога» (Гл.: Гончаров И.А. Фрегат “Паллада”. – ПСС в 20 томах. Т. 2. – М., 1997. С. 272).Сёння наглядаецца тэндэнцыя пашырэння паняцця цывiлiзацыi. Распаўсюджваецца разуменне цывiлiзацыi як соцыякультурнай макрасiстэмы, якая мае ўнутраны, самастойны механiзм функцыянiравання. Гэта значыць, вызначэнне цывiлiзацыi даецца не толькi цераз культуру, а цераз катэгорыi грамадства i цэлага комплекса яго функцыянальных складаючых:

  • геаграфiчнае (прыроднае) асяроддзе;

  • сiстэма вядзення гаспадаркi (эканомiка);

  • сацыяльная арганiзацыя;

  • рэлiгiя (альбо iдэалогя, узведзенная ў ранг рэлiгii);

  • духоўныя каштоўнасцi;

  • палiтычная сiстэма.

У апошнi час на адно з першых месц у iерархii складаючых усё часцей вылучаецца менталiтэт альбо ментальнасць. Катэгорыя «ментальнасць» (ад. франц. mentalite –мыслене, склад розума) уведзена ва ўжытак французскiмi вучонымi, якiя належалi да школы «Анналаў» ( па часопiсу «Annaly», выходзячаму ў 1929 – 1941гг. i з 1945г.). Марк Блок i Ле Февр вызначалi менталiтэт як «сукупнасць разумовых установак, прывычак мысленння, фундаментальных вераванняў iндывiда».

Сумiруючы ўсё сказанае, можна сцвярджаць, што «цывiлiзацыя – гэта супольнасць людзей, якiя маюць агульныя фундаментальныя асновы ментальнасцi, агульныя асновапалагаючыя духоўныя каштоўнасцi i iдэалы, а таксама ўстойлiвыя рысы ў сацыяльна-палiтычнай арганiзацыi, эканомiцы i культуры» (Семенникова Л.И. Цивилизация в истории человечества. Брянск, 1998. С.17).

Як бачыце, для новага, цывiлiзацыйнага падыходу к гiстарычнаму працэсу больш iстотнае значэнне, чым для папярэднiх, мае разуменне сiстэмы, уключаючай у сябе розныя элементы (ментальнасць, рэлiгiю, культуру, экалогiю, палiтычную арганiзацыю i г.д.), якiя цесна ўзаемазвязаны.

Кожны з элементаў гэтай сiстэмы нясе на сябе адбiтак своеасаблiвасцi той цi iншай цывiлiзацыi (усходняй цi заходняй, хрысцiянскай цi мусульманскай, антычнай цi постiндустрыяльнай i г.д.). Гэта своеасаблiвасць мае даволi ўстойлiвы характар, i, нягледзячы на пэўныя трансфармацыi пад уздзеяннем унутраных i знешнiх фактараў у цывiлiзацыi, iх аснова iстотна не змяняецца.

Такi падыход к разгляду цывiлiзацый знайшоў абаснаванне ў тэорыi культурна-гiстарычных тыпаў цывiлiзацыi, распрацанаванай Данiлеўскiм, Тойнбi i iншымi вучонымi:

  • упершыню тэорыю абасобленых «культрна-гiстарычных тыпаў цывiлiзацый» вылучыў рускi публiцыст, сацыёлаг, iдыёлаг панславiзму М.Я.Данiлеўскi (кн. «Россия и Европа: взгляд на культурные и политические отношения славянского мира к германо-романскому». М., 1869; перавыд.– М., 1991). Данiлеўскi апiсаў 11 тыпаў цывiлiзацый, у тым лiку як якасна новы «славянскi»;

  • А.Тойнбi, вывучаючы сусветную гiсторыю, прыйшоў да высновы аб iснаваннi 13 самастойных цывiлiзацый. Усе астатнiя ён адносiў да варыянтаў сусветнай цывiлiзацыi («Постижение истории». Т.1-12, 1934-1962 гг.);

  • Ф.Брадэль i П.Сарокiн лiчылi, што кожнае грамадства, кожную цывiлiзацыю патрэбна вывучаць такiмi, якiмi яны ёсць, а не iмкнуцца выяўляць нейкiя глабальныя законы iх развiцця;

  • Сучасны расiйскi вучоны Любоў Семяннiкова ўвяла ва ўжытак катэгорыю «тып цывiлiзацыi – тып жыццядейнасцi» i прапанавала вылучыць 3 тыпы цывiлiзацыi: па-першае, прыродныя супольнасцi (народы якiх жывуць у рамках прыроднага цыкла, у гармонii з прыродай); па-другое, усходнi тып (маецца на ўвазе не геаграфiчная катэгорыя, а ўсход як сiмвал асобага светаўспрымання, вобраза жыцця) i па-трэцяе, заходнi тып, як сiмвал «прагрэсiўнага развiцця» (Л.Н.Семенникова. Россия в мировом сообществе цивилизаций. Брянск, 1995, 1996, 1999, 2000г.; её же «Цивилизация в истории человечества». Брянск, 1998).

Цывiлiзацыя не з’яўляецца чымсьцi нерухомым. Яна мяняецца, эвалюцыянiруе. Пры гэтым ход яе развiцця – плюралiстычны, не лiнейны. У адпаведнасцi з гэтым вучоныя вылучаюць розныя тыпы i стадыi, фазы, цыклы цывiлiзацый. У чым жа заключаецца iх сутнасць i асаблiвасцi, альбо класiфiкацыя, тыпалогiя?

Тыпы цывiлiзацый. Усе iснуючыя i iснаваўшыя цывiлiзацыi класiфiцыруюцца (падзяляюцца) на два асноўныя тыпы: сусветныя i лакальныя. Сусветныя цывiлiзацыi – гэта важнейшыя этапы ў гiсторыi ўсяго чалавецтва, якiя характарызуюцца:

  • пэўным узроўнем патрэбнасцей, здольнасцей, ведаў, навыкаў i iнтарэсаў чалавека (чалавек – аснова структуры цывiлiзацыi);

  • тэхналагiчным спосабам вытворчасцi;

  • эканамiчным спосабам вытворчасцi;

  • пэўнымi сацыяльна-палiтычнымi адносiнамi;

  • пэўнай грамадскай свядомасцю (Яковец Ю.В. История цивилизаций. М., 1997. С. 45).

Вылучаюцца сем сусветных цывiлiзацый: 1) неалiтычная, 2) раннекласавая, 3) антычная, 4) сярэдневяковая, 5) перадiндустрыяльная, 6) iндустрыяльная i 7) постiндустрыяльная.

Лакальныя цывiлiзацыi – гэта разнастайныя гiстарычныя сiстэмы, якiя маюць адрозненнi ад агульнасусветных i выражаюць асаблiвасцi краiны альбо групы краiн. Самi лакальныя цывiлiзацыi падзяляюцца на два тыпы: заходнiя i ўсходнiя. Сумежныя лакальныя цывiлiзацыi сiнхранiзуюцца ў сваёй дынамiцы (развiццi). У адпаведнасцi з гэтым можна выдзялiць такiя групы сiнхронных цывiлiзацый:

  • сяродземнаморска-блiжнеўсходняя група (Егiпет, Сiрыя, Грэцыя, Iталiя i iнш.);

  • азiяцкая ( Iндыя, Кiтай, Японiя, Сярэдняя Азiя, Персiя);

  • заходнееўрапейская (Iспанiя, Брытанiя, Францыя);

  • амерыканскiя цывiлiзацыi;

  • афрыканскiя;

  • усходнееўрапейскiя i паўночнаазiяцкiя лакальныя цывiлiзацыi.

Стадыi, фазы i цыклы цывiлiзацый. У працэсе развiцця кожная цывiлiзацыя праходзiць шэраг стадый, альбо фазаў:

  1. зараджэнне, альбо генезiс (А.Тойнбi), iнкубацыйны перыяд (Л.Гумiлёў);

  2. рост, альбо росквiт (А.Тойнбi), пасiянарны пад’ём (Л.Гумiлёў);

  3. крызiс, альбо надлом, калi вычарпаны рэсурсы развiцця (А.Тойнбi);

  4. пагiбель, альбо распад (А.Тойнбi), выбар альтэрнатыў (Л.Семяннiкова).

Увесь перыяд ад зараджэння да пагiбелi складае разам жыццёвы цыкл адпаведнай цывiлiзацыi. Самi жыццёвыя цыклы класiфiцыруюцца ў залежнасцi ад прасторавага аспекта (напрыклад, цыкл краiн Заходняй Еўропы, краiн Цiхаакiянскага рэгiёна; кантынента; глабальны), а таксама ў залежнасцi ад чàсавага (pertaining to time) аспекта (кароткатэрмiновы, сярэднетэрмiновы, доўгатэрмiновы, суперцыклы).

Гiстарычныя суперцыклы, альбо “тры хвалi” (О.Тофлер) аб’ядноўваюць некалькi шматвяковых цыклаў роднасных цывiлiзацый i ўключаюць:

  • першы суперцыкл – неалiтычная, раннекласавая i антычная цывiлiзацыi (7-8 тыс. гадоў);

  • другi суперцыкл – сярэдневяковая, перадiндустрыяльная (раннекапiталiстычная) i iндустрыяльная цывiлiзацыi (1500 гадоў);

  • трэцi суперцыкл – постiндустрыяльная i дзве наступныя цывiлiзацыi. Пачаўся ён з канца ХХ ст. i будзе працягвацца каля паловы тысячагоддзя, калi якая-небудзь выпадковасць – тэрмаядзерная цi прыродная катастрофа не перакрэслiць гэты шлях (О.Шпенглер, А.Тойнбi, Л.Гумiлёў, О.Тоффлер, Ю.Якавец).

У апошні час шырокае распаўсюджване набывае дыферэнцыяцыя усіх цывілізацый на два вялікія класы – традыцыйную і тэхнагенную. Адрозненні між імі нясуць радыкальны характар. Доўгі час гісторыя чалавецтва працякала як узаемадзеянне традыцыйных грамадстваў. Такія грамадствы. Такія грамадствы характарызуюцца запаволянымі тэмпамі сацыяльных пераутварэнняў. І толькі ў XV – XVII стагодзях, спачатку ў еўрапейскім рэгіене з’яўляюцца тэхнагенныя грамадствы, у якіх тэмп сацыяльных зменаў стаў нарастаць з вялікай хуткасцю. Самая галоўная змена звязаная з пераходам ад традыцыйнага грамадства да тэхнагеннай цывілізацыі, як сцвярджае адзін з буйнейшых расійскіх спяцыялістаў у вобласці філасофіі навукі і тэорыі (дарэчы, выпускнік БДУ) Вячаслаў Суёпін, заклячаецца ва ўзнікненні новай сістэмы каштоўнасцей: “Каштоунасцю лічыцца сама інавацыя, арыгінальнасць, увогуле новае (у пэўным сэнсе сівалам тэхнагеннага грамадства можа лічыцца кніга рэкордаў Гінэса, у адрозненне, скажам, ад сямі цудаў свету – кніга Гінеса наглядна сведчыць, што кожны індывідуўм можа стаць адзіным у сваім родзе, дасягнуць чагосці незвычайнага, і яна ж як бы заклікае да гэтага; сем цудаў свету, наадварот, закліканы падкрэсліць закончанасць свету і паказаць, што ўсе грандыезнае, сапраўды незвычайнае ўжо здейснена).” ( гл. : Степин В.С. Теоретическое знание : Структура, человеческая эволюция. М., 2000. с. 20).

Заканчваючы аналiз асноўных паняццяў i сутнасцi “цывiлiзацыя”, яе тыпы, стадыi, фазы, цыклы i “цывiлiзацыйны падыход”, адзначым: прынцыпы новага, цывiлiзацыйнага падыходу ў пазнаннi гiсторыi дазваляюць вывучаць сусвет больш шырока i поўна пад дэвiзам «адзiнства ў спалучэннi са шматстайнасцю». Такiм чынам, новы цывiлiзацыйны падыход мае шэраг перавагаў:

  • ён прымянiмы да гiсторыi кожнай краiны альбо группы краiн i арыентуе на пазнанне гiсторыi як шматварыянтнага працэса;

  • улiчваючы шматварыянтнасць i спецыфiку краiны, рэгiёна, ён адначасова забяспечвае цэласнасць i адзiнства чалавечай гiсторыi;

  • надаючы важную ролю ў развiццi цывiлiзацыi духоўнаму свету чалавека, яго культуры, менталiтэту, цывiлiзацыйны падыход сапраўды «ачалавечвае» гiсторыю.

Такім чынам, вылучаючы навуковыя крытэрыi развiцця цывiлiзацый, новы падыход забяспечвае магчымасць адэкватна ацэньваць узровень дасягненняў кожнай краiны альбо группы краiн i ўклад iх народаў у скарбонку сусветнай цывiлiзацыi.

Разам з тым i цывiлiзацыйны падыход не пазбаўлены шэрага недахопаў. Сярод яго слабых бакоў адзначым недастаткова дакладныя крытэрыi выдзялення тыпаў цывiлiзацыi. У адных вучоных прымат аддаецца культурнаму пачатку, у другiх – грамадска-эканамiчнаму, у трэцiх – палiтычнаму, у iншых – рэлiгiйнаму i г.д. Адсюль вывад: розныя падыходы, у тым лiку фармацыйны i цывiлiзацыйны, даюць магчымасць разглядаць розныя «зрэзы» гiстарычнага працэса, маюць свае моцныя i слабыя бакi. Таму, вывучаючы курс, патрэбна не абсалютаваць нi адзiн з падыходаў, а браць на ўзбраенне толькi лепшае, што маецца ў той цi iншай канцэпцыi. Ад гэтага толькi выйграе пазнанне гiсторыi.

3. Крынiцы i гiстарыяграфiя па курсе «Гiсторыя Беларусi i сусветная цывiлiзацыя». Першае, што ўзнікае пры звароце студэнта прыродазнаўчага факультэта, ды і любога спецыяліста "дакладных" навук, да паглыбленага вывучэння і пасягнення гісторыі, - гэта пытанне: "А ці з'яўляецца яна, ваша гісторыя, уласна кажучы, навукай?" У такой сітуацыі прафесійнаму гісторыку ні ў якім разе не дазваляецца "расстрэльваць" дапытлівага маладога чалавека надакучыўшымі яму са школьных часоў абрыдлівымі цытатамі-штампамі тыпа "Можна не ведаць матэматыкі (біялогіі, хіміі і г.д.) і быць адукаваным чалавекам, а без ведання гісторыі чалавек асуджаны заставацца неразумным дзіцянем", альбо зусім крута:"Мы ведаем толькі адну адзіную навуку - гісторыю".

Наколькі будзе прасцей, прыстойней і карысней, калі гісторык-педагог пастараецца дапамагчы вывучаючаму зразумець сапраўднае месца гісторыі ў сістэме чалавечых ведаў. Усім жа вядома, што спачатку гісторыяй называлі любы роспавед аб дзеях мінулых; быў час калі яе, як адну з музаў, змяшчалі між філасофіяй і паэзіяй; і толькі ў Новы час за ей было прызнана права называцца самастойнай (самадастатковай) навуковай дысцыплінай. Ды і пасля таго, як нямецкі вучоны-энцыклапедыст Імануіл Кант вызначыў грань між прыродазнаўчымі і грамадскімі навукамі, многія вучоныя лічаць, што гісторык павінен толькі апісваць факты і падзеі, што нашы веды аб мінулым не могуць быць дакладнымі і поўнавартаснымі.

І тут мы падыходзім да пытання: ці могуць нашы веды аб мінулым быць аб'яктыўнымі, дакладнымі? І як, адкуль гісторык, у адрозненне ад фізіка (біелага і г.д.), пазбаўлены магчымасці праводзіць эксперыменты і нават назіраць за вывучаемымі з'явамі мінулага, чэрпае звесткі аб іх? Такія звесткі, сведчанні даюць нам гістарычныя крыніцы. У якасці такіх крыніц выступае ўсе тое, што мінулае аставіла пасля сябе і што нясе хоць якую-небудзь інфармацыю аб ім. Такім чынам, гісторык мае магчымасць аперыраваць дакладнымі дадзенымі аб мінулым, але ступень верагоднасці іх залежыць ад колькасці, якасці, рэпрэзентатыўнасці захаваўшыхся крыніц, а таксама методыкі выкарыстання.

Для глыбокага вывучэння курса iснуюць шматстайныя гiстарычныя крынiцы – матэрыяльныя аб’екты, якiя маюць сацыяльную прыроду паходжання, адлюстроўваюць гiстарычнае мiнулае грамадства i служаць сродкам гiстарычнага пазнання. Увесь комплекс крынiц вучоныя класiфiцыруюць на пэўныя тыпы i вiды. Hайбольш пашыраны падзел гiстарычных крынiц на сем тыпаў:

  • пiсьмовыя,

  • рэчавыя,

  • этнаграфiчныя,

  • моўныя,

  • фальклорныя,

  • кiнафотадакументы,

  • фонадакументы (Пушкарев Л.Н. Классификация русских письменных источников по отечественной истории. М.,1975).

Разабрацца ў гiстарыяграфii гiсторыi Беларусi i сусветнай цывiлiзацыi дапамогуць навуковыя працы такiх сусветна вядомых зарубежных даследчыкаў, як М.Блок, Ф.Брадэль, У.Ростаў, А.Тойнбi, О.Шпенглер, К.Ясперс. З рускiх вучоных адзначым М.А.Бердзяева, М.Я.Данiлеўскага, I.М.Iонава, Л.I.Семяннiкову, Е.Б.Чарняка, Ю.У.Якаўца.

Станаўленне i развiцце беларускай нацыянальнай гiстарыяграфii бярэ свой пачатак з зараджэння беларускай нацыянальнай iдэi i нацыянальнага руху (першая палова XlX ст.). Першымi прафесiйнымi гiсторыкамi Беларусi, якiя сваiмi даследваннямi залажылi фундамент канцэпцыi айчыннай гiсторыi, былi вучоныя Вiленскага унiверсiтэта У.С.Анацэвiч, М.К.Баброўскi, I.М.Данiлович, I. Я. Нарбут i iншыя.

Вялікі ўклад у вывучэнне гiсторыi Беларусi ў кантэксце сусветнай цывiлiзацыi ўнеслi працы М.В.Доўнар-Запольскага, У.М.Iгнатоўскага, І.М. Ігнаценкі, У.І. Пічэты. З сучасных спецыялістаў, найбольш пленна працуючых у галіне айчыннай гістарыяграфіі і крыніцазнаўства, можна адзначыць акадэміка Міхася Касцюка, прафесараў Міколу Сташкевіча, Уладзіміра Міхнюка, Эмануіла Іофэ, дацэнтаў Уладзіміра Тугая, Сяргея Ходзіна і іншых даследчыкаў. Навуковыя працы iх, а таксама калектыўныя манаграфii вы знойдзеце ў спiсе рэкамендаванай лiтаратуры.

Пры цяжкасцi ў падборы i вывучэннi рэкамендаванай лiтэратуры неабходна звярнуцца за кансультацыяй да выкладчыка. Групавыя i iндывiдуальныя кансультацыi служаць абавязковай формай работы выкладчыка са студэнтамi-першакурснiкамi i эфектыўным сродкам паглыблення iмi ведаў па гiсторыi Беларусi i сусветнай цывiлiзацыi.

Асноўныя паняццi i азначэннi

Гiсторыя, гiстарычныя крынiцы, гiстарыяграфiя.

Метад, метадалогiя.

Менталiтэт, ментальнасць.

Фармацыя, фармацыйны падыход.

Цывiлiзацыя, цывiлiзацыйны падыход к пазнанню гiсторыi.

Пытаннi для самакантролю

  1. Асвятлiце месца гiсторыi сярод гуманiтарных навук, у агульнай сiстэме навук, у сучасным свеце.

  2. У чым вы бачыце перавагi цывiлiзацыйнага падыходу к пазнанню гiсторыi перад фармацыйным?

  3. Якiя вучоныя (зарубежныя i айчынныя) ўнеслi асноўны ўклад ў гiстарыяграфiю гiсторыi Беларусi i сусветнай цывiлiзацыi?