Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
456961_35A1E_kota_a_i_gistoryya_belarusi_i_susv....doc
Скачиваний:
15
Добавлен:
10.11.2018
Размер:
1.62 Mб
Скачать

Асноўныя паняцці і азначэнні

Археалагічная перыядызацыя, палеаліт, мезаліт, неаліт.

Неалітычная рэвалюцыя, неалітычная цывілізацыя.

Род, племя, абшчына.

Старажытная інфармацыйная рэвалюцыя.

Эйкумена.

Этнас, этнічныя супольнасці, індаеўрапейцы, балты, славяне.

Пытанні для самакантролю

Ахарактарызуйце сутнасць неалітычнай рэвалюцыі. Як вы ацэньваеце яе наступствы і гістарычнае значэнне?

У чым заключаюцца асаблівасці неаліта, бронзавага і жалезнага века на тэрыторыі сучаснай Беларусі?

Назавіце галоўныя дасягненні антычнай цывілізацыі.

Якое значэнне ў гісторыі Еўропы мелі “вялікія перасяленні народаў”?

Вызначце асноўныя перыяды этнічнай гісторыі Беларусі: даіндаеўрапейскі і індаеўрапейскі перыяды.

Як адбывалася “славянізацыя” тэрыторыі сучаснай Беларусі?

Літаратура

Алексеев В.П., Першиц И.А. История первобытного общества. М., 1999.

Альдебер Ж. и др. История Европы (Под редакцией В.С. Кошелева). Мн., – М., 1996 (Гл. I–II).

Гісторыя Беларусі: У 2 ч. Ч.1. Ад старажытных часоў – па люты 1917 г. Пад рэд. Я.К.Новіка і Г.С.Марцуля. Мн., 2003 (раздзел I).

Гиленсон Б.А. История античной литературы. Кн. 2. Древний Рим. М., 2001.

Гумилёв Л.Н. Этногенез и биосфера земли. Л., 1990.

Джеймс П. Римская цивилизация/Пер. с анг. М., 2002.

Древние цивилизации (под редакцией Г.М. Бонгард-Левина). М., 1989.

Загорульский Э.М. Древняя история Белоруссии: очерки этнической истории материальной культуры (до IX в.). Мн., 1977.

История древнего мира. 3-е изд.(Под редакцией И.М. Дьяконова и др.) М., 1989.

Пилипенко М.Ф. Возникновение Белоруссии: новая концепция. Мн., 1990.

Полное собрание русских летописей. М., 1962.Т.2.

Равяка К.А. Антычная спадчына на Беларусі. Мн.,1998.

Ханкевич О.И. Древние цивилизации. Мн., 2000 (гл. I, с. 9-26).

Яковец Ю.В. История цивилизаций. М., 1997 (гл. II., с. 71-140).

Тэма III. Сярэдневяковы свет I беларусь

У V – ХII стст.

План:

  1. Станаўленне еўрапейскай сярэдневяковай цывiлiзацыi.

  2. Фармiраванне старажытнарускай дзяржаўнасцi: Кiеўская Русь; Полацкае i iншыя княствы на тэрыторыi Беларусi.

  3. Духоўнае жыццё i культура ўсходніх славян. Значэнне старажытнарускага этапа ў гістарычных лёсах Беларусі.

Метадычныя парады

1. Станаўленне еўрапейскай сярэдневяковай цывiлiзацыi. Падзенне Заходняй Рымскай імперыі (476 г.) знаменавала сабой завяршэнне антычнай (рабаўладальніцкай) цывілізацыі і пераход да новай сярэдневяковай (феадальнай) цывілізацыі. Само паняцце сярэднія вякi (альбо “цёмныя вякi”, “змрочнае сярэдневечча”) ўведзена ў навуковы ўжытак італьянскімі гуманістамі для абазначэння перыяда, што аддзяляў іх ад эпохі Антычнасці, ідэалы якой яны імкнулiся адрадзіць (Смирнова Е.Д., Сушкевич Л.П., Федосик В.А. Средневековый мир в терминах. Мн., 1999. С. 6). Розныя погляды iснуюць i па вызначэнню храналагічных рамак Сярэдневякоўя:

- гісторыкi школы “Анналаў” датуюць яго ад II да ХIII стст.;

- савецкія вучоныя – з V да сярэд. ХVII стст.;

- cучасная гістарыяграфія вызначае гэту эпоху ў рамках V – ХV стст., падраздзяляючы яе на Ранняе Сярэдневечча (V – IХ стст.), Высокае (Х – ХIII стст.) і Позняе Сярэдневечча (ХIV – ХV стст.).

Сярэдневечча валодае шэрагам асобых тыпалагічных рыс, якія адрозніваюць яго ад іншых гістарычных эпох. Сярэдневяковае грамадства пераважна аграрнае, асновай якога з’яўляецца гаспадарка непасрэднага вытворцы – селяніна ва ўмовах прыватнай уласнасці феадала на галоўны сродак вытворчасці таго часу – зямлю (феод –участак зямлі, уладальнік яе – феадал). Для гэтага грамадства ўласціва ўстойлівая сістэма ўяўленняў і каштоўнасцей, заснаваных на рэлігійна-царкоўным вучэнні, выхаванні людзей у духу “выратавання душы”, дасягнення “царства божага”. Iншымi словамi, для сярэдневяковага грамадства характэрна імкненне да ўнутранага адзінства і знешняга абасаблення, замкнутасць саслоўяў i сацыяльных груп.

Разам з тым, сярэдневяковаму грамадству быў уласцівы і дынамізм развіцця. Сярэднiя вякі ў многім змянілі воблік Еўропы. Менавіта ў гэты час узнікла большасць сучасных краін і народаў. На абломках Заходняй Рымскай iмперыі ўтварыліся новыя дзяржавы (каралеўствы): Бургундскае, Вестготскае, Остготскае, Франкскае і iнш.).

Найвялiкшага росквіту Франкскае каралеўства дасягнула пры Карле Вялікім, які ў 800 г. быў каранаваны (у рымскім храме Святога Пятра) як імператар. Яму ўдалося далучыць Лангабардскае каралеўства, пакарыць саксаў. Усё гэта ўзмацняла германскі характар імперыі. У ХI ст. усходне-франкская дзяржава стала называцца Рымскай, а потым – Свяшчэннай Рымскай імперыяй .

У перыяд Сярэдневякоўя адбылося зараджэнне і фарміраванне сучасных народаў: французаў, немцаў, англічан, італьянцаў, іспанцаў, балгар, чэхаў, палякаў, рускіх, беларусаў i iнш.

Сярэдневякоўе сфарміравала новы – гарадскі вобраз жыцця. У гэты час не толькі ажывілася рамеснае і гандлёвае жыццё ў старых рымскіх гарадах, але і з’явілася шмат новых. Унутры гарадскіх сцен дзейнічалі адмысловыя законы, аформленыя ў выглядзе прывілегiй, і дзейнічала знакамітае правіла “гарадское паветра робіць чалавека вольным”. Вольныя гараджане, шэрагі якіх папаўняліся за кошт прытока сялян, станавіліся носьбітамі новага свету, а гарады –калыскай новай цывілізацыi.

Сярэдневякоўе – гэта перыяд станаўлення такой новай формы заходняй цывілізацыі, як еўрапейская хрысціянская цывілізацыя. Яна фарміравалася на тэрыторыі былой Рымскай імперыі, якая распалася на дзве часткі: Заходнюю i Ўсходнюю (Візантыя). Заходняя Рымская імперыя пацярпела ў 476 г. крах, а Візантыя праіснавала да 1453 г. Iх развіццё мела істотныя адрозненнi, у выніку чаго сфарміравалiся дзве разнавіднасці еўрапейскай цывілізацыі – усходняя і заходняя.

Хрысціянства як адна з трох сусветных рэлігій (побач з буддызмам і ісламам), узнікшая ва ўсходніх правінцыях Рымскай імперыі ў сярэдзiне першага стагоддзя, на працягу ўсёй сваёй гісторыі развівалася ў абстаноўцы ўнутраных супярэчнасцей. Асабліва вострыя супярэчнасці і адкрытая барацьба за лідэрства ў хрысціянскім свеце разгарэліся між заходняй царквой на чале з Папай Рымскім і ўсходняй (візантыйскай) на чале з Патрыярхам Канстанцінопальскім. У выніку ў 1054 г. адбыўся раскол хрысціянскай царквы на ўсходняе і заходняе хрысціянства – праваслаўе і каталіцызм. Праваслаўе (ад слоў “правільнае праслаўленне бога”), прызнаваўшае правiльнымi рашэннi толькi першых сямi Усяленскiх сабораў, атрымала распаўсюджванне ва Усходняй Еўропе і Блізкім Усходзе. Каталіцызм (ад грэч. katholikos – усеагульны, сусветны), які мае адзіны сусветны цэнтр – Ватыкан, адзінага галаву – Папу Рымскага як намесніка Ісуса Хрыста на зямлі, найбольш пашыраны ў Заходняй Еўропе, а на сёняшні дзень і ў Лацінскай Амерыцы, Філіпінах, ЗША, некаторых краінах Афрыкі.

Нягледзячы на супярэчнасці ўсходняй і заходняй цэркваў, хрысціянства заставалася духоўнай асновай усёй еўрапейскай цывілізацыі, фарміравала адзіны духоўны светапогляд, нормы маралі і паводзін. Праваслаўная і каталіцкая цэрквы з’яўляліся ўплывовымі палітычнымі арганізацыямі, валодалі значнымі матэрыяльнымі рэсурсамі – зямельнымі ўгоддзямі, фінансавымі сродкамі. Царква вяла таксама шырокую місіянерскую дзейнасць па далучэнню “язычнікаў” да хрысціянскай культуры, вераванняў і звычаяў. Яна часта выступала з ідэямі, якія мелі шырокі грамадскі рэзананс. Над рэлігійнымі ідэямі і лозунгамі з санкцыі папскага прастола феадаламі праводзіліся ваенна-палітычныя кампаніі, якія атрымалі найменне крыжовых паходаў, у тым ліку супраць славян у ХII – ХIII стст. Серыя такіх паходаў (восем) пад лозунгам вызвалення гроба гасподня і хрысціянскіх святынь ад няверных было здзейснена ў ХI – ХIII стст. на Блізкі Усход – Палестыну, Сірыю i Паўночную Афрыку.

У значнай ступені пад уплывам рэлігіі адбываліся змены ў духоўным жыцці, навуцы, культуры і адукацыі ўсяго сярэдневяковага света. Калі ў перыяд генезіса феадалізма ў сярэдневяковай Еўропе назіраўся ўпадак адукацыі ў параўнанні з антычным узроўнем, то па меры развіцця эканомікі, адраджэння гарадоў і фарміравання дзяржаў адбываліся сур’ёзныя змены ў сістэме адукацыі. Цэнтрамі адукаванасці з’яўляліся манастыры, якія мелі бібліятэкі, майстэрні па перапісцы кніг і школы, у якіх вывучалі грамату, царкоўную літаратуру, а потым і класічныя дысцыпліны па ўзору рымскіх трывіума (граматыка, рыторыка, дыялектыка) і квадрыума (геаметрыя, арыфметыка, астраномія і музыка). Вяршыняй сістэмы адукацыі і навуковай дзейнасці стала стварэнне ўніверсітэтаў Балонскага i Салернскага (ХI ст.), Парыжскага i Оксфардскага (ХII ст.).

Назапашаныя навуковыя веды, рэлігійныя вераванні, дасягненні культуры эпохі сярэдневякоўя неслі сур’ёзныя змены ў духоўны свет чалавека, яго менталітэт. “У перыяд дзяцінства сярэдневяковай цывілізацыі, у V – Х стст., зарадзіліся лад мыслення і асаблівасці пачуццёвага ўспрымання света, свае праблемы i тэмы культуры, якія ў будучым фарміравалі і напаўнялі зместам структуры сярэдневяковай ментальнасці і адчування” (Гофф Ж.Ле. Цивилизация средневекового Запада. М., 1992. С. 106).

2. Фармiраванне старажытнарускай дзяржаўнасцi: Кiеўская Русь; Полацкае i iншыя княствы на тэрыторыi Беларусi. Старжытнаруская дзяржава ўсходніх славян са сталіцай Кіеў (адсюль назва Кіеўская Русь) склалася ў другой палове IХ ст. і праіснавала як адносна адзінае ўтварэнняе да пачатку ХII ст. Як і чаму ўтварылася гэта вялікая дзяржава, займаўшая тэрыторыю ад Прычарнаморскіх стэпаў да Паўночнай Дзвіны і ад Заходняга Буга да Волга-Окскага міжрэчча? Аналізуючы генезіс Старажытнай (альбо Кіеўскай Русі), адзначым, што яшчэ ў VIII – IХ ст. склаліся блізкія паміж сабой супольнасці ўсходнеславянскага насельніцтва – племянныя саюзы дулебаў (пазней – бужане і валыняне), палян, драўлян, дрыгавічоў, севяран, вяцічаў, радзімічаў, крывічоў, ільменскіх славян і інш.

Гэтыя саюзы плямён былі блізкімі па мове, культуры, звычаях. Пераход да вытвараючай гаспадаркі (земляробства і жывёлагадоўлі), будаўніцтва гарадоў, развіццё рамяства і гандлю, а таксама неабходнасць злучэння сіл для абароны сваіх зямель ад набегаў хазараў, полаўцаў і іншых ваяўнічых качэўнікаў – усё гэта стварала ўмовы для палітычнага аб’яднання ўсходніх славян і ўтварэння вялікай магутнай дзяржавы.

Важна нагадаць, што некаторыя плямёны, як сведчаць летапісы, ужо ў пачатку IХ ст. мелі свае дзяржаўныя ўтварэнні – княжанні з гарадамі-цэнтрамі: у палян – Кіеў, у ільменскіх славян – Ноўгарад, у крывічоў – Полацк і г. д. У сярэдзіне IХ ст. ва Усходняй Еўропе з’явіліся варагі (выхадцы з Паўночнай Еўропы і Скандынавіі, якіх у Заходняй Еўропе называлі нарманамі, г. зн. паўночнымі людзьмі). Дарэчы, першае ўпамінанне пра варагаў, якія сабіралі даніну ў зямлі крывічоў (тэрыторыя Паўночнай Беларусі) адносіцца да 859 г., але яны былі выгнаны адсюль. У 862 г. вараг Рурык, паводле летапіснага падання, быў запрошаны паўночным саюзам плямён, у які ўваходзілі і крывічы, правіць у Ноўгарадзе.

Менавіта Рурык і стаў роданачальнікам на Русі (“руссю” некаторыя летапісныя крыніцы называлі варагаў) княжацкай дынастыі – Рурыкавічаў. Пераемнік Рурыка князь Алег (882 – 912 гг.) авалодаў Кіевам (882 г.), аб’яднаў Ноўгарадскае і Кіеўскае княствы, пашырыў уладу на многія ўсходнеславянскія і неславянскія плямёны. Дзейнасць наступных кіеўскіх князей – Ігара (912 – 945 гг.), удавы Ігара Вольгі (945 – 964 гг.), іх сына Святаслава (964 – 972 гг.) была скіравана на пашырэнне тэрыторыі і ўмацаванне старажытнарускай дзяржавы – Кіеўскай Русі .

Найвышэйшага росквіту Кіеўская Русь дасягнула ў канцы Х –першай палове ХI стст. у часы княжання Уладзіміра Святаслававіча (980 – 1015 гг.) і яго сына Яраслава Мудрага (1019 – 1054 гг.).

У 980 г. Уладзімір Святаслававіч з войскам напаў на Полацк, забіў мясцовага князя Рагвалода. Так была ўключана першая і буйнейшая дзяржава на тэрыторыі Беларусі – Полацкае княства – у склад Кіеўскай Русі. Пры Уладзіміру Святаслававічу было амаль завершана аб’яднанне ўсіх усходнеславянскіх зямель, умацавана дзяржаўнае кіраванне, уведзена хрысціянства як дзяржаўная рэлігія. Пры Яраславе Мудрым узмоцнены палітычныя, гандлёвыя і культурныя сувязі з Паўночным Прычарнамор’ем, Візантыяй, Блізкім Усходам, Сярэдняй Азіяй, Польшчай, Венгрыяй, Францыяй і інш.

Аднак ужо ў ХI ст. намеціліся княжацкія міжусобіцы, якія прывялі к распаду Кіеўскай Русі на самастойныя дзяржаўныя ўтварэнні. Феадальная раздробленасць – гэта заканамерны гістарычны працэс. У чым жа заключаюцца асноўныя прычыны феадальнай раздробленасці, прывеўшыя к распаду Кіеўскай Русі? Гэта далейшае развіццё феадалізму, рост прадукцыйных сіл, эканамічнае і палітычнае ўзмацненне асобных княстваў, якія імкнуліся стаць самастойнымі i выйсці з пад улады вялікага князя.

Асабліва гэта праяўлялася ў палітыцы Полацкага княства, здаўна супернічаўшага з Ноўгарадам і Кіевам. У ХI ст. полацкі князь Брачыслаў у барацьбе з Кіеўскім князем Яраславам Мудрым за Ноўгарад дабіўся перадачы Полацку гарадоў Віцебск і Усвят, якія стаялі на шляху са Скандынавіі ў Візантыю. У 1066 г. полацкія дружыны на чале з сынам Брачыслава Усеславам штурмам узялі Ноўгарад. У адказ на гэта тры князі – браты Яраслававічы – арганізавалі паход на Полацкую зямлю і захапілі Мінск, дзе на берагах Нямігі 3 сакавіка 1067 г. адбылася вядомая сваёй жорсткасцю бітва. Барацьба Полацка з Кіевам працягвалася далей да аддзялення Полацкага княства ад улады вялiкага кіеўскага князя.

Значныя намаганні па спыненню мiжусобнай барацьбы і аб’яднаннi сіл Русі прадпрымалi вялікі князь Уладзімір Манамах (1113 – 1125 гг.) і яго сын Мсціслаў (1125 – 1132 гг.). Пасля смерці Мсціслава Кіеўская Русь распалася на самастойныя дзяржавы. Найбольшымi з іх былі княствы Кіеўскае, Полацкае, Чарнігаўскае, Смаленскае, Уладзіміра-Суздальскае, Галіцкае, Валынскае, Тураўскае, а таксама Наўгародская рэспубліка.

Цяжэй усяго было вызваліцца з пад улады Кіева Тураўскаму княству, якое непасрэдна гранічыла з Кіеўскім. Незалежнасці яно дасягнула толькі ў 1158 г. пры князі Юрыю Яраслававічу, які заснаваў у Тураве самастойную дынастыю.

Працэс узмацнення асобных гарадоў-дзяржаў прадаўжаўся. што сабой прадстаўлялі гэтыя сацыяльныя арганізмы? Ядро горада-дзяржавы ў XI-XIIстст. складаў галоўны, альбо старэйшы (“стольны”) горад, якому падпарадкоўваліся дробныя наваколныя гарады (“прыгарады”) і вескі, разам утвараўшыя воласць (“воласць”). Асноўным органам самакіравання старэйшай гарадской абшчыны з’яўлялася веча – народны сход усіх вольных жыхароў горада. Паўнамоцтвы веча, на якое збіраўся і сельскі люд з навакольных веска, і прадстаўнікі прыгарада, былі вельмі шырокімі.

Князь, у запрашэнні якога на княжэнне і ў змяшчэнні са “стальца”, быў неабходным элементам сацыяльна-палітычнай структуры старажытнарускіх гарадоў-дзяржаў: ен ажыццяўляў выканаўчую ўладу, вяршыў ратныя справы, ведаў знешнімі зносінамі і г.д., у сваей дзейнасці князь абапіраўся на дружыну. Служылыя людзі пры князі – баяры займалі важныя пасады ў адміністрацыі гарадской абшчыны, атрымоўваючы ў кармленне воласці. Разам з тым патрэбна адзначыць, што касцяк ваеннай моцы старажытнарускіх гарадоў-дзяржаў складала не дружына, а ваяры (“воі”), гэта значыць народнае апалачэнне, у якое ўваходзілі вольныя грамадзяне і стольнага горада, і прыгарадаў, і сельскай мясцовасці. Такім чынам старажытнарускія людзі і на вечы і па-за вечам прадстаўлялі сабой дзейсную палітычную сілу.

Палітычны лад старажытнарускіх гарадоў-дзяржаў базіраваўся на адпаведных сацыяльна-эканамічных адносінах. Сення ўсе аўтарытэтныя айчынныя і зарубежныя гісторыкі сходзяцца на адной выснове – гаспадарка (эканоміка) Стражытнай Русі мела земляробчы (аграраны) характар. Дакладней кажучы, гэта эканоміка базіравалася на комплексным развіцці наступных галін:

  • па-першае, земляробства,

  • па-другое, жывелагадоўля

  • па-трэцяе, разнастайныя промыслы (паляванне, рыбалоўства, бортніцтва).

Больш складаным і дыскусійным з’яўляецца пытанне аб характэры землеўладання ў гэтых дзяржавах, гэта значыць, аб уласнасці на зямлю. Па гэтым пытанні існуюць розныя навуковыя падыходы:

  • на думку Б.Д. Грэкава і яго паслядоўнікаў, у гэты перыяд (і нават раней, з канца IX ст.) у Старажытнай Русі панавала буйное феадальнае землеўладанне;

  • Л.В. Чарапнін вылучыў гіпотэзу аб вярхоўнай феадальнай уласнасці, спрабуючы даказаць, што ўжо першыя вядомыя нам князі былі вярхоўнымі ўласнікамі ўсей тэрыторыі і што нават даніна з падуладнага ім насельніцтва была не кантрыбуцыяй, а формай феадальнай рэнты;

  • аднак з 70-х гг. мінулага, ХХ ст. І.Я. Фраянаў распрацаваў тэзіс аб перавазе ў Старажытнай Русі абшчыннай уласнасці на зямлю. Тэзіс Фраянава ніхто яшчэ не аправергнуў. Разумеецца, гэта не азначае, што ў Старажытнай Русі зусім не было буйнога феадальнага землеўладання. Існавалі і вотчыны, у якіх працавалі розныя катэгорыі залежнага насельніцтва (чэлядзь, халопы), а таксама больш свабодныя – закупы, радовічы, ізгоі.

Так што нельга лічыць, што ўсе насельніцтва, працаваўшае ў вотчыне, з’яўлялася поўнасцю феадальна-залежным. Да таго ж вотчыны прадстаўлялі сабой невялічкія астраўкі ў бязмежным моры вольнага абшчыннага землеўладання. Старажытная Русь IX – XII стст. знаходзілася ў “дафеадальным”, а дакладней, -- у пераходным перыядзе ад рода-племянных да раннекласавых адносін (Дворниченко А.Ю и др. Русская история с древнейших времен до наших дней. СПб., 2002. С.28—29).

Развіцце старажытнаруских гарадоў-дзяржаў у другой палове XII-XIIIстст. характэрызуецца далейшай дэмакратызацыяй іх сацыяльна-палітычных сістэм. Выгнанне і прызванне да ўлады князей становіцца звычайнай з’явай. Рост значэння і ўплыва мясцовых княстваў і валасцей у гэты час адбываўся на яркім знешнепалітычным фоне – распада суперсаюза, якім з’яўлялася адзіная старажытнаруская дзяржава на шэраг дзяржаў на чале з гарадамі Ноўгарад, Полацк, Смаленск, Чарнігаў, Уладзімір і інш.

Амаль адначасова з распадам Кіеўскай Русі пачалося драбленне атрымаўшых самастойнасць княстваў на ўдзелы. Адасобленным княствам цяжка было процістаяць нашэсцю ў 1230-я гг. мангола- татараў і большасць з іх трапіла ў працяглую няволю. Заходнія землі былой адзінай старажытнарускай дзяржавы – Кіеўскай Русі – разам з суседнімі землямі ўтварылі Вялікае княства Літоўскае.

Важнейшай вехай у гісторыі ўсходніх славян з’яўляецца прыняцце хрысціянства ў якасці дзяржаўнай рэлігіі Кіеўскай Русі. Афіцыйным актам прыняцця хрысціянства на Русі, у склад якой уваходзілі і беларускія землі, лічыцца знакамітае хрышчэнне на Дняпры насельніцтва Кіева князем Уладзімірам у 988 г. Працэс жа хрысціянізацыі (распаўсюджвання хрысціянства, пераўтварэння яго ў састаўную частку светаўспрыймання насельніцтва, ліквідацыі язычніцкіх культаў, укаранення хрысціянскай абраднасці) пачаўся задоўга да афіцыйнага акта хрышчэння на Дняпры і прадаўжаўся яшчэ некалькі стагаддзяў.

Якія ж прычыны абумовілі прыняцце Руссю хрысціянства ў яго ўсходняй форме (праваслаўе)? Гістарыяграфія, прысвечаная іх аналізу, вельмі аб’ёмная і супярэчлівая (гл.: Крывелёв И.А. История религий: Очерки в 2 т. М., 1988; Лобан У. Паганства і хрысціянства. Беларускі выпадак // Крыўя. 1994. № 1; Оргиш В.П. Древняя Русь: Образование Киевского государства и введение христианства. Мн., 1988; Тарасаў С. Прылучэнне да хрысціянства // Белар. гіст. часопіс. 1993. № 1).

Увядзенне хрысціянства ў яго праваслаўнай (альбо ўсходняй, грэчаскай) форме не магло быць выпадковым, тым больш навязаным Візантыяй. Галоўная прычына тут – гістарычная абумоўленасць: грамадства перарасло першабытныя рэлігійныя ўяўленні (політэізм) і адчувала патрэбнасць у адзінай рэлігійнай сістэме, адэкватнай новай, феадальнай фармацыі. Вырашальным фактарам увядзення праваслаўя з’явіліся традыцыйныя палітычныя, эканамічныя і культурныя сувязі Кіеўскай Русі з Візантыяй. Уладзімір улічваў і ўсё ўзмацняўшыся ўплыў праваслаўя пры Кіеўскім двары з часу хрышчэння яго бабулі –княжны Вольгі, і свой намер ажаніцца на сястры візантыйскага імператара – прынцэсе Ганне, каб умацоўваць дынастычна-дыпламатычныя сувязі. Не апошнюю ролю пры выбары праваслаўя мела i тое, што яно, у адрозненні ад каталіцкага богаслужэння, не звязвала сябе лацінска-моўнымі канонамі. Праваслаўе, якое к таму часу было ўведзена ў Балгарыі, цераз балгарскую богаслужбовую літаратуру і святароў, лягчэй зацвярджалася ў жыцці старажытнарускага грамадства.

Якое ж значэнне мела прыняцце хрысціянства па ўсходняму ўзору? Наступствы былі разнастайныя і нават супярэчлівыя. На міжнароднай арэне Кіеўская Русь заняла раўнапраўнае становішча сярод уплывовых дзяржаў хрысціянскай сярэдневяковай Еўропы. Аднак гэты працэс часамі ўскладняў адносіны з Захадам, асабліва з Ватыканам. У цэлым жа, дзякуючы хрысціянізацыі, Кіеўская Русь атрымала шырокую аснову для аб’яднання ўсяго грамадства і яго гуманізацыі, для ўстанаўлення цеснай узаемасувязі свецкай і царкоўнай улады, для развіцця культуры.

3. Духоўнае жыццё i культура ўсходніх славян. Значэнне старажытнарускага этапа ў гістарычных лёсах Беларусі. На працягу ўсяго перыяда існавання адзінай старажытнарускай дзяржавы – Кіеўскай Русі – сфарміравалася даволі блізкая ў этнічным плане для ўсяго яе насельніцтва матэрыяльная і духоўная культура, якая пазней стала найважнейшым субстратам рускай, украінскай і беларускай культур. Сумеснае жыццё ў адной дзяржаве вяло да станаўлення агульнай культуры і перш за ўсё складванню зразумелай для ўсяго народа мовы. Паступоваму ўсталяванню агульнай мовы садзейнічала прыняцце хрысціянства і звязанае з ім распаўсюджванне пісьменнасці на стараславянскай альбо царкоўнаславянскай мове .

Асновай культуры Кіеўскай Русі і ў тым ліку яе заходніх зямель, г. зн. сучаснай Беларусі, складала народная творчасць, традыцыі папярэдняга перыяду і, у прыватнасці, вусная творчасць, фальклор. У перыяд Кіеўскай Русі з’явілася нямала твораў культуры, якія належаць да духоўнай спадчыны як рускага, так і ўкраінскага і беларускага народаў. Гэтыя творы распаўсюджваліся па ўсіх усходнеславянскіх землях. Быліна “Дабрыня Сват”, мяркуюць спецыялісты, адлюстроўвала барацьбу Кіева з Полацкам на чале з Уладзімірам і Рагвалодам. Быліна “Вальга Святаслававіч і Мікула Селянінавіч” апавядае аб тым, як рускі князь Вальга адправіўся за данінай з Турынска ў Гургавец, Арэхавец і Крэсцьянавец, г. зн., на думку акадэміка Рыбакова, у Тураў і іншыя гарады дрыгавічоў (Рыбаков Б.А. Киевская Русь и русские княжества ХII – ХIII вв. М., 1982).

Найбольш вядомымі творамі быліннага эпаса, з’яўляюцца быліны, у якіх услаўляюцца народныя героі, абаронцы Русі – Ілля Мурамец, Дабрыня Нікіціч, Алеша Паповіч і іншыя. Быліны як з’ява фальклора, адлюстроўваючая самыя агульныя працэсы сацыяльнага і палітычнага жыцця таго часу сведчаць аб высокім культурным узроўні народных мас, іх адукаванасці і пісьменнасці. Шырокае распаўсюджванне пісьменнасці ў розных сацыяльных групах насельніцтва пацвярджаецца і іншымі крыніцамі (графіці, берасцяныя граматы, пісьмовыя знакі на пячатках, рамесленых вырабах, упрыгожваннях і г.д.).

Шмат агульнага маюць і матэрыяльныя помнікі культуры нашых продкаў. Аб гэтым сведчыць параўнанне прадметаў, знойдзеных у выніку археалагічных раскопак, будзь то ў Ноўгарадзе, Пскове, Кіеве, Смаленску, Полацку. Прадметы гэтыя маюць шмат адзінага не толькі па знешняму выгляду, але і па спосабу выпрацоўкі. Аб еднасці культур продкаў рускіх, украінцаў і беларусаў сведчаць не толькі вусная народная творчасць, помнікі матэрыяльнай культуры, але і пісьмовыя крыніцы: старажытнарускія надпісы, летапісы і іншыя помнікі старажытнарускай літаратуры. Вучоныя адзначаюць, што ў найвялікшым помніку старажытнарускай літаратуры, якім з’яўляецца паэтычны твор “Слова аб палку Ігаравым”, ёсць словы і выразы, якія і сёння ўжываюцца не толькі ў дыялектных гаворках Беларусі, але і ў сучаснай літаратурнай мове: “аксаміты”, “вежа”, “годіна”, “полон” і інш. (Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. Мн., 1996. С.6).

Усе гэтыя помнікі сведчаць таксама аб высокім, еўрапейскім узроўні старажытнарускай культуры. Дастаткова назваць такія шэдэўры, як тварэнні дойлідаў Iаана (пабудаваў у Полацку Сафійскі Сабор) і Алексы (узвёў абарончую башню Белая вежа), майстра-ювеліра Богшу (вырабіў крыж для Сафіі – “крыж Ефрасінні Полацкай”), “словы” (навучэнні), прытчы, малітвы і каноны выдатнага царкоўнага дзеяча, пісьменніка і прамоўцы Кірылы Тураўскага і інш. Выдатныя, еурапейскага ўзроўня дасягненні мелі нашы продкі і ў іншых відах культуры і мастацтва.

Характэрным для старажытнарускай дзяржавы, як і іншых еўрапейскіх дзяржаў таго часу, з’яўлялася цеснае перапляценне культуры з рэлігійнымі вераваннямі. У дахрысціянскі час нашы продкі былі прыхільнікамі політэістычнай веры альбо “язычнікамі”, г. зн. пакланяліся многім багам і найбольш богу грому, маланкі, дажджу-Перуну. Ад яго волі, лічылася, залежыць становішча ў земляробстве. У ролі бога жывёлы, багацця i гандлю выступаў Вялес (Волас). Ушаноўваўся культ сонечных багоў: Хорс, Дажбог, Купала і Ярыла. Шырока было распаўсюджана пакланенне дрэвам, крыніцам, травам (папараць-кветка, гарун-трава, ключ-трава, разрыў-трава) і іншым прыродна-геаграфічным з’явам. Вельмі блізкімі, так бы мовіць, сямейнымі, былі багі Род і Рожаніца, звязаныя з культам продкаў. Рэшткі гэтага культу ў выглядзе памінальнага абраду-“дзяды” (восенню), “радуніца” (вясной) засталіся да сёняшняга часу.

У канцы Х ст. (988 г.) на Русі ўводзіцца хрысціянства. Ацэньваць наступства і значэнне “хрышчэння” ў культуры Русі патрэбна з пазіцый гістарызма і аб’ектыўнасці.

З аднаго боку, барацьба супраць “ідалапаклонства” нанесла непапраўны ўрон развіццю традыцыйнай (“дахрысціянскай” культуры):

- адэпты новай рэлігіі заўзята знішчалі ўсе праяўленні і сведчанні “язычніцкага невуцтва”;

- епіскапы адбіралі старынныя летапісы, палілі іх альбо вывозілі ў Візантыю;

- забараняліся масавыя народныя гулянні, ігрышчы і г. д.

З другога боку, несумненныя заслугі новай рэлігіі ў параўнанні з папярэдняй політэістычнай:

- хрысціянства лепш стасавалася з умовамі новага, класавага грамадства, садзейнічала ўмацаванню адзінства грамадства;

- спрыяла нівеліроўцы мясцовых культурна-бытавых асабліва-сцей і ўсталяванню агульных асноў жыцця грамадства;

- садзейнічала распаўсюджванню пісьменнасці, граматнасці, развіццю асветы;

- становілася магутным фактарам, забяспечваўшым пашырэнне міжнародных сувязей Русі, уваходжанню яе ў супольнасць іншых хрысціянскіх краін.

Такім чынам, старажытнаруская дзяржава – Кіеўская Русь – была ўключана ў еўрапейскі хрысціянскі свет і стала раўнапраўным элементам еўрапейскага цывілізацыйнага працэса сярэдневякоўя .