Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Матэрыялы па бел м для завочнікаўДокумент Micro...doc
Скачиваний:
39
Добавлен:
17.09.2019
Размер:
259.58 Кб
Скачать

Пытанне №4 як у мове адлюстроўваюцца асаблівасці жыцця, светаўспрымання, псіхалогіі народа

У кожнай мове адбіваецца жыццёвы і духоўны вопыт народа – стваральніка і карыстальніка мовы. Некаторыя вучоныя нават лічаць, што кожны народ бачыць свет праз прызму сваёй роднай мовы, бо, з’яўляючыся своеасаблівым кодам культуры, мова ў пэўнай ступені вызначае светапогляд і менталітэт народа, г.зн. яго псіхічную і нацыянальна-культурную адметнасць. Вядомы нямецкі вучоны В. Гумбальт сцвярджаў, што “ў кожнай мове закладзена самабытнае светаўспрыманне.Як асобны гук стаіць паміж прадметам і чалавекам, так і ўся мова ў цэлым выступае паміж чалавекам і прыродай”. Сапраўды, умовы жыцця народа (ландшафт, клімат, раслінны і жывёльны свет), прадвызначаючы характар заняткаў народа, адбіваюцца на яго светаўспрыманні і адлюстроўваюцца ў мове (у гукавым ладзе, лексіцы, фразеалогіі).

Прадметы і з’явы, якія адыгрываюць важную ролю ў жыцці пэўнага народа, маюць больш разнастайных назваў, чым аб’екты, якія не сустракаюцца або рэдка сустракаюцца ў жыцці.

Прыкметнай адзнакай ландшафту Беларусі з’яўляецца балота, і беларуская мова мае больш за 20 яго назваў:

дрыгва, дрыгвянік (‘топкае балота, багністае месца’); багна (‘нізкае топкае месца, грузнае балота, дрыгва’); багнішча (‘вялікая багна’);

алёс (‘забалочанае месца’); твань (‘дрыгва, балоцістае месца; ‘гразь’;); тхлань (‘балоцістае месца’; ‘гніль’; ‘цвіль’; ‘сырасць’);

імшара, імшарына, бездань (‘бяздонная прорва’) і г.д.

Затое ў нашай мове зафіксавана толькі адна назва такой жывёліны, як вярблюд, у той час як у арабскай мове даследчыкамі адзначаецца каля 5000 (!) розных яго назваў.

Некалькі дзесяткаў назваў ільду (для характарыстыкі яго стану, асаблівасцей утварэння, прызначэння і да т.п.) захоўвае эскімоская мова, а ў мове спрадвечных мараходаў і рыбакоў ірландцаў – дзесяткі найменняў ветру.

Самымі старажытнымі помнікамі, якія даюць магчымасць пранікаць у глыбіню гісторыі, культуры, мовы народа, з’яўляюцца тапонімы. На карце Радзімы няма, напэўна, ніводнай выпадковай народнай назвы: яна заўседы вынікае з асаблівасцей прыроднага асяроддзя, умоў вытворчай дзейнасці, звязана з гістарычным мінулым чалавека. Так, раней заліўныя лугі, нізкія часткі поймы называлі балонню, адсюль і назва вёсак Блонь Барысаўскага і Пухавіцкага раёнаў. Зразумела, што ў вёсцы Каўшары жылі майстры па вырабу каўшоў; Койданава – ад імя хана Койдана, а назвы Гуды, Гудзевічы, Гудзішкі нам “падарылі” суседзі-літоўцы, бо менавіта gutas яны калісьці называлі беларусаў…

Надзвычай ярка нацыянальная адметнасць праяўляецца ў фразеалогіі. Сквапны рускі за копейку удавится, а беларус за рубель жабу ў Вільню пагоніць; у беларусаў многа – гэта сабакі не ліжуць;у рускіх – кот наплакал; пра абсалютна аднолькавых, калі адзін не лепшы за другога ў нас скажуць абое рабое, у рускіх –два сапога пара; у інданезійцаў з недарэк смяюцца кракадзілы, у беларусаў –куры. Старажытныя рымляне пра непатрэбную працу казалі in silvam ligna ferre (насіць дровы ў лес). У беларусаў на гэты выпадак ёсць прыказка: ” У крыніцу ваду не носяць”, у рускіх ”Ехать в Тулу со своим самоваром “, у французаў – “Poter de l’eau a la mer “(Насіць ваду ў мора); у англічан – “To carry coals to Newcastle” (Цягаць вугаль у Ньюкасл), а ў немцаў – “Man braucht nicht Eulen nach Athem zu tragen” (Не трэба насіць соў у Афіны).

Як бачым, пры супастаўленні аналагічных паняццяў, сітуацый у розных культурах і мовах відавочна праяўляецца нацыянальна-культурная спецыфіка.

У любой мове ёсць словы, якія значаць больш, чым вызначаны аб’ём іх значэння ў слоўніку ( гэтую дадатковую, нацыянальна абумоўленую інфармацыю называюць нацыянальна-культурным кампанентам значэння моўных адзінак), набылі дадатковае культуралагічнае значэнне, выступаюць сімвалам краіны. Вельмі часта гэта назвы расліннага і жывёльнага свету. Такімі словамі-сімваламі для беларусаў, напрыклад, з’яўляюцца бусел і зубр, васілёк і шыпшына, вярба і рабіна. Сакура асацыіруецца з Японіяй, бяроза – з Расіяй, а лаўр – сімвал Іспаніі.

Формы маўленчага этыкету таксама залежаць ад нацыянальна-культурных традыцый грамадства. Беларускі нацыянальны характар уключае такія якасці, як гасціннасць, добразычлівасць, душэўная шчодрасць, таму ў нашай мове вялікая колькасць выслоўяў для выражэння пажаданняў, зычанняў: Спажывайце на здароўе! Вялікі расці! Добра гадуйся! Будзь багаты, як зямля! Каб быў здаровы, як дуб скарбовы! Каб на тым і стала! На доўгі век, на добрае здароўе! Каб пілося, елася і яшчэ хацелася! Вам шчасце-долю і хлеба ўволю! Каб ты здаровы знасіў і на другое зарабіў! Гладкай дарогі! Будзь здаровы на ўвесь год, як калядны лёд! Каб у дамочку, у садочку, у хлявочку, у полечку усё радзіла і пладзіла! Бадай цябе ліха мінула! Каб вам смачна спалася, спрытна ўставалася, лёгка хадзілася! Каб нашыя дзяды не ведалі бяды, каб нашыя ўнукі не ведалі мукі! і інш.

А для індзейца Бразіліі агульныя “Бывайце !”, “Прывітанне!” будуць страшным парушэннем этыкету: пры развітанні ён павінен абавязкова падысці да гаспадара, кожнага з прысутных гасцей паведаміць пра адыход і пачуць:”Ідзі”. Вярнуўшыся, ён зноў падыходзіць да кожнага і ў адказ на: ”Вярнуўся?” – кажа: ”Так”.

Такім чынам, у назвах прадметаў, з’яў рэчаіснасці адлюстроўваюцца адметнасці жыцця, характару, мыслення, светапогляду народа. У моўных адзінках, у словах-сімвалах мова зберагае гістарычную памяць народа, захоўвае яго культуру і духоўныя здабыткі.