Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
История Беларуси 19 в..doc
Скачиваний:
16
Добавлен:
19.09.2019
Размер:
1.56 Mб
Скачать
  1. . З працы філамата Францішака Малеўскага “Геаграфічнае апісанне, альбо Інструкцыя ў збіранні звестак для вывучэння парафій” (1821).

(3 раздзела «Звычаі, норавы»)

I. Шляхецкае саслоўе. Асаблівасці яго адзення, мужчынскіх і жаночых убораў. Якое адзенне бытуе — айчыннае ці замежнае? Калі замежнае — з якой яно краіны і калі тут з'явілася? Каго больш — тых, хто апранаецца па-чужаземнаму, ці тых, хто ходзіць у традыцыйных строях? Уборы традыцыйнага крою ці замежных крояў? Прыстасаваныя да клімату ці непрыстасаваныя? Прыемныя на выгляд ці безгустоўныя? 3 моцнай тканіны ці нетрывалай? 3 мясцовай ці замежнай? 3 якіх краін найболей прывозіцца тканіна і якая яе цана? Якія ўпрыгожанні жаночых убораў? Як часта мяняецца мода? Ці ёсць у горадзе асобы, што прадаюць модныя строі? Якая краіна бярэцца тут за ўзор? Пераймаецца мода ад мяшчан ці вяскоўцы самі яе знаходзяць? Якое жыллё, мэбля? Жывуць прасторна, з усімі выгодамі ці аддаюць перавагу знешняму выгляду жылля? Якіх болей дамоў — мураваных ці драўляных? Якія знешнія ўпрыгожанні дамоў? Мэбля самімі робіцца ці прывазная? Калі прывозіцца, то адкуль? Трымаюць яе столькі, колькі патрэбна для жыцця, ці болей? Ці ёсць срэбнае начынне, брыльянты і іншыя дарагія камяні? Ці бачыцца тут добры густ, парадак і ахайнасць? Унутранае (ці дамашняе) жыццё: уладальнікі зямель больш любяць жыць у сваіх уладаннях ці пасяляюцца ў гарадах? Якія іх заняткі ў вёсцы? На што болей трацяцца — на харчаванне ці на ўборы і мэблю? Ці любяць гульні? Гуляюць на грошы ці толькі для забавы? Якія гульні найбольш бытуюць? Колькі трымаюць слуг? Ці любяць паляванне і як шмат на яго трацяць сродкаў? Ці любяць коней? Ці кахаюцца ў садах, што закладаюцца для забавы? Ці многа на гэта трацяцца? Якія ў гарадах праводзяцца нацыяналь-ныя гульні, канцэрты, балі, відовішчы, якія ўтвараюцца клубы? Колькі людзей іх наведвае? Хто знаходзіць там большую падтрымку — свае таленты ці чужаземныя? Якія болыш за ўсе любяць танцы? На якой мове размаўляюць, калі збіраюцца, — на сваей ці карыстаюцца і чужой; калі чужой — якой канкрэтна? Ці імкнуцца мужчыны жаніцца? Ці схіляюцца да халасцяцкага жыцця? Ці шмат у гарадах наложніц? Што можна сказаць пра вернасць мужа і жонкі, пра сямейную згоду, дамашняе гаспадаранне? Гувернёрамі бяруць сваіх ці чужаземцаў? Чым займаецца дома моладзь, закончыўшы вучобу? Ці выязджае хто з гэтай моладзі ў і падарожжа і якую мае з гэтага карысць? Ці шкоду? Свае веды выкарыстоўваюць для ўсеагульнага дабра ці для асабістых мэтаў? Дзе адбываюцца выбары дзяржаўных службоўцаў, ці ёсць партыі, інтрыгі? Ці добрасумленна выконваюць свае абавязкі чыноўнікі? Ці захоўваецца дух шляхты, любоў да айчыны, нацыянальныя традыцыі і ў якой ступені? Што можна сказаць пра дабрачыннасць, якія адносіны да ўласнасці? Асаблівасці звычаяў вайскоўцаў, іх узаемадачыненні з цывільнымі. Ці добры ў вайскоўцаў дух?

II. Сярэдняе саслоўе. Назіральнік павінен прыгледзецца на адзенне, уборы, жыллё, дамашняе начынне, сямейнае жыццё, гульні, найбольш распаўсюджаныя схільнасці, працавітасць і сумленнасць рамеснікаў, на характар купцоў. Які нацыянальны дух гэтага саслоўя?

III. Трэцяе саслоўе. Тут больш за ўсё трэба звярнуць увагу на адзенне, жыллё, схільнасці, на некаторыя прымхі, на мову, на абыходжанне мужчын з жанчынамі, бацькоў з дзецьмі і наадварот, на абрады ў пэўныя дні года, на сямейныя абрады, радзіны, пахавальныя звычаі, вераванні, на гаспадарку, працавітасць, на прывязанасць да свайго краю гэтага класа. Якія праявы імкнення гэтага саслоўя да выгод жыцця? Калі жывуць чужаземцы, назіральнік павінен апісаць іх характар, звычаі, вераванні, адзенне. Носяць чужаземцы свае адзенне ці прыстасоўваюць яго да традыцыйнага адзення нашага краю? Які ў іх дамашні побыт? Ці ёсць прывязанасць да краю, у якім жывуць? Ці імкнуцца пакінуць сваю краіну? Іх працавітасць. Якімі рамёствамі дайбольш займаюцца? Ці ёсць у іх схільнасць да ашуканства? Якую вызнаюць рэлігію і ў якой ступені адданы ёй? Жывуць супольна з карэннымі жыхарамі ці адасоблена? Дзе болей жыве чужаземцаў — у вёсцы ці ў горадзе? Займаюцца гаспадаркай ці толькі промысламі? Які іх спосаб жыцця — ашчадны ці разгульны, прыстойны ці непрыстойны? Ці ёсць у іх свае клубы, ці збіраюцца на сходы? Іх узаемаадносіны з грамадствам.

3 чужаземцаў больш за ўсё у нас жыдоў, і на іх назіральнік павінен звярнуць найбольшую ўвагу.

Урэшце, апісваючы звычаі і норавы якой-небудзь мясціны, неабходна вылучаць прымхі, забабоны, кепскія звычаі ці заганы, уласцівыя людзям добрыя маральныя якасці і ўчынкі, дух працавітасці ці ляноты, здольнасці ў розных пачынаннях, уплыў духавенства, верацярпімасць.

Гэтая «Інструкцыя» прызначана для апісання дробных частак краю — парафій. Бо лепей спыніцца на малым, дакладна вывучыць дэталі, чым адразу ахопліваць губерні і паветы ды падаваць нейкія агульныя і няпэўныя звесткі... Пажадана, каб кожны, апісаўшы парафію, падаў у асобным дадатку альбо дзе сам захоча і іншыя звесткі, уключаючы і вядомыя яму звесткі пра суседнія парафіі ці нават паветы... Такое апісанне, без сумнення, — вельмі вялікая праца, яна патрабуе самаахвярнасці. Затое сабраныя звесткі будуць вельмі карысныя. Без гэтай працы, гэтых матэрыялаў грамадскія навукі ў нашым краі будуць стварацца не для нас, а для англічан, галандцаў, французаў. Без ведання свайго краю чыноўнік не будзе ўпэўнены ў сваіх рашэннях, а разумны, неабыякавы грамадзянін не зможа надежным чынам вызначыць, дзе ён будзе найболыш карысны.

Філаматы і філарэты.Зборнік . Мн., 1998. С. 256-258.