Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ДЛЯ ХУДГРАФА.doc
Скачиваний:
13
Добавлен:
23.09.2019
Размер:
1.32 Mб
Скачать

Дзяржаўна-палітычнае развіццё вкл у другой палове хііі – першай палове XVI ст.

1. Утварэнне ВКЛ. Дзейнасць першых князёў.

2. ВКЛ у другой палове XIV – першай палове XVI ст.

3. Дзяржаўны лад ВКЛ. Судовая сістэма і войска.

1. У сярэдзіне ХІІІ ст. у Панямонні, на балта-ўсходнеславянскім сумежжы пачалося фарміраванне новай дзяржавы – Вялікага княства Літоўскага. Назва княства ўтварылася ад таго, што першыя князі былі выхадцамі з балцкага племені літва.

Назва “Літва” ўпершыню ў пісьмовых крыніцах упамінаецца пад 1009 г. у запісах нямецкага горада Кведлінбурга. У “Аповесці мінулых часоў” першае згадка Літвы датуецца 1040 г., калі кіеўскі князь Яраслаў Мудры заваяваў землі Літвы і прымусіў яе плаціць даніну Кіеву.

Па пытанні месцазнаходжання летапіснай Літвы ў сучаснай гістарычнай навуцы вядуцца дыскусіі. Па меркаванні літоўскіх даследчыкаў і польскага гісторыка Г. Лаўмянскага, летапісная Літва размяшчалася ва ўсходняй частцы сучаснай Літоўскай рэспублікі. Беларускі гісторык М. Ермаловіч змяшчаў Літву ХІІ – ХІІІ стст. у Верхнім Панямонні на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў прасторы паміж Маладзечнам, Наваградкам, Слонімам і Менскам. Больш правільным з’яўляецца меркаванне аб тым, што летапісная Літва размяшчалася на тэрыторыі сучасных усходнелітоўскіх і суседніх паўночна-заходніх беларускіх зямель (А. Краўцэвіч).

У этнічным сэнсе літва ўяўляла сабой адзін са шматлікіх балцкіх народаў, побач з яцвягамі, прусамі, жамойтамі, латгаламі і інш. Балты па ўзроўні свайго грамадскага развіцця адставалі ад усходніх славян. У ХІІ – пачатку ХІІІ ст. яны перажывалі працэс распаду родаплемянных адносін і пераходу да класавага грамадства. У літоўскіх плямён ужо існавала сацыяльная і маёмасная няроўнасць. На чале грамадства стаялі племянныя князі – кунігасы. Кунігасы жылі ў сядзібах сярод сваіх дружыннікаў і рабоў, праводзілі зіму ў зборы даніны, а лета – у набегах на суседзяў. Мелася родавая знаць, якая валодала умацаванымі дварамі з чэляддзю. Маючы добрых баявых коней і ўзбраенне, у час паходаў арыстакраты стваралі грозную літоўскую конніцу. Просты люд сумяшчаў абавязкі земляробаў і воінаў. Да шлюбу кожны з іх лічыў справай гонару паўдзельнічаць у паходах пад кіраўніцтвам правадыра. Паходы мелі грабежніцкі характар і з’яўляліся адной з крыніц назапашвання багаццяў літоўскай знаці. Такім чынам, літва знаходзілася на стадыі ваеннай дэмакратыі, якая папярэднічала ўзнікненню дзяржавы. Якраз на пачатку XIII стагоддзя набегі літвы набылі асабліва актыўны характар, ахапілі прастору ад Валыні да Наўгародскай зямлі. Так, у 1225 г. літоўская раць дасягнула Таржка (больш за 500 кіламетраў ад Літвы!). Трэба адзначыць, што ваяўнічы рух літвы быў скіраваны за межы Панямоння, якое з’яўлялася рэгіёнам балта-славянскага супрацоўніцтва.

Усходнеславянскія землі ў ХІІ – першай палове ХІІІ ст. знаходзіліся ў стадыі феадальнай раздробленасці. Шматлікія князі з роду Рурыкавічаў падзялілі свае ўладанні на невялікія княствы, абароназдольнасць якіх была невысокай. Аднак час раздробленасці быў часам эканамічнага росквіту. Рост вытворчых сіл, умацаванне феадальных адносін, паглыбленне грамадскага падзелу працы, развіццё гандлю садзейнічалі пераадоленню адасобленасці княстваў, рыхтавалі глебу для кансалідацыі. У гістарычнай перспектыве раздробленасць павінна была завяршыцца новым аб’яднаннем усходнеславянскіх земляў.

Такім чынам, супалі дзве тэндэнцыі: дзяржаваўтваральніцкая ў балтаў і імкненне да кансалідацыі ў заходніх землях Русі. Аднак рэалізаваліся гэтыя тэндэнцыі ў сярэдзіне ХІІІ ст. пад уплывам знешнепалітычнай прычыны – небяспекі з боку крыжакоў і мангола-татар.

Пачатак утварэнню ВКЛ паклаў саюз, які быў заключаны паміж панямонскім горадам Наваградкам і мацнейшым літоўскім кунігасам Міндоўгам. Наваградак стаў цэнтрам аб’яднання зямель Верхняга і Сярэдняга Панямоння, таму што займаў выгаднае геапалітычнае становішча, з’яўляўся значным цэнтрам рамяства і гандлю. Міндоўг быў адным з племянных князёў, які ў 20 – 30-я гг. ХІІІ ст. здолеў падпарадкаваць значную частку літоўскіх плямён.

Пад 1235 г. летапіс прыгадвае “Літву Міндоўга”: “... Данил же возведе на Кондрата Литву Мендога Изяслава Новгородьского”. Гэта звестка кажа шмат пра што. Па-першае, Літва належала Міндоўгу. Па-другое, Ізяслаў Наваградскі дзейнічаў сумесна з Міндоўгам, што сведчыць аб іх цесных сувязях. Па-трэцяе, і Ізяслаў, і Міндоўг выступалі ці то як васалы, ці то як наёмнікі Данілы Раманавіча, князя уладзіміра-валынскага, які іх накіраваў на свайго ворага Конрада Мазавецкага.

У 1240-я гг. Міндоўг становіцца князем у Наваградку. У крыніцах няма ніякіх сведчанняў, што Міндоўг захапіў Наваградак гвалтоўна, як і таго, што ён знайшоў там прытулак, калі быў чамусьці выгнаны з Літвы. Хутчэй за ўсё ён валодаў Літвой і Наваградчынай адначасова і са згоды мясцовага насельніцтва. Відавочна, да гэтага часу памёр наваградскі князь Ізяслаў, які не пакінуў нашчадкаў. Таму мясцовае баярства вырашыла запрасіць на княскі пасад уладара ваяўнічай літвы, які меў сілы пры неабходнасці аказаць узброенае супраціўленне татарам.

З’яўленне Міндоўга ў Наваградку прывяло да выхаду Наваградскага княства з-пад уплыву галіцка-валынскіх князёў. Таму каля 1248 г. супраць Міндоўга склалася магутная кааліцыя, у якую увайшлі галіцка-валынскія князі Даніла і Васілька, пляменнік Міндоўга полацкі князь Таўцівіл, жамойцкі князь Выкінт, Лівонскі ордэн. Распачалася ўзброеная барацьба. Міндоўг імкнуўся разбурыць кааліцыю. У гэтых мэтах ён уступіў у перагаворы з крыжакамі і з дыпламатычных меркаванняў прыняў каталіцкую веру. Затым у 1253 г. Міндоўг каранаваўся ў Наваградку і прыняў тытул караля. Папа рымскі Інакенцій IV абвясціў, што прымае новае каралеўства пад сваё заступніцтва. Гэта дазволіла Міндоўгу нейтралізаваць варожасць Лівоніі. Каб забяспечыць мір з Галіцка-Валынскім княствам, Наваградак быў перададзены сыну Данілы Галіцкага Раману, які пачаў там княжыць як васал Міндоўга. Таксама Міндоўг выдаў сваю дачку замуж за другога сына Данілы – Шварна. Тым часам сын Міндоўга Войшалк адмовіўся ад прэтэнзій на Наваградак, ахрысціўся ў праваслаўе і пайшоў у манастыр на тэрыторыі Галіцка-Валынскага княства. У хуткім часе ён заснаваў паблізу Наваградка Лаўрышаўскі манастыр.

Мір паміж Міндоўгам і Галіцка-Валынскім княствам пратрымаўся да 1258 г. і быў парушаны ўмяшальніцтвам магутнай знешняй сілы – мангола-татараў. Татарскі ваявода Бурундай прымусіў Данілу Галіцкага дапамагчы яму ажыццявіць паход на Літву. Між тым для татар гэты паход быў няўдалы: Міндоўг, верагодна, разбіў іх войска. У той жа час у Наваградку з’явіліся Войшалк з Таўцівілам, якія забілі Рамана Данілавіча. Пасля гэтых падзей Міндоўг упэўнена адчуваў сябе ў Літве.

У 1260 г. жамойты перамаглі крыжакоў каля воз. Дурбе. Пасля гэтага Міндоўг разарваў саюз з Лівонскім ордэнам і вярнуўся ў язычніцтва. Пачала фарміравацца моцная антыордэнская кааліцыя, да якой далучыўся наўгародскі князь Аляксандр Неўскі. Але восенню 1263 г. Міндоўг і двое яго сыноў (Рэпік і Рукля) былі забіты. Войшалк знайшоў прытулак у Пінску. Змову супраць Міндоўга арганізавалі князі жамойцкі Транята, полацкі Таўцівіл, нальшанскі Даўмонт – непасрэдны забойца Міндоўга. Даўмонт меў асабістую прычыну для помсты: Міндоўг адабраў у яго жонку. У выніку змовы Транята атрымаў вялікакняжацкі пасад, але на ўладу прэтэндаваў і Таўцівіл. Транята запрасіў таго на перамовы і забіў з дапамогай здрадніка, полацкага баярына. Але неўзабаве Транята і сам быў забіты слугамі, былымі конюхамі Міндоўга (відавочна забойства арганізаваў Войшалк).

З дапамогай пінскіх і наваградскіх дружын Войшалк (1264 – 1267) здолеў усталяваць уладу над Літвой. Разам са Шварнам Данілавічам Войшалк пачаў помсціць прыхільнікам змовы: “поча вороги свои избивати, изби их бесчисленное множество, а другие разбегошося камо кто видя”. У 1265 г. галіцка-наваградскае войска захапіла Дзевалтву і Нальшаны. Даўмонт уцёк ў Пскоў, дзе гараджане прынялі яго на княжанне. Даўмонт, які ахрысціўся ў праваслаўе і атрымаў імя Цімафей, неаднаразова кіраваў абаронай горада ад крыжакоў, за што быў кананізаваны царквой.

Войшалк раптам зноў згубіў цікавасць да палітычных спраў і пажадаў аднавіць сваё манаства – ці то ў выніку нейкіх палітычных інтрыг, ці то сапраўды з мэтай пакаяння за пралітую кроў. Ад улады над Літвой ён адмовіўся на карысць Шварна (1267 – 1270), жанатага з яго сястрой, а сам пайшоў у манастыр. Старэйшы брат Шварна Леў пакрыўдзіўся за тое, што ўлада дасталася не яму, а Шварну, і уласнаручна забіў Войшалка.

У Літве Шварн меў пэўную падтрымку з-за свайго сваяцтва з загінуўшай дынастыяй Міндоўга. З другога боку, яго ўзвышэнне не магло не выклікаць моцнага незадавальнення літоўскай знаці, для якой падпарадкаванне чужому князю было абразай. Магчыма, менавіта мясцовыя баяры паспрыялі таму, што панаванне Шварна не зацягнулася. У 1270 г. ён памёр.

Наступным князем ВКЛ стаў Трайдэн (1270 – 1282). Для Галіцка-Валынскага княства гэтая кандыдатура была непажаданай, аб чым сведчыць абурэнне мясцовага летапісца: “Нача княжити в Литве окаянный и беззаконный, проклятый, немилостивый Троиден. Его же беззакония не могохом писати срама ради...”. Трайдэн усталяваў сваю уладу ва ўсім Верхнім Панямонні, здолеў стабілізаваць унутраны лад дзяржавы. У ваколіцах Гародні і Слоніма пасяліў прусаў, якія ратаваліся ад крыжакоў. Паспяхова змагаўся супраць крыжакоў, палякаў, Галіцка-Валынскага княства і мангола-татар.

Пасля смерці Трайдэна палітычная гісторыя Літвы апускаецца ў змрок. Імя яго пераемніка гістарычныя крыніцы не называюць. Выказваюцца меркаванні, што княжыць маглі браты Будзікід і Будзівід ці Путувер (Лютувер).

Ажыўленне палітычнага жыцця ВКЛ пачалося ў 90-я гг. ХІІІ ст. з пачаткам княжання Віценя (каля 1295 – 1316). Паводле паведамлення летапісу, стаўшы князем у Наваградку, Віцень пачаў выкарыстоўваць у якасці асабістага сімвалу “Пагоню” (выяву ўзброенага вершніка). Гэты князь актыўна супрацьстаяў крыжакам. За 1300 – 1315 гг. крыжакі зрабілі каля 20 рэйдаў на землі Літвы. У адказ з 1298 па 1313 год Віцень зрабіў адзінаццаць уварванняў у Прусію, яго войскі неаднаразова спусташалі Лівонію. Пры Віценю ў складзе ВКЛ канчаткова замацавалася Полацкая зямля. Згодна звесткам беларуска-літоўскіх летапісаў, апошні самастойны полацкі князь завяшчаў свае ўладанні рыжскаму архібіскупу, пасля чаго ў горадзе пачалося засілле каталіцкіх ксяндзоў і нямецкіх купцоў. Полацкае баярства звярнулася па падтрымку да Віценя, які выбіў рыжан з Полацка у 1307 г. Далучэнне Полацка да Літвы адбылося на падставе дагавора – “рада”, які гарантаваў палачанам захаванне мясцовых законаў і суда, манапольнае права баярства на заняцце пасад мясцовага кіравання, увогуле недатыкальнасць “старыны”. Віцень пашырыў тэрыторыю ВКЛ да Буга, далучыўшы ў 1315 г. Берасцейскую зямлю. У 1316 годзе, вялікі князь Віцень памёр. Легенда паведамляе, быццам ён загінуў ад маланкі.

Яшчэ больш узмацнілася ВКЛ пры вялікім князю Гедзіміне (1316 – 1341). Пры ім паспяхова вялася барацьба з крыжакамі. Асаблівай мужнасцю і вайсковым майстэрствам у гэтай барацьбе вызначыўся князь Давыд Гарадзенскі, дзейнасць якога пачалася яшчэ пры Віценю. У 1314 г. ён адбіў напад крыжакоў на Наваградак. Неаднойчы Давыд прыходзіў на дапамогу Пскову, здзяйсняў рэйды ў Прусію. У 1326 г. падчас паходу на Брандэнбург Давыд Гарадзенскі быў забіты здраднікам. Барацьба з крыжакамі працягвалася і пазней – у 1331 г. Гедзімін атрымаў значную перамогу над імі на р. Акмяне.

У час княжання Гедзіміна ў складзе ВКЛ апынулася амаль уся тэрыторыя Беларусі. У 1318 г. яго сын Альгерд ажаніўся з дачкой віцебскага князя Яраслава Марыяй. У 1320 г. Яраслаў памёр, а Віцебскае княства адышло па спадчыне Альгерду. У 1320-я гг. у складзе ВКЛ апынулася і Менскае княства. У 1330-я гг. сын Гедзіміна Нарымунт стаў княжыць у Пінску. Сын Гедзіміна Любарт, ажаніўшыся з валынскай княжной, атрымаўшы частку Валыні (тэрыторыя Украіны). Палітычная мудрасць Гедыміна выявілася ў тым, што далучаным землям ён гарантаваў захаванне традыцыйных законаў. Прынцып кіравання Гедыміна быў наступны: “старыны не рушыць, навіны не ўводзіць”. Да таго ж Гедымін хоць і заставаўся язычнікам, аднак заўсёды падтрымліваў праваслаўе.

Гедзімін называў сябе каралём Літвы і Русі, а беларуска-літоўская дзяржава стала называцца “Вялікім княствам Літоўскім і Рускім”. Сталіцай ВКЛ з 1323 г. стала Вільня.

У 1341 г. Гедзімін загінуў пры штурме крыжацкага замка. Пераемнікам, па волі бацькі, стаў яго сярэдні сын Яўнуцій (1341 – 1345). Ён праявіў сябе як князь слабы і нерашучы. У выніку змовы старэйшых братоў Альгерда і Кейстута Яўнуцій быў пазбаўлены прастола. Вялікім князем быў абвешчаны Альгерд (1345 – 1377), але фактычна браты сталі суправіцелямі. Яны размежавалі “сферы ўплыву”. Альгерду дасталася ўсходняя палова княства з цэнтрам у Вільні. Ён праводзіў актыўную усходнюю і паўднёвую палітыку. Цэнтрам уладанняў Кейстута сталі Трокі. Ён абараняў дзяржаву ад крыжакоў, якія здзейснілі з 1345 па 1377 гг. каля 100 рэйдаў. Кейстут зрабіў каля 40 паходаў у адказ. У 1348 г. браты біліся з крыжакамі на р. Стрэве, аднак рашаючай перамогі не атрымалі.

Альгерд далучаў да ВКЛ рускія землі (тэрыторыі сучасных Беларусі, Расіі і Украіны). У 1350-я гг. былі далучаны Бранскае княства, Мсціслаўская зямля. Пасля перамогі над татарамі на Сініх Водах у 1362 г. у складзе княства замацаваліся Кіеўшчына, Падолле і Чарнігаўшчына.

Альгерд імкнуўся падавіць узвышэнне Масквы, якая таксама стала прэтэндаваць на лідэрства ва ўсходнеславянскім рэгіёне. Ён здзейсніў тры паходы на Маскву ў 1368, 1370 і 1372 гг., аднак не дасягнуў стратэгічных поспехаў і вымушаны быў прызнаць правы маскоўскіх князёў на Уладзімірскае княжанне. У маскоўскім летапісе пра Альгерда гаворыцца, што ён не піў ні піва, ні віна, меў вялікі розум, скрытна рыхтаваў свае паходы, ваяваў не столькі колькасцю людзей, колькі ўменнем.

Такім чынам, на працягу другой паловы ХІІІ – трэцяй чвэрці XIV ст. з малога і няўстойлівага княства ў Панямонні вырасла магутная еўрапейская дзяржава, з якой вымушаны былі лічыцца Тэўтонскі ордэн, Залатая Арда і іншыя суседзі. Да 70-х гг. XIV ст. у склад ВКЛ увайшлі практычна ўсе беларускія землі. Існавалі тры шляхі іх уваходжання ў склад дзяржавы: дагаварны, шлях дынастычнага шлюбу, шлях ваеннага захопу. Пры гэтым абсалютная большасць беларускіх земляў увайшла ў склад ВКЛ добраахвотна, кіруючыся ваенна-палітычнай мэтазгоднасцю.

ВКЛ склалася як федэрацыя асобных зямель і княстваў. Яно паўстала як балта-ўсходнеславянская дзяржава са значнай перавагай усходнеславянскай тэрыторыі і насельніцтва (90% тэрыторыі і 80% насельніцтва пры Гедзіміне і Альгердзе). Менавіта ўсходнеславянскія землі зрабілі княства Вялікім, узбагацілі яго традыцыямі палітычнага, сацыяльна-эканамічнага, культурнага развіцця. Аб’яднанне ў адзіную дзяржаву дапамагло ўвайшоўшым у яе склад землям і народам выстаяць у барацьбе з крыжакамі і мангола-татарамі.

2. Дуумвірат Альгерда і Кейстута зрабіў грамадскае жыццё ў краіне стабільным. Аднак пасля смерці Альгерда ўзнік палітычны крызіс. Справа ў тым, што вялікім князем па жаданні Альгерда стаў Ягайла (1377-1392 гг.) – старэйшы сын ад другога шлюбу з цвярской княжной Ульянай. Пачатак яго княжання суправаджаўся абвастрэннем міжусобнай барацьбы з дзядзькам Кейстутам і братам Андрэем Полацкім – старэйшым сынам Альгерда ад першага шлюбу з віцебскай княжной Марыяй. Менавіта Андрэй і ўзначаліў рух супраць княжання Ягайлы на першым этапе. У 1377 г. Ягайла паспрабаваў пазбавіць Андрэя ўдзелу. Той уцёк у Пскоў, дзе яго абралі князем. Затым для барацьбы з Ягайлам Андрэй Полацкі ўступіў у саюз з вялікім князем маскоўскім Дзмітрыем Іванавічам (Данскім). У 1380 г. ён на баку маскоўскага князя разам са сваім братам Дзмітрыем удзельнічаў у Кулікоўскай бітве. Яго саюзнікамі сталі таксама Вялікі Ноўгарад і Лівонскі Ордэн. Андрэй Альгердавіч пагражаў княству вайной.

У 1381 г., выкарыстаўшы барацьбу Ягайлы і Андрэя, вялікакняжыцкі сталец захапіў Кейстут. Палітычны крызіс абвострыўся. У 1382 г. Ягайла заманіў Кейстута на перагаворы ў Вільню, дзе Кейстут быў паланёны і адпраўлены ў Крэўскі замак. У цямніцы Крэўскага замка на пятую ноч Кейстут быў задушаны.

Ягайла, каб утрымацца на вялікакняжацкім прастоле, па прыкладу бацькі паспрабаваў сябраваць з адным са сваіх братоў – Скіргайлам. Скіргайлу былі падараваны Полацкая і Трокская землі. Але палачане не пагадзіліся з такім рашэннем і выгналі Скіргайлу з горада. На сталец у Полацк вярнуўся Андрэй. Крызіс яшчэ больш паглыбіўся. У такім выпадку Ягайла стаў шукаць знешняга саюзніка. Ім стала Польшча. Палякам таксама патрэбны быў саюзнік у барацьбе з Ордэнам. Пасля смерці караля Казіміра ІІІ (1380 г.) польскім каралём стаў венгерскі кароль Людовік Анжуйскі. Аднак, у 1381 г. ён таксама памёр і каралевай была аб’яўлена яго дачка Ядвіга. Польскія феадалы спадзяваліся, што мужам Ядвігі будзе вялікі князь літоўскі Ягайла, які пасля шлюбу стане і каралём польскім. У Крэве былі выпрацаваны ўмовы дзяржаўна-прававога аб’яднання Літвы і Польшчы. На іх падставе 14 жніўня 1385 г. было падпісана пагадненне з Польшчай, вядомае пад назвай Крэўскай уніі. Ягайла абавязаўся прыняць каталіцтва і перавесці ў новую веру сваіх падданых. У 1386 г. Ягайла прыняў каталіцтва, ажаніўся на Ядвізе і стаў польскім каралём Уладзіславам ІІ. Умовы Крэўскай уніі ўступілі ў сілу.

Дынастычная Крэўская унія была спробай інкарпарацыі ВКЛ у склад Польшчы. Пракаталіцкая і прапольская палітыка Ягайлы выявілася ў прывілеі 1387 г., дзе феадалам-католікам дараваліся вялікія маёмасныя правы. У выніку правядзення падобнай палітыцы ў ВКЛ узнік моцны апазіцыйны рух, накіраваны супраць Ягайлы. Зноў цэнтрам супраціўлення стаў Полацк. Андрэй Альгердавіч адмовіўся прыносіць прысягу на вернасць каралю Ягайле. У саюзе са Смаленскам і Лівоніяй пачаліся баявыя дзеянні супраць Кароны Польскай. Скіргайла здолеў справіцца з саюзным войскам. Андрэй трапіў у палон і быў адпраўлены ў Польшчу, дзе знаходзіўся ў зняволенні да 1394 г. Беларускія землі былі перададзены Скіргайлу.

З канца 80-х гг. XIV ст. рух супраць Ягайлы ўзначаліў князь Вітаўт, сын Кейстута. Барацьба Вітаўта з Ягайлам працягвалася да 1392 г. Вітаўт з дапамогай крыжакоў рабіў пастаянныя напады на Польшчу. Жорсткая барацьба вялася з пераменным поспехам і скончылася заключэннем пагаднення 1392 г. у маёнтку Востраў каля Ліды. Князем ВКЛ быў абвешчаны Вітаўт. Праўда, ён абавязваўся не рабіць спроб аддзяліць Літву ад Польшчы і быць на становішчы васала польскага караля.

Важнейшым мерапрыемствам Вітаўта на першым этапе яго праўлення была адміністрацыйная рэформа 1393-1395 гг. Каб умацаваць сваю ўладу ў ВКЛ, Вітаўт вырашыў ліквідаваць сістэму спадчыннага надзельнага княжання. Інстытут княжання быў заменены інстытутам намесніцтва. Там, дзе Вітаўту супраціўленне не аказвалася, мясцовыя валадары надзяляліся іншымі княствамі, але больш дробнымі. Да прыкладу, кіеўскі князь Уладзімір Альгердавіч атрымаў Капыль. Хто ж супраціўленне аказваў, то атрымоўваў турэмнае зняволенне (падольскі князь Фёдар Карыятавіч). Намеснікамі былі давераныя асобы Вітаўта. Да прыкладу, у Віцебску ім стаў Фёдар Вясна, у Кіеве – Іван Гальшанскі.

Каб умацаваць свае пазіцыі на міжнароднай арэне, Вітаўт у 1398 г. заключыў Салінскае пагадненне з крыжакамі, паводле якога аддаваў ім значную частку Жамойці. У пагадненні Вітаўт абвяшчаўся “каралём Літвы і Русі”. Заручыўшыся мірам з крыжакамі, Вітаўт у саюзе з былым залатаардынскім ханам Тахтамышам аб’явіў вайну Ардзе. Задачай Вітаўта было далучэнне да ВКЛ усіх “рускіх зямель”. Рашаючая бітва адбылася 12 жніўня 1399 г. на рацэ Ворскле. Войска Вітаўта было амаль цалкам знішчана. У летапісу наконт гэтага запісана: “попусти бог татаром”. Паражэнне на Ворскле мела сваім вынікам Віленска-Радамскую унію ВКЛ з Польшчай 1401 г. У адпаведнасці з гэтай уніяй саюзніцкія адносіны паміж Польшчай і ВКЛ пацвярджаліся. Вітаўт, з аднаго боку, атрымоўваў пажыццёвы тытул вялікага князя, а з другога – прызнаваў, што пасля яго смерці ўлада над ВКЛ павінна была зноў вярнуцца да польскага караля. У адпаведнасці з уніяй вярхоўным суверэнам (princeps supremus) над Польшчай і ВКЛ па-ранейшаму з’яўляўся Ягайла.

Нягледзячы на паражэнне на Ворскле Вітаўт не адмовіўся ад палітыкі сваіх папярэднікаў, накіраванай на падпарадкаванне Літве рускіх княстваў. У 1403 г. у склад ВКЛ увайшло Вяземскае княства. У 1404 г. Вітаўт далучыў Смаленск. Таксама войска Вітаўта ажыццявіла паспяховы паход на Вялікі Ноўгарад і Пскоў. Па дагавору ў гэтыя гарады былі накіраваны княжацкія намеснікі, і гарады вымушаны былі плаціць даніну. З маскоўскім князем Васілём І Вітаўт заключыў пагадненне. Межы паміж дзяржавамі былі вызначаны па рацэ Угры – прытоку Акі. Пасля смерці Васіля І ў васальную залежнасць да ВКЛ трапілі Цвярское і Разанскае княствы, а таксама землі ў вярхоўях Акі. Верагодна, у пачатку XV ст. у склад ВКЛ былі ўключаны землі Паўднёвага Падолля – Княства атрымала выхад да Чорнага мора. У гістарычнай літаратуры гэта называецца “братаннем Вітаўта з Чорным морам”.

У пачатку XV ст. абвострыліся адносіны паміж Польшчай і ВКЛ з аднаго боку і Тэўтонскім ордэнам – з другога. У 1409 г. Жамойць паўстала супраць крыжакоў. Вітаўт падтрымаў гэтае выступленне. У выніку Жамойць уз’ядналася з ВКЛ. Ваенны канфлікт выліўся ў “Вялікую вайну” 1409-1411 гг.

Вітаўт і Ягайла вырашылі аб’яднаць свае сілы, каб нанесці рашаючае паражэнне крыжакам. Вітаўт збіраў палкі ў Літве і ў рускіх землях. Таксама ў войска Вітаўта ўваходзілі татары хана Джалал-ад-Дзіна і атрад чэхаў пад кіраўніцтвам Яна Жыжкі. Ягайла арганізоўваў атрады палякаў. У выніку Вітаўт назбіраў 40 харугваў, Ягайла – 50. Крыжакі, са свайго боку, набралі наёмнікаў у еўрапейскіх гарадах і набылі гарматы. Кіраваў крыжацкім войскам магістр Тэўтонскага Ордэна Ульрых фон Юнгінген. Пад крыжацкімі сцягамі сабраўся 51 атрад. У бітве з абодвух бакоў прымала ўдзел каля 60 тысяч чалавек.

Варожыя войскі сустрэліся 15 ліпеня 1410 г. каля вёсак Грунвальд, Таненберг, Людвігсдорф. Літоўскія і польскія войскі занялі ўчастак, які зарос лесам і хмызняком. Супраць правага фланга крыжакоў стаялі польскія палкі, супраць левага – літоўскія. Камандуючым саюзнымі войскамі быў Ягайла. Непасрэдна войскамі ВКЛ кіраваў князь Вітаўт.

Бітва пачалася ў другой палове дня з атакі конніцы ВКЛ, якая панесла значныя страты. Пасля некалькіх гадзін бітвы літоўскія войскі сталі адступаць. Вітаўт выкарыстаў выпрабаваную тактыку, якая заключалася ў тым, каб прымусіць рыцараў пачаць праследаванне і тым самым расстроіць іх рады, каб затым напасці на іх зноў. Гэта яму ўдалося. Рыцары падумалі, што яны ўжо блізкія да перамогі. Але Вітаўт, у ходзе імітаванага “адступлення”, перагрупаваў войскі і ўдарыў па рассеяных па полю крыжаках. Поспех быў на баку Вітаўта. Гэта натхніла і польскія войскі, якія вялі цяжкі бой з правым флангам рыцараў. Мужна змагаліся ў цэнтры смаленскія палкі пад кіраўніцтвам Сямёна Лінгвена. Я.Длугаш адзначаў: “Нага наступала на нагу, даспехі ўдараліся аб даспехі, і людзі біліся, і коні давілі людзей”. Бітва завяршылася поўным разгромам крыжакоў. Перамога пад Грунвальдам была адной з важнейшых падзей гісторыі ВКЛ, Польшчы і тых славянскіх народаў, якім пагражала нямецкая агрэсія. Па Торуньскаму мірнаму дагавору 1411 г. Ордэн адмовіўся ад прэтэнзій на Жамойць і павінны быў выкупіць усе занятыя саюзнікамі замкі.

Рацары адразу не прымірыліся з паражэннем і рыхтаваліся да новай вайны. Пераможцы, разумеючы, што небяспека новых войнаў яшчэ поўнасцю не выключана, вырашылі ўмацаваць свой саюз новым пагадненнем. У 1413 г. паміж Вітаўтам і Ягайлам была заключана Гарадзельская унія. У адпаведнасці з гэтым дакументам ВКЛ ужо разглядалася не як васал Польшчы, а як раўнапраўны палітычны партнёр. Партнёрства ВКЛ і Польшчы павінна было працягвацца і пасля смерці Вітаўта і Ягайлы. Палякі абавязваліся не выбіраць новага караля без згоды ВКЛ, і наадварот, на абранне вялікага князя патрабавалася згода Польшчы. Для больш цеснага збліжэння пануючых станаў абедзвюх дзяржаў 47 найбольш знакамітых літоўскіх родаў былі пабратаны з польскімі і прынялі іх гербы. На ўзор Польшчы ў ВКЛ ствараліся два ваяводствы – Віленскае і Троксакае. Прадугледжваліся агульныя з’езды паноў і шляхты. У адпаведнасці з Гарадзельскай уніяй толькі феадалы-католікі атрымоўвалі права займаць вядучыя пасты ў ВКЛ. Праваслаўныя феадалы апынуліся ў нераўнапраўным становішчы – абвострылася “рускае пытанне”.

У сярэдзіне 1420-х гг. адносіны паміж Ягайлам і Вітаўтам сапсаваліся. На гэта паўплывала нараджэнне ў польскага караля двух сыноў ад маладой жонкі Соф’і Гальшанскай. Гэта пазбаўляла Вітаўта ўсякіх шанцаў атрымаць польскую карону пасля смерці Ягайлы. Каб набыць роўны статус з Ягайлам, Вітаўт задумаў пераўтварыць ВКЛ па ўзору Польшчы ў каралеўства. Задума каранацыі Вітаўта выклікала шырокі міжнародны рэзананс, аднак яна не здзейснілася – палякі арганізавалі блакаду межаў ВКЛ і затрымалі пасольства з каранацыйнымі дакументамі. Каранацыя была перанесена, але князь памёр так яе і не дачакаўшыся. Няглядзячы на гэта час праўлення Вітаўта (1392-1430 гг.) называюць залатым векам беларускай гісторыі.

Пасля смерці Вітаўта вялікім князем літоўскім стаў малодшы брат Ягайлы – Свідрыгайла (1430-1432 гг.). Яго палітыка была скіравана на замацаванне лініі на дзяржаўную самастойнасць Вялікага княства Літоўскага. Пры гэтым Свідрыгайла спрабаваў пашырыць сацыяльную базу велікакняжацкай улады за кошт схілення на свой бок праваслаўных феадалаў. Застаючыся католікам, ён пачаў дапускаць праваслаўных да кіравання дзяржавай.

Узрастанне пры Свідрыгайле палітычнай ролі усходнеславянскіх феадалаў выклікала незадаволенасць літоўскай арыстакратыі. Пры дапамозе Польшчы была арганізавана змова супраць вялікага князя. Свідрыгайлу ўдалося збегчы ў Полацк, дзе ён знайшоў падтрымку з боку мясцовых князёў і баяр. А вялікім князем літоўскім быў абвешчаны брат Вітаўта – Жыгімонт Кейстутавіч (1432-1440 гг.). Ягайла зацвердзіў гэта абвяшчэнне. Жыгімонт у сваю чаргу граматай ухваліў унію з Польшчай, раней скасаваную Свідрыгайлам. Склалася сітуацыя, калі дзяржава аказалася падзеленай на дзве часткі (Вялікае княства Літоўскае і Вялікае княства Рускае), кожная з якіх мела свайго вялікага князя. На баку Жыгімонта былі ўсе літоўскія землі (Вільня, Коўна, Трокі, Жэмайція, а таксама Гародня). На баку Свідрыгайлы – князі, баяры і гараджане Полацкай, Віцебскай, Смаленскай, Северскай, Кіеўскай зямель, часткі Валыні і Падолля. Дапамогу Свідрыгайлу аказвалі крыжакі, цвярскі князь, татары і малдаўскі гаспадар.

Супрацьстаянне бакоў прывяло да феадальнай вайны (1432-1436 гг.). Вялася яна з пераменным поспехам. У 1434 г., каб аслабіць рух на чале са Свідрыгайлам, у Троках ад імя Жыгімонта Кейстутавіча быў выдадзены прывілей, які пашыраў на рускіх князёў і праваслаўную шляхту ўсе “наданні, свабоды, прывілеі і выгады”, што былі раней дараваны феадалам-католікам. Трокскі прывілей гарантаваў праваслаўнай шляхце недатыкальнасць іх зямельных уладанняў, ільготы ў дзяржаўных павіннасцях, магчымасць займаць вышэйшыя дзяржаўныя пасады. Католікі захоўвалі толькі манаполію на пасады ваяводы і кашталяна віленскага і трокскага. Прывілей 1434 г. аказаўся значнай перашкодай для праціўнікаў Жыгімонта Кейстутавіча, аднак Свідрыгайла і сам быў вінаваты ў тым, што паступова страчваў давер праваслаўных феадалаў. Справа ў тым, што Свідрыгайла быў прыхільнікам ідэі уніі праваслаўнай і каталіцкай цэркваў. Ён, ажыццявіўшы унію, разлічваў на дапамогу папы рымскага ў барацьбе за ўладу ў ВКЛ. Разам з тым ідэю уніі наўрад ці падтрымлівалі мітрапаліт Герасім і большая частка праваслаўнай шляхты. У выніку з вясны 1435 г. у лагеры Свідрыгайлы Альгердавіча пачаліся здрады і паўстанні. На чале найбольшай змовы стаяў сам мітрапаліт. Свідрыгайла жорска з ім расправіўся – мітрапаліт Герасім быў арыштаваны, завезены ў Віцебск і 28 ліпеня 1435 г. спалены на вогнішчы. Губляючы прыхільнікаў, Свідрыгайла спяшаўся нанесці вырашальны ўдар па непрыяцелю. Бітва, якая вырашала ход вайны, адбылася ў 1435 г. пад Вількамірам. Войска Свідрыгайлы пацярпела тут паражэнне, а сам ён збег спачатку ў Віцебск, а потым на Украіну. Феадальная вайна завяршылася перамогай Жыгімонта Кейстутавіча. Князь, каб умацаваць сваю ўладу стаў абапірацца ў сваёй дзейнасці на дробных і нерадавітых баяр. З гэтым былі не згодны магнаты (князі Чартарыйскія, віленскі ваявода Доўгірд, трокскі ваявода Лялуша), якія ў 1440 г. забілі Жыгімонта ў яго замку ў Троках.

Пасля смерці Жыгімонта палякі імкнуліся мацней падпарадкаваць ВКЛ Кароне Польскай. Замест пасады вялікага князя літоўскага яны хацелі ўвесці каралеўскае намесніцтва на чале з 13 гадовым Казімірам Ягайлавічам. Аднак, гэтага зрабіць не ўдалося – Казіміра абвясцілі вялікім князем літоўскім (1440-1492 гг.). Пасля смерці свайго брата Уладзіслава Казімір быў запрошаны на польскі трон. Шляхта ВКЛ, адпраўляючы вялікага князя ў Польшчу, дабілася ад яго выдання прывілея, які ўвайшоў у гісторыю як Прывілей Казіміра 1447 г. Прывілей пацвярджаў асабістую свабоду і недатыкальнасць баяр, іх спадчынныя правы на маёнткі. У адносінах да сялян менавіта гэты прывілей паклаў пачатак юрыдычнаму афармленню іх феадальнай залежнасці. Казімір абяцаў, што цяпер ён не будзе прымаць баярскіх сялян на свае землі. Суд над сялянамі таксама перадаваўся ў рукі баяр. Звяртаюць на сябе ўвагу тыя артыкулы прывілея 1447 г., якія аберагалі ВКЛ ад пасяганняў з боку польскіх феадалаў на яго суверэнныя правы і адасобленасць. Нягледзячы на тое, што Казімір у чэрвені 1447 г. стаў каралём Польшчы, прывілей забараняў раздаваць дзяржаўную маёмасць і пасады іншаземцам.

Яшчэ больш шырокае значэнне меў Судзебнік Казіміра, выдадзены ім у 1468 г. Гэты дакумент паклаў пачатак новаму этапу ў развіцці як прававой тэорыі, так і практыкі заканадаўчай дзейнасці ВКЛ. Ён з’явіўся першай спробай кадыфікацыі права ў княстве. Судзебнік утрымліваў 25 артыкулаў, у якіх замацоўваліся нормы угалоўнага, адміністрацыйнага і працэсуальнага права. Новай з’явай у Судзебніку стала вызначэнне злачынства як супрацьпраўнага дзеяння. Судзебнік забараняў вызваляць злачынцу ад пакарання. Узмацненне феадальнага прыгнёту і пазбаўленне залежных сялян права свабодна пакідаць землю феадала замацоўвалася ў 24-м артыкуле Судзебніка. Таго, хто дапамагаў селяніну збегчы, прадугледжвалася караць смерцю.

“Рускае пытанне” Казімірам так і не было вырашана. Адрозненні ў правах праяўляліся ў тым, што ў складзе паны-рады заўсёды пераважалі феадалы літоўскага паходжання і каталіцкія святары. Прадстаўнікі праваслаўнай царквы ніколі не ўваходзілі ў яе склад. У выніку супраць Казіміра ў 1481 г. была арганізавана змова. Праўда, змоўшчыкі Міхаіл Алелькавіч, Іван Гальшанскі і Фёдар Бельскі пацярпелі паражэнне.

Пасля смерці Казіміра вялікім князем літоўскім быў абраны Аляксандр Казіміравіч (1492-1506 гг.). Новы князь быў вымушаны лічыцца з узмацненнем баяр. Так, у 1492 г. Аляксандр Казіміравіч выдаў прывілей, дзе не толькі пацвердзіў усе правы і вольнасці, якія феадалы ВКЛ атрымалі раней, але і дараваў новыя. Цяпер вялікі князь абавязаваўся весці дыпламатычныя зносіны толькі пасля ўзгаднення з паны-радай, сваёй воляй нічога не адмяняць, без згоды рады не рабіць прызначэнняў на дзяржаўныя пасады, распараджацца фінансамі толькі пад яе кантролем. Такім чынам, прывілей 1492 г. істотна абмяжоўваў уладу манарха на карысць шляхты. Паны-рада з дарадчага органа пераўтварылася ў орган дзяржаўнага кіравання. ВКЛ пераўтварылася з абсалютнай ў абмежаваную манархію.

З канца XV ст. на жыццё ВКЛ аказваў уплыў такі знешнепалітычны фактар, як абвастрэнне адносін з Маскоўскай дзяржавай. Масква стала прэтэндаваць на ролю збіральніка былых зямель Кіеўскай Русі. Адрозненні паміж усходнеславянскім насельніцтвам Літвы і Маскоўскай дзяржавы ў мове і культуры тады былі яшчэ нязначныя. Вельмі важным фактарам было тое, што насельніцтва гэтых краін спавядала адну праваслаўную веру і называла сябе аднолькава – рускімі. Каб перахапіць ініцыятыву ў збіранні рускіх зямель, маскоўскія князі абвясцілі сябе абаронцамі праваслаўя, сталі актыўна выкарыстоўваць “рускае пытанне” для аслаблення пазіцый Літвы ва ўсходнеславянскім рэгіёне. У той час Літва, каб аслабіць пазіцыі Масквы, падтрымлівала залатаардынскага хана Ахмеда ў яго барацьбе з Маскоўскім княствам. Літоўскае княства выступіла таксама на баку Пскова і Ноўгарада супраць Масквы.

Адносіны паміж Масквой і Літвой найбольш абвострыліся пры маскоўскім князі Іване ІІІ. Супярэчнасці паміж дзяржавамі, якія накапляліся гадамі, выліліся ў войны. Іван ІІІ выкарыстаў смерць Казіміра Ягайлавіча і ў 1492 г. выказаў тэрытарыяльныя дамаганні да Літвы. У падданства да маскоўскага князя сталі пераходзіць князі парубежных тэрыторый ВКЛ (Варатынскія, Вяземскія, Бяляўскія). У выніку Масква без цяжкасцяў авалодала землямі ў вярхоўях Акі. Гэта стала повадам для першай маскоўска-літоўскай вайны 1492-1494 гг. Для Літвы вайна аказалася няўдачнай, княства было непадрыхтаваным да шырокіх ваенных дзеянняў. Урэшце Аляксандр адмаўляўся ад прэтэнзій на Ноўгарад, Пскоў, Цвер, Разань, прызнаваў ад’езды Варатынскіх, Вяземскіх і Бяляўскіх. Мірны дагавор падмацоўваўся шлюбам Аляксандра з дачкой Івана ІІІ Аленай.

Мір паміж Масквой і Літвой быў нядоўгім. Прычынай гэтага было непрызнанне ВКЛ за вялікім князем маскоўскім тытула “государа всея Руси”. Новы пераход на бок Масквы шэрага князёў пагранічных абласцей стаў повадам для другой маскоўска-літоўскай вайны 1500-1503 гг. Маскоўскае войска ў 1500 г. разбіла войска Літвы на р. Ведрашы, недалёка ад Дарагабужа. Быў узяты ў палон гетман ВКЛ князь Канстанцін Астрожскі. Палякі, якія абяцалі Аляксандру дапамогу, не стрымалі слова і не дапамаглі свайму каралю. У выніку ВКЛ страціла вялікую тэрыторыю на Верхняй Ацэ (Мцэнск, Масальск, Сярпейск, Любуцк), Чарнігава-Северскую зямлю з гарадамі Гомель, Чарнігаў, Старадуб, Пуціўль, Ноўгарад-Северскі, частку Смаленшчыны (Бранск, Чарапец, Дарагабуж, Трубчэўск). Да Масквы адышлі таксама частка Кіеўскай і Віцебскай зямель, некалькі мястэчак на Мсціслаўшчыне. Усяго ў выніку гэтай вайны Літва страціла 19 гарадоў. Аляксандр вымушаны быў прызнаць за маскоўскім вялікім князем тытул “государа всея Руси”.

3 80-х гадоў XV ст. Вялікаму княству Літоўскаму давялося адбіваць частыя набегі крымскіх татар, якія суправаджаліся разбурэннямі беларускіх гарадоў і сёл. Татары ўводзілі ў палон мірных жыхароў, якіх потым нярэдка прадавалі ў рабства. Колькасць набегаў значна вырасла ў пачатку XVІ ст. Толькі за перыяд з 1500 па 1569 г. татары зрабілі 45 набегаў на беларускія землі. 3-за адсутнасці арганізаванай абароны на поўдні татарская конніца лёгка пранікала ў глыбінныя раёны Беларусі, а насельніцтва нашага краю вымушана было плаціць на карысць крымчакоў ардыншчыну (пераважна футрам!). Безумоўна, войска ВКЛ не раз разбівала крымскіх татар. Гэта адбылося на рацэ Уша (1502 г.), пад Давыд-Гарадком (1503 г.). У 1506 г. пад Клецкам на рацэ Лань татары былі разбіты літоўскім войскам, якім камандаваў М.Глінскі. Гэтая мясцовасць у народзе з-за вялікай колькасці пралітай крыві стала называцца Красны Стаў. Радасная вестка аб перамозе паспела дайсці да вялікага князя, які быў у гэты час у Вільні. Аляксандр памёр амаль адразу пасля бітвы.

Перад смерцю Аляксандр завяшчаў літоўскі прастол свайму брату Жыгімонту. Палякі, баючыся страціць Літву, таксама абралі Жыгімонта польскім каралём. Жыгімонт стаў кіраўніком дзяржавы будучы ўжо ў немаладым узросце. Ён пракняжыў 42 гады, таму ў гісторыю увайшоў пад імем Жыгімонта І Старога (1506-1548 гг.).

Пачатак праўлення князя быў вельмі складаным. У 1507-1508 гг. адбылася трэцяя маскоўска-літоўская вайна, якая была цесна звязана з феадальным паўстаннем у ВКЛ 1508 г. пад кіраўніцтвам М.Глінскага. Маскоўскі князь Васіль ІІІ не змог захапіць Смаленск і вырашыў падтрымаць мяцежніка.

Міхаіл Глінскі ў свой час карыстаўся асабістай дружбай вялікага князя Аляксандра, аднак пасля смерці таго быў адхілены ад двара і трапіў у няміласць да новага гаспадара. У выніку Глінскі паставіў задачу стварыць самастойную дзяржаву на былых старажытнарускіх землях і самаму ўзначаліць яе. Паўстанне было падтрымана праваслаўнымі феадаламі і Масквой. Зноў было выкарыстана “рускае пытанне”.

Ваенныя дзеянні пачаліся вясной 1508 г. на поўдні Беларусі, дзе ў Глінскага былі буйныя маёнткі. Цэнтрам паўстання стаў горад Тураў. Адсюль Глінскі са сваім атрадам дайшоў да Мазыра, авалодаў Клецкам і Копылем. На бок паўстанцаў перайшлі многія князі паўднёва-ўсходніх і ўсходніх зямель (Орша, Крычаў, Гомель). У саюзе з маскоўскім ваяводам Васілем Шамячычам М.Глінскі ўзяў у аблогу Мінск і Слуцк, аднак няўдала. Пасля гэтага паўстанцы вырашылі адступіць за левы бераг Дняпра, каб злучыцца з асноўнымі сіламі маскоўскага войска, аднак Васіль ІІІ адмовіўся далей дапамагаць Глінскаму і паўстанне было падаўлена. Закончылася і вайна 1507-1508 гг. Быў падпісан “адвечны мір”, па якому ВКЛ прызнала пераход да Масквы зямель, страчаных у час праўлення Аляксандра.

Разам з тым Васіль III не адмовіўся ад ідэі захапіць Смаленск і рыхтаваўся да новай вайны. Яго падтрымала Свяшчэнная рымская імперыя германскай нацыі і іншыя еўрапейскія краіны. У 1512-1522 гг. адбылася чацвёртая маскоўска-літоўская вайна. 19 снежня 1512 г. руская армія на чале з вялікім князем рушыла да Смаленска. Пасля трох спроб штурму горада 30 чэрвеня 1514 г. Смаленск капітуляваў. Пасля гэтага Васіль III рушыў на захад да Оршы. Тут на рацэ Крапіўна адбылася грандыёзная бітва. 8 верасня 1514 г. К.Астрожскі з 30-тысячным войскам разграміў 80-тысячнае войска князя Булгакава-Голіцы і баярына Чалядніна. Але, нягледзячы на гэта, усе спробы ВКЛ вярнуць заваяваныя Масквой землі былі дарэмныя. У 1522 г. было заключана пяцігадовае перамір’е, якое потым было прадоўжана яшчэ да 1533 г. Смаленск па ўмовах міру заставаўся за Масквой.

Смерць Васілія III і смуты ў Маскоўскай дзяржаве пры яго малалетнім пераемніку падштурхнулі Вялікае княства Літоўскае да спробы вяртання заваяванага Масквой. Пачалася пятая маскоўска-літоўская вайна 1534-1537 гг. Жыгімонт І Стары імкнуўся адваяваць Смаленск, аднак Літоўскае княства вярнула толькі Гомель і некаторыя нязначныя воласці на ўсходзе. У 1537 г. зноў было заключана перамір’е, якое працягвалася да самай Лівонскай вайны.

У часы праўлення Жыгімонта Старога пагрозу для Літвы па-ранейшаму складалі крымскія татары, набегі якіх працягваліся. У 1521 г. татары спустошылі землі паміж Слуцкам і Пінскам. Рашаючая бітва адбылася ў 1527 г. пад Альшаніцай, недалёка ад Кіева. Войска ВКЛ пад кіраўніцтвам К.Астрожскага разграміла крымскіх татар. Апошні набег татар, які дасягаў тэрыторыі Беларусі, адбыўся ў 1530 г. Ён ажыццяўляўся нязначнымі сіламі і без цяжкасцяў быў адбіты.

Жыгімонта шанавалі як разумнага і разважлівага кіраўніка. Праўленне Жыгімонта Старога вызначалася адсутнасцю каталіцкага фанатызму ў адносінах да праваслаўных. Ён добра разумеў, што прымусовае акаталічванне толькі выклікала ўнутраныя праблемы ў краіне, а разам з гэтым і аслабленне дзяржавы. Пры ім на пасаду трокскага ваяводы быў уключаны праваслаўны князь К.Астрожскі. Жыгімонт Стары быў вядомы як надзвычай адукаваны манарх, апякун навук. Ён меў у Вільні вялікую бібліятэку, запрашаў да сябе таленавітых скульптараў, архітэктараў, мастакоў, дапамагаў асветніку Ф.Скарыне.

Пасля смерці Жыгімонта Старога агульным гаспадаром ВКЛ і Польшчы стаў яго сын Жыгімонт ІІ Аўгуст (1548-1572 гг.). Важнейшым мерапрыемствам вялікага князя з’яўлялася падпісанне прывілея 1563 г., у якім праваслаўная і каталіцкая шляхта была канчаткова ўраўняна ў правах. “Рускае” пытанне было вырашана. Разам з тым пры Жыгімонце Аўгусце стала адкрытым супрацьстаянне магнатаў з аднаго боку і шляхты – з другога. Справа ў тым, што на соймах да голасу шматлікай шляхты ніхто не прыслухоўваўся. Усё вырашалі магнаты. Асабліва яскрава супрацьстаянне магнатаў і шляхты выявілася ў час сойма, які сабраўся ў 1562 г. пад Віцебскам. На ім шляхта звярнулася да вялікага князя з просьбай “учыніць супольны сойм з палякамі, каб разам караля выбіраць і права аднолькавае ўжываць”. Гэты зварот Жыгімонт Аўгуст не змог задаволіць, аднак вярхоўная ўлада, каб прыцягнуць на свой бок шляхту, ухваліла судовую рэформу 1565 г., адпаведна якой у паветах на польскі ўзор сталі стварацца мясцовыя суды, дзе галоўную ролю адыгрывала шляхта.

3. У ВКЛ на працягу XIV – XVI стст. адбывалася фарміраванне саслоўна-прадстаўнічай манархіі. Кіраўніком дзяржавы з’яўляўся вялікі князь (гаспадар). Ён узначальваў усё кіраўніцтва дзяржавай, з’яўляўся найвышэйшым суддзёй, заключаў міжнародныя пагадненні. Аднак улада вялікага князя не была абсалютнай, яна абмяжоўвалася паны-радай і соймам.

У склад паны-рады ўваходзіў вялікі князь, а таксама асобы, якія займалі вышэйшыя дзяржаўныя пасады з ліку буйных феадалаў і бліжэйшых родзічаў князя (ваяводы, кашталяны, старосты, гетман, канцлер, маршалк земскі, каталіцкія біскупы). Колькасць паноў-радных не была пастаяннай. Пры Гедыміне іх налічвалася прыкладна 20 чалавек, у XV – першай палове XVI ст. – 45 чалавек, а пасля адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565 г., калі былі ўтвораны новыя ваяводствы і паветы паноў-радных стала 65. Усе яны сядзелі на так званых лавіцах, ад першай да апошняй, у залежнасці ад займаемага ў грамадстве становішча. Паны-рада ў поўным складзе збіралася рэдка, толькі для вырашэння найважнейшых спраў, а ўсе бягучыя справы вялікі князь вырашаў з так званай праднейшай радай (“першай лавіцай”), у склад якой уваходзілі толькі пяць найбольш уплывовых асоб: віленскі біскуп, віленскія ваявода і кашталян, трокскія ваявода і кашталян.

Гаспадарская рада была найбольш уплывовай ў пачатковы перыяд узнікнення і развіцця ВКЛ. У далейшым яе роля некалькі аслабла, таму што з’явіўся новы агульнадзяржаўны орган – вальны сойм. У яго склад уваходзілі вялікі князь, радныя паны і шляхта ўсіх зямель ВКЛ. Спачатку шляхта запрашалася на сойм пагалоўна, што выклікала залішнюю шматлюднасць. Каб пазбегнуць гэтага, было вырашана пасылаць ад павета па два дэпутаты на агульны сойм. Яны выбіраліся на павятовых сойміках, дзе збіралася ўся шляхта таго ці іншага павета і выпрацоўваліся інструкцыі паслам-дэпутатам. Соймы не толькі ўдзельнічалі ў выбранні вялікіх князёў, але і вырашалі ўсе найважнейшыя пытанні і справы адносна вайны і міру, арганізацыі абароны краіны, унутранай палітыкі, увядзення надзвычайных падаткаў, прыняцця законаў. Да сярэдзіны XVI ст. сойм пераўтварыўся ў важнейшы заканадаўчы і кантралюючы орган, пачаў выступаць у якасці феадальнага парламента. Соймавыя пасяджэнні адбываліся найчасцей у Вільні, аднак маглі збірацца таксама ў Берасці, Наваградку, Гародні.

У сістэме цэнтральных органаў дзяржаўнай улады значную ролю выконвалі чыноўнікі. Гэта канцлер, які з’яўляўся кіраўніком канцылярыі, хавальнікам вялікакняжацкай пячаткі. Таксама пад кантролем канцлера знаходзіўся дзяржаўны архіў – метрыка. Намеснікам канцлера быў падканцлер. Канцлер і падканцлер прымалі актыўны ўдзел у падрыхтоўцы праектаў заканадаўчых актаў. Гетман з’яўляўся камандуючым узброенымі сіламі дзяржавы. Падскарбій быў хавальнікам дзяржаўнага скарба. Маршалак старшынстваваў на пасяджэннях паны-рады і сойма, сачыў за прыдворным этыкетам, кіраваў прыёмам замежных паслоў.

Сістэма мясцовага кіравання ВКЛ мела доўгую эвалюцыю. Яна фарміравалася разам з адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзелам дзяржавы. У адпаведнасці з рэформай 1565 г. беларускія землі ўваходзілі ў склад 8 ваяводстваў (Віленскага, Трокскага, Берасцейскага, Віцебскага, Менскага, Наваградскага, Мсціслаўскага, Полацкага) і 16 паветаў. Паветы складаліся з некалькіх валасцей (10-30 сёл). На чале ваяводства стаяў ваявода, які вырашаў гаспадарчыя, вайсковыя, судовыя пытанні на сваёй тэрыторыі. Прызначаліся ваяводы вялікім князем са згоды паны-рады, абавязкова з ураджэнцаў ВКЛ. Намеснікамі ваяводы былі: падваявода (вёў справы канцылярыі), кашталян (кіраваў ваяводскім войскам), гараднічы (быў камендантам замка, адказваў за яго рамонт), ключнік (наглядаў за зборам падаткаў), ляснічы і лоўчы (кіравалі ляснымі промысламі і паляваннем), стайнік (ажыццяўляў нагляд за гадоўляй коней для войска і дзяржаўнай стайняй у ваяводстве). Кіраўнікамі адміністрацыі ў паветах былі старосты. Староста, як і ваявода, абавязаны быў сачыць за падтрыманнем правапарадку на падведамнай тэрыторыі, здзяйсняў нагляд за гаспадарчай дзейнасцю дзяржаўных маёткаў і за паступленнем у дзяржаўны скарб прыбыткаў.

Ніжэйшым звяном у сістэме органаў мясцовага дзяржаўнага кіравання былі кіраўнікі дзяржаўнымі і вялікакняжацкімі маёнткамі – дзяржаўцы, якія ў больш старажытны час называліся цівунамі. Дзяржаўцы неслі адказнасць за сваю дзейнасць непасрэдна перад цэнтральнай уладай. Для ажыццяўлення нагляду над сялянамі дзяржаўцы прызначалі сотнікаў, якія кантралявалі выкананне павіннасцей сялянамі ўсяго павета, сарочнікаў, якія кантралявалі выкананне павіннасцей сялян у воласці, а таксама дзесяцкіх, якія выконвалі тыя ж функцыі ў вёсцы. Пасля правядзення зямельнай рэформы 1557 г. сотнікі і сарочнікі былі заменены сельскімі войтамі, а прадстаўнікамі вясковай адміністрацыі па-ранейшаму з’яўляліся дзесяцкія. За сваю службу сельскія войты вызваляліся ад усякіх плацяжоў і павіннасцей. Яны збіралі падаткі з сялян, наглядалі за работамі ў вялікакняжацкай гаспадарцы. У тых мясцовасцях, дзе жылі дзяржаўныя сяляне і не было замкаў і дзяржаўных маёнткаў, дзейнічалі органы мясцовага самакіравання – сялянскія сходы і абраныя імі старцы.

Свая сістэма ўпраўлення існавала ў гарадах з самакіраваннем (магдэбургскім правам). Органам самакіравання лічыўся гарадскі магістрат, які аб’ядноўваў раду (распарадчы орган) і лаву (суд). Галавой горада і адпаведна магістрата з’яўляўся войт. Ён сачыў за падтрыманнем парадку ў горадзе, зборам сродкаў у дзяржаўную казну, здзяйсняў правасуддзе. Яго намеснікам быў лентвойт. Гарадская рада ў большасці беларускіх гарадоў складалася з 6 – 20 радцаў, якія абіраліся мяшчанамі. На чале рады стаялі бурмістры. Яны займаліся рашэннем бягучых спраў гарадскога кіравання, ведалі пытаннямі гандлю, рамёстваў, гарадскога добраўпарадкавання, клапаціліся аб гарадскіх абарончых збудаваннях. У склад гарадской лавы ўваходзілі лаўнікі, абраныя мяшчанамі, а ўзначальваў лаву войт.

На ўсе значныя пасады мясцовага кіравання рабіў прызначэнні вялікі князь разам з паны-радай. Аднак у Полацкай і Віцебскай землях вялікі князь, прызначаючы на пасады мясцовага кіравання, павінны быў улічваць настроі мясцовай знаці. Прычым гэта была не адзіная ўступка полацкім і віцебскім феадалам. Прывілеі вялікіх князёў абмяжоўвалі полацкіх і віцебскіх ваяводаў у судовай уладзе. На ваяводскім судзе была абавязковай прысутнасць мясцовых баяр. Да таго ж усе пасады ў Полацкім і Віцебскім ваяводствах маглі займаць толькі ўраджэнцы гэтых зямель. Як бачна, вярхоўная ўлада перасцерагалася, баючыся згубіць Полацкую і Віцебскую землі, якія размяшчаліся на памежжы з Вялікім княствам Маскоўскім.

Паступова развівалася і ўдасканальвалася судовая сістэма ВКЛ. Вышэйшай судовай інстанцыяй з’яўляўся вялікакняжацкі (гаспадарскі) суд. На гэты суд ускладвалася задача апеляцыйнага перагляду спраў. Тут разглядаліся справы аб дзяржаўных злачынствах, аб прыналежнасці да шляхецкага саслоўя, па скаргах на злоўжыванні ўладай вышэйшых службовых асоб. У выпадку адсутнасці вялікага князя або па яго даручэнні маглі працаваць суды паноў-рады і сойма. Судовая ўлада вялікага князя была значна абмежавана заснаваным у 1581 г. Галоўным судом (Трыбуналам ВКЛ). Ён быў створаны з мэтай разгрузкі вялікакняжацкага суда ў дачыненні разгляду апеляцыйных скаргаў на рашэнні мясцовых судоў. Рашэнні Галоўнага суда былі канчатковымі і абскарджанню не падлягалі.

У сістэме мясцовых судоў найбольш старажытным быў замкавы (гродскі) суд. Судовыя пасяджэнні адбываліся ў замку (“гродзе”). Суд з’яўляўся агульнасаслоўным і тут разглядаліся пераважна крымінальныя справы. У склад суда ўваходзілі ваявода (у ваяводстве), староста (у павеце), дзяржаўца (у памесце) і прадстаўнікі ад мясцовай знаці. Справаводства замкавага суда вёў пісар. Важнай функцыяй замкавага суда з’яўлялася выкананне прысудаў, для чаго пры судзе існавала турма і знаходзіўся кат. Найбольш дэмакратычным з мясцовых судоў (выбарным, калегіяльным, аддзеленым ад адміністрацыі) быў земскі павятовы суд. У склад суда ўваходзілі суддзя, падсудак і пісар. Суддзі выбіраліся пажыццёва на з’ездах павятовай шляхты. Сесіі земскага суда праходзілі тры разы на працягу года і доўжыліся тры-чатыры тыдні. Суд у асноўным разглядаў грамадска-прававыя іскі шляхты, што мела ў павеце свае землі. Падкаморскі суд разглядаў зямельныя і межавыя спрэчкі феадалаў. Справы ў дадзеным судзе разглядаліся суддзёй-падкаморыям з удзелам зацікаўленых бакоў. Суддзі выбіраліся, як і ў земскі суд, пажыццёва на з’ездах павятовай шляхты. Ваяводскі суд разглядаў справы шляхты, што трымала маёнткі ў вялікакняжацкіх землях, мяшчан тых гарадоў, што не мелі магдэбургскага права, дзяржаўных сялян. Прыватнаўласніцкіх і царкоўных сялян судзілі самі землеўласнікі на вотчынным судзе. У сялянскім асяроддзі (у адносінах да памешчацкіх сялян) да пачатку XVIІ ст. працягваў дзейнічаць старажытны копны суд. Тут суддзямі былі мужы і старцы копныя, якія вылучаліся з сялян. Рашэнні гэтага суда выконваліся адразу і абскарджанню не падлягалі. У гарадах з магдэбургскім правам дзейнічаў войтаўска-лаўнічы суд.

Усе названыя судовыя інстанцыі абапіраліся ў сваёй дзейнасці на дзяржаўнае заканадаўства, якое было прадстаўлена Статутамі ВКЛ. Вядомы тры рэдакцыі Статута: 1529, 1566, 1588 гг. Апошні з іх дзейнічаў на Беларусі да 1840 г. Для свайго часу гэта быў перадавы помнік заканадаўства, бо тут была сфармулявана ідэя прававой дзяржавы, вызначана роўнасць усіх грамадзян перад законам. Разам з тым нельга забываць, што гэта было заканадаўства феадальнага грамадства. Тут вызначалася прывілеяванае становішча шляхты, прыніжанае становішча “люду простага”. Пакаранні за злачынства былі балючыя і членашкодныя – адсячэнне рукі, адразанне вуха, носа. Напрыклад, хто ўкраў мёд, таму ўспарвалі жывот, выцягвалі кішкі і намотвалі іх на дрэва ці на слуп.

Войска ВКЛ да канца XVI ст. уяўляла сабой ўсеагульнае апалчэнне – паспалітае рушанне. Па заканадаўству ВКЛ ваеннаабавязанымі былі ўсе мужчыны, якія мелі ва ўласнасці зямлю. Са сваіх зямельных уладанняў шляхціц павінен быў выставіць добра ўзброенага і навучанага для вайсковай службы жаўнера: аднаго ад 8 службаў (адна служба – гэта два сялянскіх двара). Рашэнне аб збору паспалітага рушання прымаў вальны сойм. У кожным павеце збіралася свая харугва (полк) на чале з харунжым (павятовым сцяганосцам, які ведаў улікам і зборам ваеннаабавязаных людзей у выпадку небяспекі). Харугвы злучаліся на ўзроўні ваяводства на чале з кашталянам. З ваяводстваў войска рухалася да месца агульнага збору, дзе гетман прымаў яго пад сваю каманду. Толькі ў XVIІ – XVIІІ стст. войска ВКЛ стала наёмным прафесійным. Баявой адзінкай у войску было кап’ё: вершнік, збраяносец-парабак і лучнік. Воіны былі ўзброены агнястрэльнай зброяй: ручніцамі, аркебузамі, халоднай зброяй – мячамі, кордамі, шаблямі, шпагамі, лукамі. У XVI ст. войска ВКЛ славілася сваёй артылерыяй. Многія гарматы мелі непаўторныя назвы – салавейкі, спявачкі, “Гідра”, “Сава”.