Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Гуд П.А. Технология создания праздника.doc
Скачиваний:
35
Добавлен:
09.11.2019
Размер:
1.01 Mб
Скачать

Гандлёва-гульнёвыя дзеі

Адметная асаблівасць традыцыйнага беларускага святочнага гандлю — разнастайныя гандлёва-гульнёвыя дзеі. Таму на аднаўленне і захаванне нацыянальнай культурна-гістарычнай спадчыны дырэкцыя кірмашу павінна звярнуць вялікую ўвагу. Так, у зоне продажу хатніх жывёл можна наладзіць сельскагаспадарчую латарэю з розыгрышам бычкоў, парсючкоў, авечак і інш.; у зоне продажу птушак — птушыны аўкцыён; у месцы, дзе прадаецца рыба, — гандлёвыя атракцыёны “Міёрскі павук”, “Палеская рыбалка”, “Рыбная латарэя”; у радах гародніны і садавіны — мінскую латарэю “Па спісу”, “Воранаўскі чыгун”, валожынскую забаву “Не ляпніся ў лужу”; у зоне цацак — “Дзіцячую рыбалку”, “Івацэвіцкую рулетку”; у зоне продажу кандытарскіх вырабаў — атракцыён “Пастаўскі пернік”, латарэю цукерак у форме гульні “Цот — лішка”; на кніжным гандлі — кніжную латарэю і да т.п. Арганізацыя гульнёвых формаў гандлю дае магчымасць уцягнуць у дзею значную колькасць людзей, садзейнічае іх актывізацыі, стварае жыццярадасны настрой у гледачоў.

Адной з галоўных задач пры ўвасабленні гульнёвых формаў гандлю з’яўляюцца захаванне ў структуры кірмашу традыцыйных беларускіх гандлёвых атракцыёнаў і стварэнне на гэтай аснове новых гандлёва-гульнёвых формаўтварэнняў.

Гандлёвыя атракцыёны як адна з найцікавейшых формаў гандлёва-гульнёвага дзеяння ўзніклі на кірмашах Беларусі ў канцы XIX ст. Галоўнай мэтай арганізацыі гандлёвых атракцыёнаў была рэалізацыя тавару сродкамі гульні. Шырокай папулярызацыі гэтых гульнёвых дзей садзейнічала менавіта тое, што яны былі не толькі формай набыцця тавару, але і ператварыліся ў своеасаблівую форму адпачынку, дзе людзі маглі паўдзельнічаць у імправізавана-гульнёвым дзеянні.

У сучаснай кірмашовай культуры гандлёвыя атракцыёны сталі адметнай рысай беларускіх кірмашоў, іх этнічна-спецыфічнай асаблівасцю. Пачынаючы з 80-х гг. XX ст. яны былі адроджаны ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Змест і задачы гандлёвых атракцыёнаў вельмі простыя і зразумелыя, удзел у іх не патрабуе спецыяльнай падрыхтоўкі, і таму яны і сёння карыстаюцца велізарным поспехам.

Арганізацыйныя аспекты і методыку правядзення гульнёвых атракцыёнаў лёгка зразумець і асвоіць з ніжэйпрапанаваных апісанняў іх зместу і канструкцыйных асаблівасцей.

Палеская рыбалка. Гэтую форму гадлёва-гульнёвага дзеяння ў старадаўнія часы ладзілі на кірмашах Пінска, Століна , Турава, Жыткавіч, Кажан-Гарадка.

У драўляны чан з вадой запускалі жывую рыбу. Удзель-нікі, заплаціўшы пэўную суму грошай (заўсёды невялікую), рыхтаваліся да рыбалкі. Адначасова ў атракцыёне маглі ўдзельнічаць да двух дзесяткаў чалавек. У час гульні ім дазвалялася або стаяць з краю чана, або залазіць ў чан, але лавіць рыбу яны павінны былі толькі голымі рукамі.

Па свістку арганізатара атракцыёна гульцы пачыналі лавіць рыбу. Тэрмін — 5 секунд, якія ўсе гледачы лічылі хорам. Каб злавіць рыбіну за гэты кароткі час, трэба праявіць кемлівасць, рашучасць , сілу і хуткасць. Усё, што зловіш, — тваё! Некаторыя гульцы стваралі своеасаблівыя саюзы: адзін з іх залазіў у чан і гнаў рыбу ў другі канец, а астатнія выцягвалі яе з вады і ўжо затым дзялілі паміж сабой.

Гэты атракцыён і раней, і цяпер збірае мноства людзей (гледачоў і ўдзельнікаў). Смех, рогат, разнастайныя рэплікі- парады, жарты заўсёды суправаджаюць дзеянне гэтага атракцыёна.

Чан для “Палескай рыбалкі” ўяўляе прамавугольную канструкцыю з дрэва даўжынёй 10 м, шырынёй 1,5 м і вышынёй 1,0 м. Спачатку гэтыя чаны рабілі на драўляных стыках і загадзя запаўнялі вадой, каб шчыліны разбухлі і не прапускалі ваду, а непасрэдна ў час свята ваду ў чане замянялі. Гэтая канструкцыя ў старыя часы на кірмашах стаяла два — чатыры тыдні, і выраблялі яе звычайна з драўляных дошак або цэлых слупоў. У наш час з мэтай захавання сухога дрэва, якое затым можна выкарыстаць на іншыя патрэбы, на дно драўлянай канструкцыі ўкладваюць поліэтыленавую плёнку, каб чан не прапускаў ваду.

Жырмунская рыбалка — кірмашовы гандлёвы атракцыён, які ладзілі ў вёсцы Жырмуны Воранаўскага раёна і які быў адноўлены ў 80-я гг. мінулага стагоддзя ў парку гарадскога пасёлка Воранава на раённым кірмашы свята народных рамёстваў. Арганізатары гэтай дзеі сродкамі гульні рэалізуюць рыбу, вырашчаную ў сваёй гаспадарцы. Дзякуючы арыгінальнай адметнасці гульнёвага зместу, гэты атракцыён напаўняе святочныя дзеянні Воранаўшчыны непаўторным каларытам. Атракцыён “Жырмунская рыбалка” мае прынцыповыя адрозненні ад “Палескай рыбалкі”.

На агароджанай плотам з вярбы пляцоўцы стаіць канструкцыя драўлянага чана, які запоўнены вадой і жывой рыбай. Гульцы, заплаціўшы грошы за ўдзел, заходзяць на пляцоўку і становяцца ў трох кроках ад чана. Арганізатары на твар кожнага ўдзельніка надзяваюць маску з бяросты. Па камандзе распарадчыка атракцыёна ўдзельнікі павінны тры разы павярнуцца вакол сябе, падысці да чана і пачаць лоўлю рыбы рукамі. Час дзеяння адной групы ўдзельнікаў, пачынаючы ад каманды распарадчыка да фіналу лоўлі, 15 секунд.

Чан для “Жырмунскай рыбалкі” — гэта прамавугольная канструкцыя з негабляваных дошак, якія знутры пакрыты толем або поліэтыленавай плёнкай. Памеры чана: даўжыня —10 м, шырыня — 1,5 м, вышыня — 0,8 м.