Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
№1.doc
Скачиваний:
81
Добавлен:
05.02.2016
Размер:
183.3 Кб
Скачать

2. Гіпотэзы паходжання мовы

Яшчэ ў Старажытным Егіпце людзі задумваліся над тым, якая мова самая старажытная, г.зн. ставілі праблему паходжання мовы. Так, Герадот распавядае пра цара Псамеціха (663 – 610 да н. э.), які пачаў збіраць звесткі пра паходжанне людзей. Цар загадаў аддаць два нованароджаныя немаўляці ад простых бацькоў пастуху для выхавання сярод статка коз. Паводле загаду Псамеціха забаранялася ў прысутнасці дзяцей вымаўляць словы. Валадар вельмі жадаў пачуць, якое першае слова скажа якое-небудзь дзіця пасля няпэўных гукаў. Пастух прыводзіў казу ў асобны пусты будан, карміў і даглядаў малых. Так ён дзейнічаў на працягу двух гадоў. Аднойчы, калі пастух адчыніў дзверы і ўвайшоў у пакой, абодва немаўляці падпаўзлі да яго і, працягваючы ручкі, гаварылі слова “бекас”… Калі сам Псамеціх пачуў гэта слова, то загадаў распытаць, які народ і што менавіта называе словам “бекас”, і даведаўся, што так фрыгійцы называюць хлеб. Адсюль егіпцяне заключылі, што што фрыгійцы яшчэ больш старажытныя, чым яны самі.

Гэта быў першы ў гісторыі лінгвістычны эксперымент, пасля якіх былі і іншыя, не заўсёды такія жорсткія, хоць ужо ў першым стагоддзі нашай эры рымскі выкладчык гісторыі Квінціліян заяўляў, што “па створанаму вопыту выхоўваць дзяцей у пустынях нямымі карміліцамі дак4азана, што дзеці, нягледзячы на тое, што вымаўлялялі асобныя словы, звязна гаварыць не маглі”. Эксперыменты паўтараліся ў 13 стагоддзі (дзеці памерлі), у 16 стагоддзі (чысціня вопыту не была захавана – дзеці загаварылі на стараяўрэйскай мове), хан Маголаў у Індыі дамогся толькі таго, што дзеці загаварылі жэстамі.

На зямным шары налічваецца вялікая колькасць жывых істот, але сярод іх толькі чалавек валодае членападзельнай мовай, якая з’яўляецца яго галоўнай прыкметай і вылучае з астатняга біялагічнага свету. Гэты факт дае падставу меркаваць, што само паходжанне і станаўленне чалавека адбылося дзякуючы мове. Паколькі пераважную большасць часу існавання чалавека мова ўжывалася толькі ў вуснай форме, а пісьменства, якое фіксуе і захоўвае вынікі моўнай дзейнасці чалавека, існуе ўсяго каля 5000 гадоў, дакладных і строга аргументаваных звестак пра тое, калі і як узнікла мова, якія этапы развіцця прайшла, у вучоных няма. Таму праблема паходжання мовы з’яўляецца цалкам гіпатэтычнай.

Асновы сучасных тэорый паходжання мовы стварылі старажытнагрэчаскія філосафы.

Антычныя гіпотэзы паходжання мовы:

  • паводле поглядаў на ўзнікненне мовы яны падзяліліся на дзве навуковыя школы – фюсей і тэсей. Тыя, хто прытрымліваўся прыроднага ўтварэння назваў прадметаў (фюсей – грэч. па прыродзе) лічылі, што імёны (назвы) прадметаў дадзены па прыродзе, паколькі першыя гукі чалавека адлюстроўвалі рэчы, якім адпавядаюць імёны. Імёны – гэта цені ці адбіткі рэчаў. Той, хто называе прадметы, павінен адкрыць прыродай створанае правільнае імя, калі ж гэта не атрымліваецца, то ён утварае толькі шум. Іншыя філосафы сцвярджалі, што назва вызначаецца не прыродай прадмета, а дадзена прадмету “па волі” чалавека, таму адны і тыя ж рэчы ў розных мовах маюць розныя назвы. Гэта тэорыя тэсей (грэч. па волі);

  • прадстаўнікі філасофскай школы стоікаў таксама лічылі, што імёны ўзніклі ад прыроды (а не ад нараджэння, як лічылі прыхільнікі тэорыі фюсей). На іх думку, першыя словы капіравалі гукі, а іншыя гучалі так, як яны ўздзейнічаюць на пачуцці чалавека. Напрыклад, слова мёд гучыць прыемна, паколькі мёд смачны, а слова крыж – жорстка, таму што на ім катавалі людзей.

Гіпотэзы новага часу:

  • гукапераймальная тэорыя, прадстаўнікі якой лічылі, што мова ўзнікла шляхам імітацыі гукаў прыроды. Існуе іранічная назва гэтай гіпотэзі – тэорыя “гаў-гаў”. Працягваючы традыцыі стоікаў, Готфрыд Лейбніц (1646 – 1716) падзяляў гукі на моцныя, шумныя (напрыклад, гук “р”) і мяккія, ціхія (напрыклад, гук “л”). Дзякуючы ўражанню ад рэчаў і жывёл і ўзніклі адпаведныя словы – рык, ласка. Аднак, на яго думку, сучасныя словы крыху адхіліліся ад першапачатковых гукаў і ўражанняў. Напрыклад, слова леў (Lоеwе) мае мяккае гучанне з-за хуткасці бегу (Lauf) гэтага драпежніка;

  • выклічнікавая тэорыя гаворыць пра тое, што эмацыянальныя выгукі пачуццяў (болю, страху, радасці і г.д.) паўплывалі на ўтварэнне мовы. Шарль дэ Брос (1709 – 1777), французскі пісьменнік-энцыклапедыст, назіраючы за паводзінамі дзяцей, выявіў, што першапачаткова пазбаўленыя сэнсу дзіцячыя воклічы, пераходзяць у асобныя словы, і вырашыў, што першабытны чалавек прайшоў тую ж самую стадыю. Выснова Шарля дэ Броса – першыя словы чалавека з’яўляюцца выклічнікамі.

Эцьен дэ Кадыльяк (1715 – 1780), французскі філосаф, думаў, што мова ўзнікла дзякуючы ўзаемадапамозе людзей. Мову, на думку вучонага, стварыла дзіця, паколькі яму было патрэбна сказаць маці больш, чым маці яму. Таму першапачаткова моў было больш, чым індывідуумаў. Крыкі маленькага чалавека суправаджаліся жэстамі. Пасля людзі пачалі выкарыстоўваць словы, якія былі толькі назоўнікамі. Пры гэтым першапачаткова адно слова выражала цэлы сказ.

Французскі пісьменнік і філосаф Жан Жак Русо (1712 – 1778) лічыў, што першыя жэсты былі прадыктаваны жыццёвымі абставінамі, а першыя гукі – пачуццямі чалавека: “Не голад і смага, а любоў, нянавісць, шкадаванне і гнеў вывергнулі ў іх першыя гукі”.

Англійскі натураліст Чарльз Дарвін (1809 – 1882) даводзіў, што гукапераймальная і выклічнікавая тэорыі – гэта дзве асноўныя крыніцы ўтварэння мовы. Ён звярнуў увагу на вялікія здольнасці да імітацыі ў малпаў – нашых бліжэйшых сваякоў. Вучоны думаў, што ў першабытнага чалавека падчас заляцанняў узнікалі “музычныя кадансы”, якія выражалі розныя эмоцыі – любоў, рэўнасць, выклік суперніку;

  • біялагічная (натуралістычная) гіпотэза сцвярджае, што мова – натуральны арганізм, узнікае самаадвольна, мае пэўны тэрмін існавання і памірае як арганізм. Абгрунтаваў гэту тэорыю Аўгуст Шлейхер (1821 – 1868) пад уплывам дарвінізму – вучэння, якое вызначае асноўную ролю натуральнага адбору ў біялагічнай эвалюцыі. Але першыя карані слоў, на яго думку, узніклі як вынік гукападражання;

  • гіпотэза грамадскай (сацыяльнай) дамоўленасці сфарміравалася пад уплывам антычнай тэорыі тэсей, згодна з якой людзі дамовіліся пра абазначэнне прадметаў словамі. Гэту гіпотэзу падтрымліваў англійскі філосаф Томас Гобс (1588 – 1679). З яго пункту погляду, мову вынайшлі па агульнай дамоўленасці. Сем’і раней жылі самі па сабе, абмяжоўваючы свае кантакты з іншымі людзьмі, і здабывалі харчы ў цяжкай барацьбе. Для таго каб выжыць, ім прыйшлося аб’яднацца ў дзяржаву з агульнай для ўсіх мовай.

Жан Жак Русо сцвярджаў, што калі эмацыянальныя выгукі – ад прыроды чалавека, гукапрыпадабненні – ад прыроды рэчаў, то вымаўленне гукаў – умоўнасць, якая не магла ўзнікнуць без агульнай дамоўленасці паміж людзьмі. Пазней людзі дамовіліся і пра словы, якія будуць выкарыстоўваць. Чым больш абмежаваныя былі веды людзей, тым больш шырокае было іх слоўнікавае багацце;

  • тэорыя жэстаў звязана з іншымі гіпотэзамі. Яе прыхільнік, нямецкі філосаф і псіхолаг Вільгельм Вунд (1832 – 1920) даводзіў, што мова ўтвараецца адвольна і несвядома і што першаснымі ў чалавека былі фізічныя рухі (пантаміма) – рэфлекторныя, указальныя, выяўленчыя. Рэфлекторным рухам, якія выражалі пачуцці, пазней адпавядалі выклічнікі. Указальным і выяўленчым, якія выражалі суадносна ўяўленні аб прадметах і іх характарыстыках, адпавядалі карані будучых слоў. Першаснымі выяўленнямі думкі былі толькі выказнікі без дзейнікаў, г.зн. словы-сказы.

Жан Жак Русо падкрэсліваў, што са з’яўленнем членараздзельнай мовы жэсты перасталі выкарыстоўвацца як асноўны сродак зносін, паколькі ў мове жэстаў шмат недахопаў: ім цяжка карыстацца ў час працы, кантактаваць на адлегласці і г.д. Таму мова жэстаў замянілася мовай гукаў, аднак не цалкам: жэсты як дапаможны сродак зносін выкарыстоўваецца сучасным чалавекам;

  • гіпотэза выгукаў у час працы гаворыць пра тое, што мова сфарміравалася з рытмічных выгукаў у час калектыўнай працы. Тэарэтыкам гэтай гіпотэзы з’яўляецца Людвіг Нуарэ, нямецкі вучоны другой паловы 19 стагоддзя;

  • працоўную гіпотэзу паходжання мовы абгрунтоўваў Фрыдрых Энгэльс (1820 – 1895), сябар і паслядоўнік Карла Маркса. Энгельс у сваім даследаванні “Роля працы ў працэсе ператварэння малпы ў чалавека” (1876) сцвярджаў :”Мова ўзнікла з неабходнасці зносін, калі з’явілася патрэба штосьці сказаць адзін аднаму, як сродак выражэння і перадачы думкі... Узнікненне і развіццё мовы цесна звязана з узнікненнем і развіццём свядомасці чалавека”;

  • паводле гіпотэзы спантаннага скачка мова ўзнікла адразу ж з багатым слоўнікам і моўнай сістэмай. Вядомы нямецкі лінгвіст Вільгельм фон Гумбальд (1767 – 1835) пісаў: “Мову немагчыма было б прыдумаць, калі б яе тып не быў бы ўжо закладзены ў свядомасці чалавека... Якім бы дапушчальным не здавалася паступовае ўтварэнне моў, яны маглі ўзнікнуць толькі адразу.Чалавек з’яўляецца чалавекам толькі дзякуючы мове, а для таго каб стварыць мову, ён ужо павінен быць чалавекам. Першае слова ўжо прадугледжвае існаванне ўсёй мовы”.

На карысць гэтай гіпотэзы сведчаць таксама скачкі ва ўзнікненні біялагічных відаў. Напрыклад, пры развіцці чэрвяў, якія з’явіліся 700 мільёнаў гадоў назад да з’яўлення першых пазванковых-трылабітаў патрабавалася б 2000 мільёнаў гадоў эвалюцыі, аднак яны з’явіліся ў 10 разоў хутчэй ў выніку нейкага якаснага скачка.

  • рэлігійныя тэорыі даводзяць, што мова была створана Богам, багамі ці боскімі мудрацамі. Гэта гіпотэза адлюстравана ва многіх рэлігіях розных народаў.

Згодна індыйскім “Ведам” (20 ст. да н.э.), галоўны бог даў імёны іншым багам, а імёны рэчам далі святыя мудрацы пры дапамозе галоўнага бога.

У Бібліі гаворыцца: “І ўзяў гасподзь Бог чалавека, якога стварыў, і пясяліў яго ў садзе Эдэмскім, каб даглядаць і захоўваць яго. І сказаў Гасподзь Бог: дрэнна быць чалавеку аднаму; зробім яму дапаможніка, адпаведна яму. Гасподзь Бог утварыў з зямлі ўсіх жывёл палявых і ўсіх птушак нябесных, і прывёў іх да чалавека, каб бачыць, як ён назаве іх, і каб, як назаве чалавек усякую душу жывую, так і было ёй імя”.

Згодна Карану, Адам быў створаны Алахам з праху і гліны, якая “гучыць”. Удыхнуўшы ў Адама жыццё, Алах навучыў яго імёнам усіх рэчаў і тым узвысіў над анёламі.

Аналізуючы розныя падыходы ў вырашэнні гэтай праблемы, можна выдзеліць два асноўныя накірункі:

а) мова створана чалавекам у працэсе яго эвалюцыйнага развіцця;

б) мова створана звышнатуральнай сілай.

Як бы ні вырашалася ў навуцы праблема паходжання мовы, відавочным для ўсіх нас з’яўляецца тое, што жыццё мовы цесна звязана з жыццём грамадства. Мова не толькі дапамагае людзям зразумець адзін аднаго, але і захаваць здабыткі чалавечай гісторыі, навукі і культуры.

Мова асобнага чалавека ўзнікае і развіваецца толькі ў грамадстве (калектыве) і пад яго ўздзеяннем. Мова не нейчы дарунак ці вынаходства адной асобы; творцам і носьбітам мовы з’яўляецца калектыў, грамадства, народ.

Такім чынам, мова – з’ява сацыяльная (грамадская), а не чыста біялагічная ці індывідуальная, бо без грамадства (соцыуму) мова немагчымая, яе не можа быць. Як і наадварот: без мовы не існуе грамадства, бо людзі не змаглі б паразумецца адзін з адным, наладзіць вытворчасць, свой быт і выжыванне.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]