- •Асновы сучаснага прыродазнаўства
- •Прадмова
- •1.Уводзіны
- •1.1.Навука як від пазнання і як феномен культуры
- •1.2.Структура навуковага пазнання
- •1.2.1.Эмпірычны ўзровень навуковага пазнання
- •1.2.2.Тэарэтычны ўзровень навуковага пазнання
- •1.2.3.Метатэрэтычны ўзровень навуковага пазнання
- •1.2.4. Дысцыплінарная структура навукі
- •1.3. Гістарычная эвалюцыя разумення прыроды ў філасофскай і навуковай культуры
- •1.4.Агульная характарыстыка асноўных прыродазнаўчых дысцыплін
- •1.4.1. Фізіка
- •1.4.2. Касмалогія
- •1.4.3. Хімія
- •1.4.4. Біялогія
- •1.5. Прыродазнаўства і фармальныя навукі (логіка, матэматыка)
- •1.6. Прыродазнаўства і тэхніка
- •1.7. Прыродазнаўства і гуманітарыстыка
- •2.Гістарычнае станаўленне прыродазнаўства сучаснага тыпу
- •2.1. Гістарычная дынаміка навукі: асноўныя падыходы і праблемы
- •2.2. Асноўныя этапы станаўлення прыродазнаўства сучаснага тыпу
- •2.3. Гістарычнае станаўленне фізікі і касмалогіі сучаснага тыпу
- •2.4. Гістарычнае станаўленне хіміі сучаснага тыпу
- •2.5. Гістарычнае станаўленне біялогіі сучаснага тыпу
- •3. Класічнае прыродазнаўства
- •3.1. Агульная характарыястыка класічнага прыродазнаўства
- •3.2. Класічная механіка і яе гістарычнае значэнне
- •3.3. Асноўныя характарыстыкі класічнай касмалогіі
- •3.4. Класічная тэрмадынаміка
- •3.5. Гістарычная эвалюцыя класічных прыродазнаўчых уяўленняў пра святло
- •3.6. Класічная электрадынаміка
- •3.7. Развіццё хіміі ў хіх стагоддзі
- •Рэвалюцыйныя біялагічныя адкрыцці ў хіх стагоддзі
- •Эвалюцыйная тэорыя ч.Дарвіна
- •3.8.2. Клетачная тэорыя
- •3.8.3. Тэорыя спадчыннасці г.Мендэля
- •3.9. Крызіс класічнага прыродазнаўства
- •4. Сучаснае прыродазнаўства
- •4.1. Агульная характарыстыка сучаснага прыродазнаўства
- •4.2. Навуковая рэвалюцыя пачатку хх стагоддзя: генезіс рэлятывісцкай фізікі
- •4.3. Усеагульная тэорыя адноснасці і станаўленне сучаснай касмалогіі
- •4.4. Навуковая рэвалюцыя пачатку хх стагоддзя: распрацоўка асноў квантавай фізікі
- •4.5. Квантавая фізіка і рэвалюцыя ў сучаснай хіміі
- •4.6. Праблема ўзаемадачыненняў квантавай і рэлятывісцкай фізікі
- •4.7. Тэорыя Вялікага Выбуху як Стандартная мадэль сучаснай касмалогіі
- •4.8. Стандартная мадэль у фізіцы элементарных часціц
- •4.9. Прынцыпы сіметрыі і захавання ў сучаснай фізіцы
- •4.10. Праблема грунтоўных сусветных канстант
- •Праблема існасці жыцця ў сучаснай філасофіі і навуцы
- •Праблема ўзнікнення жыцця на Зямлі і яе аналіз у сучаснай навуцы
- •Узнікненне і развіццё генетыкі
- •Сінтэтычная тэорыя эвалюцыі. Эвалюцыйная біялогія ў другой палове хх – напачатку ххі стст.
- •Прыродазнаўчыя навукі ў кантэксце вывучэння чалавека
- •Праблема антрапасацыягенезу і яе прыродазнаўчыя аспекты
- •Праблема суадносінаў біялагічнага і духоўнага ў чалавеку
- •Біяэтыка як міждысцыплінарны пазнавальны кірунак
- •Вучэнне пра самаарганізацыю
- •Замест заключэння
- •Лiтаратура
- •Cлоўнік асноўных паняццяў
1.4.4. Біялогія
Біялогія – гэта сістэма навук, якія вывучаюць законы жывой прыроды ва ўсіх яе праявах, у тым ліку і законы яе ўзаемадзеяння са светам нежывога. Спецыфіку біялогіі фіксуе яе імя, якое было ўведзена ў навуковы зварот на мяжы XVIII і ХІХ стагоддзяў: першая частка дадзенага тэрміна13 (якая выступала ў мове антычнай філасофіі як самастойнае, важнае і змястоўнае паняцце [46, т.1, с. 948-949]) – βίος – азначае “жыццё”.
Паняцце жыцця і звязаная з ім праблематыка мае адмысловы статус у абсягу біялогіі. З аднаго боку, усе праблемы біялагічнай навукі і ўсе вынікі, дасягнутыя ў працэсе іх вырашэння, яўна ці няяўна сцэнтраваныя, сфакусаваныя на ім, маюць на мэце яго развіццё і ўзбагачэнне, а з іншага, – яно падаецца надта субтыльным і ў дадатак да ўсяго абцяжараным шматлікімі пазанавуковымі канатацыямі. Таму пытанне пра сутнасць жыцця выяўляе ў абсягу біялагічных ведаў два грунтоўныя вымярэнні: агульнатэарэтычнае і метатэарэтычнае. Апошняе звязана найперш з тым, што распрацоўка біялагічных падыходаў да вырашэння дадзенага пытання здзяйснялася, як правіла, пад знакам інтэнсіўнага ўзаемадзеяння і моцнага ўзаемнага ўплыву біялогіі і філасофіі.
У сучасных умовах, праўда, калі біёлагі і засяроджваюць на ім сваю ўвагу, дык найчасцей імкнуцца даць хутчэй тэхнічны адказ на яго і не надта аддаляцца ад вынікаў, дасягнутых на канкрэтных кірунках эмпірычных і тэарэтычных даследаванняў. Так, італьянска-амерыканскі вірусолаг Р.Дульбека (1914-2012) піша, што жыццё ў першую чаргу – гэта “прывядзенне ў дзеянне зашыфраваных у генах вызначэнняў” [28, c.17]. Для поўнага адказу на пытанне пра тое, што яно сабой уяўляе, неабходна, як указвае далей навуковец, даследаванне ўсяго комплексу генаў і іх разнастайных функцый, выяўленне тых спосабаў, пры дапамозе якіх прадстаўнікі паасобных відаў вырашаюць праблемы, што паўстаюць перад імі, а таксама вывучэнне формаўтваральных у свеце жывога працэсаў узаемадзеяння паміж жывымі істотамі. Разам з тым “кніжка жыцця неабсяжная, і ніхто не можа прачытаць яе ўсю. Мы можам, аднак, даследаваць пэўныя моманты – ці таму што мы іх добра разумеем, ці таму што яны з’яўляюцца грунтоўнымі для большасці формаў жыцця або вызначальнымі для нашага мыслення” [28, c. 17].
Аднак і ў гэтым выпадку біялогія не страчвае сваёй сувязі з філасофіяй: за згаданымі поглядамі стаіць пэўны тып філасофскага мыслення, пэўная філасофія біялогіі. Біялагічнае пазнанне ўвогуле прасякнута дадзенай сувяззю; яна фіксуецца не толькі ў “памежным” па сваёй сутнасці пытанні пра сутнасць жыцця, яе праявы назіраюцца нават “там, дзе з пункту гледжання спецыяльнай навукі задзейнічаныя выключна спецыяльныя навуковыя палажэнні” [56, c.41]. Гэты момант дае падставы весці гаворку пра наяўнасць у біялогіі грунтоўнага філасофскага патэнцыялу, а ў філасофіі – біялагічнага вымярэння [56, c.28, 41]. Менавіта таму шчыльныя стасункі з біялогіяй маюць істотнае значэнне і для філасофіі. Інакш і не можа быць, бо на галоўнае філасофскае пытанне – пытанне пра існасць чалавека – нельга адказаць без сур’ёзнага філасофскага аналізу дасягненняў біялагічнага пазнання. Як піша Ж.Манод, яго нельга было б нават адэкватна – у тэрмінах, вольных ад метафізікі – сфармуляваць, калі б біялагічная навука не стварыла для гэтага неабходныя перадумовы [64, c. 11]. Творчасць Арыстоцеля, І.Канта, А.Бергсона (1859-1941) і іншых выдатных філосафаў яскрава паказвае, якім грунтоўным і плённым можа быць уплыў біялагічных ведаў на філасофскае мысленне.
Спецыфіка біялогіі ў сістэме прыродазнаўчых навук выразна выяўляецца, сярод іншага, у інтэнсіўным узаемадзеянні метаду і прадмета яе даследавання. Ужо пры лабараторным маніпуляванні найпрасцейшымі арганізмамі ці іх кампанентамі даследчык сутыкаецца з актыўнай рэакцыяй жывога на свае дзеянні, на штучныя ўмовы, з рэакцыяй, якая можа быць непрадугледжанай, нечаканай і ўпарта-некантраляванай. Гэта патрабуе ад яго і ад ягонай метадалогіі гнуткасці, здольнасці адаптавацца да зменлівай даследчай сітуацыі. Таму ўзаемадачыненні метаду і аб’екта ў біялагічных пошуках разгортваюцца як своеасаблівая каэвалюцыя [56, c. 53]. Даследчык, значыцца, не з’яўляецца адзінай актыўна дзейнай фігурай у рамках гэтых пошукаў і біялагічнае даследаванне (і адкрыццё) уяўляе сабой “сустрэчу”, сутыкненне дзвюх жывых, дзейных сіл [56, c. 55].
Жыццё прадстаўлена ў мностве разнастайных формаў, спектр яго праяў сягае ад малекулярнага ўзроўню да ўзроўню гіганцкіх экасістэм. Не менш разнастайнымі з’яўляюцца працэсы, якія яно ўключае ў сябе, і ў плане часу: ад узаемадзеянняў біямалекул, працягласць якіх можа складаць мільённыя долі секунды, да працэсу эвалюцыі, што доўжыцца звыш 3,5 мільярдаў гадоў. Менавіта таму біялогія выступае як сукупнасць разнастайных навук, якая ў працэсе яе самаразвіцця ўзбагачаецца новымі і новымі адгалінаваннямі. Сучасны нямецкі філосаф-марксіст Р.Лётэр прапаноўвае класіфікаваць біялагічныя субдысцыпліны на аснове іх улучанасці ў пэўны з чатырох асноўных кірункаў біялагічнага пазнання. Першы з іх звязаны з вывучэннем прасторава-часавай арганізацыі жывых істотаў (да яго належаць малекулярная біялогія, цыталогія, гісталогія і г.д.). Прадметам другога з’яўляецца антагенетычны цыкл (адпаведныя субдысцыпліны – эмбрыялогія, фізіялогія развіцця, геранталогія і інш.). У рамках трэцяга кірунку даследуюцца надарганізмавыя сістэмы (ён прадстаўлены экалогіяй, біяцэналогіяй, біягеаграфіяй і інш.). Чацвёрты кірунак мае справу з эвалюцыйным працэсам і прадстаўлены субдысцыплінамі эвалюцыйнай біялогіі [34, т.1, c.419-420].
Такім чынам, прыродазнаўства – гэта складанае сістэматычнае ўтварэнне, найважнейшымі кампанентамі якога (на ўзроўні навуковых дысцыплін) з’яўляюцца фізіка (разам з фізічнай касмалогіяй), хімія і біялогія. Фізіка – гэта навука, што вывучае матэрыю ў яе фундаментальных характарыстыках і найперш яе рух. Ужо з часу свайго ўзнікнення яна прэтэндавала на статус навукі-лідара ў сістэме прыродазнаўчага пазнання. У сувязі з гэтым паўстала фізікалісцкая метадалагічная стратэгія, якая нацэльвала на рэалізацыю ў навуцы ідэалу яе адзінства на аснове фізічных тэорый і той мовы, на якой яны сфармуляваныя. Фізіка інтэнсіўна ўзаемадзейнічае з іншымі галінамі чалавечага пазнання, што прыносіць плён і ёй самой, і іншым пазнавальным кірункам.
Шчыльнае ўзаемадзеянне звязвае фізіку з касмалогіяй, навукай, што даследуе ўзнікненне, развіццё, структуру і ўласцівасці Сусвету ў ягонай цэласнасці і ўпарадкаванасці. У выніку фундаментальных фізічных даследаванняў паўстаюць тэарэтычныя рамкі для аналізу касмалагічных праблем. Дзякуючы інтэнсіўнаму развіццю оптыкі ствараюцца эфектыўныя сродкі для вядзення назіранняў, якія ў сучасных умовах робяць магчымай эмпірычную праверку тэарэтычных пабудоў, што апісваюць гіганцкія касмічныя структуры. Касмалогія экстрапалюе грунтоўныя фізічныя тэорыі на Сусвет у цэлым. Разам з тым у пэўным сэнсе яна выступае як перадумова фізікі, бо грунтоўна важныя для разгортвання фізічных тэорый глабальныя ўяўленні пра прастору і час маюць, фактычна, касмалагічны характар. Унікальнасць аб’екта касмалагічных даследаванняў, аднак, цягне за сабой немагчымасць адкрыцця яго ўсеагульных характарыстык, яго законаў праз параўнальныя працэдуры і на падставе індуктыўных абагульненняў звычайнага характару. У сувязі з гэтай і з іншымі складанасцямі тэарэтычныя мадэлі у абсягу касмалогіі ў значна большай ступені, чым у іншых галінах навуковага пазнання, абцяжараныя гіпатэтычнасцю і няпэўнасцю.
Хімія як навука, прысвечаная заканамернасцям, што вызначаюць паводзіны, структуру і пераўтварэнні рэчываў, разглядае надзвычай шырокае кола феноменаў і працэсаў. Істотнае значэнне ў яе абсягу маюць адрозненні простага і складанага, яна вывучае ўзаемадзеянні простых рэчываў (хімічныя рэакцыі), у выніку якіх паўстаюць складаныя ўтварэнні, гэтаксама як і адваротныя працэсы. Важнай характарыстыкай хіміі з’яўляецца яе шчыльная сувязь з практыкай, што робіць яе ў значна большай ступені, чым іншыя навукі, уразлівай для грамадскай крытыкі самага рознага кшталту.
Што да біялогіі, дык яна ўяўляе сабой сістэму навук, якія вывучаюць законы жывой прыроды ва ўсіх яе праявах. Праблематыка, звязаная з паняццем жыцця, мае адмысловы статус у абсягу біялогічнага пазнання. Пры яго разглядзе біялогія так ці інакш узаемадзейнічае з філасофіяй. Да найважнейшых адметных характарыстык біялагічнай навукі належыць інтэнсіўны ўзаемаўплыў метаду і прадмета яе даследавання. Ужо на ўзроўні найпрасцейшых арганізмаў ці нават іх кампанентаў даследчык сутыкаецца з актыўнай рэакцыяй жывога на свае дзеянні, што патрабуе ад яго і ад ягонай метадалогіі гнуткасці, здольнасці адаптавацца да зменлівай даследчай сітуацыі. Таму біялагічнае даследаванне (і адкрыццё) уяўляе сабой “сустрэчу”, сутыкненне дзвюх жывых, дзейных сіл.
ПЫТАННІ І ЗАДАННІ
Паспрабуйце выявіць сувязь паміж згаданай у прадмове натуралістычнай філасофіяй і разгледжаным у дадзеным параграфе фізікалізмам.
Наколькі важным і істотным падаецца Вам пытанне пра навуку-лідара ў сістэме прыродазнаўчага пазнання? Калі Вы лічыце яго значным, дык якой з дысцыплін Вы аддалі б перавагу?
Як суадносяцца паміж сабой, на Вашу думку, касмалогія і астраномія?
Як і чаму адрозніваецца ўжыванне паняцця “элементарнае” ў фізіцы і хіміі?
Як растлумачыць той факт, што філосафы зважалі і зважаюць на хімію ў значна меншай ступені, чым на фізіку і біялогію?
Як Вы лічыце, наколькі абгрунтаванымі і справядлівымі з’яўляюцца згаданыя ў параграфе крытычныя пазіцыі ў дачыненні да хіміі?
Падумайце, у чым найбольш яскрава выяўляецца спецыфіка біялагічнага пазнання.