Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Дапаможік. 2.doc
Скачиваний:
7
Добавлен:
22.02.2016
Размер:
1.91 Mб
Скачать

4. Сучаснае прыродазнаўства

4.1. Агульная характарыстыка сучаснага прыродазнаўства

Тэрмінам “сучасная навука” (і, адпаведна, “сучаснае прыродазнаўства”) абазначаецца тая форма навуковага (прыродазнаўчага) пазнання, якая паўстала ў выніку рэвалюцыйных яго пераўтварэнняў, што адбыліся напачатку ХХ ст. Яна ўяўляе сабой, такім чынам, новы ў параўнанні з класічным этап у развіцці навукі сучаснага тыпу. Сучаснае прыродазнаўства не зрабілася, безумоўна, менш эксперыментальным і матэматызаваным, чым класічнае – у гэтым плане яны з’яўляюцца аднатыпнымі. Тым не менш паміж імі існуюць і істотныя адрозненні. Яны звязаныя найперш з самім разуменнем рэальнасці. На сваім фундаментальным узроўні яна спасцігаецца ўжо як вызначаная праз узаемадачыненні суб’екта і аб’екта пазнання. Э.Шродзінгер даводзіць у дадзенай сувязі, “што нашы знакі і формулы, а таксама звязаныя з імі выявы апісваюць і паказваюць не незалежна ад суб’екта існы аб’ект, а толькі дачыненне суб’ект:аб’ект” і дадае затым, каб суцешыць засмучаных такой сітуацыяй фізікаў: “Але ці не з’яўляецца дадзенае дачыненне па сутнасці адзінай сапраўднай рэальнасцю, якую мы ведаем?” [81, c.26].

Другое фундаментальнае адрозненне паміж сучасным і класічным прыродазнаўствам датычыць інтэрпрэтацыі ў іх рамках прынцыпу дэтэрмінізму. Калі ў класічнай навуцы дамінавала строгая яго версія (кожная падзея разглядалася як адназначна абумоўленая), дык для навукі сучаснай характэрнае хутчэй статыстычнае апісанне прычынна-выніковых сувязяў. Паводле сучасных уяўленняў неабходнасць і выпадковасць спалучаюцца ў самім падмурку рэчаісных з’яў і працэсаў. А ў тэорыях самаарганізацыі ўвогуле даводзіцца пра варыятыўны характар эвалюцыі складаных, адкрытых і далёкіх ад стану раўнавагі сістэм.

Неабходна адзначыць, што ў нашым культурным абсягу прынята вылучаць і адрозніваць дзве стадыі развіцця навуковага пазнання ў ХХ-пач.ХХІ стст. – некласічную і постнекласічную. Для заходніх тэарэтыкаў навуказнаўства і навукоўцаў не характэрная ні згаданая тэрміналогія, ні – як правіла – звязаны з ёй падыход. Падзеі, што адбыліся ў галіне навукі ў апошняй траціне ХХ ст. (пераход да вывучэння звышскладаных сістэм, якім уласцівыя працэсы самаарганізацыі і якія ў шмат якіх выпадках уключаюць у сябе чалавека і чалавецтва як дзейныя, актыўныя сілы [15, c.628-631]) нячаста разглядаюцца імі як навуковая рэвалюцыя, аналагічная па сваіх маштабах і наступствах з радыкальнымі пераўтварэннямі навуковага пазнання, што мелі месца напачатку Новага часу і напачатку ХХ ст.

Такім чынам, сучаснае прыродазнаўства паўстала ў выніку рэвалюцыйных пераўтварэнняў у абсягу прыродазнаўчых навук, што адбыліся на мяжы ХІХ і ХХ ст. Найістотнейшай яго характарыстыкай з’яўляецца разгляд рэальнасці праз прызму ўзаемадзеяння суб’екта і аб’екта пазнання. Яму ўласціва таксама хутчэй статыстычнае апісанне прычынна-выніковых сувязяў. У нашым культурным асяродку прынята вылучаць і адрозніваць дзве стадыі развіцця навуковага пазнання ў ХХ-пач. ХХІ стст. – некласічную і постнекласічную. Найважнейшай характарыстыкай постнекласічнай навукі з’яўляецца тое, што яна найперш засяроджваецца на вывучэнні звышскладаных сістэм, якім уласцівыя працэсы самаарганізацыі і якія нярэдка ўключаюць у сябе чалавека і чалавецтва як дзейныя, актыўныя сілы.

ПЫТАННІ І ЗАДАННІ

  1. Як Вы растлумачыце той факт, што маштаб падзей, якія адбыліся ў навуковым пазнанні ў апошняй траціне ХХ ст., у агульным і цэлым па-рознаму ацэньваецца ў заходнім культурным асяродку і на постсавецкай культурнай прасторы?

  2. Паспрабуйце выявіць іншыя ў дачыненні да згаданых у параграфе адрозныя і агульныя характэрныя рысы сучаснага і класічнага прыродазнаўства.

  3. Паспрабуйце спрагназаваць, якой будзе постпостнекласічная навука.