Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Дапаможік. 2.doc
Скачиваний:
7
Добавлен:
22.02.2016
Размер:
1.91 Mб
Скачать

1.2.4. Дысцыплінарная структура навукі

З пункту гледжання таго, што навуковае пазнанне мае прадметны характар, скіравана на рэчаіснасць, на яе пэўныя сегменты, яно таксама пэўным чынам выбудавана: за пэўнымі рэчаіснымі сферамі замацоўваюцца пэўныя галіны пазнання – навуковыя дысцыпліны. Дысцыплінарная структура навукі характарызуецца гістарычнасцю, яна змяняецца, мадыфікуецца: паўстаюць новыя сувязі паміж яе элементамі, змяняецца іх сутнасць, узнікаюць новыя элементы. У дынаміцы згаданай структуры выяўляюцца, такім чынам, дзве ўзаемадапаўняльныя тэндэнцыі – да дыферэнцыяцыі і да інтэграцыі навуковых ведаў. Гэтыя супярэчлівыя тэндэнцыі не толькі дапаўняюць адна адну: яны настолькі шчыльна звязаныя паміж сабой, што кожная істотным чынам уплывае на іншую. Дыферэнцыяцыя навуковых ведаў, узнікненне новых навук ускладняе і ўзбагачае сістэму стасункаў у сферы навуковага пазнання і таму спрыяе разгортванню ў ёй інтэграцыйных працэсаў. Інтэграцыйныя сувязі паміж навукамі, у сваю чаргу, могуць паглыбляцца да такой ступені, што на іх аснове ўзнікае новая навуковая дысцыпліна, г. зн. тут адбудзецца прасоўванне наперад у плане дыферэнцыяцыі.

Паколькі ў структуры рэчаіснасці ў якасці найгрунтоўнейшых элементаў выступаюць вялікія прадметныя сферы, істотным чынам адрозныя адна ад адной, але і шчыльна звязаныя паміж сабой, і паколькі кожная з гэтых сфер таксама мае структураваны характар, дык кожнай з іх прысвечаны цэлы комплекс навук. Так, прыроду як быццё, вызначанае іманентнымі яму законамі (І.Кант), вывучаюць прыродазнаўчыя навукі, чалавека як духоўную істоту, сістэму яго сацыяльных стасункаў, усе кірункі і праявы яго творчай дзейнасці ў іх гістарычным развіцці – сацыягуманітарныя. У працэсе згаданай дзейнасці чалавек пераўтварае рэчаіснасць, стварае другую прыроду – сістэму штучных аб’ектаў, якія робяць свет для яго больш утульным, а жыццё ў ім больш зручным і лёгкім. Дадзены аспект чалавечай дзейнасці можа быць ахарактырызаваны як тэхніка, і яму таксама прысвечаны спецыяльны комплекс навук – тэхнічныя навукі. Філасофія, логіка і матэматыка маюць адмысловы статус у сістэме навуковага пазнання, выконваюць у яго абсягу асаблівыя функцыі і займаюць у ім выдатнае месца.

Такім чынам, з пункту гледжання задач, сродкаў і вынікаў навукова-даследчай дзейнасці ў ёй вылучаюцца эмпірычны, тэарэтычны і метатэарытычны ўзроўні. Эмпірычны ўзровень – гэта ўзровень навуковага досведу, які ў агульнапазнавальным кантэксце выступае як сінтэз пачуццёвага і рацыянальнага кагнітыўных пачаткаў, а ў навуковым – набывае метадычна арганізаваны характар. Да асноўных метадаў эмпірычнага пазнання належаць эксперымент, назіранне, вымярэнне, апісанне, мадэляванне і індукцыя. У выніку даследаванняў, здзейсненых на ўзроўні навуковага досведу, фіксуюцца факты, датычныя пэўнай сферы рэчаіснасці, выяўляюцца істотныя сувязі і карэляцыі феноменаў, што да яе належаць. Іх сістэматычны разгляд, іх тлумачэнне, аднак, адбываецца на тэарэтычным узроўні навукі. Асноўнай формай навуковых ведаў на гэтым узроўні з’яўляецца тэорыя, якая і дала яму яго імя. Асноўнай характарыстыкай дадзенай формы з’яўляецца яе сістэмнае ўладкаванне. Тыпічным для навукі спосабам такога ўладкавання з’яўляецца аксіяматызацыя. Найважнейшымі метадамі тэарэтычнага пазнання з’яўляюцца метад ідэалізацыі, уяўны эксперымент, гіпатэтычна-дэдуктыўны метад, метад матэматычнай гіпотэзы, матэматычнае мадэляванне.

Метатэарэтычны ўзровень навукі – гэта ўзровень светапоглядых і метадалагічных яе асноў. На гэтым узроўні яна шчыльна ўзаемадзейнічае з філасофіяй. У кантэксце згаданага ўзаемадзеяння быў выпрацаваны цэлы шэраг метатэарэтычных праектаў (крытычны апрыярызм, фальсіфікацянізм, аперацыяналізм і г.д.). У структуры згаданага ўзроўню ў нашым культурным кантэксце традыцыйна вылучаюцца таксама ідэалы і метады навуковага даследавання і навуковая карціна свету.

Даследуючы рэчаіснасць, якая мае структураваны характар, навука структуруецца ў адпаведнасці з ёю. У гэтым плане яна выяўляе дысцыплінарную будову. Навуковыя дысцыпліны можна згрупаваць у сацыягуманітарныя, прыродазнаўчыя і тэхнічныя – у адпаведнасці з тым абсягам рэчаіснасці, што вывучаецца кожным з гэтых комплексаў навук. Па-за межамі гэтай класіфікацыі застаюцца філасофія, логіка і матэматыка, якія маюць адмысловы статус у сістэме навуковага пазнання.

ПЫТАННІ І ЗАДАННІ

  1. Як Вы лічыце, ці магчымая адаптацыя спецыяльных метадаў адной навукі да задач і патрэбаў другой? Чаму так ці не?

  2. Наколькі пажаданай і плённай для навукі была б, на Вашу думку, такая мадэль узаемадачыненняў эмпірычнага і тэарэтычнага яе ўзроўняў, у якой досвед здзяйсняў бы татальны кантроль над тэорыяй? Ці згодныя Вы з меркаваннем, што на самай справе тэорыя дамінуе над досведам (як даводзіць А.Эйнштэйн у гутарцы з В.Гейзенбергам, “толькі тэорыя вырашае, што можна назіраць” [44, c.92])?

  3. Магчыма, найбольш вядомая з суперновых з’явілася на небе 4 ліпеня 1054 г. Яна была настолькі яркай, што яе можна было бачыць нават удзень на працягу некалькіх тыдняў. Аднак дадзеная падзея зусім не згадваецца ў заходніх гістарычных крыніцах гэтай эпохі: Захад, аслеплены верай у арыстоцелеўскую тэзу пра нязменнасць надмесячнага свету, не заўважыў новую зорку, нягледзячы на яе незвычайную яркасць [89, c.93]. Прааналізуйце дадзены факт з пункту гледжання суадносінаў эмпірычнага, тэарэтычнага і метатэарэтычнага ўзроўняў навуковага пазнання.

  4. На думку К.Попера, дысцыплінарная структура навукі з’яўляецца фікцыяй. Навукі фігуруюць толькі як адміністратыўныя адзінкі для арганізацыі навучальнага працэсу ва ўніверсітэтах. На самай справе “ёсць толькі праблемы і неабходнасць вырашыць іх” [74, c.5]. А вось В.С.Сцёпін мяркуе, што ў сучасных умовах у якасці зыходнай адзінкі лагічна-метадалагічнага аналізу навуковага пазнання “неабходна разглядаць навуковую дысцыпліну як сістэму складана арганізаваных тэарэтычных ведаў, якія знаходзяцца ў працэсе развіцця, у іх сувязях з досведам, з асновамі дадзенай дысцыпліны, а праз іх з іншымі навукамі і сацыякультурным кантэкстам” [15, с.12]. Якому пункту погляду Вы аддаеце перавагу? Чаму?