Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:

Павел Сцяцко. Калькі паўкалькі

.doc
Скачиваний:
11
Добавлен:
29.02.2016
Размер:
134.14 Кб
Скачать

Павел Сцяцко

Калькі-калекі

27 сакавіка 2010

Даследчыкі мовы трапна заўважылі: душа мовы — сінтаксіс. Якраз тут выяўляецца адметнасць спосабаў і сродкаў перадачы думкі, волевыяўлення і пачуцця моўнікамі рознага этнасу. Глыбока авалодаць чужою мовай няможна без спасціжэння яе сінтаксічнага ладу; пры павярхоўным засваенні найбольш хібаў якраз у сінтаксісе — пабудове фразы. Тут і пануе «шашаль мовы — калька» (Кастусь Цвірка). Яна жорстка працінае адметныя рысы прыніжанай мовы, навязвае ёй лад валадарнай мовы пры двухмоўі. Да чаго давяло і даводзіць ўсё гэта, добра відаць на сённяшнім вусным і пісьмовым маўленні беларусаў, на тэкстах перыядычнага друку, радыё і тэлебачання.

Вось адзін з прыкладаў такога калецтва мовы, што бачым у шмат якіх малатыражных ведамасных газетах: «Калі ў газеце будзе мазгавы цэнтр у твары вядучага рэдактара, творча працуючы калектыў, то і мы, чытачы, у прыватнасці гісторыкі, будзем дапамагаць газеце супрацоўнічаць з ёю, знаходзіцца на ўзроўні тых задумак, якія стаяць перад калектывам універсітэта і газеты (Гродзенскі універсітэт. 17.XI. 93).

Дык каб гэта толькі малатыражкі! Але ж падобнае часта чуем і па беларускім радыё і на тэлебачанні, чытаем на старонках рэспубліканскага друку і ў мастацкіх творах некаторых не надта патрабавальных да мовы аўтараў.

З рэкламнай абвесткі: «Арганізацыя прадае... тавары па цэнах, ніжэй рыначных...» Ці беларуская гэта канструкцыя — «па цэнах ніжэй рыначных? Не, гэта чужая сінтаксічная структура (по ценам ниже рыночных). Па-беларуску: «Арганізацыя мае на продаж... тавары па цэнах, ніжэйшых за рынкавыя». Або: «...тавары з больш нізкім коштам, чым рынкавы».

Штучнасць звароту «па цэнах ніжэй рыначных» відавочная: у ім парушаны дзве сінтаксічныя заканамернасці беларускай мовы: 1) прыметнік вышэйшай ступені мусіць мець дапасаваныя да назоўніка формы роду, ліку і склону (па цэнах ніжэйшых); 2) вышэйшая ступень прыметніка кіруе залежным ад яе назоўнікам у форме вінавальнага склону з прыназоўнікам за (ніжэйшыя за рынкавыя).

Прыгадаем тэксты майстроў слова: Колькі б мы ні шукалі сяброў у жыцці, Нельга лепшага друга за песню знайсці (Максім Танк). То ж здалося камару, што ён большы за гару (П. Броўка). Я не знаю месяца болыш за май шчаслівага, калі пушчы цешацца з гоману шумлівага (П. Глебка). На жаль, «уласцівы кожнай мове свой уласны кірунак сказаў» (Кузьма Чорны) нярэдка парушаецца ў беларускіх тэкстах праз расейскамоўную экспансію і нядбайства аўтараў і стыльрэдактараў пэўных выданняў. Я згодны з высновай Кастуся Цвіркі: «Беларускую літаратурную мову трэба сёння лячыць. Лячыць ад каросты шматгадовай русіфікацыі, ад суцэльнага калькавання, вызваляць з-пад чужой ёй структуры» (ЛіМ. 12.03.93).

Падам прыклады такіх калькаваных тэкстаў: Душа куды шырэй, ёмістасцей памяці, што яе і сотняю вершаў не перагрузіш» (Роднае слова. 1993. № 3, с. 5). Тут тое парушэнне, што і ў згаданай рэкламе. Інакш кажучы, вылучаная канструкцыя не беларуская, а расейская (Душа шире и ёмче памяти...). Па-беларуску было б: «Душа куды шырэйшая, больш ёмістая за памяць...»

У друку нямала і такіх прыкладаў, дзе пры натуральным — прыназоўнікавым — кіраванні выкарыстоўваецца нязменная, недапасавальная форма вышэйшай ступені, якая беларускай мове як прыметнікавая неўласцівая (гэта прыслоўе; у расейскай мове формы прыметніка і прыслоўя аманімічныя (г. зв. кампаратывы): «Гэта дапамагае знайсці галоўнае — ісціну, якая, як вядома, у сапраўднай гісторыі даражэй за ўсё» (Звязда. 11.03.93 г.). Пад крышай грэчка будзе цалей (I. Шамякін. Злая зорка // Полымя. 1991. № 2, с.55). Тут «аўтар моўна думае па-расейску» (Кузьма Чорны) і толькі піша беларускімі літарамі («Под крышей греча (гречиха) будет целей (целее)»). А беларус кажа: «Пад дахам грэчка будзе цалейшая». Або вось такі сказ: «За агульным сталом яда смачней. («Родны край». Каляндар на 1992 год, с. 584). А чаму не напісаць: «За супольным сталом яда смачнейшая (ці... есці смачней)?

Такія ж ненатуральныя канструкцыі бачым і пры выкарыстанні прыслоўяў вышэйшай ступені, якія (прыслоўі) кіруюць не вінавальным склонам з прыназоўнікам за, як гэтага вымагае літаратурная норма, а родным беспрыназоўнікавым склонам (на расейскі лад): «Ужо цяпер на ферме налічваецца больш 60 трусоў» (Настаўніцкая газета. 17.11.71). Натуральнае гучанне фразы: «Ужо цяпер ферма мае больш за 60 трусоў». Або: «Роял» каштуе больш тысячы рублёў» (Звязда, 24.02.93) замест правільнага: «... больш за (больш як, больш чым) тысячу рублёў». Лічыцца, што выбары адбыліся, калі ў галасаванні прынялі ўдзелбольш паловы грамадзян Рэспублікі Беларусь, уключаных у спіс выбаршчыкаў» («Закон аб выбарах»). А нармавана — ... прынялі ўдзел больш за палову (больш як палова, больш чым палова) выбаршчыкаў...

Пры выкарыстанні зваротаў з злучнікамі якчым, сінанімічных да канструкцыі з прыназоўнікам за, звычайна парушаецца апошняя (будуецца паводле расейскай нормы). Так, 10 студзеня 1995 года беларускія газеты надрукавалі «Каляндар выбараў у Вярхоўны Савет: калі, дзе, што» (Гл. «Народная газета». № 6 (1023), у якім чытаем: «Прадстаўленне ў акруговую выбарчую камісію пратаколаў сходаў, рашэнняў палітычных партый; выбарчых блокаў... — не пазней, чым за 40 дзён да выбараў, гэта значыць не пазней 3 красавіка 1995 года ўключна... Прадстаўленне ў акруговую выбарчую камісію ўчастковымі выбарчымі камісіямі пратаколаў аб выніках галасавання — неадкладна пасля састаўлення і падпісання пратакола, але не пазней 9 гадзін раніцы наступнага дня пасля галасавання». Як бачым, у гэтых тэкстах выкарыстана небеларуская канструкцыя. Па-беларуску трэба: «...не пазней за (як, чым) 3 красавіка 1995 года, не пазней за (як) 9 гадзін раніцы наступнага дня». Дый лексічныя нормы тут парушаюцца: прадстаўленні пратаколаў... А трэба падача неадкладна пасля састаўлення пратакола. А беларус кажа: «неўзабаве пасля складання пратакола», ці «адразу пасля складання пратакола», бо складаюць пратакол, а не састаўляюць, складальнік пратакола, а не саставіцель.

Але вернемся да сінтаксічнай канструкцыі з прыслоўем вышэйшай ступені. З паведамлення сіноптыкаў (у газетах, на радыё, тэлебачанні): «У бліжэйшыя суткі чакаецца пацяпленне — да двух градусаў ніжэй нуля». Гэта цалкам небеларуская канструкцыя (В ближайшие сутки ожидается потепление до двух градусов ниже ноля). А беларус кажа: «У наступныя суткі чакаем пацяплення да двух градусаў марозу». Згаданая канструкцыя не толькі парушае сінтаксічныя лад беларускай мовы, але і марфалагічны, яна зацямняе змест паведамлення. У падобных зваротах пасля формы вышэйшай ступені прыслоўя напрошваецца назоўнік роднага склону з прыназоўнікам ад. Напрыклад: «Павышацца будзе тэмпература на поўдні краіны ніжэй ад лініі Мінск — Барысаў...» А што да паказніка тэрмометра, то ў жывой народнай мове ніхто не кажа гэтага казённа-бюракратычнага «вышэй нуля ці ніжэй нуля». Ёсць зразумелыя звароты: 2 (і г. д.) градусы марозу (цяпла). Дарэчы, на расейскі лад тут нярэдка пачуеш і небеларускую форму «мароза» (замест марозу).

Расейскамоўныя экспансія часта вядзе да разбурэння натуральных беларускіх сінтаксічных канструкцыяў і з кіравальным словам-дзеясловам (ці ўтвораным ад яго назоўнікам). Вось некаторыя выпадкі: «Загорскі (цяжка ўздыхнуўшы). Добра, што я не ажаніўся на табе, Эмілія. Э м і л і я (паківаўшы галавою). Што ты зрабіўся сябрам — гэта праўда і нават спрабаваў быў ажаніцца на мне» (Маладосць, 1991, № 12, с. 108).

Дзеясловы жаніць, жаніцца, ажаніць, ажаніцца кіруюць у нармаванай літаратурнай мове назоўнікам (займеннікам) творнага склону з прыназоўнікам з, а не месным з прыназоўнікам на. Гэта засведчана і «Тлумачальным слоўнікам беларускай мовы» (Мн., 1977, т. 1, с. 199), дзе чытаем: «Ажаніць, ажаню, ажэніш, ажэніць, зак., каго з кім. Ажаніцца... Уступіць у шлюб (пра мужчыну). Іван толькі зімою ажаніўся з Матронаю, і жылі яны надта згодна. Колас».

Такую нармаваную канструкцыю бачым і ў іншых нашых класікаў: «Яшчэ ажэніцца багаты пан з магілаю, а бедны хлопец з мілаю (Аркадзь Куляшоў).

Прыгадваецца мне з гэтае нагоды жартаўлівая сцэнка беларускіх пісьменнікаў з іх расейскімі калегамі падчас шостага з'езда пісьменнікаў Беларусі, дзе супастаўляліся сінтаксічныя канструкцыі з словам ажаніцца (жениться) у беларускай і расейскай мовах. Нехта з беларусаў заўважыў, што ў нас на Беларусі мужчына і жанчына становяцца адной сям'ёй на роўных, пра што сведчыць і прыназоўнік з — жаніцца з кім, азначаючы сумеснасць. А вось у расейцаў жанчына ў гэтым паяднанні — нераўнапраўная, на што паказвае прыназоўнік на — жениться на ком.

Пішучы «ажаніцца на кім», аўтары такіх радкоў блытаюць сінтаксічныя заканамернасці розных моваў — беларускай і расейскай. Варта было б ім часцей карыстацца хоць нашымі перакладнымі слоўнікамі. Так, у «Беларуска-расейскім слоўніку» М. Байкова і С. Некрашэвіча (Менск, 1926, с. 101) бачым: «Жаніцца з кім — жениться (на ком)». Toe самае i ў пазнейшых перакладных слоўніках: «Беларуска-рускі слоўнік». Пад рэдакцыяй Кандрата Крапівы (М., 1962, с. 78): «Ажаніцца (з кім) сов. жениться (на ком), вступить в брак. Ажаніць (з кім) сов. женить (на ком)». У двухтомным «Беларуска-рускім слоўніку» (т. 1, Мн., 1988, с. 108) цалкам паўтораны тэкст слоўніка 1962 года.

Заканамерную беларускую канструкцыю з словамі ажаніць, ажаніцца, жаніць, жаніцца бачым і ў самым новым, трохтомным «Русско-белорусском словаре» 1993 і 1994. гадоў выдання. Так, у выданні 1993 года (т. 1, с. 427) чытаем: «Женить 1. сов. ажаніць (з кім); 2. несов. жаніць (з кім); жениться 1. сов. ажаніцца (з кім); 2. несов. жаніцца (з кім)».

Так падрабязна спыняюся на гэтай сінтаксічнай канструкцыі, бо яе парушаюць, на жаль, і нашыя вядомыя сучасныя літаратары В. Адамчык (Маладосць. 1991. N° 12, с. 108) і іншыя. Вось яшчэ прыклад: «3 1912 па 1916 год Сцяпонас Кайрыс працаваў у Віленскай самаўправе якраз пасля сваёй жаніцьбы на Алаізе Пашкевіч (В. Коўтун.— ЛіМ. 22.02.91).

Часта парушаецца сінтаксічная норма і ў канструкцыях з дзеясловамі ветлівасці — дзякаваць, падзякаваць, аддзячыць, выбачыць, выбачаць, прабачыць, дараваць. Пішуць (кажуць): «Дазвольце мне падзякаваць нашага госця за цікавы даклад. Прабач нас, сад! Выбачайце яго за рэзкія словы. Няхай яна даруе Васіляза яго эмоцыі». Але ж у нармаванай мове гэтыя дзеясловы патрабуюць ад залежных словаў давальнага склону: падзякаваць (каму) госцю, прабач нам, выбачайце яму, даруе Васілю.

Крыўдна, што гэтая норма літаратурнай мовы часам парушаецца і на старонках выданняў, якія па сваім прызначэнні павінны змагацца за высокую культуру маўлення. Прыкладам, у «Нашым слове» за 3 студзеня 1992 года чытаем: «Валянцін Стэх ад імя клуба «Сябрына» падзякаваў баранавіцкі ансамбль за цікавую імпрэзу і ўручыў сувеніры». I гэта пры тым, што на старонках выдання якраз пра парушэнне згаданай нормы досыць эмацыянальна пісаў адзін аўтар: «Вельмі дзіка гучыць такое «хачу вас падзякаваць». Гэта пабіць, пакараць можна вас, а дзякаваць, падзякаваць — толькі вам. Дзякую вам, дазвольце падзякаваць вам — толькі так будзе па-беларуску» (Наша слова. 1993. № 4. Зацемка «Выбачайце, калі ласка»). Тут справядліва крытыкуецца і штучная калька «Прыношу сваё прабачэнне» — нібы гэта грушы ў кошыку, якія можна прынесці».

А чаму не пагартаць перакладныя слоўнікі, дзе якраз паказваецца адметнасць кіравання такіх дзеясловаў у беларускай і расейскай мовах. Прыкладам, у «Русско-белорусском словаре» 1953 года і яго перавыданнях у 1982, 1991, 1993 і 1994 гадах чытаем «Благодарить несов. дзякаваць (каму-чаму); Благодарю тебя (вас и т. д.) дзякую табе (вам и т. д.).

Беларусы кажуць: «Дзякуй богу, у нас яшчэ людзі не забыліся на працу».

Не менш парушэнняў і ў канструкцыях з дзеясловамі смяяцца, насміхацца, рагатаць, кпіць, жартаваць, дзівіцца, цешыцца. Літаратурная норма — выкарыстанне пры іх залежных назоўнікаў (займеннікаў) у форме роднага склону з прыназоўнікам з. Вось прыклады натуральных фразаў з твораў Якуба Коласа (14-томнае выданне): «А вы вось папахадзілі б па полі, — смяяўся з іх дзед: можа што і выхадзілі б» («Бунт»). А ляснічыя скачуць, насміхаюцца з Васіля(«Васіль Чурыла»). Месяцы праз тры выпусцілі мяне, пасмяяліся з мае дурноты («Сацыяліст»). Тады здавалася яму (лесніку), што ён падпірае сваёю галавою неба і што з яго дзівіцца ўсё сяло («Нёманаў дар»). Глядзі ж, сынок! — спыніў яго бацька. — Слухай настаўніка, бо нявучаны — роўна як сляпы... Каб я з маткаюцешыўся з цябе («Школа»). З сынам ён (Кандрат) амаль ніколі не сварыцца, хіба толькі часамі злёгку пакпіць з яго выкручвання ад работы на гаспадарцы («Драматург і лірычны паэт»). Хто даў яму права здзекавацца з яе, падымаць пры людзях на смех («Кінахроніка»). Трэба злавіць брыду і хоць паздзекавацца з яе(«Злавіў!»).

А вось як пішуць перыядычныя выданні і некаторыя пісьменнікі, перакручваючы на расейскі лад згаданыя сінтаксічныя канструкцыі: «Дэпутаты, якія ідуць у залу пасяджэнняў, смяюцца над вывешаным на інфармацыйных стэндах «кампраматам» і задаюць пытанне: каму гэта выгадна? (Звязда. 3. 12. 93). I праўда, Стась, перастань здзеквацца над чалавекам! (Маладосць. 1991. № 12, с. 106). Зараз яны (грыбы) спрабуюць нават часам пасмяяцца над даверлівым грыбніком (Р. Ігнаценка. На грыбных сцежках). Над чым смяюцца беларусы (ЛіМ. 7.04.89).

Памылковыя канструкцыі бачым на старонках перыядычных выданняў і падчас выкарыстання залежных ад дзеясловаў руху, волевыяўлення (ехаць, ісці, бегчы, плыць, паслаць, выправіць, прыехаць, прыслаць, звярнуцца) формаў назоўнікаў і займеннікаў пры абазначэнні мэты дзеяння.

Вось некаторыя прыклады: Ці пачакае мяне кватэра? За адказам на гэта і іншыя падобныя пытанні мы звярнуліся да юрысконсульта кіраўніцтва справамі міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі (Звязда. 5.10.91). Па Маскве за «Вожыкам» (бегалі, каб купіць гэты часопіс.— П. С.) (ЛіМ. 7.04.89). Чарговы паход за славай (Звязда. 2.04.93). Чаму няма чаргі за чэкамі? (Культура. 23.11.94).

Некаторыя стыльрэдактары адчуваюць штучнасць такіх зрусіфікаваных канструкцыяў і ў загалоўках тэкстаў выпраўляюць памылкі. Прыкладам у газеце «Звязда» за 5 кастрычніка 1991 года бачым у загалоўку «У Беларусь па трафеі». А ў самім тэксце — «звярнуліся за адказам»...

На жаль, такія сінтаксічныя памылкі часта застаюцца нявыпраўленымі. У адной газеце чытаем: «Паездка ў Польшчу за набыццём тавараў». А чаму не напісаць па-людску: «Паездка... для набыцця тавараў». Канструкцыя з прыназоўнікам за невыразная зместам, двухсэнсоўная. Калі кажуць ці пішуць: «Сын пайшоў за бацькам», то гэта можа азначаць, што спачатку пайшоў бацька, а затым сын (следам за ім). Або: «Пайшлі за вадою», г. зн. у кірунку, куды цячэ вада.

Такой недарэчнасці, як выкарыстанне пры дзеясловах руху і волевыяўлення залежных словаў у форме творнага склону з прыназоўнікам за, мы не ўбачым у рупліўцаў мовы, у класікаў беларускай літаратуры. Прыкладам, у Якуба Коласа (14-томны збор твораў) чытаем: «Ды глядзі, хто спытае, куды едзеш, — скажы — па каноплі («Малады дубок»). Вёска памалу зачынала свой звычайны дзень. Губанава маладзіца ішла па ваду («Крывавы вір»). Пасылае маці думы ў свет па сына («Пасылае маці думы»). Хачу я новы шлях знайсці. У Індыю па шчасце («Сон над Нёманам»). Або ў Максіма Танка: «Скрыпіць Зорны воз ля аселіц. Яго па мяне прыслалі на нечае ехаць вяселле, пакінуўшы родныя далі». «Як туманіцца поле раніцай, бягу з вёдрамі па ваду» (П. Трус). Слынныя майстры слова добра ўсведамляюць недарэчнасць і недакладнасць, неадназначнасць зместу згаданай канструкцыі з прыназоўнікам за, таму Якуб Колас напісаў толькі так: «Хтось з хлопчыкаў імчыцца стралою па стоража» («Туды, на Неман»), бо напісанае «за сторажам», чытач зразумеў бы, што хтось з хлопчыкаў даганяе стоража (бяжыць за ім).

Прыназоўнік за ў словазлучэннях з дзеясловам ці аддзеяслоўным назоўнікам набывае «агрэсіўнае» памкненне ў недасведчаных у пытаннях мовы аўтараў і выкарыстоўваецца там, дзе яго зусім не павінна быць (як і ніякага іншага прыназоўніка), або мусіць быць ужыты іншы прыназоўнік.

Так, аддзеяслоўны назоўнік догляд (дагляд) кіруе родным склонам залежнага слова. I тут не можа быць ніякага прыназоўніка. Гэтую норму добра акрэсліў «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» (Мн., 1978, т. 2, с. 187), дзе чытаем: «Догляд і (разм.) дагляд... Дзеянне паводле дзеяслова даглядзець (у 3 знач.); нагляд, клопат. Догляд пасеваўДогляд жывёлы». А вось у перыядычным друку бачым штучную канструкцыю з гэтым словам: «Догляд за хатнімі раслінамі» («Родны край». Каляндар на 1992 г., с. 303). «Са старадаўніх рэцэптаў догляду за валасамі» (Звязда. 29.01.93). Адкуль узялася такая, штучная канструкцыя? Гэта калька расейскай структуры «Уход за волосами», «Уход за домашними цветами».

Або яшчэ такое «прыклейванне» прыназоўніка за да аддзеяслоўнага назоўніка паляванне: «Паляванне за арфаграмамі» (В. I. Паўлоўская. Мова: цікава і займальна.— Мн., «Народная асвета», 1989, с. 186). Беларус палюе (на каго-што) на ваўка, ліса, зайца, а не за кім — за ваўком, зайцам, лісам.

Зноў-такі калькаванне чужой структуры. Крыўдна, што гэтая непісьменнасць прапануецца настаўнікам і вучням.

Студэнтамі, якія карыстаюцца згаданым дапаможнікам В. Паўлоўскай (на занятках па методыцы выкладання мовы і падчас педагагічнай практыкі), даводзіцца потым перавучвацца. Слухаючы лекцыі з спецкурсу «Праблемы нармавання беларускай мовы» і на практычных занятках студэнты часта задаюць пытанні: а чаму ў той ці іншай кнізе, дапаможніку, мастацкім творы ці нават у падручніках па мове сустракаюцца ненармаваныя канструкцыі ці формы словаў. Даводзіцца для патлумачэння такой ненармаванасці даваць на роздум дадатковыя заданні: зазірнуць у слоўнікі, спецыяльныя даведнікі, энцыклапедыі і г. д. Вось і ў гэтым выпадку мы разам прааналізавалі згаданую сінтаксічную канструкцыю ў беларускай і расейскай мовах — паводле матэрыялаў перакладных слоўнікаў. Так, двухтомны «Русско-белорусский словарь» 1982 года (т. 1, с. 645) справядліва падае: «Охотиться 1. несов. 1. (заниматься охотой) паляваць (на каго-што); 2. перен. ганяцца (за кім-чым). Охотник 1. паляўнічы, -ага м.; охотник за змеями — паляўнічы на змей». Toe самае ў трехтомным перавыданні 1993 і 1994 гадоў (т. 2, с. 427).

Як бачым, канструкцыя «паляванне за арфаграмамі» — штучная, беларускай мове неўласцівая, а ў расейскай мове — нармаваная (охота за орфограммами). Па-беларуску такую канструкцыю — з прыназоўнікам за — стварае слова пагоня — утварэнне ад ганяцца (паганяцца) (за кім): пагоня за ворагам.

У згаданай працы В. I. Паўлоўскай і ў некаторых іншых выданнях «Народнай асветы» нярэдка бачым небеларускія канструкцыі: «Білет № 9. Расказаць на памяць урывак з трылогіі Якуба Коласа «На ростанях» (па выбару). Білет № 4. Прачытаць верш М. Танка (па выбару) (Билеты для выпускных экзаменов за курс средней школы на 1967/ 1968 учебный год — «Народная асвета», Минск, 1968). А трэба ж — на выбар.

Toe, што ў расейскай мове перадаецца сінтаксічнай канструкцыяй «прыназоўнік по + давальны склон», у беларускай мове мае шмат іншаструктурных адпаведнікаў: жанчынам пад сакрэтам — женщинам по секрету, выбраць на свой густ — выбраць по своему вкусу, падабраць пад свой рост — ...по своему росту, вялікі памерам — большой по размеру, з нагоды свята — по случаю праздника, ісці лесам — идти по лесу, ісці ўздоўж самага берага — идти по самому берегу, дым ідзе з ветрам — ...по ветру, у кірунку да ракі — по направлению к реке, ва ўсіх кірунках — по всем направлениям, у адпаведнасці з законам — по закону, паводле паведамлення радыё — по сообщению радио, на маю думку — по моему мнению, на мой заклік — по моему зову, у выхадныя дні — по выходным дням, у святы — по праздникам, раніцамі — по утрам, увесну — по весне, страляць у бандыта — стрелять по бандиту, створаны на ўзор — ...по образцу, жыць у суседстве — ...по соседству.

У беларускай мове шмат і іншых адмысловых параўнальна з расейскаю мовай канструкцыяў, якія нярэдка парушаюцца ў друку праз зблытванне розных моваў: захварэць на адзёр — заболеть корью, дзівіцца з чаго — удивляться чему, жыць каля самага мора — жить у самого моря, стаяць пры мікрафоне — ...у микрофона, чытаць самому сабе (бязгучна) — читать про себя, сказаць на поўны голас — ...во весь голос, на святочны стол — к праздничному столу, выпраўленне памылак — работа над ошибками, загадчык бібліятэкі — заведующий библиотекой, два разы на тыдзень — два раза в неделю.

Беларуская мова мае і сінтаксічныя канструкцыі з прыназоўнікам па, але гэты прыназоўнік — паводле літаратурнай нормы — кіруе месным і вінавальным склонамі залежных словаў і не выкарыстоўваецца з давальным склонам. Так, у «Беларуска-расійскім слоўніку» М. Байкова і С. Некрашэвіча (Мн., 1926, с. 261) чытаем: «Па чым, кім — по, после (Па ім атрымаў спадчыну); по, вдоль (Па палёх); по, согласно (с чем)». Але падчас рэалізацыі бальшавіцкае ідэі на зліццё нацыяў, іх культуры і мовы (30—80 гады) у беларускую мову жыўцом заганялася расейская канструкцыя «па + давальны склон». Дзеля растварэння нашай мовы ў расейскай. Гэта бачым і ў перакладных слоўніках, створаных тым часам. Шкада, што пры перавыданні іх — ужо ў час суверэннай Рэспублікі Беларусь — гэтыя ляпсусы так і засталіся (Гл. акадэмічны «Русско-белорусский словарь» 1993 і 1994 гадоў выдання).

Адмыслова пастараліся ў гэтым кірунку складальнікі і рэдактар Кандрат Крапіва ў двухтомным «Беларуска-рускім слоўніку» (Мінск, 1988—1989). Так, другі том як бы знарок пачынаецца літарай П і прыназоўнікам па, дзе ўжо даецца найшырэйшы прастор канструкцыі «па + давальны склон: «плыць па цячэнню, вышэйшы па званню, па свайму жаданню, не па росту, старэйшы па ўзросту, таварыш, па універсітэту і г. д. Як вядома, гэты чарговы націск на нашую мову быў «абгрунтаваны» падчас гэтак званай «нарады па «нармалізацыі» беларускай літаратурнай мовы», праведзенай ідэалагічным кіраўніцтвам ЦК КПБ у Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук БССР у 1972 годзе. А праз пару дзён пасля нарады ў перыядычным друку з'явіўся артыкул віцэ-прэзідэнта Кандрата Крапівы «Грамадская неабходнасць і беспадстаўнае наватарства», дзе ўжо ўзаконьваецца канструкцыя «па + давальны склон» (па загаду, па заданню, па сэнсу, па густу) пад выглядам меснага склону». Пра «непрымальныя меркаванні і ўстаноўкі» гэтага артыкула піша «Беларуская мова: Энцыклапедыя» (Мн., БелЭН, 1994, с. 269). Зазначаецца тут, што Крапіва ахоўвае арыентацыю на «збліжэнне і ўзаемнае ўзбагачэнне» беларускай і рускай моў, перасцерагае некаторых аўтараў рабіць у мове змены і ўдакладненні «без санкцыі тых устаноў, на якія ўскладзены абавязак наглядаць за станам літаратурнай мовы».

«Непрымальнасць меркаванняў і ўстановак» Кандрата Крапівы відочныя. У артыкуле памылкова атаясамліваюцца формы давальнага і меснага склону. Кандрат Крапіва піша: «Такім чынам, канчатак у назоўнікаў адзіночнага ліку ў канструкцыях з прыназоўнікам «па» трэба разглядаць толькі як варыянт канчатка меснага склону... Падтрымліваецца гэты варыянт як канчаткамі назоўнікаў з асновай на г, к, х, так і аналагічнымі канструкцыямі, запазычанымі з рускай мовы» (Гл.: Кандрат Крапіва. Збор твораў у пяці тамах. Том 5. Нарысы, артыкулы, пераклады.— Мн.: Мастацкая літаратура, 1976, с. 227). Выходзіць, што ў беларускай і расейскай мовах у словазлучэннях «качаны па вядру, па загаду дырэктара» — кочаны по ведру, по приказу директора» формы вядру, загаду — гэта словаформы меснага склону. Але спалучым словы вядрозагад з тыповымі прыназоўнікамі пры, у, на, аб, якія патрабуюць формы меснага склону, і пераканаемся, што канчатка -у гэтыя словы не будуць мець: у (на, аб, пры) вядры, у (аб) загадзе. I ў расейскай мове: о ведре, о приказе. А словаформыпа вядрупа загаду (по ведру, по приказу) маюць канчатак давальнага склону. Кандрат Крапіва, сам выкарыстоўваючы небеларускую канструкцыю «па гэтаму пытанню» («Выступленні па гэтаму пытанню ў друку можна толькі вітаць»), усур'ёз лічыў, што тут словаформа пытанню мае канчатак меснага склону. Але тады як быць з дапасаваным да гэтага назоўніка займеннікам «гэтаму»? У месным склоне было б: (аб, у) гэтым (пытанні).

Канчатак -у(-ю), супольны для меснага і давальнага склонаў, маюць толькі назоўнікі мужчынскага і ніякага роду адзіночнага ліку з асноваю на г, к, х (без чаргавання г/з, х/ш) і назоўнікі з значэннем асобы: Д. гэтаму берагу, парку, гмаху, Івану, Яўгену, Кавалю, Мележу. М. на гэтым берагу, у парку, аб гмаху, пры Івану, Яўгену, Кавалю, Мележу. Астатнія назоўнікі мужчынскага і ніякага роду адзіночнага ліку маюць у месным склоне канчатак -е або -і (-ы); у лесе, на краі, на полі, на трактары, у горадзе.

Не пагадзіліся з недарэчнасцю сцвярджэння Кандрата Крапівы і складальнікі двухтомнага «Русско-белорусского словаря» (Мн., т. 2, 1982, с. 74—75), дзе ў канструкцыях ісці па следу звера, плыць па цячэнню, дэбаты па законапраекту, гурток па вывучэнню гісторыі партыі... назоўнікі з канчаткам -у(-ю) кваліфікуюцца як формы давальнага (а не меснага) склону. З гэтым згадзіўся і сам акадэмік Крапіва як рэдактар слоўніка. У пазнейшым артыкуле «Ці будзем мы ездзіць па левым баку» Кандрат Крапіва ў канструкцыі з прыназоўнікам па ўжыў форму меснага склону (па левым баку, а не леваму).

Як бачым, «ідыёлагі» камунізму падставілі Крапіву. Яны выкарысталі яго імя ў сваіх мэтах — дзеля асіміляцыі беларусаў.

Пасля згаданай «нарады» ў канструкцыях з прыназоўнікам па кіраўніцтва ЦК КПБ прымусіла перыядычны друк, радыё і тэлебачанне карыстацца словаформамі давальнага склону: па Савецкаму Саюзу, па вялікаму гораду, па тонкаму льду і г. д.

У газеце «Звязда» за 14 чэрвеня 1991 года ў зацемцы «Мова не ўсё сцерпіць» нехта П. Ермашкевіч пісаў: «Да нядаўняга часу лічылася, што людзі жывуць па закону, гавораць па тэлефону, наладжваюць спаборніцтвы па футболу. Але ў апошнія гады ў падкрэсленых словах змяняюць канчатак -у на -е. Іншы раз, калі чуеш такое, крычаць хочацца: па якой тэлефоне? па якой футболе? законе і г. д.? Гэта ж словы — мужчынскага роду назоўнікі ў давальным склоне, а не ў месным; каб лепш пераканацца ў гэтым, паглядзім, як скланяюцца гэтыя словы ў рускай мове... Гэта дзве мовы як родныя сёстры падобныя між сабою, паходзяць яны з аднаго кораня... I нельга паміж імі правесці моўную мяжу...» Далей аўтар дайшоў нават вось да чаго: «Але трэба, відаць, дамовіцца раз і назаўсёды: гэта (слова «керасін». — П. С.) і многія іншыя назвы розных рэчываў пісаць так, як пішуцца і гучаць яны на многіх іншых мовах». I далей ён спасылаецца на незразумелыя ў яго мясцовасці словы вёскацвікнаступны...

Сапраўды, ці можа беларуская мова, па словах Адама Міцкевіча, адна з «старажытных і найбольш чыстых і дасканала распрацаваных» сцярпець вось такую непісьменнасць, недасведчанасць аўтара згаданага допісу?

У акадэмічных перакладных слоўніках таксама бачым усю гэтую трасянку. Прычым укладальнікі слоўнікаў як бы не заўважалі такога абсурду ў сваіх сцверджаннях: у канструкцыях з прыназоўнікам па залежныя формы назоўнікаў мелі розныя канчаткі: у множным ліку — канчатак меснага склону -ах, а ў адзіночным — давальнага склону -у (-ю): «Сумаваў па бацьках і па дому». Такіх скалечаных, знявечаных словаформаў бачым шмат у слоўніках 1982, 1988-89: 1991 і кават у перавыданнях «Русско-белорусского словаря» 1993 і 1994 года. I ў слоўніку-даведніку Г. У. Арашонкавай і В. П. Лемцюговай «Кіраванне ў беларускай і рускай мове» (Мн., Вышэйшая школа, 1991, с. 303). Пра станоўчыя бакі і недахопы гэтага выдання я пісаў у штотыднёвіку «Наша слова» №№ 18—19 за 1992 год у артыкуле «Трымацца родных каранёў. Даведнік па чым ці даведнік па чаму?» Яшчэ і сёння ў перыядычным друку, на радыё і тэлебачанні, у публіцыстычных працах сустракаем небеларускія канструкцыі з прыназоўнікам «па + давальны склон». I гэта невыпадкова, бо яны падаюцца ў слоўніках (пры характарыстыцы прыназоўніка па (рас. по).