Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Нацыянальныя сімвалы Беларусі.doc
Скачиваний:
6
Добавлен:
03.11.2018
Размер:
483.84 Кб
Скачать

1.5 Герб пагоня ў XX ст.

Катаклізмы Першай сусветнай вайны, лютаўская рэвалюцыя і Кастрычніцкі пераварот далі новы імпульс, штуршок і накірунак у развіцці нацыянальна-вызваленчага руху ва ўсёй Еўропе. Нараджаліся новыя краіны. Дакладней, нацыі, захопленыя раней больш моцнымі суседзямі, выходзілі на шлях волі і непадлегласці. Не абмінуў гэты працэс і Беларусь. 25 сакавіка 1918 г. была аб'яўлена незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Тым не менш варта заўважыць, як адзначаў М. Ткачоў, што Пагоня і бел-чырвона-белы сцяг выкарыстоўваліся беларускім нацыянальным рухам ад пачатку XX ст. Ідэя нацыянальнага сімвала Пагоня лунала ў паветры і выразнікам яе стаў Максім Багдановіч, які ў 1916 г. напісаў свой славуты верш:

Толькі ў сэрцы трывожным пачую За краіну радзімую жах,- Ўспомню Вострую Браму святую І ваякаў на грозных канях,

Ў белай пене праносяцца коні,- Рвуцца, мкнуцца і цяжка хрыпяць... Старадаўняй Літоўскай Пагоні Не разбіць, не спыніць, не стрымаць.

У бязмерную даль вы ляціце, А за вамі, прад вамі – гады. Вы за кім у пагоню спяшыце? Дзе шляхі вашы йдуць і куды? Мо яны, Беларусь, панясліся За тваімі дзяцьмі ўздагон, Што забылі цябе, адракліся, Прадалі і аддалі ў палон? Бійце ў сэрцы іх – бійце мячамі, Не давайце чужынцамі быць! Хай пачуюць, як сэрца начамі Аб радзімай старонцы баліць... Маці родная, маці-краіна! Не ўсцішыцца гэдакі боль... Ты прабач, Ты прымі свайго сына, За цябе яму ўмерці дазволь!.. Усё лятуць і лятуць тыя коні, Срэбнай збруяй далёка грымяць... Старадаўняй Літоўскай Пагоні Не разбіць, не спыніць, не стрымаць.

  

Пры адраджэнні нашай дзяржаўнасці ў 1917-1918 гг. у выглядзе Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) сама сабой адрадзілася і роля старадаўняй Пагоні як дзяржаўнага герба. Магчыма, гэта адбылося зусім стыхійна і, наколькі вядома, не было замацавана ніякім дзяржаўным заканадаўчым актам, у якім быў бы кананізаваны ў якасці дзяржаўнага гербу адзіны адменнік Пагоні і мелася строгае апісанне ўсіх яго дэталяў. Выява Пагоні была размешчана на пячатках розных устаноў БНР.

Нягледзячы на тое, што Беларуская Народная Рэспубліка была разгромлена бальшавікамі, а сама Беларусь разрэзана дзяржаўнай мяжой на дзве часткі - БССР і Заходнюю Беларусь, ідэя сімвала засталася жыць. Узнікшая ў гэты перыяд Літоўская рэспубліка абрала гэты старажытны славянскі герб у якасці свайго дзяржаўнага. Такім чынам, праз прысваенне чужога герба адлюстроўваліся імперскія памкненні літоўскай буржуазіі на спрадвечныя беларускія землі. Нельга не сказаць, што ў сталіцы Літвы - Коўне не разумелі двухсэнсоўнасці гэтага становішча. "Гэтак званыя "ліцьвіны", фактычна Жмудзіны, не мелі ніякага дачынення да нашай Пагоні. Гэта ўсведамлялі нават шмат якія дзяржаўныя дзеячы "Літоўскай" рэспублікі, публічна сцвярджаючы патрэбу змены Пагоні як дзяржаўнага гербу Літвы". У 1935 г. тагачасны прэм'ер "Літоўскай" рэспублікі Тубаліс у сойме "афіцыйна прызнаў не "літоўскае" паходжанне Пагоні, заявіўшы, што ідзе праца над стварэннем арыгінальнага гербу. Гэта складаная праца мусіла б дайсці да лагічнага канца, але наступныя бурлівыя падзеі заўчасна прыпынілі яе.

  У час Другой сусветнай вайны герб Пагоня з'яўляецца ў якасці аб'екту інтарэсу тых груповак на Беларусі, якія супрацоўнічалі з нямецкімі акупацыйнымі ўладамі. Як сведчыла газета "Раніца", у дакуменце, быццам бы падпісаным гаўляйтэрам Вільгельмам Кубе 27 чэрвеня 1942 г., было адзначана, што беларускімі нацыянальнымі знакамі і эмблемамі лічацца: а) Беларуская нацыянальная Пагоня; б) бел-чырвона-белы сцяг. Як сведчаць архіўныя дакументы, гэта была дэзінфармацыя. Нямецкія ўлады стварылі нават камісію, каб знайсці вінаватых, праўда, плёну ня мелі. Пад падозру трапілі тыя беларускія дзеячы, што пайшлі на службу да захопнікаў. Тым не менш, у Пацдамскім архіве захоўваюцца дакументы 1942-1944 гг. Рэйхсміністэрства па акупіраваным усходнім тэрыторыям, дзе неаднаразова ўздымаецца пытанне аб легалізацыі нацыянальных сімвалаў. У якасці іх прапаноўваліся герб Пагоня, кветка васілька і бел-чырвона-белы сцяг. Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што з Берліна рэгулярна прыходзілі ў адрас Гебіцкамісара Беларусі і беларускіх устаноў парады ўстрымацца, а ў лісце (люты 1944 г.) было адзначана, што "стварэнне беларускага нацыянальнага знаку не такая тэрміновая справа". У апошнім, па гэтаму пытанню, расйараджэнні Рэйхміністра ад 14 чэрвеня 1944 г. (у сувязі з паспяховым наступам Чырвонай Арміі па Беларускіх франтах ) сказана, што "вырашэнне гэтага пытання неабходна скончыць".

Ані Пагоня, ані васілёк, ані "штандар бел-чырвона-белы" не былі афіцыйна дазволены ці зацверджаны ў гэтыя часы. Засталіся толькі безпаспяховыя спробы іх легалізацыі, хаця б з дазволу акупантаў.

 Гэта адбылося па наступных прычынах. Ужо згаданы Рэйхміністр пісаў у кастрычніку 1943 г. генеральнаму камісару ў Мінск: "...праэкт беларускага нацыянальнага знака ў якасці беларускай дзяржаўнай сімволікі не можа быць адобраны, таму што дзяржаўная сімволіка патрабуе пэўную дзяржаўную самастойнасць, або хоць нейкую аўтаномію. Будучыня Беларусі ... яшчэ не вызначана такім чынам, каб сёння можна было гаварыць аб яе сімволіцы..." Менавіта ў гэтых радках і крыецца разгадка таго, чаму беларускія колы дамагаліся зацвярджэння гістарычнай сімволікі і чаму немцы ўсялякім чынам тармазілі гэтую справу. Першыя бачылі ў гэтым хоць эфемерную гарантыю захавання і існавання Беларусі пры "новым парадку", а другія не хацелі звязаць сябе аніякімі абавязацельствамі. Пэўныя колы беларусаў спадзяваліся на тое, што іх чакае лёс Славакіі, якая атрымала сваю дзяржаўнасць у сакавіку 1939 г. пры падтрымцы і пад аховай Трэцяга Рэйху. Стыхійнае карыстанне жменькай калабарантаў нашымі сімваламі і эмблемамі яшчэ амаль на паўстагоддзя дало падставы для шматлікіх палітычных спекуляцый у дачыненні да герба Пагоня. Нельга звінавачваць сімвал, які выкарыстоўвалі пэўныя групы.

Пасля перамогі над фашысцкай Германіяй, герб Пагоня, зноў быў аддадзены на поўнае забыццё. 

Крах Савецкага Саюза і абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь далі, нарэшце, магчымасць аб'яднаць усе функцыі герба Пагоня (як зямельнага і нацыянальнага) і вярнуць яму яшчэ і яго колішні статус герба Дзяржаўнага. Гэтая падзея адбылася 19 верасня 1991 г.

Такім чынам:

1. Тры хвалі нацыянальнага адраджэння XX ст. праходзілі пад знакам Пагоні.

2. Забарона бальшавікамі гэтага сімвала і спробы легітымізацыі і выкарыстанне яго падчас фашысцкай акупацыі не дэвальвуе гэты герб як нацыянальную каштоўнасць беларускага народа.

3. Прысваенне Летувой-Жмуддзю славянскага сімвала - герба Пагоня з'яўляецца сведчаннем імперскіх памкненняў і жаданнем падкрэсліць прамую гістарычную пераемнасць паміж ВКЛ і Жмуддзю, што пярэчыць аб'ектыўным фактам мінуўшчыны.