Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Лекции Библиотековед история.doc
Скачиваний:
7
Добавлен:
07.12.2018
Размер:
1.26 Mб
Скачать

2.3. Дзяржава Хетаў

Найбольш буйныя і найбольш значныя бібліятэкі таго часу адносяцца да тыпу палацавых бібліятэк – бібліятэк уладароў. Адным з самых старажытных (з ліку дайшоўшых да нас) збораў з’яўляецца бібліятэка цара дзяржавы Хетаў або Хецкага царства – Хатусіліса ІІІ (1283–1260 гг. да н.ч.). Яго бібліятэка размяшчалася ў сталіцы – горадзе Хатусасе (пазней г.Богазкёй). Дзяржава хетаў праіснавала 7 стагоддзяў на працягу ІІ тысячагоддзя да н.ч. і размяшчалася на тэрыторыі Малой Азіі і сучаснай Сірыі. У час раскопак 1906–1907 гг., якія вяліся паблізу турэцкага горада Богазкёй (недалёка ад сучаснай Анкары), было знойдзена каля 11 тыс. клінапісных таблічак, якія сведчылі аб тым, што тут размяшчалася бібліятэка, у якоў былі афіцыйныя дакументы (царскія пасланні і звароты), летапісы, рытуальныя тэксты, апісанні цырыманіялаў, кіраўніцтвы па догляду за коньмі і іншыя “кнігі”. У адрозненне ад шумерскіх таблічак, на гэтых “кнігах” ужо ўказаны імя аўтара, яго адрас і тытул, і нават імя перапісчыка. Мяркуецца, што існаваў і каталог, складзены па імёнах аўтараў.

2.4. Асіра-Вавілонія

На мяжы ІІІ – ІІ тысячагоддзя да н. ч. цывілізацыя Шумера гіне. У ХІХ – ХVІ стст. да н.ч. узвышаецца Вавілон і Асірыя, якія займалі выгаднае геаграфічнае становішча паміж рэкамі Тыгр і Еўфрат, якія перасякаючыся яны ўтваралі гіганцкую лічбу 8, у паўночнай частцы якой у ІІ і І тысячагоддзі да н.ч. знаходзілася дзяржава Асірыя, у паўднёвай – найбольш старажытная дзяржава Вавілон, росквіт якой прыпадае на ІІ тысячагоддзе. Народы абедзьвюх дзяржаў размаўлялі на роднасных мовах семіцкай групы.

Найвышэйшага росквіту Вавілон дасягнуў пры цары Хамурапі (1792–1750 гг. да н.ч.). Стварэнне магутнай цэнтралізаванай дзяржавы з палітычным і культурным цэнтрам у Вавілоне садзейнічала развіццю навукі і культуры. Зараджаліся навуковыя веды, складвалася сістэма адукацыі, расла колькасць клінапісных дакументаў. Матэрыялам для пісьма служылі метал, дрэва, слановая косць, якія пакрываліся воскам. Самым распаўсюджаным матэрыялам была гліна, з якой вырабляліся таблічкі рознай формы (квадратныя, прамавугольныя, плоскія, выпуклыя, у форме сэрца або масліны) і колеру (светла-жоўтыя, цёмна-карычневыя, чырвоныя, амаль чорныя).

Вядомы палацавыя, храмавыя і прыватныя гаспадарчыя архівы з гарадоў Арапахі, Каніша, Ура, Ларса, якія налічвалі многія тысячы таблічак. Значныя зборы гаспадарчых гліняных дакументаў знаходзіліся ў Вавілоне, Ніпуры, Барсіпе, Сіпары, Уруку і інш.

Вавілонскія бібліятэкі ствараліся пры храмах, у палацах уладароў, пры школах. Фонды бібліятэк змяшчалі дакументы гаспадарчага характару, культава-богаслужбовыя творы, творы па праву, сярод якіх асаблівае месца займае зборнік цара Хамурапі. “Кодэкс Хамурапі” – звод законаў вавілонскага цара, быў высечаны на базальтавым абеліску ў ІІ тысячагоддзі да н.э.

Найбольш поўныя звесткі назапашаны навукай пра бібліятэкі Асірыі, якая стала спадчынніцай шумерскай культуры. Багатыя бібліятэкі складаюць адну з асноўных культурных каштоўнасцей гэтай краіны. У большасці выпадкаў бібліятэкі Асірыі знаходзіліся ў палацах цароў, храмах сталічных і правінцыйных гарадоў. Самая ж буйная і найбольш вядомая сёння з бібліятэк Старажытнага свету – бібліятэка асірыйскага цара Ашурбаніпала (668 – 631 гг. да н. э.), якая знаходзілася ў сталіцы Асірыі г.Ніневіі (па выніках археалагічных раскопак сяр. ХІХ ст.). Бібліятэка займала спецыяльныя, шыкоўна аздобленыя памяшканні двух палацаў цара, адзін з якіх называўся "Дом настаўленняў і парадаў". Асноўная частка бібліятэкі знаходзілася ў Львіным пакоі і ўключала багацейшыя зборы вавілонскай літаратуры. Фонд бібліятэкі складаў прыкладна 5-10 тыс. таблічак. Пра бібліятэку Ашурбаніпала можна сказаць, што яна мела універсальны характар: спіскі цароў; царскія пасланні; спіскі краін, рэк і гор; матэрыялы камерцыйнага характару; работы па матэматыцы; астраноміі і медыцыне; слоўнікі і працы па граматыцы, спіскі сінонімаў, буквары і іншыя падручнікі. Пісцоў навучалі не толькі асірыйскай мове, але і мёртвай шумерскай мове, на якой было большасць тэкстаў бібліятэкі. У асобным памяшканні знаходзіліся рэлігійныя тэксты. Менавіта ў гэтай бібліятэцы і быў знойдзены найбольш поўны тэкст міфа аб уладары Шумера Гільгамешы на акадскай мове.

Па распараджэнні Ашурбаніпала чыноўнікі збіралі і дастаўлялі яму арыгіналы, здымалі копіі з рэдкіх твораў. Шматлікія копіі здымаліся для ніневійскай бібліятэкі з архівасховішча Ніпурскага храма ў Вавілоне, якое налічвала больш за 100 тыс. дакументаў і займала 80 пакояў. У Ашурбаніпала працавала вялікая група вучоных і пісцоў. Найбольш папулярныя творы былі ў бібліятэцы ў некалькіх экземплярах.

У бібліятэцы вялася праца з фондам. На спецыяльных плітках указвалася назва твора (па першым радку), яго змест, колькасць таблічак, арыгінал ці спісак, а таксама месцазнаходжанне дакумента – пакой, паліца. Кожная “кніга” мела “бібліятэчную” пячатку, а дакладней “экслібрыс” з тэкстам “Палац Ашурбаніпала, цара цароў, цара краіны Ашур, якому бог Набу і багіня Гасліста даравалі вушы і зоркія вочы, каб расшукваць творы пісьменнікаў майго царства”.

“Кнігі”-таблічкі кожнага твора захоўваліся ў асобных скрынках ці гліняных ларцах. Французскі асірыёлаг Іахім Менан зрабіў спробу ўстанавіць парадак, у якім размяшчаліся кнігі ў бібліятэцы Ашурбаніпала. Па яго меркаванні асноўнымі сістэматычнымі аддзеламі бібліятэкі былі Граматыка; Гісторыя; Права і законы. Звычаі; Веды аб прыродзе; Геаграфія; Матэматыка; Астраномія; Магія; Догмы. Рэлігія; Легенды і казанні. На кожнай паліцы была гліняная “этыкетка”, памерам з мезены палец, з назвай той ці іншай галіны ведаў. Захаванасці фондаў дапамагала грозная перасцярога: “Таго, хто асмеліцца знесці гэтыя табліцы... няхай пакрае сваім гневам Ашур і Беліт, а імя яго і яго нашчадкаў назаўсёды няхай будзе перададзена беспамяццю ў гэтай краіне”. Фондамі маглі карыстацца толькі пэўныя чытачы. Скарбы асірыйскіх бібліятэк прызначаліся для правячай адміністрацыйнай культувай вярхушкі.

Сёння ў Брытанскім музеі захоўваецца звыш 27 тысяч таблічак або іх фрагментаў са збораў, які залічваюць па прыналежнасці цару Ашурбаніпалу.

2.5. Егіпет

Французскі егіптолаг Э. дэ Ружэ знайшоў у егіпецкім горадзе Гізы пахаванне высокапаўстаўленага чыноўніка IV дынастыі (2930–2759 гг. да н.ч.) Шэпсескафанга. На магільнай пліце сярод іншых тытулаў быў указаны і такі “начальнік дома пісьмёнаў”. Так што Шэпсескафанга можна лічыць першым вядомым нам бібліятэкарам.

Прыватнымі зборамі, якія хутчэй уяўлялі сабой архівы, валодалі егіпецкія фараоны Аменхатэп ІІІ (1455–1419 гг. і яго сын Аменхатэп IV (1419–1400 гг. да н.ч.).

Бібліятэкі Егіпта лічыліся сканцэнтраваннем мудрасці, месцам, дзе можна атрымаць шматлікія патрэбныя звесткі. У Егіпце ў адносінах да бібліятэкі карысталіся двумя паняццямі – “Дом кнігі”, “Дом папіруса” (або “Божы дом кнігі”) і “Дом жыцця”.

“Домам кнігі”, “Домам папіруса” называлі храмавыя бібліятэкі.

“Дом жыцця” – гэта свайго роду навуковая ўстанова пры храме, якая займалася даследаваннямі ў галіне медыцыны. Адначасова “Дом жыцця” выконваў і бібліятэчныя функцыі. Кнігамі ж карысталіся ў рэлігійных і адукацыйыных мэтах. Менавіта тут атрыманыя веды набывалі форму закончанага твора і станавіліся свяшчэннымі кнігамі. Пасада захавальніка бібліятэкі (“Дома жыцця”) была дзяржаўнай і перадавалася па спадчыне, яе маглі займаць толькі дапушчаныя да валодання “вышэйшымі ведамі”. Дакументамі карысталіся ўладары, жрацы.

У другой палове XIV ст. да н.ч. узнікла тэакратычная форма кіравання: царква і дзяржава аб’ядналіся, палітычная ж улада належала непасрэдна жрацам. Адной з найбольш вядомых храмавых бібліятэк у Егіпце была бібліятэка пры храме Рамесеум паблізу Фіваў, старажытнай сталіцы Егіпта, заснаванай каля 1300 г. фараонам Рамсэсам ІІ. Пры ўваходзе ў бібліятэку быў надпіс – "Аптэка для душы". У Егіпце матэрыялам для пісьма служыў папірус, кнігі з яго захоўваліся пераважна ў скрынках і трубкападобных сасудах, пазней ў нішах сцен. Шматлікія папірусы дайшлі да нашых дзён, але цэласных бібліятэк не захавалася, бо папірус быў недаўгавечным матэрыялам. Адзін з самых доўгіх скруткаў папіруса захоўваецц ў Брытанскім музеі – гэта летапісны звод часоў Рамсэса ІІ. Яго даўжыня 46 метраў, а шырыня – 40 см. Папірус быў дарагім матэрыялам і таму з’яўляўся выключна манаполіяй фараонаў. Вынайдзены ў IV – ІІІ тысячагоддзях да н.ч. ён ужываўся да 1022 г., якім датуецца папская була, адрасаваная аднаму з манастыроў у Германіі, – апошні дакумент на папірусе. Аб складзе фондаў і аб каталогах егіпецкіх бібліятэк ёсць толькі няпоўныя звесткі. Так, на сцяне храмавай бібліятэкі (“Дома папірусаў”) у Эдфу захаваўся не столькі каталог, колькі тэматычны спіс, высечаны на адной са сцен храма, азаглаўлены як “Пералік куфраў, якія змяшчаюць кнігі на вялікіх скрутках скуры”, па якім можна скласці ўяўленне аб яго змястоўным напаўненні: культава-рэлігійныя творы, апісанні дзейнасці храма, а таксама астранамічныя трактаты. Па змесце бібліятэчныя калекцыі складаліся з рэлігійнай і свецкай літаратуры. Фонды розных бібліятэк – храмавых (“Дамоў папірусаў”), палацавых, бібліятэк “Дамоў жыцця”, школаў пісцоў, служачых – адрозніваліся па складу. Бібліятэкі Старажытнага Егіпта, па тым часе рознапляменнай дзяржавы, на працягу тысячагоддзяў служылі захавальнікамі дасягненняў навуковай думкі, поспехаў літаратуры.

Такім чынам, што ж такое бібліятэка Старажытнага Усходу?

1. Бібліятэка Старажытнага Усходу – гэта свайго роду прабібліятэка.

2. Гэта адначасова і бібліятэка, і архіў, бо большая частка дакументаў захоўвалася ў адным экземпляры.

3. Гэта установа, якая выконвала функцыю збору і захоўвання дакументаў.

4. З’яўляюцца элементы сістэматызацыі дакументаў і раскрыцця іх праз пэўныя формы каталагізацыі: сістэматычны і алфавітны каталогі, тэматычныя спісы.

5. Аднак такая функцыя бібліятэкі, як забеспячэнне доступа да фондаў бібліятэкі або функцыя абслугоўвання практычна не існавала. Абслугоўванне было нацэлена на забеспячэнне доступу да дакументаў вельмі абмежаванаму колу карыстальнікаў (у Старажытным Усходзе – самаго правіцеля і вельмі абмежаванага кола яго набліжаных, у Старажытным Егіпце – жрацоў і вузкага кола пасвечаных).

6. У адносінах да бібліятэк Старыжнага Усходу няма падставы гаварыць аб іх і як аб інстытуце, які садзейнічаў развіццю навукі ў тым выпадку, калі мець на ўвазе навуку ў сучасным разуменні. Гаворка можа ісці пра навуку, якую можна ахарактарызаваць як “данавуковая навука”. Аднак у дзейнасці бібліятэкі на гэтым этапе ужо праяўляюцца пэўныя элементы служэння навуцы і культуры.

7. З’яўляецца пасада бібліятэкара, захавальніка бібліятэкі (“начальніка дома пісьмёнаў”).

8. Бібліятэка – сімвал улады і адначасова яе інструмент. Бібліятэка з’яўлялася складовай часткай сістэмы кіравання дзяржавай.

9. Асноўныя тыпы бібліятэк – палацавая бібліятэка, храмавая бібліятэка, бібліятэка пры храмавых школах. У Старажытным Егіпце – гэта “Дом кнігі” або “Дом папіруса”, а таксама бібліятэка навуковай установы пры храме – “Дом жыцця”.