Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
книга по ЭП.doc
Скачиваний:
67
Добавлен:
07.05.2019
Размер:
7.14 Mб
Скачать

В.Я. Лізгаро прававая ахова рэдкіх відаў жывёл і раслін

Ахова рэсурсаў жывёльнага і расліннага свету накіравана на падтрыманне аптымальнага ўзроўню колькасці як эканамічна каштоўных прамысловых жывёл, так і на захаванне ўсёй відавой разнастайнасці жывёл і раслін. Рашэнне гэтай задачы стала значнай і актуальнай праблемай, паколькі сучасная цывілізацыя шырокім фронтам наступае на дзікую прыроду, у выніку чаго адбываюцца неабарачальныя змяненні прыроднага асяроддзя. Пры гэтым колькасць многіх дзікіх жывёл і раслін стала рэзка памяншацца, а некаторыя віды зусім знікаюць. Гэты працэс збяднення фауны і флоры пад уплывам негатыўных уздзеянняў антрапагенных фактараў з кожным годам узмацняецца і набывае глабальны характар.

З пачатку ХVII стагоддзя на тэрыторыі Беларусі знікла больш за 20 відаў наземных пазваночных жывёл. Сярод іх два віды, якія вымерлі на Зямлі: лясны бык – тур і дзікі конь – лясны тарпан. Ужо не сустракаюцца такія віды, як собаль, лань, драфа і некаторыя іншыя. У рэках рэспублікі зніклі рачная мінога і 11 відаў рыб, у тым ліку бялуга, рускі асетр, ласось. Шэраг відаў знішчаны чалавекам, іншыя зніклі з прычыны глабальнага скарачэння арэала або змянення месцаў пражывання. Адзін від – белавежскі зубр – захаваўся толькі ва ўмовах няволі, праведзены работы па яго натуралізацыі [1].

З прычыны гэтага ў цяперашні час у рамках агульнай праблемы аховы жывёльнага і расліннага свету вылучаецца цалкам самастойны напрамак – ахова рэдкіх і тых, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення, відаў жывёл і раслін. Гэтая праблема ў сувязі з яе навуковым, культурным і практычным значэннем узнімалася многімі вучонымі [2-5], а яе вырашэнне мае на ўвазе наступныя мэты:

а) ахова названых відаў у кантэксце праблемы захавання ўсёй біяразнастайнасці;

б) захаванне гэтых відаў у сувязі з тым, што яны маюць вялікую культурную і навуковую каштоўнасць;

в) аднаўленне гаспадарча каштоўных жывёл да прамысловага ўзроўню для далейшага рацыянальнага выкарыстання адноўленых рэсурсаў у паляўнічай і іншых галінах гаспадаркі, а таксама аднаўленне неабходнага ўзроўню раслін, якія выкарыстоўваюцца для нарыхтовак лекавай і тэхнічнай сыравіны;

г) захаванне рэдкіх і знікаючых відаў жывёл і раслін як генетычнага фонду для прымянення іх у селекцыі;

д) захаванне рэдкіх відаў жывёл для выкарыстання пры біялагічных метадах барацьбы са шкоднікамі сельскай і лясной гаспадаркі.

Адным з напрамкаў захавання рэдкіх і знікаючых відаў жывёл і раслін з'яўляецца іх прававая ахова. Закон Рэспублікі Беларусь «Аб ахове навакольнага асяроддзя» ў рэдакцыі ад 17 ліпеня 2002 года прадугледжвае меры аховы рэдкіх і тых, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення, відаў дзікарослых раслін і дзікіх жывёл (арт. 64) [6].

Паняцце «рэдкія і знікаючыя віды» вызначана ў Пагадненні аб кнізе рэдкіх і знаходзячыхся пад пагрозай знікнення відаў жывёл і раслін – Чырвонай кнізе дзяржаў – удзельніц СНД, згодна з якім «рэдкія і тыя, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення, віды жывёл і раслін абазначаюць тыя віды (падвіды, папуляцыі) жывёл, раслін і грыбоў, аб якіх ёсць даныя аб скарачэнні колькасці і/або арэала, неспрыяльных змяненнях умоў іх існавання, надзвычайнай абмежаванасці распаўсюджання і малалікасці папуляцый, што сведчаць аб неабходнасці прыняцця спецыяльных мер па іх захаванню і аднаўленню на тэрыторыі дзяржавы» [7, с.14-17]. У адпаведнасці з Чырвонай кнігай Рэспублікі Беларусь гэтае паняцце аб'ядноўвае пяць катэгорый відаў, што знаходзяцца на розных узроўнях экалагічнай спрыяльнасці: віды, якія знікаюць; колькасць і арэал якіх скарачаецца; уласна рэдкія; малавывучаныя; адноўленыя [8].

На падставе матэрыялаў шматгадовых даследаванняў вучоных рэспублікі ў мэтах аховы рэдкіх і знікаючых відаў жывёл і раслін у 1979 годзе Пастановай Савета Міністраў БССР «Аб заснаванні Кнігі рэдкіх і знаходзячыхся пад пагрозай знікнення відаў жывёл і раслін БССР – Чырвонай кнігі БССР» заснавана Чырвоная кніга Беларускай ССР і зацверджана палажэнне аб ёй [9]. У першае выданне Чырвонай кнігі было ўключана 80 відаў жывёл і 85 відаў раслін. Згодна з Палажэннем аб Чырвонай кнізе БССР, яна з'яўляецца асноўным навуковым дакументам, дзе вызначаны сучасны стан рэдкіх і тых, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення, відаў жывёл і раслін рэспублікі, на аснове якога ажыццяўляюцца доўгатэрміновае прагназаванне і распрацоўка практычных мер, накіраваных на іх ахову, узнаўленне і рацыянальнае выкарыстанне. Падставай для ўключэння ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь відаў жывёл і раслін з'яўляюцца даныя аб змяненні іх колькасці, арэала і ўмоў існавання, якія пацвярджаюць неабходнасць прыняцця мер па іх ахове. Прапановы аб уключэнні ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь відаў жывёл і раслін уносяцца навукова-даследчымі і іншымі дзяржаўнымі і грамадскімі арганізацыямі, а таксама асобнымі вучонымі на разгляд у Нацыянальную акадэмію навук Беларусі. На падставе ўсебаковага вывучэння наяўных матэрыялаў аб стане відаў жывёл і раслін Нацыянальная акадэмія навук прадстаўляе заключэнне Міністэрству прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Віды жывёл і раслін, колькасць якіх у выніку прынятых ахоўных і аднаўленчых мер дасягнула паказчыкаў, што забяспечваюць нармальнае ўзнаўленне папуляцый на тэрыторыі рэспублікі, падлягаюць выключэнню з Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь. Напрыклад, выключаны 2 віды жывёл і 10 відаў раслін, якія па сучасных уяўленнях і крытэрыях не з'яўляюцца знікаючымі і рэдкімі. Выключаны таксама 3 віды жывёл і 4 віды раслін, раней аднесеныя да нулявой катэгорыі («мабыць, зніклыя»), якія не могуць быць ахоплены практычнай аховай з прычыны адсутнасці канкрэтных даных аб стане іх папуляцый і месцазнаходжанні. Гэтыя і іншыя падобныя віды складаюць асобны спіс. У выпадку знаходжання ўказаных відаў на тэрыторыі рэспублікі яны аўтаматычна ўключаюцца ў Чырвоную кнігу, атрымліваюць адпаведны статус і рэкамендацыі вучоных адносна практычных мерапрыемстваў па іх ахове і ўзнаўленню. Прапановы аб выключэнні з Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь разглядаюцца і зацвярджаюцца ў тым жа парадку, як і пры ўключэнні ў яе.

Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь захоўваецца ў Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, якое ўносіць у яе адпаведныя запісы ў парадку, устаноўленым Палажэннем аб Кнізе рэдкіх і знаходзячыхся пад пагрозай знікнення відаў жывёл і раслін Рэспублікі Беларусь – Чырвонай кнізе Рэспублікі Беларусь. Так, Пастановай Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя 9 чэрвеня 2004 года былі зацверджаны Спісы рэдкіх і тых, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення, відаў дзікіх жывёл і дзікарослых раслін, якія ўключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. [10].

Асобную групу складаюць адносна рэдкія і гаспадарча карысныя віды раслін (36 відаў), колькасць якіх прыкметна скарачаецца і якія маюць патрэбу ў прафілактычнай ахове і рацыянальным выкарыстанні. Іх спісы прыведзены ў адпаведных дадатках Кнігі. Асноўны метад аховы такіх відаў – растлумачальная работа сярод насельніцтва, якая арыентуе на беражлівыя да іх адносіны.

Згодна з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб ахове навакольнага асяроддзя», дзеянні, якія могуць прывесці да знішчэння, зніжэння распаўсюджвання і колькасці, парушэння асяроддзя росту дзікарослых раслін і пражывання дзікіх жывёл, што адносяцца да відаў, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, не дапускаюцца. У мэтах аховы рэдкіх і тых, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення, відаў дзікарослых раслін і дзікіх жывёл Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь можа ўстанаўліваць правілы, якія змяшчаюць забароны, патрабаванні аб атрыманні дазволу або іншыя спецыяльныя ўмовы ў адносінах да аховы, адабрання, утрымання, захоўвання, экспанавання або гандлю раслінамі, жывёламі і іншымі арганізмамі, якія адносяцца да рэдкіх відаў і знаходзяцца пад пагрозай знікнення, захавання, аховы і аднаўлення асяроддзя іх пражывання (росту), а таксама ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці, у працэсе якой яны выкарыстоўваюцца ў якасці сыравіны, іншых мэтах спажывання або рэалізацыі (арт. 64).

Для прыродакарыстальніка, у сваю чаргу, узнікае абавязак асаблівай аховы такіх відаў і адказнасць прадпрыемстваў, устаноў і грамадзян за іх незаконнае здабыванне або знішчэнне.

У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб ахове і выкарыстанні жывёльнага свету» здабыча рэдкіх відаў і відаў жывёл, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення, магчыма ў пэўных выпадках [11]. Такія дзеянні дапускаюцца толькі па дазволу, які выдаецца Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ў мэтах: рассялення; развядзення іх у спецыяльна створаных умовах і далейшага навуковага даследавання; а таксама у іншых мэтах.

Апошні пункт выклікае пэўныя пытанні. Так, згодна з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь «Аб дадатковых мерах па ахове і выкарыстанню зуброў» [12], зубрам у рэспубліцы нададзены два статусы:

  • асноўнага генафонду – для зуброў, якія знаходзяцца ў запаведніках і нацыянальных парках;

  • рэзервовага генафонду – для зуброў, якія пражываюць на іншых тэрыторыях рэспублікі.

Асаблівасцю з'яўляецца тое, што ахова і выкарыстанне зуброў асноўнага генафонду ажыццяўляюцца ў парадку, прадугледжаным для відаў жывёл, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, а рэзервовага генафонду – у парадку, устаноўленым для дзікіх жывёл, што з'яўляюцца аб'ектамі палявання на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і здабыча якіх дапускаецца толькі па разавых дазволах. Такім чынам, узнікла дваякае становішча, калі від, занесены ў Чырвоную кнігу, выступае як аб'ект палявання.

Згодна з арт. 24 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб раслінным свеце» самовольны збор ці знішчэнне дзікарослых раслін, што адносяцца да відаў, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, і іх частак або ўчыненне іншых дзеянняў, якія могуць прывесці да іх гібелі, скарачэння колькасці або парушэння асяроддзя росту, забараняюцца. Збор дзікарослых раслін, што адносяцца да відаў, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, або іх частак дапускаецца ў навукова-даследчых мэтах і ў іншых выпадках толькі па дазволу, які выдаецца Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь[13].

Парадак выдачы дазволаў на здабыванне (збор) жывёл і раслін, якія адносяцца да відаў жывёл і раслін, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, быў зацверджаны рашэннем Калегіі Дзяржкамітэта Рэспублікі Беларусь па экалогіі ад 1 сакавіка 1993 года. Здабыванне (збор) жывёл і раслін, якія адносяцца да відаў, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, гнёздаў, яек, пладоў, насення, частак або прадуктаў гэтых жывёл і раслін можа праводзіцца ў выключных выпадках толькі па дазволу Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, узгодненаму з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі.

Асаблівасцю з'яўляецца той факт, што дазволы на здабыванне (збор) жывёл і раслін, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, выдаюцца толькі юрыдычным асобам. Заяўкі асобных грамадзян Рэспублікі Беларусь на здабыванне (збор) рэдкіх жывёл або раслін не прымаюцца і не разглядаюцца.

Дазвол Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя на здабыванне (збор) рэдкіх жывёл або раслін, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, з'яўляецца падставай для выдачы спецыяльных дазволаў (пуцёвак, ліцэнзій, лясных білетаў або іншых дазволаў) на здабыванне (збор) рэдкіх жывёл або раслін, якія адносяцца да відаў, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.

Аднак нават самыя дасканалыя заканадаўчыя акты і нарматывы, пры ўмове іх няўхільнага выканання, не забяспечваюць захавання рэдкіх відаў жывёл і раслін, калі колькасць апошніх зменшылася да крытычнага ўзроўню або месцы іх пражывання ці росту знішчаны. Таму праблема аховы рэдкіх відаў можа быць вырашана шляхам захавання прыродных экасістэм і ўсіх іх кампанентаў. Самай эфектыўнай мерай аховы рэдкіх відаў з'яўляецца захаванне іх месцапражыванняў, што можа быць дасягнута, у прыватнасці, арганізацыяй сеткі асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторый. Прававы рэжым запаведнікаў, нацыянальных паркаў, заказнікаў і тэрыторый, занятых помнікамі прыроды, вызначаны ў Законе Рэспублікі Беларусь «Аб асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях» [14]. Запаведнікі маюць строгі рэжым аховы, а таму з'яўляюцца найбольш выгодным месцам для захавання асобных аб'ектаў прыроды, якія патрабуюць павышанай аховы, у тым ліку відаў раслін і жывёл, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення. У адпаведнасці з гэтым запаведнікі і выконваюць сваю ролю па захаванню генафонду раслін і жывёл. Напрыклад, першапачатковай мэтай стварэння Бярэзінскага біясфернага запаведніка было захаванне папуляцый бабра [15]. У выніку дзейнасці запаведна-паляўнічай гаспадаркі «Белавежская пушча», пераўтворанай у 1991 годзе ў Дзяржаўны нацыянальны парк з аналагічнай назвай, быў выратаваны ад знішчэння зубр, прычым колькасць дасягнула ўзроўню, пры якім можна лічыць, што поўнасцю прадухілена яго страта як біялагічнага віду. У якасці прыкладу дастаткова прывесці той факт, што калі ў 1919 годзе зубры былі поўнасцю знішчаны, то на 1997 год іх колькасць складала 300 асобін [16]. У 1996 годзе Бярэзінскі біясферны запаведнік быў узнагароджаны Дыпломам Еўропы за захаванне разнастайных відаў млекакормячых, птушак і іншых жывёл, уключаючы вельмі рэдкіх – чорнага бусла і глушца. Для захавання рэдкіх і тых, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення, відаў жывёл і раслін ствараюцца біялагічныя заказнікі, якія ў залежнасці ад аб'екта аховы, у сваю чаргу, падзяляюцца на заалагічныя або батанічныя.

Захаванне рэдкіх і знікаючых відаў жывёл і раслін патрабуе цеснага міжнароднага супрацоўніцтва. Многія рэдкія віды звяроў, рыб, пералётных птушак, а таксама наземных пазваночных і беспазваночных, мігруючы, могуць апынуцца ў розных краінах свету. Таму забяспечыць надзейную ахову іх месцапражыванняў, міграцыйных шляхоў, распрацоўку эфектыўных навуковых рэкамендацый, вырашэнне іншых задач магчыма толькі на міжнародным узроўні.

Гістарычна першым дакументам у галіне міжнароднай аховы жывёльнага свету прынята лічыць Парыжскую Канвенцыю 1902 года, прысвечаную праблеме аховы птушак, карысных для сельскай гаспадаркі[17]. З 1960 года дзейнічае новая, больш шырокая па зместу міжнародная Канвенцыя па ахове птушак у межах Еўрапейскага рэгіёна. У адпаведнасці з гэтай Канвенцыяй устаноўлена круглагадовая ахова знікаючых відаў птушак, уведзены пэўныя абмежаванні на іх адлоў і адстрэл.

У 1971 годзе ў горадзе Рамсар (Іран) была падпісана Канвенцыя аб ахове водна-балотных угоддзяў, якія маюць міжнароднае значэнне, асабліва у якасці месцаў пражывання вадаплаўных пералётных птушак (Рамсарская канвенцыя). Асноўная мэта канвенцыі – выяўленне і захаванне найбольш каштоўных водна-балотных угоддзяў (марскія залівы, азёры, участкі далін рэк, забалочаныя тэрыторыі) незалежна ад геаграфічнага становішча, якія па шэрагу ўстаноўленых крытэрыяў адпавядаюць статусу ўгоддзяў, што маюць міжнароднае значэнне. Крытэрыі, па якіх высвятляецца значнасць водна-балотнага ўгоддзя, падразумяваюць, што такое ўгоддзе павінна быць тыповым або унікальным для адпаведнага рэгіёна, мець асаблівую каштоўнасць для падтрымання біялагічнай разнастайнасці і рэгулярна наведвацца вялікай колькасцю вадаплаўных птушак. Наданне водна-балотнаму ўгоддзю міжнароднага значэння і ўключэнне яго ў Спіс Канвенцыі азначае, што дзяржава прымае на сябе абавязацельствы ажыццяўляць сваю дзейнасць на гэтым угоддзі такім чынам, каб садзейнічаць яго захаванню і ўстойліваму выкарыстанню, а таксама ахове, кіраванню і рацыянальнаму выкарыстанню рэсурсаў мігруючых вадаплаўных птушак.

Былы СССР уступіў у Канвенцыю ў 1975 годзе. Адпаведнай пастановай Савета Міністраў СССР было абвешчана 12 водна-балотных угоддзяў, якія маюць міжнароднае значэнне [18]. Як правіла, ядро гэтых угоддзяў складалі запаведнікі. Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь быў падпісаны Указ, у адпаведнасці з якім Рэспубліка Беларусь з'яўляецца правапераемніцай у адносінах да Канвенцыі аб водна-балотных угоддзях, якія маюць міжнароднае значэнне, галоўным чынам у якасці месцапражыванняў вадаплаўных птушак [19]. Пастановай Савета Міністраў ад 28 ліпеня 1999 года Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь вызначана як орган, адказны за выкананне патрабаванняў, што вынікаюць з гэтай Канвенцыі. Навуковае забеспячэнне выканання Канвенцыі ўскладзена на Нацыянальную акадэмію навук Беларусі [20].

У сакавіку 1973 года ў Вашынгтоне прынята Канвенцыя па міжнароднаму гандлю відамі дзікай фауны і флоры, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення (СІТЕС), якая ўвайшла ў сілу 1 ліпеня 1975 года [21, с.179 – 201]. СІТЕС па свайму характару з'яўляецца глабальнай канвенцыяй і ў цяперашні час у ёй удзельнічае больш за 110 дзяржаў, уключаючы Рэспубліку Беларусь[22]. Неабходнасць прыняцця Канвенцыі была звязана з тым, што міжнародны гандаль прадстаўнікамі дзікай фауны і флоры з'яўляецца адной з прычын скарачэння папуляцый многіх жывёл і раслін. Таму ў аснову гэтай Канвенцыі пакладзены ўзгоднены бакамі-ўдзельнікамі Спіс рэдкіх і тых, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення, відаў жывёл і раслін, гандаль якімі можа нанесці ўрон іх прыродным папуляцыям, а значыць, яго неабходна кантраляваць з дапамогай узгодненых міжнародных працэдур. Апошнія ўключаюць у сябе ў асноўным выдачу дазволаў устаноўленага міжнароднага ўзору краінамі – удзельніцамі Канвенцыі, па якіх ажыццяўляецца экспарт, імпарт і рээкспарт занесеных ва ўзгодненыя Спісы відаў жывёл і раслін. Дзеянне Канвенцыі пры гэтым распаўсюджваецца як на віды, так і на іх часткі і дэрываты.

У адпаведнасці з патрабаваннямі Канвенцыі кожны бок – удзельнік СІТЕС прызначае ў сябе Адміністрацыйны і Навуковы орган СІТЕС, якія перад выдачай дазволу на экспарт, імпарт і рээкспарт абавязаны прытрымлівацца пэўных працэдур. Навуковы орган СІТЕС ацэньвае гандлёвую аперацыю перш за ўсё з пазіцыі магчымага ўрону прыродным папуляцыям віду. Адміністрацыйны орган СІТЕС з улікам рэкамендацый Навуковага органа, акрамя таго, павінен упэўніцца ў законнасці правядзення гандлёвай аперацыі, уключаючы доказы законнасці валодання аб'ектам, а таксама пераканацца, што перавозка жывёл і раслін будзе ажыццяўляцца бяспечным для іх метадам і экспарцёр і імпарцёр гатовыя да адпраўкі і прыёму жывёлы або расліны. Толькі пасля гэтага Адміністрацыйны орган СІТЕС выдае неабходны дазвол.

Дзейнасць разглядаемай Канвенцыі грунтуецца на наступных прынцыпах:

а) віды, існаванню якіх пагражае найбольшая небяспека і гандаль якімі вядзе да іх знішчэння, заносяцца ў Дадатак I СІТЕС. Камерцыйны гандаль такімі відамі не дазваляецца. Экспарт, імпарт або рээкспарт дапускаецца толькі ў выключных выпадках. Сярод відаў, уключаных у Дадатак I: леапард, крэчат, выдра і інш.;

б) віды, якім пагражае знішчэнне, калі гандаль імі не будзе кантралявацца, уключаюцца ў Дадатак II СІТЕС. Гандаль такімі відамі дазваляецца пры наяўнасці адпаведных дакументаў (дазволаў), якія выдаюцца спецыяльна ўпаўнаважанымі дзяржаўнымі ўстановамі краін-экспарцёраў. Сярод відаў, уключаных у Дадатак II: каціныя, дзённыя драпежныя птушкі, совы, папугаі і інш.;

в) калі якая-небудзь з краін – удзельніц Канвенцыі вырашыць, што для відаў яе фауны і флоры гандаль можа прывесці да пагрозы іх выжывання ў прыродзе, але яны не ўключаны ў Дадаткі I і II СІТЕС, такая краіна можа занесці гэтыя віды ў Дадатак III. Такім чынам, гандаль відамі з Дадатку III рэгулюецца ў межах юрысдыкцыі краіны, якая заявіла гэтыя віды ў Дадатку III, у мэтах прадухілення або абмежавання іх эксплуатацыі. У адносінах да гэтых відаў будзе ажыццяўляцца супрацоўніцтва з іншымі краінамі па кантролю за іх гандлем.

Аднак выдачай дазволаў не абмяжоўваецца дзейнасць у рамках Канвенцыі, значны цяжар пры гэтым кладзецца на мытныя органы, якія прызначаны непасрэдна кантраляваць увоз і вываз, прычым найбольшыя цяжкасці ўзнікаюць з вызначэннем відаў раслін. Акрамя таго, усе краіны – удзельніцы гэтай Канвенцыі абменьваюцца ўзорамі подпісаў, пячатак і бланкаў дазволаў, копіі якіх таксама перадаюцца мытным органам. Вынікам дзеяння СІТЕС з'яўляецца ўстанаўленне дзейснага кантролю за гандлем рэдкімі і знікаючымі відамі жывёл і раслін.

Рэспубліка Беларусь з'яўляецца ўдзельніцай гэтай Канвенцыі. Мэтам забеспячэння выканання абавязацельстваў нашай краіны па разглядаемай Канвенцыі служаць законы Рэспублікі Беларусь «Аб ахове навакольнага асяроддзя», «Аб ахове і выкарыстанні жывёльнага свету», «Аб раслінным свеце»[6, 11, 13]. У мэтах забеспячэння Рэспублікай Беларусь абавязацельстваў, якія вынікаюць з Канвенцыі, Кабінет Міністраў Рэспублікі Беларусь 3 ліпеня 1995 года прыняў пастанову, згодна з якой Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя з'яўляецца Адміністрацыйным органам па Канвенцыі ў Рэспубліцы Беларусь[23]. Аднак не былі своечасова зацверджаны правілы вывазу з тэрыторыі рэспублікі і ўвозу на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь відаў жывёл і раслін, іх частак і дэрыватаў, якія падпадаюць пад дзеянне Канвенцыі. Для вырашэння гэтай праблемы Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь выдаў пастанову «Аб парадку выдачы дазволаў на перамяшчэнне праз мытную граніцу Рэспублікі Беларусь відаў жывёл і раслін, іх частак або вытворных ад іх (дэрыватаў), якія падпадаюць пад дзеянне Канвенцыі аб міжнародным гандлю відамі дзікай фауны і флоры, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення» [24]. З мэтай выканання вышэйназванай пастановы загадам Міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь зацверджаны парадак выдачы дазволаў на перамяшчэнне праз мытную граніцу Рэспублікі Беларусь відаў жывёл і раслін, якія падпадаюць пад дзеянне Канвенцыі СІТЕС [25]. Гэты дакумент вызначыў парадак выдачы дазволаў на перамяшчэнне ўзораў СІТЕС, абмежаваных да перамяшчэння праз мытную граніцу Рэспублікі Беларусь згодна з Дадаткам 1. Як ужо адзначалася, такія дазволы выдае Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь як Адміністрацыйны орган па СІТЕС. Дзеянне дазволу не можа перавышаць у адпаведнасці з умовамі СІТЕС 6 месяцаў з моманту выдачы. Распрацавана таксама Наменклатура жывёл і раслін, якія падпадаюць пад дзеянне разглядаемай Канвенцыі, абмежаваных да перамяшчэння праз мытную граніцу Рэспублікі Беларусь [26].

Меры, прадугледжаныя Канвенцыяй, садзейнічаюць захаванню рэдкіх відаў у прыродзе, што і з'яўляецца асноўнай мэтай Канвенцыі па міжнароднаму гандлю відамі дзікай фауны і флоры, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення.

Вырашальным момантам развіцця міжнароднай прававой аховы жывёльнага і расліннага свету стала Канвенцыя аб біялагічнай разнастайнасці, якая была адкрыта для падпісання 5 чэрвеня 1992 года на Канферэнцыі ААН па навакольнаму асяроддзю і развіццю ў Рыо-дэ-Жанейра. Рэспубліка Беларусь у ліку больш за 140 дзяржаў свету 5 чэрвеня 1992 года падпісала, а 10 чэрвеня 1993 года ратыфікавала гэтую Канвенцыю[27]. Пасля яе ратыфікацыі 30 краінамі Канвенцыя ўвайшла ў сілу ў 1993 годзе. Падставай для прыняцця рашэння ААН аб неабходнасці распрацоўкі Канвенцыі з'явілася заклапочанасць міжнароднай супольнасці тым, што біялагічная разнастайнасць, якая мае значную каштоўнасць для чалавецтва, істотна скарачаецца ў выніку некаторых відаў антрапагеннай дзейнасці. У той жа час сусветная супольнасць павінна захаваць біялагічную разнастайнасць і забяспечыць устойлівае выкарыстанне яе кампанентаў, прычым справядліва для розных краін.

Кожная дзяржава, што далучылася да Канвенцыі, павінна ажыццяўляць меры па захаванню і ўстойліваму выкарыстанню біяразнастайнасці, якія ў асноўным заключаюцца ў наступным:

распрацоўваць нацыянальныя стратэгіі, планы або праграмы захавання і ўстойлівага выкарыстання біялагічнай разнастайнасці;

прадугледжваць меры па захаванню і ўстойліваму выкарыстанню біялагічнай разнастайнасці ў адпаведных ведамасных і міжведамасных планах, праграмах і палітыцы;

вызначаць кампаненты біялагічнай разнастайнасці, што маюць важнае значэнне для яе захавання і ўстойлівага выкарыстання, і ажыццяўляць маніторынг, у тым ліку за відамі дзейнасці, якія робяць значнае неспрыяльнае ўздзеянне на захаванне і ўстойлівае выкарыстанне біялагічнай разнастайнасці, а таксама ствараць адпаведную інфармацыйную базу;

ствараць сістэму асабліва ахоўваемых тэрыторый, прымаць меры па аднаўленню дэградзіраваных экасістэм, а таксама рэдкіх і тых, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення, відаў;

устанаўліваць сродкі рэгулявання, кантролю або абмежавання рызыкі, звязанай з выкарыстаннем і вызваленнем жывых змененых арганізмаў, якія з'яўляюцца вынікам біятэхналогіі;

прадухіляць інтрадукцыю чужародных відаў, якія могуць пагражаць экасістэмам, месцапражыванням або відам;

выкарыстоўваць вопыт і веды карэнных народнасцей у захаванні і ўстойлівым выкарыстанні біялагічнай разнастайнасці;

распрацоўваць і ажыццяўляць заканадаўчыя нормы або іншыя рэгулюючыя палажэнні для аховы відаў і папуляцый, якія знаходзяцца ў небяспецы;

прымаць меры для захавання ex-situ (г.зн. захаванне кампанентаў біялагічнай разнастайнасці па-за межамі іх прыродных месцаў пражывання);

прымаць меры праз захаванне ex-situ для аднаўлення відаў, якія знаходзяцца ў небяспецы, і для іх рэінтрадукцыі ў месцы прыроднага пражывання;

прымаць меры ў галіне выкарыстання біялагічных рэсурсаў такім чынам, каб прадухіліць або звесці да мінімуму неспрыяльнае ўздзеянне на біялагічную разнастайнасць.

Сярод разгледжаных дзеянняў у кантэксце захавання ўсёй біяразнастайнасці, як відаць, вылучаецца і напрамак аховы рэдкіх і тых, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення, відаў. Аднак указаныя меры ў асноўным адлюстроўваюць агульныя мэты і палітыку ў гэтай галіне, а не строгія і пэўныя абавязацельствы, як, напрыклад, у СІТЕС. У Канвенцыі ўказана, што дадзеныя абавязацельствы краіны выконваюць «наколькі гэта магчыма і мэтазгодна» або «ў адпаведнасці з канкрэтнымі ўмовамі і магчымасцямі краіны» [28].

У мэтах выканання міжнародных абавязацельстваў у адпаведнасці з Пастановай Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 28 жніўня 1995 года пад кіраўніцтвам Рэспубліканскай камісіі па праблемах біялагічнай разнастайнасці былі распрацаваны праекты Нацыянальнай стратэгіі і Плана дзеянняў па захаванню і ўстойліваму выкарыстанню біялагічнай разнастайнасці. Гэтыя дакументы адобраны Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 1997 года [29]. У Нацыянальнай стратэгіі па захаванню і ўстойліваму выкарыстанню біялагічнай разнастайнасці прапанаваны шэраг мер, якія павінны быць прыняты ў прыярытэтным парадку. Да іх адносяцца:

ажыццяўленне на агульнанацыянальным узроўні ацэнкі стану біялагічнай разнастайнасці;

стварэнне ўмоў для аднаўлення экасістэм і біялагічных відаў, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення;

пашырэнне сістэмы ахоўваемых прыродных тэрыторый з мэтай захавання біялагічнай разнастайнасці;

прыняцце законаў для абароны відаў, якім пагражае выміранне [30, с.63 - 86].

Апошні напрамак выклікае найбольш востры інтарэс, паколькі не існаваў у айчыннай практыцы. Аднак у некаторых краінах такія законы ёсць. У ЗША федэральны Закон «Аб захаванні знікаючых відаў» прыняты ў 1973 годзе і грунтуецца на прызнанні таго факта, што знікаючыя віды жывёл і раслін «уяўляюць сабой эстэтычную, экалагічную, пазнавальную, гістарычную, аздараўленчую і навуковую каштоўнасць для краіны і народа»[31]. Міністр унутраных спраў выносіць пастанаўленне, які від патрэбна лічыць знікаючым; калі такое рашэнне прынята, ніхто не мае права ніякім чынам турбаваць, наносіць урон, праследаваць, лавіць, збіраць або забіваць прадстаўнікоў гэтага віду. Міністр можа таксама вызначыць віды, існаванню якіх пагражае найбольшая небяспека, і распрацаваць нарматывы, здольныя абараніць гэтыя віды. Акрамя таго, федэральныя агенцтвы не павінны пачынаць якія-небудзь дзеянні, што ўяўляюць небяспеку для прадаўжэння існавання знікаючых відаў. Аднак дзеянне разглядаемага закона абмежавана толькі федэральнымі землямі, іншыя землі ён ахоплівае толькі ў выпадках удзелу ў праектах федэральных ведамстваў. Рэдкія і знікаючыя віды жывёл і раслін, якія знаходзяцца на прыватных землях, ахоўваюцца законамі штатаў. Напрыклад, закон штата Каліфорнія “Аб ахоўваемых відах” уключае і прыватныя землі, калі на іх знаходзяцца ахоўваемыя віды жывёл і раслін [32]. Згодна з гэтым законам, пры наяўнасці планаў забудовы праводзіцца біялагічная ацэнка тэрыторыі; складаецца экалагічны прагноз, які таксама адыгрывае значную ролю і павінен быць даступным грамадскасці; прадугледжваюцца кампенсацыйныя меры. Нават ужо распачатыя работы могуць быць спынены ў сувязі з працэсам папаўнення ахоўваемых відаў. Для захавання найбольш важных участкаў дзікай прыроды дзейнічае норма аб падатковых ільготах для асоб, якія паляпшаюць і захоўваюць каштоўныя месцы пражывання (росту). Рэферэндум, які адбыўся ў 1992 годзе ў графстве Лос‑Анжэлес, даў уладам права дадаткова абкладаць падаткам уласнікаў, якія атрымліваюць выгаду ад грамадскіх паляпшэнняў. Такім лічыцца і павышэнне рэкрэацыйнага і экалагічнага патэнцыялу мясцовасці. Сярод дзяржаў былога СССР толькі ў Літоўскай Рэспубліцы прыняты Закон «Аб ахоўваемых відах і згуртаваннях жывёл, раслін і грыбоў»[33].

Пэўную ролю ў ахове рэдкіх і знікаючых відаў жывёл і раслін адыгрываюць пагадненні ў рамках Міждзяржаўнага экалагічнага савета краін СНД, якія накіраваны на выпрацоўку і правядзенне ўзгодненай палітыкі ў галіне аховы навакольнага асяроддзя. Перш за ўсё да такіх можна аднесці Пагадненне аб узаемадзеянні ў галіне экалогіі і аховы навакольнага прыроднага асяроддзя дзяржаў – удзельніц СНД, падпісанае 8 лютага 1992 года.

23 чэрвеня 1995 года ў Мінску заключана Пагадненне аб кнізе рэдкіх і знаходзячыхся пад пагрозай знікнення відаў жывёл і раслін – Чырвонай кнізе дзяржаў – удзельніц СНД [7]. Аднак з юрыдычнага пункту погляду ўнясенне відаў жывёл і раслін у Чырвоную кнігу СНД не цягне за сабой абмежавання ў іх выкарыстанні, а з'яўляецца фармальным момантам. Гэта звязана, перш за ўсё, з тым, што ні ў адным нарматыўным акце (у тым ліку Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь і Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях) не сустракаецца такое паняцце, як Чырвоная кніга СНД.

Такім чынам, прававая ахова рэдкіх і тых, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення, відаў жывёл і раслін ажыццяўляецца па наступных асноўных напрамках:

  • шляхам прававога замацавання Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь;

  • устанаўленнем спецыяльных правіл і ўмоў карыстання;

  • прававой рэгламентацыяй асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторый;

  • міжнародным супрацоўніцтвам, асновай для якога служаць міжнародна-прававыя дакументы.