Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Гicторыя Беларускай Лiтаратуры 11-19 стагоддзяу....doc
Скачиваний:
56
Добавлен:
08.08.2019
Размер:
3.9 Mб
Скачать

Сымон Будны

Найбольш яркім беларускім пісьменнікам XVI ст., які набыў агульнаеўрапейскую вядомасць, з'яўляецца Сымон Будны (каля 1530—1593). Кнігі асветніка, выдадзеныя ў Нясвіжы і Лоску, з захапленнем чыталіся ў многіх краінах Заходняй Еўропы. Гуманістычныя ідэі С. Буднага ў абарону свабоды чалавека, палымяныя заклікі да паўсюднага панавання ў грамадстве розуму і навукі знаходзілі глыбокі водгук ў сэрцах суайчыннікаў, а таксама ў Германіі, Швейцарыі, Францыі, Ангдіі, Італіі, Маскоўскай Русі. С. Будны стаў увасабленнем вальнадумства і рэнесансавай смеласці, сімвалам духоўнай велічы і таленту славянскіх народаў.

Таленавіты пісьменнік, філосаф і багаслоў Сымон Будны, выхаваны на рэнесансава-гуманістычных ідэях, у сваёй творчасці прадоўжыў традыцыі, закладзеныя вялікімі папярэднікамі — славянскімі асветнікамі Кірылам і Мяфодзіем, Кірылам Тураўскім, Грыгорыем Цамблакам, Міколам Гусоўскім, Францыскам Скарынам.

Першая дакументальная згадка пра С. Буднага — кароткі запіс у метрыцы Кракаўскага універсітэта за 19 кастрычніка 1544 г. Калі зыходзіць з таго, што юнаку ў час паступлення ва універсітэт было каля 14 гадоў — звычайны для пачаткоўцаў узрост, то, можна меркаваць, што ён нарадзіўся прыкладна ў самым канцы 20-х гадоў XVI ст. або ў 1530 г. у нейкай Будзе. Дзе знаходзілася тая Буда — загадка, бо вёсак з такой назвай у Беларусі, таксама як і ў Польшчы, безліч. На карысць жа яго беларускага паходжання паказваюць многія факты. Найперш, ён вельмі кепска ведаў Польшчу. Гэта і не дзіўна, бо дакладна вядома, што ўсё сваё свядомае жыццё С. Будны пражыў у Вялікім княстве Літоўскім і толькі зрэдку выязджаў у Польскае каралеўства для ўдзелу ў пратэстанцкіх сінодах.

Аднак асабліва важна тое, што С. Будны напісаў свае першыя творы - «Катэхізіс» i «Апраўданне грэшнага чалавека перад Богам» — на старабеларускай мове. Матчынай мовай асветніка, несумненна, была беларуская мова. Пра гэта красамоўна сведчыць палымяны заклік С. Буднага да князёў Радзівілаў шанаваць яе ва ўсе часы, берагчы як неацэнны скарб. «Слушная бо речь ест, — пісаў ён у звароце да Радзівіла — абы ваши княжацкие милости того народу язык миловати рачили, в котором давъные предъки и их княжацъские милости панове отци ваших княжецских милости славне преднейшие преложеньства несуть». Іншаземец, відавочна, не напісаў бы гэткіх пранікнёных слоў пра беларускую мову. Яны маглі нарадзіцца толькі ў сэрцы патрыёта, чалавека з непахіснай верай у свой народ. Варта дадаць, што польская мова твораў С. Буднага — гэта моўны варыянт, які ўжываўся на Беларусі, з прыкметнай беларускай лексічнай асновай і беларускімі сінтаксічнымі канструкцыямі, а месцамі — звычайная бела­руская мова, запісаная лацінкай.

На жаль, дакладна невядома, дзе С. Будны атрымаў пачатковую адукацыю. Праўда, ёсць падставы гаварыць пра яго знаходжанне на Падляшшы, магчыма ў маёнтку Хадкевічаў, у Заблудаве ці ў Супрасльскім манастыры. Пра гэта ўскосна сведчыць гісторыя з выпраўленнем кніг Святога Пiсання архімандрытам Супрасльскага манастыра Кімбарам у сярэдзіне 30-х гадоў XVI ст., пра якую асветнік расказаў у сваёй «Прадмове да Чытача», змешчанай у Новым Запавеце 1574 г. Там якраз выклікаюць цікавасць занатаваныя С. Будным розныя дэталі, нават дробязныя факты, якія мог ведаць толькі добра дасведчаны ў тых падзеях чалавек.

У 1558 г. С. Будны распачынае дзейнасць у Вільні. Сакратар Віленскага кальвінісцкага гуртка ў адным з пратаколаў, пазней падрыхтаваных да друку Янам Зарэмбам, 11 студзеня 1558 г. запісаў: «У той дзень Сымон (Зак. — Аўт.), казнадзей збору ў Літве і на Падляшшы, а таксама суперінтэндант кальвінскі, паведаміў прысутным пра велізарную карысць ад вывучэння Катэхізіса і з дазволу старэйшых братоў прызначыў Сымона Буднага катэхізістам». Гэта самая ранняя дакументаваная звестка пра знаходжан-не С. Буднага ў Вільні.

С.Будны выкладаў асновы тэалогіі ў Віленскім пратэстанцкім зборы, атрымліваючы за гэта, як сведчаць крыніцы, шчодрую па тым часе ўзнагароду. У сталіцы Вялікага княства Літоўскага ён не толькі знайшоў надзейны жыццёвы прытулак, але і атрымаў выдатную мажлівасць удасканаліць свой талент пісьменніка, педагога, філосафа і багаслова. У Вільні панавала спрыяльная для творчасці атмасфера. Там яшчэ лунаў дух асветнікаў і гуманістаў Эразма Вітэліуса, Міколы Гусоўскага, Францыска Скарыны. Вольналюбівыя віленчукі першыя пазнаёміліся з новымі павевамі Рэфармацыі, вучэннямі Лютэра і Кальвіна. Яны памяталі палымяныя казанні Абрама Кульвы, які пасля навучання ў Кракаве, Сіене, Вюртэмбергу вярнуўся на радзіму доктарам багаслоўя і заснаваў у Вільні пры падтрымцы Боны Сфорца першую ў Вялікім княстве Літоўскім лютэранскую школу.

У віленскі перыяд жыцця С. Будны, аднак, не прымаў актыўнага ўдзелу ў тых дыскусіях, што распачаліся ў асяроддзі пратэстантаў і ў выніку якіх адбылося рэзкае размежаванне адзінай дагэтуль рэфармацыйнай плыні ў Беларусі спачатку на два, а пасля і яшчэ на некалькі кірункаў. Мяркуючы па яго першых творах, ён схіляўся да кальвінісцкай дактрыны.

Каля 1560 г. С. Будны пераехаў з Вільні ў Клецк, дзе ў мясцовым кальвінісцкім зборы прадоўжыў справу, распачатую ў Вільні, адначасова рыхтуючы да друку сваю першую працу.

На пачатку лета 1562 г. з Нясвіжскай пратэстанцкай друкарні, што належала пану Мацвею Кавячынскаму, выйшла дыхтоўная, з густам аздобленая кніжка значных памераў (больш за 500 старонак) пад тытулам: «Катихисис, то ест наука стародавная христианьская от Светого писма для простых людей языка руского, в пытаниах и отказех собрана». Яна адразу прыцягнула ўвагу адукаваных людзей як у Вялікім княстве Літоўскім, так і далёка за яго межамі. Незаменная чытанка для дарослых і выдатны падручнік для дзяцей, друкаваны «Катэхізіс» з'яўляўся ў той жа час неардынарным літаратурным і філасофска-багаслоўскім творам, адметным паводле свайго стылю і інтэлектуальнай глыбіні. Ён выклікаў шырокую літаратурную палеміку, якая стала прыкметнай з'явай усяго еўрапейскага рэфармацыйнага руху.

Свой зварот да друкаванага слова асветнік растлумачыў нясцерпным жаданнем спыніць распаўсюджанне «хлуслівых вучэнняў», «злых рэчаў, якія перамаглі ў Хрыстовай Царкве». Яго «Катэхізіс» прывабліваў чытачоў як зместам, так і манерай выкладання матэрыялу, выключнай логікай разважанняў і пераканаўчасцю доказаў. Апрача «Прысвячэння князям Радзівілам», напісанага ў сааўтарстве з М. Кавячынскім і Л. Крышкоўскім, «Прадмовы да чытача» і «Пасляслоўя» выданне С. Буднага мела чатыры асноўныя раздзелы: «Аб дзесяці запаведзях Божых», «Аб веры», «Пра малітву Госпада», «Аб Святых Тайнах». Гэткі парадак раздзелаў знешне паўтараў вядомы «Вялікі Катэхізіс» 1529 г. Марціна Лютэра. Але «Катэхізіс», што выйшаў з-пад пяра беларускага пісьменніка, — гэта не пераклад і не плагіят, а бясспрэчна арыгінальны твор, вынік уласнай творчасці беларускага пісьменніка і філосафа.

Літаральна праз тры месяцы пасля з'яўлення «Катэхізіса», 11 кастрычніка 1562 г., з Нясвіжскай друкарні выйшаў новы твор С. Буднага на старабеларускай мове — «Апраўданне грэшнага чалавека перад Богам». У «Пасляслоўі» да яго адзначалася: «Доконана ест сия книга о Оправдании... 1562, октября 11 дня на городе Несвижском, вытеснена накладом благочестивых мужей Матвея Кавечинского, Лаврентия Крышковского и Симона Будного». Кніга прысвячалася тагачаснаму земскаму падскарбію Вялікага княства Літоўскага, вядомаму дзяржаўнаму дзеячу Астафію Валовічу, бо менавіта ён выдаткаваў значную суму грошай на пабудову Нясвіжскай друкарні і забеспячэнне яе ўсім неабходным.

На жаль, да цяперашняга часу не захавалася ніводнага экземпляра «Апраўдання» С. Буднага, хоць яшчэ ў XIX ст. яго бачылі даследчыкі мінуўшчыны. Твор жа гэты, напэўна, не менш унікальны, чым «Катэхізіс». Невыпадкова супраць яго выступіў пісьменнік-палеміст XVI ст., сучаснік С. Буднага, Арцемій, які ўцёк ад ганенняў з Маскоўскага княства і спыніўся ў маёнтку Юрыя Слуцкага.

Жывучы ў Клецку, С. Будны пачаў наладжваць непасрэдныя кантакты з дзеячамі заходнееўрапейскай Рэфармацыі. Публічная дыскусія пачатку 60-х гадоў XVI ст. паміж клецкімі, нясвіжскімі, віленскімі і малапалянскімі пратэстантамі, прысвечаная досыць складанаму тэалагічнаму пытанню пра зыходжанне Святога Духа, падштурхнула С. Буднага да напісання твора «Аб зыходжанні Святога Духа». Беларускі пісьменнік, жадаючы пачуць мерка ванні знаных еўрапейскіх тэарэтыкаў Рэфармацыі, паслаў падрыхтаваны на лаціне багаслоўскі трактат у Цюрых Генрыху Булінгеру. Суправаджальны ліст С. Буднага да лідэра швейцарскай Рэфармацыі таксама надзвычай цікавы. У ім паведамлялася пра поспехі новага вучэння ў Вялікім княстве Літоўскім, ухвалялася дзейнасць мецэната Мікалая Радзівіла, якому, дарэчы, Булінгер таксама прысвячаў свае творы. С. Будны пісаў славутаму вучонаму пра цяжкасці, з якімі сутыкаліся беларускія пратэстанты, асуджаў уціск з боку Каталіцкага касцёла і Праваслаўнай царквы, а таксама перашкоды, якія чынілі яму прыхільнікі паганства.

Прыкладна ў сярэдзіне 1563 г. тэалагічныя погляды С. Буднага радыкальна змяніліся. Ён перайшоў на бок антытрынітарыяў і пачаў вызнаваць адзінага Бога, адмовіўшыся ад догмата Тройцы. Светапоглядныя зрухі асветніка знайшлі адлюстраванне ўжо ў польскамоўным выданні «Катэхізіса» (Нясвіж, 1563—1564), у якім ён змясціў асобныя раздзелы з крытыкай абаронцаў ідэі траістасці Бога і аргументы супраць іхняй дактрыны Абсалюта (Бога).

Неўзабаве пасля выхаду з друку «Катэхізіса» на польскай мове і публічных антытрынітарных выступленняў клецкага катэхізіста праваслаўныя і каталіцкія дзеячы абвінавацілі яго ў сувязях са «старазаконнікамі», ці, інакш, «старазапаветнікамі», вучэнне якіх з'яўлялася мадыфікацыяй юдаізму. Але гэта быў несправядлівы папрок, наўмысная хлусня праціўнікаў. Погляды С. Буднага і іншых беларускіх антытрынітарыяў сапраўды ў некаторых другасных момантах супадалі з вучэннем «старазапаветнікаў», у стаўленні да абразоў, малітваў да святых і ў адносінах да некаторых іншых догматаў. Аднак яны разыходзіліся ў галоўным: С. Будны і ўсе антытрынітарыі ў адрозненне ад «старазапаветнікаў» ніколі не выракаліся хрысціянскага вучэння; яны верылі ў выратавальную місію Сына Божага, лічылі Законам Божым не толькі Стары, але і Новы Запавет. Між імі існаваў непераадольны бар'ер: тэалагічная і этычная дактрына антытрынітарыяў — гэта толькі адметны кірунак хрысціянства, у той час як вучэнне «старазапаветнікаў» — не што іншае, як абноўлены юдаізм.

Каб адмежавацца ад юдаізму і развеяць усялякія сумненні сучаснікаў у дачыненнях са «старазапаветнікамі», С. Будны ўзяўся за пераклад на польскую мову твора раннехрысціянскага апалагета Юстына «Размовы святога Юстына, філосафа і пакутніка, з Трыфанам жыдам», у якім якраз выкрывалася юдзейскае вучэнне, паказваліся «перавагі» над ім хрысціянскай дактрыны.

16 кастрычніка 1564 г. «Размовы» Юстына былі надрукаваны С. Будным у Нясвіжскай друкарні. У сваёй «Прадмове» перакладчык яшчэ раз падкрэсліў адмоўнае стаўленне да юдаізму і выклаў уласнае разуменне сутнасці Хрыстовай навукі. Гэта быў вычарпальны і годны адказ на неабгрунтаваную крытыку яго ідэйных праціўнікаў.

У Клецку С. Будны працягваў самаадукацыю. Ён набываў для сваёй бібліятэкі кнігі заходнееўрапейскіх аўтараў, захоплена аналізаваў творы грэчаскіх і лацінскіх апалагетаў хрысціянства, асабліва шануючы Тамаша Аквінскага. Пасля выдання польскамоўнай Брэсцкай Бібліі 1563 г. беларускім асветнікам авалодала ідэя зрабіць новы, больш дасканалы пераклад Святога Пісання і выправіць нарэшце хібы, якія з розных прычынаў трапілі ў яго на працягу некалькіх стагоддзяў. У здзяйсненні гэтай грандыёзнай задумы С. Будны натуральна разлічваў на матэрыяльную падтрымку М. Радзівіла, які не толькі быў сталым фундатарам і арганізатарам кнігавыдавецкай справы, але і сам някепска валодаў пяром, выступаў як пісьменнік-публіцыст і таму, як ніхто іншы, мог ацаніць нялёгкую працу творцы і вучонага.

Аднак ажыццявіць свой план перакладу Бібліі ў клецканясвіжскі перыяд С. Буднаму не ўдалося. У 1565 г. памёр Мікалай Радзівіл Чорны. С. Будны, як і ўвесь рэфармацыйны рух Беларусь пазбавіўся сваёй галоўнай апоры. Неспадзяваныя жыццёвыя абставіны прымусілі беларускага гуманіста таксама шукаць новы, прыдатны для творчасці прытулак. Час няпэўнасці, на шчасце, быў кароткі: дзесьці ў канцы 1565 ці на самым пачатку 1566 г. яго запрасіла ў Хоўхлава Ганна Кішчына, віцебская ваяводзіна, кіраўніком, або, як тады казалі пратэстанты, міністрам тамашняга арыянскага збору. У жыцці асветніка пачаўся новы перыяд.

Упэўнены ў сваіх ведах і здольнасцях таленавіты прапаведнік нарэшце апантана ўзяўся за сталую працу над уласным перакладам Бібліі і апокрыфаў на старазапаветныя і новазапаветныя тэмы, адначасна навукова асэнсоўваючы гэтыя творы. Ён меў намер самастойна, без непасрэднага творчага супрацоўніцтва з іншымі перакладчыкамі справіцца з вырашэннем найскладанейшай задачы. I ўжо на сінодзе 1568 г. у Іўі С. Будны не без радасці паведамляў прысутным пра пэўныя поспехі сваіх безупынных перакладчыцкіх заняткаў.

У час знаходжання ў Хоўхлаве С.Будны адхіляўся ад працы над перакладам бадай толькі для ўдзелу ў сінодах. Так, вядома, што ён браў удзел у рабоце арыянскіх сінодаў у Венграве (1566,

снежань 1567) і Скрыне (чэрвень 1567), на якіх выступіў з абвяржэннем тэорыі спрадвечнага існавання Хрыста, а на вядомым сінодзе 1568 г. у Іўі С. Будны выступаў літаральна па кожным з пытанняў, вакол якіх узнікалі дыскусіі.

У сакавіку 1569 г. С. Будны прыехаў на чарговы, вельмі прадстаўнічы пратэстанцкі сінод, што праходзіў у Бельжыцах. Сярод 24 слухачоў-арыянаў, якія ўдзельнічалі ў працы гэтага сінода, названы і Васіль Цяпінскі, аднадумец С. Буднага, яго блізкі і надзейны сябра. На сінодзе ў Бельжыцах пры найактыўнейшым удзеле С. Буднага абмяркоўвалася каля 40 пытанняў, сярод якіх — аб школе для хрысціянскіх дзетак, пра навуку для простага люду, пра купцоў і спекулянтаў, аптэкараў і лекараў, зборавых рамеснікаў, хрысціянскіх слугаў, абавязкі паноў, падаткі і мыта і інш. Вынікам удзелу С. Буднага ў хрысталагічных дыскусіях на ўсіх сінодах 1566—1569 гг. было з'яўленне каля 1569 г. яго твора «Аб зачацці Сына Божага», які, на жаль, не захаваўся да нашых дзён.

У 1570 г. С. Будны зноў быў вымушаны перапыніць сваю перакладчыцкую працу, каб адказаць П. Гоняду, які абвінаваціў яго ў «эбіонскай ерасі». Імкнучыся грунтоўна абвергнуць довады апанента, С. Будны ў чэрвені 1570 г. надрукаваў у Брэсцкай друкарні на сродкі А. Валовіча невялікую брашуру на лаціне «Аб асноўных догматах веры». Дзесьці ў канцы 1570 г., прыкладна пасля пяці гадоў руплівай працы, С. Будны нарэшце надрукаваў у Нясвіжскай друкарні Даніэля з Лэнчыцы пад адной вокладкай пераклад Новага Запавету і апокрыфаў. Кніга выйшла накладам нясвіжскага старасты Мацвея Кавячынскага і адразу стала найбуйнейшай з'явай духоўнага жыцця 70-х гадоў XVI ст. у краіне.

Каля 1571 г. С. Будны з невядомых сёння прычын пакінуў Хоўхлава і пераехаў у Заслаўе да менскага кашталяна Яна Глябовіча. У Заслаўі С. Будны пражыў каля двух гадоў. Тут у чэрвені 1572 г. асветнік скончыў працу над перакладам кніг Старога Запавету, якія неўзабаве разам з перапрацаваным Новым Запаветам і «Прадмоваю да чытача» былі надрукаваны Д. Лэнчыцкім, няйнакш, ва Уздзе, куды Гектар і Альбрэхт Кавячынскія пасля смерці брата Мацвея перавезлі колішнюю Нясвіжскую друкарню, што стала іхняй уласнасцю.

Залатою парою ў творчасці С. Буднага стаў перыяд з 1573 па 1583 г., калі ён жыў у Лоску ў доме вядомага беларускага магната, прыхільніка арыянаў Яна Кішкі. Той прыдбаў у братоў Кавячынскіх друкарню, запрасіўшы да сябе і яе кіраўніка Д. Лэнчыцкага. У Лоску С. Будны знайшоў выключна спрыяльныя ўмовы для плённай працы. Не губляючы часу, ён неадкладна прыступіў да выпраўлення сапсаванага Кавячынскімі перакладу Новага Запавету і ўжо літаральна праз год надрукаваў яго ў Лоску, напісаўшы «Эпіграму на герб Яна Кішкі» і грунтоўную «Прадмову да чытача».

Пасля з'яўлення Новага Запавету 1574 г. імя С. Буднага набыло яшчэ большую папулярнасць у краінах Заходняй Еўропы — Англіі, Францыі, Германіі; з ім імкнуліся завесці знаёмства, пачуць ягоныя меркаванні па тых ці іншых праблемах. Красамоўнае сведчанне шырокай вядомасці беларускага пісьменніка — яго перапіска з англійскім гісторыкам Ёганам Фоксам. Да нашых дзён захаваўся «Ліст» Буднага да яго ад 4 мая 1574 г., які цяпер захоўваецца ў Оксфардскай бібліятэцы.

У С. Буднага, вядома, з'явіліся не толькі новыя сябры і шчырыя хаўруснікі, але і новыя апаненты, да ліку якіх належаў цюрыхскі багаслоў Сімлер. Так, напрыклад, па выхадзе ў свет кнігі С. Буднага «Аб дзвюх прыродах Хрыста» (Лоск, 1574) Сімлер выступіў з вострай крытыкай яе ў сваім творы «Абвяшчэнне праўдзівага вучэння аб дзвюх прыродах Хрыста» (1575). Хрысталагічныя ідэі С. Буднага, выказаныя ім у творы «Кароткі доказ таго, што Хрыстос не з'яўляецца такім жа Богам, як Бог Айцец» (1574), раскрытыкаваў другі апанент беларускага асветніка Ян Віганд у кнізе «Туман арыянскай ерасі».

У 1572—1576 гг. С. Будны прымаў удзел у палітычных дзеях, што адбываліся ў беларускім грамадстве ў перыяд жыцця Вялiкага княства Літоўскага без манархаў. Пасля смерці ў 1572 г. вялікага князя Жыгімонта Аўгуста ён, няйнакш, далучыўся да палітычнай партыі, якая выступала супраць абрання на велікакняскі пасад француза Генрыха Валуа, пра што ўскосна сведчыць яго пераклад на польскую мову твора Эрнеста Варамунда Фрыза «Аб фурыях альбо французскім шаленстве» (Лоск, 1576), які быў скіраваны супраць французскіх уладаў.

У жніўні 1576 г. С. Будны надрукаваў у Лоску на польскай мове свой найважнейшы тэалагічны трактат «Аб асноўных артыкулах хрысціянскай веры». Твор складаўся з дзвюх частак — «Вызнання веры» і «Абароны вызнання веры». Да кожнай з іх былі напісаны асобныя прадмовы, дзе раскрывалася гісторыя іх узнікнення.

Так, ідэя стварэння «Вызнання веры» зарадзілася ў беларускага асветніка ў час арыянскага сінода, што адбываўся, напэўна, у Вільні ў 1573 г. Пасля ягонага выступленя прысутныя там браты якраз і параілі лоскаму міністру пісьмова сфармуляваць выказаныя ім думкі, што ён неўзабаве і зрабіў, вярнуўшыся ў Лоск.

Задума напісаць «Абарону» да «Вызнання веры» ўзнікла ў С. Буднага пазней, недзе ў канцы 1575 г., пасля новых палемічных выпадаў у яго адрас Пятра Гоняда, Сімлера, Мацвея Бжазоўскага, Яна Віснёўскага, Гераніма Занхіуса, Станіслава Фарноўскага і Марціна Чаховіца.

Пасля выхаду ў свет кнігі «Аб аcноўных артыкулах хрысціянскай веры» палеміка не толькі не прыпынілася, а наадварот — яшчэ больш узмацнілася. Асабліва з'едліва С. Буднага крытыкавалі П. Скарга і Я. Віганд. Апошні адгукнуўся на новы твор беларускага пісьменніка кнігай «Аб Ісусе Хрысце» (1576). На працягу некалькіх наступных дзесяцігоддзяў трактат С. Буднага «Аб асноўных артыкулах хрысціянскай веры» заставаўся ў цэнтры рэфармацыйнай палемікі. 3 яго высновамі дыскутавалі Станіслаў Астроўскі ў кнізе «Аб спрадвечнай боскасці Ісуса Хрыста» (1588) і Марцін Сміглецкі ў творы з гэткай жа назваю, што выйшаў з Віленскай езуіцкай друкарні ў 1595 г.

У 70-я гады XVI ст., калі на землях Вялікага княства Літоўскага і Польшчы пачаўся працэс выпрацоўкі дзяржаўна-палітычнай і этычнай дактрыны пратэстанцтва, між прадстаўнікамі розных яго накірункаў узнікалі вострыя дыскусіі, найперш па пытаннях аб прызначэнні дзяржавы, сутнасці ўрада, абавязках урадоўцаў. Свой погляд на гэтыя надзённыя пытанні часу С. Будны выказаў у творы «Абвяржэнне Чаховіца, які лічыць, што хрысціяніну нельга займаць дзяржаўную пасаду». Пасля апублікавання твора ў адрас беларускага асветніка з боку так званых анархістаў — Якуба з Калінаўкі, Пятра Гоняда, Яна Немаеўскага, Паўла з Візны і інш. — нібы град пасыпаліся надзвычай рэзкія абвінавачанні.

С. Будны, аднак, займаў і далей цвёрдую пазіцыю і пры кожным зручным моманце даказваў неабходнасць урада. У 1577 г. ён прымае чынны ўдзел у падрыхтоўцы перавыдання кнігі Анджэя Фрыча-Маджэўскага «Аб выпраўленні дзяржавы», у якой якраз прыводзіліся шматлікія гістарычныя і лагічныя аргументы ў абарону ўрада і пацвярджалася права хрысціяніна займаць свецкія пасады.

У студзені 1581 г. С. Будны склікаў у Лоску пратэстанцкі сінод Вялікага княства і зноў вынес на яго абмеркаванне пытанне пра ўладу. Калі прыйшоў час галасавання, увесь сінод, за выключэннем двух чалавек, пайшоў следам за сваім духоўным лідэрам і выказаўся ў абарону ўрада.

Наступны агульны антытрынітарны сінод С. Буднаму ўдалося склікаць у сакавіку 1582 г. (праходзіў у Любчы). Спрэчкі доўжыліся два дні. Ідэйныя ворагі лоскага міністра, імкнучыся ўхі ліцца ад абмеркавання пытання пра ўрад, здолелі навязаць Любчанскаму сіноду другасную на той момант дыскусію пра Сына Божага. «Яны, — пісаў пазней С. Будны, — гвалтам прымусілі нас да тае размовы, паставіўшы ўмову: калі мы не захочам гаварыць аб Сыне Божым, то яны адмовяцца весці гутарку пра ўрад».

Праціўнікі С. Буднага скарысталі яго неаднаразовыя пратэсты супраць абмеркавання на сінодзе тэалагічных пытанняў дзеля сваіх карыслівых мэтаў; яны ўзвялі на лоскага міністра паклёп, нібыта ён абвяргае ў сваіх казаннях боскасць Хрыста, а на сінодзе не хоча пра гэта гаварыць. На наступным Луцлавіцкім сінодзе, які адбыўся ў траўні 1582 г., апаненты адлучылі яго ад збору. Ян Кішка, напэўна, не надта разумеючы прыроду разыходжанняў асветніка з аднаверцамі, калі даведаўся пра рашэнне сінода, пазбавіў С. Буднага месца міністра ў Лоску і адмовіў яму ў далейшай падтрымцы. Здарылася найвялікшая несправядлівасць: С. Буднага палічылі за ворага і выгналі са сваіх шэрагаў. Гэта была трагічная памылка, што сведчыла пра глыбокі ідэйны і арганізацыйны крызіс тагачаснага рэфармацыйнага руху ў Беларусь

Пацярпеўшы няўдачу, С. Будны ўсё ж не пакінуў арэны зма-гання. Ён зноў узяўся за пяро і пачаў дзейнічаць праверанымі сродкамі. За кароткі тэрмін пры матэрыяльнай дапамозе шляхціца Аляксандра Хамутоўскага асветнік напісаў бліскучыя публіцыстычныя трактаты на польскай мове «Вызнанне аб урадзе і ўрадоўцах» і «Абарону ўрада», якія склалі аснову яго кнігі «Aб свецкай уладзе». Яна выйшла ў студзені 1583 г. з Лоскай друкарні з дазволу яе фундатара Я. Кішкі, які, няйнакш, пашкадаваў свайго былога духоўнага настаўніка і выканаў яго апошнюю просьбу. Кніга была надрукавана коштам любельскага падчашага, вядомага арыянскага дзеяча Крыштофа Ласоты. Якраз на ягоны герб С.Будны і паплечнік беларускага асветніка Ф. Даманоўскі напісалі два панегірычныя вершы на лаціне.

Трагічныя падзеі 80-х гадоў XVI ст. пазбавілі С. Буднага душэўнай раўнавагі, назаўсёды выбілі яго са звыклай жыццёвай каляіны. Каля 1583 г. ён пакідае Лоск і, напэўна, накіроўваецца ў Іўе, дзе дзейнічала арыянская акадэмія. Асветнік, мусіць, зноў паспрабаваў знайсці сябе на педагагічнай ніве. Ускосным доказам знаходжання С. Буднага ў Іўі з'яўляецца вядомы факт яго супрацоўніцтва з рэктарам Іўеўскай акадэміі Янам Ліцыніем Намыслоўскім, на падручнік якога ён у 1589 г. напісаў панегірычны верш.

У канцы 80-х гадоў XVI ст. С. Будны разам з Ф. Даманоўскім удзельнічаў у дыспуце з полацкімі езуітамі, пра што ёсць паведамленне ў кнізе «Апісанне Наваградскага дыспута 1594 г.»

Жыццёвы шлях славутага асветніка Беларусі, чалавека універсальных ведаў - таленавітага пісьменніка, прапаведніка і перакладчыка завяршыўся 13 студзеня 1593 г. у Вішневе, у доме шляхціца-пратэстанта Лявона Моклака.

С. Будны валодаў унікальным талентам палеміста і празаіка. Аб яго ўласна пісьменніцкіх здольнасцях яскрава сведчаць празаічны твор «Апісанне сінода ў Іўі 1568 г.», «Ліст да Сеньёра» (1581), «Ліст да Крыштофа Ласоты» (1583), а таксама панарамныя эпічныя ўстаўкі і сюжэтныя аповеды ў складзе філасофска-публіцыстычных трактатаў і дыдактычна-павучальных твораў.

Літаратурнаму стылю С. Буднага ўласцівыя канцэптуальная строгасць, карэктнасць, багацце разнастайных паведамленняў і гістарычных звестак. Найбольш істотная асаблівасць паэтыкі белетрызаваных твораў С. Буднага — энцыклапедычная паўната і дакладнасць апавяданняў, выверанасць характарыстык і ўвага да дэталяў. Так, С. Будны вельмі падрабязна піша пра месца, матывы і акалічнасці правядзення сінода 1568 г., фіксуе дакладныя даты і часавую працягласць дыспутаў, паслядоўна пералічвае пытанні і праблемы, што абмяркоўваліся на тым сінодзе. Панарамнае апісанне трагічных падзей у Германіі, якое суправаджаецца эмацыйнымі ацэнкамі пісьменніка, утрымлівала дакладныя звесткі пра колькасць забітых: «Вялікае зло чынілі і не па-хрысціянску паводзілі сябе, — пісаў ён, — халопы Германіі, калі ў 1525 годзе паўсталі супраць паноў. Аднак Бог не спрыяў ім: у розных бітвах загінула каля 100 тысяч сялян».

Сярод персанажаў белетрыстычных твораў С. Буднага найбольш ярка прадстаўлены яго сучаснікі — аднадумцы і апаненты, якіх ён добра ведаў, з якімі неаднаразова сустракаўся і дыскутаваў: Якуб з Калінаўкі, Павел з Візны, Пётр Гоняд, Марцін Чаховіц. Вельмі часта пісьменнік расказвае пра знакамітых папярэднікаў — філосафаў, пісьменнікаў, духоўных асоб, дзяржаўных дзеячаў - Арыстоцеля, Платона, Цыцэрона, Аляксандра Македонскага. Ствараючы яркія мастацкія вобразы, С. Будны, як правіла, паведамляе пра сацыяльны статус герояў, падае біяграфічныя звесткі, усебакова раскрывае іх сацыяльныя і рэлігійныя погляды, характарызуе найбольш значныя ўчынкі, выказвае ўласнае стаўленне да гістарычных асоб. Так, С. Будны надзвычай каларытна апісвае пакутлівую смерць Яна Гуса, які быў спалены на кастры акурат за погляды. Аўтар пры гэтым не хавае ўласных эмоцый, абураецца жорсткасцю і несправядлівасцю прысуду.

Важным кампанентам белетрызаваных твораў С. Буднага з'яўляюцца дыялогі, якія вельмі часта аб'ёмныя паводле памераў. Найбольш адметная рыса дыялогаў у творах С. Буднага — выключная інтэлектуальная насычанасць. Героі абмяркоўваюць ключавыя грамадска-палітычныя і філасофскія праблемы, імкнуцца прадставіць вычарпальныя доказы ў абарону сваіх поглядаў, пераканаўча аспрэчыць пазіцыі апанентаў. На ўсіх стылёвых узроўнях белетрызаваных твораў беларускага пісьменніка, дзе пераважала дыялагічная форма, вельмі адчувальны ўплыў філасофскіх «Дыялогаў» Платона.

Рацыянальная дамінанта дыялогаў С. Буднага арганічна спалучалася з эмацыйнасцю, духоўнай напружанасцю і ўзрушанасцю, што дасягалася праз шырокае выкарыстанне пісьменнікам рытарычных пытанняў, яркіх параўнанняў, выслоўяў, метафар і сімвалаў. Прыкладам, Павел з Візны, выступаючы ў абарону правоў падданых і «нявольнай чэлядзі», страсна прамаўляў: «Ці ж цяпер у нас не так робіцца? Ці ж не працуюць падданыя на сваіх паноў без перапынку і без спачыну ў нас у Літве і ў Польшчы? Ці не плоцяць цяжкіх падаткаў? Самі бедакі мякіну ядуць, нібы свінні, а зерне на чынш, на сярэбшчыну ды іншыя паборы і выплаты мусяць аддаваць». Аўтарская пазіцыя ў дыялогах выяўлялася пераважна ў форме дыдактычных сентэнцыяў. Так, асуджаючы тыранію і знявагу гаспадарамі падданых, С. Будны павучаў свайго апанента: «Наш абавязак, калі здзек адбываецца на нашых вачах — не маўчаць, а заклікаць не чьшіць тыраніі. А дзе яна ўсё роўна працягвае заставацца, то, нагадаўшы тырану адзін раз, другі, трэці — пакінуць яго і не есці ягонага хлеба. Бо таго, хто будзе маўчаць тырану або спрыяць яму, несумненна пакарае Госпад Бог».

У творах С. Буднага вельмі шырокі дыяпазон моўных і літаратурна-выяўленчых сродкаў. Мова твораў С. Буднага надзвычай дасканалая і апрацаваная. Для яе характэрна багацце сінанімічных радоў, трапныя азначэнні, вобразнасць. Пісьменнік вельмі часта ўжываў экспрэсіўна афарбаваную лексіку. Напрыклад, абавязак каталіцкіх святароў не жаніцца С. Будны называе «блудам»: «Прото блудят в том иноци, яко домнимають, абы их девство вышшая реч пред Богом была, нежели оженение». С. Будны знаходзіў адметныя метафары, цікавыя параўнанні. Так, няпросты шлях навучання, набыцця ведаў ён параўноўваў з працай пчалы. Пісьменнік актыўна звяртаўся да народна-паэтычных

вобразаў і сімвалаў — «вужа», «голуба», «кубка», «мутнай вады», «каменя», творча выкарыстоўваў сюжэты іудзейскай, грэчаскай і рымскай міфалогій.

С. Будны напісаў некалькі панегірычных вершаў. У паэтычных «эпікграмах» на гербы беларускіх магнатаў паэт вытрымаў усе каноны эмблематычнай паэзіі, існуючыя ў заходнееўрапейскіх літаратурах. Так, у «эпікграме» на герб Дарагастайскіх, ва ўступнай частцы, паэт стварыў карціну непаўторнага зіхцення месяца, са святлом якога ён параўноўваў учынкі сваіх апекуноў. Дзякуючы менавіта С. Буднаму «эпікграмы» на гербы сталі неад'емнай рысай літаратуры Беларусі. Яго паэтычныя традыцыі, але ўжо на беларускай мове, пазней прадоўжылі паэты А. Рымша, Л. Мамоніч і М. Сматрыцкі.

С. Будны найбольш поўна выявіўся як пісьменнік-публіцыст. Яго творчасць мела выразную гуманістычную і сацыяльную скіраванасць. Галоўнае месца на старонках твораў займала этычная праблематыка, сістэма каштоўнасцяў і духоўных арыенціраў чалавека. Зыходны момант этыкі С. Буднага - адрозненне найвышэйшых маральных законаў, дадзеных Богам у 10 запаведзях Майсея, а затым паўтораных Ісусам Хрыстом, ад законаў, устаноўленых самімі людзьмі. Божыя законы, сцвярджаў гуманіст, у параўнанні з чалавечымі найбольш дасканалыя, бо прадугледжваюць пакаранне не толькі за злачынныя справы, але і за благія намеры. У «Катэхізісе» 1562 г. ён падрабязна вытлумачыў сэнс кожнай запаведзі і паказаў, што тых, хто не выконвае іх, чакае жорсткае пакаранне. Як сапраўдны гуманіст, С. Будны крытыкаваў пралюбадзействы, блюзнерскія ўчынкі, заклікаў да пашаны бацькоў і старэйшых.

У сваіх публіцыстычных творах С. Будны неаднаразова звяртаўся да палітыка-прававых праблем: аптымальнай арганізацыі жыцця грамадства, функцыянавання дзяржавы і ўрадавых структур, узаемадачыненняў розных станаў, адносін да прыватнай уласнасці.

С. Будны ў першую чаргу выступаў супраць несправядлівых войнаў. «Не кажной войны, — пісаў ён, — христианин служити можеть. Бо часом война бываеть не праведная. Яко коли тыран или мучитель какый гордый не переставаючи на своем паньстве, чужие городы, княства или земли силою забираеть, таковое войны служити христианину не годиться, бо таковая война ест разбой. Опять, справедливая война ест — коли не для гордости, не для лакомства, але для обороны пределов своих король или князь оружие противу врагом своим береть».

Імкнучыся дасягнуць сацыяльнай справядлівасці і грамадскай гармоніі, С. Будны выказаў шэраг арыгінальных ідэй і прапаноў, накіраваных на ўрэгуляванне ўзаемадачыненняў паміж беднымі і багатымі. Ён найперш адкінуў вучэнне камуністаў XVI ст. — Якуба з Калінаўкі, Пятра Гоняда, Марціна Чаховіца і інш., якія заклікалі да зліквідавання прыватнай уласнасці і патрабавалі ўсеагульнай роўнасці. Пазнаёміўшыся з асноўнымі тэзісамі іхняга вучэння, беларускі аналітык заявіў пра яго гістарычную неперспектыўнасць і прапанаваў уласную мадэль развіцця грамадства, а таксама аптымальны механізм яго рэгулявання, які прадугледжваў мірнае суіснаванне розных станаў.

У «Катэхізісе» і «Апісанні Іўеўскага сінода 1568 г.» С. Будны паказваў непазбежнасць сацыяльнай іерархіі ў грамадстве, сцвярджаючы, што ні Хрыстос, ні апосталы ніколі не патрабавалі знішчэння багатых і прыватнай уласнасці. Кожны чалавек, падкрэсліваў ён, можа мець маёмасць любых памераў, абы яна набывалася сумленным шляхам.

Гарачыя спрэчкі С. Будны вёў з ваяўнічымі камуністамі XVI ст. вакол пытання аб тым, ці можа хрысціянін мець падданых і нявольную чэлядзь. Яго апаненты, не прызнаючы аніякіх кампрамісаў, катэгарычна сцвярджалі, што падзел грамадства на гаспадароў і падданых цалкам супярэчыць Хрыстовай навуцы, несумяшчальны з хрысціянскай мараллю. Настойваючы на неабходнасці радыкальных рэформаў, яны патрабавалі ад князёў і шляхты, што мелі падданых, неадкладна вызваліць іх.

С. Будны ў процівагу тэарэтыкам радыкальнага накірунку прапанаваў не зліквідаванне гаспадароў і падданых, а памяркоўны шлях удасканалення ўзаемадачыненняў між імі, вызначыў іх абавязкі і правы. Так, згодна з яго тэорыяй, гаспадары ні пры якіх абставінах не павінны біць сваіх падданых, пазбаўляць іх неабходных для жыцця рэчаў, патрабаваць больш падаткаў, чым прадугледжана законам. Яны мусяць адкрываць для падданых навучальныя ўстановы, будаваць бажніцы, справядліва судзіць, вучыць на свае сродкі і аберагаць ад паганскіх ды эпікурэйскіх уплываў. У сваю чаргу падданыя павінны маліцца за сваіх гаспадароў, дапамагаць ім ва ўсіх справах, ніколі не казаць і нават не думаць пра іх кепскага, шанаваць іх, заўсёды жадаць толькі дабра, без абурэння плаціць падаткі, выконваць усе распараджэнні і загады, за выключэннем тых, што скіраваныя супраць Бога. Беларускі асветнік рэзка крытыкаваў тых падданых, якія, абурыўшыся сваім становішчам, паўставалі са зброяй у руках супраць гаспадароў.

Вастрыню і небывалы драматызм спрэчкам аб гаспадарах і падданых надавала тое, што акурат у 70—80-я гады XVI ст. пачаўся перагляд шэрагу артыкулаў асноўнага праўнага кодэкса — Статута Вялікага княства Літоўскага. Тэарэтычныя дыскусіі пе-раходзілі ў плоскасць практычных дзеянняў, яны ўплывалі на змест новай рэдакцыі Статута. С. Будны, адчуваючы глыбокую асабістую адказнасць перад гісторыяй і народам, сцвярджаў, што ўсялякія ідэі, калі яны разбуральныя, належыць адкінуць як шкодныя і праціўныя Хрыстовай навуцы.

На старонках сваіх твораў С. Будны неаднаразова ўздымаў голас супраць грамадска-палітычнай дактрыны велікакняскіх і польскіх анархістаў — Паўла з Візны, Яна Немаеўскага, Пятра Гоняда і інш., што патрабавалі знішчэння дзяржавы і ўсіх урадавых структур — суда, войска, канцылярыі, цэнтральнай і мясцовай адміністрацыі. Беларускі пісьменнік-публіцыст сфармуляваў 15 аргументаў у абарону ўрада і дзяржавы, бліскуча пацвердзіўшы думку, што кожны хрысціянін можа займаць свецкую пасаду і, сумленна выконваючы свае абавязкі, прыносіць велізарную карысць усяму грамадству.

Погляды беларускага пісьменніка на ўрад падтрымалі многія дзяржаўныя дзеячы Беларусі і Польшчы — ваяводы, кашталяны, старасты і інш., незалежна ад іх веравызнання. Але яны чамусьці не абаранілі асветніка ад нападкаў Яна Немаеўскага і Каспара Вілкоўскага, а галоўнае — ад прысуду Венграўскага сінода 1584 г., які канчаткова асудзіў пазіцыю С. Буднага і тым самым пазбавіў яго апошняй надзеі прыйсці да згоды з братамі і разам пашыраць хрысціянскую навуку сярод славянскіх народаў.

Галоўнае месца ў грамадстве, паводле меркавання С. Буднага, павінны займаць настаўнікі і пастыры. Адстойваючы ідэю прыватнай пропаведзі, гуманіст падкрэсліваў, што кожны член збору можа быць настаўнікам, калі ён адчувае сваю здатнасць выконваць гэтую місію. Вельмі істотна, што С. Будны выступаў за ўжыванне роднай мовы ў набажэнстве і казаннях. Спасылаючыся на Божыя запаветы, асветнік канстатаваў: «Тако у том третием слове (запаведзі. — Аўт.) навчает нас, яко языка своего маем къ чти его вживати».

Асабліва палымяна С. Будны выступаў у абарону свабоды думкі і слова. Ён абураўся жорсткасцю і бесцырымоннасцю цэнзуры, што мела месца ў Каталіцкім касцёле і паступова ўводзілася ў пратэстанцкім зборы. Усялякае прыцясненне духу, прыніжэнне і падаўленне асобы гуманіст лічыў найвялікшым злом. Цэнзура, паводле яго вызначэння, — «ёсць не што іншае, як падаў ленне духу і панаванне чужой веры». Праціўнік усялякіх крайнасцяў, залішняй ідэйнай нецярпімасці і радыкалізму, С. Будны раіў кіравацца ў жыцці найчасцей прынцыпам «залатой сярэдзіны», шукаць грамадскай згоды, яднацца дзеля пераадолення цяжкасцяў, заўжды адчуваючы пры гэтым прыгажосць быцця і гармонію Сусвету.

У сваіх творах беларускі пісьменнік-палеміст абараняў ідэі антрапацэнтрызму — уяўленні аб чалавеку як галоўнай каштоўнасці на Зямлі, якому нібыта, згодна з Божай воляй, павінна падпарадкоўвацца ўсё жывое і нежывое. С. Будны шырока прапагандаваў ідэі крэяцыянізму — аднаактнага стварэння Госпадам Сусвету і першых людзей — Адама і Евы, якія быццам бы да саграшэння былі несмяротныя, праведныя, самаўладныя і ва ўсім падобныя да Бога. Асветнік падзяляў думку аб існаванні прыроджанага граху, лічачы, што ўжо немаўля — грэшнае, бо на яго пераходзіць грэх прабацькоў Адама і Евы.

С. Будны лічыў прыроду чалавека дваістай, сцвярджаючы, што чалавек складаецца з грэшнага, часова існуючага цела і вечнай, непадуладнай часу душы. Беларускі мысліцель, аднак, у адрозненне ад артадаксальных тэолагаў адмаўляў актыўнае замагільнае жыццё душаў, іх здольнасць умешвацца ў зямныя справы, уздзейнічаць на жывых людзей. Разам з тым С. Будны лічыў, што пасля смерці людзей душы не знікаюць бясследна, не раствараюцца ў касмічнай прасторы і не гінуць незваротна, яны толькі губляюць асобныя рысы, якія ім былі ўласцівыя пры жыцці чалавека. Душы, паводле яго вучэння, пакінуўшы цела, накіроўваюцца ў пэўнае месца — «інфернус», пра якое людзям не дадзена нічога ведаць, і там яны знаходзяцца ў нязменным спакоі, як быццам бы спяць. Час іх абуджэння наступіць, калі Сын Божы ў другі раз прыйдзе на Зямлю, каб судзіць жывых і мёртвых за нежаданне людзей выправіцца ды жыць у адпаведнасці з Божымі законамі.

С. Будны палымяна заклікаў, каб кожны чалавек, жывучы з Божым страхам у душы, заўжды памятаў пра надыход Суднага дня, усе свае ўчынкі ўзгадняў з Хрыстовымі запаведзямі, ні пры якіх акалічнасцях не апускаў рукі, не губляў надзеі на выратаванне, не бавіў час у адчаі і роспачы, а вызнаваў сапраўдную веру, чыніў добрыя справы, што і з'яўляецца галоўнай умовай набыцця Нябеснага Царства і вечнага жыцця. Думка пра непазбежнае пакаранне чалавека за зямныя грахі займала ў вучэнні беларускага мысліцеля дамінуючае месца.

Аналітычныя трактаты С. Буднага перапоўненыя ўласна тэалагічнай праблематыкай. Выхаваны на рэнесансавых ідэях, ён катэгарычна не пагаджаўся з антрапамарфічнай тэорыяй Абсалюта (Бога), паводле якой Усявышні персаніфікаваўся, упадабляўся людзям. Будны паўстаў супраць вучэння аб тым, што адзіным сапраўдным Богам з'яўляецца непадзельная Тройца.

С. Будны шмат разоў звяртаўся да хрысталагічнай праблематыкі. Як і большасць тагачасных пісьменнікаў, ён лічыў, што Ісус Хрыстос з'явіўся на свет з Божае волі, каб выратаваць чалавечы род, які патануў у грахах. Аднак беларускі пісьменнік-публіцыст цалкам не пагаджаўся з разважаннямі гэтак званых «спрадвечнікаў», якія даводзілі, нібыта Ісус Хрыстос існаваў ужо да стварэння свету і побач з Айцом ствараў усё жывое і нежывое. Адметнасць хрысталогіі С. Буднага выявілася падчас асвятлення зямнога жыцця Ісуса Хрыста, а таксама пры раскрыцці сутнасці ўкрыжавання Сына Божага. Так, беларускі пісьменнік падкрэсліваў, што пакаранне смерцю Месіі менавіта Пілатам — прадстаўніком імператарскай ўлады — не выпадковае. Яно падкрэслівала невінаватасць, бязгрэшнасць укрыжаванага і чысціню ягоных намераў.

Значнае месца ў творчасці С. Буднага займала эклесіялагічная тэматыка. Новае прачытанне асветнікам Бібліі і пераасэнсаванне яе зместу стварылі перадумовы для перагляду ім традыцыйных поглядаў на Хрыстову Царкву. Услед за еўрапейскімі рэфарматарамі ён выступіў з крытыкай царкоўнай іерархіі, абсалютызаванай і абагатворанай улады Папы Рымскага. Адстойваючы гуманістычныя ідэі свабоды духу, індывідуальнай вартасці чалавека, унікальнасці кожнае асобы, С. Будны сцвярджаў, што ўсякі вернік можа размаўляць з Богам без пасрэднікаў.

На старонках сваіх твораў пісьменнік неаднаразова выказваў адмоўнае стаўленне да манастырскага жыцця, пустэльніцтва і скітніцтва. Крайнія формы аскетызму, як і прага непамерных багаццяў, супярэчыла, паводле яго слоў, сутнасці сапраўднай Хрыстовай Царквы. Але ў адрозненне ад радыкальных пратэстанцкіх ідэолагаў С. Будны бараніў правы хрысціянскіх збораў на прыватную ўласнасць, маёнткі і землі.

Для філасофска-публіцыстычных і дыдактычных твораў С. Буднага, асабліва пачатковага перыяду, уласцівы непрыхаваны дыдактызм і маралізаванне — рысы, характэрныя для ўсёй даўняй літаратуры Беларусі. У яго творах надзвычай моцны педагагічна-павучальны струмень, што дыктавалася творчымі і эстэтычнымі памкненнямі пісьменніка. Яго «Катэхізіс» (1562) мож на наогул лічыць узорным дапаможнікам, у якім арганічна спалучаўся навучальны матэрыял з выдатным літаратурна-мастацкім выкладам. Зварот пісьменніка ў «Катэхізісе» да формы кароткіх пытанняў і поўных адказаў несумненна сведчыць пра яго асветніцкія памкненні. С. Будны, як правіла, звяртаецца да чытача з прамымі сентэнцыямі, проста і даступна адказвае на шматлікія пытанні, што хвалявалі сучаснікаў: «Пытаньне: Што есь ты?

Отказ: Человек есть сотворенье Божие розумное, Богом по образу его сотворенное.

Пытаньне: Чого для Господь Бог тебе сотворил?

Отказ: Не для того абы без мене быти не мог, але абых его познал, любил, ему самому служил, а потом с ним на веки жил.

Пытаньне: Которое веры еси ты? Отказ: Христианьское веры.

ч Пытанье: Потому ты еси христианин?

Отказ: Потому яко во Христа верую и крестился есмь во имя его.

Пытанье: Што винен умети христианин?

Отказ: Чотыри речи умети, и водле того жити маеть: первая — закон або заповеди, другая — вызнанье веры, третья — молитва Господня, четвертая — Тайны Христовы».

Даступнасць выкладання, моўная-стылёвая адшліфаванасць сказаў і выразаў, лагічнасць і паслядоўнасць думак, дакладнасць фармулёвак — найбольш характэрныя рысы стылю С. Буднага. Кожная семантычная частка, што ўключала пытанні, аргументы, доказы, абвяржэнні і аспрэчанні, як правіла, завяршалася дыдактычнай высновай, рэкамендацыяй або пажаданнем. Напрыклад, шматсюжэтныя разважанні пра ўрад пісьменнік падсумоўвае наступнай павучальнай сентэнцыяй: «Прото, годиться христьянину урад держати, судити, добрих боронити, злых карата, не только на маетности, але и на горле, только бы справедливее». Дзякуючы шматбаковаму таленту пісьменніка, у якім арганічна спалучаліся глыбокі інтэлект і непаўторнае літаратурнае майстэрства, яго творы знаходзілі зацікаўлены водгук чытачоў, атрымлівалі шырокі розгалас у грамадстве.

С. Будны вядомы як бліскучы крытык і перакладчык. Ён грунтоўна і паслядоўна прааналізаваў творчую спадчыну антычных, а таксама знакамітых еўрапейскіх пісьменнікаў і філосафаў. На старонках яго твораў усебакова разглядаюцца шматлікія працы папярэднікаў і сучаснікаў, раскрываюцца іх сацыяльныя канцэпцыі і рэлігійныя дактрыны, робяцца аналітычныя і ацэначныя падсумаванні. С. Будны найбольш дэталёва прааналіза­ваў працы М. Лютэра, Э. Ратэрдамскага, Ж. Кальвіна, Г. Булінгера, раскрыў іх погляды, выявіў падыходы да розных праблем, рэканструяваў сістэму іх аргументаў і разважанняў.

Перакладчыцкі талент С. Буднага найбольш ярка выявіўся ў час працы над Святым Пiсаннем. Будны, як вядома, перакладаў Біблію на польскую мову, якая на той час, поруч са старабеларускай, царкоўнаславянскай і лацінскай, з'яўлялася адной з літаратурных моваў Беларусі. Мяркуючы паводле ўласных выказванняў С. Буднага і шматлікіх спасылак у тэксце Новага Запавету 1574 г., перакладчык карыстаўся самымі разнастайнымі папярэднімі выданнямі і рукапісамі Святога Пісання: лацінскімі, яўрэйскімі, грэчаскімі і рознымі славянскімі, а таксама шматлікімі творамі старажытных тэолагаў, якія хоць неяк закраналі ці цытавалі біблейныя тэксты. У час працы над Новым Запаветам ён абапіраўся на ранейшыя пераклады, зробленыя выдатнымі еўрапейскімі вучонымі: Ларэнцам Валам, Эразмам Ратэрдамскім, Марцінам Лютэрам, Себасцьянам Касталіёнам, Тэадорам Бэзам, Мікалаем Зэгерам. Са старажытных аўтараў С. Будны нязменна карыстаўся творамі Тэртуліяна, Эўсебія, Эпіфанія, Ераніма. Беларусi перакладчык меў пад рукой Біблію Ф. Скарыны, Брэсцкую Біблію 1563 г., пераклад Станiслава Мужыноўскага, Чэшскую і Харвацкую бібліі ды шэраг іншых тэкстаў Святога Пісання.

Можна адназначна сцвярджаць: ніхто з тагачасных еўрапейскіх перакладчыкаў новазапаветных твораў не прарабляў папярэдне такой грандыёзнай тэксталагічнай працы, як С. Будны. Сам жа асветнік, з характэрнай для яго чалавечай сціпласцю, не лічыў сваю працу дасканалай ці, тым больш, пазбаўленай хібаў. Ён, паводле яго сцверджання, не разлічваў на шчодрыя ўзнагароды і не шукаў лаўраў лепшага перакладчыка. «Якая ласка мне будзе, — пісаў С. Будны, — не ведаю. Але пра тое зусім не дбаю. Мне досыць ужо таго, што не закапаў майго малога таленту, а прынёс карысць... Усю маю працу няхай ацэняць наступныя пакаленні». Дзякуючы надзвычайным аналітычным здольнасцям беларускага асветніка, яго таленту, шырокай эрудыцыі, глыбокай дасведчанасці ў пытаннях экзегетыкі і, галоўнае, дасканаламу веданню старажытных моваў, навукова-крытычны ўзровень выдання Новага Запавету 1574 г. стаўся, бадай, самым высокім сярод усіх вядомых на той час у Еўропе.

Такім чынам, творы С. Буднага паводле іх зместу пераважна палемічныя і філасофска-публіцыстычныя, з выразнай дыдактычнай скіраванасцю. Літаральна кожная праблема, якую закранаў асветнік, набывала актуальнае гучанне. Аўтар увесь час па лымяна спрачаецца, пераконвае, абвяргае, прыводзіць у абарону сваёй пазіцыі розныя рацыяналістычныя і схаластычныя аргументы. Каб схіліць чытача на свой бок, ён нярэдка звяртаецца да гістарычных паралеляў, падзеяў палітычнай гісторыі, суправаджаючы важныя паведамленні шматстайнымі каментарыямі. С.Будны заўсёды прыводзіць меркаванні і сцверджанні аўтарытэтных вучоных, пераказвае сюжэты з Бібліі. Досыць часта, у якасці эмацыйных аргументаў, пісьменнік скарыстоўваў яркія прыпавесці, прымаўкі і афарызмы, што надавала яго творам мастацкую прыгажосць і эстэтычную дасканаласць.

С. Будны ахвяраваў уласным дабрабытам дзеля пошуку ісціны. З'яўляючыся прыхільнікам грамадзянскага міру і гарманічнага суіснавання розных станаў, асветнік выступаў за карэнныя грамадскія пераўтварэнні, заклікаў да духоўнага ўдасканалення, усталявання высокіх прынцыпаў маралі, гуманных дачыненняў між людзьмі, прапаведаваў культ розуму і бараніў асабістыя свабоды чалавека.

Увесь свой век С. Будны стала жыў у Вялікім княстве Літоўскім, актыўна ўдзельнічаў у грамадскім, рэлігійным і культурным жыцці краіны і таму яго пісьмовая спадчына без сумнення належыць беларускаму народу. Ён пісаў па-беларуску, па-польску і на латыні, выдатна валодаў грэчаскай і іўрытам, дзякуючы чаму здолеў на высокім узроўні прадставіць свету мастацкую і інтэлектуальную культуру свайго народа. Ёсць усе падставы гаварыць пра значны ўклад беларускага асветніка ў развіццё польскай і, шырэй, усёй еўрапейскай літаратуры і культуры.

Паэзія

Паэзія як від духоўнай славеснай творчасці народа ўзнікла ў вельмі даўнія, дагістарычныя часы. Тады ж, у далетапісную пару, сфарміраваліся многія жанравыя комплексы — рытуальнамагічныя замовы, абрадавыя песні, памінальныя галашэнні.

3 прыняццем у X ст. усходнімі славянамі хрысціянства і яго пашырэннем на беларускіх землях паралельна з вусна-паэтычнай народнай творчасцю пачала развівацца кніжная паэзія, найперш літургічная гімнаграфія. Спачатку гэта былі перакладныя творы грэка-візантыйскіх хрысціянскіх паэтаў — Іаана Залатавуста, Васіля Вялікага, Рамана Мілагучнага, Яна Дамаскіна, Іосіфа Песняпісца, а затым і арыгінальныя тэксты, перадусім Кірылы Тураўскага.

Гiмнаграфічныя літургічныя творы (каноны, акафісты, сціхіры, пракімены, славы, трапары, антыфоны) пашыраліся, як правша, у складзе рэлігійных зборнікаў — Мінеяў, Літургіёнаў, Служэбнікаў, Трэфалагіёнаў, Анфалагіёнаў, Трыёдзяў, Актоіхаў, Трэбнікаў, Часасловаў, Малітоўнікаў і Псалтыроў з дадаткамі.

Зараджэнне ў XVI ст. крытычнага стаўлення да Святога Пісання і царкоўнага падання, рацыяналізм мыслення дазволілі паэтам эпохі Адраджэння істотна перагледзець эстэтычныя і мастацкія каштоўнасці, што паслужыла магутным штуршком у пошуку новых ідэй і літаратурна-паэтычных формаў.

У XVI ст. на хвалі Рэнесансу зарадзілася свецкая кніжная паэзія, заснавальнікам якой справядліва лічыцца Францыск Скарына. Беларускі першадрукар выявіў сябе як бліскучы нацыянальны паэт, сапраўдны майстар паэтычнага слова. У прадмовах да кніг Іоў, Выхад і Эсфір змешчаны некалькі цікавых сваім зместам і формай рыфмаваных радкоў, якія не страцілі свайго мастацкага і духоўна-маральнага зместу да нашага часу.

Першы паэтычны твор Ф. Скарыны — вершаванае чатырохрадкоўе, змешчанае ў прадмове да кнігі Іоў (1517):

Богу въ Троици единому ко чти и ко славе, Матери его Пречистой Марии к похвале. Всем небесным силам и святым его к веселию, Людем посполитым к доброму научению.

У вершаванай форме паэт вельмі сцісла, але надзвычай дакладна сфармуляваў прызначэнне свайго выдання. Істотна, што выкарыстаная Ф. Скарынам рытмічная суаднесенасць радкоў (16:15, 15:14) з'яўлялася эстэтычна прывабнай і дасканалай і дазваляла вельмі лёгка запомніць верш.

Другі вершаваны твор Ф. Скарыны «Веруй у Бога адзінага» змешчаны ў прадмове да кнігі Выхад (каля 1519):

Веруй в Бога единаго,

А не бери надармо имени Его,

Помни дни светые святити,

Отца и матку чтити.

Не забивай ни едина

И не делай греху блудна.

Не вкради, что дружнего,

А не давай сведецтва лживага.

Не пожедай жены ближнего,

Ни имения или речи его.

Верш напісаны ў адпаведнасці з логікай біблейных Дзесяці запаведзяў Майсея, але даступнай для беларускага чытача мовай. Ён мае пераважна паралельную рыфму і адметную рытмічную структуру (9:12, 9:7, 9:9, 7:11, 10:11) - даволі мілагучную і лёгкую для чытацкага ўспрымання.

Трэці верш Ф. Скарыны змешчаны ў прадмове да кнігі Эсфір (1519):

He копай под другом своим ямы —

Сам въвалишся в ню.

Не став, Амане, Мардохею шибенице —

Сам повиснеш на ней.

Паводле зместу прыведзенае чатырохрадкоўе — гэта апрацоўка старажытнага мудраслоўя, у якім гучыць заклік да чалавека пазбягаць злых учынкаў. Дзеля рытмічнай арганізацыі верша паэт ужывае удалую суаднесенасць радкоў: 11:5, 13:7.

Такім чынам, першыя паэтычныя творы Ф. Скарыны — гэта няроўнаскладовыя, дасілабічныя вершы, у якіх ізасілабізм — роўнаскладовасць у межах вершаванага перыяду. Метрыка вершаў Ф. Скарыны цалкам адпавядае моўна-фанетычным асаблівасцям беларускай мовы. Яны напісаны паводле прынцыпаў танічнай і сілаба-танічнай моўных сістэм.

Вершаваныя ўстаўкі ў прадмовах Ф. Скарыны выконвалі надзвычай важныя эстэтычныя функцыі. Паэтычныя радкі стваралі творчае і ўзнёслае ўспрыманне ўсёй кнігі, абуджалі эмоцыі і глыбокія пачуцці ў чытача, рыхтавалі яго да сустрэчы з незвычайным, таямнічым, прыгожым.

Паэтычны талент Ф. Скарыны на ніве гімнаграфіі выявіўся ў стварэнні духоўных вершаў у гонар Бога, Маці Божай, святых. У «Малой падарожнай кніжцы» сярод мноства духоўных песняспеваў ёсць два акафісты, якія ўтрымліваюць імянныя акравершы Ф. Скарыны, што сведчыць пра гімнаграфічныя здольнасці паэта. Так, «Акафіст Ісусу» змяшчае акраверш: «Делал доктор Скоринич Францискус». Як паказаў аналіз, гэты твор быў складзены Ф. Скарынам з перапрацаваных частак песняспеваў папярэдніх гімнографаў. «Акафіст Іаану Прадцечу» — арыгінальны паэтычны твор Ф. Скарыны, які ўтрымліваў акраверш: «Писал доктор Скоринич Францискус». Гэты паэтычны шэдэўр Ф. Скарыны напісаны паводле ўзораў візантыйскіх гімнаў і вельмі блізкі да іх тэматычна. Ф. Скарына таксама пераклаў і творча перапрацаваў творы старажытных паэтаў-гімнографаў — Іосіфа Песняпісца, Яна Дамаскіна, Рамана Мілагучнага, якія апублікаваў у «Малой падарожнай кніжцы».

Сапраўдны росквіт кніжнай паэзіі эпохі Адраджэння прыпадае на апошнюю чвэрць XVI ст. Галоўнае месца ў свецкай паэзіі займалі панегірычныя жанры, гэтак званыя «эпікграмы», што суправаджалі выявы гербаў славутых магнатаў і гарадоў.

Найбольш значны ўклад у развіццё эмблематычнай паэзіі Беларусі эпохі Адраджэння ўнёс Андрэй Рымша. Яго пяру належаць тры надзвычай яркія «эпікграмы». Першы эмблематычны верш А. Рымшы, «На герб яснавяльможнага пана Астафія Валовіча» (1585), падпісаны крыптонімам «А. Р.», быў змешчаны ў выданні кнігі Г. Скалярыса «Дыялог» (Вільня, 1585). Другі панегірык, «На герб пана Льва Сапегі» (1588) надрукаваны ва ўступе да славутага Статута 1588 г. Нарэшце, верш А. Рымшы «На герб яснавяльможнага пана Тэадора Скуміна» (1591), падпісаны «А. Р. Літвін», быў апублікаваны ў «Апостале» (Вільня, 1591).

Эмблематычныя вершы А. Рымшы аказалі ўплыў на фарміраванне паэтычных здольнасцяў Лявона Мамоніча — сына вядомага кнігадрукара Кузьмы Мамоніча. Пад уздзеяннем рэнесансавай эстэтыкі Л. Мамоніч напісаў два эмблематычныя вершы — «На герб Лукаша Іванавіча Мамоніча» (1593) і «На герб яго міласці пана Сімяона Войны» (1595). У канцы XVI ст. Стафан Зізаній стварыў «Эпікграму на герб Канстанціна Астрожскага» (1596).

Жанр «эпікграм», які пашыраўся ў беларускай паэзіі эпохі Адраджэння, мае даўнюю гісторыю існавання. Першапачатковае развіццё ён атрымаў ужо ў антычнай літаратуры. Аўтарства некаторых «эпікграм» прыпісваюць нават Гамеру. Самыя старажытныя «эпікграмы» — гэта, як правіла, надпісы-прысвячэнні на прадметах культу — статуях, алтарах, трыножніках, надмагільных помніках, напісаныя дактылічным гекзаметрам. У далейшым адбылася эвалюцыя жанру, узніклі «эпікграмы», якія мелі гістарычны пачатак. Змяніўся і іх вершаваны памер. Урэшце зарадзіліся «эпікграмы», якія ахоплівалі з'явы як інтымнага, гэтак і грамадскага жыцця. У беларускай літаратуры другой паловы XVI ст. «эпікграмы», зазнаўшы эвалюцыю, набылі функцыянальную разнастайнасць, сталі адным з кампанентаў герба, утвараючы разам з ім і надпісам эмблему.

Змест «эпікграм», як правіла, цалкам вызначаўся княскімі гербамі, якія мелі форму шчыта з выявамі знакаў годнасці іх уладальніка. Шчыт звычайна абрамляўся вянком, уверсе размяшчалася карона, па баках вялікімі літарамі пазначаліся ініцыялы магната. Часам герб адлюстроўваў сваяцкія сувязі двух знатных сем'яў — у такім выпадку на адным шчыце адлюстроўваліся «кляйноты» абодвух родаў. Знакі змяшчаліся ў плоскасцях, утвораных лініямі, якія перакрыжоўваліся пад прамым вуглом і такім шляхам утваралі крыж.

Сутнасць эпіграм на гербы ва ўсёй эмблеме пераважна зводзілася да таго, каб раскрыць сімвалічную ўзаемасувязь паміж знакамі герба і справамі прадстаўнікоў славутага роду. Аднак, нягледзячы на тое, што перад усімі складальнікамі эпіграм стаялі агульныя задачы, творчыя магчымасці паэтаў не абмяжоўваліся, хутчэй нават наадварот — гэта натхняла іх на пошукі непаўторных, каларытных і запамінальных вобразаў. Каб дасягнуць арыгінальнасці, паэты выкарыстоўвалі самыя разнастайныя мастацкія сродкі: параўнанні, метафары, прыпадабненні, алегорыі, сімвалы і г.д. Асабліва часта ў эпіграмах апісваліся кантрастныя з'явы, чым дасягалася стварэнне па-мастацку выразных карцін і вобразаў.

Жанраўтваральны пачатак «эпікграмы» — матыў слаўлення, захаплення, здзіўлення веліччу і значнасцю з'явы, пра якую апавядалася. Галоўная каштоўнасць «эпікграмы» на фамільныя гербы ў тым, што ў іх знайшлі найбольш поўнае выражэнне пошукі новых літаратурна-мастацкіх сродкаў. Творча пераасэнсоўваючы традыцыйныя шляхі адлюстравання рэчаіснасці, беларускія паэты другой паловы XVI ст. асноўную ўвагу надавалі не пошуку новых тэм і прадметаў, а стварэнню арыгінальных спалучэнняў з тымі, што ўжо існавалі, выкарыстоўваючы пры гэтым падкрэлена мудрагелістыя сродкі мастацкага абагульнення.

Арыгінальнасць «эпікграм» выявілася найперш у структурнакампазіцыйнай будове. Яны складаліся з чатырох элементаў, што размяшчаліся, як правіла, у строгай паслядоўнасці адносна адзін аднаго. Спачатку ішоў уступ-зачын, затым — зварот да памяці продкаў, цэнтральнае месца займалі тлумачэнні знакаў, «кляйнотаў» герба і, нарэшце, завяршала «эпікграму» заключэнне-пажаданне. Кожны з элементаў «эпікграмы» выконваў пэўную ідэйна-мастацкую функцыю.

Ва ўступе-зачыне часцей за ўсё апісваліся нябесныя свяцілы, касмічная прастора або штосьці велічнае і незвычайнае. Так, «эпікграма» А. Рымшы «На герб Льва Сапегі» пачыналася паведамленнем пра велічнасць і дабрачыннасць мужнага роду Сапегаў. Іхняя слава нібыта не ведала межаў на зямлі і на небе. Другая «эпікграма», «На герб Тэадора Скуміна», адкрывалася тлумачэннем «незямнога» паходжання княжацкага герба. У «эпікграмах» Л. Мамоніча ўступ-зачын быў формай разважання пра высакароднасць, якая, паводле слоў паэта, ёсць найвышэйшая дабрачыннасць чалавечай душы:

Ни кое ино добро не величить тако

Мужа, благородству подобяща ся всяко.

Для другога элемента «эпікграм» — зваротаў да памяці продкаў — характэрнае тлумачэнне прычын узнікнення герба, ука занне часу і абставінаў, пры якіх адбылася знамянальная падзея. Напрыклад, А. Рымша, узнаўляючы гісторыю герба Тэадора Скуміна, падкрэсліваў: набыццё герба — узнагарода за вялікія подзвігі; яго атрымліваюць толькі тыя, хто не шкадуючы свайго жыцця абараняе Бацькаўшчыну. Так, дзякуючы мужнай барацьбе з «нечестивыми татарами», паводле А. Рымшы, набылі фамільны герб слаўныя Сапегі:

К тому еще два гербы видиш быть на споде, Тых достали предкове его на свободе

Будучи. А цнотою оных доставали,

Веру з мужеством Отчызне своей заховали.

Вер ми, гербов не дають въ дому седящому,

Але зъ татарами въ полю часто гулящюму

Не зъ голою рукою, зъ шаблею острою, Завжды будучы готов до смертного бою.

Род князёў Астрожскіх, на думку беларуска-ўкраінскага паэта Г. Сматрыцкага, таксама меў дастаткова заслуг, каб атрымаць права на свой фамільны герб — сімвал знатнасці. Продкі К. Астрожскага, адзначаў паэт у вершах, напісаных да «Бібліі» 1580— 1581 гг., не шкадавалі свайго здароўя, «побеждали различных съпостат полки», мужна змагаючыся з ворагамі Бацькаўшчыны.

Абавязковы і найбольш істотны элемент «эпікграм» на гербы — вытлумачэнне сімвалічнага сэнсу знакаў, «кляйнотаў». Вытлумачэнне ў «эпікграмах» сэнсу знакаў княжскіх гербаў — якраз і ёсць раскрыццё іх сімвалічных значэнняў. У эмблематычных вершах сімвалы герба пранікалі ў сферу мастацкай і паэтычнай свядомасці, станавіліся ўстойлівымі вершаванымі тропамі.

Галоўны мастацкі прынцып, якім кіраваліся паэты пры раскрыцці ў «эпікграмах» на гербы значэнняў геральдычных знакаў, — выяўленне сімвалічнай узаемасувязі паміж знакамі герба і яго ўладальнікам. Восем груп рэчаў і з'яў матэрыяльнага часцей за ўсё выступалі ў ролі гербавых знакаў свету, з'яўлялігя аб'ектам увагі беларускіх паэтаў-эпіграматыстаў. Галоўныя сярод іх: нябесныя свяцілы («сонца», «месяц», «луна», «зоркі», «венера») і вытворныя ад іх («прамяні», «зара»); прадметы культу і рэлігійнай сімволікі («крыж», «мітра», «тры кормчых»); зброя і ваярскі рыштунак («меч», «лук», «стрэлы», «влочні» (дзіды), «гелм» (шлем), «намет» (палатка)); расліны («ружа», «лілея»); жывёлы і птушкі («конь», «арол», «крэчат» (пятух)); крыніцы вады («мора», «рэкі», «хмары»); унутраныя органы чалавека і канечнасці («сэрца», «рука»); сімвалы дзяржавы («карона»).

Даволі часта некалькі геральдычных знакаў падаваліся на гербах у розных спалучэннях, несучы нейкі адзіны сімвалічны сэнс, напрыклад «крыж і месяц», «меч і страла», «месяц, зоркі і стрэлы», «два сэрцы і меч», «котвіца» (якар) і «падкова» ды інш.

Большасць паэтаў у сваіх «эпікграмах» імкнуліся, як правіла, правесці паралель паміж сонечным святлом, ззяннем месяца, бляскам зорак і дабрачыннасцю, якая нібы святло зыходзіла ад уладальніка герба.

У многіх паэтаў сімвалы «сонца», «месяц» і «зоркі» выклікалі яшчэ больш арыгінальныя і нечаканыя асацыяцыі. Для А. Рымшы, напрыклад, знакі герба Скумінаў — «зорка», размешчаная над яркім «месяцам» у акружэнні «хмары», — сімвалізавалі не толькі славу Скумінаў, але і іх незвычайную шчодрасць:

Якъ звезда над луною хорошо ся блищить,

А светла месячного бынамне не нищыть,

Так обое светлятся ровъно окром хмары, Якъ слава у Скуминов маеть свои дары.

На сімвалічнае значэнне «месяца і зорак» звяртаў увагу ў сваіх «эпікграмах» Л. Мамоніч. Захапляючыся дабрачыннымі справамi Сімяона Войны, ён імкнуўся падкрэсліць перавагі «зоркі» свайго патрона над «зоркамі» іншых родаў.

Большасць княскіх гербаў сярод геральдычных знакаў мелі прадметы рэлігійнага культу, таму амаль ва ўсіх «эпікграмах» на гербы вытлумачэнне ўнутранага сэнсу рэлігійных сімвалаў займала істотнае месца. Найбольш часта ўвагу паэтаў прыцягваў «крыж». Простае азначэнне «крыжа» як «знака набожнасці» сустракаецца выключна рэдка, напрыклад у «эпікграме» Л. Мамоніча «На герб Л. Сапегі». Але ўжо ў іншых вершах таго ж Л. Мамоніча азначэнне «крыжа» значна шырэй. Так, у «эпікграме» «На герб Лукаша Мамоніча» паэт, успрымаючы «крыж» на фоне нябеснага ззяння, стварыў выразны мастацкі малюнак, заснаваны на кантрасце святла і цемры. У панегірыку на герб Л. Сапегі Л. Мамоніч таксама прывёў адметнае азначэнне «крыжа», асновай для якога стала назіранне над крыжападобным цаўём мяча. У гэтым спалучэнні «крыж» сімвалізаваў гатоўнасць уладальніка герба да барацьбы з ворагамі Хрысціянскай царквы.

Асноўная ўвага ў «эпікграмах» надавалася, аднак, не вынаходніцтву новых сімвалаў, а пошуку адметных асацыяцый, паралеляў, што ў значнай ступені абумоўлівалася агульнай эстэтычнай канцэпцыяй мастацтва.

У паэзіі эпохі Адраджэння праявілася імкненне майстроў вершаванага слова да панарамнасці, шырокага ахопу жыццёвых рэаліяў. А. Рымша ў сваім наватарскім творы «Которого ся месяца што за старых веков деело, короткое описание» (Храналогія)

упершыню ў беларускай паэзіі здзейсніў апісанне найбуйнейшых падзей біблейскай гісторыі паводле 12 месяцаў года.

Рэнесансавай паводле зместу і формы была паэзія Лаўрэнція Зізанія. Яго паэтычная спадчына ўключае тры творы — «Эпікграму на Граматыку», «Верш да юнакоў» і «Зварот друкара да падлеткаў», якія былі апублікаваны ў «Граматыцы» (1596). Для вершаў Л. Зізанія характэрны гуманістычны пафас і асветніцкая скіраванасць. Так, над метафарычнай выявай Граматыкі ў выглядзе жанчыны з чароўным ключом змешчаны паэтычныя радкі, дыдактычныя паводле зместу:

Прожно ты ся кусиш писмо умети,

который не хочет мене розумети.

Галоўны акцэнт у сваіх вершаваных сентэнцыях Л. Зізаній робіць на неабходнасць засваення вучнямі моваў і граматыкі. У «Эпікграме на Граматыку» паэт дэталёва раскрывае прызначэнне граматыкі, вытлумачвае задачы і змест асноўных яе раздзелаў — арфаграфіі, фанетыкі, сінтаксіса, этымалогіі:

Грамматика писма всех научает,

Чтырма частми латве уразумляет:

Орфографиею и просодиею,

Синтаксисом и этимологиею

А пред реченное ей опаство,

Подает певное искуство.

Котории прагнут быти досконали,

В писме и в словах абы не портали.

Але изъвестъно все познавали

И чого ся учат, абы добре знали.

Ключем бо ест, отворяючи всем ум,

Къ познанию въ преправый разум,

По котором власне, якъ по всходе, пойдет

Каждый, если хочет, всех наук дойдет.