Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Гicторыя Беларускай Лiтаратуры 11-19 стагоддзяу....doc
Скачиваний:
56
Добавлен:
08.08.2019
Размер:
3.9 Mб
Скачать

Афанасій Філіповіч

Адным з найбольш яркіх і выдатных грамадска-рэлігійных дзеячаў і таленавітых пісьменнікаў-публіцыстаў першай паловы XVII ст. з'яўляецца Афанасій Філіповіч, які ўвайшоў у гісторыю беларускай літаратуры як аўтар твора аўтабіяграфічнага характару - «Дыярыуша».

Асоба Філіповіча складаная і неадназначная, зрэшты, як і яе ацэнкі. Гэтага пісьменніка ацэньвалі па-рознаму, называючы яго то святым, то змагаром супраць Берасцейскай царкоўнай уніі, то вар'ятам, то агентам Маскоўскай дзяржавы і здраднікам. Таксама складаная жанравая прырода, адметнасць кампазіцыі, сінкрэтычнасць І сінтэтычнасць «Дыярыуша» спараджалі і спараджаюць розныя погляды наконт яго прыналежнасці да пэўнага пласта літаратуры.

Застаецца невядомым нават свецкае імя Афанасія, як не выяўлена дакладна, што азначае «Філіповіч» — прозвішча ці імя па бацьку. Па меркаванні А. Мельнікава, гэта хутчэй прозвішча, бо «сам прападобны часта называе сябе «смірэнным Афанасіем Філіповічам», аб'ядноўваючы сваё духоўнае імя з фамільным, як гэта было ў звычаі».

Дакладныя біяграфічныя факты пра Афанасія да 1627 г. адсутнічаюць. Тым не менш, грунтуючыся на ўскосных дадзеных, можна выказаць некаторыя меркаванні. Год нараджэння Афанасія вызначаюць, зыходзячы з года яго пострыгу ў манахі (1627) і таго факта, што перад тым ён служыў «на розных месцах и у небожчика пана Сапеги... седм лет». (У той час пострыг у манахі Ў праваслаўнай царкве магчымы быў па дасягненні 30 гадоў.) Так, А. Коршунаў лічыць, што Філіповіч нарадзіўся паміж 1597 і 1600 гг.

Невядома таксама месца нараджэння Афанасія. Аднак старабеларуская мова «Дыярыуша», палажэнне царкоўнага права, паводле якога займаць пасаду ігумена ў XVII ст. мог толькі мясцовы чалавек, той факт, што ўся дзейнасць Філіповіча праходзіла на тэрыторыі Беларусі (пераважна ў Берасці), пераконваюць — радзімай пісьменніка была Беларусь. Пацверджаннем гэтаму могуць служыць і радкі з эпітафіі на яго смерць: «забитый... // В Берестю Литовском, на своей отчизни» (179).

Што да сацыяльнага паходжания святара, тут існуюць дзве ГІПОТЭЗЫ. Так, М. Кастамараў лічыў, што ён з сям'і бедиага шляхціца, бо служыў пры двары Льва Сапегі, што маглі, на думку даследчыка, толькі выхадцы са шляхты. Гэтай жа думкі прытрымліваюцца А. Мельнікаў і К. Тарасаў, які мяркуе, што чалавека без шляхецкага тытулу не запрасілі б у хатнія настаўнікі да «царэвіча». «У выпадку выйсця «царэвіча» на арэну вялікай палі­тычнай гульні імя настаўніка абавязкова ўзнялося б да агульнай вядомасці, і навучанне самазванца асобай нешляхецкага стану сталася б вялікай заганай яго рэпутацыі і гонару».

Афанасій падкрэслівае, што ён «нендзный человек, простак, гарбарчик». Зыходзячы з гэтага, А. Коршунаў лічыць, што Філіповіч — выхадзец з сям'і гарадскога рамесніка, апрацоўшчыка скур (гарбара). Сапраўды, на гэта паказвае суфікс -чык-. Магчыма, аднак, што гэтыя словы, адрасаваныя Уладзіславу IV, былі сказаныя ў адпаведнасці з перакананнямі праваслаўнага манаха, які, каб паказаць веліч Бога і Праваслаўнай царквы і выявіць падданніцкія пачуцці і павагу да караля, павінен падкрэсліваць сваю «нендзнасць». Слова «гарбарчик», відаць, указвала на тое, што Філіповіч, стаўшы манахам уплывовага ў ВКЛ віленскага брацтва пры Святадухаўскім манастыры (і выхаванцам якога ён, магчыма, быў), лічыў сябе прадаўжальнікам яго традыцый. «Самавызначэнне» не можа быць дастатковай падставай для далучэння Афанасія да класа рамеснікаў, як і нельга лічыць яго шляхціцам толькі таму, што ён служыў пры шляхецкіх дварах: доступ туды адкрывала яму адукаванасць, веданне некалькіх моваў. На карысць нешляхецкага паходжання Філіповіча сведчыць тое, што на вядомых партрэтах дзеяча і ў кнізе, якая належала яму, адсутнічае выява родавага герба: калі б ігумен сапраўды быў шляхціцам, ён бы абавязкова падкрэсліў гэта і скарыстаў са свайго права (напрыклад, выступаць на вальных сеймах).

Не вырашана пытанне наконт адукацыі Афанасія. Сам пісьменнік адзначае, што ў дзяцінстве атрымаў праваслаўную адукацыю, хутчэй за ўсё ў брацкай школе. Магчыма, ён вучыўся Ў езуіцкім калегіуме (напрыклад, у Вільні). Даследчыкі разыходзяцца ў меркаваннях наконт узроўню адукацыі Філіповіча. Многія лічаць Афанасія адукаваным чалавекам: ведаў патрыстыку, творы заходнееўрапейскіх гісторыкаў, вольна карыстаўся старабеларускай, польскай, стараславянскай, лацінскай і грэчаскай мовамі. Верагодна таму ў маладосці Філіповіч «служил в разных местах», што магло азначаць і выкладанне ў дамах шляхты. 3 іншага боку, у «Дыярыушы» Афанасій не змог у поўнай меры паказаць сваю адукаванасць: па-першае, такой мэты перад сабой ён не ставіў, а па-другое, значную частку сваіх твораў напісаў у зняволенні.