Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
№1.doc
Скачиваний:
25
Добавлен:
09.11.2019
Размер:
184.32 Кб
Скачать

6. Вусная і пісьмовая формы мовы

Беларуская мова існуе ў дзвюх асноўных формах - вуснай і пісьмовай.

Вусная мова – гэта гукавая форма мовы, якой карыстаюцца людзі ў непасрэдных зносінах паміж сабой.

Пісьмовая мова – гэта графічная форма мовы, якая дазваляе кантактаваць апасродкавана – з дапамогай тэкстаў.

Вусная мова – найважнейшая форма існавання і рэалізацыі граматычнага ладу і лексіка-фразеалагічнага моўнага запасу; інакш кажучы, гэта – гаварэнне ці маўленне. Матэрыяльнай асновай вуснага маўлення з’яўляюцца гукі, якія ўспрымаюцца на слых. Вуснае маўленне характарызуецца багаццем інтанацыйных магчымасцей, мелодыкай, лагічным націскам, выразнасцю жывога гучання, наяўнасцю паўз.

Для вуснай мовы ўласцівы дыялог і маналог. Дыялагічнае маўленне ў сваю чаргу характарызуецца непасрэднасцю зносін, адначасовасцю мыслення і гаварэння, сітуацыйнасцю. У сувязі з гэтым яму ўласцівы меншая ступень дакладнасці словаўжывання, невялікія сінтаксічныя канструкцыі, наяўнасць маўленчых памылак і г.д. Маналагічнае маўленне больш разгорнутае і граматычна аформленае, патрабуе пэўнай папярэдняй падрыхтоўкі.

Некаторыя лінгвісты вуснае маўленне падзяляюць на гутарковае (размоўнае) і неразмоўнае (афіцыйнае). Неразмоўнае ў сваю чаргу падзяляюць, паводле прынцыпу стылёвай прыналежнасці, на навуковае (навуковая дыскусія, лекцыя і інш.), публіцыстычнае (выступленне на сходзе, публічная лекцыя і інш.), дзелавое (выступленне пракурора, адваката, дзелавыя перагаворы і інш.), мастацкае (вуснае апавяданне).

Пісьмовая мова – больш позняя форма мовы, чым вусная. Гэта апрацаваная і прадуманая фіксацыя мовы з мэтай узнаўлення сказанага, яго ўсведамлення, аналізу. Пісьмовае маўленне ўспрымаецца зрокава.

Пісьмовая форма мовы фіксуецца з дапамогай графічных знакаў, на пэўным матэрыяле (паперы, скуры, тканіне і інш.), на аснове правіл арфаграфіі і пунктуацыі. Гэта дазваляе перадаваць інфармацыю на розныя адлегласці і захоўваць яе ў часе.

Для тых моў, якія не маюць пісьменства, вуснае маўленне – адзіная форма іх існавання.

4. Разнавіднасці беларускай нацыянальнай мовы: дыялектная і літаратурная.

Нацыянальнай, або агульнанароднай, называецца мова, якая з’яўляецца сродкам пісьмовых і вусных зносін нацыі. Нацыянальная мова – катэгорыя гістарычная: яна складваецца ў перыяд пераўтварэння народнасці ў нацыю, таму што нацыя як гістарычная супольнасць акрамя агульнасці тэрыторыі, эканамічнага жыцця і псіхічнага складу характарызуецца і агульнасцю мовы.

Звычайна кожная нацыя атаясамліваецца з адной нацыянальнай мовай, напрыклад, французы – з французкай, шведы – са шведскай, палякі – з польскай, грузіны – з грузінскай і г.д. Аднак у сучасным свеце нярэдкія сітуацыі, калі адна нацыя карыстаецца некалькімі мовамі. Тыповым прыкладам можа стужыць Швейцарыя. Швейцарцы – адна нацыя, аднак карыстаецца французкай, нямецкай, італьянскай і рэтараманскай мовамі. У сучасным Парагваі індзейцы гуарані складаюць больш за 90% насельніцтва краіны. Таму мова гуарані мае такі ж высокі прэстыж, як і афіцыйная іспанская мова.

З другога боку, можна прывесці прыклады, калі адна мова з’яўляецца сродкам зносін некалькіх нацый, напрыклад, іспанская ў краінах Лацінскай і Цэнтральнай Амерыкі. У такіх выпадках фарміруюцца нацыянальныя варыянты той ці іншай мовы: англійская брытанская, англійская амерыканская, англійская аўстралійская і г.д.

Сучасная літаратурная беларуская мова як форма нацыянальнай мовы пачала складвацца ў 19 ст. У 20-я гады беларуская мова набыла ўсе правы і функцыі нацыянальнай мовы.

Любая нацыянальная мова не з’яўляецца аднароднай па свайму складу, паколькі ёй карыстаюцца людзі, розныя па сацыяльнаму статусу, роду заняткаў, узроўню культуры і г.д. У склад нацыянальнай мовы ўваходзяць

  • літаратурная мова;

  • мясцовыя гаворкі;

  • прастамоўі;

  • жаргоны.

Аднак гэтыя разнавіднасці агульнанароднай мовы не з’яўляюцца раўнапраўнымі. У эпоху фарміравання нацый адбываецца станаўленне адзінай літаратурнай мовы, якая пачынае абслугоўваць ўсе сферы пісьмовых і вусных зносін і паступова выцясняе астатнія разнавіднасці.

Спынімся на дзвюх асноўных разнавіднасцях беларускай нацыянальнай мовы – літаратурная і дыялектная мова.

Дыялектная мова гэта сукупнасць мясцовых гаворак, што бытуюць (у вуснай форме) на Беларусі.

На аснове свайго падабенства гаворкі аб’ядноўваюцца ў тэрытарыяльныя дыялекты, якія ў сукупнасці ўтвараюць дыялектную мову. У Беларусі існуе некалькі груп дыялектаў:

  1. паўночна-ўсходні (уваходзяць полацкія і магілёўска-віцебскія гаворкі);

  2. паўднёва-заходні (гродзенска-баранавіцкія гаворкі);

  3. пераходныя, або сярэднебеларускія гаворкі, што знаходзяцца абапал лініі Ашмяны – Мінск – Бабруйск – Гомель;

  4. акрамя гэтага, у склад сучаснай беларускай дыялектнай мовы ўваходзіць яшчэ адасобленая група заходнепалескіх, ці брэсцка-пінскіх, гаворак. Яны значна адрозніваюцца ад усіх іншых гаворак асноўнага масіву.

Кожны дыялект свае спецыфічныя асаблівасці. Так, сярэднебеларускія пераходныя гаворкі маюць асаблівасць і таго і другога дыялекта, але разам з тым ёсць і свае адметныя рысы, напрыклад, адсутнасць мяккага [ц'] у 3-яй асобе дзеясловаў II спр. (ходзя, робя, гавора), вымаўленне [о] на месцы [а] перад [ў] (проўда, казоў) і інш.

Даволі спецыфічнымі рысамі характарызуюцца брэсцка-пінскія (ці заходнепалескія) гаворкі. Яны істотна адрозніваюцца ад усіх іншых гаворак асноўнага масіву беларускай дыялектнай мовы. Так, ім уласціва оканне (вода, нога); цвёрдыя зычныя (вэчор, зыма); вымаўленне [і] на месцы Ь (ліс, хліб); спалучэнне, [мн'] перад [а]: мнята, мнясо; канчатак –ові ў Д. і М. скл. (братові, сынові); інфінітыў на –ты (ходыты, купыты) і інш.

У наш час новыя дыялекты не толькі не ўтвараюцца, але і паступова сціраюцца адрозненні паміж існуючымі.

У нашай рэспубліцы дыялектнае маўленне яшчэ даволі пашырана ў сямейнай ці сяброўскай гутарцы, у штодзённым побыце (асабліва сярод старэйшага пакалення) у сельскай мясцовасці, а нярэдка і ў гарадах.

Аднак дыялектнае маўленне, натуральнае ў гутарцы з землякамі, недапушчальнае ў афіцыйных зносінах. Асабліва адмоўна характарызуе маўленчую культуру чалавека ўжыванне дыялектных форм, дыялектнага акцэнту пры карыстанні літаратурнай мовай. Каб пазбегнуць дыялектных звычак маўлення, пазбавіцца ад мешаніны літаратурнага і дыялектнага, патрэбна добра ўсведамляць розніцу паміж літаратурнымі і дыялектнымі моўнымі сродкамі, валодаць літаратурнымі нормамі.

Наяўнасць нормы – істотная асаблівасць літаратурнай мовы, якая адрознівае яе ад дыялектнай.

Пад нормай разумеюцца выпрацаваныя грамадствам і пісьмова замацаваныя ў слоўніках, даведніках, граматыках узоры, правілы, якім падпарадкоўваюцца вымаўленне і напісанне слоў, выбар слоў, ужыванне граматычных формаў, пабудова словазлучэнняў і сказаў.

Нормы захоўваюцца і змяняюцца ў залежнасці ад многіх умоў: ад уплыву кніг на грамадства, ад моўнага акружэння. З пытаннямі норм цесна звязаны паняцці нармалізацыі і кадыфікацыі.

Нармалізацыя – гэта комплекс праблем, якія закранаюць наступныя аспекты:

  • вывучэнне праблемы азначэння і ўстанаўлення нормы літаратурнай мовы;

  • даследаванне ў нарматыўных мэтах моўнай практыкі ў яе адносінах да тэорыі;

  • прывядзенне ў сістэму, далейшае ўдасканальванне правіл ужывання ў выпадках разыходжання тэорыі і практыкі, калі з'яўляецца неабходнасць умацавання норм літаратурнай мовы.

Тэрмін кадыфікацыя выкарыстоўваецца ў выпадках, калі ідзе гаворка аб рэгістрацыі правіл у нарматыўных працах. Кадыфікаваныя нормы літаратурнай мовы - гэта нормы, якімі павінны карыстацца ўсе носьбіты мовыі.

Нармалізацыя - гэта працэс станаўлення, выпрацоўкі нормы, яе апісання моваведамі. Нармалізацыя ўяўляе сабой гістарычна працяглы адбор з моўных варыянтаў адзіных, найбольш ужывальных адзінак. Нармалізатарская дзейнасць знаходзіць свае выражэнне ў кадыфікацыі літаратурнай нормы - яе афіцыйным прызнанні і апісанні ў выглядзе правілаў у лінгвістычных выданнях (слоўніках, даведніках, граматыках). Тая ці іншая з'ява перш чым стаць нормай перажывае працэс нармалізацыі, а ў выпадку грамадскага адабрэння замацоўваецца, кадыфікуецца ў правілах, фіксуецца ў слоўніках з рэкамендацыйнымі паметамі.

Нармалізацыю беларускай мовы ў савецкі час умоўна можна разглядаць як выпрацоўку літаратурных норм на ўсіх маўленчых узроўнях да 1933 г. (“Граматыка” Б.Тарашкевіча), на працягу 1933-1957 гг і пасля 1957 г. Інакш пра гэты працэс можна гаварыць як пра працэс выпрацоўкі і стабілізацыі літаратурных норм на нацыянальнай глебе, збліжэнне выпрацаваных норм з рускамоўнымі і вызваленне норм беларускай літаратурнай мовы ад рускамоўнага ўплыву. Згаданае дае права разважаць пра рухомасць норм сучаснай беларускай літаратурнай мовы.

Сістэму асноўных норм беларускай літаратурнай мовы складаюць:

Фанетычныя нормы характарызуюць сістэму гукаў беларускай літаратурнай мовы. Напрыклад, [р] - санорны зацвярдзелы зычны гук.

Арфаэпічныя нормы – захаванне патрабаванняў літаратурнага вымаўлення носьбітамі беларускай літаратурнай мовы (аканне, яканне, вымаўленне гука [г], спалучэнняў [дт], [чт], [дц], [шс], [жс] і інш.).

Акцэнталагічныя нормы - гэта сістэма націску ў сучаснай беларускай літаратурнай мове. Пры дапамозе націску адрозніваюцца розныя словы і словаформы ў межах адной часціны мовы: кара́ - ка́ра, ру́кі - рукі́; розныя часціны мовы: мазалі́ (назоўнік мазоль) - ма́залі (дзеяслоў мазаць).

Графічныя нормы рэгулююць выбар абрысаў (контураў) літар, друкаваных і пісьмовых. Так, у беларускай літаратурнай мове ёсць літары і, ў, існуе патрабаванне ў друку і напісьме абавязкова ставіць кропачкі над літарай ё.

Арфаграфічныя нормы – выбар аднаго з магчымых варыянтаў напісання слова ці яго часткі, што адпавядае прынцыпам беларускай арфаграфіі, а таксама замацаванай у моўнай практыцы грамадства традыцыі (ужыванне вялікай літары, правапіс галосных о,э,е,я, правапіс галосных пасля зацвярдзелых, правапіс прыстаўных галосных і інш.)

Марфалагічныя нормы – гістарычна прынятыя ў моўным супольніцтве варыянты граматычных норм слова і мадэлі ўтварэння новых слоў (род, лік, скланенне назоўнікаў, правапіс канчаткаў назоўнікаў у родным склоне, чаргаванне зычных к//ц, г//з, з//с і інш.).

Сінтаксічныя нормы грунтуюцца на законах сувязей слоў, на аснове якіх арганізуюцца словазлучэнні і сказы. Напрыклад, віды падпарадкавальнай сувязі слоў у словазлучэннях – дапасаванне, кіраванне і прымыканне.

Пунктуацыйныя нормы – пастаноўка знакаў прыпынку ў пісьмовым тэксце ў адпаведнасці з правіламі, якія прызначаны для абслугоўвання патрэб пісьмовых зносін у грамадстве і кадыфікаваны ў адпаведных актах.

Словаўтваральныя нормы патрабуюць правільнага падзелу слоў на значымыя часткі, ведання спосабаў і законаў беларускай мовы, паводле якіх утвараюцца новыя словы. Уменне правільна чляніць словы на састаўныя часткі, вызначаць ролю і значэнне ў маўленні ў значнай ступені дапамагае пазбегнуць памылак, звязаных з напісаннем слова, разуменнем яго сэнсу, з выкарыстаннем слова ў пэўным стылі.

Лексічныя нормы – правільны выбар слова і яго ўжыванне ў агульна-вядомым значэнні і ў агульнапрынятых спалучэннях. Значная колькасць слоў ужываецца ў мове без уліку нацыянальных адметнасцей мовы. Недарэчным трэба лічыць спалучэнне хатнія жывёлы і выкарыстоўваць замест яго натуральнае свойскія жывёлы, замест пашыранага ў мове сметанковае масла і расліннае масла трэба ўжываць адпаведна масла і алей.

Фразеалагічныя нормы рэгулююць правільнае ўжыванне фразеалагізмаў, іх значэння і кампанентнага складу.

Стылістычныя нормы – правілы ўжывання стылістычна афарбаваных лексічных адзінак, граматычных форм і сінтаксічных канструкцый у адпаведнасці са зместам, мэтай выказвання і ўмовамі кантактавання.

Літаратурная мова не з’яўляецца нерухомай. З яе развіццём часткова змяняецца і норма, таму ў межах нормы дапускаюцца варыянты. Напрыклад, як варыянты ў беларускай мове ёсць такія формы: дадзім і дамо, вадой і вадою, форм і формаў і інш. Праз некаторы час адны з гэтых формаў могуць устарэць і выйсці з ужывання.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]