Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Лекции по историогр ист Бел.doc
Скачиваний:
16
Добавлен:
09.11.2019
Размер:
1.69 Mб
Скачать

2. Задачы курса «Гістарыяграфія гісторыі Беларусі».

Вывучаемы курс ставіць дзевяць задач, якія неабходна вырашыць: 1) вывучэнне заканамернасцей змены гістарычных канцэпцый і іх аналіз; 2) аналіз метадалагічных прынцыпаў, якімі кіраваліся даследчыкі гісторыі Беларусі ў розныя гістарычныя перыяды; 3) даследаванне працэса накаплення фактычных ведаў аб чалавечым грамадстве на тэрыторыі Беларусі, увядзення ў навуковы зварот новых крыніц (аднак гістарыяграфія не займаецца пошукам і публікацыяй гістарычных крыніц); 4) вывучэнне змены і ўдасканалення метадаў і прыёмаў крыніцазнаўчага аналізу; 5) вывучэнне праблематыкі гістарычных даследаванняў; 6) вывучэнне гістарычных навуковых устаноў, а таксама сістэмы гістарычнай адукацыі ў краіне; 7) аналіз сродкаў навуковай інфармацыі і распаўсюджвання гістарычных ведаў, іх уплыву на грамадскую самасвядомасць; 8) даследаванне міжнародных сувязяў айчыннай гістарычнай навукі, уплыву замежнай філасофіі і навуковай думкі на беларускіх вучоных; 9) вывучэнне ўмоў развіцця гістарычнай навукі і адукацыі і, асабліва, урадавай палітыкі ў вышэйадзначанай галіне.

3. Прынцыпы і метады гістарыяграфічнага пазнання.

Вывучэнне гістарыяграфіі гісторыі Беларусі прадугледжвае выкарыстанне шэрагу прынцыпаў навуковага пазнання. Першым з іх з’яўляецца прынцып гістарызму. Ён вызначае аналіз любой гістарыяграфічнай з’явы (канцэпцыі вучонага, навуковага накірунку і г.д.) у развіцці і ў сувязі з фактарамі, якія яе абумовілі. Разглядаючы той ці іншы гістарыяграфічны факт, неабходна ўлічваць узровень развіцця тагачаснай гістарычнай навукі, каб не было неабгрунтаваных заўваг да сваіх папярэднікаў.

Другі прынцып – прынцып сістэмнасці. Ён арыентуе даследчыка на вывучэнне перыядаў і накірункаў гісторыі гістарычнай навукі як сістэмы.

Трэці прынцып – прынцып каштоўнаснага падыходу, які прадугледжвае вылучэнне тых ідэй і з’яў мінулага, якія маюць значэнне для сучаснага этапа развіцця гістарычнай навукі.

Вылучаецца шэсць асноўных метадаў гістарыяграфічнага пазнання: 1) параўнальна-гістарычны метад (параўнанне розных гістарычных канцэпцый з мэтай вызначэння іх агульных рыс, асаблівасцей, ступеняў параўнання), 2) храналагічны метад (аналіз эвалюцыі навуковай думкі, змены канцэпцый, ідэй у храналагічнай паслядоўнасці), 3) праблемна-храналагічны метад (дзяленне шырокай тэмы на шэраг вузкіх праблем, кожная з якіх разглядаецца ў храналагічнай паслядоўнасці), 4) метад перыядызацыі (вылучэнне асобных этапаў у развіцці гістарычнай навукі з мэтай вызначэння вядучых накірункаў навуковай думкі), 5) метад рэтраспектыўнага аналіза (вывучэнне развіцця гістарычнай думкі ад сучаснасці да мінулага), 6) метад перспектыўнага аналіза (вызначэнне перспектывы будучых даследаванняў, тэм, праблем).

4. Гістарыяграфічны факт і гістарыяграфічная крыніца.

Гэтыя паняцці лічацца выжнейшымі ў гістарыяграфіі, але адзінага падыходу да іх вызначэння няма. Акадэмік М.В.Нечкіна атаясамляла «гістарыяграфічны факт» і «гістарыяграфічную крыніцу». Пад імі яна разумела любую завершаную або незавершаную навуковую працу гісторыка. Г.М.Іваноў уключаў у паняцце «гістарыяграфічны факт» філасофскія, палітычныя і прававыя ідэі, паколькі яны зафіксаваны ў працах гісторыкаў і з’яўляюцца прадметам гістарыяграфічных даследаванняў.

Супраць такога падыходу выступіў А.М.Сахараў, пазіцыя якога дамінуе ў сучаснай гістарыяграфіі. На яго думку, «гістарыяграфічны факт» – гэта канцэпцыя вучонага, прадстаўленая ў навуковых працах. «Гістарыяграфічная крыніца» – гэта працы гісторыкаў (манаграфіі, артыкулы, даклады, рукапісы і г.д.), дакументацыя навукова-даследчых устаноў (пратаколы з’ездаў, канферэнцый, «круглых» сталоў, стенаграмы дыскусій і г.д.), рэцэнзіі на гістарычныя даследаванні.