Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Лекции по историогр ист Бел.doc
Скачиваний:
16
Добавлен:
09.11.2019
Размер:
1.69 Mб
Скачать

6. Станаўленне гістарыяграфіі гісторыі Беларусі як навукі.

Гістарыяграфія гісторыі Беларусі як навука пачынае афармляцца ў 20-я гг. ХХ ст. паралельна з арганізацыяй першых вучэбна-навуковых і навуковых цэнтраў у Беларусі – БДУ і Інбелкульта. Адным з заснавальнікаў гістарыяграфічнай навукі лічыцца першы рэктар БДУ, акадэмік У.І.Пічэта.

У 1921 г. у часопісе «Вестник Наркомпроса Белоруссии» ён апублікаваў артыкул «Новые работы по истории Белоруссии», у якім зрабіў гістарыяграфічны аналіз прац польскіх гісторыкаў (С.Кутшэбы, Л.Калянкоўскага і інш.). Ён высока ацаніў факталагічны бок даследаванняў, вызначыў іх прыналежнасць да гісторыка-юрыдычнай школы, але адзначыў непрымальнасць іх метадалагічнага падыхода – вялікапольскага шавінізму.

У 1922 г. у Маскве Пічэта выдаў манаграфію «Введение в русскую историю (Источники и историография)», якая складаецца з трох раздзелаў: 1) «Собирание и издание источников. Белоруссия»; 2) «Источники Белоруссии»; 3) «Историография Белоруссии». Аўтар узняў пытанне гістарыяграфічнага вывучэння Беларусі ў ХІХ – пачатку ХХ ст. Ён прааналізаваў стан крыніцавай базы айчыннай гісторыі, параўнаў канцэптуальныя падыходы расійскіх і польскіх даследчыкаў да гісторыі Беларусі на прыкладзе чатырох гістарычных і археаграфічных цэнтраў: Вільні, Кіева, Масквы і Пецярбурга. Пічэта адзначыў ўплыў украінскай школы У.Б.Антановіча, маруднае развіццё ўласна беларускай гістарыяграфіі, яе арыентацыю на крыніцазнаўчыя даследаванні, яе сувязь з польскім нацыянальна-вызваленчым рухам. Праўда, аўтар манаграфіі перабольшваў заслугі свайго настаўніка М.К.Любаўскага – лічыў, што яго канцэпцыя «остается неопровержимой», не даў ацэнку гістарыяграфіі як з’явы грамадскай думкі.

У артыкуле «Формы нацыянальнага і апазіцыйнага руху на Беларусі» (часопіс «Полымя», 1924 г., № 2), прысвечанаму беларускаму нацыянальна-вызваленчаму руху канца ХІХ – пачатка ХХ ст., Пічэта паспрабаваў даць характарыстыку айчыннай гістарыяграфіі ў кантэксце развіцця нацыянальна-рэвалюцыйнага руха. Таксама ўвага даследчыка была звернута да гістарыяграфіі літоўска-беларускага права ХV – XVI ст.: у 1926 г. ён апублікаваў артыкул «Распрацоўка гісторыі літоўска-беларускага права ХVXVI стст. у гістарыяграфіі». Значны ўклад Пічэта ўнёс у распрацоўку «Скарыніяны». У зборніку «400-лецце беларускага друку, 1525 – 1925» (1924 г.) ён зрабіў гістарыяграфічны агляд публікацый, прысвечаных дзейнасці беларускага першадрукара, якія выйшлі ў перыяд з 70-х гг. ХVІІІ ст. па 20-я гг. ХХ ст.

Акрамя Пічэты да распрацоўкі асобных аспектаў гістарыяграфіі гісторыі Беларусі ў 20-я гг. ХХ ст. звярнуліся В.Д.Дружчыц (гістарыяграфія беларускага феадальнага горада), У.М.Ігнатоўскі (гістарыяграфія Кастрычніцкай рэвалюцыі). У 1929 г. выйшла манаграфія А.І.Цвікевіча «Заходнерусізм»: Нарысы з гісторыі грамадскай мыслі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ ст.», у якой аўтар разглядаў заходнерусізм найперш як плынь грамадска-палітычнай думкі і, у другую чаргу, як гістарыяграфічны феномен.

Выклікае цікавасць праца навуковага сакратара Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Інбелкульце М.І.Каспяровіча «Краязнаўства (Нарысы)», выдадзеная ў 1929 г. У ёй аналізуюцца тры плыні краязнаўчага вывучэння Беларусі: польская, руская і беларуская. Да апошняй аўтар адносіў «Нашу Ніву», беларускі навукова-літаратурны гурток студэнтаў Санкт-Пецярбургскага універсітэта, студэнцкі гурток па вывучэнню Беларусі і Літвы.

Гэта былі першыя гістарыяграфічныя работы ў беларускай савецкай гістарычнай навуцы, напісаныя ва ўмовах, калі ішло фарміраванне арганізацыйных асноў навукі, пачыналася даследаванне праблем менавіта гісторыі Беларусі, падрыхтоўка спецыялістаў-гісторыкаў. З другога боку, грамадска-палітычная актыўнасць даследчыкаў і навуковы плюралізм 20-х гг. паступова змяняюцца аднадумствам і насаджэннем марксісцка-ленінскай метадалогіі.

Першая гістарыяграфічная праца 30-х гг. ХХ ст. – «Класавая барацьба і гістарычная навука на Беларусі» (1934 г.) В.К.Шчарбакова, якая стала здабыткам не толькі беларускай, але і агульнасавецкай гістарыяграфіі.

Манаграфія ўвабрала ў сябе шматлікае кола гістарычных даследванняў таго часу, але ў асноўным змяшчала крытыку публікацый 20-х гг. Яна складаецца з шасці раздзелаў. Першы – «Гістарычная навука і яе палітычнае значэнне» - носіць тэарытычны характар. У ім былі акрэсліла новыя задачы, якія паставіла камуністычная партыя перад гістарычнай навукай у СССР. Шчарбакоў зыходзіў з таго, што ва ўсе перыяды гісторыя выкарыстоўвалася пануючымі класамі для ўмацавання свайго становішча, таму ніколі не была аб’ектыўнай. Асаблівую актуальнасць гэта з’ява набыла ў навейшы перыяд, калі абвастрылася класавая барацьба. Аўтар адзначыў, што «…Марксісцкая гістарычная навука ў рэвалюцыйнай барацьбе пролетарыята, у нашым сацыялістычным будаўніцтве, у барацьбе з класава-варожымі нам вылазкамі ў СССР і БССР, у выхаванні працоўных мас у духу пролетарскага інтэрнацыяналізма, – ва ўсіх гэтых галінах адыгрывае вельмі вялікую ролю». «…Тэарэтычны фронт, фронт навукі», на яго думку, «толькі адзін з участкаў класавай барацьбы», «…Якую б тогу аб’ектыўнасці ні надзяваў вучоны, ён заўсёды ў сваіх працах адказвае на актуальныя пытанні палітычнай сучаснасці». «…У класавым грамадстве», працягвае, «не можа быць някласавай навукі».

У гісторыі Беларусі марксісцкая метадалогія патрабавала звярнуць увагу на «распрацоўку гісторыі Кастрычніцкай рэвалюцыі, грамадзянскай вайны, гісторыі фабрык і заводаў і гісторыі пролетарыята Беларусі». Паколькі з перамогай Кастрычніцкай рэвалюцыі гісторыя набыла пралетарскі характар, то даследчыкам неабходна «…паказаць рост пролетарыята на Беларусі ў сувязі з развіццём капіталізма, яго склад, эксплуатацыю, ускрыць формы пролетарскай барацьбы, яго гераічны ўдзел у рэвалюцыі 1905 г., Кастрычніцкай рэволюцыі…». У дадатак Шчарбакоў адзначыў, што «…Беларускія гісторыкі-нацыяналісты, … стараліся ўсяляк абыходзіць пытанне аб пролетарыяце на Беларусі…». Некалькі лепш, на думку аўтара, абстаіць справа з вывучэннем сялянскага руху на Беларусі. Аднак і тут няма суцэльнай карціны яго развіцця, пры даследаванні гэтага пытання належыць паказаць, што «…толькі пад кіраўніцтвам пролетарыята і яго большэвіцкай партыі сялянства пакончыла са сваім цяжкім мінулым у Кастрычніцкую рэвалюцыю».

Новая метадалогія прадугледжвала крытыку гістарыяграфічных накірункаў немарксісцкага характару. Другі і трэці раздзелы манаграфіі прысвечаны расійскай дакастрычніцкай, чацвёрты – польскай буржуазнай гістарыяграфіі. Згодна аўтару, расійскія дарэвалюцыйныя гісторыкі абгрунтоўвалі права Расіі на Беларусь, у той час як «гісторыкі імперыялістычнай фашысцкай Польшчы» даказывалі свае правы на «усходнія крэсы».

Асобнае месца займае крытыка нацыянал-дэмакратычнай плыні. Ёй аўтар прысвяціў пяты раздзел. У паняцце «нацдэмаўшчына» даследчык укладвае адмоўны сэнс: «…Нацдэмаўская схема гістарычнага развіцця Беларусі – гэта схема беларускай буржуазіі і кулацтва». Першыя пачаткі поглядаў нацдэмаў Шчарбакоў адшукаў у 80-х гг. ХІХ ст., у прыватнасці, у газеце «Гоман». Першым нацдэмаўскім гісторыкам ён называе В.Ластоўскага, першай нацдэмаўскай гісторыяй «Кароткую гісторыю Беларусі». Аўтару не спадабаліся адносіны Ластоўскага да беларускай інтэлігенцыі, якую, па яго словах, ён «…узносіць на небывалую вышыню…». Гэта было выклікана тым, што інтэлігенцыя паходзіла з асяроддзя буржуазіі, шляхты і кулацтва, з’яўлялася распрацоўшчыкам і рупарам беларускай нацыянальнай ідэі, выступала супраць сусветнай сацыялістычнай рэвалюцыі. Даследчык абураецца, што гісторыя В.Ластоўскага не змяшчае ні слова аб развіцці капіталізму на Беларусі, аб пралетарыяце і яго ўдзеле ў рэвалюцыі 1905 г., аб сялянскіх паўстаннях і дыферэнцыяцыі сялянства. Яшчэ адным асяродкам беларускага нацыяналізму Шчарбакоў называе газету «Наша Ніва»: «…З номера ў номер газета «Наша Ніва» фарміруе ідэалогію беларускіх нацыяналістаў, развівае буржуазна-нацыяналістычныя погляды на гісторыю Беларусі, фальсіфікуючы падзеі гістарычнага развіцця яе».

Але, нягледзячы на гэтыя здабыткі, нацдэмаўская гістарычнай школа, на думку аўтара, не змагла ў дасавецкі перыяд сфарміраваць сваіх уласных гісторыкаў. Шчарбакоў тлумачыць гэта ростам пралетарскага рэвалюцыйнага руху і нерашучасцю «нацыяналістаў» гучна казаць аб сваіх патрабаваннях. Буржуазныя па сваёй сутнасці яны з самага пачатку выступілі супраць сацыялістычнай рэвалюцыі, мабілізаваўшы ўсе сілы і сродкі для барацьбы з пралетарыятам. Пасля абвяшчэння БНР пачынаецца дыскусія аб беларускай дзяржаўнасці: «…Дзеячы БНР гатовы былі ў гэты перыяд прызнаць за навуковы аўтарытэт каго ўгодна, толькі б ён сваімі выказваннямі дапамог унушыць масам аб неабходнасці перамогі буржуазнай дэмакратыі».

Такім чынам, праца В.К.Шчарбакова – гэта водападзел паміж лібералізмам 20-х і ідэалагічнай аднабаковасцю 30-х гадоў. Яна адлюстравала тыя змены, якія адбываліся ў грамадска-палітычным жыцці савецкіх рэспублік па меры ўмацавання культу асобы Сталіна.

Першы абагульняючы гістарыяграфічны агляд прац па гісторыі Беларусі прапанаваў У.І.Пічэта ў кнізе «25 лет исторической науке в СССР» (1942 г.). Ён апублікаваў артыкул «История Белоруссии в советской историографии», які сведчыў аб імкненні аўтара раскрыць пазітыўны ўклад беларускіх савецкіх гісторыкаў у распрацоўку праблем гісторыі Беларусі. На думку Пічэты, уся гісторыя Беларусі пасля 1569 г. і да перамогі Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. была зусім не вывучанай. Таму савецкія гісторыкі павінны вырашыць гэтую задачу. У.І.Пічэта прааналізаваў дасягненні беларускай савецкай археалогіі, працы па аграрнай гісторыі ХVI ст. і даследаванні сваіх вучняў Д.А.Дудкова і К.І.Кернажыцкага. Ён прытрымліваўся метада каштоўнаснага падыхода: разглядаў працы даследчыкаў у адпаведнасці ад ступені выкарыстання імі марксісцкай метадалогіі.

Аўтар звярнуў увагу на адсутнасць манаграфічных работ па гісторыі Беларусі: «…построение синтетической истории Белоруссии на основе марксистско-ленинской методологии можно выполнить только на базе монографических исследований. Такие монографические исследования должны были дать тот конкретный материал, который бы позволил восстановить историю Белоруссии».

Вядома, што Пічэта ў гады Вялікай Айчыннай вайны працаваў над рукапісам сінтэтычнай «Гісторыяй БССР» са старажытных часоў да адмены прыгоннага права, рукапіс якога сёння захоўваецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь. З 990 старонак тэксту 664 напісаў сам аўтар. Пяцьдзесят з іх складаюць гістарыяграфічны агляд.

Далейшы агляд развіцця беларускай савецкай гістарыяграфіі быў прадстаўлены А.П.П’янковым у зборніку «Наука в БССР за 30 лет» (1949 г.).

У артыкуле «Основные этапы в развитии белорусской историографии» вучоны ўпершыню ў беларускай гістарычнай навуцы ўзняў праблему перыядызацыі беларускай савецкай гістарыяграфіі. Пры гэтым аўтар паўтарыў пазіцыю, выказаную Пічэтай, што да Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. гісторыя Беларусі не з’яўлялася самастойным прадметам навуковага вывучэння. П’янкоў падверг рэзкай крытыцы тэорыю «залатога веку», школу М.М.Пакроўскага, абвінаваціў Інбелкульт у нацыяналістычным скажэнні гісторыі, даў станоўчую ацэнку працам У.І.Пічэты, Д.А.Дудкова, А.М.Ясінскага, І.Ф.Лочмеля.

Амаль праз дзесяць год у зборніку «Навука ў Беларускай ССР за 40 год» (1958 г.) выйшаў калектыўны артыкул «Гістарычная навука за 40 год», падрыхтаваны У.М.Перцавым, І.С.Краўчанкам і З.Ю.Капыскім. Аўтары зрабілі сціплы агляд развіцця гістарычнай навукі ў савецкай Беларусі, акцэнтаваўшы ўвагу на метадалагічных памылках даследчыкаў 20-30-х гг.

Паколькі ў другой палове 50-х – 60-я гг. ХХ ст. Камісія па гісторыі гістарычнай навукі АН СССР рыхтавала выданне «Очерков истории исторической науки в СССР» у 7 тамах, то з БССР для напісання адпаведных артыкулаў былі запрошаны У.М.Перцаў, З.Ю.Капыскі і Я.М.Карпачоў.

Асобны раздзел, прысвечаны гістарыяграфіі гісторыі Беларусі, прадстаўлены ў брашуры А.П.Ігнаценкі «Введение в историю БССР» (1965 г.).

Аўтар адным з першых у пасляваенны час звярнуўся да дасавецкага перыяда ў вывучэні гісторыі Беларусі: прапанаваў аналіз рускай дваранскай і буржуазнай гістарыяграфіі, польскай гістарыяграфіі, вылучыў аспект «фальсіфікацыя гісторыі Беларусі беларускімі буржуазнымі нацыяналістамі».

У зборніку «Навука БССР за 50 год» (1968 г.) быў надрукаваны калектыўны артыкул З.Ю.Капыскага, Я.М.Карпачова, І.С.Краўчанкі, І.Я.Марчанкі, А.Р.Мітрафанава «Беларуская гістарычная навука». Аўтары вызначылі тры этапы ў развіцці беларускай савецкай гістарыяграфіі. Першы этап (1919 – сярэдзіна 30-х гг.) – гэта перыяд станаўлення гістарычнай навукі Беларусі на аснове марксісцка-ленінскай метадалогіі. Другі этап (сярэдзіна 30 – сярэдзіна 50-х гг.) характарызуецца разгортваннем даследаванняў па гісторыі класавай і нацыянальна-вызваленчай барацьбы ў эпоху феадалізму і капіталізму, вывучэннем савецкай гісторыі. На трэцім этапе (сярэдзіна 50-х – 60-я гг.) вядучае месца займае гісторыя савецкага грамадства, гісторыка-партыйная тэматыка, патрыятычны подзвіг беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

У 70-я гг. ХХ ст. убачылі свет два юбілейныя гістарыяграфічныя зборнікі, якія падагульнялі развіццё гістарычнай навукі ў БССР. Першы з іх выйшаў у 1970 г. пад рэдакцыяй І.С.Краўчанкі і З.Ю.Капыскага «Достижения исторической науки в БССР за 50 лет (1919 – 1969 гг.)». Калектыў аўтараў, які падрыхтаваў гэтае выданне (В.Д.Будзько, А.Р.Мітрафанаў, Г.В.Штыхаў, І.Я.Марчанка, І.С.Краўчанка, З.Ю.Капыскі), зыходзіў з фармацыйнай перыядызацыі гісторыі Беларусі. Таму развіццё гістарычнай навукі ў БССР прадстаўлена па тэмам даследаванняў: археалогія Беларусі, гісторыя Беларусі перыяда феадалізму, перыяда капіталізму, перыяда Кастрычніцкай рэвалюцыі і перамогі сацыялізма, перыяда Вялікай Айчыннай вайны, перыяда завяршэння будаўніцтва сацыялізму і перахода да камунізма. Асобны артыкул быў прысвечаны навуковым установам гістарычнага профілю ў БССР і падрыхтоўцы кадраў гісторыкаў.

Зборнік «Достижения исторической науки в БССР за 60 лет» (1979 г.) быў складзены новым аўтарскім калектывам (З.Ю.Капыскі, П.Ц.Петрыкаў, Л.Д.Побаль, М.В.Біч, П.А.Селіванаў, В.А.Палуян, Э.Ф.Языковіч, А.П.Купрэева і інш.). Сціплы аналіз прац даследчыкаў прапанаваны па чатыром накірункам: археалогія Беларусі, гісторыя Беларусі феадальнага перыяда, капіталістычнага перыяда, савецкага перыяда.

Відавочна, што вышэйназваныя зборнікі носяць схематычны і бібліяграфічны характар. Аўтары акцэнтавалі ўвагу толькі на пазітыўным характары даследчыцкіх прац і не закраналі недахопаў і нявырашаных праблем.

70-я гг. ХХ ст. вызначаюцца пачаткам падрыхтоўкі спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі па спецыяльнасці 07.00.09 – гістарыяграфія, крыніцазнаўства і метады гістарычнага даследавання. У 1975 г. У.М.Міхнюк абараніў кандыдацкую дысертацыю «Историография социально-экономического развития белорусской деревни в 1917 – 1929 гг.», а ў 1987 г. – доктарскую дысертацыю, якая грунтавалася на манаграфіі «Становление и развитие исторической науки Советской Белоруссии (1919 – 1941 гг.)» (1985 г.).

Даследаванне Міхнюка стала абагульненнем даваеннага перыяда развіцця беларускай савецкай гістарыяграфіі. Аўтар раскрыў фарміраванне інстытутаў гістарычнай навукі ў БССР, працэс падрыхтоўкі гістарычных кадраў, у т. л. і вышэйшай кваліфікацыі, прааналізаваў тэматыку даследаванняў і іх публікацыю, паказаў усталяванне марксісцка-ленінскай метадалогіі праз барацьбу з яўрэйскай марксісцкай і беларускай нацыянальнай плынямі. Зразумела, што ацэнка шэрагу прац і іх аўтараў носіць палітызаваны характар, але трэба ўлічвасць час, грамадска-палітычную сітуацыю, у якой знаходзіўся і працаваў аўтар.

У.М.Міхнюк і П.Ц.Петрыкаў у 1987 г. выдалі абагульняючую працу «Историческая наука БССР, 80-е годы», у якой прааналізавалі арганізацыйнае развіццё гістарычнай навукі рэспублікі за 80-я гады ХХ ст. і падвялі вынікі навуковага вывучэння гісторыі БССР і гісторыі Камуністычнай партыі Беларусі.

Таксама ў 1975 г. была абаронена дыссертацыя на суісканне вучонай ступені кандыдата гістарычных навук «В.И.Пичета как историк социально-экономического развития Белоруссии в эпоху феодализма (XV – первая половина XVIII вв.)» Э.Р.Іофэ. Ён у далейшым працягваў вывучэнне гэтай праблематыкі і падрыхтаваў да выдання манаграфію «Из истории белорусской деревни: (Советская историография социально-экономического развития белорусской деревни середины XVII – первой половины ХІХ в.)» (1990 г.).

У 70-я – першай палове 80-х гг. пачынаецца гістарыяграфічная распрацоўка шэрагу накірункаў і тэм айчыннай гістарычнай навукі. Праблемы беларускага крыніцазнаўства плённа даследаваў М.М.Улашчык, што знайшло адлюстраванне ў дзвух манаграфіях: «Очерки по археографии и источниковедению истории Беларуси феодального периода» (1975 г.), «Введение в изучение белорусско-литовского летописания» (1985 г.). Адным з першых даследчыкаў гістарычнай думкі на Беларусі ў XVI – ХІХ ст. стаў Г.А.Каханоўскі, праца якога «Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI – ХІХ стст.» (1984 г.) не страціла сваёй актуальнасці па сённяшні дзень.

Але асноўная ўвага даследчыкаў была накіравана на вывучэнне гістарыяграфічных праблем гісторыі савецкага часу. У прыватнасці, можна адзначыць даследаванне гістарыяграфіі беларускага савецкага сялянства У.М.Міхнюком, гістарыяграфіі КПЗБ і Заходняй Беларусі – І.П.Хаўратовічам, гістарыяграфіі Кастрычніцкай рэвалюцыі – Н.І.Стужынскай і інш.

Шэраг прац неслі на сабе адбітак ідэалагічнага супрацьстаяння на міжнароднай арэне. У 1975 г. выйшлі манаграфіі М.Г.Жаркова «Против буржуазной фальсификации истории Октября», В.Ф.Раманоўскага «Против фальсификации истории Белоруссии периода Великой Отечественной войны», а ў 1987 г. І.А.Брадко «Критика буржуазных фальсификаций истории образования БССР». Аўтары ва ўмовах гістарычнага аднадумства і метадалагічнага манапалізму крытыкавалі замежных гісторыкаў за іх падыходы да савецкага перыяду гісторыі. З другога боку, гэтыя працы давалі шырокаму колу айчынных даследчыкаў магчымасць азнаёміцца з гістарычнымі даследаваннямі і канцэптуальнымі палажэннямі замежнай гістарыяграфіі.

У другой палове 80-х гг., калі ў савецкім грамадстве актыўна разгарнуліся «перабудовачныя» працэсы, набыла актуальнасць праблема развіцця гістарычнай навукі БССР у пасляваенны перыяд. Яна была вырашана ў кандыдацкіх дысертацыях В.Ц.Леанаўца «Организация и развитие исторической науки в БССР (1961 – 1970 гг.)» (1987 г.), Л.П.Храпко «Развитие исторической науки в БССР (1945 – конец 1950-х годов)» (1989 г.), І.І.Шаўчука «Развитие исторических наук в БССР (70-е годы)» (1989 г.). Гэтыя даследаванні змяшчаюць грунтоўны і крытычны аналіз развіцця гістарычнай навукі (устаноў гістарычнага профілю, падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў, крыніцазнаўчай базы і метадалагічнай асновы даследаванняў, перыядычных выданняў і выдавецкай базы і г.д.) з улікам уплыву грамадска-палітычнай сітуацыі.

У 1996 г. пад рэдакцыяй П.Ц.Петрыкава выйшла калектыўная праца «Очерки истории науки и культуры Беларуси IX – начала XX вв.», у якой упершыню вучоныя Беларусі і Украіны вывучылі асноўныя тэндэнцыі і этапы развіцця гуманітарных і прыродазнаўчцх навук у Беларусі.

З вучэбных дапаможнікаў па гістарыяграфіі гісторыі Беларусі прадстаўлена праца З.Ю.Капыскага і В.У.Чапко «Историография БССР (эпоха феодализма): Учеб. пособие» (1986 г.). Аўтары раскрылі вывучэнне феадальнага перыяда гісторыі Беларусі ад летапісання па савецкі час. Пры гэтым крытычныя заўвагі былі накіраваны ў адрас гістарыяграфіі ХІХ – пачатка ХХ ст. і поўнасцю станоўчая ацэнка даецца працам савецкіх даследчыкаў. У дапаможніку парой замест аналізу прадстаўлены прамы пераказ тэксту і не акцэнтуецца ўвага на нявырашаных праблемах.

З пачатку 90-х гг. у РБ пачалася падрыхтоўка спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі па спецыяльнасці 07.00.09 – гістарыяграфія, крыніцазнаўства і метады гістарычнага даследавання. За 1991 – 2003 гг. было абаронена 5 доктарскіх і 25 кандыдацкіх дысертацый. Цікавасць вучоных абумоўлена высокім узроўнем развіцця навуковых гістарычных даследаванняў, пашырэннем крыніцавай базы, развіццём метадалогіі гісторыі.

Вывучэннем дасавецкага перыяда развіцця беларускай гістарыяграфіі плённа займаецца Д.У.Караў.

У 1996 г. ён абараніў дысертацыю на суісканне вучонай ступені доктара гістарычных навук «Белорусская историография в конце XVIII – начале ХХ вв.», у якой прапанаваў уласнае бачанне вытокаў і этапаў развіцця беларускай гістарычнай думкі. Пад кіраўніцтвам Д.У.Карава пачалася распрацоўка асобных аспектаў дасавецкай гістарыяграфіі Беларусі: гістарыяграфія шляхты ВКЛ (Н.У.Казлоўская), гістарыяграфія заходнерусізма (А.У.Літвінскі). У 1988 і 1990 гг. ён арганізаваў дзве першыя навуковыя канферэнцыі па пытаннях гістарычнага края знаўства і генеалогіі Беларусі. Іх вынікам стаў выпуск серыі публікацый «Наш радавод» (6 тамоў).

Гісторыю гістарычнай думкі Беларусі і Расіі ў ХІХ – пачатку ХХ ст. даследуе А.М.Нечухрын.

У 1989 г. ён выдаў кнігу «Историки Гродненщины», у якой прасачыў дзейнасць мясовых даследчыкаў гісторыі краю. Пад яго навуковым кіраўніцтвам у 2002 г. была падрыхтавана і абаронена кандыдацкая дысертацыя А.І.Мялешкі, прысвечаная гістарычным поглядам П.В.Баброўскага.

Пад кіраўніцтвам прафесара Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта І.І.Коўкеля былі падрыхтаваны і абаронены кандыдацкія дысертацыі па гістарыяграфіі польскага падполля С.А.Сіткевіча (2002 г.), беларускага нацыянальнага руха І.Р.Кулевіч (2004 г.).

З апошніх прац, прысвечаных гістарыяграфіі гісторыі Беларусі, вылучаецца кніга нямецкага даследчыка Р.Лінднэра «Гісторыкі і ўлада: нацыятворчы працэс і гістарычная палітыка ў Беларусі ХІХ – ХХ ст.» (2003 г.). Даследаванне нямецкага вучонага прысвечана суадносінам гістарычнай навукі і палітыкі ў Беларусі. Аўтар прасочвае працэс станаўлення беларускай нацыі і нацыянальнай гісторыі ў апошні перыяд Расійскай імперыі, у 1921 – 1944 гг., у перыяд паміж ІІ-й сусветнай вайной і «адлігай», у «позне- і постсавецкую эпоху».