Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Вялюга2-рэд.doc
Скачиваний:
95
Добавлен:
05.09.2019
Размер:
2.69 Mб
Скачать

Беларуская нацыянальная мова і яе формы

Беларуская мова – гэта нацыянальная мова беларускага народа, якая з’яўляецца сродкам пісьмовых і вусных зносін нацыі. Як іншыя нацыя­нальныя мовы, сучасная беларуская мова выступае ў дзвюх разнавідна­сцях: літаратурнай і народна-дыялектнай. Кожная з гэтых разнавіднасцей мáе свае сферы ўжывання і формы бытавання.

Мясцовыя гаворкі тэрытарыяльна і функцыянальна абмежаваны. Яны існуюць у вуснай форме і выкарыстоўваюцца пераважна як сродак зносін сярод сельскіх жыхароў. Мясцовыя гаворкі, якія маюць агульныя асаблівасці ў фанетыцы, граматыцы, лексіцы, аб’ядноўваюцца ў дыялекты. Дыялект (гр. dialektos – гаворка) – разнавіднасць нацыянальнай мовы, на якой размаўляе насельніцтва пэўнай мясцовасці. У беларускіх гаворках ад­розніваюць два дыялекты: паўночна-ўсходні і паўднёва-заходні. Паміж імі знаходзяцца пераходныя гаворкі, якія называюць сярэднебеларускімі або цэнтральнабеларускімі.

Літаратурная мова абслугоўвае розныя сферы дзейнасці беларуска­га народа. Беларуская літаратурная мова – гэта ўнармаваная, агульнапры­нятая і абавязковая для ўсіх членаў грамадства мова. Яна існуе ў вуснай і пісьмовай разнавіднасцях, мае разгалінаваную сістэму стыляў. Гэта мова школы, друку, радыё, тэлебачання, мастацкай літаратуры, гуманітарнай на­вукі і г.д. Літаратурная мова мае складаную і разнастайную сістэму моў­ных сродкаў, рэгламентаваныя і пісьмова замацаваныя нормы.

Сістэму норм сучаснай беларускай літаратурнай мовы складаюць:

  • арфаэпічныя – вымаўленне гукаў і іх спалучэнняў;

  • акцэнталагічныя – пастаноўка націску;

  • арфаграфічныя – напісанне слоў;

  • лексічныя і фразеалагічныя – выбар слова (фразеалагізма) і дарэч­насць яго прымянення ў агульнавядомым значэнні і агульнапрынятых спа­лучэннях;

  • словаўтваральныя – утварэнне новых слоў у адпаведнасці з зако­намі мовы;

  • марфалагічныя – выкарыстанне форм слоў;

  • сінтаксічныя – пабудова словазлучэнняў, сказаў, тэкстаў;

  • пунктуацыйныя – пастаноўка знакаў прыпынку;

  • стылістычныя – выкарыстанне моўных сродкаў у адпаведнасці з патрабаваннямі пэўнага стылю.

Мова выступае ў вуснай і пісьмовай формах, якія разлічаны на роз­ныя віды ўспрыняцця (слыхавое і зрокавае) і, адпаведна, адрозніваюцца лексічным і граматычным афармленнем.

1.3. Функцыі мовы ў грамадстве

Мова ў жыцці чалавека і грамадства выконвае наступныя функцыі:

  • камунікатыўную (сродак зносін);

  • кагнітыўную (інструмент мыслення і пазнання свету);

  • акумулятыўную (сродак пазнання і захавання ведаў, сацыяльнага вопыту народа);

  • пазнавальную (папаўненне чалавекам сваіх ведаў);

  • эмацыянальна-эстэтычную (сродак выказвання думак і пачуццяў, сродак уздзеяння на чалавека, сродак эстэтычнага і маральна-этычнага раз­віцця чалавека);

  • намінатыўную (сувязь чалавека з навакольным асяроддзем);

  • рэгулятыўную (рэгулюе адносіны ў розных сферах жыцця – гаспа­дарчай, культурнай, навуковай, палітычнай, бытавой);

  • этнічную (на дзяржаўным узроўні рэгулюе адносіны паміж этніч­нымі групамі і карэнным насельніцтвам).