Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Rassadin_S_E_Istoria.doc
Скачиваний:
44
Добавлен:
26.03.2015
Размер:
1.24 Mб
Скачать

4. Дзяржаўны лад і органы кіравання ў ВкЛ

Сталіца дзяржавы – горад, дзе месціліся органы дзяржаўнага кіравання, рэзідэнцыя кіраўніка дзяржавы. Тут збіраліся агульнадзяржаўныя вальныя сеймы. З 1323 г. сталіцай Вялікага княства Літоўскага Гедымін абраў Вільню (крывіцкае паселішча Крывы горад) на рацэ Віліі. Герб дзяржавы – “Пагоня” – летапісы ўзгадваюць пад 1270-1290-я гг., часцей за ўсё звязваюць з асобай Віценя. Спачатку гэта быў асабісты герб вялікага князя, пазней ён стаў гербам дзяржавы. Статут 1566 г. юрыдычна замацаваў “Пагоню” як дзяржаўны герб ВКЛ. Кожнае ваяводства і павет павінны былі мець пячатку з “Пагоней”. Дзяржаўны герб меў наступны выгляд – на шчыце барочнай формы пурпуровага колеру ў сярэдзіне месціўся белы коннік з мячом і шчытом.

На працягу XIV-XVII стст. беларуская, а дакладней, старабеларуская мова выконвала функцыі дзяржаўнай мовы ВкЛ. На ёй былі выдадзены галоўныя законы княства – Судзебнік 1468 г., усе тры Статуты ВкЛ, вялася Метрыка Вялікага княства Літоўскага. На беларускай мове вялося справаводства ў гарадскіх магістратах, земскіх і замкавых судах. Пасля заключэння Люблінскай уніі справаводства паступова пераводзілася на польскую мову. Спецыяльнай сеймавай пастановай 1696 г. беларуская мова была забаронена для ўжывання ў справаводстве на тэрыторыі Рэчы Паспалітай.

Цэнтральныя органы ўлады. Вялікі князь (гаспадар, кароль) – кіраўнік дзяржавы, кіраўнік выканаўча-распараджальнай дзейнасцю вышэйшых дзяржаўных органаў, кіраўнік дзяржаўнай адміністрацыі, галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі княства. За яго подпісам і дзяржаўнай пячаткай выдаваліся заканадаўчыя акты княства. Згодна традыцыі, выбіраўся феадаламі княства, спачатку выбары праходзілі ў межах Рады (паны-рада), пазней, з XVI ст. на агульнадзяржаўным сейме. Галоўнымі абавязкамі гаспадара былі:

  • абарона дзяржавы;

  • падтрымка парадку ўнутры дзяржавы;

  • ажыццяўленне вышэйшага суда;

  • кіраўніцтва адміністратыўным апаратам дзяржавы;

  • ажыццяўленне міжнародных стасункаў;

  • распрацоўка і выданне законаў.

Для забеспячэння патрэб гаспадара існавалі асабістыя княскія двары і маёнткі, якімі распараджаўся сам гаспадар і дзяржаўныя эканоміі, даходы з якіх гаспадар накіроўваў па згодзе з Радай. Такое становішча ўзнікла пасля 1492 г., калі вялікі князь вымушаны быў падзяліцца часткай паўнамоцтваў з панамі-радай, без згоды якіх ён не меў права прынімаць рашэнні і выдаваць законы. У той жа час Рада ў адсутнасць гаспадара магла вырашаць любое пытанне. Калі ўлічваць, што вялікія князі сумяшчалі яшчэ і пасаду караля польскага, то яны часта адсутнічалі ў княстве. Таму роля Рады ў кіраванні была вельмі значнай.

Рада ВкЛ (паны-рада) – спачатку дапаможны орган пры вялікім князе (князь мог не параіцца і прыняць рашэнне), а з 1492 г. – вышэйшы орган дзяржаўнай улады ў ВкЛ. Склад Рады не быў вызначаны строга, у яе ўваходзіла 30-40 важнейшых асоб княства. Сярод іх – усе каталіцкія біскупы, вышэйшыя дзяржаўныя чыны, усе ваяводы і каштэляны, некаторыя старасты і асобныя феадалы з роду Альгердавічаў ці Рурыкавічаў. На паседжанні Рады маглі запрашацца іншыя асобы – ураджэнцы ВкЛ хрысціянскага веравызнання. У поўным складзе Рада збіралася рэдка, часцей за ўсё пытанні вырашалісь старэйшымі раднымі панамі – вышэйшымі дзяржаўнымі чынамі, ваяводай Віленскім і Трокскім, біскупам Віленскім. Пытанні, што належылі кампетэнцыі Рады:

  • выбары гаспадара ВкЛ;

  • кантроль дзейнасці гаспадара;

  • ажыццяўленне міжнародных адносін;

  • кіраўніцтва вышэйшымі мясцовымі і дзяржаўнымі органамі кіравання;

  • прызначэнне на дзяржаўныя пасады;

  • абмеркаванне і прыняцце законаў;

  • ажыццяўлення вышэйшага суда.

Апошнія функцыі Рада ажыццяўляла разам з вялікім князем, па ўсім пытанням яна магла склікаць сейм.

Сейм (сойм) – з’езд прывілеяванага саслоўя – шляхты ВкЛ. Мог збірацца па рапараджэнню вялікага князя ці Рады. На сеймавых паседжаннях маглі прымаць удзел вялікі князь, Рада ўсім складам, усе службовыя асобы дзяржаўнага і мясцовага кіравання, каталіцкія і праваслаўныя (з 1596 г. – уніяцкія) епіскапы і настаяцелі манастыроў, а так сама кожны шляхціц. Апошнія не вельмі шанавалі сеймавыя паседжанні, таму ў 1512 г. Жыгімонт І Стары выдаў загад, па якому кожны павет абавязаны быў выбіраць 2 дэлегатаў – “паслоў” ад мясцовай шляхты. Збіраліся сеймы па меры патрэбы, а з сярэдзіны XVI ст. – раз у два гады. Былі вызначаны гарады, дзе збіраліся сеймы – Вільня, Гродна, Слонім, Бярэсце. Пытанні, што датычыліся кампетэнцыі сейма, строга вызначыны не былі. Гэта залежыла ад таго, якую праграму рыхтаваў гаспадар ці Рада, яны рыхтавалі і праекты рашэнняў сейма – ухвалы, статуты, а з XVII ст. – канстытуцыі. Часцей за ўсё сеймы вырашалі наступныя пытанні:

  • выбары князя (элекцыйныя і каранацыйныя сеймы);

  • пытанні аб вайне ці міры;

  • збор і памер падаткаў на ваенныя патрэбы;

  • вырашалі міжнародныя справы;

  • прымалі законы;

  • ажыццяўлялі суд па крымінальнай справе – дзяржаўнай здрадзе;

  • прымалі хадайніцтвы павятовай шляхты.

Па сутнасці, галоўную ролю на паседжаннях сеймаў мела Рада і магнаты, яны вырашалі, якую пастанову прыме сейм.

Вышэйшыя асобы. Маршалак земскі з’яўляўся ахоўнікам этыкету і парадку пры двары гаспадара. Меў важныя функцыі: старшынстваваў на сеймавых паседжаннях і ў Радзе, абвяшчаў пастановы гаспадара і Рады. Ён жа кіраваў прыёмам паслоў, прасіцеляў са скаргамі, судзіў за злачынствы, здзейсненые пад час правядзення сеймаў. Меў намесніка – маршалка дворнага.

Гетман найвышэйшы кіраваў усімі ўзброенымі сіламі дзяржавы. У ваенных абставінах і пад час паходаў меў шырокія паўнамоцтвы – нават мог пакараць падначаленых смерцю без суда. Меў намеснікаў – гетмана дворнага і гетмана польнага, што ўзначальвалі частку войска.

Канцлер у ВкЛ кіраваў дзяржаўнай канцылярыей, наглядаў за дакладнасцю вядзення Метрыкі – дзяржаўнага архіва, храніў дзяржаўную пячатку ВкЛ і ставіў подпіс пад законамі, без гэтага законы не мелі моцы. Намеснік канцлера – падканцлер – прымаў удзел у падрыхтоўке законаў, кіраваў юрыдычнай службай канцылярыі.

Падскарбі земскі – хавальнік дзяржаўнай казны (скарба). Заведаваў даходамі і расходамі дзяржавы; захоўваў дзяржаўныя рэгаліі – скіпетр, меч, сцяг, шапку Гедыміна; распараджаўся ваеннымі прыпасамі (арсеналам ВкЛ), а з сярэдзіны XVI ст. займаўся кіраваннем дзяржаўнай зямельнай маёмасцю. Яго намеснік – падскарбі дворны – захоўваў дварцовую казну вялікага князя, яго асабістыя каштоўнасці і грошы. Дапамагалі падскарбіям шматлікія служачые – скарбнікі, ключнікі, мытнікі, дзяржаўцы, цівуны.

Гаспадарчыя дваране і ўраднікі выконвалі даручэнні князя і Рады (праводзілі рэвізіі, выконвалі пастановы дзяржаўных органаў і судоў). Непасрэдна кіраваў імі маршалак дворны. На важнейшыя дзяржаўныя пасады прызначаліся прадстаўнікі знатных родаў ВкЛ вялікім князем са згоды Рады, вельмі часта пасады займалі прадстаўнікі беларускіх знатных родаў, як праваслаўных, так і каталіцкіх. Сярод іх – Астрожскія, Пацы, Хадкевічы, Глінскія, Сапегі, Кішкі, Тышкевічы, Чартарыйскія, Радзівілы, Іллінічы, Валовічы, Друцкія, Зяновічы і інш.

Органы мясцовага кіравання. Вялікае княства Літоўскае было федэратыўнай дзяржавай, розныя часткі яе мелі розную ступень падпарадкаванасці цэнтру. Так, Полацкае, Віцебскае і Мсціслаўскае ваяводствы мелі спецыяльные граматы, дзе агаворваліся значныя правы на самактраванне. Таму наглядалася разнастайнасць у правах і абавязках некаторых пасад, асабліва на ўзроўне ваяводства.

Ваявода – кіраўнік адміністрацыйных, гаспадарчых, ваенных і часткі судовых органаў на тэрыторыі ваяводства. Прызначаўся князем і Радай (у Полацкім і Віцебскім ваяводствах – са згоды мясцовага баярства) пажыццёва. Усе ваяводы былі членамі Рады і Сейма, дзе абаранялі інтарэсы ваяводства. Абавязкі ваяводы: падтрыманне парадку; кіраванне дзяржаўнай і вялікікняскай маёмасцю ў ваяводстве (наглядаў за зборам падаткаў); арганізацыя ўзброеных сіл ваяводства; ажыццяўленне суда ў гродскім (замкавым) судзе. У Полацку і Віцебску ваявода абавязаны быў раіцца з мясцовымі феадаламі. Другоў па рангу асобай ў ваяводстве быў каштэлян – камандуючы ўзброенымі сіламі замка ваяводы і апалчэння ваеннаабавязаных ваяводства. Ён так сама быў членам Рады і Сейма. Намеснікам ваяводы быў падваявода. Ён кіраваў канцылярыяй, сведчыў дакументы, старшынстваваў у гродскім (замкавым) судзе.

На ніжэйшай ступені стаялі ключнік (збор падаткаў), канюшы (гадоўля коней для войска), гараднічы (камендант замка). Усе гэтыя пасады мелі права займаць толькі феадалы і толькі ўраджэнцы княства, а ў некаторых ваяводствах і паветах (Віцебскае і Полацкае) – толькі з мясцовай знаці.

На чале адміністрацыі павета стаяў стараста, абавязкі яго былі падобныя на абавязкі ваяводы. Прызначаўся ён князем і Радай пажыццёва, з цягам часу гэта пасада стала больш ганаровай, была крыніцай даходу для яе ўладальніка. Непасрэднае кіраўніцтва павятовай адміністрацыяў праводзіў падстараста.

Дапамагалі старасце і падстарасце павятовы маршалак, ён старшынстваваў на павятовых сейміках і кіраваў павятовым апалчэннем. Сцяганосцам павятовага апалчэння быў харужы На ніжэйшай ступені знаходзіліся дзяржаўцы (раней зваліся цівунамі), што кіравалі асобнымі дзяржаўнымі маёнткамі. У ваяводствах і паветах праводзіліся мясцовыя (ваяводскія ці павятовыя) сеймікі, што маглі вырашаць розныя пытанні з жыцця ваяводства ці павета. На сейміках прысутнічалі ўсе кіруючыя асобы і ўсе жадаючыя шляхцічы тэрытарыяльнай адзінкі. Галоўная роля сеймікаў – гэта выбар 2-ух паслоў на агульнадзяржаўны (вальны) сейм і выпрацоўка для іх інструкцый і хадайніцтваў перад урадам. На сойміках слухалі справаздачы послоў аб сеймах, выбіралі судзей і прызначалі на пасады мясцовага кіравання. Сістэма органаў мясцовага кіравання складвалася паралельна ўладкаванню адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу ВкЛ. Доўгі час княства не мела аднолькавага падзелу. У склад ВкЛ уваходзілі ўдзельныя княствы, што кіраваліся сваімі княскімі дынастыямі, намесніцтвы (ліквідаваныя ўдзельныя княствы, што кіраваліся вялікакняжаскімі намеснікамі). Яны ўтваралі каля 20 судова-адміністрацыйных акруг, межы іх дакладна вызначаны не былі (XV – першая палова XVI стст.). Паступова ўдзельныя княствы ліквідаваліся, расла колькасць намесніцтваў. У 1413 г. былі заснаваны першые ваяводствы – Віленскае і Трокскае. Пасля Гарадзельскай уніі ВкЛ стала пераймаць прынцыпы тэрытарыяльнага падзелу, што існаваў у Польшы. Вялікія намесніцтвы сталі звацца ваяводствамі, маленькія – паветамі ці стараствамі. У 1504 г. ваяводствам стала Полацкае намесніцтва, у 1507 – Наваградскае, у 1508 г. – Віцебскае. Канчаткова падзел на ваяводствы і паветы быў праведзены пад час адміністрацыйнай рэформы 1565-1566 гг. У выніку яе апошнія ўдзельныя княствы (Слуцкае, Друцкае, Лукомскае) былі ліквідаваны. ВкЛ было падзелена на ваяводствы: Берасцейскае, Віленскае, Віцебскае, Мінскае, Мсціслаўскае, Наваградскае, Полацкае і Трокскае. У склад ваяводстваў уваходзіла 30 паветаў, 16 з іх – на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Такі падзел быў замацаваны ў Статуце ВКЛ 1588 г. і захоўваўся да канца існавання дзяржавы

5. ВКЛ у ХУ–першая палова ХУІ стст.

У ХУ–ХУІ стст. пагоршыліся адносіны ВКЛ з Маскоўскім княствам. Па падліках Ключэўскага З 1492 па 1582 – 40 гадоў былі звязаны з войнамі паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай.

Тэрыторыі сумежныя –Смаленск, Бранск–пачаргова захопліваліся то Маскоўскай, то беларуска-літоўскай дзяржавай. Канфрантацыя прыняла антаганістычны характар пасля таго, як Вялікі князь Маскоўскі Іван ІІІ у 1462 г. аб’явіў сябе “государём усея Русі”, гэта значыць адкрыта заявіў аб прэтэнзіях на ўсе старажыныя землі Русі, у тым ліку беларускія і украінскія. Ён неаднаразова казаў, што: “Ано не то одна наша отчина, кои городаы и волости ныне за нами: И вся Русская земля, Киев, Смоленск и иные городы, которые он (Александр ) за собой держит к Литовской земле, з божьей волею из старицы от наших прародителей наша отчина”.

1492-1494 вайна Маскоўскай дзяржавы за так званую “отчіну”. У маі Іван ІІІ накіравал да польскага караля і князя ВКЛ Казіміра пасольства з тэрыторыяльнымі патрабаваннямі, але пасол вярнуўся з поўдарогі (Гродна) з-за смерці караля. Склалася спрыяльная сітуацыя для вайны, якая пачалася ў жніўні. У гэты час парабеглі князі з парубежных тэрыторый ВКЛ –С.Варатынскі, М.Мязецкі, А.і В.Бялеўскія. Пры дапамозе князёў перабежчыкаў былі заняты шэраг гарадоў. Вял.кн.маскоўскі заклікаў крымскага хана Менглі-Гірэя нанесці ўдар па ВКЛ з поўдня. У 1493 г. пасольства маскоўскага князя наведала Конрада Мазавецкага і магістра Тэўтонскага ордэна з правановай стварыць альянс супраць ВКЛ.

У адказ на гэта Аляксандр накіраваў сваіх паслоў у Крым, Заволжскую Арду і да польскага караля свайго брата Яна Альбрэхта. Каб спыніць агрэсію віленскі двор прапанаваў выдаць дачку Івана ІІІ за Аляксандра. “Вялікае пасольства” 17.01.1494 прыбыло ў Маскву і ў выніку складаных перагавораў было дасягнута пагадненне аб новай мяжы паміж дзяржавамі (да Маск. дзяржавы адыйшлі Вяземскае кн-ва і землі ў басейне Акі, ВКЛ адмовілася ад сваіх прэтэнзій на Ноўгарад Вялікі, Цвер, Пскоў, Разань ). Станоўчы адказ быў атрыманы на сватанне Аляксандра да дачкі Івана ІІІ. Але спадзяванні на паляпшэнне адносін паміж суседнімі краінамі не былі рэалізаваны. Бацькі Алёны –Іван ІІІ і Софья ПАлеолаг– патрабавалі ад дачкі каб яна ні на якіх умовах не адмаўлялася ад праваслаўя, што ў далейшым ускладніла ўзаемаадносіны паміж рознымі канфесіямі ў ВКЛ, а чуткі аб тым, што Алену–жонку Александра-вял. князя, як бы прымушаюць да каталіцтва. Аб гэтым паведамляў Івану ІІІ яе духоўнік Фама.

1500–1503 вайна Масквы за ўсходнеславянскія землі. Фармальная прычына-чуткі аб ганеннях на праваслаўных: Іван ІІІ “за хрысціянства хочет стояці”. (на баку Масквы войскі Менглі-Гірыя, ВКЛ падтрымал Лівонскі ордэн і Заволжская Арда). У 1501 г. памірае польскі кароль, Аляксандр становіцца адначасова і польскім каралем, узнавілася унія паміж ВКЛ і каралеўствам.

4.03.1503 у Маскву прыбыло пасольства Аляксандра. Бакі пасля вострых спрэчак аб’вясцілі аб 6-гадовым перамір’і (1503-1509)і новых межах паміж дзяржавамі. Да Маскоўскага княства перайшлі Старадубскае і Ноўгарад-Северскае княствы, а таксама 25 гарадоў, мярод якіх былі Бранск, Мцэнск і інш., што складала трэць тэрыторыі ВКЛ.

1507–1508 Віленскі сойм у лютым 1597 г. прыняў рашэнне аб вяртанні зямель, страчанных у папярэдніх войнах. Пасольства Жыгімонта Старога вясной ва ультыматыўнай форме запатрабавала вярнуць гарады і землі, захопленныя Іванам ІІІ. У адказ на гэта маскоўскі ўрад аб’вясціў аб сваёй гатоўнасці пачаць вайну.Рускія войскі накіраваліся на Смаленск і Полацк. Яны пакінулі землі ВКЛ пасля таго, як сабралася рушэнне паспалітае.

У 1508 пачалося паўстанне М.Глінскага.

19.09.1508 было падпісана пагадненне аб “вечным міры” якое замацавала межы, які склаліся ў выніку папярэдніх войн.

1512-1522 Васіль ІІІ заручыўся падтрымкай Лівонскага і Тэўтонскага ордэнаў. Адбылося 3 паходы на Смаленск.

8.09.1514 войскі ВКЛ пад кіраўніцтвам К. Астрожскага разбілі 80-тыс. маскоўскае войска. (Аршанская бітва)

Перамогі над тэўтонцамі і пагадненне падпісанае Жыгімонтам з Крымскім ханствам пайсці на перагаворы. Было падпісана перамір’е на 5 год, потым планавалася падпісаць вечны мір. Смаленск застаўся ў Маскоўскай дзяржаве, шматлікі “маскоўскі палон” у ВКЛ.

1534–1537 . У 1533 памер Васіль ІІІ і склалася спрыяльная сітуацыя для вяртання страчанных раней зямель.

У 1537 г. было падпісана пагадненне па якому Гомель са ўсёй зямлёю заставаўся ў складзе ВКЛ, Себеж і Забалоцце перадаваліся Маскоўскай дзяржаве, астатняя межа засталася нязменнай. Па пагадненню прадуглежвалася перамір’е на 5 гадоў, мір на межах і свабода гандлю.

БАРАЦЬБА З ТАТАРАМІ

1443 г. Распалася Залатая Арда, утварыўся шэраг ханстваў, у т.л. Крымскае. У канцы ХУ–першай палове ХУІ ст. адным з важнейшых шляхоў узбагачэння феадалаў Крымскага ханства былі грабежнецкія паходы на землі суседніх дзяржаў, у тым ліку і ВКЛ. З прычыны дрэннай арганізацыі абароны паўднёвых ускраін ВКЛ шматтысячныя орды татарскай конніцы ўрываліся на яго тэрыторыю і праз Украіну дасягалі Беларусі. Татары спусташалі і палілі вёскі і гарады, забівалі мірных жыхароў, рабавалі іх маёмасць, выводзілі на продаж ў рабства палонных.

1497 крымскія татары спусташылі Мазыршчыну

1499–Тураўскую зямлю

1503–Нясвіж, Клецк,Навагрудак

1504–беларускія землі

Вясной 1506 на Беларусь уварвалася 20 тыс. татарская арда і спынілася каля Клецка. Адсюль татары рабавалі і палілі вёскі ў навакольях Ашмян, Ваўкавыска, Гродна, Крэва, Мінска, Навагрудка і Слуцка. Для адпору татарам 10-тыс. войска ВКЛ сабралася ў Лідзе. На чале з князем М.Глінскім яно 6 жніўня 1506 г. разграміла татар у бітве пад Клецкам і вызвалілі з палону 40 тыс. чалавек.

У 1508 г. татары двойчы ўрываліся на Беларусь, адзін раз былі разбіты каля Слуцка.

У 1510 г. 15-тыс. арда дайшла да Вільні.

У 1521 г. 5 тыс. татар дайшлі да Слуцка і Пінска, спалілі Мазыр і Тураў.

У 1526 (27) 20-тыс. войска татар зноў спустошыла наваколлі Турава, пінска і Слуцка. Але пад Слуцкам была разгромлена войскамі ВКЛ на чале з гетманам К.Астрожскім, з татарскай няволі было вызвалена каля 40 тыс. палонных.

У 1530 г. набег татар на Беларусь быў адбіты. У наступныя гады са значнымі пераменамі знешнепалітычнага курсу Крымскага ханства татары нападалі на ВКЛ рэдка і не дасягалі тэрыторыі Беларусі.

З 1474 па 1569 адбыліся 75 нападаў крымскіх татар на ВКЛ, у т.л. 12 – на Беларусь.(Па падліках М.Спірадонава –Энц. Гіст.Бел.–Т.6–ч.1.–с. 508) Татарскія напады былі адным з галоўных фактараў, што тармазілі працэс сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі. Амаль штогод з сялян і мяшчан збіралі ардыншчыну–дзяржаўны падатак у ВКЛ у 15-16 ст., які ішоў на выплату даніны крымскаму хану. (“упамінкаў”, напр., у 1513 г. мір з татарскім князям Менгі.Гірэям быў дасягнуты за кошт выплаты яму 15 тыс. залатых). У гады збірання ардыншчыны з падаткаплацельшчыкаў , як правіла, не збіраўся дзяржаўны падатак на патрэбы войска– сярэбшчына. У адрозненні ад грашовай сярэбшчыны ардыншчына пераважна сплачвалася пушнінай. Сяляне з гаспадарскіх (вялікакняскіх) Падняпроўскіх валасцей павінны былі рамантаваць і будаваць абарончыя збудаванні ў цэнтрах сваіх валасцей, а таксама на паўд. ускраіне ВКЛ, яны неслі дазорную службу на магчымых напрамках нападаў татар.

Літаратура

  1. Аповесць пра Миндощга и Войшалка// История Беларуси в документах и материалах.-Мн.: “Амалфея”, 2000.

  2. Багалейша С. Канфедэрацыя Вялікага княства Літоўскага: праекты і дзяйсненні//БГЧ.–2005. –№ 7.

  3. Ермаловіч М. Умацаванне ВКЛ. Утварэнне ВКЛ. //Бел. думка. – 1992. - № 6, 7.

  4. Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і Навагародскі перыяды. – Мн., 1990.

  5. Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд. – Мн., 1994.

  6. Казбярук У. Гедымін у летапісах//Спадчына –1992.–№5.

  7. Корсак А. Ягайла-шумны чалавек.//Бел. Мінуўшчына.–1995.–№ 3.

  8. Пасталіца В. Бітва на Сініх водах //БГЧ. – 1993. - № 3.

  9. Рогалев А. Великое княжество Литовское: поиски исторических закономерностей// Крыжовы шлях.– Мн., 1993.

  10. Саверчанка І. Вялікае княства Літоўскае: утварэнне дзяржаўнасці // БГЧ. – 1993.- № 2.

  11. Тарасаў К. Памяць пра легенды. – Мн., 1994.

  12. Юхо Я. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. – Мн., 1992.

Соседние файлы в предмете История Беларуси